Здавалка
Главная | Обратная связь

З гісторыі пісьменнасці



 

Пісьменнасць – адно з самых вялікіх вынаходніцтваў чалавека. Але тое пісьмо, якім мы карыстаемся ў наш час, прайшло доўгі шлях трансфармацыі і развіцця.

Першым этапам развіцця пісьма была піктаграфія – пісьмо ў выглядзе малюнка або паслядоўнасці малюнкаў. Ім карысталіся індзейцы Амерыкі, жыхары Афрыкі, абарыгены Аўстраліі, малыя народы Сібіры амаль да ХХ стагоддзя. У наш час захаваліся элементы гэтага пісьма ў выглядзе малюнкаў на дарожных знаках (напрыклад, знак «Асцярожна, дзеці!»), шыльдах крамаў (батон на булачнай), цырульняў (нажніцы), гадзіннікавых майстэрнях (гадзіннік) і г.д. Асабліва зручна карыстацца такімі знакамі, калі чалавек не ведае мовы і знаходзіцца ў іншай краіне.

З развіццём піктаграфічнай сістэмы і набыццём дадатковага сімвалічнага сэнсу малюнкаў пачынае развівацца ідэаграфія – пісьмо паняццямі. Гэта спосаб перадачы мовы, які мы зараз выкарыстоўваем для стварэння рэбусаў. Элементы ідэаграфічнага пісьма ёсць і ў нас: лічбы, навуковыя сімвалы +, =, %, крыж на дарожным знаку «Перасячэнне раўназначных дарог» і інш.

Але такім пісьмо было на пачатку яго развіцця. Паступова малюнкі сталі вельмі абстрактнымі і ператварыліся ў іерогліфы. Самымі старажытнымі сістэмамі ідэаграфічнага пісьма з’яўляюцца егіпецкае, шумерскае і кітайскае. У наш час захавалася толькі кітайскае (іерагліфічнае). Хоць такое пісьмо не адлюстроўвае вымаўлення, але для шматмільённага Кітая, дзе існуе вялікае мноства дыялектаў, іерагліфічная пісьменнасць – вельмі зручны сродак міждыялектных зносін.

Далейшае развіццё прывяло да ўзнікнення фанетычнага пісьма, якое стала перадаваць мову не толькі ў яе граматычным, але і ў фанетычным ладзе. Першым этапам было складоваепісьмо, калі за пэўным знакам замацоўвалася спалучэнне гукаў – склад. Такім было пісьмо ў Старажытнай Індыі. Гэты прынцып пісьма выкарыстоўваюць і ў сучасных японскай, карэйскай, в’етнамскай мовах. Другім этапам было ўзнікненне літарнага пісьма ў Фінікіі, але ў ім перадаваліся толькі зычныя гукі. Ад фінікійскага алфавіта пайшло арабскае пісьмо, якое налічвае 28 літар, акрамя таго, існуюць надрадковыя знакі для абазначэння кароткіх галосных гукаў.

А вось апошні крок на шляху развіцця фанетычнага пісьма быў зроблены старажытнымі грэкамі, якія запазычылі літары ў фінікійцаў, але сталі абазначаць не толькі зычныя, а і галосныя гукі. Яны змянілі і накірунак пісьма: сталі пісаць злева направа. Дзесьці ў сярэдзіне ІХ ст. да н.э. канчаткова сфарміраваўся грэчаскі алфавіт.

На базе грэчаскага алфавіта ўзніклі лацінскае пісьмо, магчыма, праз пасрэдніцтва этрускага, і кірылічны алфавіт, які быў створаны ў ІХ стагоддзі братамі Кірылам і Мяфодзіем для старабалгарскай мовы, а потым з прыняццем хрысціянства быў распаўсюджаны на землі Старажытнай Русі.

Старажытная беларуская мова ад пачатку свайго развіцця карысталася кірылаўскім пісьмом, якое мела рукапісны варыянт напісання, а з узнікненнем кнігадрукавання сталі ўжывацца і друкаваныя літары. Захаваліся многія рукапісныя і друкаваныя помнікі старабеларускай мовы.

У ХІV–ХV стст. на Беларусі ўзнікаюць першыя татарскія пасяленні, і татары, страціўшы сваю мову, пачынаюць ствараць помнікі – кітабы – на старабеларускай мове, карыстаючыся арабскім пісьмом. Чыталіся кітабы справа налева. Іх вывучэнне пачалося ў ХІХ ст. і працягнулася ў ХХ ст.

У часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай на нашых землях былі распаўсюджаны лацінская і польская мовы, таму лацінскі алфавіт быў даўно вядомы на Беларусі. Пасля 1696 года, калі ў Рэчы Паспалітай было забаронена выкарыстанне беларускай мовы ў афіцыйным ужытку, у беларускамоўныя творы пачынае пранікаць лацінка. У ХVІ ст. яна выкарыстоўваецца паралельна з кірыліцай і ў некаторых драматычных творах на беларускай мове. У ХІХ ст. лацінка (пры існаванні кірыліцы) была прыстасавана беларускімі пісьменнікамі (Я. Баршчэўскі, Я. Чачот, А. Рыпінскі, В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч, А. Гурыновіч і інш.) для перадачы беларускай мовы. Лацінкай друкавалася газета «Мужыцкая праўда» К. Каліноўскага, на кірыліцы і лацінцы выходзілі газеты «Наша доля» і «Наша ніва». Лацінкай надрукаваны творы Цёткі, зборнік Я. Купалы «Гусляр», раннія творы Я. Коласа і інш. У Заходняй Беларусі лацінка ўжывалася побач з кірыліцай да 1939 года і ў перыёдыцы, і ў кніжных выданнях.

Такім чынам, у гісторыю беларускага пісьменства ўвайшлі тры віды графікі: кірыліца, лацінка і арабскае пісьмо.

 

 







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.