Здавалка
Главная | Обратная связь

Формы беларускай нацыянальнай мовы



Беларуская мова існуе ў дзвюх разнавіднасцях — лiтаратурнай і дыялектнай. Літаратурная мова — апрацаваная i нармалiзаваная мова, распаўсюджаная на ўсёй тэрыторыi Беларусi. Яна выкарыстоўваецца ў вуснай і пісьмовай формах.

Нормы сучаснай беларускай лiтаратурнай мовы:

арфаэпiчныя – правiльнае вымаўленне гукаў i iх спалучэнняў, правiльная пастаноўка нацiску;

арфаграфiчныя – правiльнае напiсанне слоў;

лексiчныя – правiльны выбар слова i дарэчнасць яго прымянення;

граматычныя – правiльнае выкарыстанне формаў слоў (марфалагiчныя) іправiльная пабудова словазлучэнняў, сказаў, тэкстаў (сiнтаксiчныя);

пунктуацыйныя – правiльная пастаноўка знакаў прыпынку;

стылiстычныя – выкарыстанне моўных сродкаў у адпаведнасцi з пэўным стылем.

Дыялектная мова — гэта тэрытарыяльна абмежаваная разнавіднасць беларускай мовы, сукупнасць мясцовых гаворак. Гаворка — мова аднаго ці некалькіх населеных пунктаў, якая мае спецыфічныя рысы.

На тэрыторыi Беларусi выдзяляюць два дыялекты: паўночна-ўсходнi (Вiцебская, большая частка Магiлёўскай i паўночныя раёны Мiнскай вобласцi) i паўднёва-заходнi (поўдзень Мiнскай вобласцi, большая частка Гродзенскай i Гомельскай абласцей, Брэсцкая вобласць). На тэрыторыi паўночна-ўсходняга дыялекту ўжываюцца словы тыпу ряма, буряк, кріўдна, пецка ‘печка’, авецка ‘авечка’, дрэміш і інш., на тэрыторыi паўднёва-заходняга — хлiеб, куост ‘куст’, гозэро ‘возера’, мйаса, расхварэўса, рабiцьмеш, рабiцьму і інш.

Памiж паўночна-ўсходнiм i паўднёва-заходнiм дыялектамi вылучаюцца сярэднебеларускiя гаворкi, у якiх спалучаюцца рысы абодвух дыялектаў. Сучасная беларуская лiтаратурная мова сфармiравалася на аснове сярэднебеларускiх гаворак.

Нягледзячы на асобныя адрозненні, літаратурная беларуская мова, дыялекты, гаворкі маюць адзіную аснову, што дазваляе лічыць іх формамі нацыянальнай, агульнанароднай мовы.

 
 


1.Прачытайце выказванні беларускіх паэтаў аб мове. Пра якія функцыі мовы ў іх гаворыцца?


І.Каго ты цураешся?

Маці сваёй?

Бо рукі яе

Ў мазалях і апёках,

Злінялыя вочы,

Ватоўка на ёй,

Струменьчыкі поту

На шчоках.

 

Чаго ты стыдаешся?

Слова яе,

Празрыстага, чыстага,

Быццам званочак?

Яна ж не гаворыць,

А ціха пяе:

“Вярніся дадому,

Сыночак”.

 

Цябе не спаткаюць

Ужо на сяўбе, -

Да іншай работы

Душа прыкіпела.

Глядзі ж, каб хоць дома

Пазналі цябе,

Каб родная маці

Цябе зразумела.

(С. Грахоўскі)

 

ІІ. Не родзіцца мудрае слова,

Калі не радзіўся мудрэц:

Патухне радзімае слова,

Калі перастанеш гарэць.

Не ўзнікне прызыўная песня,

Калі анямее пясняр.

Задумы вучоны не здзейсніць,

Калі занядбае свой дар.

(І. Ралько)

 

ІІІ. Слова - радасць, слова –

чары,

Вобраз вечна юных вёсен,

Ёсць ты ўсюды: ў сонцы,

ў хмары,

Ты глядзіш праз неба просінь.

Лашчыш слух мой,

слова-ззянне,

Атуляеш сэрца ласкай...

(Я. Колас)

 

ІV. Ільняная і жытнёвая.

Сялянская.

Баравая ў казачнай красе.

Старажытнейшая, самая

славянская.

Светлая, як травы ў расе.

Вобразная, вольная, пявучая

Мова беларуская мая!

(П. Панчанка)

 

V. Пергамент зберажэ

нашчадкам

Статут,

Дзе беларускай мовы

Дух святы,

Асвечаны Скарынавай рукою

І апладнёны

Млечным Шляхам дум.

(Р. Барадулін)


 

 

2. Адкажыце на наступныя пытанні

Якія з функцый мовы ў першую чаргу рэалiзуюцца ў такiх моўных адзiнках, як слова, фразеалагiзм, сказ?

Успомніце, якія існуюць функцыянальныя стылi. Якiя функцыi ўласцiвы кожнаму з гэтых стыляў у першую чаргу?

 

3. Запiшыце азначэнні. Паспрабуйце вызначыць, мове цi маўленню ў большай ступені належыць кожнае з гэтых азначэнняў

лексiчная i граматычная сiстэма

працэс зносiн

сродак зносiн

мае сацыяльны характар

мае iндывiдуальны характар

абумоўлiваецца пэўнай сітуацыяй

не залежыць ад умоў i абставiн зносiн

унармаванасць

сiстэмнасць

устойлiвасць

зменлiвасць

адлюстравана ў тэкстах

адлюстравана ў слоўнiках i граматыках

 

4.Вызначце, да якога тыпу маўлення — апісання, апавядання ці разважання – належаць наступныя тэксты

1. Такое ўжо наша нацыянальнае шчасце, наша людская доля, што на канцы 20-га стагоддзя мы змушаны займацца праблемамі, якія даўно адышлі ў цывілізаваных грамадствах. Там на чарзе — падвышэнне і без таго высокага дабрабыту, звышновыя тэхналогіі, эканамічная інтэграцыя, палітычная дыферэнцыяцыя, пазнанне макра- ды мікрасвету. Мы ж, як і раней, усë адгадваем загадку ўласнай сутнасці, сілімся зразумець, што мы ëсць у людской супольнасці, чым адметныя ад іншых. Значныя высілкі нашага інтэлекту, здаецца, ідуць на тое, каб даказаць сябрам і ворагам, а найперш сабе, што ўсë ж адрозніваемся і яшчэ маем права на тую рознасць. Бо мы — народ, вялікі ці малы, цывілізаваны ці не надта, але выразны і цэльны, створаны Богам для нейкіх таямнічых мэтаў на гэтай боскай зямлі. Мабыць, мы спахапіліся ў самы час, каб утрымаць рэшткі сваëй магчымасці, бо ўбачылі ўперадзе бездань, пагібель — цяпер ужо не ад ядзернага вар’яцтва, а найперш ад уласнай няздольнасці жыць...

Цяпер відаць ужо выразна, што перамога беларускай справы магчыма толькі высілкамі ўсяго народа. Вопыту аднае інтэлігенцыі тут мала. Высілкаў паасобных апосталаў — тым болей. Патрэбна з’яднаная, мэтанакіраваная, дзейсная палітычная воля нацыі. Але ці ўсведамляе ў належнай меры нацыя сябе нацыяй? Вось у чым праблема. Самая, можа, драматычная з праблемаў у дадзены момант нашай няшчаснай гісторыі. Аб тым, спадзяëмся, мы і пагаворым на нашай шаноўнай грамадзе (В. Быкаў).

 

2. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца, калі даўно скончана жніво, звезена жыта ў гумны і над апусцелым полем дружна ўзлятаюць стайкі шпакоў — прадвеснікаў блізкае восені. Зямля здаецца лëгкай, бязважкай, яна ўся дыхае цішай, спакоем. Усë відаць як на далоні: і кожнае дрэва на шляху, і калодзежны жураў у дальняй вëсцы, і зубчасты край лесу, і бялявы дымок далëка, далëка, дзе праходзіць чыгунка. Нават бачыш, як трапечацца зжаўцелы ліст на бліжняй бярозе, як высока, высока ў небе ляціць няведама куды самотная павуцінка.

Над купчастай імшарынай пацешна ўзнімаецца бусел, паважна ляціць над полем, выцягнуўшы ўперад сваю задуменную дзюбу.

— Наш бусел! – ганарыста гаворыць Міколка.

― Хваліся! – смяюцца хлапчукі. - Што ні бусел, дык твой!

― А вот жа наш. Глядзіце! Хочаце аб заклад на ўсе баравікі... – і Міколка ўзмахвае сваім кошыкам. Поўная ліпаўка баравікоў - жаўцявых, чырванаватых, цëмных, нібы вылітых з медзі - самыя што на ні на ëсць грыбы баравыя. Зверху лісты папараці, каб не трапіў пыл у кошык, ды некалькі запазнелых васількоў, якія сарваў Міколка на ўзмежку поля. Васількі ― для сястрычкі. Яна хацела пайсці разам з ім у лес, але маці не пусціла: трохі прыхворвае малая.

― Ну, што ж, спужаліся, грыбоў шкада! – наступае Міколка на хлапчукоў, размахваючы перад імі ліпавым кошыкам.

Бусел ляціць проста на высокую грушу-дзічку, што стаіць на ўскраі сяла, высокая, разгалістая, з буславым гняздом на самай вяршыні. За грушай Міколкава хата (М. Лынькоў).

 

3. ...Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, утуліўшыся ў балоты, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну. Не спяшаецца яна выносіць дабро палескіх балот. А яго так многа, што ўсë роўна, спяшайся не спяшайся, а гэтай работы ëй хопіць на доўгія гады. Можа і надзею страціла яна вынесці хоць калі-небудзь гэта мора цëмна-ружовай вады з неабсяжных балот Палесся, і з гэтай прычыны яна такая павольная і флегматычная ...

Затое ж як лагодна і ўтульна разляжацца яна ў мяккіх берагах, калі супакоіцца вецер, а над Палессем рассыплецца сонца мільярдамі залатых крупак святла! Спакой і цішыня пануюць тады над зялëнымі аксамітамі балот і лясоў. Бліскучаю сталëваю стужкаю ззяе Прыпяць, і толькі ў глыбозных чорных буктах яе плëскаюцца самы, узнімаючы срэбныя кругі-абручы. А дзед Талаш, пазіраючы на гэтыя забаўкі самоў, ссуне з ілба на патыліцу саламяны капялюш, скажа сам сабе: «О, згінь твая маты! Ось падчапіць бы цябе, завалу!»

Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, цякло і само жыццë на Палессі, а водгулле ўсяго таго, што дзеялася на свеце, далятала сюды ў прыглушаных прасторамі Палесся тонах або з такімі напластаваннямі людской фантазіі, што ўжо трудна было вылушчыць з іх зерне праўды ... (Я. Колас)

 

5.Параўнайце ўрыўкі з твораў У. Караткевіча на беларускай і рускай, украінскай, балгарскай, чэшскай мовах і пакажыце генетычную роднасць славянскіх моў. Вызначце характэрныя для беларускай мовы рысы, якімі яна адрозніваецца ад іншых моў

1.Ох, як звініць Белавежа спевамі! Вучоныя абмеркавалі і вырашылі, што белавежскія салаўі самыя галасістыя і багатыя на спевы ў цэлым свеце. Самыя-самыя! А тут жа яшчэ больш за дзвесце відаў птушак. Уяўляеце, што такое веснавы белавежскі канцэрт?!

Не ва ўсіх, праўда, ёсць голас. Гівал заліваецца ў свісток з вадой, а цецярук балбоча. Шпак можа пераймаць галасы іншых птушак, а можа паказаць, як пілільшчыкі пілуюць тупой пілой дровы. Вялізная сава-няясыць вухкае, аж мароз па скуры, а чорны бусел, ледзь не самая таямнічая птушка свету, увогуле маўчыць, зарыўшыся ў самыя глухія нетры. Але ж гэтак і сярод людзей бывае.

 

Ох, как звенит Беловежа песнями! Ученые судили-рядили и решили, что беловежские соловьи самые голосистые в целом мире. Самые-самые! А тут еще больше двухсот видов птиц. Представляете, что такое весенний беловежский концерт?!

Не у всех, правда, есть голос. Заливается иволга в свисток с водой, а тетерев бормочет. Скворец может подражать голосам других птиц, а может и представить, как лесорубы пилят тупой пилой дрова. Огромная сова-неясыть ухает так, что мороз по коже продирает, а черный аист, едва ли не самая загадочная птица в мире, вообще молчит, забившись в лесные дебри. Но такое и среди людей бывает. (Пер. В. Машкова)

 

2.Трэба вельмі многа ездзіць, сябры. З экскурсіямі, да сваякоў або да сяброў. Вы ўбачыце ўсе канцы нашай мілай, ласкавай, няяркай краіны, якая, аднак, зачаруе вас сваёй няўлоўнай прыгажосцю. Убачыце Прыдняпроўе і Прынямонне, роўных якім па прыгажосці мала знойдзецца мясцін на Зямлі. Убачыце далёкія агні новабудоўляў і цёмныя волаты замкаў, партызанскія зямлянкі і вясёлку Каложы. І азёры з белымі грабянцамі на сіняй вадзе, і старыя каменныя млыны над рэчкамі, што зараслі белай лілеяй, поўню ў азёрнай вадзе і водсвет яе на мокрых тратуарах гарадкоў. Будзеце слухаць музыку нашай пявучай мовы і нашы пяшчотныя песні. І ўбачыце зубраў і аленяў. Пройдзеце па зажураных пушчах Палесся. І, галоўнае, пазнаеце свой гасцінны, добры, горды і таленавіты народ.

 

Приїжджайте, друзі. З екскурсіями, до свояків або до друзів. Ви побачите не якусь там особливу країну, яка, проте, зачарує вас своєю невловимою красою. Побачите Придніпров’я і Принімання, рівных яким за красою мало знайдете місць на Землі. Побачите далекі вогні новобудов - і темні вежі замків, партизанські землянки та веселку Каложі. І озера з білими баранцями на синій воді, і старі кам’яні млини над річками, що поросли білыми лілеями, повного місяця в озерній воді відблиск його на мокрих тротуарах містечок. Почуєте співучу мову й гарні пісні.І побачите зубрів та оленів. Пройдете зажуреними пущами Полісся. І, головне, побачите дуже гостинний і добрий народ. (Аўтарскі пераклад)

 

3.Май быў такі, што, каб такіх не бывала на зямлі ― яго варта было б выдумаць. Начамі некалькі разоў ласкава шапталіся з дахамі цёплыя, ледзь не парныя дажджы. Раніцамі зямля курэла добрай парай нават праз шматлікія густыя парасткі, а на травах віселі падвескі з расы: зробіш крок і раптам заззяе, зробіш другі ― і ўжо ў іншых месцах успыхваюць маленькія аранжава-зялёныя сонцы.

 

Май беше толкова хубав, че ако нямаше такъв месец на земята, заслужаваше си да бъде измислен. Нощем на няколко пъти топли, пролетни дъждове си шепнеха нещо с покривите. На заранта земята добродушно димеше дори през многобройните гъсталаци, а по тревата висяха обеци от роса: сториш втора и на други места пламват мънички оранжевозелени слънца. (Пер. Пенки Къневай)

 

Máj bul takový zé kdyby svét ono ùdobi neznal stálo by za to si je vymyslet. Nĕko-likrát za noc sie se střchami laskavĕ šepotaly vlahé deštiky. Za krásných rán ze zemĕ, stoupala vlidná pára, prodirala se nesčetnými mladými výhonky a na stébléch trávy visely přivĕsky rosy: stačil krok ― a pod nohama se vám vśecho rozehrálo a rozzářilo, idĕlahi jste druhý, a ohňostroj se roztančil na jimém místĕ. (Пер. Ганы Мюлеравай)

 

 

6.Прачытайце напiсаную лацiнкай «Прадмову» да зборнiка Фр. Багушэвiча «Дудка беларуская», выдадзенага ў Кракаве ў 1891 г., i вызначце, наколькi адэкватна перадаюцца тут гукавыя асаблiвасцi беларускай мовы

Bratcy miłyie, dzieci Ziamli-matki majej. Wam afiarujuczy pracu swaju, muszu z wami pahawaryć trochi ab naszaj doli-niadoli, ab naszaj baćkawaj zpradwiecznaj mowie, katoruju my sami, da i nie adny my, a wsie ludzi ciomnyje «mużyckaj» zawuć, a zawietca jana «biełaruskaj».

 

7.Выпраўце памылкi ў наступных словах. Якія нормы літаратурнай мовы тут парушаюцца? Растлумачце значэнне слоў

Алюмінівы, дэрманцiн, інцындэнт, бiлютэнь, прэцэндэнт, канстантаваць, кампентэнтны, кампраментаваць, элексір, скурпулёзны, дывідэнт, выкрэслiць, полувер, паштамп, дыстрыб’ютэр.







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.