Здавалка
Главная | Обратная связь

Старабеларуская літаратурная мова (XIV–XVIII стст.)



Назва «старабеларуская літаратурная мова» ўзнікла параўнальна нядаўна. На працягу ХІХ ст. і нават яшчэ ў першай палове ХХ ст. даследчыкі, асабліва рускія, называлі яе заходнерускай мовай, што затушоўвала яе нацыянальную прыналежнасць. У помніках яна па традыцыі называецца «рускай», «простай», «простай малвой», «простым рускім дыялектам» у адрозненне ад царкоўнаславянскай мовы – «языка словенского» або «славянорусского», «славянороссийского». Зрэдку яе называлі «літоўскай мовай». Называць мову «беларускай» сталі значна пазней, спачатку ў замежных крыніцах. Так, у сярэдзіне XVII ст. у рускай дзяржаве пачала ўжывацца назва «белорусский языкъ» ў адносінах да нашай мовы.

Перыяд фарміравання і развіцця старабеларускай літаратурнай мовы ахоплівае вялікі адрэзак часу, амаль паўтысячагоддзе. За такі доўгі перыяд адбываліся змены і ва ўмовах яе функцыянавання, і ў сферах выкарыстання, і ва ўзаемаадносінах з іншымі мовамі.

Ад ХІV ст. разам са смаленска-полацкімі граматамі дайшлі да нас дакументы, напісаныя ў Маладзечне, Слуцку, Мсціславе, а таксама ў Вільні і Троках, дзе выдаваў розныя акты князь Вітаўт. Актавае і юрыдычнае пісьменства наступных стагоддзяў вызначаецца значна шырэйшай геаграфіяй, намнога большым аб’ёмам, разнастайнасцю зместу і вельмі яскравай нацыянальнай моўнай адметнасцю.

У параўнанні з сучаснай старабеларуская літаратурная мова адметная не толькі з боку архаічнасці сваёй структуры. Хоць яна і функцыянавала ў розных сферах грамадскага жыцця, аж да дзяржаўных уключна, сацыяльная база яе была вузкай: ёю карысталася параўнальна невялікая частка грамадства, паколькі народныя масы былі пераважна непісьменныя. Яна не абапіралася на жывую моватворчасць народа, як у наш час.

Але народная мова таксама развівалася і мела свае асаблівасці, якія шмат у чым адрозніваліся ад афіцыйнага літаратурнага варыянта. І гэтыя адметныя рысы дайшлі да нас у кітабах – помніках, напісаных татарамі арабскім пісьмом па-беларуску. Татары пасяліліся на нашых зямлях яшчэ з часоў князя Вітаўта, якому яны верна служылі, ахоўваючы межы ВКЛ. 30 тыс. татарскіх вершнікаў нават удзельнічалі ў Грунвальдскай бітве на баку аб’яднаных сіл. За верную службу вялікі князь дазволіў ім тут застацца. Паколькі татары былі мусульманамі, яны карысталіся арабскім пісьмом. Сваю мову яны даволі хутка страцілі, але пісьменнасць захавалі. Вось тады яны і пачалі пісаць на мове, якой карыстаўся наш народ. Трэба адзначыць, што магчымасці перадачы гукаў у арабскай графіцы даволі вялікія, напрыклад, у іх рознымі знакамі перадаваліся гукі [с], [с’], [з], [з’], [т], [т’], [ц], [ц’], [д], [д’], [дз], [дз’], і гэтая акалічнасць дазволіла перадаваць гучанне мовы ў некаторых момантах больш дакладна, чым гэта рабіла кірылічнае пісьмо. Дзякуючы гэтаму кітабы адлюстравалі такую тыповую для беларускай мовы з’яву, як дзеканне і цеканне. Такім чынам, мы можам сказаць, што за XIV–XV стст. сфарміраваліся асноўныя фанетычныя адметнасці беларускай мовы.

XVI–XVII стст. сталі часам росквіту старабеларускага пісьменства.

6 жніўня 1517 года Францыск Скарына выдаў першую друкаваную кнігу «Псалтырь» на старабеларускай мове (з элементамі царкоўнаславянскай) у Празе. Пазней ён надрукаваў астатнія кнігі Бібліі (усяго 23) на 2440 старонках, даўшы тым самым пачатак кнігадрукаванню ва ўсходніх славян. Менавіта з пачаткам кнігадрукавання працэс асветніцтва пашыраецца на нашыя землі, бо кніга стала значна таннейшай у параўнанні з папярэднім часам, калі ўсё перапісвалася ад рукі, а значыць, яна стала даступнай больш шырокаму колу насельніцтва. Даступнасць друкаванай кнігі стала штуршком для развіцця пісьменнасці сярод простых людзей. Справу Ф. Скарыны прадоўжылі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі.

Сярод помнікаў дзелавой старабеларускай літаратуры асабліва вядомыя тры рэдакцыі Статута Вялікага Княства Літоўскага (1529, 1566, 1588 гг.). Роля Статута ў гісторыі беларускай мовы надзвычай вялікая. Ён замацоўваў лепшыя моўныя здабыткі канцылярска-юрыдычнага пісьменства свайго часу. Мова Статута характарызавалася ўніфікаванасцю графікі і апорай на жывое маўленне ў правапісе. Багаццем лексікі са Статутам не можа параўнацца ніводзін іншы помнік старабеларускага пісьменства.

Буйным помнікам канцылярска-юрыдычнага пісьменства з’яўляецца Метрыка Вялікага Княства Літоўскага, дзе змяшчаюцца дакументы ад XIV да канца XVIIІ ст. У склад Метрыкі ўваходзяць разнастайныя па змесце і форме дакументы, якія выдаваліся літоўскімі князямі і польскімі каралямі, сеймам і ўрадавымі асобамі або паступалі ад іх да іншаземных урадаў, службовых і прыватных асоб. Дакументы Метрыкі ад XIV да сярэдзіны XVII ст. напісаны пераважна на беларускай мове, пазнейшыя – на польскай і лацінскай мовах. У першапачатковым выглядзе Метрыка мела больш за 600 тамоў. Цяпер большая частка яе кніг захоўваецца ў Цэнтральным архіве старажытных актаў у Маскве.

У XVI–XVII стст. на беларускай мове вялася дакументацыя ў гарадскіх управах, магістратах і магдэбургіях, у гарадскіх, земскіх і замкавых судах, яна выкарыстоўвалася ў дыпламатычнай і прыватнай перапісцы і г.д. Дзелавое пісьменства было самым прагрэсіўным паводле адлюстравання рысаў жывой беларускай мовы.

З канца XVI ст. беларуская мова стала абавязковым прадметам навучання ў праваслаўных брацкіх школах, дзе вывучаліся таксама польская, лацінская і грэчаская мовы.

Такім чынам, у XVI і першай палове XVII ст. старабеларуская літаратурная мова дасягнула вышэйшага ўзроўню свайго развіцця, атрымаўшы прымяненне ў найважнейшых галінах грамадскага і культурнага жыцця беларускага насельніцтва. Разам з тым якраз у гэты перыяд у абставінах новых палітычных і культурных умоў жыцця народа сфера выкарыстання беларускай мовы пачала паступова звужацца. У складаных палітычных абставінах сярэдзіны XVI ст. беларуска-літоўская шляхта зрабілася буйной палітычная сілай, якая, каб забяспечыць сваё палітычнае і эканамічнае становішча, пачала імкнуцца да ўстанаўлення ў Вялікім Княстве Літоўскім важнейшых дзяржаўных інстытутаў на польскі ўзор. У другой палове XVI ст. польская культура, у тым ліку і польская мова, пачала інтэнсіўна распаўсюджвацца ў вышэйшых колах беларускага грамадства. Каб абараніць беларускую мову, у Статут ВКЛ 1566 года быў уключаны спецыяльны пункт аб ужыванні ў справаводстве толькі беларускай мовы. Гэты пункт пазней быў захаваны ў друкаваным Статуце 1588 года і нават у перакладзе Статута на польскую мову ў 1614 годзе. Але ўжо гэты Статут спецыяльным артыкулам дазваляў каталіцкай царкве ўжываць польскую мову як афіцыйную. Першымі прыкметамі пранікнення польскай мовы ў справаводства стаў звычай беларускіх арыстакратаў пісаць свае прозвішчы польскімі літарамі пад дакументамі, напісанымі па-беларуску. Далейшым крокам гэтага працэсу было пранікненне польскай мовы ў тэкст саміх дакументаў. Пункт Статута аб выкарыстанні ў справаводстве беларускай мовы фармальна захаваў сваю сілу на працягу ўсяго XVII ст. Захаванне літары закона дасягалася тым, што ў пачатку і ў канцы юрыдычных дакументаў пісаліся традыцыйныя формулы на афіцыйнай беларускай мове, у той час як асноўны тэкст пісаўся па-польску. Складаная моўная сітуацыя, якая існавала на Беларусі, спрасцілася ў канцы XVII ст., калі ўсеагульнай канфедэрацыяй саслоўяў у 1696 годзе была прынята пастанова пісаць дзелавыя паперы дзяржаўнага значэння па-польску. Усё наступнае стагоддзе ў афіцыйным канцылярска-юрыдычным пісьменстве на Беларусі панавалі польская і лацінская мовы.

На беларускай мове ў гэты час, пераважна ва ўсходняй частцы краю, дзе паланізацыя праходзіла павольней, па традыцыі працягвалі пісаць дакументы мясцовага значэння: тастаменты, дакументы пра падзел маёмасці, распіскі, прыватныя лісты і г.д.

Адукацыя да сярэдзіны XVII ст. пераходзіць у рукі шматлікіх рымска-каталіцкіх манаскіх ордэнаў езуітаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, бернардзітаў і піяраў, якія мелі свае вучэльні амаль ва ўсіх гарадах і буйных мястэчках Беларусі. Навучанне тут вялося на польскай і лацінскай мовах. Беларуская мова ў гэты час вывучалася толькі ва ўніяцкіх базыліянскіх школах. Уніяцкая царква выкарыстоўвала вусную беларускую мову ў неафіцыйных частках набажэнства. Жывая беларуская мова тады захоўвалася ў вуснай форме сярод сялян, дробнай шляхты і гарадскога рамеснага насельніцтва.







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.