Здавалка
Главная | Обратная связь

Фанетычная беларуска-руская інтэрферэнцыя



 

Фанетычныя сістэмы беларускай і рускай моў вельмі блізкія, але паміж імі ёсць і пэўныя адрозненні, якія ўплываюць на вымаўленне білінгвам тых ці іншых гукаў, у першую чаргу зычных.

Адной з самых выразных рысаў беларускай мовы, якая стала праяўляцца ўжо на першых стадыях яе фарміравання, з’яўляецца дзеканне і цеканне. У рускай і ўкраінскай мовах захаваліся мяккія гукі [д’] і [т’], у беларускай мове на месцы мяккіх [д’] і [т’] сталі ўжывацца гукі [дз’] і [ц’]. Па гэтай прычыне пераважная большасць беларусаў пры карыстанні рускай мовай вымаўляюць на месцы рускіх гукаў [д’] і [т’] беларускія гукі [дз’] і [ц’], не заўважаючы розніцы паміж гэтымі моўнымі асаблівасцямі. Але менавіта па гэтым вымаўленні карэнныя рускія і ўкраінцы адразу вызначаюць беларусаў. Калі ўважліва прыслухацца да вымаўлення такіх слоў, як день, дело, тень, тело, рускімі і ўкраінцамі (абавязкова тымі, якія выраслі не на этнічнай тэрыторыі беларусаў, у тым ліку Смаленшчыне і Браншчыне) і параўнаць з вымаўленнем гэтых жа слоў беларусамі, то можна заўважыць істотную розніцу.

Яшчэ адной важнай фанетычнай асаблівасцю з’яўляецца адсутнасць у беларускай мове мяккага падоўжанага гука [ш], які існуе ў рускай мове. У беларускай мове яму адпавядае спалучэнне зычных гукаў [ш] і [ч]. Таму беларусы пры вымаўленні такіх рускіх слоў, як щавель, счастье, перевозчик, выкарыстоўваюць спалучэнне мяккіх гукаў [ш’] і [ч’]: [ш’ч’]авель, [ш’ч’]астье, перево[ш’ч’]ик, хоць па-руску правільна вымаўляецца [ш’ш’]авель, [ш’ш’]астье, перево[ш’ш’]ик.

Вядома, што гук г у беларускай мове, як і ва ўкраінскай, з’ўляецца фрыкатыўным, а ў рускай – выбухным. Таму даволі часта можна пачуць памылковае вымаўленне гэтага гука пры выкарыстанні беларусамі рускай мовы, у той жа час сустракаецца і няправільнае ўжыванне выбухнога г пры размове па-беларуску. Аднак трэба адзначыць, што пры наяўнасці ў рускай мове г выбухнога як асноўнай нормы тым не менш ёсць выпадкі, калі за норму прынята вымаўленне г фрыкатыўнага. Такіх слоў няшмат, напрыклад: бухгалтер (спалучэнне гх вымаўляецца як беларускі гук г), выклічнік і часціца ага (вымаўляецца беларускі г), выклічнік гоп (дапускаецца і г выбухны, і г фрыкатыўны). У той жа час у беларускай мове існуе шэраг слоў, у якіх літаратурнай нормай вымаўлення лічыцца выбухны гук г. Напрыклад: агрэст, газа (не блытайце са словам газ, бо газа – па-руску керосин), ганак, гарнец, гонта, гузік, мазгі (адз. мозг [моск]), розгі, швагер і інш.

Яшчэ адной важнай фанетычнай асаблівасцю беларускай мовы з’яўляецца наяўнасць гука [ў], якога няма ні ў рускай, ні ва ўкраінскай мове. Гэта трэба ўлічваць пры вывучэнні роднасных нам моў, бо нярэдка беларусы, гаворачы па-руску, замяняюць гукі [л] і [в], якія стаяць пасля галосных, на гук [ў]. Напрыклад: пошел [пашоў], обрыв [абрыў] і т.п.

Усё сказанае вышэй адносіцца да памылак, якія робяцца ў вымаўленні па-руску пад уплывам беларускай мовы. Але ёсць пэўныя праблемы, абумоўленыя ўплывам рускай мовы на беларускае вымаўленне. Гэтаму спрыяе і распаўсюджанае меркаванне, што па-беларуску «як чуеш, так і пішаш». Але ў большай ступені гэта тычыцца галосных. Напісанне зычных гукаў абумоўлена ў асноўным марфалагічным прынцыпам пісьма. Тым не менш вельмі часта можна пачуць вымаўленне, якое поўнасцю імкнецца адпавядаць напісанню. Асабліва часта гэта сустракаецца сярод жыхароў буйных гарадоў, дзе беларуская мова ўжываецца абмежавана і дзе яе вывучэнне часцей пачынаецца са школы, а не з сям’і. Таму вельмі часта навучэнцы пачынаюць чытаць так, як напісана. І ў першую чаргу гэта тычыцца зноў-такі вымаўлення гукаў [дз’] і [ц’].

Найбольш распаўсюджанай памылкай вымаўлення, якую робяць пад уплывам рускай мовы, з’яўляецца адсутнасць асімілятыўнай мяккасці. Па нормах беларускага вымаўлення свісцячыя гукі [з], [с], [дз], [ц] перад мяккімі зычнымі павінны памякчацца. Пры гэтым беларускія мяккія гукі [з’] і [с’] адрозніваюцца ад адпаведных рускіх гукаў большай памякчонасцю. Такім чынам, пры вымаўленні слоў смех, змярканне, дзве, цвёрды абавязкова павінна быць асімілятыўная мяккасць [с’м’эх], [з’м’аркан’н’э], [дз’в’э], [ц’в’орды]. Гэта норма не распаўсюджваецца на пазіцыю перад мяккімі [г’], [к’], [х’], таму пры вымаўленні слоў скінуць, схіл, згінуць гук [с] не памякчаецца [ск’інуц’], [сх’іл], [зг’інуц’].

Яшчэ адна распаўсюджаная памылка, якая ўзнікае пад уплывам рускай мовы, робіцца ў словах з канцавой літарай г. У такіх словах беларускі гук [г] мае парай па глухасці гук [х]: снег [с’н’эх], стог [стох], плуг [плух]. Але нярэдка можна пачуць вымаўленне гука [к] замест [х], што з’ўляецца парушэннем літаратурнай нормы.

 

 







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.