Здавалка
Главная | Обратная связь

З гісторыі беларускага правапісу



 

Сучасныя нормы беларускага правапісу складваліся на працягу доўгага часу. У першых помніках беларускага пісьменства (ХІV–ХV стст.), у якіх пераважна захоўваліся традыцыйныя нормы старажытнарускага правапісу, ужо знаходзілі адлюстраванне найбольш яркія рысы беларускай фанетыкі (зацвярдзенне р, ц і шыпячых, пераход в у ў у пэўным становішчы, зрэдку – аканне). Пачынаючы з ХІХ ст., калі народныя гаворкі сталі асновай для беларускай літаратурнай мовы, фарміруюцца і замацоўваюц-ца асноўныя рысы беларускага правапісу. У гэты перыяд галоўным кірункам развіцця арфаграфіі было імкненне паўней адлюстраваць жывое вымаўленне.

Станаўленню арфаграфічных норм спрыялі першыя беларускія газеты «Наша доля» (1906 г.), «Наша ніва» (1906–1915 гг.), дзейнасць выдавецкага таварыства «Загляне сонца і ў наша аконца», выданні твораў беларускіх пісьменнікаў, трохтомная праца Я. Ф. Карскага «Беларусы».

Першыя спробы распрацаваць і замацаваць нормы беларускага правапісу былі зроблены братамі Антонам і Язэпам Лёсікамі, якія ў 1917 годзе апублікавалі лацінскім шрыфтам дапаможнік «Як правільна пісаць па-беларуску», а ў 1918 годзе на яго аснове выдалі «Беларускі правапіс». У гэты час выходзяць і іншыя дапаможнікі: «Беларуская граматыка»
Б. Пачобкі, праект беларускай арфаграфіі «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным» Р. Абіхта і Я. Станкевіча, але найбольш значным і ўдала распрацаваным сярод іх стала «Беларуская граматыка для школ» Б. Тарашкевіча, выдадзеная ў Вільні ў 1918 годзе ў знакамітай друкарні Марціна Кухты. Менавіта граматыка Браніслава Тарашкевіча стала пачаткам сучаснай арфаграфіі. У 1926 годзе была склікана Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі. У 1930 годзе быў выдадзены «Беларускі правапіс» (праект). У 1933 годзе Саўнаркам БССР прыняў пастанову «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу», якую пазней сталі называць «сталінскай» правапіснай рэформай.

У 30-40-я гады практыка выкладання мовы ў школе, друкарская практыка выявілі шмат нявырашаных праблем правапісу, многія правілы патрабавалі перагляду. Пасля дыскусіі 1949–1957 гадоў Арфаграфічная камісія пры АН БССР падрыхтавала новы праект удакладненняў і змен у беларускім правапісе. Гэты праект быў зацверджаны Саветам Міністраў БССР у 1957 годзе, а ў 1959 годзе выйшлі «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі».

Аднак і новыя правілы таксама не ахоплівалі ўсіх спрэчных і няясных выпадкаў. Напрыклад, традыцыйныя напісанні семнаццаць, васемнаццаць, дзевяты, дзесяты, якія не адпавядалі нормам пісьма. Шмат цяжкасцей было і з напісаннем запазычаных слоў, колькасць якіх пастаянна павялічваецца. Узбагачэнне мовы новымі словамі на шмат часу апярэджвае выхады новых слоўнікаў, а нераспрацаванасць нормаў асваення запазычанняў прыводзіла да разнабою ў напісанні мноства слоў. Каб ліквідаваць гэтыя недахопы правапісу, у 1993 годзе была створана Дзяржаўная камісія па ўдакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы, якая прызнала, што існуючыя правілы беларускага правапісу ў цэлым забяспечваюць функцыянаванне пісьмовай мовы ва ўсіх сферах выкарыстання і не патрабуюць кардынальных змен. Камісія рэкамендавала падрыхтаваць новую рэдакцыю «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», у якой трэба ўлічыць прапановы гэтай камісіі па ўдакладненні беларускага правапісу. У выніку гэтага 28 ліпеня 2008 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», які зацвердзіў новую рэдакцыю гэтых правіл.

У новай рэдакцыі правапісу правілы напісання галосных і зычных гукаў, ужывання вялікай і малой літар прыведзены да большай уніфікацыі.

 

 







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.