Здавалка
Главная | Обратная связь

Тэма ІІ Дыялекты і літаратурная мова



Беларуская мова мае дзве формы: дыялектную і літаратурную.

Дыялектная мова – гэта вусная неўнармаваная форма нацыянальнай мовы, якая распаўсюджана на пэўнай тэрыторыі і адрозніваецца пэўнымі фанетычнымі, марфалагічнымі, сінтаксічнымі і лексічнымі асаблівасцямі. У беларускай мове вылучаюць два асноўныя дыялекты: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні. Паміж імі знаходзіцца паласа сярэднебеларускіх гаворак, якая з’яўляецца пераходнай тэрыторыяй ад аднаго дыялекта да другога. Паўночная мяжа сярэднебеларускіх гаворак праходзіць прыблізна па лініі Мядзел – Барысаў – Быхаў, а паўднёвая – па лініі Воранава – Дзяржынск – Бабруйск – Рэчыца. Асобна вылучаюцца брэсцка-пінскія гаворкі, якія адрозніваюцца ад астатніх гаворак беларускай мовы.

Паўночна-ўсходні дыялект мае наступныя спецыфічныя рысы: дысімілятыўнае (адрознае) аканне і яканне: выда, ныга, вісна, зімля; цвёрды і мяккі гук [р]: рака, дрэва, треба, бярёза; канчаткі -аць, -эць(-ець) у дзеясловах 3-й асобы адзіночнага ліку 1-га спражэння: кажаць, бярэць, нясець; наяўнасць суфікса -онак (-ёнак) у назвах маладых істот: цялёнак, ягнёнак; наяўнасць канчаткаў -ый (-ій), -эй (-ей) у прыметніках мужчынскага роду адзіночнага ліку: добрый, сіній, маладэй, плахей і інш.

Паўднёва-заходні дыялект характарызуецца недысімілятыўным аканнем і яканнем: вада, нага, вясна, зямля; цвёрдым гукам [р]: рака, бяроза; прыстаўным [г] у словах тыпу гавечка, гуліца, гараць; наяўнасцю дыфтонгаў [уо], [іе] у словах дуом, сіена, муост, хліеб; наяўнасцю канчатка -му ў дзеясловах будучага часу: казацьму, рабіцьму, хадзіцьму; постфікса
-са ў зваротных дзеясловах: памыласа, садземса і інш.

Сярэднебеларускія гаворкі маюць асаблівасці і таго і другога дыялектаў, але разам з тым ёсць і адметныя рысы, напрыклад, адсутнасць мяккага [ц’] у 3-й асобе дзеясловаў ІІ спражэння (ходзя, робя, гавора), вымаўленне [о] на месцы [а] перад [ў] (проўда, казоў) і інш.

Даволі спецыфічнымі рысамі характырызуюцца брэсцка-пінскія (ці заходнебеларускія) гаворкі. Яны істотна адрозніваюцца ад усіх іншых гаворак асноўнага масіву беларускай літаратурнай мовы. У іх многа агульнага з украінскай мовай, што дае падставы вучоным называць Палессе своеасаблівым этна-культурна-моўным мастом паміж беларускім і ўкраінскім народамі. Так, палескай групе гаворак уласцівы оканне (вода, нога), цвёрдыя зычныя на месцы мяккіх (вэчор, зыма), вымаўленне [і] на месцы старажытнага гука [Ђ] (ліс, хліб); інфінітыў на -ты (ходыты, купаты); зычны [л’] у дзеясловах 3-й асобы мн. ліку з асновай на губны (лоўляць, купляць) і інш.

Акрамя таго, дыялекты адрозніваюцца і некаторымі лексічнымі адзінкамі – словамі, якія не ўвайшлі ў склад літаратурнай мовы. І калі фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці не надта перашкаджаюць узаемаразуменню носьбітаў розных дыялектаў, то зразумець значэнне дыялектызмаў не так лёгка, бо нават у кантэксце далёка не заўсёды можна здагадацца, што вятроўкі – гэта басаножкі, макотра – вялікая міска, надысь – нядаўна, махнытка – галавешка . Але ў той жа час дыялекты – гэта адна з крыніц пашырэння слоўнікавага запасу літаратурнай мовы.

Літаратурная мова – гэта апрацаваная майстрамі слова, унармаваная, стылістычна разгалінаваная вышэйшая форма нацыянальнай мовы, якая замацавана ў пісьмовых крыніцах.

Наяўнасць нормы – істотная асаблівасць літаратурнай мовы, якая адрознівае яе ад дыялектнай. Пад нормай разумеюцца правілы, якім падпарадкоўваюцца вымаўленне і напісанне, выбар слова, ужыванне граматычных формаў, пабудова словазлучэнняў і сказаў. Гэтыя правілы выпрацаваны грамадствам і пісьмова замацаваны ў нарматыўных слоўніках, даведніках, граматыках. Кадыфікаваная, узаконеная норма з’яўляецца абавязковай для ўсіх носьбітаў літаратурнай мовы.

Спецыфіка літаратурнай мовы выяўляецца і ў тым, што яна існуе ў дзвюх разнавіднасцях – вуснайіпісьмовай(дыялектная мова – толькі ў вуснай). Гэта дзве раўнапраўныя формы рэалізацыі літаратурнай мовы, кожная з якіх мае сваю сферу выкарыстання. Гутарковая разнавіднасць ужываецца ў вусных зносінах паміж людзьмі. У ёй пераважаюць простыя канструкцыі, няпоўныя і незакончаныя сказы. Важнае значэнне ў вуснай мове маюць інтанацыя, міміка, жэстыкуляцыя. Пісьмова-кніжная мова, як правіла, характарызуецца шырокім ужываннем развітых, ускладненых канструкцый. Носьбіты літаратурнай мовы звычайна валодаюць абедзвюма яе формамі і карыстаюцца імі ў залежнасці ад патрэб моўных зносін.

Такім чынам, літаратурная і дыялектная мовы як разнавіднасці мовы нацыі ўзаемазвязаны і ўзаемадзейнічаюць. Але паміж імі ёсць істотныя адрозненні:

● літаратурнай мовай карыстаюцца на ўсёй тэрыторыі Беларусі, яна з’яўляецца агульназразумелай для ўсіх носьбітаў мовы. Дыялектная мова выкарыстоўваецца людзьмі пэўнай тэрыторыі – адной вёскі ці некалькіх блізкіх вёсак, невялікіх пасёлкаў, мястэчак;

● літаратурная мова абслугоўвае разнастайныя патрэбы грамадскага і культурнага жыцця людзей і з’яўляецца мовай мастацкай літаратуры, навукі, справаводства, публіцыстыкі. Дыялектная мова – гэта бытавая мова, на ёй, як правіла, размаўляюць члены сям’і, аднавяскоўцы;

● літаратурная мова строга ўнармаваная і мае дзве формы – вусную і пісьмовую. У дыялектнай мове няма строга выпрацаваных нормаў, яна мае толькі вусную форму, гэта гутарковая, беспісьмовая мова.

Сучасная літаратурная мова склалася ў пачатку ХХ ст., калі выходзіла газета «Наша ніва». У аснову нацыянальнай беларускай літаратурнай мовы леглі гаворкі цэнтральнай Беларусі (зона Ашмяны – Мінск – Барысаў). У працэсе развіцця яна ўвабрала і ўбірае ў сябе найбольш тыповыя рысы паўднёва-заходняга і паўночна-ўсходняга дыялектаў, адначасова ўзбагачаецца (асабліва ў лексіцы) запазычаннямі з роднасных рускай і ўкраінскай, а таксама іншых моў. Літаратурная мова пастаянна папаўняецца за кошт дыялектаў. Разам з тым літаратурная мова ўплывае на дыялекты, спрыяючы ўніфікацыі нацыянальнай мовы.

Тэма ІІІ Двухмоўе, або білінгвізм

 

Двухмоўе – гэта папераменнае карыстанне дзвюма мовамі. Сінонім двухмоўя – білінгвізм, ад лацінскага bi – двойчы і lingua – мова. Калі ж ва ўжытку знаходзяцца тры і больш моў, то прынята гаварыць пра шматмоўе, або полілінгвізм.

Вылучаюць наступныя разнавіднасці двухмоўя:

– індывідуальнае, калі мовамі валодаюць толькі асобныя члены калектыву;

– групавое, калі двухмоўнымі з’яўляюцца цэлыя групы або асобныя сацыяльныя слаі;

– поўнае, або суцэльнае, калі двухмоўе з’яўляецца характэрным для ўсіх сацыяльна-культурных груп народа.

Можна гаварыць і пра дзяржаўнае двухмоўе, калі статус дзяржаўнай, або афіцыйнай, маюць дзве мовы. Напрыклад, у Канадзе дзяржаўныя мовы – англійская і французская, у Ірландыі – англійская і ірландская. Ёсць і шматмоўныя краіны, напрыклад, Швейцарыя, дзе чатыры мовы дзяржаўныя – нямецкая, французская, італьянская і рэтараманская.

Вылучаюць тры аспекты двухмоўя:псіхалагічны, педагагічны і сацыялінгвістычны. Псіхалагічны аспект звязаны з асаблівасцямі псіхалагічнага складу індывіда, з яго разумовымі здольнасцямі, эмацыянальнай прыстасаванасцю і г.д., з праблемай пераключэння з аднаго моўнага кода на другі. Педагагічны бок двухмоўя закранае розныя аспекты навучання другой мове, у тым ліку і ўлыў адной мовы на працэс засваення другой. Сацыялінгвістычная характарыстыка двухмоўя грунтуецца на такіх параметрах:

– сфера выкарыстання першай і другой мовы;

– ступень авалодання мовамі; набор сацыяльна-функцыянальных кампанентаў моў, якія выкарыстоўвае двухмоўны індывід (літаратурная мова, жаргон і г.д.);

– размеркаванне камунікатыўных функцый паміж мовамі; кантынгент ахопленых двухмоўем членаў соцыуму і шырыня выкарыстання другой мовы; ацэнка двухмоўнымі індывідамі ўласнага двухмоўя як сацыяльна-лінгвістычнага феномена.

На тэрыторыі Беларусі двухмоўе – з’ява не новая. Пасля прыняцця хрысціянства на нашых землях стала шырока выкарыстоўвацца стараславянская мова. Яна была мовай пісьменнасці. Паступова яна займае значнае месца ў жыцці людзей, таму можна сказаць, што ўжо на той час на беларускіх землях існавала двухмоўе.

У пазнейшыя часы, калі польская мова распаўсюджваецца на тэрыторыі Беларусі, развіваецца беларуска-польскае двухмоўе. Акрамя таго, у раёнах пражывання іншых народаў на нашых землях узнікае беларуска-літоўскае, беларуска-латышскае і іншыя віды двухмоўя. Можна гаварыць нават пра групавое шматмоўе ў той перыяд, бо на той час лацінская мова мела вельмі вялікае распаўсюджванне: яе вывучалі ў шматлікіх каталіцкіх і ўніяцкіх школах (разам з беларускай і польскай), а таксама ў праваслаўных бурсах (разам з беларускай і царкоўнаславянскай). Існавала нават лацінамоўная беларуская літаратура, што сведчыць пра высокі ўзровень валодання гэтай мовай вялікай часткай насельніцтва.

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай і адыходу Беларусі пад уладу Расіі распаўсюджваецца руская мова і пачынае развівацца беларуска-рускае двухмоўе. З таго часу руская мова толькі ўзмацніла свае пазіцыі, асабліва ў ХХ ст., калі ў савецкі час вялося мэтанакіраванае выкараненне беларускай мовы.

І ў першую чаргу аслабленню пазіцый беларускай мовы ў ХХ ст. спрыяла русіфікаванне адукацыі, што прывяло фактычна да поўнага выцяснення беларускай мовы з сістэмы вышэйшай адукацыі. Беларуская мова вывучалася толькі як прадмет для асобных спецыяльнасцей, а само навучанне поўнасцю вялося на рускай мове. Гэта было вынікам палітыкі на збліжэнне ўсіх нацыянальнасцей у СССР з мэтай утварэння так званай новай фармацыі – савецкі народ, які павінен быў быць з’явай наднацыянальнай. Таму насаджалася для ўсіх народаў Савецкага Саюза адзіная рускамоўная культура. Найбольш удала гэты працэс ішоў на Беларусі і Украіне, што, відавочна, было абумоўлена блізкасцю рускай мовы з беларускай і ўкраінскай.

Такім чынам, сёння мы можам гаварыць пра тое, што беларуская і руская мовы, з’яўляючыся раўнапраўнымі de jure, de facto, займаюць розныя пазіцыі: беларуская мова крыху палепшыла свае пазіцыі ў галіне культуры і сістэме сярэдняй адукацыі ў параўнанні з 80-мі гадамі, але эканоміка, палітыка, вышэйшая адукацыя па-ранейшаму з’яўляюцца рускамоўнымі. Гэта прывяло да таго, што нават людзі, якія валодаюць беларускай мовай, фактычна не маюць магчымасці свабодна выкарыстоўваць яе ва ўсіх сферах нашага жыцця.

 

 

Тэма ІV Моўная інтэрферэнцыя

Моўная інтэрферэнцыя – гэта неад’емная спадарожніца білінгвізму (двухмоўя). У перакладзе з лацінскай мовы інтэрферэнцыя – узаемапранікненне (ад лац. inter – узаемна, між сабой, ferio – датыкаюся). Гэта праяўляецца ва ўплыве адной моўнай сістэмы на другую, а менавіта ў парушэнні нормаў суіснуючых моў.

Інтэрферэнцыя праяўляецца як іншамоўны акцэнт у маўленні чалавека, які валодае дзвюма мовамі.

Узровень інтэрферэнцыі залежыць ад ступені авалодання другой мовай, ад умення свядома адрозніваць факты розных моў і шэрагу іншых прычын. Беларуска-руская і руска-беларуская інтэрферэнцыя – з’ява даволі распаўсюджаная і закранае ўсе сферы моўнай сістэмы: фанетыку, акцэнтуацыю, марфалогію, лексіку, сінтаксіс.

 







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.