Здавалка
Главная | Обратная связь

ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА



Праграма

ўступных іспытаў

па вучэбным прадмеце “Беларуская літаратура”

Для асоб, якія маюць агульную сярэднюю адукацыю,

Для атрымання вышэйшай адукацыі

Год

 


ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА

 

Змест праграмы адпавядае патрабаванням адукацыйнага стандарту і суаднесены са зместам вучэбнай праграмы для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання па беларускай літаратуры. Праграма грунтуецца на ўзаемасувязі прынцыпаў дэмакратызацыі і гуманізацыі, пераемнасці і даступнасці навучання, арыентуе на асэнсаванне духоўных і маральных каштоўнасцей.

Праграма ўключае творы вуснай народнай творчасці і мастацкай літаратуры, звесткі пра асноўныя перыяды беларускага і сусветнага мастацкага працэсу, звесткі аб жыцці і творчасці вядомых майстроў слова, асноўныя тэарэтыка-літаратурныя паняцці.

Літаратурныя творы адабраны з улікам іх мастацкай і агульначалавечай значнасці, выхаваўчай каштоўнасці, месца ў творчасці пісьменніка і ў гісторыі літаратуры, актуальнасці для нашага часу. Пры гэтым улічваліся гуманістычны сэнс твораў, дыялектычная сувязь сацыяльнага, канкрэтна-гістарычнага і агульначалавечага ў іх, мастацкая своеасаблівасць, аўтарская пазіцыя.

 

ПАТРАБАВАННІ ДА ПАДРЫХТОЎКІ АБІТУРЫЕНТАЎ

 

На ўступных іспытах абітурыент павінен ведаць:

асноўныя этапы і заканамернасці развіцця беларускай літаратуры (ад старажытных часоў да сучаснасці);

сутнасць і характэрныя асаблівасці асноўных мастацкіх сістэм (барока, класіцызм, асветніцтва, сентыменталізм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм), родаў і жанраў літаратуры;

найбольш важныя звесткі пра жыццёвы і творчы шлях пісьменнікаў, творчасць якіх вывучаецца манаграфічна;

змест, праблематыку, сістэму вобразаў, сюжэтна-кампазіцыйныя асаблівасці твораў, якія ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі вывучаліся тэкстуальна, іх канкрэтна-гістарычнае, нацыянальнае і агульначалавечае значэнне;

неабходны мінімум звестак па тэорыі літаратуры, патрэбных для аналізу і ацэнкі мастацкіх твораў (змест і форма; сюжэт, кампазіцыя; тэматыка, праблематыка, пафас твора); адметнасці паэзіі і прозы як асноўных відаў (тыпаў) літаратурнай творчасці; асноўныя паняцці вершаскладання (рытм, рыфма, страфа, вершаваны памер).

Абітурыент павінен умець:

даваць ідэйна-эстэтычную ацэнку прачытаным творам і абгрунтоўваць яе;

выяўляць характэрныя родавыя і жанравыя, стылёвыя асаблівасці вывучаных твораў;

 

аналізаваць сюжэтна-кампазіцыйныя асаблівасці вывучаных твораў, характарызаваць герояў эпічных і драматычных твораў, а таксама вызначаць важнейшыя адметнасці лірычных герояў тых твораў, якія вывучаліся тэкстуальна;

выяўляць асноўныя адметнасці стылю (творчай індывідуальнасці) пісьменніка;

перадаваць блізка да тэксту або цытаваць урыўкі з твораў, якія прапанаваны вучэбнай праграмай для завучвання на памяць.

Адказ павінен быць прадуманым, звязным, паслядоўным. Маўленне абітурыента на ўступных іспытах па беларускай літаратуры павінна вызначацца дакладнасцю, правільнасцю, аргументаванасцю, выразнасцю, лексічным багаццем; улічваючы спецыфіку беларускай літаратуры як вучэбнага прадмета, выказванне на іспыце можа мець рысы мэтазгоднай эмацыянальнасці, вобразнасці, індывідуальна-творчыя элементы.

 







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.