Здавалка
Главная | Обратная связь

МАЁНТКАВЫЯ ПРЫГОННЫЯ ТЭАТРЫ



Акрамя тэатраў Радзiвiлаў, Агiнскага, Тызенгауза на беларускiх землях iснавала яшчэ шмат тэатраў i капэлаў, пра якiя захавалiся, на жаль, невялiкiя звесткi. Пра тэатры князёў Сапегаў у Ружанах i Дзярэчыне, дзейнасць якiх ахоплiвае даволi вялiкi перыяд часу – ад 1765 да 1791 г. – захавалiся асобныя ўпамiнаннi.

Мураваныя руiны будынка ружанскага тэатра збераглiся да нашых дзён. Мяркуючы па праекце, тэатр меў даволi глыбокую сцэну з сямю планамi кулiсаў, што давала магчымасць тройчы мяняць афармленне ў час паказаў вялiкiх оперных i балетных спектакляў. Падковападобная зала была двухяруснай: у першым ярусе было 14 iзаляваных ложаў, а ў другiм – 15 з каралеўскай ложай у цэнтры. Ложы былi прасторныя, мелi ажурныя балюстрады i раздзялялiся карынфскiмi калонамi. Адну трэць прасторнага партэра займала месца для аркестра, акрэсленае бар'ерамi, што выходзiлi ў залу двума паўкругамi.

Будынак дзярэчынскага тэатра Сапегаў быў крыжападобны ў плане, выраблены з драўляных канстукцыяў, меў менш глыбокую за ружанскую сцэну – чатыры планы кулiс i заднiк. Зала таксама была меншай, мела сем радоў у партэры i дзевяць ложаў. Але гэты тэатр мае для нас асаблiвую цiкавасць таму, што ў iм прымянялася кулiсная перспектыўная дэкарацыя, пакуль што адзiная вядомая на Беларусi, якая дайшла да нас ад апошняй чвэрцi XVIII ст.. гэта тыпрвая класiцыстская цэнтрычная кампазiцыя, дзе на першым плане з абодвух бакоў сцэны стаяць стройныя пiлоны, увенчаныя статуямi, а за пiлонамi – рады баскетаў, якiя сыходзiлiся ў цэнтры да круглай ратонды, завершанай купалам са скульптурай.

Iснавалi таксама тэатры Тышкевiчаў у Свiслачы i Плешчанiцах, князёў Любамiрскiх у Дуброўне, графа Храбтовiча ў Шчорсах.

Прычынай замiрання тэатральнага жыцця ў сядзiбах магнатаў у канцы XVIII ст. з'явiўся крызiс феадальнай i дзяржаўнай сiстэмы, што прывёў да распаду Рэчы Паспалiтай.

 

ШКЛОУСКI ТЭАТР СЯМЁНА ЗОРЫЧА*

Да канца XVIII – пачатку XIX ст. працягвалi iснаваць толькi асобныя тэатры ва ўсходнiх абласцях Беларусi, у памесцях рускiх вяльмож, на землях, якiя Кацярына II даравала сваiм прыблiжаным i фаварытам.

Па звестках, што дайшлi да нас, паказы, якiя давалiся ў шклоўскiм маёнтку графа Зорыча, пераўзыходзiлi па пышнасцi прыдворныя спектаклi пры русскiм iмператарскiм, аўстрыйскiм i французскiм каралеўскiх дварах.

Тэатр Зорыча ў Шклове – выдатная з'ява ў тэатральным жыццi Беларусi канца XVIII ст. Ён можа быць пастаўлены ў адзiны рад з самымi вядомымi тэатрамi Беларусi i Расii XVIII ст., як тэатр А.Тызенгауза ў Гароднi i М.П.Шарамецева ў Маскве.

Узнiк тэатр у Шклове ў 1778 г. Стваральнiкам яго быў вядомы фаварыт Кацярыны II генерал-маёр Сямён Гаўрылавiч Зорыч. трупа тэатра была набраная з прыгонных беларусаў з блiзкiх да Шклова маёнткаў, што належалi гэтаму багатаму расейскаму вяльможу. Артысты тэатра Зорыча атрымалi высокую прафесiйную падрыхтоўку ў лепшых запрошаных з Расii i з-за мяжы педагогаў таго часу. У далейшым многiя з прыгонных артыстаў, выхадцаў са шклоўскага тэатра, служылi рускаму мастацтву ў тэатрах Санкт-Пецярбурга i Масквы.

Сам граф Зорыч пасля прыезду ў Шклоў развiў бурную дзейнасць у пошуку ўцех i забаў. Пры iм быў збудаваны раскошны палац, а таксама спецыяльна прыстасаваную для баляў i маскарадаў велiзарную аранжарэю, стварыў кадэцкi корпус, сфармiраваў тэатральную трупу.

С.Зорыч жыў у Шклове сапраўдным магнатам: у пышных раззалочаных залах амаль штодзённа давалiся абеды на сто асобаў i болей з гарматнай пальбой, уласным аркестрам, iлюмiнацыямi i маскарадамi.

Ужо праз два гады пасля стварэння тэатра ў Зорыча былi дзве сталыя трупы – балетная i драматычная, хор i тры аркестры: т.зв. "хатняя музыка" (складалася з iншаземцаў), вялiкi аркестр з прыгонных i "рагавая музыка".

Рэпертуар тэатра складаўся з алегарычных балетаў з хорамi, мiфалагiчных пантамiм, камiчных опер i феерый. Пераважалi творы, як правiла, творы iтальянскiх, французскiх i нямецкiх кампазiтараў. На яго сцэне не аднойчы давалiся рускiя камедыi i гераiчныя трагедыi.

Асаблiва грандыёзны спектакль быў наладжаны ў Шклове 30 мая 1780 г. у гонар царскiх асобаў – iмператрыцы Кацярыны II i аўстрыйскага iмператара Iосiфа II – у прысутнасцi ўсяго расейскага двара.

Спецыяльна быў пабудаваны "велiзарнейшы дом", дзе дваранамi Магiлёўскай губернi была паказаная пантамiма з алегорыямi i "надзвычайнымi дэкарацыямi", якiх было да 70-цi. У заключэнне гэтага вiдовiшча быў наладжаны феерычны карнавал з iлюмiнацыяй, вогненнымi "вулканамi". Быў дадзены незвычайны феерверк, падрыхтоўка якога iшла на працягу некалькiх месяцаў, i з'яўляўся своеасаблiвай зiхатлiвай вогненнай дэкарацыяй. У яе цэтры знаходзiўся павiльён з 50 тысяч ракет.

У спектаклях, асаблiва балетах, асаблiвае значэнне надавалася мастацкаму афармленню, дзе не апошняе месца належала розным сцэнiчным эфектам i пераўтварэнням.

На жаль. гiсторыя не пакiнула нам iмёнаў акцёраў драматычнай трупы Зорыча. Вядома толькi, што ў асноўным рускiя i французскiя камедыi i трагедыi iгралiся кадэтамi шклоўскага корпуса i гасцямi Зорыча. Ёсць звесткi, што ў драматычных спектаклях браў удзел славуты расейскi акцёр-аматар Пракоп Мяшчэрскi, якi, паводле слоў драматурга А.Шахоўскага, "першы ў Расii загаварыў на сцэне простай мовай".

У 1782–1783 гг. выхавацелем кадэтаў i асноўным кiраўнiком шклоўскага тэатра стаў вучань Вальтэра – Тымальён Альфонс Галiен дэ Салмаран – чалавек высокаадукаваны. Працуючы ў шклоўскiм тэатры, Салмаран пiсаў камедыi i вершаваныя лiбрэта для опер, а таксама музыку да iх. Яму дапамагала жонка – вядомая ў той час пiянiстка i спявачка Элаiза Саж.

Акрамя прыгонных акцёраў i велiкасвецкiх аматараў на сцэне шклоўскага тэатра выступалi i артысты прафесiйных антрэпрыз. Так, у 1795 г. амаль увесь год у Шклове працавала трупа А.Жукоўскага, якая давала паказы на расейскай i польскай мовах.

Вакальнаму майстэрству з 1781 г. прыгонных Зорыча абучаў беларус Павел Пётух, якi раней навучаў пеўчых вакальнай музыкi ў Магiлёўскага бiскупа Георгiя Канiскага.

Самую вялiкую нагрузку ў шклоўскiм тэтры Зорыча нёс балет. Для выхавання сваiх "дансёраў i дансёрак" Зорыч запрашаў вядомых i ўмелых настаўнiкаў, сяродякiх былi iтальянцы Барцанi i Марыёдзiнi.

Сярод прыгонных танцораў-беларусаў найбольш таленавiтым быў Красцьян Буткевiч, якi выконваў галоўныя партыi пантамiмiчнага характару, для ўвасаблення якiх патрабавалiся вялiкiя драматычныя здольнасцi. Рознахарактарныя танцы выконваў Кiрыла Скарабагаты, адмоўных персанажаў – Фама Шамборскi, камедыйныя – Яфрэм Чуцiкаў.

Прымадоннамi шклоўскага балету былi Кацярына i Пелагея Азарэвiчавы (Азарэвiч), а таксама Лiзавета Суворава, Мар'я Бушынская, Алена Янкiлевiчава i iнш.

Усе названыя "дансёры i дансёркi" ўвайшлi пазней у склад балета Санкт-пецярбургскiх iмператарскiх тэатраў.

Цiкавая i гiсторыя аркестраў графа С.Зорыча. У складзе т.зв. аркестра "хатняй музыкi" было каля 15 музыкаў, у асноўным чэхаў i немцаў. Кiраваў iмi капельмайстар I.Стэфанi, якi акрамя музычнай меў юрыдучную i фiласофскую адукацыю ў Кёнiгсбергскай акадэмii ў вядомага фiлосафа Iмануiла Канта.

Адначасова са стварэннем "хатняй музыкi" Зорыч выбраў групу прыгонных хлапчукоў i аддаў iх у навучанне да розных музыкантаў, што наведвалi Шклоў. Сучаснiкi высока ацэньвалi выканаўчае майстэрства шклоўскiх музыкантаў. Дваццаць чатыры чалавекi ў складзе гэтага аркестра абслугоўвалi парады i воiнскiя тэатралiзаваныя святы.

Няспынныя святы ў шклоўскiм маёнтку, раскошныя феерверкi, iлюмiнацыi, маскарады, драматычныя, оперные i балетныя спекталi з удзелам прыгонных артыстаў i кадэтаў, канцэрты аркестраў i амаль штодзённыя пiры – усё гэта патрабавала небывалых выдаткаў. На пачатак 1799 г. даўгi шклоўскага маёнтка перавальваюць за мiльён рублёў. Разгульнае жыццё графа Зорыча прывяло ў заняпад маёнтак i шклоўскi тэатр скончыў сваё iснаванне. Пасля смерцi графа Зорыча ў 1800г. чатырнаццаць прыгонных артыстаў балета былi забраныя ў iмператарскiя тэатры Санкт-Пецярбурга. Дваццаць чатыры музыканты разам з кадэцкiм корпусам былi пераведзеныя ў Гародню.

Па рознаму склаўся лёс чатырнаццацi прыгонных танцораў у Санкт-Пецярбургу.

Красцьян Буткевiч праслужыў на падмостках Санкт-Пецярбурскiх тэатраў больш за дваццаць пяць гадоў, выступаючы ў галоўных пантамiмiчных партыях. Разам з iм дзевятнаццаць гадоў танцавала яго жонка Марыя Буткевiчава (Бушынская). Iх дзецi пасля сканчэння тэатральнай школы таксама былi прынятыя ў штат Дырэкцыi iмператарскiх тэатраў: сын у аркестр, дочкi Алена i Вольга – у хор.

Другой тэатральный сям'ёй была сям'я Кiрылы Скарабагатава – цудоўнага характарнага танцоўшчыка.

Прадстаўнiкi яшчэ адной тэатральнай сям'i са Шклова – Азарэвiчавы таксама далi рускаму мастацтву плеяду выдатных артыстаў. Зорка шклоўскай балетнай трупы Кацярына Азарэвiчава зiхацела на балетным небасхiле Санкт-Пецярбурга. Яе дзве дачкi Мар'я i Надзея вучылiся ў А. Шахоўскага. Надзея Азарэвiчава потым танцавала са славутымi Iстомiнай i Шарлем Дзiдло, славiлася як першая пантамiмная танцоўшчыца. Мар'я Азарэвiчава брала ўрокi ў вялiкай трагiчнай актрысы Кацярыны Сямёнавай, але па складу свайго таленту належала да камедыйных актрыс. У 1831 г. Мар' Азарэвiчава першай у гiсторыi рускага тэатра выканала ролю Лiзы ў камедыi "Гора ад розуму" А. Грыбаедава. З 1843 па 1888 год Мар'я Азарэвiчава працуе ў Маскве ў Малым тэатры.

У канцы XVIII – пачатку XIX ст. у Пецярбургу, потым у Маскве танцавала яшчэ адна прадстаўнiца гэтай сям'i – Пелагея Азарэвiчава, у мiнулым салiстка шклоўскага балету. У 1779 г. яна была адпушчана Зорычам на волю i з мужам – мастаком-дэкаратарам Джавакiна-дэла-Мома пакiнула Шклоў. З 1800 г. яна працавала ў Пецярбургу танцоўшчыцай, потым у Маскве, дзе выступала пад прозвiшчам мужа – Жавакiна. Ад гэтага шлюбу ў 1808 г. нарадзiўся сын – Васiль Жывакiнi – выдатны рускi камедыйны акцёр, пра цудоўны талент якога пiсалi М. Гогаль i В. Бялiнскi.

 







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.