Здавалка
Главная | Обратная связь

Агульныя звесткі пра мову



Прадмова

Дапаможнік «Беларуская мова. Прафесійная лексіка» створаны на аснове тыпавой вучэбнай праграмы для вышэйшых навучальных устаноў «Беларуская мова (прафесійная лексіка)» (Мінск, 2008).

Дапаможнік разлічаны на студэнтаў дзённай і завочнай форм навучання. У ім няма практычных заданняў, бо гэтыя заданні адрозніваюцца для студэнтаў розных формаў навучання і ўтвараюць асобныя зборнікі.

У дапамажніку падаюцца звесткі пра паходжанне і гісторыю развіцця беларускай мовы, разглядаюцца пытанні двухмоўя і моўнай інтэрферэнцыі, беларускай тэрміналагічнай лексікі, функцыянальнай стылістыкі беларускай мовы, у кожным раздзеле адначасова звяртаецца ўвага і на культуру прафесійнага маўлення.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» ад 23.07.2008 г. у дапаможніку пададзены і некаторыя правілы арфаграфіі беларускай мовы, якія змяніліся і якія з’яўляюцца найбольш важнымі для напісання дзелавых папер. Такім чынам, дапаможнік садзейнічае рэалізацыі артыкула 2 вышэйазначанага закона.

 


Тэма І Гістарычныя этапы фарміравання
і развіцця беларускай мовы

 

Агульныя звесткі пра мову

У свеце налічваецца каля трох тысяч моў, якія паводле агульнасці паходжання падзяляюцца на вялікія групы – сем’і. Сем’яў больш за два дзясяткі. Найбольшай колькасцю носьбітаў мовы вызначаюцца індаеўрапейская, кітайская, сяміта-хаміцкая, цюркская сем’і і г.д. У сваю чаргу сем’і падзяляюцца на групы. Напрыклад, у індаеўрапейскую сям’ю ўваходзяць некалькі груп моў: індыйская, іранская, італійская, кельцкая, германская, раманская, славянская, балцкая і інш.

Славянскія мовы ўтвараюць асобную групу — славянскую. На іх гавораць больш за 300 мільёнаў чалавек. Вылучаюць паўднёваславянскія мовы (балгарская, стараславянская (мёртвая мова), македонская, сербахарвацкая, славенская), заходнеславянскія мовы (чэшская, славацкая, польская, лужыцкая) і ўсходнеславянскія (руская, украінская і беларуская).

Навукоўцы не прыйшлі да адной думкі наконт прарадзімы славян. Паводле гісторыкаў старажытнай Русі, гэта басейн ракі Дунай. А. А. Шах-матаў лічыў, што ў славян было дзве прарадзімы: раён, дзе склалася праславянская мова, і раён, які славяне займалі напярэдадні рассялення па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

Праславянская мова – гэта агульная крыніца для ўсіх сучасных славянскіх моў. Пісьмовых крыніц не захавалася да нашага часу, тым не менш мы ведаем, як развіваўся гукавы лад, ведаем марфалогію мовы і асноўны фонд слоўнікавага складу. Гэтыя веды грунтуюцца на выніках параўнальна-гістарычнага вывучэння славянскіх моў. Пазней, калі славяне рассяліліся на больш шырокія тэрыторыі, праславянская мова трансфар-мавалася ў новыя моўныя з’явы. Такім чынам узніклі самастойныя гаворкі ва ўсходніх, заходніх і паўднёвых славян. Усходнія славяне рассяліліся па вельмі вялікіх тэрыторыях, якія раней займалі іншыя, неславянскія, плямёны. Так, на тэрыторыі сучаснай Беларусі раней жылі балты, бо ўся тэрыторыя нашай рэспублікі, апрача часткі Брэсцкай вобласці паміж Ясельдай і Прыпяццю, характарызуецца гідронімамі (назвамі вадаёмаў) балцкага паходжання. Гэта значыць, што да прыходу славян на беларускія землі тут жылі балцкія плямёны. Славяне былі больш шматлікімі, таму яны асімілявалі балтаў, што было няцяжка зрабіць дзякуючы блізкасці балцкіх і славянскіх моў. Некаторыя даследчыкі нават лічаць, што праславянская мова выдзелілася ў далёкія часы з заходнебалтыйскай галіны старажытнай балтыйскай мовы: настолькі шмат супадзенняў у фанетыцы, словазмяненні, словаўтварэнні і лексіцы балтыйскіх і славянскіх моў. Такім чынам, можна адзначыць, што беларускі этнас утварыўся на базе трох усходнеславянскіх плямёнаў: крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў – у выніку асімілявання імі мясцовага балцкага насельніцтва.

Пісьмовы перыяд развіцця ўсходнеславянскіх моў пачынаецца з прыняццем хрысціянства і прыходам да нас кірылічнага пісьма. Назва азбукі паходзіць ад імя Кірылы – вядомага асветніка і прапаведніка хрысціянства ў славян. У ІХ ст. браты Кірыл і Мяфодзій стварылі першую славянскую літаратурную мову – стараславянскую. У яе аснове ляжаў дыялект салунскіх славян. На яе былі зроблены пераклады царкоўных кніг з грэцкай мовы. Па сённяшні дзень праваслаўная царква карыстаецца гэтай мовай, якую цяпер называюць царкоўнаславянскай. У Старажытную Русь стараслявянская мова прыходзіць разам з Бібліяй. Спачатку яна адзіная з’яўляецца пісьмовай мовай на ўсходнеславянскіх землях. Але паступова народна-гутарковая мова таксама набывае пісьмовую форму.

У гісторыі развіцця пісьмовай беларускай мовы вылучаюць некалькі этапаў.

 

 

2 Старажытнаўсходнеславянскі перыяд (Х–ХІV стст.)

 

У перыяд Х–ХІV стст. мова, на якой размаўлялі нашыя продкі, не мела адметных адзнак адносна гаворак іншых тэрыторый усходнеславянскіх плямёнаў. Цяпер яе называюць старажытнарускай. Толькі тэрмін «руская» азначаў, што адносілася яна да ўсіх тэрыторый Русі, бо Русь – паняцце не тоеснае з паняццем Расія. Гэта былі землі, якія пазней падзяліліся на Вялікую, Малую і Белую Русь, а значыць, абшары сучаснай еўрапейскай часткі Расіі і землі Украіны і Беларусі – толькі часткі вялікай тэрыторыі пад назвай Русь. Таму старажытнаруская мова – гэта агульная крыніца для сучасных рускай, украінскай і беларускай моў. На ёй размаўлялі ўсе ўсходнеславянскія плямёны.

У Х–ХІV стст. на старажытнарускай мове створана шмат рукапісных помнікаў (рэлігійных, дзелавых, мастацкіх і інш.), частка якіх захавалася да нашага часу пераважна ў выглядзе пазнейшых перапісаных копій. Многія з захаваных старажытнарускіх твораў напісаны на беларускай зямлі нашымі славутымі продкамі К. Тураўскім, К. Смаляцічам, Л. Богшам і інш. Асабліва вылучаюцца словы, казанні і павучанні выдатнага прамоўцы і публіцыста ХІІ ст. Кірылы Тураўскага. Яго словы і пропаведзі вызначаліся бліскучай знешняй формай. Кірыла ўмела выкарыстоўваў вытанчаныя прыёмы візантыйскіх прапаведнікаў, яго творы насычаны алегорыямі, супрацьпастаўленнямі, параўнаннямі і іншымі сродкамі аратарскай мовы.

Вельмі шмат помнікаў таго часу былі ананімнымі, бо гэта было характэрна для сярэдневяковай літаратуры. Усім вядомыя «Слова пра паход Ігаравы», «Аповесць мінулых часоў», «Руская праўда» з’яўляюцца агульнай пісьмовай крыніцай, сумесным культурным здабыткам для беларусаў, рускіх і ўкраінцаў.

Значная колькасць пісьмовых помнікаў прыпадае на ХІІ–ХІІІ стст., сярод якіх пераважаюць тэксты рэлігійнага зместу і тэксты дзелавой літаратуры (граматы, судзебнікі, дагаворы і інш.). Ужо ў ХІІІ ст. у некаторых дакументах дзелавога характару адзначаюцца ўласнабеларускія моўныя рысы, якіх няма ва ўкраінскай і рускай мовах. Напрыклад, у дагаварной грамаце смаленскага князя Мсціслава Давідавіча з Рыгай і Готландам сустракаюцца словы колы, погинути, частина і інш., у складовае на месцы в у закрытым складзе уздумалъ, у верхъ, у низъ і інш. У гэты час вызначаюцца найважнейшыя фанетычныя рысы беларускай мовы: прыдыхальны [г] замест выбухнога [ґ], зычны [ў] з былога [в] (кривда – крыўда), спецыфічныя чаргаванні ў словах глотка – глытаць, кроў – крывавы, блеск (бляск) – бліскавіца. Пазней, з ХІІ–ХІV стст., пачынаецца ўтварэнне мяккіх дз’, ц’ (дзіця, людзі), зацвярдзенне р (Дрыса), узнікненне падоўжаных зычных (зелле, каменне, жыццё). Гэтыя пісьмовыя адметнасці значна пашырыліся ў пісьмовых помніках XIV–XV стст., што дае падставу пачынаць адлік узнікнення старабеларускай мовы з XIV ст.

 







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.