Здавалка
Главная | Обратная связь

Запазычаная лексіка



Запазычаная лексіка– словы, якія прыйшлі ў нашу мову з іншых моў. Запазычванне адбываецца непасрэдна з моў-крыніц і праз пасрэдніцтва іншых моў(польскай, рускай, украінскай) двума шляхамі – вусным і пісьмовым. Многія запазычаныя словы былі асвоены беларускай мовай фанетычна і граматычна і цяпер не ўспрымаюцца намі як чужыя. Іх «іншаземнасць» можна ўстанавіць толькі шляхам спецыяльнага лексічнага аналізу. Запазычаная лексіка падзяляецца на запазычанні са славянскіх моў і запазычанні з неславянскіх моў.

Запазычанні са славянскіх моў няпроста вылучыць з беларускай лексікі, бо яны лёгка асвойваюццца нашай мовай, што тлумачыцца падабенствам граматыкі і фанетыкі. Большасць славянскіх запазычанняў прыйшлі да нас з польскай мовы, бо на працягу амаль чатырох стагоддзяў на нашых землях існавала беларуска-польскае двухмоўе. З тых часоў у нашай мове захаваліся паланізмы: вензель, відэлец, быдла, гузік, вяндліна, замак, заядлы, зброя, здрада, кавадла, курок, маёнтак, моц, падданы, палкоўнік, пан, паядынак, скарб, скарга, сукенка, хлопец, чвэрць, палац, кабета, цаля. У выніку ўзаемадзеяння беларускай і ўкраінскай моў на ўсіх этапах гістарычнага развіцця з украінскай лексікі ў беларускую перайшлі словы: бадзёры, лунаць, недалуга, забабоны, плюгавы, журыцца, падлюга, чупрына, бацькаўшчына, вербалоз, ежа, агортваць, боршч, прыкмета, заляцанне, хутар, варэнік, побыт, журыцца, галушка, забабоны.Нямала ў беларускай мове і слоў, запазычаных з рускай мовы, асабліва за савецкім часам: масцеравы, савет, чайнік, кафельшчык, важаты, раскольнік, сталовая, ссылка, пераварот, забастоўка, подзвіг, ячэйка, дзекабрыст, абшчына. Царкоўна-славянская мова, якая на працягу тысячагоддзя з’ўляецца мовай праваслаўнай царквы, паўплывала і на беларускую мову, пашырыўшы яе лексічны склад такімі словамі: дрэва, рыза, воблака, неба, трэба, уласны, хрыбет. З чэшскай мовы ў беларускую прыйшлі словы: праца, робат, калготы, блакіт.

Запазычанні з неславянскіх моў вядомыя ў нашай мове са старажытных часоў. Суіснаванне на працягу доўгага часу ў адной дзяржаве літоўцаў і беларусаў прывяло да ўзбагачэння і беларускай мовы літоўскімі запазычаннямі – літуанізмамі: клуня, свіран, намітка, пуня, дойлід, капшук. Цюркізмы, у прыватнасці татарызмы, праніклі ў беларускую мову праз рускую або непасрэдна праз зносіны беларускага насельніцтва з татарамі, якія жылі на Беларусі: аркан, арда, базар, дыван, капкан, тапчан, торба, атаман, кандалы, каравул, гарбуз, качан, баран, барсук, халат, шапка, буран, туман. Словы грэчаскага паходжання праніклі ў беларускую мову пераважна праз пераклады рэлігійнай і навуковай літаратуры: акадэмія, акіян, дэльфін, аксаміт, базіс, дэкада, ікона, кафедра, геаметрыя, камедыя, космас, логіка, стыхія, фантазія, храналогія, бібліятэка, дыялект, параграф, царква, эканоміка. Вельмі пашыраныя ў беларускай мове словы з лацінскай мовы – лацінізмы, яны былі запазчаны або непасрэдна з лацінскай мовы, або праз мовы нашых суседзяў: аматар, аблігацыя, бульба, вакансія, дырэктар, квартал, кліент, крэдыт, пéня, працэнт, цэнтр, канстытуцыя, атэстат, прафесар, факсíміле, фонд, лексіка, юрыспрудэнцыя. Са старажытных часоў у беларускай мове існуюць запазычанні з нямецкай мовы – германізмы: абанент, біржа, бухгалтар, вэксаль, жабрак, маляр, майстар, каштарыс, кельня, слесар, швагер, варта, рота, штурм, гандаль, кошт, крама, рахунак, фунт, ланцуг, лямпа, труна, ліштва, шуфляда, шыба, бровар, дах, кухня, млын, фальварак, шпіталь, фарба, цэгла, цыбуля, цукар, бурштын, коўдра, футра, шыльда. Шырока выкарыстоўваюцца ў беларускай мове і словы з англійскай мовы (бізнес, долар, імпарт, менеджар, бартар, лізінг, сейф, чэк), галандскай (бакен, баркас, боцман, канвой, марціра, дамкрат, брас, краб, апельсін), французскай (абанемент, аванс, акрэдытыў, акцыз, алея, бланк, баланс, кашнэ, тузін, фасад), італьянскай (банк, валюта, макарона, опера, памідор, парасон, парапет, рызыка, фірма), фіна-ўгорскіх моў (цівун, акула, салака, нарты, кілька, пельмені, сані, тундра), іспанскай (кастаньеты, каньён, кафетэрый), кітайскай (чай, жэнь-шэнь), японскай (дзюдо, кімано, івасі, соя, сакэ, сушы, цунамі).

Пранікненне іншамоўных слоў – з’ява заканамерная для любой мовы. Гэта вынік палітычных, гандлёвых, эканамічных і культурных сувязей, цесных моўных кантактаў народаў свету. Запазычанні не парушаюць нацыянальнай самабытнасці беларускай мовы, яны ўзбагачаюць яе лексічную сістэму.

 

8.3 Прыкметы запазычаных слоў

 

Многія словы, запазычаныя з неславянскіх моў, фанетычна і марфалагічна асвоены беларускай мовай і не маюць ярка выражаных асаблівасцей, якія дазваляюць вызначыць іх іншамоўнае паходжанне, але большая частка слоў захавала некаторыя адметнасці, праз якія праяўляецца іх чужаземнасць. Асноўнай марфалагічнай асаблівасцю з’яўляецца нескланяльнаць назоўнікаў: кіно, кашпо, даміно, шымпанзэ, кенгуру, калібры, таксі, метро, алібі. Акрамя таго, запазычанасць слова можна вызначыць па суфіксах -ізм (-ызм), -іст (-ыст), -ір (-ыр), -аж, -іс, -ум, -ус, -ант, -інг (-ынг) і інш.: рэалізм, філатэліст, брыгадзір, ажыятаж, тэзіс, пленум, радыус, дыктант, маркетынг, а таксама па прыстаўках а-, анты-, дэ-, рэ-, дэз-, амфі- і інш.: амаральны, антыфрыз, дэнамінацыя, рэарганізацыя, дэзінфекцыя, амфітэатр. Ёсць і фанетычныя прыкметы, па якіх можна вызначыць чужаземнасць слова:

1) пачатковае непрыставачнае а: агрэст, атака, альтруізм, аер, армія і інш., не блытаць з аб’езд (аб- прыстаўка), адысці (ад- прыстаўка), азёры (возера – азёры вынік чаргавання о/а);

2) пачатковыя о, э: опера, ордэн, оптыка, орган, экспедытар, эканоміка, эліта, эталон;

3) наяўнасць літары ф: аферыст, фарба, шафа, факел, фікус, форма, прафесія;

4) спалучэнні бю, кю, мю, пю, фю, вю: бюро, пюрэ, камюніке, фюзеляж, кювет, дэжавю;

5) спалучэнні галосных у корані: аул, рэальнасць, гуаш, ідэал, леапард, сеанс, акардэон;

6) спалучэнні дэ, ды, тэ, ты ў корані: дэтэктыў, дыктант, тэатр, тыгр, дыван, тэмп;

7) спалучэнні ге, ке, хе: агент, кельня, пакет, піке, схема.

 

 

9 Актыўная і пасіўная лексіка

 

Слоўнікавы склад мовы няспынна мяняецца: адны словы выходзяць са штодзённага ўжытку, страціўшы сваю актульнасць, іншыя прыходзяць у мову рознымі шляхамі ў сувязі з гістарычным развіццём грамадства. Пры гэтым існуе пэўная колькасць слоў, якія найбольш шырока выкарыстоўваюцца ў наш час. Яны не маюць ні адцення ўстарэласці, ні адцення навізны і вядомыя большасці носьбітаў мовы. Гэтыя словы мы адносім да актыўнай лексікі: чалавек, школа, горад, вясёлы, хуткі, спяваць, пісаць, хадзіць, высока, насуперак, сем, тры і г.д. Да пасіўнай лексікі адносяцца ўстарэлыя словы і неалагізмы.

 

Устэрэлыя словы

 

Устарэлымі мы называем словы, якія ў наш час не ўжываюцца штодзённа, хоць у мінулыя часы яны маглі быць актыўнай лексікай. З улікам прычын выхаду гэтых слоў з актыўнага ўжытку вылучаюць гістарызмы і архаізмы.

Гістарызмы – словы, якія выйшлі з ужытку разам з прадметамі і паняццямі, якія яны азначалі. Напрыклад, калісьці прадметы саха, каганец, каптур былі рэчамі, якімі карысталіся нашыя продкі, але цяпер гэта ўжо часцей экспанаты гістарычных музеяў. Гэтак жа і паняцці парабак, рэкрут, камбед узгадваюцца толькі ў сувязі з апісаннем гістарычнага мінулага, гэтых з’яў у цяперашнім грамадстве няма.

Архаізмы – словы, якія выйшлі з ужытку, замяніўшыся новымі. Гэта значыць, што прадметы і паняцці, якія яны азначалі, існуюць і ў наш час, але для іх назваў выкарыстоўваюцца іншыя словы. Напрыклад, раней чалавека, які даглядаў лес, называлі палясоўшчык, цяпер такога чалавека мы называем ляснік. Існуе даволі шмат такіх устарэлых слоў, якія замяніліся сучаснымі назвамі: атрамант – чарніла, чада – дзіця, лемантар – буквар, скрыжалі – закон, тлумач – перакладчык.

Гістарызмы ў эканамічнай лексіцы сустракаюцца не часта. Значэнне большасці такіх адзінак на сёння не ўсведамляецца дастаткова поўна без спецыяльных даведнікаў. Такія словы не маюць сінонімаў у сучаснай беларускай мове. У «Слоўніку бугальтэрскае тэрмінолёгіі» (Менск, 1928) выяўляюцца наступныя адзінкі, якія на сённяшні дзень з’яўляюцца гістарызмамі: ліхвяр ‘той, хто бярэ высокія, недазволеныя законам працэнты за пазычаныя грошы’, гербавы збор ‘асобы дзяржаўны збор пры афармленні дакументаў па грамадска-прававых справах’, скарбнік ‘у дарэвалюцыйнай Расіі – кіраўнік казначэйства’, сельскагаспадарчая камуна ‘у першыя гады Савецкай улады – адна з форм калектыўнай сельскай гаспадаркі з поўным абагульненнем сродкаў вытворчасці, спажывання і бытавога абслугоўвання’, чырвонец ‘грашовы крэдытны білет вартасцю ў дзесяць рублёў, які быў ва ўжытку ў СССР з 1922 да 1947 г.’,
а таксама словы бушаль, тэрміновыя купоны, базная кніга, гарцавы збор, заборная кніжка, картэль, чырвоны процант, ападаткавальны ліст, ордарная кніга, ясак і інш.

Архаізмы больш пашыраны ў эканамічнай лексіцы: літацыя – аўкцыён, угода – здзелка, установец – заснавальнік, агуловы прыбытак – валавы прыбытак, павер – крэдыт, дысконт – улік, застава – заклад, гуртавік – аптавік, мыта – пошліна, посул – прапанова, злічва – вынік, падрахунак, застаўны ліст – закладны ліст, каморны – кладаўшчык, манко – недаважванне, гуртавы гандаль – аптовы гандаль, перавознае мыта – транзітная пошлінаі інш.

 

Неалагізмы

Неалагізмы– словы, якія параўнальна нядаўна ўвайшлі ў нашу мову і яшчэ не страцілі адцення навізны. Часцей за ўсё ўзнікненне гэтых слоў звязана з развіццём навукі і тэхнікі (мадэм, фоташоп, вебкамера), з’яўленнем новых пасад і відаў дзейнасці (мерч-а/ы/э-ндайзер*, хакер), распаўсюджваннем новых напрамкаў духоўнага развіцця грамадства (фэн-шуй, экстрасэнс). З цягам часу неалагізмы могуць увайсці ў склад актыўнай лексікі. Так, словы калгас, касманаўт, камп’ютар у розныя часы былі неалагізмамі, але цяпер яны ўжо не ўспрымаюцца як новыя. Многія неалагізмы выходзяць з ужытку, так і не стаўшы элементамі актыўнай лексікі. Напрыклад, слова пейджар калісьці было неалагізмам, але цяпер яно становіцца гістарызмам, бо сам прадмет зняты з вытворчасці.

 

10 Лексіка паводле сферы ўжывання

 

Паводле ўжывання ўсе словы беларускай мовы падзяляюцца на агульнаўжывальную лексіку і лексіку абмежаванага ўжытку.

Агульнаўжывальнымі называюцца словы, якія вядомыя большасці носьбітаў мовы і выкарыстоўваюцца без прафесійных, тэрытарыяльных, стылістычных абмежаванняў: горад, высокі, моцна, хадзіць, сямнаццаць, хата, поўдзень, няспынна, снежны.

У лексіцы абмежаванага ўжытку вылучаюць дыялектную (выкарыстанне абмежавана тэрыторыяй), спецыяльную (выкарыстанне абмежавана сферай дзейнасці) і жаргонную лексіку (выкарыстанне абмежавана сацыяльным колам).

Дыялектную лексіку складаюць словы, якія выкарыстоўваюцца на пэўнай тэрыторыі. Гэтыя словы называюць дыялектызмамі: іспоткі (рукавіцы), картопля (бульба), нагавіцы (штаны), пасталы (лапці), вятроўкі (басаножкі). Яны адрозніваюцца ад літаратурнай лексікі, але дыялектная лексіка з’яўляецца адной з крыніц для ўзбагачэння лексічнага складу літаратурнай мовы. І нярэдка словы, якія былі дыялектызмамі, з цягам часу становяцца агульнавядомымі.

Да спецыяльнай лексікі адносяцца словы, якія выкарыстоўваюцца ў пэўных галінах прафесійнай і навуковай дзейнасці. Сярод іх вылучаюць прафесіяналізмы і тэрміны.

Тэрміны(ад лац. terminus – граніца, мяжа) – гэта афіцыйна ўзаконеныя словы або словазлучэнні, якія ўваходзяць у тэрміналагічную сістэму пэўнай галіны навукі, культуры, вытворчасці, спорту і г.д., абазначаюць спецыяльнае паняцце і маюць дакладнае лагічнае азначэнне (напр., інтэграл, атмасфера, сінтэз, марфема, гіпотэза, афсайд, пенальці і інш.). Тэрміны могуць быць як агульнанавуковыя (аналіз, дослед, працэс, мадэль, тэорыя і інш.), так і вузкаспецыяльныя (напр., у генетыцы: храмасома, ген, зігота і інш.; умовазнаўстве: постфікс, фанема, сінтаксіс, тапонімы і інш.; у плаванні: батэрфляй, кроль, брас і г.д.). Сукупнасць такіх слоў, характэрных для пэўнай галіны навукі або вытворчасці, называецца тэрміналогіяй. Напрыклад, медыцынская тэрміналогія, эканамічная тэрміналогія, юрыдычная тэрміналогія, лінгвістычная тэрміналогія і т.п. Большасць тэрмінаў – гэта вузкаспецыяльныя словы: каштарыс, разліковы рахунак, гідрагенізацыя. Але існуюць і міжгаліновыя тэрміны, якія сустракаюцца ў розных галінах (абласцях) навукі і вытворчасці: блакада ў вайсковай тэрміналогіі азначае «акружэнне праціўніка», а ў палітычнай тэрміналогіі – «сістэма мерапрыемстваў, накіраваных на ізаляцыю якой-небудзь дзяржавы».

 

Гэта цікава! Паводле падання, лац. Termin – імя рымскага бога, ахоўніка межаў, памежных слупоў, межавых знакаў; рымскі цар Нума Пампілій пабудаваў у Рыме храм Тэрміна і ў гонар бога ўвёў свята – тэрміналіі. Да межавага знака прыходзілі жыхары бліжэйшых вёсак, упрыгожвалі яго, прыносілі ахвяры і весяліліся. Вось адкуль слова тэрмін абазначала «памежны знак, пагранічны камень», пазней – «канец, мяжа», яшчэ пазней – «тэрмін, перыяд», і, нарэшце, яго сталі выкарыстоўваць у сучасным значэнні.

 

Прафесіяналізмы – гэта словы, якія выкарыстоўваюцца людзьмі пэўнай прафесіі. Прафесіяналізмы блізкія да тэрмінаў, але яны выкарыстоўваюцца часцей у гутарковай мове, чым у пісьмовай. Напрыклад, у мове будаўнікоў ужываюцца словы: кéльня, цёрка, адвéс, правíла, шрубавёрт, флéйчык, перфарáтар, шваброўка; у мове пчаляроў выкарыстоўваюцца словы: ладзьбаванне, ляжак, кураль, соты.

Жаргон – гэта сукупнасць слоў, распаўсюджаных у пэўных сацыяльных колах, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі (рокеры, панкі, хіпі, эма, готы і т.п.) або родам заняткаў (турысты, студэнты, шафёры і г.д.). Прафесійны жаргон мае цесныя кантакты з прафесіяналізмамі, але жарганізмы вылучаюцца экспрэсіўнай афарбоўкай. Таму калі ад словазлучэння заліковая кніжка ўтварылася слова залікоўка, то яно стала прыналежнасцю жаргону. Да студэнцкага жаргону можна аднесці і словы: пара, госы, лáба, шпора, бомба і т.п. У наш час вельмі хутка пашыраецца жаргон тых людзей, прафесія якіх звязана з камп’ютарамі: венік, віндá, ламер, прога, клáва і г.д. Жаргон – слова французскага паходжання (jargon), але ў тым жа значэнні ўжываецца і слова слэнг (ад англійскага slang), якое часцей прымяняецца для абазначэння гэтай з’явы ў адносінах да англамоўных краін. Таму ў літаратуры можна сустрэць гэтыя назвы для абазначэння аднолькавых з’яў.

Вельмі распаўсюджаны жаргон у злачынных колах, дзе ён не толькі называе з’яву, але і дае магчамасць адрозніць па мове «сваіх» ад «чужых», а нярэдка з’яўляецца і сродкам канспірацыі. Для звычайнага чалавека такія словы, як правіла, незразумелыя: філон, вуркаган, шырмач-дамушнік, чардачнік, урка, буза і г.д. Калі ж жаргон моцна развіваецца, то ён можа ператварыцца ў нейкае падабенства самастойнай мовы – арго, у якой захоўваецца граматычны лад пэўнай мовы, але лексіка складаецца ў асноўным з жарганізмаў, якія ў гэтым выпадку называюць яшчэ і аргатызмамі (арго – разнавіднасць жаргону). Калі нейкая сацыяльная група хоча па тых ці іншых прычынах захаваць у тайне свае намеры, то выкарыстоўвае арго.

Тэма VI Лексікаграфія. Тыпы слоўнікаў

Лексікаграфія(ад грэч. lexikos – які адносіцца да слова і grapho – пішу) – раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца тыпы слоўнікаў паводле іх структуры і прызначэння. У задачу лексікаграфіі ўваходзіць таксама вывучэнне будовы слоўнікавых артыкулаў, распрацоўка памет і прыёмаў тлумачэння значэння слова.

Пачатак развіцця беларускай лексікаграфіі звязваюць з дзейнасцю першадрукара і асветніка Ф. Скарыны. Менавіта ён на палях сваіх кніг зрабіў пераклад каля 200 незразумелых царкоўнаславянскіх слоў на старабеларускую мову (такія тлумачэнні называліся глосамі). Пачынанне Скарыны было працягнута яго паслядоўнікамі. Ужо ў канцы ХVІ ст. з’яўляецца першы друкаваны перакладны слоўнік «Лексисъ» Лаўрэнція Зізанія (у ім 1061 слова); у 1627 г. у Кіева-Пячэрскай лаўры выходзіць слоўнік «Лексиконъ славеноросский» Памвы Бярынды (у ім каля 7000 слоў). З тлумачальных слоўнікаў ХІХ ст. найбольш каштоўным з’яўляецца «Слоўнік беларускай мовы» Івана Насовіча (1870 г.). Гэты слоўнік – вынік 16-гадовай працы яго аўтара. Тут поўнасцю адлюстравана лексіка і фразеалогія жывой беларускай мовы таго часу (больш за 30 000 слоў). У сваім слоўніку І. Насовіч выяўляе значэнні мнагазначных слоў, дае граматычную характарыстыку, указвае сферу ўжывання слоў, тлумачыць паходжанне некаторых з іх. Аўтар свядома не ўключаў у слоўнік словы, агульныя для беларускай і рускай моў. У якасці ілюстрацыйнага матэрыялу выкарыстоўваў народныя песні, прыказкі, выслоўі, фразеалагізмы. Слоўнік І. Насовіча перавыдадзены ў 1983 г. Пачынаючы з 20-х гадоў ХХ ст. у нашай краіне вядзецца сістэматычная лексікаграфічная праца.

Усе слоўнікі падзяляюцца на энцыклапедычныя і лінгвістычныя.

Энцыклапедычныя слоўнікі – гэта даведнікі, у якіх у сціслай форме выкладзены навуковыя веды. Энцыклапедычныя слоўнікі тлумачаць не словы, а паняцці, апісваюць прадметы, з’явы, падзеі, расказваюць пра гістарычных асоб, дзеячаў навукі, культуры і г.д. Загаловачнае слова ў энцыклапедычных слоўніках не мае граматычнай і стылістычнай характарыстыкі, у ім толькі пазначана месца націску; указваецца паходжанне запазычаных тэрмінаў. Ілюстрацыямі ў слоўніках гэтага тыпу служаць малюнкі, табліцы, дыяграмы, рэпрадукцыі, карты, схемы, фотаздымкі.

Энцыклапедычныя слоўнікі бываюць агульныя і галіновыя. Агульныя энцыклапедычныя слоўнікі даюць сістэматызаваныя звесткі з розных галін ведаў. Прыклады такіх слоўнікаў: «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (БелСЭ) у 12 тамах (1969–1975), «Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя» (КЭ БССР) у 5 тамах (1978–1981), «Беларуская энцыклапедыя» ў 18 тамах (1996–2004).

Галіновыя слоўнікі падаюць звесткі з якой-небудзь адной галіны навукі, культуры, вытворчасці і пад., напрыклад, «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» ў 5 тамах (1984–1987), «Энцыклапедыя прыроды Беларусі» ў 5 тамах (1983–1986), «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» ў 6 тамах (1993–2003) і інш.

Лінгвістычныя слоўнікі апісваюць словы мовы, тлумачаць іх значэнне, паходжанне і пад. Яны бываюць аднамоўныя, двухмоўныя і шматмоўныя. Двухмоўнымі і шматмоўнымі з’яўляюцца перакладныяслоўнікі, напрыклад, «Руска-беларускі слоўнік» у 2 тамах пад рэдакцыяй
К. Крапівы (1982), «Беларуска-рускі слоўнік» у 2 тамах (1988), «Украінска-беларускі слоўнік» В. П. Лемцюговай (1980), «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэдакцыяй А. Абрэмбскай-Яблонскай і М. Бірылы (1962), «Англійска-беларуска-рускі слоўнік» пад рэдакцыяй Т. М. Сушы і А. К. Шчу-кі (2004) і інш.

Найважнейшае значэнне для вывучэння слоўнікавага складу мовы маюць тлумачальныя слоўнікі. Прыкладамі такіх слоўнікаў з’яўляюцца «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» ў 5 тамах (1977–1984), «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» А. Я. Баханькова, І. М. Гайду-кевіча, П. П. Шубы (1979) для сярэдняй школы, «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» пад рэдакцыяй М. Р. Судніка (1996).

Разнавіднасцю тлумачальных слоўнікаў з’яўляюцца дыялектныя (абласныя) слоўнікі, у якіх адлюстроўваецца і тлумачыццалексіка адной гаворкі або групы гаворак: «Дыялектны слоўнік»Ф. М. Янкоўскага (вып. 1, 1959; вып. 2, 1960; вып. 3, 1970), «Дыялектны слоўнік: З гаворак Зэльвеншчыны» П. У. Сцяцко (1970),«Тураўскі слоўнік» А. А. Крывіцкага, Г. А. Цыхуна, І. Я. Яшкіна іінш. у 5 тамах (1982–1987) і г.д.

У фразеалагічных слоўніках сабраны ўстойлівыя словазлучэнні (фразеалагізмы), растлумачана іх значэнне, прыведзены ілюстрацыі. Сярод іх – «Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі» Г. Ф. Юрчанкі (1972), «Фразеалагічны слоўнік для сярэдняй школы» Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепе-шава, Ф. М. Янкоўскага (1973), «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў»
І. Я. Лепешава, у якім разглядаецца паходжанне фразеалагізмаў беларускай мовы (1981), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» у 2 т. І. Я. Ле-пешава (1993) і інш.

Вялікае значэнне ў засваенні правільнага напісання слоў маюць арфаграфічныя слоўнікі: «Арфаграфічны слоўнік для сярэдняй школы»
М. П. Лобана, М. Р. Судніка (1982), «Арфаграфічны слоўнік» для пачатковай школы (1982), «Слоўнік беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне» пад рэдакцыяй М. В. Бірылы (1987), «Кароткі слоўнік беларускай мовы: Правапіс. Вымаўленне. Націск. Словазмяненне. Словаўжыванне» Г. У. Арашонкавай, В. П. Лемцюговай (1994), «Беларускі арфаграфічны слоўнік» пад рэдакцыяй А. А. Лукашанца (2009) і інш.

Даволі шматлікімі з’яўляюцца тэрміналагічныя слоўнікі. У іх тлумачацца тэрміны з розных галін навукі, тэхнікі і г.д. Напрыклад, «Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў» (1990), «Слоўнік акцёра і рэжысёра» (1995), «Кароткі тлумачальны слоўнік паліталагічных тэрмінаў» (1997), «Кароткі эканамічны слоўнік» (1993), «Кароткі беларускі слоўнік музычных тэрмінаў» (1992), «Тэрміналагічны слоўнік па вышэйшай матэматыцы для ВНУ» (1993), «Слоўнік фізічных і астранамічных тэрмінаў» (1979), «Руска-беларускі слоўнік па машынабудаванні» (1998), «Лаціна-руска-беларускі батанічны слоўнік» (1967), «Руска-беларускі слоўнік біялагічных тэрмінаў» (1992), «Руска-беларускі агранамічны слоўнік» (1994), «Расейска-беларускі хімічны слоўнік» (1993), «Русско-белорусский словарь спортивной терминологии» (1993), «Краткий русско-белорусский словарь терминов по спортивным играм» (1996), «Русско-белорусский медицинский словарь» (1993), «Расейска-беларускі вайсковы слоўнік» (1997), «Руска-беларускі фізічны слоўнік» (1999) і інш.

Да лінгвістычных таксама адносяцца гістарычныя слоўнікі (адлюстроўваюць лексіку мінулых эпох, час узнікнення і шляхі развіцця слоў), этымалагічныя(паходжанне слоў, змены іх значэнняў), слоўнікі сінонімаў, амонімаў, антонімаў, паронімаў, іншамоўных слоў, слоўнікі мовы пісьменнікаў, тапанімічныяслоўнікі (адлюстраваны геаграфічныя назвы), антрапанімічныя(фіксуюцца ўласныя імёны), марфемныя слоўнікі (вызначаецца марфемная будова слова) і многія іншыя. Безумоўна, гэта далёка не поўны пералік існуючых на сённяшні дзень слоўнікаў у беларускай мове.

Трэба заўважыць, што будова слоўнікавага артыкула (загаловачнае слова разам са звесткамі пра яго) вызначаецца тыпам слоўніка. Так, поўны слоўнікавы артыкул тлумачальнага слоўніка ўключае наступныя элементы: загаловачнае слова; граматычную характарыстыку; стылістычную характарыстыку; сэнсавую характарыстыку; ілюстрацыйны матэрыял; тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні; этымалагічную даведку. Размяшчаюцца загаловачныя словы ў слоўніку ў алфавітным або алфавітна-гнездавым парадку. Пры алфавітна-гнездавой падачы слоў вытворныя ад агульнага кораня і блізкія значэннем словы аб’ядноўваюцца ў гняздзе (прыкладам можа служыць «Русско-белорусский словарь», 1982). Ілюстрацыямі ў большасці слоўнікаў з’яўляюцца прыклады ўжывання слоў у сказах, што бяруцца з літаратурных крыніц.

 

 

Тэма VII Функцыянальныя стылі
беларускай мовы

 

Гутарковы стыль

Гутарковы стыль выкарыстоўваецца ў штодзённых зносінах паміж знаёмымі, блізкімі людзьмі. Ён можа ўжываццца і пры неафіцыйных кантактах паміж незнаёмымі людзьмі, калі сітуацыя не вымагае вытрымліваць нормы дзелавога этыкету, хоць у гэтым выпадку абмяжоўваецца выкарыстанне многіх элементаў стылю: прастамоўяў, жарганізмаў, ненарматыўнай лексікі і т.п. Такім чынам, вылучаюцца дзве разнавіднасці стылю: размоўна-бытавы і размоўна-афіцыйны.

Гэтыя зносіны характарызуюцца вуснай формай. Але гутарковы стыль можа мець і пісьмовую форму: асабістыя дзённікі, прыватныя лісты і т.п.

Мэтай такіх зносін з’яўляецца абмен інфармацыяй самага рознага характару, у асноўным бытавога.

Характэрнымі рысамі гэтага стылю з’яўляюцца:

1) жывое, натуральнае маўленне, свабоднае ў выбары слоў:гэта значыць, што ў мове не адчуваецца ніякай напружанасці ў выбары лексічных адзінак, тэмп маўлення выбіраецца ў залежнасці ад характару і тэмпераменту прамоўцы, ад яго настрою;

2) экспрэсіўнасць, высокая ступень эмацыянальнасці, вялікая роля інтанацыі і мімікі:паколькі вуснае маўленне разлічана на слыхавое і зрокавае ўспрыняцце, то асаблівае значэнне набывае інтанацыя, якая звязана з тэмпам маўлення, тонам, мелодыяй, тэмбрам голасу, паўзамі, лагічнымі націскамі;

3) спантаннасць (непадрыхтаванасць) маўлення: у адрозненне ад кніжных стыляў размоўнае выказванне, як правіла, будуецца без папярэдняй падрыхтоўкі, фактычна фарміраванне думкі і прамовы адбываецца адначасова;

4) адсутнасць строгай лагічнасці: гэта адметная рыса вынікае з папярэдняй – спантаннасці маўлення. Менавіта непадрыхтаванасць часцей за ўсё з’яўляецца прычынай непаслядоўнага выкладу інфармацыі, пераскоквання з адной тэмы на другую;

5) суб’ектыўнасць ацэнак: прамоўца можа выказваць свае думкі аб прадмеце маўлення, выяўляць свае адносіны да інфармацыі, якую ён паведамляе.

Моўныя сродкі гутарковага стылю таксама вызначаюцца пэўнымі асаблівасцямі.

На лексічным узроўні:

– вельмі часта выкарыстоўваецца размоўна-бытавая лексікіа (велізарны, чысцюткі, шкандыбаць);

– характэрным з’яўляецца ўжыванне дыялектных, прастамоўных слоў, жарганізмаў, прафесійнага слэнгу;

– семантычныя сцяжэнні: тушанае мяса – тушонка, нацыянальная бібліятэка – нацыяналка, заліковая кніжка – залікоўка.

Сустракаюцца адхіленні ад літаратурнай нормы ў пастаноўцы націску, у вымаўленні, ва ўтварэнні формаў слова. Сінтаксіс гутарковага стылю вызначаецца шырокім ужываннем аднасастаўных, няпоўных, эліптычных сказаў. Рэдка выкарыстоўваюцца дзеепрыметныя звароты.

 

 

Мастацкі стыль

Мастацкі стыль выяўляецца ў першую чаргу ў мастацкай літаратуры, а таксама з гэтым стылем цесна звязаныя і многія іншыя сферы культурнага жыцця: тэатры, кіно, музеі, выставы, экскурсіі. Нярэдка ў гэтых выпадках ён мяжуе з публіцыстычным стылем. Вылучаюцца тры разнавіднасці стылю: 1) вершаваная мова; 2) мова драматургіі;
3) мастацкая проза.

Мастацкі стыль вылучаецца асаблівасцю адзінства камунікатыўнайі эстэтычнай функцыі. У ім ствараецца славесны малюнак, які не толькі нясе нейкую інфармацыю, але і выконвае задачу эмацыянальна-вобразнага ўздзеяння на думкі і пачуцці чытача .

Прыкметы гэтага стылю:

1) эмацыянальнасць;

2) экспрэсіўнасць;

3) вобразнасць;

4) стылістычная незамкнёнасць;

5) індывідуальнасць аўтара.

Моўныя сродкі мастацкага стылю – гэта ў першую чаргу тропы (метафара, метанімія, сінекдаха, алегорыя, гіпербала, літота, параўнанне, увасабленне, эпітэт і інш.) і фігуры маўлення (анафара, антытэза, градацыя, інверсія, паралелізм, рытарычнае пытанне і інш.).

 







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.