Здавалка
Главная | Обратная связь

Публіцыстычны стыль



Публіцыстычны стыль адлюстроўваецца ў мове грамадска-публі-цыстычнай літаратуры, сродках масавай інфармацыі, сходах, мітынгах і пад.

Яго задача – паведамляць грамадскую інфармацыю, уздзейні-чаць на свядомасць і эмоцыі мас, фарміраваць грамадскую думку.

Вылучаюць разнавіднасці гэтага стылю: 1) прамоўніцкі, 2) радыё-журналісцкі, 3) газетна-публіцыстычны.

Стылявыя рысы:

1) лагічнасць выкладу;

2) эмацыянальнасць;

3) ацэначнасць;

4) сумяшчэнне экспрэсіі і стандарту;

5) закліковасць;

6) вобразнасць.

 

Моўныя сродкі публіцыстычнага стылю

На лексічным узроўні:

– грамадска-палітычная, эканамічная, агульнакультурная лексіка;

– спалучэнне ўрачыстай лексікі з размоўнай;

– умеранае ўжыванне вобразных сродкаў, характэрных для мастацкага стылю;

– газетная вобразнасць, фразеалагізмы, «крылатыя выразы», моўная гульня, каламбуры.

На марфалагічным узроўні:

– шырокае выкарыстанне дзеясловаў у форме 1-й і 2-й асобы з займеннікамі;

– форма загаднага ладу дзеяслова выкарыстоўваецца як сродак прыцягнення ўвагі суразмоўцы (чытача): паглядзіце, успомніце, давайце падумаем, звярніце ўвагу;

– цяперашні час дзеяслова выкарыстоўваецца для паведамлення аб падзеях, запланаваных на будучы час: На наступным тыдні адкрываецца кніжны кірмаш;

– формы адзіночнага ліку часта выкарыстоўваюцца ў значэнні множнага: наш чалавек заўсёды адрозніваецца кемлівасцю (слова ‘чалавек’ ужыта ў значэнні ’людзі’).

На сінтаксічным узроўні:

– актыўнае выкарыстанне эмацыянальна- і экспрэсіўна-афарбаваных канструкцый: клічных, пытальных і пабуджальных сказаў, звароткаў, рытарычных пытанняў, лексічных і сінтаксічных паўтораў і інш.;

– імкненне да экспрэсіі абумоўлівае ўжыванне канструкцый з гутарковай афарбоўкай: інверсій, бяззлучнікавых сказаў, эліптычных сказаў (сказаў з прапушчанымі членамі);

– абмежаванае выкарыстанне дзеепрыметных і дзеепрыслоўных зваротаў.

 

 

Навуковы стыль

Навуковы стыль выкарыстоўваецца ў сферах навукі, адукацыі, вытворчасці, тэхнікі і інш. Ён рэалізуецца ў кніжных спецыялізаваных тэкстах розных жанраў, вусных выступленнях на навуковыя тэмы.

Задача навуковага стылю – паведаміць навуковую інфармацыю, растлумачыць яе, прадставіўшы сістэму навуковай аргументацыі.

Навуковы стыль мае наступныя разнавіднасці: уласна навуковы, навукова-вучэбны, навукова-папулярны, навукова-тэхнічны, навуко-ва-даведачны.

 

Разнавіднасці навуковага стылю Жанравая класіфікацыя
уласна навуковы манаграфія, артыкул, даклад, курсавая работа, дыпломная работа, дысертацыя  
навукова-вучэбны падручнік, слоўнік, метадычны дапаможнік, лекцыя, канспект, анатацыя, вусны адказ, тлумачэнне  
навукова-даведачны слоўнік, даведнік, каталог, энцыклапедыя  
навукова-тэхнічны патэнтнае апісанне, тэхнічная дакументацыя, інструкцыя па выкарыстанні тэхнічнага прыстасавання  
навукова-папулярны нарыс, кніга, лекцыя, артыкул  

Для яго характэрны наступныя стылявыя рысы:

– абстрактнасць;

– дакладнасць;

– маналагічнае маўленне;

– аб’ектыўнасць;

– аргументаванасць;

– абдуманасць выказванняў;

– лагічнасць;

– імкненне да нармаванай мовы.

Моўныя сродкі навуковага стылю

На лексічным узроўні:

– насычанасць тэрмінамі;

– абстрактныя назоўнікі (закон, лік, уласцівасць), аддзеяслоўныя назоўнікі са значэннем дзеяння (перапрацоўка, выкарыстанне);

– выкарыстанне слоў у прамым значэнні, адсутнасць вобразнасці;

– частае выкарыстанне лексічных сродкаў, якія ўказваюць на сувязь і паслядоўнасць думак (спачатку, перш за ўсё, па-першае, наадварот, таму і пад.).

На марфалагічным узроўні:

– рэдкае выкарыстанне ўласных займеннікаў я і ты, а таксама дзеясловаў у форме 1-й і 2-й асоб адзіночнага ліку;

– спецыяльныя прыёмы аўтарызацыі; аўтарскае «мы» (так званае «мы-сціпласці»), няпэўна-асабовыя і безасабовыя канструкцыі (Лічаць, што..; Вядома, што ...);

– шырокае выкарыстанне назоўнікаў з абстрактным значэннем з суфіксамі -нн-, -енн- (-энн), -анн-: абнародаванне, дазнанне, адкліканне, адчужэнне, акрэдытаванне, апазнанне, звальванне, накрыванне, забяганне, разгінанне і інш., а таксама з суфіксам -цыj-: асацыяцыя, датацыя, дэкларацыя і пад.;

– частае «нанізванне» роднага склону назоўнікаў: Дэвальвацыя адбываецца шляхам афіцыйнага паніжэннякурса нацыянальнай валюты ў адносінах да золата, серабра, якой-небудзь замежнай валюты ў адпаведнасці з абясцэньваннем грашовых знакаў, якое адбылося, пры гэтым ранейшыя грашовыя знакі застаюцца ў абароце (скрытая дэвальвацыя);

– шырокае ўжыванне дзеясловаў у 3-й асобе цяперашняга часу, паколькі навуковы выклад грунтуецца на ісцінах, аксіёмах аб’ектыўнага асяроддзя, ён абстрагаваны ад канкрэтнага, актыўнага дзеяння ці руху: Адзыўная грамата падпісваецца кіраўніком і замацоўваецца подпісам міністра замежных спраў дзяржавы, якая прызначыла дыпламатычнага прадстаўніка, і накіроўваецца кіраўніку той дзяржавы, пры якой ён акрэдытаваны;

– прыметнікі ў навуковых тэкстах уваходзяць у асноўным у склад тэрміналагічных словазлучэнняў і выконваюць інфармацыйную ці класіфікацыйную функцыю. Напрыклад: Кадастр – сістэматызаваны збор звестак; цана – грашовае выяўленне кошту адзінкі тавару (прадукцыі вырабаў, паслуг і інш.). Асноўныя віды цэн: адпускныя, закупачныя, рознічныя цэны. Цана можа быць свабодная, фіксаваная, дагаворная. Адрозніваюць таксама цэны: прэйскурантныя, намінальныя, пакупніка або прадаўца, зменныя, даўгачасныя, эластычныя і інш.

На сінтаксічным узроўні:

– ужыванне складаных сказаў з выкарыстаннем злучнікаў, якія ўказваюць на суадноснасць з’яў;

– адсутнасць клічных сказаў, рэдкае выкарыстанне пытальных сказаў;

– частае выкарыстанне цытат, спасылак;

– выкарыстанне дзеепрыметных і дзеепрыслоўных зваротаў;

– выкарыстанне формул, графікаў, схем у якасці кампанентаў тэксту.







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.