Здавалка
Главная | Обратная связь

Тэма V Лексікалогія



Лексіка – гэта слоўнікавы склад мовы.

Лексікалогія – раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца лексіка мовы паводле лексічнага значэння слова.

Слова мае граматычнае і лексічнае значэнне. Граматычнае значэнне – гэта абагульненае значэнне прадметнасці, дзеяння, прыкметы і т.п., паводле якіх вылучаюцца часціны мовы і іх значэнні (род, лік, склон, час, пераходнасць, асоба, член сказа і г.д.). Лексічнае значэнне – гэта суаднесенасць слова з адпаведным паняццем, з’явай рэчаіснасці. Лексічнае значэнне слова бывае прамым і пераносным. Прамое значэнне – гэта яго непасрэдная сувязь з рэчаіснасцю (дарога да вёскі, трапічнае дрэва). Пераноснае значэнне ўзнікае на падставе падабенства прадметаў, дзеянняў (дарога жыцця, радавое дрэва).

Словы бываюць адназначныя і мнагазначныя. Адназначныя словы маюць адно лексічнае значэнне, асабліва гэта характэрна для розных тэрмінаў (акваланг, лагарыфм, каштарыс, суфікс). Мнагазначныя словы маюць некалькі лексічных значэнняў, якія ўзніклі як пераносныя (хвост калоны, літаратурная плынь, басейн ракі). Але трэба адрозніваць мнагазначныя словы ад амонімаў.

 

 

Амонімы

Амонімы – вонкава аднолькавыя словы, якія не маюць нічога агульнага ў лексічным значэнні. Бываюць поўныя і няпоўныя амонімы.

Сярод няпоўных амонімаў вылучаюць наступныя віды:

1 Амафоны – словы, аднолькавыя па гучанні і розныя па напісанні: грып – грыб, код – кот, казка – каска, плод – плот, род – рот.

2 Амографы – словы, аднолькавыя па напісанні і розныя па гучанні (як правіла, адрозніваюцца націскам): пры́клад – прыклáд, гадзíна – гáдзіна, кáса – касá, пáра – парá, бáцькаўскі (які належыць бáцьку) – бацькóўскі (які належыць бацькáм), бýйны (неспакойны) – буйны́ (вялікі), лю́дскі (чалавечны, добры) – людскі́ (які ўласцівы людзям), лáскавы (пяшчотны) – ласкáвы (міласэрны).

3 Амаформы – словы, якія супадаюць толькі ў некаторых граматычных формах: кліч (загадны лад дзеяслова і назоўнік), як (назоўнік і злучнік), вусны (назоўнік і прыметнік).

Поўныя лексічныя амонімы вымаўляюцца і пішуцца аднолькава, пры гэтым маюць аднолькавыя граматычныя формы: міна, кран, бабка, лава, кар’ер, кавалер, люлька, кулак, тур.

2 Мнагазначнасць і аманімія тэрмінаў

Мнагазначнасць з’яўляецца прыналежнасцю многіх паўназначных слоў беларускай мовы. Тэрміны набываюць новыя значэнні ў працэсе пастаяннага ўзаемадзеяння з агульнаўжывальнымі словамі (міжсістэмная мнагазначнасць), а таксама ў працэсе ўзаемадзеяння ў межахпэўнай тэрмінасістэмы (унутрыгаліновая мнагазначнасць) і розных тэрмінасістэм (міжнавуковая мнагазначнасць).

У спецыяльнай лексіцы асабліва пашырана міжнавуковая мнагазначнасць. Напрыклад, гіра – пудовая гіра (метрал.), практыкаванні з гірамі і штангай (спорт), гіра насценнага гадзінніка (механ.); лідар –лідары парламенцкіх фракцый (паліт.), лідар першага забегу (спорт), лідар кільватэрнай калоны (ваен.); ін’екцыя –ін’екцыя пеніцыліну (мед.), ін’екцыя сродкаў (эканом.); сесія – дэпутацкая сесія (паліт.), студэнцкая сесія (адукац.); спадчына –спадчына ад бацькоў (юрыд.), культурная спадчына А. Міцкевіча(філалаг.); экспедыцыя – экспедыцыя на адпраўку грузу (юрыд.), палярная экспедыцыя (геагр.), карная экспедыцыя (ваен.); спад – спадтэмпу бегу (спорт), спад гары (геагр.); барометр – паказчык стану рынку (эканом.), паказчык ціску (геагр.); база – эканамічнаябаза (эканом.), ваенна-марская база (ваен.) і інш.

Унутрыгаліновая мнагазначнасць – з’ява больш рэдкая, аднак істотная для многіх тэрмінасістэм. Напрыклад: дубль – 1) ‘рэзервовая каманда’; 2) ‘выйгрыш першынства і Кубка ў адным сезоне адной камандай’. Некалькі значэнняў маюць тэрміны патэнт, здзелка, вартасць, рахунак, экс-дывідэнд, ліквіднасць, квота, трэст, валюта і інш. (эканом.), напрыклад: валюта – 1) ‘грашовая адзінка краіны’; 2) ‘тып грашовай сістэмы’; 3) ‘грошы замежных краін, якімі карыстаюцца ў міжнародных разліках’; дыплом, дэкрэт, ордар, экспедытар, судовы разбор, судовыя спрэчкі, хадайніцтва, даведка, паручыцельства і інш. (юрыд.), напрыклад: паручыцельства – 1) у грамадзянскім праве – ‘спосаб забеспячэння выканання абавязкаў’; 2) у крымінальным праве – ‘адна з мер стрымання’.

Некаторыя тэрміны развіваюць міжсістэмную і міжнавуковую або міжнавуковую і ўнутрыгаліновую мнагазначнасць адначасова. Напрыклад: удар 1) ‘моцны рэзкі штуршок, сутыкненне з чым-н. у час руху’ (пад ударам ветру) // ‘пра гром, выбух і інш. моцныя гукі’ (удар грому); 2) ‘імклівы напад, атака’ (флангавы ўдар), 3) ‘нечаканае гора, бяда, непрыемнасць’ (удар лёсу); 4)‘раптоўнае кровазліццё ў мозг’ (апаплексічны ўдар). Параўнаем таксама: кручаны ўдар – ‘удар у спартыўнай гульні (у тэніс, валейбол), пры якім пасылаецца кручаны мяч’; свабодны ўдар – у футболе ‘ўдар, у час якога праціўнік не мае права нападаць’, сонечны ўдар, цеплавы ўдар – у медыцыне.

Сярод лінгвістаў няма адназначнага вырашэння пытання, чым лічыць – амонімамі ці мнагазначнымі словамі – словы агульналітаратурнай мовы, якія ў пераносным значэнні функцыянуюць у якасці тэрмінаў. У тэрміналогіі часцей сустракаецца міжнавуковая аманімія, напрыклад, вал – ‘значны па працягласці і вышыні земляны насып, створаны для абарончых і гаспадарчых мэт (у старажытнасці будаваўся для абароны месца, мясцовасці ад непрыяцеля)’ і вал – ‘агульны аб’ём прадукцыі, вырабленай за які-небудзь пэўны тэрмін, які выражаецца шляхам абазначэння яе кошту ў цэлым’; корт – ‘тоўстая, звычайна цёмнага колеру баваўняная тканіна атласнага перапляцення для рабочага і спартыўнага адзення’ і корт – ‘пляцоўка для гульні ў тэніс’; космас – ‘сусвет (Сонечная сістэма, зоркі, міжзорнае асяроддзе, галактыкі, міжгалактычнае асяроддзе)’ і космас – ‘расліна з галінастымі сцябламі, з кветкамі ў суквеццях-кошыках на доўгіх кветаносах’; мультыплікатар – ‘каэфіцыент, які характарызуе сувязь паміж павелічэннем (памяншэннем) інвестыцый і зменай велічыні даходу’ і мультыплікатар – ‘фотакамера з некалькімі аб’ектывамі, якая дае адначасова многа здымкаў з аднаго і таго ж прадмета, а таксама прылада для размножвання копій’. У лінгвістычнай літаратуры выказана думка, што ўнутрыгаліновая аманімія– з’ява даволі рэдкая і што ў асноўным яна прадстаўлена аддзеяслоўнымі назоўнікамі, у якіх разам са значэннем дзеяння развілося значэнне прылады дзеяння. Аднак, як відаць з наступных прыкладаў з біялогіі, унутрыгаліновая аманімія разнастайная: конік – птушка і конік – рыба; сякач – кабан і дарослы самец ластаногіх і сякач – насякомае; гладыш – грыб-дуплянка, млечнік і гладыш – расліна (гладыш прускі, шыракалісны) і гладыш – клоп (жоўты, звычайны); лось – грыб і лось – жывёла; цвыркун – насякомае і цвыркун – птушка; аўсянка – рыба сямейства карпавых і аўсянка – род пеўчых птушак атрада вераб’іных і інш.

Звяртаюць на сябе ўвагу і міжмоўныя амонімы(пры перакладзе на беларускую мову яны маюць зусім іншае значэнне), напрыклад, у рускай мове: язык (белорусский, польский, французский) – ‘сукупнасць агульна-прынятых гукавых і лексікаграфічных сродкаў для выказвання думак і наладжвання сувязі паміж людзьмі’; у беларускай мове слова язык ужываецца са значэннем ‘рухомы мышачны орган у ротавай поласці пазваночных жывёл і чалавека, які дапамагае захопліваць, перажоўваць, глытаць ежу, вызначаць яе смакавыя якасці’;слова карысны ў беларускай мове азначае ‘той, які прыносіць карысць’, у рускай мове корыстный азначае ‘той, хто шукае карысці для сябе’.

Тэрміны могуць уступаць у складаныя полісемантычна-аманімічныя адносіны: адзін і той жа мнагазначны тэрмін выступае як амонім да сугучнага, таксама мнагазначнага, тэрміна, напрыклад: грыф – 1) у антычнай міфалогіі – ‘крылатае страшыдла з тулавам ільва і галавой арла або льва’;
2) ‘вялікая драпежная птушка, якая гняздзіцца на скалах, абрывах, адзіночных дрэвах і жывіцца падлай’; грыф – 1) ‘доўгая драўляная пласцінка на шыйцы музычных інструментаў, да якой у час ігры прыціскаюць струны’; 2) ‘стальны прут атлетычнай штангі, на які надзяваюцца шары, дыскі’; грыф – 1) ‘штэмпель з узорам чыйго-небудзь афіцыйнага подпісу, а таксама адбітак з гэтага штэмпеля’; 2) ‘надпіс на дакуменце, выданні, які вызначае правілы карыстання імі’. У гэтым прыкладзе назіраюцца мнагазначнасць і міжнавуковая аманімія; грот – 1) ‘шырока адкрытая пячора з невысокай зводчатай столяй’; 2) ‘пашырэнне пячоры пасля вузкага праходу’; 3) ‘ніша ў канцы ледніка, адкуль выцякаюць талыя воды’ і грот – ‘ніжні парус на грот-мачце’. У гэтым прыкладзе назіраюцца ўнутрыгаліновая мнагазначнасць і міжнавуковая аманімія.

Часам межы паміж мнагазначным і аманімічным словам бываюць умоўнымі, аманімія з цяжкасцю паддаецца дакладнай класіфікацыі. У лексікаграфічных працах не заўсёды паслядоўна вытрымліваецца падача мнагазначнага слова (у адным слоўнікавым артыкуле пад рознымі нумарамі) і слоў-амонімаў (у розных слоўнікавых артыкулах). Увогуле, устанаўленне межаў паміж полісеміяй і аманіміяй залежыць не столькі ад моўнай рэальнасці, колькі ад аргументацыі вучоных-лінгвістаў.

3 Стылістычныя пласты лексікі

 

Лексічнае значэнне слова можа ўзбагачацца дадатковай семантычнай якасцю – экспрэсіўнасцю. Такія словы называюцца стылістычна афарбаванымі: рагатаць, дыбаць, птушачка. Словы, якія не маюць гэтай афарбоўкі, называюцца стылістычна нейтральнымі: смяяцца, ісці, птушка.

Сярод стылістычна афарбаваных слоў вылучаюць у першую чаргу размоўную лексіку, якая ўжываецца толькі ў вусным маўленні (віндá, лапатáць, клёвы), і кніжную лексіку, якая ўжываецца пераважна ў пісьмовай форме мовы (пастулат, апалагет, баланс). Стылістычна афарбаваныя словы пазначаюцца ў слоўніках адпаведнымі лексікаграфічнымі паметамі: ласк. (ласкальнае), груб. (грубае), пагард. (пагардлівае), зневаж. (зневажальнае), іран. (іранічнае), лаянк. (лаянкавае), разм. (размоўнае), абл. (абласное), кніжн. (кніжнае), спец. (спецыяльнае), гіст. (гістарычнае), высок. (высокае), паэт. (паэтычнае) і інш. Ужыванне гэтай лексікі абумоўлена стылем тэксту, а нейтральная лексіка не мае абмежаванняў для выкарыстання і ўжываецца ў тэкстах любога стылю.

 

 

Сінонімы

Сінонімы(ад грэч. synonymos – аднайменны) – гэта словы, якія па-рознаму гучаць і пішуцца, але маюць тоеснае або блізкае значэнне, напрыклад: многа, шмат, багата, безліч, процьма і г.д. Група слоў, аб’яднаных сінанімічнымі адносінамі, утварае сінанімічны рад. У ім выдзяляецца асноўнае, стылістычна нейтральнае слова – дамінанта. Яно выражае агульнае для ўсіх слоў гэтага рада значэнне. Так, у сінанімічным радзе акружыць, абступіць, ачапіць, аблажыць, блакіраваць дамінанта – акружыць, яна мае прамое, стылістычна нейтральнае значэнне.

У залежнасці ад характару семантычна-стылістычных адносін паміж кампанентамі сінанімічнага рада вылучаюцца наступныя групы сінонімаў: абсалютныя, семантычныя і стылістычныя.

1 Абсалютныя (або поўныя) сінонімы не адрозніваюцца ні адценнямі значэнняў, ні стылістычнай афарбоўкай: маланка – бліскавіца, іслам – мусульманства, ацэнка – адзнака, арфаграфія – правапіс, намінатыўны – назыўны, кантынент – мацярык і інш.

2 Семантычныя (або ідэаграфічныя) сінонімы адрозніваюцца паміж сабой адценнямі значэння, інакш кажучы, аб’ёмам семантыкі. Так, у сінанімічнай пары страх – жах паняцце жах (‘моцны страх да здранцвення’) поўнасцю ўключае ў сябе ўсе прыметы паняцця страх і разам з тым мае дадатковыя значэнні (семы) ‘моцны’ і ‘да здранцвення’. Семантычнымі сінонімамі будуць такія словы, як акцёр – артыст, ісці – крочыць, касынка – хусцінка, малады – юны, чырвоны – кумачовы – пунсовы і інш. Адрозненне ў семантыцы сінонімаў гэтай групы праяўляецца ў несупадзенні спалучальнасці кожнага члена сінанімічнага рада з іншымі словамі. Параўн.: ісці/крочыць па вуліцы, але: асцярожна ісці па балоце (не крочыць).

3 Стылістычныя сінонімы – гэта тоесныя або блізкія па значэнні словы, якія маюць розную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку і таму належаць да розных стыляў і сфер ужывання. Прыклады радоў стылістычна розных сінонімаў: асілак – сілач – волат – атлет – здаравяк – здаравіла – бугай (тут асілак і сілач – стылістычна нейтральныя словы, волат і атлет – кніжныя, здаравяк і здаравіла – размоўныя, бугай – размоўна-грубае); воін (кніжн.) – салдат (нейтр.) – ваяка (разм.); шоўк (нейтр.) – ядваб (кніжн.); вандроўнік (нейтр.) – пілігрым (кніжн.) – пацягака (разм.); ілгаць (нейтр.) – брахаць (разм.), плесці (разм.); украсці (нейтр.) – сцягнуць, сперці, сцібрыць (гутарк.); гультай – абібок, лянівец, лайдак, лежабока, труцень, гультаіна, завала (разм.) і інш.

4 Кантэкстуальныя сінонімы – гэта словы, якія не маюць сэнсавай сувязі і збліжаюцца па значэнні толькі ў пэўным кантэксце, набываючы пераносны сэнс: Настрой быў светлы, радасны. Словы светлы і радасны не з’яўляюцца сінонімамі паводле свайго лексічнага значэння, але ў гэтым сказе яны выступаюць як сінонімы, бо абодва азначаюць “добры настрой”.

Як адну з разнавіднасцей сінонімаў разглядаюць эўфемізмы (ад грэч. euphemia – ‘гавару ветліва’). Гэта словы і выразы, што служаць для замены такіх абазначэнняў, якія ў пэўных сітуацыях уяўляюцца таму, хто гаворыць, занадта грубымі, рэзкімі, непрыстойнымі. Напрыклад, замест спазняецца гавораць затрымліваецца, папрасілі замест выгналі, поўны замест тоўсты і інш. Сваімі каранямі эўфемізмы адыходзяць у далёкае мінулае. Іх узнікненне цесна звязана з лексічным табу – забаронай у першабытных народаў ужываць словы, што служылі назвамі багоў і духаў, смерці, хвароб, некаторых жывёл, сонца, агню і пад.

5 Сінанімія, варыянтнасць, дублетнасць тэрмінаў

Тэрміны-сінонімы – гэта найменні, якія адрозніваюцца паміж сабой адценнямі значэння або аб’ёмам семантыкі. У эканамічнай і юрыдычнай літаратуры яны сустракаюцца даволі рэдка, напрыклад: кантралёр – рэві-зор, універсам – супермаркет, імпарт – увоз, спонсар – фундатар, дэфіцыт – недахоп.

Тэрміны-дублеты – гэта найменні, якія поўнасцю супадаюць па значэнні і ўжыванні, суіснуюць у сінхронных моўных пластах. Многія з іх характэрны для дакладных навук (фізіка, матэматыка, хімія) (дыстыляцыя – перагонка, квазізоркі – квазары, счапленне – кагезія, сублімацыя – узгонка і інш.), юрыспрудэнцыі (фальсіфікацыя – падлог, выпадак – казус, стандарт – норма, вымаганне – рэкет, рэкламацыя – прэтэнзія і інш.), спорту (перашкода – бар’ер, арбітр – суддзя, сэт – партыя, бой – паядынак, нападаючы (нападнік) – бамбардзір, вароты – брамка, гнуткасць – гібкасць, жгут – скрутак, закалка – гарт і інш.), эканомікі (ануітэт – рэнта, бартар – тавараабмен, залог – заклад, дысконт – скідка, полісемія – мнагазначнасць, улік – справаздачнасць і г.д.). У сінанімічныя адносіны ўступаюць найменні славянскага паходжання і запазычаныя тэрміны.У тэрмінасістэме батанікі сустракаюцца стылістычныя сінонімы, якія маюць розную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку іналежаць да розных стыляў і сфер ужывання. Напрыклад: лотаць – лопух, нюнькі, бабоўнік, жаўтушнік, мядзведжая лапка; купальнік – буквіца, гарнік, касцян, пералёт; гарлачык – лілея, калітка, булдаўка, вадзяніца, макаўка, гладышыкі, бубэнчыкі, куўшынкі; трыпут-нік – прыдарожнік, бабка, серпарэзнік, міжперсніца; лопух – лапушнік, дзядоўнік, рапей, брылі, калюгі, ранік і інш.

Пары найменняў тыпу «слова – словазлучэнне» або «словазлучэнне – словазлучэнне», якія маюць тоеснае значэнне, варта лічыць сінтаксічнымі сінонімамі-дублетамі.Напрыклад, дэзерцірства – ухіленне ад вайсковай службы, экспарт – знешні гандаль, бікамералізм – двухпалатная сістэма, халатнасць – нядбайнасць злачынная, бюлетэнь – лісток непраца-здольнасці, біпатрыды – двайное грамадзянства, гандбол – ручны мяч, звеславаць – пачаць веславаць, ватэрпола – воднае пола, арбітр – трацейскі суддзя, банкнота – банкаўскі білет, трата – пераводны вэксаль, распіска – пацвярджэнне атрымання і інш.

Шматкампанентныя пары сінонімаў-дублетаў розняцца галоўнымі кампанентамі (адміністрацыйнае правапарушэнне – адміністрацыйная правіннасць) або залежнымі кампанентамі (завочнае навучанне – навучанне без адрыву ад вытворчасці, фіктыўны шлюб – несапраўдны шлюб, Сусвет-ны банк – Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, выгады пераліву – пабочныя выгады, выдаткі накладныя – выдаткі агульныя) і інш.

Варыянтаміз’яўляюцца тэрміны, якія адрозніваюцца паміж сабой фанетычнымі або словаўтваральнымі элементамі і поўнасцю супадаюць сваім значэннем (адыманне – адніманне, арбітражор – арбітражыст, аўкцыянер – аўкцыяніст), а таксама кароткія варыянты поўнага тэрміна. Скарачэнне здзяйсняецца пропускам аднаго з кампанентаў тэрміналагіч-нага словазлучэння (дысперсія хуткасці гуку – дысперсія гуку), заменай словазлучэння тэрмінам, утвораным шляхам усячэння (імпульсны сігнал –імпульс, іскравы разрад – іскра, намінальная вартасць – намінал). Важным сродкам у дасягненні кароткасці тэрміна лічыцца абрэвіяцыя (біялагічны эквівалент рэнтгена – бэр, ЦПК – Цывільны працэсуальны кодэкс, МВФ – Міжнародны валютны фонд, ЕВФП – Еўрапейскае валютна-фінансавае пагадненне, ФІФА – Міжнародная федэрацыя футбольных асацыяцый). Скарачэнне можа дасягацца таксама сродкамі сімволікі(γ-прамяні –электрамагнітнае выпрамяненне з вельмі кароткай даўжынёй хвалі (менш за 0,1 нм) і інш.).

 

 

Паронімы

 

Паронімы – гэта, як правіла, аднакаранёвыя словы адной часціны мовы, падобныя па гучанні, але розныя па сваім лексічным значэнні: абанемент ‘дакумент на права карыстання чым-небудзь’ – абонент ‘асоба, якая мае абанемент, карыстальнік’; гандлёвы ‘які мае адносіны да гандлю’ – гандлярскі’ характэрны для гандляра, яго заняткаў’; альянс ‘саюз, аб’яднанне на аснове дагаворных абавязацельстваў’ – альяс ‘расліна алоэ’; імігрант ‘перасяленец з якой-небудзь краіны’ – эмігрант ‘чалавек, які перасяліўся са сваёй радзімы ў іншую краіну’; інжынерны ‘факультэт, войскі’ – інжынерскі ‘дыплом, абавязкі’; канцэсія ‘дагавор аб перадачы замежнай фірме ў эксплуатацыю на пэўны тэрмін прыродных багаццяў, прадпрыемстваў і інш. гаспадарчых аб’ектаў, якія належаць дзяржаве’ – канфесія ‘веравызнанне: 1) прыналежнасць да пэўнай рэлігіі; прызнанне асобай рэлігійнага вучэння якой-небудзь царквы; 2) рэлігійнае аб’яднанне, якое мае сваё распрацаванае веравучэнне, культ і ўстойлівую арганізацыйную структуру; камітэт ‘выбарны орган, які кіруе якой-небудзь работай’ – камітэнт ‘асоба, якая даручае камісіянеру заключыць якую-небудзь здзелку: куплю, продаж і інш.’; трасат ‘асоба, абавязаная заплаціць па пераводным вэксалі’ – трасант ‘асоба, якая выдае другой асобе пераводны вэксаль; вэксаледаўца’; лакаўт ’адна з форм барацьбы прадпрымальнікаў супраць рабочага класа ў заходніх краінах’ – накаўт ‘стан баксёра ў час бою, калі ён пасля вельмі моцнага ўдару на працягу 10 секунд не можа падняцца і лічыцца пераможаным’; спаборнасць ‘адзін з функцыянальных прынцыпаў, які вызначае працэсуальную дзейнасць суда з мэтай забеспячэння паўнаты фактычнага і доказнага матэрыялу, неабходнага для ўсебаковага, поўнага і аб’ектыўнага даследавання акалічнасцей справы, устанаўлення ісціны па справе’ – спаборніцтвы ‘спартыўная сустрэча для выяўлення пераможцы’; эфектны 'які робіць моцнае ўражанне’ – эфектыўны ‘які прыводзіць да пажаданых вынікаў’.

Паранімічныя групы складваюцца рознымі шляхамі. Важнейшымі з іх з’яўляюцца: марфалагічны спосаб словаўтварэння (бялець і бяліць, крыўдлівы і крыўдны, літарны і літаральны і інш.); змяненне семантыкі (дрэўка і дрэўца, вянец і вянок, стралец і стралок і інш.); запазычанне іншамоўных слоў (абанент і абанемент, статут і статус, эканомія і эканоміка, сталактыт і сталагміт і інш.).

У адрозненне ад амонімаў, лексічнае значэнне паронімаў не столькі вынікае з моўнага кантэксту, колькі, наадварот, служыць удакладненнем сэнсу выказвання. Ад сінонімаў у сэнсавых адносінах паронімы адрозніваюцца тым, што ў іх значэннях заўсёды ёсць прыметы, якія робяць паронімы семантычна самастойнымі, рознымі, узаеманезамяняльнымі словамі. Сінонімы, як тоесныя ці вельмі блізкія па значэнні словы, звычайна могуць замяняцца адзін другім. Для іх характэрна сумежнае размяшчэнне ў тэксце, калі аўтарам ставіцца задача дасягнуць большай паўнаты і выразнасці апісання. Паронімы ў адным кантэксце ўжываюцца вельмі рэдка. Яны не могуць узаемазамяняцца без змены сэнсу выказвання. У моўнай практыцы нярэдка можна пачуць, як няправільна ўжываюцца паронімы: Хлопчык слухаў цікаўную казку (замест цікаўную трэба было ўжыць паронім цікавую).Дакладнае значэнне паронімаў можна праверыць па слоўніку паронімаў.

 

 

Антонімы

 

Антонімы – гэта словы з лагічна процілеглым лексічным значэннем, якія ўсё ж азначаюць суадносныя паняцці: нацыяналізацыя – прыватызацыя, пакаранне – памілаванне, страты – даходы, шлюб – развод, аналогія – неадпаведнасць, ісцец – адказчык, крэдытор – даўжнік, штраф – узнагарода, правы – абавязкі, экспарт – імпарт, расход – даход, крэдыт – дэбет, стратны – прыбытковы, спытаць – адказаць. Антанімічная група складаецца толькі з двух слоў. Не маюць антонімаў, як правіла, уласныя назоўнікі і назоўнікі з канкрэтным значэннем, лічэбнікі і большасць займеннікаў.

Антонімы могуць абазначаць прасторавыя і часавыя паняцці (неба – зямля, верх – ніз, дзень – ноч, лета – зіма, поўдзень – поўнач, пачатак – заканчэнне, імгненне – вечнасць і інш.); пачуцці, эмоцыі, настрой, стан чалавека (шчаслівы – няшчасны, п’яны – цвярозы, любоў – нянавісць, актыўнасць – пасіўнасць, весялосць – паныласць, смеласць – баязлівасць, удача – няўдача, упэўненасць – няўпэўненасць і інш.); стан прыроды (світанне – змярканне, мароз – спёка, усход – захад, шторм – штыль і інш.); якасць і ацэнку (трывалы – нетрывалы, моцны – слабы, якасны – няякаcны, высакародны – подлы, станоўчы – адмоўны і інш.) і г.д. Па структуры антонімы падзяляюцца на рознакаранёвыя і аднакаранёвыя. У рознакаранёвых (лексічных) антонімах супрацьлегласць выражаецца рознымі каранямі ці асновамі: добры – злы, жыццё – смерць, доўгі – кароткі, вайна – мір, паміраць – нараджацца, лёгка – цяжка, аналіз – сінтэз і інш. У аднакаранёвых (граматычных) антонімах супрацьлегласць узнікае пры дапамозе антанімічных прыставак: фашызм – антыфашызм, гармонія – дысгармонія, праўда – няпраўда, увезці – вывезці, адчыніць – зачыніць, упісаць – выпісаць і інш.

Акрамя агульнамоўных антонімаў важную ролю для выражэння кантрастаў адыгрываюць кантэкставыя антонімы (антонімы маўлення) – словы, якія ў звычайнай моўнай сітуацыі не выражаюць супрацьлеглых значэнняў, але набываюць іх у індывідуальных аўтарскіх кантэкстах. Напрыклад: Прайсці нялёгка год за годам, бо шлях – то шоўк, а то асцё... хто ж меру ведае заўсёды, шчаслівы той на ўсё жыццё (П. Броўка); Вось так хлопец, вось так ён, слухай яго, голь! На славах магутны слон, а на дзеле – моль (Я. Купала); Я да цябе звяртаю слова: ты паглядзі на тых між нас, каму дзяржавы нашай мова – кусок руды, а не алмаз (Н. Гілевіч) і інш.

З’ява антаніміі, якая праяўляецца ў існаванні слоў з супрацьлеглым значэннем, у мове навукі мае свае асаблівасці. Так, напрыклад, словы, якія ўтвараюць антанімічную пару ў агульналітаратурнай мове лёгкі – цяжкі (камень), у мове спорту антонімамі не з’яўляюцца: лёгкая – цяжкая (атлетыка): лёгкая атлетыка – ‘від спорту, які ахоплівае хадзьбу, бег, скачкі, кіданне кап’я, дыска, штурханне ядра і пад.’; цяжкая атлетыка – ‘комплекс фізічных практыкаванняў па падыманні цяжараў (штангі, гіры, гантэлі і інш.)’. Выкарыстанне літаратурнага антоніма мокры да тэрміналагічных словазлучэнняў сухі плод (плод з сухім каляплоднікам), сухая касцянка (касцянка з сухім мезакарпам (у какосавай пальмы) мяняе іх значэнне: мокры плод (касцянка) – ‘які трапіў пад дождж і намок’. Значэнне супрацьлегласці можа ўзнікаць у слове як вынік яго спецыфічнага выкарыстання ў мове навукі. Напрыклад, зменная ў матэматычнай логіцы – ‘моўны выраз, які служыць для абазначэння адвольнага аб’екта з нейкага фіксаванага мноства аб’ектаў’. Зменная называецца свабоднай, калі ў выраз, у які яна ўваходзіць, магчымая падстанова замест зменнай імёнаў аб’ектаў з абсягу яе значэнняў. Калі названая падстанова немагчымая (па сэнсе выразу), то зменная называецца звязанай’. Такім чынам, узнікае антанімічная пара свабодны – звязаны. У эканоміцы бык ‘удзельнік таргоў, які чакае павышэння цэн і іграе на павышэнне цэн на біржы’антанімічны слову мядзведзь ‘спекулянт, які іграе на паніжэнне цэн на біржы’.

Семантычныя асаблівасці антонімаў шырока выкарыстоўваюцца для стылістычных мэт у мастацкіх творах, публіцыстычнай літаратуры, розных жанрах вуснай народнай творчасці і г.д.Веданне суадноснасці антонімаў дапамагае больш дакладна азначыць процілеглыя з’явы, што немалаважна для дакументаў, ад якіх патрабуецца дакладная фармулёўка паняццяў.

 







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.