Здавалка
Главная | Обратная связь

Структура працы (рубрыкацыя)

Этапы выканання курсавой працы

 

Спачатку студэнту неабходна выбраць тэму даследавання з прапанаванага спісу тэм (удакладненне і змена тэмы курсавой работы адбываецца толькі са згоды навуковага кіраўніка і загадчыка кафедры). Калі тэма, якая цікавіць студэнта, не адлюстравана ў спісе, неабходна звярнуцца з гэтым пытаннем да выкладчыка кафедры, які дапаможа сфармуляваць яе так, каб яна адпавядала праблематыцы кафедры.

Тэма курсавой працы не павінна быць вельмі шырокай і павінна адлюстроўваць прадмет даследавання (што аналізуецца) і аб’ект даследавання (дзе аналізуецца).

Пасля таго, як студэнт вызначыцца з тэмай, яму неабходна скласці бібліяграфічны спіс, размеркаваць яго па ступені прыярытэтнасці, асабліва вылучаючы тую літаратуру, якая ў далейшым будзе выкарыстана непасрэдна для напісання курсавой працы. Гэтыя навуковыя працы павінны быць прааналізаваны студэнтам. У бібліяграфічны спіс студэнт павінен уключыць:

а) навуковыя працы, якія непасрэдна тычацца тэмы даследавання;

б) літаратуру, звязаную з функцыянаваннем сродкаў масавай камунікацыі. У спіс можна ўвесці навуковую літаратуру міждысцыплінарнага характару (па журналістыцы, псіхалогіі, сацыялогіі, культуралогіі і інш.), неабходную для раскрыцця тэмы даследавання.

Пасля вывучэння навуковай літаратуры студэнт можа прыступаць да эмпірычных даследаванняў, гэта значыць непасрэдна да вывучэння тэкстаў абранага сродку масавай камунікацыі. Работа над курсавой працай прадугледжвае стварэнне не толькі бібліяграфічнай картатэкі, але і картатэкі прыкладаў. Прыклад павінен уяўляць сабой асобнае слова ці словазлучэнне, а таксама кантэкст ужывання – адзін ці некалькі сказаў, якія дазволяць раскрыць асаблівасці разглядаемага эмпірычнага матэрыялу. Прыклады, упарадкаваныя і дакладна пранумараваныя, могуць скласці дадатак (дадаткі) курсавой працы. Калі іх некалькі, то неабходна пранумараваць і ўключыць у змест курсавой працы.

 

Структура працы (рубрыкацыя)

 

Неабходным этапам даследавання з’яўляецца складанне разгорнутага плана, які раскрывае змест працы, яе сутнасць і структурнае адзінства. Дэталёвы, прадуманы план адлюстроўвае сістэму і паслядоўнасць у выкладзе матэрыялу, канкрэтызуе напрамкі даследавання, аб’ядноўвае сузалежныя часткі, якія дапаўняюць, узаемаабумоўліваюць ход і логіку разважанняў.

Першапачатковы план курсавой працы акрэсліваецца падчас знаёмства з літаратурай па тэме і класіфікацыі фактычнага матэрыялу. Канчатковы варыянт плана ўдакладняецца/выяўляецца падчас напісання чарнавога варыянта. Неабходна памятаць, што фармулёўка назвы глаў, раздзелаў, параграфаў з’яўляецца сэнсавым ядром даследаванай з’явы. Назва дэманструе як аўтаномнасць, лагічную завершанасць кожнай часткі, так і яе суаднесенасць са зместам усяго даследавання.

Структурызацыю, рубрыкацыю прынята адлюстроўваць не толькі ў плане, але і ў змесце працы.

Курсавая праца традыцыйна складаецца з уступу, дзвюх (ці больш) глаў, заключэння, спісу выкарыстанай літаратуры, спісу выкарыстаных крыніц і бібліяграфічнага спісу. Работа можа змяшчаць дадаткі.

Работа пачынаецца з напісання УСТУПУ, у якім аўтар:

· аргументуе выбар тэмы даследавання, адзначаючы актуальнасць і практычную значнасць працы;

· аргументуе выбар крыніцы (СМІ, твор мастацкай літаратуры і інш.) і дае яе характарыстыку;

· фармулюе мэты і задачы даследавання.

Акрамя таго, уступ можа ўключаць агляд навуковай літаратуры па абранай тэме даследавання.

Асноўны змест курсавой працы складае аналіз і ацэнка сабранага і прыведзенага ў сістэму фактычнага матэрыялу, выяўленне характэрнага і спецыфічнага ў ім. Назіранні, разважанні аўтара прыводзяць да абагульненняў, вывадаў. Абгрунтаванымі, доказнымі з’яўляюцца тыя высновы, якія вынікаюць з непасрэднага аналізу фактаў, пацвярджаюцца тыповымі, характэрнымі прыкладамі.

АСНОЎНАЯ ЧАСТКА ПРАЦЫ звычайна складаецца з дзвюх глаў. Магчымы два варыянты пабудовы асноўнай часткі. Пры першым варыянце асноўная частка работы дзеліцца на тэарэтычную і практычную главы, дзе тэарэтычная глава ўяўляе сабой рэфератыўны агляд прачытанай навуковай літаратуры па абранай тэме, а практычная – адпаведны аналіз эмперычнага матэрыялу, заснаваны на тэарэтычных палажэннях, апісаных у першай главе.

Другі варыянт прадугледжвае такую кампазіцыю працы, пры якой няма дакладнага дзялення на тэарэтычную і практычную главы. У межах кожнай з глаў спачатку апісваюцца тэарэтычныя палажэнні, а затым яны выкарыстоўваюцца пры аналізе прыкладаў з канкрэтных сродкаў масавай камунікацыі ці твораў мастацкай літаратуры. Менавіта ў гэтым выпадку трэба будзе правесці рубрыкацыю працы.

Курсавая праца павінна мець кальцавую кампазіцыю, гэта значыць у ЗАКЛЮЧЭННІ неабходна з улікам мэт і задач, сфармуляваных ва УСТУПЕ, зрабіць вывады па кожнай з глаў, абагульніць вынікі даследавання і, калі дазваляе матэрыял, даць практычныя рэкамендацыі, якія маглі б быць выкарыстаны ў журналісцкай дзейнасці.

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ ўключае толькі тыя навуковыя і даведачныя выданні (манаграфіі, вучэбныя дапаможнікі, навуковыя артыкулы, слоўнікі і інш.), на якія былі зроблены спасылкі ў курсавой працы.

У БІБЛІЯГРАФІЮ ўключаюцца спіс выкарыстанай літаратуры, а таксама тыя навуковыя і даведачныя выданні, якія былі прачытаны аўтарам пры падрыхтоўцы курсвой працы, але не цытаваліся ў самім даследаванні.

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ павінен уяўляць сабой пералік тых тэкстаў масавай камунікацыі ці твораў мастацкай літаратуры, якія былі прааналізаваны ў курсавой працы. (Узор афармлення спісаў гл. п.4).

 

Выкарыстанне інтэрнэт-рэсурсаў

 

У наш час пры напісанні курсавой працы студэнты звычайна звяртаюцца да рэсурсаў сеткі інтэрнэт. Як паказвае практыка, не заўсёды магчымасці сеткі выкарыстоўваюцца згодна з прызначэннем і ў поўным аб’ёме. Часам студэнты ўключаюць у сваё даследаванне (цалкам ці фрагментарна) размешчаныя ў інтэрнэце тэксты без змен, каментару ці спасылак, што расцэньваецца як плагіят. Гэта не азначае, што не варта звяртацца да рэсурсаў сеткі інтэрнэт для атрымання звестак, якія дапамогуць у даследаванні. Неабходна толькі разумець, што і якім чынам можна выкарыстоўваць пры напісанні курсавой працы.

Электронныя адрасы бібліятэк можна знайсці дзякуючы пошукавым сістэмам, напрыклад www.tut.by; www.rambler.ru; www.yandex.ru; www.catalog.alledu.ru і іншым. Пры пошуку навуковай літаратуры можна карыстацца пошукавымі сістэмамі (Rambler, Yandex, Aport і інш.), дзе знаходжанне інфармацыі ажыццяўляецца па ключавых словах.

Неабходна ведаць, што атрыманая інфармацыя нераўназначная, таму пры адборы патрэбна звяртаць увагу на аўтара публікацыі, сайт, на якім размешчана інфармацыя, час публікацыі. Заслугоўваюць увагі і такія парталы, як www.philology.ru (рускі філалагічны партал), www.omsu.omskreg.ru («Вестник Омского университета»), www.jour.vsu.ru («Акценты. Новое в массовой коммуникации») – выданне факультэта журналістыкі Варонежскага дзяржаўнага універсітэта, http://cios.org/www/comweb.htm (тэксты па камунікацыі ў журналістыцы).

Матэрыялы, атрыманыя з сайтаў, выкарыстоўваюцца і афармляюцца ў курсавой працы ў адпаведнасці з правіламі цытавання тэкстаў на папяровых носьбітах.

 

 





©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.