Здавалка
Главная | Обратная связь

ТЭАТРЫ РАДЗIВIЛАУ У НЯСВIЖЫ I СЛУЦКУ



Магнацкi род Радзiвiлаў к пачатку XVIII стагоддзя быў адным з магутнейшых i ўплывовых на тэрыторыi Беларусi, а Нясвiж стаў прызнаным цэнтрам усiх радзiвiлаўскiх латыфундыяў. Цэхi горада аб'ядноўвалi 69 прафесiй, сярод якiх былi краўцы "французскай i нямецкай моды", каруначнiцы, майстры па вырабу шаўковых i залататканых паясоў i габеленаў, кафляры, ткачы, а таксама скрыпачы, цымбалiсты, габаiсты, арфiсты, бандурысты, капельмайстры, лiрнiкi, валтарнiсты, важатыя мядзведзяў. Цэхi музыкантаў былi i ў iншых ўладаннях Радзiвiлаў – Слуцку i Мiры. Капэла Нясвiжскага замка iснавала з 1724 г., куды акрамя музыкантаў уваходзiлi i спевакi.

Тэатральныя паказы былi вядомыя ў Нясвiжы i намнога раней, але гэта былi спектаклi школьнага тэатра пры езуiцкiм калегiуме. Вiдаць, блiзкай да школьных "дыялогаў" была i першая пастаноўка ў 1740 г. у Нясвiжскiм замку п'есы "Узор справядлiвасцi". Гэты тэатр у Нясвiжскiм замку ўзнiк па iнiцыятыве i пры непасрэдным удзеле княгiнi Францiшкi Уршулi Радзiвiл, якая стварыла вялiкую трупу акцёраў i пiсала для iх п'есы на польскай мове. Спачатку ўдзельнiкамi спектакляў былi аматары – члены сям'i Радзiвiлаў, мясцовая шляхта, кадэты.

Пазней, калi развiццё атрымлiваюць балет i опера, трупа складалася з адораных i абучаных прыгонных сялян i (часткова) запрошаных прафесiйных артыстаў. Спектаклi ставiлi ў днi святаў, iмянiн, у гонар прыезду гасцей. Тэатральныя прадстаўленнi ўводзiлi ў жыццё новы тып забаў, якiя паспяхова канкурыравалi з паляваннем, доўгiмi банкетамi i г.д.

Першая камедыя У.Радзiвiл "Дасцiпнае каханне" была пастаўлена 13 чэрвеня 1746 г. З-за адсутнасцi памяшкання, прыстасаванага для пастаноўкi, спектакль быў паказаны пад адкрытым небам у Альбе – загараднай рэзiдэнцыi Радзiвiлаў побач з Нясвiжам. Па свайму жанру "Дасцiпнае каханне" – камедыя-пастараль з танцамi. Дзеянне гэтага аднаактовага твора адбывалася ў старажытным Егiпце, дзе тузiн (расейскае – дюжина) пастушак, дачок хворага i набожнага пастуха Люцыдора наладжвае тайныя сустрэчы са сваiмi каханымi пастухамi. Двойчы заспетыя сваiм падслепаватым бацькам, яны знаходзяць даволi дасцiпнае выйсце з няёмкага становiшча: каханкау яны ставяць на пастаменты i выдаюць iх бацьку за статуi. Каханне дасцiпна! Для кахання няма перашкод. Па ходу дзеяння ў тэкст камедыi ўпляталiся жарты i вiншаваннi акцёраў-аматараў. Сярод акцёраў быў танцмайстар Шрэтэр, якi выконваў ролю Пастара, прыгонная негрыцянка – "панна Катажына", якая iграла "дзеўку" (прыслугу). Шматлiкiх "сатыраў" выконвалi прыгонныя з княжацкай капэлы. Сярод выканаўцаў быў i княжацкi блазан Я.Вiшнявецкi, нязменны ўдзельнiк шэрагу тэатралiзаваных паказаў у Нясвiжы i Альбе.

Для спектакля была ўзведзена адзiная дэкарацыйная ўстаноўка – аркада, якая замыкалася нiшай. У арках (па шэсць з кожнага боку) былi пастаўлены пастаменты. Спектакль iграўся ў бытавых i тэатралiзаваных "пейзанскiх" касцюмах.

У 1747 г. у Нясвiжы быў адкрыты кадэцкi корпус – "Рыцарская школа", дзе было дванаццаць "элеваў" – кадэтаў, якiя сталi прымаць удзел у нясвiжскiх пастаноўках. Навучанне, побач з ваеннымi навукамi, прадугледжвала даволi шырокую свецкую адукацыю: вывучалiся французская, нямецкая i руская мовы, а з 1749 г. была ўведзена падрыхтоўка сцэнiчных выступленняў – драматычных i балетных. Фактычна з гэтага часу кадэты i сталi часткай аматарскай трупы У.Радзiвiл, выканаўцамi яе драматычных твораў.

Драматургiчныя творы У.Радзiвiл былi напiсаныя рыфмаванай прозай i адлюстроўвалi не запатрабаваннi нясвiжскага гледача, якi толькi далучаўся да тэатра як вiда мастацтва, а, хутчэй, асабiсты густ i настроi самога аўтара. Праблематыка "камедый i трагедый" У.Радзiвiл, жанравыя межы якiх былi даволi ўмоўныя, не выходзiла за кола пытанняў маралi, шлюбнай i васальнай вернасцi, трываласцi рэлiгiйных перакананняў, немiнучага пакарання за зло i вераломства, "пастаральнага" кахання, якое пераадольвае ўсе перашкоды. Па сваёй структурнай пабудове i форме творы У.Радзiвiл былi даволi спрошчаныя: дзеянне магло будавацца па-за часам i прасторай. Сюжэты для сваiх п'ес У.Радзiвiл чэрпала з сярэднявяковай заходнеўрапейскай драматургii, народных казак, антычнай мiфалогii, арабскiх i пярсiдскiх гумарэсак. Сярод яе персанажаў – арлекiны, што прыйшлi ў Нясвiж з iтальянскай "камедыi дэль артэ" i балетаў Францыi, а таксама героi школьнай драмы i навел Бакачыо. такiм чынам, бачым, што творчы метад У.Радзiвiл пэўным чынам адлюстроўвае павевы мясцовай культуры барока, яе своеасаблiвай пераходнай формы ад сярэдневяковых вiдовiшчаў да тэатра новага часу (эпохi Асветнiцтва).

Усяго пяру У.Радзiвiл належыць 16 драматычных твораў, сярод якiх камедыi "У вачах нараджаецца каханне", "Суцяшэнне ў клопатах", "Гульня Фартуны", опер "Сляпое каханне не зважае на вынiкi" i "шчаслiвае няшчасце", трагедыя "Суддзя, пазбаўлены розуму", фарс "Несумленнасць у пастцы" i iнш.

У.Радзiвiл займалася таксама перакладамi-пераробкамi твораў французскай класiкi, у прыватнасцi, камедый Мальера "Доктар па прымусу" i "Смешныя манернiцы" (у У.Радзiвiл "Камедыя вытанчаных i смешных дзяўчат"). Але Мальер у Нясвiжы больш iграўся на французскай мове. Так, кадэты на мове арыгiнала выконвалi "Мешчанiна ў дваранах", "Сганарэля, цi Уяўнага (расейскае – мнимый) раганосца" i iнш.

Спачатку, як ужо гаварылася, спектаклi адбывалiся на адкрытых пляцоўках у палацавай сядзiбе Радзiвiлаў Альба i на рве (расейскае – ров) каля нясвiжскага замку i ў зялёным тэатры ў парку "Кансаляцыя" вакол нясвiжсскага замка. пазней у прыстасаваным для спектакляў памяшканнi ў самiм замку i ў будынку кадэцкага корпуса.

У 1748 г. архiтэктар К.Ждановiч закончыў работу па перабудове княжацкага манежа ў Нясвiжы ў "камедыхауз". Гэта было першае стацыянарнае тэатральнае памяшканне на тэррыторыi Беларусi, якое змяшчала да 1000 чалавек. Тэатр меў дванаццаць вокнаў i два ярусы ложаў. Гараджане стаялi ў партэры на працягу ўсяго дзеяння. Такiм чынам, пасля адкрыцця гэтага памяшкання на спектаклi акрамя шляхты сталi дапускацца i гараджане.

У аздабленнi спектакляў прымалi ўдзел мясцовыя мастакi К.Гескi, М.Скжыцкi, Мiкалаеўскi. Сцэна гэтага тэатра асвятлялася i магла паднiмацца, спачатку была аздоблена тоолькi тэларыямi. Кулiсныя дэкарацыi i прыстасаваннi ("махiны") для iх змены з'явiлiся ў 1750 г.

Вядома, што ў нясвiжскiм тэатры за перыяд з 1751 па 1753 гг. было пастаўлена 26 драматычных спектакляў. У гэты ж час пачала працаваць i нясвiжская балетная прыгонная трупа. Для кiравання ёю i падрыхтоўкi балетных нумароў у 1750 г. быў запрошаны французскi балетмайстар Любэ Мацье, з якiм быў заключаны кантракт на тры гады з умовай таксама навучыць танцам дзяцей князя Мацея Радзiвiла Рыбанькi i прыдворных. Праз год (1751 г.) у Нясвiжы адкрылася музычная школа для падрыхтоўкi ўласных музыкантаў i спевакоў з дзяцей прыгонных сялян навакольных вёсак.

У 1753 г. са смерцю Уршулi Радзiвiл закончыўся першы перыяд развiцця нясвiжскага тэатра, яшчэ пераважна аматарскага. З гэтага ж часу пры нясвiжскiм тэатры было сфармiравана дзве трупы – iтальянская з наёмных артыстаў i свая ўласная з прыгонных. Пазней яны злiлiся з балетнай трупай слуцкага тэатра i вызначылi своеасаблiвасць нясвiжскай сцэны ў далейшы перыяд яе iснавання.

 

* * *

Слуцкi тэатр iснаваў адначасова з нясвiжскiм. Яго ўладальнiкам быў брат Мацея Радзiвiла Рыбанькi – Геранiм Фларыян, харунжы лiтоўскi, бязлiтасны прыгоннiк балетаман, уладар цудоўнай капэлы з прафесiйных музыкантаў, якая выступала на святы не толькi ў Слуцку, але i ў iншых маёнтках, перш за ўсё ў Белай (зараз Бяла-Падляска, Польшча).

Геранiм Фларыян Радзiвiл адразу ствараў сваю капэлу на высокiм прафесiйным узроўнi, заключаючы дамовы з музыкантамi высокай квалiфiкацыi, пераважна немцамi, чэхамi, аўстрыйцамi (навогул, Геранiм Радзiвiл пакланяўся ўсяму нямецкаму).

Пачаткам тэатральных паказаў у Слуцку лiчыцца 1751 г. Менавiта ў гэты час пачалi прыстасоўвацца для тэатральных патрэбаў то манеж, то памяшканне (больш цеснае) збройнай палаты слуцкага замка. У 1752 г. пад тэатр было перабудавана памяшканне былога "суднага дома" на тэрыторыi Старога замка ў Слуцку, дзе спектаклi iшлi да 1756 г.

Фармiраванне першай трупы сутыкалася з пэўнымi цяжкасцямi: распачуўшы пра дэспатычны нораў князя, якi мог нават моцна хворых артыстаў i музыкантаў падымаць з ложку i гнаць на спектаклi, саджаць на гаўптвахту, гвалтам прымушаць да прадаўжэння кантрактаў, – не жадалi ехаць у Слуцк.

У драматычных спектаклях па вопыце нясвiжскай сцэны прымалi ўдзел кадэты. У асноўным ставiлiся "нямецкiя" камедыi. Да спектакляў прыцягвалiся музыканты з капэлы, а таксама педагогi кадэцкага корпуса. Сярод акцёраў, што iгралi ролi герояў, часта ўпамiнаюцца прозвiшчы Мараўскага i Ажэльскага. Салдаты гарнiзона – "гранд-мушкецёры" – былi абавязковымi ўдзельнiкамi ўсiх масавых сцэнаў. Яны ж у параднай форме, за зброяй служылi своеасаблiвым "упрыгожаннем" глядзельнай залы: iх ставiлi ва фрунт каля ложаў пад час спектакляў.

Дух прускай казармы панаваў у слуцкiм тэатры, вызначаў яго густ. Нейкi пан Меер спецыяльна пiсаў на нямецкай мове драмы, разлiчаныя на тэатральныя карцiны з выхадам на сцэну цэлых рот салдат: узяцце штурмам крэпасцей, фехтаванне, баталii, сцэны пакарання смерцю праз павешанне – вось асноўны змест гэтых паказаў.

Геранiм Радзiвiл захапляўся i "шатэншпiлем" – тэатрам ценяў, лiчачы, што такiя спектаклi больш даходзяць да публiкi, якая не ведала нямецкай мовы. Акрамя гэтага пэўны час его вабiў тэатр марыянетак. гэтыя спектаклi спалучалiся з паказамi камедый "дэль артэ" i "турэцкiх камедый", оперных спектакляў на нямецкай i iтальянскай мовах.

У вераснi 1759 г. у Слуцку было завершана будаўнiцтва трэцяга па лiку "камедыхауза", якi быў выдатна абсталяваны тэатральнай машынэрыяй. Гэты тэатральны будынак меў партэр з пакрытымi сукном лаўкамi, абкружаны ложамi. Глядзельная зала, упрыгожаная люстэркамi, мела неглыбокую сцэну з заслонамi i тэларыйнымi дэкарацыямi. Перад сцэнай было адведзена спецыяльнае месца для аркестра.

Абапал тэатра знаходзiлiся некалькi флiгеляў, дзе жылi артысты, спевакi i музыканты, а таксама размяшчалася балетная школа, на базе якой i стварылася першая ў гiсторыi Беларусi балетная трупа начале з выдатнымi i шыпрокавядомымi ў Еўропе iтальянскiм балетмайстрам Антонi Пуцiнi i французскiм танцорам i балетмайстрам Луi Дзюпрэ, што прыехалi ў Слуцк у 1756 г.

У 60-я гады XVIII стагоддзя балет у Еўропе ўжо вылучыўся ў самастойны жанр са сваёй музычнай драматургiяй i шматактовым дзеяннем.

Л.Дзюпрэ i А.Пуцiнi набралi ў слуцкую балетную школу 8–10-гадовых дзяцей, многiя з якiх пазней сталi сапраўднымi зоркамi радзiвiлаўскага балета, нараджэнцы Слуцка – балерына Кася Мiхневiчаўна, танцор i першы беларускi балетмайстар Антон Лойка i iнш. Па словах самога Пуцiнi, ён "нiколi не вучыў такiх разумных дзяцей". Але гэта зусiм не сведчыць аб тым, што гэтыя таленавiтыя ад Бога дзецi пазбягалi муштры i пакарання за самую нязначную правiннасць (у школе быў карцар), выхавацелям дазвалялася ўжываць розгi. У балетным класе таксама панаваў любы князю Геранiму Радзiвiлу дух прускай казармы.

Слуцкi балетны тэатр у другой палове 50-х гадоў XVIII стагоддзя часта выступаў i на нясвiжскай сцэне, што паспрыяла рашэнню Мацея Радзiвiла Рыбанькi завесцi балетную школу i стварыць трупу ў Нясвiжы. У 1759 г. Л.Дзюпрэ са згоды Геранiма Радзiвiла прыступiў да навучання васьмярых прыгонных дзяцей у Нясвiжы.

Пасля смерцi Геранiма Радзiвiла ў 1760 г. слуцкая балетная трупа перайшла ў рукi Мацея Радзiвiла Рыбанькi i была аб'яднаная з нясвiжскай. Пераехаў у Нясвiж i А.Пуцiнi.

Па загаду Мацея Радзiвiла былi абсталяваныя тэатральныя памяшканнi ў Жоўкве i Алыцы, расшырыўся склад капэлы, араганiзаваны балет i створана спецыяльная тэатральная школа. Увогуле тэатр стаў рэпертуарным, а прадстаўленнi ў iм набылi пастаянны характар. Ставiлiся трагедыi Карнэля, Расiна i Вальтэра, камедыi Мальера i Рэньяра, балеты, музыку да якiх пiсалi кампазiтары нясвiжскай капэлы – "Балет з Арлекiнам", "Вянгерскi балет", "Турэцкi балет" i iнш.

 

* * *

Новы, самы значны перыяд iснавання нясвiжскага прыгоннага тэатра пачынаецца з 1777 г., калi з эмiграцыi вярнуўся князь Кароль Станiслаў Радзiвiл Пане Каханку – чалавек жорсткi, разбэшчаны i хiтры, бязлiтасны прыгоннiк, якi часта мяняў свае палiтычныя погляды, быў то прыхiльнiкам, то працiўнiкам Чартарыскiх, караля Станiслава Аўгуста Панятоўскага, Кацярыны II.

Вярнуўшыся з эмiграцыi i канчаткова абсталяваўшыся ў Нясвiжы Кароль Радзiвiл Пане Каханку аднавiў прыдворны тэатр, оперу i балет, пашырыў склад капэлы, стварыў новую тэатральную школу для прыгонных артыстаў, спевакоў i танцораў.

У першую чаргу аднавiлiся балетныя класы, пачалiся рэпетыцыi. Арганiзацыяй школы займаўся спачатку прыгонны балетмайстар Антон Лойка (былы танцор слуцкай трупы), якi пазней быў пасланы князем за мяжу, каб закупiць ноты балетаў i азнаёмiцца з характарам харэаграфii i рэпертуарам тэатраў Вены, Рыма i Венецыi. Нясвiжская трупа налiчвала больш за 30 чалавек i па сваёй колькасьцi наблiжалася да буйнейшых балетаў Заходняй Еўропы i Расii XVIII стагоддзя.

Для арганiзацыi музычнай школы ў 1780 г. у Нясвiж былi запрошаныя iтальянскi скрыпач Дж.Канстанцiнi i кампазiтар Дж.Альберцiнi (1781г.), а для ўмацавання капэлы – даволi вядомы нямецкi дырыжор i кампазiтар Iяган Голанд. Апошнi напiсаў у Нясвiжы шэраг сiмфонiй i паланезаў, кантат i невялiкiх опер, шматактовую оперу "Чужое дабро нiкому не пайшло на карысць" (1780) i камiчную аперэту "Агатка, цi Прыезд пана" (1784).

Асноўны склад опернай трупы сфармiраваўся к пачатку 1782 г. Па дакументах нясвiжскага замка за 1785 г. сярод вядучых спевакоў упамiнаюцца беларусы Рыгельскi, Кулiкоўскi, Калiноўскi, Iзаркевiч, Харытанскi, Фаленскi. Сапраўднымi прымадоннамi былi Марыя Самарытана з Слонiма, П.Драздоўская, сёстры Iванскiя.

Вянцом тэатральных навацый князя Караля Радзiвiла было запрашэнне ў Нясвiж у 1783 г. "кампанii" польскiх акцёраў пад кiраўнiцтвам вядомага антрэпрэнёра Л.Перажынскага. У складзе гэтай трупы былi: буйнейшы прадстаўнiк класiцыстскай акцёрскай школы К.Аўсiнскi, якi праславiўся выкананнем ролi Гамлета, выканаўца роляў герояў-каханкаў В.Ясiнскi, комiк Я.Закжэўскi. Сярод актрыс трупы славiлiся М.Перажынская, якая iграла характарныя ролi задзiрлiвых сялянак, субрэтак i з поспехам спявала ў камiчных операх, i М.Лазанская, драматычная актрыса i спявачка, якая пачала сваю сцэнiчную дзейнасць на нясвiжскай сцэне, а ў далейшым стала адной з "зорак" трцпы "Тэатра Нарадовага" ў Варшаве.

У рэпертуры трупы Л.Перажынскага оперы-буфа Д.Чымарозы "Джанiна i Бернардоне" i Дж.Сарцi "Вясковыя сцэны рэўнасцi", а таксама оперы "Салдат-чорнакнiжнiк, або Д'ябальскi пачастунак" Гаэтанi i "Фраскатанка" Дж.Паiзiэла.

Найбольш актыўна нясвiжскi тэатр працаваў у 1784 г., рыхтуючыся да сустрэчы караля Рэчы Паспалiтай i Вялiкага княства Лiтоўскага Станiслава Аўгуста Панятоўскага, якi па дарозе на Гродзенскi сейм вырашыў наведаць Нясвiж.

К прыезду караля нанова ўпрыгожвалiся будынак i глядзельная зала тэатра, над яго афармленнем i аздобай спектакляў працавалi мастакi-дэкаратары С.Цыбульскi, К.Атасельскi i Мартэльмонс. Касцюмы ствараў А.Прынцкель. Iтальянскi балетмайстар Ф.Каселi напiсаў лiбрэта да новага балета "Арфей i Эўрыдыка", у пастаноўцы якога разам з iм удзельнiчалi Г.Пецiнецi i А.Лойка.

З'яўленне Станiслава Аўгуста Панятоўскага ў нясвiжскiм iэатры было сустрэта спецыяльнымi арыямi. Потым была паказаная прэм'ера I.Голанда "Агатка, цi Прыезд пана" i балеты "Арфей i Эўрыдыка" i "Пiгмалiён".

Сведкi прадстаўленняў адзначаюць надзвычайную пышнасць пастановак нясвiжскай сцэны гэтага перыяду, якое каштавала шмат грошай. Аднак марнатраўства Пане Каханка спалучалася с бесцырымоннасцю пры аплаце па дагаварах. Ён гадамi не плацiў акцёрам i мастакам i нават iшоў на падлог. Так трупа Л.Перажынскага была даведзена iм да галечы. Трупа пакiнула Нясвiж у 1785 г., але двух артыстаў – С.Закржэўскага i М.Вернрууну – князь затрымаў, прымусiўшы iх сiлай падпiсаць дагавор на тры гады з умовай "навучаць аддадзеных iм дзяцей, як дзяўчынак, так i хлопчыкаў, на роднай iх мове для "камедыхауза", вельмi старанна з iмi практыкавацца". Гэтай падзеяй адкрылася яшчэ адна старонка Нясвiжскай тэатральнай школы – з гэтага часу ў ёй пачалi рыхтаваць i сваiх драматычных акцёраў.

Са смерцю ў 1790 г. князя Кароля Станiслава Радзiвiла дзейнасць нясвiжскай прыдворнай сцэны фактычна спынiлася.

 

* * *

Нясвiжскi тэатр Радзiвiлаў – з'ява для прыгоннай сцэны характэрная. Тэатр праiснаваў каля 50 гадоў, перажыў эвалюцыю ад форм аматарскiх да прафесiйных, стварыў свой арыгiнальны рэпертуар, падрыхтаваў вялiкую групу прыгонных артыстаў-беларусаў: танцораў, спевакоў, музыкантаў. У апошнiя гады свайго iснавання тэатр неаднаразова рабiў героем сваiх пастановак простых людзей – сялян-беднякоў, напаўняў музыку дэмакратычным i нацыянальным зместам, адыгрываў станоўчую ролю ў фармiраваннi разначыннага гледача, падрыхтаваў кадры для прафесiных гарадскiх тэатраў i капэл.

 







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.