Здавалка
Главная | Обратная связь

ДРУГАЯ ЧАСТКА. ВЯЛІКАЕ СКРЫЖАВАННЕ

III

 

У тыя гады, а можа і пазней на які год ці паўтара, у мясцовасці далёкай ад Сумліч, ад іх кіламетраў за сто, кірункам паміж поўднем і ўсходам, з'явіўся нейкі невядомы нікому Сымон Ракуцька, чалавек не першай маладосці і з выгляду вельмі здаровы. А ўрэшце, у яго быў такі няпэўны выгляд, што цяжка было ўгадаць, колькі яму год. Магло быць і дваццаць шэсць, а можа і трыццаць пяць, калі не ўсе трыццаць сем. Ёсць сярод людзей такія твары. Хада яго была цвёрдая, і на кожным кроку ён накіўваўся наперад, быццам на секунду ўгінаўся. Той куток, куды ён явіўся, быў вельмі глухі. Ад чыгункі далёка, хоць, праўда, кіламетраў за дваццаць убок праходзіла старая Маскоўска-Варшаўская шаша. Але, як вядома, гэтая калісьці вельмі жывая дарога ў тыя часы ўжо даўно была ў глухім заняпадзе. Расказвалі, што гэты Сымон Ракуцька, пакуль выбраць сабе для аселасці месца, доўга выглядаў, дзе каб цішэй і глушэй. Нарэшце ён асеў. Гэта быда мясцовасць, дзе павявала першымі адзнакамі Палесся. Ніхто не сказаў бы, што тут было палескага, але яно такі было - ці можа тое, што многа расло параскіданых усюды дубоў, ці неба мела густыя, як над Палессем, колеры, ці роўных нізін больш было, як крутых узгоркаў. Праз колькі першых год Сымон Ракуцька жыў ужо ў сваёй сялібе. Тут цякла невялікая рэчачка, поўная дробнай і сярэдняй рыбы. З таго боку за рэчкай было поле. Праз рэчку бярвенчатая кладка, як прайсці двум адразу. Проста з кладкі праз вузкую палосу сухога тарфянага балота вілася паміж куп'я сцежка, чорная і калючая. Яна выходзіла па палявую дарогу паміж гэтым тарфянікам і зноў полем, роўным і з рэдкім асіннікам. Уласна кажучы, гэтая дарога, як праехаць з калясьмі, служыла вуліцай двум дзесяткам хат, пастаўленым у адзін рад, вокнамі на тарфянік цераз дарогу. Зусім блізка, па той бок рэчкі і поля, быў кіламетраў на дзесяць хвойны лес, і паўднёвы вецер гнаў сюды пах смалы. Паветра было, як лагодныя лекі, а краявід - увасабленне ціхага хараства. Заход сонца быў тут нейкі незвычайны. Можа таму, што былі і лясы, але яны нейк не абмяжоўвалі даляглядаў, і «лясны прастор» увесь зіхацеў сонцам. І цішыня. Самае важнае - глуш і цішыня! Можна было падумаць, што гэты Ракуцька, явіўшыся сюды аднекуль вельмі здалёку, шукаў не зямлі і не хлеба, а толькі цішыні. Колькі разоў чулі ад яго, калі ён гаварыў не тое, што каму, а сам сабе: «От жа ціхата, дзякуй Богу». Чалавек гэты быў дзіўны. Так, як ніхто, ён пільнаваўся свайго гнязда, якое стала, хоць і марудна, складаў, саломіна за саломінай. Падазравалі, што з ім нешта здарылася ў жыцці непрыемнае і, можа, нават цяжкае. Можа на яго ўпала была якая цяжкая навала, і ён ратаваўся, бараніўся, як мог, і, напэўна, усімі спосабамі даводзіў, што ён справядлівы чалавек і што пакутаваць не павінен. Можа тут у яго і рэфлекс пэўны выпрацаваўся, бо казалі, што, як толькі ён прыйшоў сюды, адразу абышоў усе тутэйшыя і меншыя і большыя ўстановы і ўсё мясцовае начальства, пры гэтым не разбіраўся, хто з іх большы, а хто меншы, а з усімі аднолькава гаварыў як самы вялікі просьбіт. Відаць, навучан быў жыццём чалавек! А тым часам усяго і было таго, што ён хацеў выказаць: я чалавек і хачу жыць. Можа хто з яго і пасмяецца, можа хто і асудзіць. Але наўрад ці гэты «суддзя» сам здолее так рабіць з клёпак пасуду, паставіць хату, часаць гонту, змайстраваць колы, вырабіць зямлю, выгадаваць каня, угадаць за тыдзень наперад надвор'е, памагчы чалавеку ў бядзе і стрымаць слова, як гэта ўмеў Сымон Ракуцька. Кожнаму начальніку ці таму, каго ён лічыў за начальніка, і ў райвыканкоме, і ў сельсавеце, і нават раз у канторы сельскай кааперацыі, Сымон Ракуцька перш за ўсё паказваў паперку, у якой было сказана, што гэты чалавек быў затрыман органамі ГПУ і выпушчан на волю і мае права жыць усюды, дзе толькі захоча, па ўсім СССР, але толькі не ў пагранічных з Польшчаю раёнах. Пасля гэтай свае паперкі ён з вялікай адкрытасцю душы выказваў сваё жаданне ў форме просьбы: «Я хачу, каб дзе тут асесці жыць». «Падай заяву ў сельсавет», - сказалі яму.

- Дзіва што падам! Адразу! Мне здаецца, што лепшага месца і на свеце няма, як тут. От жа мясціна! А ціхата якая! Будзеш сабе жыць...

Колькі было таго клопату з той заявай! Можна сказаць з упэўненасцю, што ён у тысячу разоў лепш бы згадзіўся адзін, сваімі рукамі, паставіць вялікі дом, як падаваць тую заяву. Ён раіўся з незнаёмымі людзьмі (знаёмых тут у яго не было). Некалькі разоў тую заяву яму прачытвалі, а ён слухаў і меркаваў - а ці ўсё хаця ўпісана, што трэба. І вось нарэшце яму сказалі, каб ён сам сабе выбраў месца, з якога каб узяць сабе кавалак зямлі. Тут таксама без клопату не абышлося. Жартачкі? Гэта ж мо не парсюка прадаць або купіць! Гэта ж зямля! На ёй жа калі і не век векаваць, дык доўгімі гадамі жыць! Ён пайшоў па людзях распытваць, дзе тут што і як расце. Дзе родзіць жыта, а дзе ячмень, а дзе бульба. І так выбраў сабе месца. Але тут гладкасці адразу не было. Зямлі надзялялі на душы. А сям'і ў яго і было, што ён сам, адзін. Ён бажыўся і кляўся, што ў яго ёсць жонка і двое дзяцей - сын і дачка, і нават казаў, што жонка завецца Ўльяна, сын Тамаш, а дачка Лізавета, але яму на гэта адказвалі:

- То дзе ж яны? Ты ж адзін.

- Мала што адзін! Яны сюды явяцца да мяне! Яны мяне знойдуць!

Апошнімі словамі ён якраз і прагаварыўся. Выходзіла, што каб прыйшла да яго сям'я, то яшчэ трэба, каб яна знайшла яго, значыцца, ні жонка, ні дзеці не ведаюць, дзе ён. А гэта не так сабе. Нешта ў гэтага чалавека ёсць такое, што ён адразу не выказвае.

- Дык як жа табе даваць зямлю на чатыры душы, калі ты адзін і нават сказаць не хочаш, дзе твая сям'я і чаму яна не з табою разам. Можа, хіба ты што дрэннае зрабіў, ды казаць не хочаш?

Рад-няволя, а трэба было або сказаць праўду, або што добрае выдумаць. Але выдумляць не хацелася, і цяжка было, каб гладка ўсё ішлося. «А чаго ж мне праўды баяцца, ды яшчэ і добрае». - Так думаў ён, і пакуль яму вымяралі і рэзалі зямлю на чатыры душы, разоў з дзесяць расказаў сваю гісторыю. І раптам ён стаў цікавым чалавекам усім тутэйшым людзям. Вось гэтая гісторыя, як яе чулі і як ведалі ўсе.

Сымон Ракуцька быў родам з Дзісненшчыны і астаўся адзін без блізкіх і родных з той прычыны, што ў тысяча дзевяцьсот пятнаццатым годзе, калі абозы і натоўпы выгнанцаў плылі з захаду на ўсход, той натоўп, у якім ён ішоў з бацькам і з дзвюма сёстрамі, на самым выхадзе з роднага сяла трапіў пад абстрэл дальнабойных нямецкіх батарэй. Людзі бягом вярнуліся назад, пакінуўшы на дарозе забітых. Дарога на ўсход была адрэзана. Цяпер ужо кожны сам сабою, як мог, браўся на ўсход і кіраваўся сам. Сымон Ракуцька пакінуў на дарозе забітага бацьку і сястру, а сам, з другою сястрою, ледзьве паспеўшы пахаваць сваіх нябожчыкаў, вярнуўся да свае хаты. Але што ён там убачыў? Хаты не было. Палавіна сяла выгарала, а зямля дрыжэла ад кананады. Ён і сястра адразу рушылі як найдалей адсюль. Яшчэ раз яны паспрабавалі выбіцца на дарогу, але там ужо акопваліся немцы. Яны пайшлі куды вочы глядзяць, абы дзе цішэй і зацішней. Цэлую ноч яны ішлі, і ім здавалася, што гэта ўсё на ўсход. А ў першую раніцу яны апынуліся на краі нейкага ляска, дзе трухлявая хаціна адна-адзінюткая стаяла з забітымі дошкамі вокнамі і дзвярыма. Усё было так спустошана, што - хто не ўбачыў бы, што гаспадары рушылі на выгнанне, тым больш, што паблізу валяліся салдацкія рэчы. Тут ужо адбыўся вайсковы рух. Але тут цяпер так было ціха і мірна, ніякае знадворнае ўтрапенне не мучыла чалавечай душы, а гром вайны чуўся, хоць ужо і зводдалеку, але і на ўсходзе, і на поўдні, што страх было нават падумаць не пабыць тут хоць дзень. Не закідаючы думкамі далёка наперад, абое яны ўвайшлі ў хату і знайшлі там ціхі спачын. І дзень прайшоў, і ноч, пасля зноў пачаўся дзень, а яны ўсё былі тут. Ужо і восень як мае быць усталёўвацца пачынала. Ужо і вайна спынілася недзе тут, ужо і расейскія салдаты пачалі заходзіць сюды. Брат і сястра знайшлі пры хаце пусты пограб і да самых маразоў запасілі сабе на зіму бульбу з залеснага поля. Сымону Ракуцьку было тады год можа васемнаццаць. Першы пух на барадзе і губе ўжо здорава высядаў у яго. Баявыя сутычкі вялікіх і невялікіх груп адбывацца пачалі ўжо часта. Але месца ўжо тут стала наседжаным. Ракуцька хадзіў босы, аж пакуль зямля не прыпякла яму холадам ногі. Тады ён пачаў мудраваць, як бы гэта абуцца. Ён дапаў да думкі пашукаць сабе ботаў там, дзе яны нікому не патрэбны. З ботамі ён ішоў з месца нядаўняга бою і натрапіўся па дарозе на Паліводскага, які ў яго і вярнуўся да жыцця і здароўя і пражыў на яго галетніцкім хлебе больш як год, спачатку лечачыся, а пасля чакаючы - а ці не задушаць царскія генералы рэвалюцыю і ці не можна будзе тады зноў стаць графам і ўласнікам маёнткаў. Яго гаспадар Сымон Ракуцька здорава-такі яму апрацівеў сваёю хатняю гаворкаю заўсёды аб хлебе і вопратцы. Графа брала на ваніты ад гэтага Ракуцькавага мужыцтва. Што ж да далейшага, то да пэўнай верагоднасці тут дайсці цяжка. Як казаў сам Ракуцька, пасля таго, калі Паліводскі наставіў на яго пісталет, ён пачаў выганяць Паліводскага з хаты. Паліводскі зноў наставіў пісталет і выстраліў, але прамахнуўся, бо калаціўся ад злосці і гневу. І зноў пачаў цэліцца ў Ракуцьку. Тым часам Ракуцька, бачачы, што справа дрэнь, хапіў замашны кій і пагнаўся за Паліводскім, які бег і страляў не цэлячыся. Перапалоханы Ракуцька бег за ім і крычаў:

- Кінь зброю, а то кіем смальну!

Паліводскі зброі не кінуў, а ўскочыў на худую кабылу, што без патрэбы стаяла пад Ракуцькавымі вокнамі, і паімчаўся на ёй у дарогу. Гэтая кабыла была ранена на вайне ў нагу. Ракуцька вылечыў яе і ўжо асвойтваць пачынаў пры сваёй немудрашчай рабоце.

- Куды кабылу пагнаў!? - крыкнуў ён наўздагон Паліводскаму, але таго ўжо і не відаць было. А тым часам стары карчмар Шымха, расказваючы Няваду аб гэтым здарэнні са слоў самога Паліводскага, ні пра якую кабылу не ўспамінаў. Вядома, тут, напэўна, было так, што афіцэр польскага пагранічнага войска граф Паліводскі сумысля не гаварыў нікому, што ён у нейкага Ракуцькі ўкраў худую кабылу. Як бы там ні было, Сымон Ракуцька ўзяў сабе панскай зямлі і з панскага лесу паставіў новую хату, побач з той старой. Ён ужо жыў у новай хаце, ужо абгарадзіўся, абсталяваўся, абараўся і абсеяўся, як раптам вярнулася з уцякацтва гаспадыня той старой хаты. Яна была адна. Чалавека свайго і дваіх малых дзяцей яна страціла яшчэ ў першым годзе выгнанства. Муж не вярнуўся з вайны, а дзеці памерлі. Гора яе душы пачало залечвацца часам, і асабліва тады, калі яна пасля такога доўгага бяздомнага бадзяння дапала да роднага кутка. Ёй яшчэ не было і трыццаці год. Родны кут быў ужо крыху з'іначан: побач ужо стаяла невядомая новая хата, каля якое і ў якой усё было ў вялікім парадку. Нават чыста вымытая старызна была вельмі акуратна развешана на плоце. Відаць, тут шанавалі сваю дамоўку. Вядома, на некалькі год маладзейшаму за яе Сымону Ракуцьку яна, можа, і не была парай. Але там была адзінота, к таму ж маладыя гады, штодзённыя сустрэчы каля дома і праца разам, і жыццё на воку адзін у аднаго. Маладая і адзінокая жанчына неўзабаве перайшла ў новую хату нязнанага раней маладога суседа, які, здавалася, бесперапынна піў вялікую асалоду даводзіць да дасканаласці сваю новую дамоўку. Ашчасліўленая такім паваротам свайго лёсу, жанчына вельмі часта чула ад свайго мужа: «Цяпер рэвалюцыя, а не тое, што раней, калі дзе б ні глянуў, усюды не чалавечую, а панскую зямлю бачыш». Вельмі хутка ён будаваў сваю сялібу. Цяпер ужо льга павальней. Год за годам - і ўсё дойдзе да дасканаласці. Ён думаў: «Пойдуць дзеці. Ім трэба прыгатаваць жыццё. Няхай у іх будзе людская аселасць, каб не бадзяліся па свеце, не маючы прытулку. У іх будучыня будзе не такая, як у мяне і майго бацькі... Не можа быць, каб зноў войны і згіненне. Пагібелі больш не будзе». У гэтых сваіх думках ён яшчэ больш укараніўся, калі ў яго нарадзіўся сын. Сына ён назваў Тамашом і яшчэ больш пачаў старацца. Дзіўна было, што ён, такі малады, больш думае аб будучыні дзяцей, чым аб сваім жыцці. Празмерная сталасць нашых год! Скажу прасцей: ад год той, першай за нашу памяць вайны з немцамі і да дзён нашых, сённяшніх, калі ўжо вырысоўваецца як бы канец і Вялікай Айчыннай вайне, за ўсю гэтую жорсткую эпоху, на мільёнах дзіцячых ілбоў мы бачылі і бачым маршчыну старасці. Калі Ракуцькаў Тамаш пачынаў вучыцца хадзіць, у самым разгары была польская вайна. Яна ўжо канчалася, як у Ракуцькі нарадзілася дачка. Толькі што яе ахрысцілі і назвалі Лізаветай, як па ўсіх, хто за гады рэвалюцыі ў тых мясцовасцях забудаваўся на панскай зямлі і панскім лесам, прайшла трывога: тут ужо «больш няма рэвалюцыі, гэтая зямля падпала пад Польшчу, і паны варочаюцца назад». Ракуцька аціх. Калі трэба было дзе загнаць загваздку ці прыбіць дошку - так і аставалася. Гэтак ён ліпеў як да часу, і ў яго жыцці вялікіх змен не адбывалася. Ужо граніца паміж Польшчай і СССР цвёрда вызначылася, і паабапал яе ўжо стала варта дзвюх дзяржаў. Ужо і малы Тамаш шпарка бегаў, трымаючыся за матчыну спадніцу. А Лізавету пакінулі ўжо спавіваць. Пан жа не прыязджаў. Ужо думалася, што, можа, так і абыдзецца і ніхто не зачэпіць злой рукой таго, што Ракуцька нарыхтаваў на будучыню сваім дзецям. Тым часам жонка сказала яму, што будзе яшчэ і трэцяе дзіця. З горкай трывогай ён падумаў аб невядомасці той будучыні, якая раней ужо здавалася яму зусім яснай. У тыя якраз часы і з'явіўся перад Ракуцькам Паліводскі, але ўжо не так, як першы раз, з акрываўленым бокам і з пакутнай просьбай у няшчасных вачах. А ва ўсім бляску афіцэра польскага войска ўсходняй граніцы. Ён явіўся не з ранейшым няшчасцем, а з цяперашняй сілай. Ракуцька адразу пазнаў яго і ўныў душой. А той адразу і пачаў тое, дзеля чаго і явіўся сюды.

- Слухай, Ракуцька, - сказаў ён. -Ты паспеў ужо з чужога лесу і на чужой зямлі новую хату паставіць? Ну нічога, не ты адзін так, калі была рэвалюцыя. Але давай так, каб мы з табою больш не спатыкаліся. Аддай тое, што ты ў мяне забраў, і ты мяне больш тут не ўбачыш.

- Што я ў вас, пане, такое забраў?

- Золата! Ты абчысціў мае кішэні, пакуль я ляжаў хворы!

- Бойцеся Бога! Я вам сваё аддаваў, што меў!

- З каменнямі крыжык, пярсцёнкі, імянны гадзіннік і яшчэ два гадзіннікі, якія былі пры мне!

- Бойцеся Бога! Бойцеся Бога!

Разгневаны Паліводскі замахнуўся, каб даць у твар Ракуцьку. Не менш разгневаны Ракуцька стаў на ўвесь рост перад Паліводскім і прагаварыў, як абухам стукаў у бервяно:

- Я, пане, выратаваў вас і вярнуў вам жыццё, а вы замест падзякі стралялі ў мяне, а цяпер робіце мяне злодзеем. Гэта ж вы самі ў мяне худую кабылу ўкралі. Дык хто з нас злодзей?

Паліводскі адумаўся і сказаў:

- Я прашу ў цябе толькі маё золата.

- Я яго і ў вочы не бачыў!

- Лжэш! Лжэш!

Паліводскі выйшаў. Слуга падвёў яму каня, і ён махнуў ходу і знік. Аднак жа Ракуцька паспеў заўважыць, што, перад тым як прыняць ад слугі каня, Паліводскі ні то пастаяў у кароткай задуме, ні то нават можа і памаліўся. Ракуцька падумаў: «А можа я яго чым пакрыўдзіў». Калі ён выказаў гэтую думку жонцы, яна, даволі такі энергічная жанчына, адказала яму, што гэтага Паліводскага варта было б кіем змясіць на калатушу, але найлепш быць ціхім, бо ён мае сілу, а наконт крыўды, дык яго ні крыўдаю, ні праўдаю, нават жалезным шворнам не проймеш. Такім парадкам Ракуцька стаў спакоен душой. Але ненадоўга. У тым жа самым годзе, пад сярэдзіну восені, ён атрымаў позву ў гміну. Ён так і ведаў чаго: ён жа жыве на чужой зямлі і з чужога дрэва хату паставіў! Ён жа не мог пайсці супроць дзяржаўнага закона і першымі замаразкамі выбраўся ў тую самую старую жончыну хату. А новаю яго сялібай заўладаў маёнтак. Жонка яго чакала трэцяга дзіцяці, ён жа стаў, як сугней, угнуў галаву і ўсё маўчаў, маўчаў. Колькі год працы загінула марна! А разам пайшлі ў нябыт і надзеі. Ні ў якую будучыню сваім дзецям ён ужо не верыў. Лягчэй памерці, чым астацца навек без надзеі і веры! Сымон Ракуцька пачаў змагацца з бязвер'ем і безнадзейнасцю. Ён пачаў шукаць, каб на чым пэўным спыніцца думкаю. У гэты якраз час і нагадзілася яму злая прыгода. Жонцы прыйшоў час раджаць. Дзіця радзілася нежывым, і жанчына асталася на некалькі месяцаў ляжаць у хваробе. Ён высах каля яе і каля дзяцей. Пасля пайшоў па свеце шукаць спосабу, каб жыць. Ён абышоў, можа, з паўдзяржавы і нічога не знайшоў, але затое наслухаўся ад людзей усялякіх чутак аб жыцці па той бок граніцы. Больш як паўгода ён думаў, і меркаваў у думках. І нічога іншага вымеркаваць не мог. Так ужо ім апанавала цвёрдая думка. «Гэта ж не жарты! Там зямлі бяры! Там жыві сабе!» І нарэшце настаў момант. Перш за ўсё ён, як перад каменнай сцяной, стаў перад неабходнасцю вырашыць вялікую задачу: ён жа не адзін! З гэтага часу і найшло на яго вялікае ўтрапенне. Раней ён быў спакойны і цягавіты. Цяпер, праўда, трапяткім ён не стаў, але спакой свой, як рысу натуры, страціў. Ён выбраў цёмную ноч, ні зор, ні месяца. Ён назаўсёды пакінуў тую гнілую хату, якая дала яму прытулак у цяжкія часы яго маладосці. Апошні раз ён зірнуў на сваю новую сялібу, у якой думаў гадаваць дзяцей і якой цяпер заўладаў нехта чужы. Малы Тамаш ішоў подбегам, трымаючыся за бацькаву руку. Яна, спадарожніца яго жыцця, несла на руках малую Лізавету. За дзве ночы яны дайшлі да граніцы. Больш тыдня яны чакалі ў лесе навальнічнай ночы. Перад самым змрокам, выбіраючы зручнейшае месца, каб з яго рушыць у гэтую страшную дарогу, усе яны ўбачылі чалавечыя ногі. Ракуцька пабялеў і прыгледзеўся. Ужо тхнула адтуль трупным духам. Мярцвяк ляжаў увесь пад накідам моху. Самога яго не відно было. Малады ён ці стары? І хто ён? Можа шпіён, які ішоў туды і быў падстрэлен чужой ці сваёй куляй? А ці стаў ён шпіёнам ад гадаўскай прыроды свае, ці няшчасце яго павяло па гэтай дарозе, ці стопудовае зло, якому патрэбны граніцы і шпіёны, прыкавала яго навек да гэтага месца? Ці можа гэта проста няшчасны чалавек тутэйшай зямлі, каля ціхай хаты якога лягла тая граніца і, як пякельная жудасць, заўсёды была перад яго бяззлобнымі вачыма? Ракуцька анямеў ад жаху, што такі лёс можа спасцігнуць і яго з усімі тымі, хто дораг і люб яго сэрцу. Аднак жа хутка і ноч настала. Такое ночы ён толькі і чакаў. Пярун ляскаў кожны момант. Ліло, як з бяздоннага мора. Змучаны Тамаш трымаўся за бацьку і ішоў, як святы на пакуту. Пасля двухгадзінных блуканняў яны пачулі, што недзе тут поблізу страляюць. І гэтаму канца няма. Душа яго апала. Яна шапнула яму:

- Назад. У сваю гнілую хату! Лепш там памерці з голаду, чым тут валяцца непахаванаму.

Пошапкам яны дайшлі да згоды. Яна з дзецьмі пойдзе назад першая, а ён следам, каб было незаўважней, бо маланка штохвіліну і натоўп вялікі. Ён стаў пад дрэвам тварам ад таго боку, у які ішоў і сям'ю вёў. За кожнай маланкай ён акідаў вачыма мясцовасць. Іх няма. Але нарэшце - радасць, радасць! На самай той дарозе, якою проста дойдзеш да той старой хаты, стаялі яны. Яна, любая, родная, разважлівая, працавітая, верная яго сяброўка, Тамаш, босы, малы, падкасаны. І маленькая Лізавета ў яе на руках, маленькая, кірпаценькая, птушанё... Гэта яны, якіх ён вёў у будучыню. Што яны стаялі на патрэбнай дарозе, ён ведаў з таго, што над імі гойдала веццем знаёмае яму сагнутае дрэва. Яшчэ адна маланка, і ён убачыў, як яны ішлі далей дарогай. Яны ўжо далёка ад страшнага месца. Зараз і ён рушыць за імі. Зноў маланка і крык пагранічніка ў зялёнай шапцы. Ён стаяў на другім баку. Падкасаныя худыя Тамашовы ногі назаўсёды асталіся ўваччу яго. А першыя Лізавеціны ўсмешкі! Смутак наваліўся на яго душу. Якая чакае і іх і яго будучыня? Дзе ім суджана знайсці яе? Але трэба ісці, пагранічнік грозіць, што будзе страляць. Па калені ў вадзе і ўвесь мокры, ён замаршыраваў перад пагранічнікам. Сцяна, глухая і бязлітасная, як вечнасць, замкнулася паміж імі. Бывай, верная сяброўка! Бывайце, дзеці! А можа, адбудзецца цуд? Можа, міне вас лёс без будучыні? Але лепш ні аб чым не думаць, бо навала смутку забівае душу.

Сымон Ракуцька быў пад арыштам доўга. Пакуль у яго руках апынулася даведка, што ён мае права жыць усюды, толькі не ў пагранічных з Польшчай раёнах, ён больш за год усё даводзіў як мог, што ён не шпіён, а проста чалавек з той зямлі, па якой прайшла граніца. А тым часам вялікі ўпарадкавальнік усялякіх хібаў і непарадкаў - час - абтрос і абгладзіў усё, што было не на сваім месцы, і шмат што забылася, шмат прытупілася, а сам чалавек знайшоў сабе месца, і лягчэй яму стала. Але час не меў сілы перад тупым смуткам па малым Тамашу, па першых Лізавеціных усмешках і па ёй, вернай сяброўцы. Гэты смутак, здавалася, апанаваў чалавека назаўсёды. Яму не было адхлання, і ад яго не было ратунку.

Сымону Ракуцьку спачатку здавалася, што варта яму толькі зноў звіць сабе гняздо, як ён скіне з душы цяжар свой. Тым часам ужо і хата ў яго была новая, зноў новая, вокнамі на дарогу, і ціха і спакойна ўсё тут было, і зямлі было на чатыры душы, і не трэба стала з жахам заглядваць у заўтрае, а спакой у душу не варочаўся. «А Тамаш, а Лізавета!» Сымон Ракуцька наладзіў сваё жыццё так, як жадала яго натура. Яго ціхманую працавітасць льга было ставіць паўсвету ў прыклад, калі лічыць яе за дабрачыннасць. І дзіўна было. Ён адзін, а ўпраўляўся з полем і з домам. І яшчэ кожны дзень меў часіну сядзець на калодзе і босы пасярод свайго двара. Ці то прывычка, ці то ашчаджанне абутку, але ён цяплом ніколі абуты не хадзіў. Ён яшчэ людзям і колы рабіў, і драбіны з панарадамі майстраваў. Жыў сам-насам. У той меры, у якой ішоў час, смутак яго ператвараўся ў вялікую мару. Гэтая мара заўладала ім, ён ёю жыў і служыў ёй. А пачалі нарэшце прыходзіць моманты, калі і вера, і надзея, хоць здалёк, паказвалі яму свае ясныя твары. Гэты новы час у яго жыцці пачаўся з таго, калі яму прыйшла ў галаву такая думка: яна тады з дзецьмі вярнулася ў тую старую хату. Хто ведае, можа, і цяпер яны жывуць там? А кажуць жа людзі, што поштай можна з Польшчы сюды пісаць, а адсюль у Польшчу. Як страсянула яго гэтая думка! Ён не меў ні сну, ні спакою, пакуль не паслаў пісьма на адрас той старой хаты. Ён дакладна выпісаў і цяперашні свой адрас. Паведаміў аб той мясціне, у якой цяпер жыў. Яно ж магло быць і так, што і адтуль сюды прыйдзе пісьмо. Цяпер яго жыццё стала чаканнем перш за ўсё пісьма, пасля - нейкага невядомага лёсу. «Адтуль прыйдзе вестка. Яны жывыя і здаровыя, і можа нават не галодныя. А хіба хто можа сказаць цвёрда, што на свеце можа быць, а чаго можа не быць? Нават такое магло здарыцца, што граф Паліводскі прасіў ласкі сярод дарогі ў абарванага хлопца. А можа лёс прывядзе іх сюды. Але што такое лёс? Ён сам дойдзе да думкі, што зрабіць. Ён будзе думаць, ён будзе раіцца з людзьмі, ён будзе слухаць па свеце. Слухаць па свеце!» Самае далёкае, дзе ён бываў - гэта яго поле. Але практыка з самага маленства і інстынкт падказвалі яму, што яшчэ многае наперадзе, што яшчэ многа дзе прыйдзецца быць, многае нанава рабіць, многае бачыць і чуць і за многае нечаканае брацца. Мара, чаканне, надзея, упартасць думкі і фантазіі! Гэтым ён цяпер і жыў. Колькі яму аднаму трэба было? Ён задавольваўся самай простай ядой. Улетку ён палуднаваў халодным квасам з зялёнай цыбуляй. Старанна вырабленае поле радзіла ў яго лепш, як у каго тут. У яго пачалі заводзіцца грошы. «Божа мой, вось быў бы спосаб Тамашу!» Нават не маючы намеру купляць што, ён пачаў хадзіць у кааперацыю і прыглядацца да тавараў. Аднойчы ён купіў з сіняга сукна ватоўку, хлопцу гадоў на пятнаццаць. «Калі ж небудзь Тамаш будзе такі, што яму якраз прыйдзецца гэтая вопратка. А толькі невядома, у якія годы з Тамашом суджана спаткацца бацьку. Такім парадкам за доўгі час у Тамаша стала многа ўсялякай адзежы на ўсялякія ўзросты: і на дзесяць год, і на дванаццаць, і на пятнаццаць, і на васемнаццаць, і на дваццаць. Усё купляў бацька. Віселі на вешале ў клеці парамі боты, нагавіцы, вопраткі. Былі плацці для Лізаветы і хустачкі, чаравікі і панчохі... Часамі ж на яго находзіла прасвятленне. Ён як бы адпіхаў ад сябе гэты пусты занятак і ўпадаў у думку, што рабіць, сапраўднае, вялікае, выразнае і сапраўды патрэбнае, каб убачыць дзяцей. Нарэшце прыйшоў канец яго ціхай цярплівасці. Нават сядня на калодзе сярод двара пакінула яму быць прыемнай. Ён нейк пацягнуўся да людзей і як бы затрапятаўся. Яго ўжо бачылі ў навакольных мястэчках на кірмашах, каля цэркваў і касцёлаў на фэстах, у сельсавеце ён бываў часта і без прычыны. Ён пытаўся і раіўся. У тую старую хату ён цяпер слаў пісьмы бадай што цераз дзень.

Усім пачало здавацца, што ён рабіўся больш гаваркім, і панурасць сыходзіла з яго. Аднак жа ніхто не ведаў, што ён сябе пачуваў так, быццам кожны дзень піў атруту. І дзіўная рэч. Хоць час ішоў, нават ужо год за годам, з яго вачэй не сыходзілі босыя Тамашовы ногі, калі ён, у тую навальнічную ноч, асветлены маланкай, стаяў на дарозе пад сагнутым дрэвам. Яго ўяўленне рысавала яму Тамаша толькі малога і Лізавету толькі ў маці на руках. Па-сапраўднаму ён ніколі не задумаўся аб тым, што годы ідуць. Сам ён пачаў сталець так шпарка, што часамі ўжо льга было ў ім заўважыць першыя рысы далёкай яшчэ старасці. Гэта была празмерная на яго гады сталасць. Апошняя бачаная ім усмешка малой Лізаветы! Маланка, і свет уздрыгануўся ад грому. Тамаш стаіць мокры, вада. Босыя ногі яго! Постаць худзенькага хлопчыка! Ён жа вёў свайго Тамаша ў будучыню! На добрае, на шчаслівае! Нехта злы і чорствы, нехта той, што і яму самому праз увесь век не дае спакою, загарадзіў малому Тамашу дарогу ў будучыню. Не туманныя прывіды, а выразна ява: гром і маланка, навальніца разрывае зямлю і, здаецца, крышыць на ёй усё. І ўсё ахоплена страшным сваім утрапеннем. Пад громам і агнём, пасярод дарогі, постаць худзенькага хлопчыка.

Аднойчы ён, як і часта цяпер, цёрся сярод людзей у местачковай кааперацыі. Там прадаваліся люстэркі. Адно вісела на сцяне. Сымон Ракуцька глянуў у люстэрка і сумеўся: ён такі даўно не бачыў сябе і не ведаў, што каля вушэй у яго спрэс сівыя валасы. «Божа мой, дык я ж ужо не малады! Няўжо гэта прайшло гэтулькі год?! А колькі? Мусіць, многа?! Як жа гэта я ніколі не лічыў гадоў?» Увесь той дзень ён правёў у одуме і суме. Каму расказаць? З чаго пачаць, каб не ішло далей жыццё так, як яму не хацелася? Ён хацеў не толькі есці хлеб, але каб разам з ім елі яго і Тамаш, і Лізавета. Каб не мучыць самога сябе, ён больш ужо ніколі не глядзеўся ў люстэрка.

 

IV

 

У тысяча дзевяцьсот трыццаць дзевятым годзе Сымон Ракуцька даехаў па чыгунцы да горада Слуцка і выйшаў адтуль пешкам у дарогу на захад па старой Варшаўска-Маскоўскай шашы. Была глыбокая восень. Толькі што мінулася пара безупынных дажджоў. Паабапал шашы стаяла вада на полі. Не кранутая яшчэ марозам трава была зялёная, і, калі сонца высвечвала з-за высокіх хмар, адзінокі падарожны, як здзіўленае дзіця, прыглядаўся да яснай зеляніны, і твар яго свяціўся, як і шырокі свет у той момант. Ён усё ішоў і ішоў шпарка. За адзін дзень ён дайшоў да Піліпавіч, дзе тырчэлі каля шашы яшчэ некаторыя адзнакі былой граніцы. Да гэтага месца ён ішоў яшчэ, як бы раздумваючы і сам сабе не верачы. Тут жа ён увесь змяніўся. Каб чалавек, які добра ведаў яго дагэтуль, бачыў яго ў гэты момант, калі ён, мінуўшы Піліпавічы, спыніўся на палявой дарозе, кожны заўважыў бы як адразу Сымон Ракуцька [скінуў] пячаць таго шматгодняга чакання, якое ўжо часамі ператваралася ў свядомасці, як бы нейкай асуджанасці навек. Магло б здавацца, што ён зараз скажа: «Яно было. А вы хіба хочаце, каб ніколі ніякай прыкрасці не было? Затое цяпер!» Уся яго пастава і выраз твару былі ў часе гэтага падарожжа рухавымі вельмі. На станцыі Гарадзеі ён сеў у поезд і праз паўдня выйшаў з вагона на нейкім занадта ўжо ціхім паўстанку. Доўгі рад старых і высокіх дрэў - ліп, дубоў, бяроз, явараў і вязаў - ішоў ад паўстанка проста ў чыстае поле і там канчаўся. Лісцё пад дрэвамі ляжала яшчэ жоўтае, і, здавалася, чалавечая нага яшчэ не ступала на яго. Сымон Ракуцька мінуў дрэвы і пасля нядоўгіх пошукаў знайшоў у полі вялікі камень. На абымшэлай яго паверхні аставаліся сляды таго, што тут начавалі птушкі. І гэта як бы ўзрадавала гэтага чалавека. З усмешкай ён абгледзеў камень і стаў кіравацца ад яго да вузкай і доўгай грады лесу. Добра ўтаптаная сцяжынка вілася паміж і навокал кустоў шыпшыны і паўз удзірванелыя межы. Пасля яна выбілася ў той дубняк. Якая была восень! Ахоплены радасным узбуджэннем, чалавек як бы думаў, што другой такой восені ніколі не было і не будзе. Рудымі жалудамі была засыпана спрэс уся зямля. Крушыннік густа стаяў над сваім уласным лісцём, ядловец быў повен чорных ягад, дзюбастая птушка кінулася ў куст, драбнюткае лісце, як жоўты дождж, сыпанулася з дрэва, чэзлая кветка на высокім сцябле звесіла жоўтую галаву. «Божа, як яна так захавалася аж дагэтуль!?» А неба! Сонца ў той дзень не было, але на небе адлюстроўвалася яго блізасць. Недзе тут блізка ідзе ціхае асенняе сонца! Хіба на свеце няма дзеля чаго берагчы знойдзеную радасць і шукаць і дамагацца яе вечна!? Якое неба над нашай зямлёй бывае ўвосень!

Сымон Ракуцька ўжо даўно мінуў дубняк, а сцежка ўсё ішла і вяла яго далей, праз поле, праз некалькі хвойных лясоў і купістых паплавоў. Доўга, вельмі доўга ішоў Сымон Ракуцька, дзівячыся, як жа гэта праз гэтулькі год тая самая сцежка вядзе яго, як быццам бы тут усё застыла на вечную нерухомасць. Ён прайшоў сцежкай да самага змяркання. Начаваў у людзей і вельмі многа расказваў пра сябе, так што, пакуль у хаце патушылі агонь і паснулі, ужо ўсе ведалі яго гісторыю. Назаўтра ён сабраўся далей у дарогу яшчэ зацемна. Нават яшчэ зоры свяцілі. Тут ужо недалёка, толькі зоры сыдуць з неба, як ён будзе на месцы. Зноў тая самая сцежка! Тут яна пайшла зялёнай азімінай. Свежая рунь дрыжала пад ветрам, і ў нізінах стаяла чыстая, як сляза, вада. Сонца пачало ўзыходзіць чыста, і вышыня неба пабольшала. Усё заззяла, і прасторы сталі неабдымнымі. Тут, у гэтай яснай шырыні, ужо зусім блізка! Вельмі хутка ён дойдзе. Ужо не было ў яго ні смутку, ні радасці. Хваляванне ўсёй яго істоты і нават нецярплівасць. Цяпер, калі ўжо так блізка перад ім была яго мэта, ён чамусьці як бы зноў апанураў з постаці. Яго заўсёды такім рабіла шпаркая хада. Ён улёг у хаду і ўжо не заўважаў гэтае адзінае на ўсе часы восені. Але чаму сцежка такая доўгая? Тут ужо ёй канец павінен быць. Яшчэ два дрэвы над палявым каменем, і там тады пачыналася выезджаная сялянскімі калясьмі дарога. І ўсё. Чубок лесу будзе з-пад каменя і дрэў перад вачыма.

Вялікае шчасце раптам страсянула яго душу: там, дзе канчалася сцежка і пачыналася дарога, ён убачыў тыя самыя і такія самыя дрэвы. Адно што з карэння пайшлі ў іх парасткі і самі ўжо станавіліся дрэвамі. І камень той самы і такі самы. І нават... Як бы лёс паслаў яму гэты малюнак на тое, каб душа яго ў гэты рашучы момант пазнала да канца ўвесь жах думкі, што мінулае не варочаецца і ўвесь атрутны слодыч успамін. Божа літасцівы! На гэтым жа камені, у ранні вечар, калі яшчэ толькі захад змываў з сябе колеры, ён згаварыўся з ёю стаць яму вернай сяброўкай. Яна сядзела тады на камені, паклаўшы на прыпол згорнутыя рукі, а ён стаяў перад ею. Здань! Прывід! У такой самай паставе, і так жа паклаўшы на прыпол згорнутыя рукі, на камені сядзела жанчына. Дзяўчына, яна нядаўна яшчэ выйшла з падросткаў. На прыполе ў яе ляжаў хлеб, і яна ела яго. Але чаму яна так здаецца знаёмай яму? Як быццам бы ён яе ўжо бачыў дзе, або ведаў даўно, або знаў, што яна якраз тут будзе сядзець? І чаму яна так нагадвае яе, каго ён доўгія годы не бачыў? Чаму - ён не мог бы сказаць, але вельмі нясмела ён глядзеў на яе і баяўся, што перарвуць гэтае яго шчасце. Ён не вытрымаў і пачаў гаварыць з ёю:

- Вы падарожная, што клунак каля вашых ног ляжыць?

- Падарожная.

- А здалёку?

- Здалёку. Цягніком ехала. А гэта іду. Мне тут трэба дапільнаваць брата.

- А дзе ж твой брат?

- Мой брат у польскім войску быў, а што з ім цяпер - невядома. Калі ён, можа, у палоне на савецкай старане - то на гэта ўся надзея. Бо з гэтага палону радавых салдатаў пускаюць, і яны многія папрыязджалі і папрыходзілі ўжо. Вось і я яго сюды чакаць прыехала.

- Як жа гэта сюды чакаць?

- Тут стаіць наша хата, у якой мы выраслі. З гэтае хаты ён і ў войска пайшоў, яшчэ гады за два да вайны, а можа, і больш. Хата наша такая старая, што ў ёй ужо апошнім годам жыць нельга было. Аставалася толькі я з маткай. Мы пакінулі гэтую хату і пераехалі туды, далёка, адкуль я цяпер сюды прыехала. Там я і матка знайшлі працу ў панскім маёнтку. Мы напісалі брату, што ўжо не жывём тут. Пісьмо тое яшчэ, напэўна, не дайшло да яго, як пачалася вайна з немцамі. Цяпер ён можа сюды прыехаць і не ведацьме, дзе мы і дзе знайсці нас. Калі ж яго яшчэ няма дзе-небудзь тут, то я ў суседзяў пакіну яму наш адрас.

Яна змоўкла і паглядзела на яго, быццам думала, ці варта было гэтаму незнаёмаму даверыць сваю душу.

- А калі вам прыйдзецца тут начаваць, дык дзе, калі ваша хата такая дрэнная?

- У суседа. Мы з ім добра жылі.

Яна, гэтая адкрытая душа, шпарка пайшла, а ён назіркам, як баючыся, рушыў за ёю зводдалеку. Чуб хвойнага лесу быў перад імі. Унь дзве хаты. Адна ледзьве ліпіць яшчэ, і страха на ёй упала. Ужо без вокан яна. Побач яе здаровая, вялікая хата з смольнага кругляка. У яе адразу і пайшла дзяўчына. Ён жа, калоцячыся разам са сваім сэрцам, спыніўся перад старой хатай і зводдалеку бачыў, што ў ёй сцены патрухлелі і пагнілі, і стаяць мокрыя і цвілыя. Ён бачыў праз аконную дзіру нават тыя цвікі, якія калісьці ўбіваў у сцены. А гэтая, новая, здаровая, з кругляка хата, куды пайшла дзяўчына! Ён жа ведае хто гэта, толькі сам сабе баіцца прызнацца. Гэта яго хата! Гэта ён яе ставіў. І гэта з яе яго выгналі. А гэтая старая! Унь тое месца, дзе ляжаў Паліводскі. Там тады стаяў ложак. З гэтай хаты ён і сястру яшчэ замуж аддаваў. І адзін жыў у ёй. Ён стаяў і душыўся мінулым, якое адарвалася ад яго з часткаю душы і нават вялікі доктар - час - не загаіў гэтую рану ў душы. Ён ужо ведаў, як назваць тое, што лягло на яго жыццё. Але ён маўчаў і стаяў. «Дык яны тут жылі аж пакуль ужо нельга было! Ці даходзілі сюды яго пісьмы? Тады, калі ён жыў у новых прасторных сценах, гэтая трухліна гатова была ўпасці на іх. Можа ён вельмі мала стараўся, каб выратаваць іх адгэтуль! А ці не вінават ён перад худзенькім хлопчыкам Тамашом і перад маткаю сваіх дзяцей, і перад Лізаветаю?!» Голас пратэсту перад самім сабою ўзняў ён у сабе: «Не! Я ішоў у гром і невядомасць!» «Але ж я жыў гэтулькі год у мілай мне працы, і жыццё гэтае само па сабе льга назваць шчасцем, каб не смутак мой. А ці хоць раз падумаў я, каб ісці сюды да іх і ратаваць іх?» Раптам у яго пахаладзела ў вушах: «Чаму ж я не запытаў у гэтай дзяўчыны - а ці хоць адно пісьмо прыйшло было да іх ад іх бацькі?» «Але я яшчэ ўбачу яе, да вечара я дапільную яе тут, а заўтра зранку пайду гаварыць з ёю». Адразу цяпер ён не мог ісці ў сваю, новую, некалі пастаўленую ім хату, ён баяўся свайго смутку. Да вечара ён праседзеў пад ігрушаю на лаўцы, у двары старой хаты, і пільнаваў яе. Але яна з нова� хаты не выходзіла. Як пачало змяркацца, ён увайшоў у старую хату і лёг на голы тапчан. Парыў ветру ўвагнаў у хату на яго праз аконную дзіру віхор жоўтага лісця з ігрушы. Ён накрыў галаву торбаю ад хлеба, стараючыся заснуць. Цішыні не было! Нешта шастала па сценах і патрэсквала ў столі. А пасля яму здалося, што нешта шарганулася аб яго. Ён падняўся і стаў з шчаслівай думкай: «Не канешне мучыць сябе ляжбой, можна стаяць і сядзець». Свяціў месяц. Ноч была глыбокая. Праз дзіркі і шчыліны ў сценах лілося ў гэтую гнілую пустэльню месячнае святло, а па сценах нешта невядомае ўсё шастала. «Каб хоць хутчэй дзень». З нейкай надзеяй ён выйшаў на двор і зноў сеў на лаўку пад ігрушаю. За ноч з яе апала ўжо апошняе лісцё. Месяц быў якраз у яе чорным голлі. А да дня яшчэ было вельмі далёка. Ён цясней зашпіліўся ў сваёй суконнай жакетцы і лёг на лаўку. Холад не даў яму спаць. З поля цягло роўным шумам. Узняўся вецер. Месяц стаяў нізка. Сымон Ракуцька спаць не хацеў. Седзячы на лаўцы, прычакаў ён дня і больш у старую хату не заходзіў. Як адважыўшыся на вялікі подзвіг, ён закінуў сваю торбу за плечы і пайшоў у суседнюю хату. Там яна была адна, сядзела за сталом і пісала. Як прыгавораны да кары, ён стаў у парозе і сказаў:

- Добры дзень у хату. - Ён нават і не чуў, што яна адказала яму. Ён не мог адарваць вачэй ад акеннай шуфляды. Калі ён устаўляў яе, быў такі самы хмурны дзень позняй восені.

- Гэта я з вамі ўчора гаварыў на дарозе, калі вы сядзелі на камені.

- Я пазнала вас.

- Ну што, няма брата?

- Няма. Я пакіну яму тут гэтае пісьмо. Чакаць яго - мне няма як.

- Што вы яму пішаце?

- Вам хочацца ведаць?

Нават і без здзіўлення яна глядзела на яго, і вочы яе былі такія добрыя, і здавалася, яна абяцае праз іх шчырасць усяму свету.

- Пачытайце мне, што вы яму напісалі.

Яна нават не здзівілася: што гэта за дзіва такое з гэтым чалавекам.

- Калі вам хочацца, я прачытаю. Але я дапішу раней.

Ён сеў на лаву і чакаў, пакуль яна скончыць пісаць. Сочачы за кожным яе рухам, ён час ад часу падаваў голас:

- А ці ведаеце вы, што гэта ваш бацька ставіў гэтую хату?

Не адрываючыся ад пісьма, яна адказала: - Ведаю. Маці мне расказвала ўсё.

- Дык вы пра свайго бацьку ведаеце?

- А як жа! Але нашто вам усё гэта? Хто вы такі?

- Як нашто! Бо вашага бацьку я ведаў так, як ён сам сябе ведаў.

- Мой бацька быў слаўны чалавек, з душой і сэрцам. У яго былі залатыя рукі і разумная галава. І добрае сэрца.

- А дзе ваш бацька цяпер?

- Мы заўсёды ведалі, дзе ён.

- Як жа вы ведалі?

- Ужо вельмі даўно ад яго прыйшло было пісьмо з яго адрасам.

Ён адчуваў, як сэрца распірае яму грудзі, але ён не мог так пайсці адразу. Ён хацеў усё высветліць.

- А пра графа Паліводскага вы што-небудзь чулі?

- Мой бацька выратаваў яго ад смерці... Я яго сама бачыла.

- Паліводскага? Як? Калі?

- Незадоўга да вайны. Ён сам быў у нас, калі жылі ў старой хаце.

- Ён вам якое-небудзь зло зрабіў?

- Гэты стары гад два дні і адну ноч не выходзіў ад нас і мучыў нас дамаганнямі, каб мы аддалі яму нейкае золата, якое нібыта наш бацька ўзяў у яго, калі паднімаў раненага на дарозе. Ён прасіў, пасля крычаў, пасля рамянём пасадзіў маме крывавы знак цераз твар. Пасля сунуў мне ў рукі свой адрас, калі мы адумаемся і захочам аддаць яму яго дабро. Ён служыў на нямецкай граніцы. Нарэшце ён казаў, каб аддалі хоць палову, а палова нам... Але мне трэба пісьмо дапісаць. - Яна пісала, а ён стаў на ўвесь рост у парозе і душыўся смуткам, гледзячы на яе. Гэта яна. Нязнаны ім чалавек. Без яго яна вырасла. Ён ні разу не меў шчасця трымаць яе на руках і гаварыць з ёю малою і падоўгу глядзець на яе дзіцячую ўсмешку. Нехта злы і бязлітасны ўкраў у яго яе маленства.

- Вы казалі, каб я пачытала вам. Я ўжо напісала. «Дарагі братка Тамаш. Мы табе пісалі, што прымушаны былі выехаць з роднага кутка, але пачалася вайна, і пісьмо наша магло да цябе не дайсці. Дык шукай нас у мястэчку Сталецці на Навагрудчыне. А таксама напамінаю табе, калі ты згубіў адрас, што ў Гомельскай вобласці, за Бабруйскам, жыве наш бацька. Граніцы ўжо больш няма...» Ногі ў Сымона Ракуцькі падгіналіся. Ён сеў на лаву. Яна яшчэ ўгнулася над пісьмом, штосьці ў ім дапісваючы. Ён ціхом падняўся і знік з хаты. Не прыпыняючыся нідзе, ён дайшоў да таго самага паўстанка і сеў у поезд. На другія суткі ён ужо ішоў пешкам цяперашнімі сваімі месцамі. Ён радаваўся, што з кожным крокам падыходзіць да гэтай, ужо трэцяй на яго веку хаты. Можа цяпер тут ён знойдзе спакой душы. Было вельмі рана. І цёплае стаяла надвор'е. Было ясна. На хвіліну магло здацца, што гэта ўлетку пасля дажджу. Ён ішоў сцежкаю паўз дарогу, краем сухога тарфяніку, па той бок якога сугліністы ўзгорак трымаў на сабе край неба. Пыльныя кусты шыпшыны, быльніку і піжмы бачыў ён, і думка яго спынілася на тым, што ў карэннях піжмы, пад тым кустом, жывуць мурашкі. Там яшчэ ўлетку чабор цвіў, і над ім кусцілася жоўтае зелле святога Яна. Куп'істы тарфянік быў увесь мокры, на шчыльна збітай у мяккі дыван нізкарослай траве на ім блішчэлі пад сонцам кроплі чыстай вады, як раса ўлетку. Вятрак махаў крыллямі дзесьці за балотам, над рачулкай стаялі голыя вербы, адна была рудога колеру, другая жоўтага, трэцяя сіняватага, чацвёртая чырванаватага. І гэтая каляровасць дрэў дапаўняла вялікае багацце і мноства ўсяго, што было ў чалавека перад вачыма. Дрэвы стаялі скрозь, іх было многа. Многа лётала і сядзела ўсюды гатовых спаткаць зіму птушак, многа было колераў і фарбаў, многа было і прастору, і неба, і вады, і ласкавай цішыні. Брама яго дома была зачынена. Брамка збоку крыху прыадчынена. Ён увайшоў у двор. Усё было на месцы і ў парадку. Ён прайшоў праз увесь двор і агарод, і сад і назад вярнуўся. Густая сям'я дрэў, ім пасаджаных, расла ў кутку агарода пад загараддзю з жэрдак. Там былі бяроза, ліпа, клён, каштан, вяз і таполя. Улетку і ў раннюю восень тут заўсёды шумеў вецер у лісці, і па ўдзірванелай пад дрэвамі зямлі густа і высока расла трава і красавала мятліца. Там была і лаўка, дзе ён, бывала, праз колькі год, аддаваўся сваім думкам. Ён зірнуў у гэтае месца, дзе якой-небудзь ураўнаважанай душы век льга было б мець шчасце ад ціхай адзіноты, і сумеўся. Ён аж уздрыгануўся: з яго, і, можа, ужо доўгі час, не сыходзіў чалавечы позірк. Там на лаўцы сядзела жанчына. Постаць яе была нерухомая, і вочы не сыходзілі з яго. Хоць яна і не была ўжо такая, як калісьці, хоць гэта была ўжо старая жанчына, але ён з першага ж позірку пазнаў яе. І дыхаць яму стала цяжка. Гэта яна! Такая! Без яго такая стала! Як бы страціла яна ранейшы рух сваіх вачэй. І ён з'іначыўся без яе. Ужо і старасць не вельмі далёка стаіць за плячыма. І ў яе таксама. Нехта злы і бязлітасны ўкраў у яго яе маладосць, і яе самую ўкраў. І яго маладосць украў. А ўсё ж жыццё яго з ёю разам было б падобна на маладосць. Злы ён і жорсткі, гэты страшны злодзей. І ніякая кара нідзе і ніколі не спасцігне яго. Гэта ён бесперапынна вісеў над яго душою, як стопудовы камень! Пракляцце яму, гэтаму страшнаму злодзею! І прэч ад чалавека гэтую калоду пасярод двара, і гэтую лаўку пад дрэвамі, якія шумам сваім так заўсёды ўціхамірвалі душу! Сказаць дзецям... (але дзе ж тыя дзеці, іх жа ўкраў вялікі злодзей), сказаць усім і самому сабе: ні моманту спакою! Усе на пошукі вялікага злодзея! Знайсці яго і выясніць дакладна, хто ж ён такі?! І зняць з яго галаву і паказаць усяму свету: глядзіце, і ганаровае месца мне! Я абезгаловіў страшнага злодзея! Я больш не вечны выгнанец з свайго месца. Я на сваім месцы, і страшны злодзей больш не будзе мяне абкрадаць! «Што ж перш за ўсё сказаць ёй такое, чым узрадаваць яе? Ага, я пакажу ёй усё, што я запасіў дзецям. Я чакаў іх, я думаў пра іх! Вісяць жа поўныя вешалы ботаў і сукенак, вопратак простых і ўбёраў святочных!»

У тую восень доўга трымалася мяккае надвор'е. Сёмага лістапада зранку нападаў мокры снег, а к вечару таго ж дня яго ўжо не было анізвання нідзе. Вада сцякла ў нізкія месцы і стаяла там, і ў ёй адлюстравалася хмарыстае неба. Хмары віселі нізка, а на другі дзень паміж іх высвечвала сонца, і на ўзлессі мокрая лаза здавалася гатовай распусціць першае лісцейка. Усё блішчэла, і здавалася, што гэта свеціцца вада ў лагчынах.

Той дарогай, што ішла паміж тарфяніку і роўна пастаўленых у адну лінію хат, вельмі шпарка ішоў чалавек. Гэта была хада таго, хто прывык да таго, каб доўгі час бачыць перад сабою тое, з чым трэба хутчэй расквітацца, каб пасля гэтага мець што лепшае. Чалавек гэты трымаў галаву высока і як бы нічога не заўважаў навокал сябе, перад сабой жа бачыў як бы толькі тое, да чаго хацеў хутчэй дайсці, але здавалася, што і гэты пункт больш жыў у яго думках і свядомасці, чым стаяў выразна ў вачах. Ён так ішоў, што здавалася, ён упэўнен у тым, што нішто не стане на яго дарозе. Аднак жа, можа быць, тут найбольш было ад знадворнага выгляду чалавека. У гэтым выпадку можа і не да месца прымаўка, што твар ёсць люстра душы. Бо часамі рашучая пастава і хада чалавека на момант былі такія, што як быццам бы ён хацеў вярнуцца. Аднак жа ён усё ішоў і нават паддаваў ходу. Пачаліся хаты паўз дарогу. Ён паклікаў да сябе нейкага малога, што натрапіўся яму на вочы:

- Дзе хата Сымона Ракуцькі?

- А унь, дзе тых дрэў многа.

Чалавек глянуў на тыя дрэвы і хацеў усміхнуцца, але выйшла, што ён як бы здзівіўся. Верхняя губа яго з нізка выстрыжанымі чарнявымі вусамі ўздрыганулася.

- І я пайду з вамі да Ракуцькі, - сказаў ахвотны да ўсяго малы.

- Не, я адзін пайду.

Малы пабег шукаць іншага занятку, а чалавек той жа хадой, як і раней, падышоў да зялёнай брамкі і адчыніў яе. Двор не быў пусты, і ён астаўся стаяць у брамцы. Незнаёмы яму чалавек стаяў пасярод двара і ціха гаварыў з жанчынай. У чалавека былі сівыя валасы над вушамі. Ён падняў твар і пачаў углядацца ў незнаёмага прышэльца, які не сыходзіў са свайго месца ля брамкі. На твары чалавека з сівымі валасамі над вушамі напісалася здагадка, чаканне і нарыхтаванасць цвёрда сустрэць усялякую няўхільнасць. А той, што ўвайшоў у яго двор і стаяў цяпер ля брамкі, меў такі выгляд, як бы хацеў сказаць: ну што ж, і я гатоў да ўсяго так як яно ёсць. Мы ні ў чым не вінаваты. Гэта быў чалавек вельмі яшчэ малады, можа яму не было яшчэ і дваццаці пяці год. Але ён быў такі мажны і дужы, што, калі не глядзець на яго твар, ён мог здавацца мужчынам, які ўжо разбыўся за многія гады жыцця і працы. Верхняя губа яго была нізка выстрыжана, і гэта клала на яго твар пячаць як бы нейкага здзіўлення. Ён быў у польскім салдацкім шынялі і ў салдацкіх чаравіках з абмоткамі. З шапкі былі ўжо сарваны ўсе тыя бляшкі, якія раней паказвалі, да войска якой дзяржавы гэты салдат належаў. Ён здаваўся такі здаровы і энергічны, што дзіўна было, як ён так нерухома ўсё стаіць на адным месцы. Тут яго ўбачыла і жанчына.

- Тамаш прыйшоў! - закрычала яна і, як бы забыўшыся на ўсё, кінулася яму насустрач.

Сымон Ракуцька аднак жа сышоў адразу з свае гатоўнасці сустрэць усялякую няўхільнасць. Твар яго перасмыкнуўся, і магло здавацца, што ён не ведае, дзе падзецца. Як бы раскрыўшы вялікую таямніцу, да якой яму раней не было доступу, ён застыў на паўкроку, калі быў ірвануўся сысці з месца. Хіба гэта Тамаш стаіць перад ім? То ж быў худзенькі хлопчык, якога трэба было шкадаваць, песціць і гадаваць, і аддаваць яму бацькаўскую ласку. Усю душу і сэрца аддаваць яму. Няма хлопчыка Тамаша, ёсць салдат чужой арміі, і хіба вядома, якая ў яго душа? Бацька ж не мог сеяць добрае насенне ў гэтай душы. Тамашова маленства ўкралі ад бацькі: жалезная нага таго страшнага злодзея зноў душыла Сымона Ракуцьку. Абкрадзены, ён стаяў перад салдатам чужога яму войска і сумаваў па худым хлопчыку Тамашу, маленства якога ўкраў страшны злодзей.

 

 

ДРУГАЯ ЧАСТКА. ВЯЛІКАЕ СКРЫЖАВАННЕ

 

Прасторны шлях, калі ж, калі

Ты закрасуеш на зямлі

І злучыш нашы ўсе дарогі?

(Якуб Колас. «Новая зямля»)

 

I

 

Вялікі шлях з усходу на захад праходзіць каля мястэчка Сумліч, але не праз іх. Нават і не паўз самае мястэчка, а крыху зводдалеку. Гэты шлях - старая Маскоўска-Варшаўская шаша. На яе з Сумліч зроблен выезд: вузкая, як размінуцца двум вазам, дарога, брукаваная буйным каменнем. Брук гэты пакладзен год за дзесяць да цяперашняй вялікай вайны. Гэтай брукаванай дарогі хопіць на добрыя пятнаццаць хвілін шпаркай язды на найлепшым кані. Тое месца, дзе яна падыходзіць да шашы, не дазваляе ёй адразу ўліцца ў шашу. Гэта шырокае месца сярод жыта, ярыны і сенажацей, як бы вялікі круглы пляц, плошча, у якую ўліваецца адусюль некалькі вялікіх і малых дарог. Сама вялікая шаша рэжа гэтае месца напалам. Некалькі палявых дарог, крывых і вузкіх, крыжуюцца тут. Тут крыжуецца з шашою вялікі грунтавы шлях з Палесся. На поўдзень ад шашы ён ідзе на Вызну, Морач, Страхінь і Орлік і ўваходзіць у самыя Агаркаўскія балоты. На поўнач жа ад шашы, пасля свайго перакрыжавання з ёю, шлях ідзе на Семежава, Лешню, Цімкавічы, Капыль, Старыцу, Перавоз, Самахвалавічы і такім парадкам кіруецца на Менск. Так што гэтая дарога злучае два беларускія абшары, сваей прыродай, характарам і выглядам далёкія адзін ад аднаго. Крыжуецца тут з шашою і яшчэ адна, не менш вялікая дарога. Яна ідзе недзе з мясцовасці паміж Бабруйскам і Гомелем. Недзе адтуль, дзе хвоя саступае месца ясеню і дубу і дзе менш цудоўнай мяккай нахмуранасці і задумёнасці ў пейзажы, як у тых укрытых хвояй краявідах, куды яна ідзе цераз шашу. Гэтая дарога, няроўная, выкручастая і больш ціхая, чым людная, канчаецца недзе паміж Нясвіжам і Клецкам, праходзіць праз Цапру і Балвань і такім парадкам злучае і дзве разлегласці нашай Бацькаўшчыны, у кожнай з якіх наша гісторыя запісана па-свойму і своеасабліва. Калі адбылася Вялікая Рэвалюцыя і калі скончылася польская акупацыя, туды, дзе канчаецца гэтая дарога на захадзе, пабеглі з сваіх маёнткаў зямельныя магнаты, а з фальваркаў драбнейшая шляхта. І дзедзічы і пасэсары там на захадзе зраўняліся і два дзесяткі год жылі аднымі думкамі аб устанаўленні пальшчызны на ўсходзе, дзе яе няма і ў прыродзе. Касцёл для фальваркоўца аставаўся вызначэннем не веравызнання, а нацыянальнасці, а беларускую мову ён ламаў аб польскую і думаў, што гэтым жаргонам ён далучыўся да культуры, якая ўкладвалася ў яго ў словы - пан, маёнтак, фальварак. Дзеці іх, што радзіліся ў эміграцыі або малымі выехалі туды, за два дзесяткі год выраслі і знайшлі сабе свой спосаб да жыцця. Замест таго каб крычаць на парабкаў у сваім маёнтку ці фальварку, яны сталі службоўцамі ў дзяржаве, чыноўнікамі і ахавальнікамі старое, як свет, ідэі заваёўнага руху на ўсход. Іх думкі не пакідалі іх аж да семнаццатага верасня трыццаць дзевятага года. Яшчэ з маленства яны не забыліся гэтых дарог тут і памяталі нават лясныя і палявыя сцежкі.

Тая круглая пляцоўка, дзе скрыжоўваюцца з шашою вялікія і малыя дарогі, была ўся вытаптана нагамі і выезджана калясьмі. Тут былі лапіны і дзірвану з чубамі блёкату і шчаўлюку і голая, убітая зямля. Упартая піжма купчасцілася побач дробнай лазы, і чабор цвіў разам з святыянскім зеллем над густым дываном спарышу і дзяцельніку. Трыпутнік разростаўся над каляінамі. Навокал жа, пакуль да палеткаў і лясоў, ішлі роўныя паплавы. Гэта былі самыя далёкія сумліцкія сенажаці. Да калектывізацыі яны былі падзелены сумлічанамі на вузенькія палоскі, і кожны касіў сабе, як хацеў. Крайняя ад шашы палоса сенажаці належала тады гаспадарцы Канстанціна Лукашэвіча, і стары Нявада, косячы тут у адзіноце або сушачы сена, знаходзіў тут сабе вялікую разрыўку ад тае псіхалагічнай траўмы, што пачала развівацца ў яго пасля першых пасляваенных год. Расказвалі пра яго, што ён ні тое што каб сказаць астарэў вельмі. Больш таго, у добрым жыцці дома ён выраўняўся і скінуў з сябе тую лушпавіну, што нарасла на ім за час бадзянняў па чужыне і па чужых людзях. Ён здаваўся кожнаму здаровым і зусім не падобным на самога сябе тады, калі толькі яшчэ сцягваў з плеч чужацкія транты. Некаторыя казалі, што ён аднак жа насіў у сабе нейкую хваравітасць, хоць нічым ніколі і не хварэў. Як бы там ні было, але можа і сапраўды ён насіў у сабе або хворасць, або можа толькі нейкія непатрэбныя думкі, якія тачылі яго. Быў час, што ён нават з твару асунуўся, і гэтая хударлявасць дала яму некалькі новых рысаў старасці. Часамі нават ён пачынаў ні то гаварыць, ні то штосьці разважаць сам з сабою. Усе гэтыя моманты, новыя, раней не ўласцівыя яму, асабліва пачалі заўважацца ўсімі з аднаго выпадку, які адбыўся не вельмі даўно, ужо ў часы, якія могуць належаць да нашых дзён.

На тых сумліцкіх сенажацях, што былі пры дарожным скрыжаванні, сена было заўсёды змешана з мноствам скошаных аднагодніх дрэўцаў. Яны скошваліся з травою разам штогод і штогод зноў насяваліся і пасля зноў скошваліся. Без канца і меры іх рассявала тут усюды старая таполя, памераў незвычайных. Дрэва расло на самым скрыжаванні дарог. Гэта быў волат на рост і таўшчыню. Сумлічане казалі, што на ўсю вялікую акругу тут не знойдзеш другога такога вялікага дрэва. Адно на ўсю разлегласць, яно ўзнімалася над дарожным скрыжаваннем і відно было здалёку, дзе б хто ні ехаў. Кара яго пабілася на гузы, з якіх ад карэння да вяршаліны раслі парасткі, і так гэты волат на ўвесь свой рост стаяў спрэс зялёны. Хоць дрэва і было падобна на магутную скалу, але дзіва брала: як гэта яно магло даваць гэтулькі насення. На сенажацях штогод густа вылазілі з зямлі скрозь маладыя дрэўцы і гінулі пад касою. На навакольным полі плугі выварочвалі іх сотнямі. На абочынах дарог іх тапталі пешаходы. Разам з травой іх усюды з'ядала жывёла. Іх ламалі дзеці дзеля забаўкі. А праз год іх зноў было густа, і зноў усё ішло намарна. Але крокаў за дзвесце ад самога дрэва быў куток, дзе не ездзілі з калясьмі, і куды не дабівалася жывёла, і дзе не хадзіла каса. Год за дзесяць да Айчыннай вайны, да гэтых дзён, калі завяршыліся і дайшлі да новых сваіх ператварэнняў справы, крыўды, прыкрасці і радасці тых людзей, пра якіх я тут расказваў, з Сумліч да шашы забрукавалі выезд і ў адным месцы клалі мост цераз лог, даволі-такі вялікі. Падымалі насыпам дарогу і зямлю на гэта бралі з таго месца, што крокаў за дзвесце ад вялікага дрэва. Там стварылася вялікая яма і два дугаватыя равы - як дзе капалі. З самай вясны тут стаяла вада, і ўвосень таксама. Берагі да вады былі крутыя, к таму ж асталося тут скрозь бітае каменне, кучамі і рассыпанае, і ў гэтым месцы патомства вялікага дрэва за дзесяць год густа ўзялося. Мацнейшае дрэва глушыла слабейшае і само ішло ўгару, а пад ім слабейшае гнулася ў каржак, пускала рост у бакі і глушыла суседа, які таксама выбіраўся голлем у разлегласць. Такім парадкам за дзесяць год тут стварыўся куток з густым зараснікам. Зараснік аблямоўваў яму і спускаўся на самае дно яе і хаваў пад сабою два равы. Над гэтай непраходнай расліннасцю ўзнімалася колькі даволі ўжо высокіх таполяў, ужо сапраўдных вялікіх дрэў, а наводдалек, як асілак і аглядальнік на цэлую навакольнасць, узвышалася вялікае дрэва, усёй вышынёй зялёнае і ўпартае ў бесперапынным змаганні з навакольным светам за сваё патомства. Толькі адна-адзінюсенькая галіна на ім пад сярэдзіну яго вышыні, была сухая і вытыркала з густой зеляніны. Гэта было вельмі высока. Чалавек павінен быў крута закідаць галаву і трымаць шапку, каб глянуць на гэтую сухую галіну. На ёй нагледзелі сабе месца адпачываць удзень ад клапатлівай стомы палявыя каршачкі і заблудлыя здалёку птушкі. Гэты куток на скрыжаванні дарог быў як бы месцам ратунку ад цяжару доўгага падарожжа на вялікіх дарогах і ад цяжкіх думак аб невядомасці канца дарогі. Больш як за дзесяць кіламетраў ад гэтага месца падарожныя ўгадвалі, ці скора ўзыдзе сонца. Яшчэ змрок ночы вісеў над зямлёю, а вяршаліна дрэва ўжо была ў сонцы. На ёй ужо ляжала сонечнае праменне, хоць сонца было яшчэ дзесьці глыбока і далёка.

Косячы тут раз на гэтых сенажацях, Нявада падлічыў, колькі ён адным махам касы зрэзвае маладых дрэўцаў. Выйшла нешта больш дзесятка. Ён тады перасадзіў з сенажаці некалькі самых большых дрэўцаў бліжэй к вялікаму дрэву. Калі ён назаўтра паглядзеў на іх, убачыў, што нечыя ногі паспелі ўжо стаптаць іх. Ён зноў перасадзіў некалькі дрэўцаў, але ўжо ў іншае месца. Праз два дні ён выразна ўбачыў: і гэтыя былі стаптаны нечымі ботамі з шырокімі абцасамі. З таго часу ён наглядаў і бачыў: кожнае перасаджанае дрэўца тапталася. Сляды паказвалі, што дрэўцы тапталіся і ботамі, і лапцямі, і босымі нагамі, і жаночымі абцасікамі. Гэтыя таптуны хадзілі тут кожны дзень. Кудысьці яны ішлі ўсё гэтымі дарогамі. За працаю ў полі і на сенажаці Нявада пачаў кідаць вачыма на дарогі і глядзець на гэтых людзей. Гэта ўсё быў той невядомы і шматлікі, хто таптаў яго дрэўцы. Абочынай шашы ён ішоў і ў лапцях, і ў ботах. Адзін з торбай за плячыма, другі з чамаданчыкам у руках і ў капелюшы. Часамі таптун з'яўляўся ў вобразе падарожнай жанчыны, часам у выглядзе маладога франта, часам гэта быў прысутулены абарванец. Вельмі часта ён садзіўся ці лажыўся пад вялікім дрэвам на скрыжаванні і спачываў там. Нявада нават забыўся на доўгі час перасаджваць дрэвы. Ён пакідаў у памяці на доўгі час кожнага падарожнага. Ён бачыў, як шафёры спынялі машыны і ішлі пад дрэва піць і закусваць, фурманшчыкі папасвалі сенам і аўсом тут коні. Можа і многа ўжо часу прайшло, як Нявада сачыў за падарожнымі. Можа ўжо не сотні, а тысячы перавярнулася іх перад яго вачыма. Раз, у дзень сухой хмурнасці і ветру, Нявада ўбачыў, як на скрыжаванні спынілася грузавая машына. Малады шафёр з зайздроснай усмешкай высадзіў галаву з кабіны і сачыў, як з самога грузавіка злезла зусім маладая дзяўчына. Яна скланілася яму, быццам дзякавала ці развітвалася, а ён нехаця схаваўся ў кабіну і паехаў далей проста шашою на ўсход, а ехаў ён з захаду. Дзяўчына асталася адна. Яна была такая з постаці, што здавалася маладзейшая за свае гады. Як толькі машына знікла, яна вельмі шпарка пайшла назад шашою, пасля рушыла ў палескую дарогу, пасля вярнулася і беспарадна азірнулася. Позірк яе даўжэй за ўсё затрымаўся на вялікім дрэве, яна як бы дзівілася, што бачыць перад сабою такога волата. Неспакойныя вочы яе ўбачылі Няваду. Ён глядзеў на яе і думаў: няўжо яна, такая дасціпная, лёгкая, спрытная, зараз стопча дрэўца, якое ён у гэты ж самы дзень, зранку, перасадзіў. Не больш як паўгадзіны таму ён глядзеў: дрэўца расло як мае быць. Дзяўчына была ў цёмным гарнітуры і густавалосая. Нейкая малая яна здалася Няваду, хоць адзежа яе была дарослай жанчыны. Быццам адумаўшыся, яна раптам зменшыла сваю рухавасць і моцна, каб чутно было здалёк, сказала да Нявады:

- Да бліжэйшай станцыі на чыгунцы? Як ісці? Далёка?

- Унь туды. На Цімкавічы... Не. Недалёка.

Яна падзякавала яму і яшчэ акінула вачыма скрыжаванне дарог. Густы зараснік над ямай і равамі ўзяў на сябе яе ўвагу. Яна падышла туды. Нявада з непакоем глядзеў, ці зараз стопча яна яго дрэўца. Яна не дайшла да яго, а адразу села на траву пад першым веццем. Яна сядзела на ўдзірванелым капцы, над якім і навокал якога дробна траслося на ветры таполевае лісце, абаперлася локцем на траву і адразу задрамала. «Ага, яна стамілася за вялікую дарогу», - думаў Нявада і пачаў шукаць вачыма свайго таго дрэўца. Яно не было блізка ад соннай дзяўчыны. Паўгадзіны таму яно было на сваім месцы і ў добрым сваім стане. Але ці гэта яму здалося, ці сапраўды? Унь ён бачыць яго, утаптанае ў зямлю. Яно ляжыць бокам і тырчыць угару адной галінкай. Незразумелая трывога разанула яго. Калі ж ён паспеў быць тут, той невядомы падарожны? Нявада падышоў да дрэўца. Яно ўсё было ўвагнана ў зямлю ботам з здаравенным абцасам. След ад абцаса быў глыбокі і шырокі. Незразумелая трывога павялічылася і ўжо межавалася са страхам перад тым невядомым. Калі ён паспеў прайсці тут і куды знікнуць?

Дзяўчына сапраўды-такі спала, прыпаўшы галавой на руку. І яго душа страсянулася. Як быццам ён сумысля шукаў болю на сваю рану, якую не мог да канца залячыць час. К таму ж - трывога і неспакой, што тут хадзіў нейкі невядомы. Ужо адразу яго ўяўленне і думкі нарысавалі карціну: такая яна маладая і нейкая адзінокая на гэтых вялікіх дарогах. Куды яна спяшае, да чаго так нястрымна імкнецца? І тут ужо адразу з гэтай карціны паўстала другая, як злая наканаванасць, як смутак яго душы. Ён жа не бачыў і не ведаў калісьці, як Волечка, так як цяпер гэтая невядомая, можа, так жа адна спяшалася дарогамі і ў стоме падала на прыдарожную траву. Волечка, не цяперашняя жанчына, а тая дзяўчынка паўставала перад ім. Яна, тая Волечка, жыла ў яго душы, як вечны застылы вобраз, ці то ў мінуўшчыне, ці то ў сучаснасці, ці то ў будучыні. «Што было, тое прайшло», - мог бы прыдумаць ён сабе ўцеху. Але ж не. Дзе ўжо там да Волечкі! Ужо не Волечка, а другая, вельмі цяпер на тую Волечку падобная, стаяла перад ім. Яна, як кропля вады на кроплю, удалася ў сваю маці і, як жывое ўвасабленне той Волечкі, была перад вачыма. Заўсёды ён думаў: гэтай не трэба будзе шукаць сабе шчасця для будучыні. Яна будзе жыць так, як будзе жыцца, а жыцца будзе добра. Ён гэта бачыў па сваёй Волечцы і па маленстве гэтай. І яго мучыла крыўда за Волечку, якая ўведала гора, а гэтая радзілася адразу на шчасце. «Тая варта большага замілавання, чым гэтая, што будзе думаць аб жыцці, як аб вясёлым свяце». З цяжарам на душы, з трывожным адчуваннем, што нешта жудаснае неўзабаве адбудзецца, ён аж прыгнуўся над увагнаным у зямлю дрэўцам, дзе вельмі выразна вызначаўся вельмі глыбокі след ад абцаса. Ён не мог больш быць у адзіноце і нарыхтаваўся ісці ў Сумлічы. Калі ён зрабіў першы крок, пачуў, што сонная дзяўчына глыбока кашлянула. Ён бачыў: яна прачнулася і прыўзнялася з локця. «Кашляе, захаладзілася на вільготнай зямлі, дзе ж, у нейкім клопаце, на дарозе, можа, за светам ад свайго месца». Ён быў схілен бачыць усюды самае горшае. «Мусіць у мяне выгляд дзіўны, што яна на мяне так глядзіць». У высокіх ботах, у выцертым плашчы і чорнай кепцы з гузікам наверсе, ён рашуча зрабіў колькі крокаў да дзяўчыны, быццам бы маючы да яе самую найпільнейшую справу. Пячаць асцярогі лягла на дзяўчынін твар. «Яна мусіць хацела адпачыць адна - і далей у сваю дарогу». Але было позна ўжо моўчкі прайсці паўз яе.

- А вы далёка куды едзеце?

- А я і сама не ведаю, ці гэта далёка адсюль, ці блізка.

- Дзе гэта?

- Туды, за Бабруйскам, у бок Гомеля. («Не, яна вельмі ахвотна і ветліва гаворыць».) Ужо з учарашняй раніцы ў дарозе.

- Вы дадому едзеце ці з дому?

Ён бачыў: яна як бы сумелася. Перш за ўсё яна сапраўды ўпала ў задуму. Яна думала над тым, што зараз скажа. Гэта было не зусім звычайна. Пасярод дарогі, упершыню, на адну можа хвіліну, яна ўбачыла незнаёмага ёй Няваду. Тут бы абы-што адказаць, таксама як і ён абы-што пытае. А яна думае. «Чыстая, справядлівая душа, яна цэніць сваё слова». Нявада аж ступіў яшчэ крок бліжэй.

- Я-то еду дадому, але таксама і з дому... Я еду з дому да бацькі.

- А дзе ж ваш бацька жыве?

- Дома.

- А вы едзеце да яго з дому?

- З дому.

- Гм... значыцца...

Слова за словам, маўчанне пасля слова і перад ім, яна расказала яму гісторыю, і хто яго ведае, больш тут было суму ці радасці? Калісьці даўно, калі яе яшчэ на свеце не было, бацька яе паставіў сабе новую хату на панскай зямлі і з панскага лесу. Скончылася там права рэвалюцыі, і ён сюды пайшоў і жыў па гэты бок граніцы, а хатаю заўладаў пан. Калі скончылася і гэтая граніца, пан раптам убачыў, што, каб мець шчасце, даволі мець адзін дом, а тым больш панскія пакоі, і не канешне ўладаць у дадатак яшчэ сотняю хат, пастаўленых калісьці простымі людзьмі.

- Гэта пан сам да гэтага дадумаўся ці гэтак навучылі яго, як цаніць чалавечае шчасце? - панура запытаў Нявада. «Як яна гаворыць, як бы з жорсткай насмешкай».

- Гэтай праўдзе пана навучылі.

Адным словам, бацька яе мае цяпер і тую хату, што ставіў у маладосці, і тую, у якой тут жыў. А яна ж з першага года свайго жыцця два дзесяткі год пражыла без бацькі.

- Значыцца, і ў твайго бацькі ўкралі тваё маленства?

- А чыйго бацьку яшчэ так абакралі?

- Бацьку мае дачкі.

- Значыцца - вас?

Яна ўстала і з сумнай усмешкай глядзела на яго.

- З тае хаты едзеш у гэтую?

- У гэтую.

- Бацьку бачыла ўжо?

- Ужо мы пазнаёміліся.

- То чаго вам на чыгунку? Па шашы ў той бок машын многа. Махнуць рукой, і шафёр падвязе аж да месца.

- Я ўчора, пакуль машыну злавіла, выстаяла на шашы цэлае ранне.

- То чаго ж вы ўсталі? Чаму не спачываеце? Дарога вам яшчэ вялікая.

Яна паслушна зноў села на ранейшае месца, і вочы яе сталі такімі даверлівым.

- Я вырасла без бацькі. А бацька пастарэў без мяне. Нам шкада таго, што мы адзін без аднаго былі. Гэта бацька мне маю душу на гэта настроіў, і добра ён зрабіў. Цяпер я ведаю, што не можна так жыць, абы жыць. Трэба шукаць таго, каго трэба з замілаванасцю ведаць і каго трэба ненавідзець.

- Ненавідзець? Вы такая маладая і гаворыце аб нянавісці?

- Аб чым жа мне гаварыць, калі жыццё майму бацьку скалечылі, і маё маленства...

Яна недагаварыла і як бы засаромелася свае ўспышкі перад незнаёмым чалавекам тут, на дарозе.

Гэта было ўвасабленне наіўнасці, непасрэднасці, парыў маладой натуры, калі ўсё, што ляжыць на душы, просіцца ў свет. У маладосці душа і думкі не абцяжараны развагаю аб мэтазгоднасці. Стоячы цяпер перад маўклівым Нявадам, гэтая маладая дзяўчына не ведала, што яна ўзварушыла ў душы гэтага старога перад ёю незнаёмца.

«Яна хоча ведаць, каго ёй ненавідзець за ўкрадзенае маленства? А каго я павінен ненавідзець за гэта ж самае?» І зноў вобраз малой Волечкі вырысаваўся перад ім. І вобраз гэты раздвоіўся. Побач з Волечкай стаяла тая, цяперашняя, так падобная на сваю маці.

- А чаму ж вы жылі цяпер не з бацькам?

- Я вучылася і на лета еду.

- А як жа вы завецеся?

- Лізавета.

- Што ж гэта так усё сыходзіцца! У мае дачкі таксама дачка Ліза. Год ёй ужо будзе ці не чатырнаццаць.

- Ой! - крыкнула раптам Лізавета і шатнулася, як сядзела, назад. Нявада са здзіўленнем сачыў за ею, а яна паказала пальцам уніз перад сабою, і Нявада глянуў туды. Там быў адзін з тых двух равоў. Увесь ён быў скрыты ў густым таполевым зарасніку. На дне яго расла густая і высокая трава і цвілі кветкі. Яны, блакітныя і жоўтыя, в




©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.