Здавалка
Главная | Обратная связь

У ДРУГОЙ ПАЛОВЕ XIX СТАГОДДЗЯ



 

Працэсы фармiравання i развiцця тэатра як самастойнай сферы культурнай дзейнасцi людзей неадрыўныя і ад грамадска-палiтычнага жыцця, i ад сацыяльна-эканамiчнага жыцця грамадства. Так, у сувязi з буржуазнымi рэформамi 1860-1870-х гадоў у Расійскай iмперыi бурна развiваюцца таварна-грашовыя адносiны (рынак), назiраецца рост гарадоў, ажыўляецца iх культурна-грамадскае жыццё. Адкрываецца пэўная прастора для развiцця камерцыйнага прадпрымальнiцтва, а таксама для асабiстай тэатральнай iнiцыятывы. Ужо ў першыя парэформенныя гады тэатр прыватнай антрэпрызы атрымаў на Беларусi значна больш шырокае, чым раней, распаўсюджанне. Аднак слабая эканамiчная база тэатральных прадпрыемстваў выклiкала частую змену гаспадароў антрэпрыз. Рэдкi прадпрымальнік трымаў антрэпрызу, а тым больш трупу ў тым цi iншым горадзе Беларусi даўжэй двух тэатральных сезонаў. Так, па дадзеных, што сабраны за перыяд з 1864 па 1900 г., змянiлася гаспадароў толькi рускiх драматычных антрэпрыз: у Магiлеве -- 14, у Вiцебску -- 20, Гароднi -- 21, Мiнску -- 30. Апрача таго, за гэты ж час змянiлася суполак, таварыстваў (творчых аб'яднаняў-арцеляў, якiя працавалi на кааператыўнай аснове) рускiх драматычных артыстаў: у Гароднi -- 10, Вiцебску -- 12, Магiлеве i Мiнску -- 13. Камерцыйны агульнадаступны тэатр на Беларусi не меў цвёрдага бюджэту, iснаваў у выключнай залежнасцi ад касавых збораў. Ад недастаковасцi сродкаў не ратавала наават вялiкая колькасць прэм'ер. Напрыклад, трупай А.Картавага ў Мiнску ў сезон 1890/91 г. на працягу трох месяцаў i 12 дзён было пастаўлена звыш 70 п'есаў, г.зн., што нi спекталь, бадай што -- прэм'ера, за выключэннем двух-трох назваў. Безумоўна, што такiя тэмпы адбiвалiся i на мастацкай вартасцi шэрагу пастановак.

Прыватная антрэпрыза на Беларусi не мела, за рэдкiм выключэннем, i належнай матэрыяльна-тэхнiчнай базы -- спецыяльных тэатральных будынкаў, дэкарацый, бутафорыi, касцюмаў, рэквiзiту, што прыводзiла да нестабiльнасцi трупы, перашкаджала правядзенню бесперапынных тэатральных сезонаў.

Сацыяльна-грамадская структура глядацкай аўдыторыi ў гэты час якасна мяняецца. Пашыраецца прыток дробна-буржуазнага гледача, дзелавых дюдзей i разначыннай iнтэлiгенцыi. У тэатр прыходзiць i простанародны глядач -- цэхавы i рамесны люд, заможныя сяляне. Узрастала разавасць наведвання тэатра сельскiмi жыхарамi. Тэатр уцягваў гледача ў кола культурных i грамадскiх iнтарэсаў.

Рэпертуар узбагачаўся рэалiстычнай драматургiяй прагрэсiўнага, сацыяльна-крытычнага зместу. Намаганнямi перадавых дзячоў культуры, лiтаратуры, сцэны i тэатральнай крытыкi адбывалася дэмакратызацыя як рэпертуару, так i самога сцэнiчнага мастацтва.

Рэпертуар рускiх тэатральных калектываў на Беларусi таго часу, разам з тым, з'ява даволi разнастайная i складаная. Яна не паддаецца адназначнай ацэнцы. Iшлi псеўдагiстарычныя, афарбаваныя ў нацыялiстычныя таны, рамантычныя творы рускіх аўтараў Н.Кукальнiка, Н.Палявога, А.Шахаўскога, С.Гедэонава, М.Чаева i iнш. Аднак гэтыя спектаклi не карысталiся попытам на "тэатральным рынку" Беларусi. Такая з'ява адбывалася i ў Расii, але да агульнарасiйскага фактару (колькасны i якасны рост дэмакратычнага гледача) на Беларусi далучаўся фактар нацыянальна-адраджэнчэскi.

Разам з тым у 70--80-я гады XIX ст. значную ролю набываюць усе разнавiднасцi пацяшальнага, камерцыйнага мастацтва, якое спраўна фармiаравала буржуазнае грамадства. Менавiта гэты рэпертуар колькасна пануе як на расiйскай сталiчнай, так i на правiнцыйнай сцэне, уключаючы ўскраiны iмперыi, у тым лiку i Беларусь. Значнае месца ў такiм рэпертуары рускiх -- мясцовых i гастралюючых -- тэатральных калектываў займалi творы цяпер ужо малавядомых рускiх драматургаў: М.Львова, I.Чарнышова, I.Шпажынскага, М.Владыкiна, А.Суворына i iнш. Шматлiкiя творы гэтых аўтараў (драмы, камедыi, вадэвiлi, меладрамы) пры ўсёй складанай разнастайнасцi iдэйных пасылак, лiберальным асуджэннi заганных сацыяльных праяў у грамадстве (паразiтызм, самадурства, злоўжываннi чыноўнiкаў) не ўзнiмалiся да значных сацыяльных i агульначалавечых абагульненняў.

Надзвычай складаная барацьба дзвух напрамкаў у культуры -- дэмакратычнай i афiцыйнай -- праяўлялася i ўнутры тэатра. Трэба адзначыць, што кожная з гэтых тэндэнцый у мастацтве тэатра другой паловы XIX ст. далёка не заўсёды праяўлялася ў чыстым выглядзе ў жывой творчай практыцы тэатра. Адны i тыя ж акцёры i рэжысёры ў рознай па iдэйным змесце драматургii часам выражалi супрацьлеглыя погляды на адны i тыя з'явы жыцця. Разам з тым нярэдка тэатральныя калектывы пераадольвалi сацыяльную абмежаванасць, iдэйную вузкасць i мастацкую недасканаласць твораў лiберальна-павучальнага кшталту.

Дзякуючы падвiжнiцкiм намаганням лепшых прадстаўнiкоў прагрэсiўнай дэмакратычнай культуры пашырае свой уплыў у тэатральным мастацтве рэалiзм, крытычнае стаўленне да рэчаiснасцi. Працаўнiкi беларускай сцэны ўсё часцей звяртаюцца да твораў А.Грыбаедава, М.Гогаля, А.Пушкiна, М.Лермантава, I.Ганчарова, I.Тургенева, М.Някрасава, А.Сухаво-Кабылiна, А.Астроўскага i iншых выдатных рускiх лiтаратараў. У актыўным рэпертуары былi "Рэвiзор", "Жанiцьба", "Цяжба", "Запiскi вар'ята" (Мiнск, сезон 1877/78 г.), "Мертвыя душы" (Бабруйск, 1982 г.) i iншыя творы М.Гогаля, з якiмi многiя гледачы ўпершыню знаёмiлiся менавiта дзякуючы тэатру. Iшлi "Маскарад" Лермантава (Пiнск, 1880 г.), "Абрыў" І. Ганчарова (Гародня, 1879 г.), "Снеданне у прадвадзiцеля" (Мiнск, 1866 г.), "Правiнцыялка" (Мiнск, 1897 г.), "Бацькi i дзецi" (Магiлеў, 1900) -- усе тры творы I.Тургенева; "Вяселле Крачынскага" i "Справа" Сухаво-Кабылiна (Гародня, 1897 г.) i iнш. Надзвычай вялiкiм поспехам карысталiся творы А.Пушкiна: "Барыс Гадуноў" (Мiнск, 1877), "Паненка-сялянка", "Станцыйны наглядчык" (Гародня, 1874 г.), "Русалка" (Бабруйск, 1877 г.), "Яўгенiй Анегiн" (Магiлёў, 1886 г.) i iнш.

Цэлую эпоху ў рэалiстычным тэатральным мастацтве Беларусi вызначыла драматургiя А.Астроўскага. Першыя пастаноўкi яго твораў на Беларусi былi ажыццёўлены яшчэ ў 50-я гады XIX ст. У наступныя дзесяцiгоддзi паказвалася амаль усё лепшае, што стварыў драматург: "Свае людзi -- паладзiм" (Мiнск, 1864 г.), "Даходнае месца" (Гародня, 1865 г.), "Выхаванка" (Мiнск, 1865 г.), "Шалёныя грошы", "На ўсякага мудраца даволi прастаты", "Багна" (Гародня, 1873/74 г.), "Ваўкi i авечкi" (Мiнск, 1876 г.), "Лес" (Гародня, 1877 г.) i многiя iншыя – усяго 30 камедый i драм вялiкага рускага драматурга.

Значны поспех мелi паказы iнсцэнiровак паводле раманаў М.Салтыкова-Шчадрына "Паны Галаулёвы" (Брэст, 1883 г.), Ф.Дастаеускага "Iдыёт" (Магiлёу, 1900 г.), "Злачынства i пакаранне" i "Браты Карамазавы"(абедзьве былi упершыню паказаны у Вiцебску ў 1900 г.), гiстарычныя трагедыi А.Талстога "Смерць Iаана Грознага (Мiнск, 1897 г.), "Цар Фёдар Iаанавiч" (Вiцебск, 1899 г.), "Цар Барыс (Мiнск, 1899 г.). Ставiлiся драматычныя творы У.Немiровiча-Данчанкi ("Новая справа", Гародня, 1894 г.; "Золата", Мiнск, 1895 г.; "Цана жыцця", Брэст,1899 г.); А.Сумбатава-Южына ("Дачка веку", Брэст, 1883 г.; "Ланцугi",Мiнск, 1892 г.; "Джэнтэльмен", Магiлёў, 1898 г. i iнш.

Адной з важнейшых з'яў у тэатральным жыццi Беларусi апошняй чвэрцi XIX ст. быў зварот да творчасцi Л.Талстога. Iнсцэнiравалiся "Хаджы-Мурат" (Магiлёў, 1893/94 г. i "Ганна Карэнiна" (Гародня, 1897 г.), ставiлася народная драма "Улада цемры" (Мiнск, 1895/96 г.). Шырока папулярнымi былi творы А.Чэхава: "Мядзведзь" (Слонiм, 1890 г.), "Лебядзiная песня" (Полацк, 1894 г.), "Прапанова" (Ашмяны, 1897 г.) i iнш. У лiстападзе 1891 г. у мiнскай антрэпрызе А.Картавага была ажыццёўлена пастаноўка драмы "Iванаў". У сезон 1898/99 г. на гродзенскай сцэне трупа пад кiраўнiцтвам П.Нiканавай паказвала "Чайку". У Вiцебску ў лiстападзе 1899 г. трупай М.Дзянiсава быў пастаўлены чэхаўскi "Дзядзька Ваня".

У рэпертуары рускiх тэатральных калектываў на Беларусi меў месца зварот да украiнскай драматургii: I.Катлярэўскага ("Наталка-Палтаўка", "Маскаль-чараўнiк"), Р.Квiткi-Аснаўяненкi ("Сватанне на Ганчароўцы", "Шальменка валасны пiсар", Шальменка-дзяншчык"). З канца 80-х гадоў XIX ст. Беларусь пастаянна наведвалi украiнскiя трупы М.Старыцкага, М.Крапiўнiцкага, М.Садоўскага i iнш.

З цягам часу больш поўна i шырока ставяцца творы класiкаў сусветнай лiтаратуры i драматургii: Сафокла, Сервантэса, Шэкспiра, Мальера, Гальдонi, Шылера, Бамаршэ, Гётэ, Гюго, Гуцкава, Заля, Растана, Гаўптмана i iнш.

Усё гэта дабратворна ўплывала на развiццё новай беларускай драматургii, якая зарадзiлася i ў 60--70-я гады XIX ст. ужо сказала сваё важкае слова творамi В.Дунiна-Марцiнкевiча.

Дэмакратычная тэндэнцыя развiцця прафесiйнага тэатра на Беларусi таго часу знаходзiла сваё выяўленне i ў акцёрскiм мастацтве. Следам за драматургiяй мастацтва акцёра робiць значны крок у паступальным равiццi i ўмацаваннi прынцыпаў сцэнiчнага рэалiзму. Узбагачаецца мова вобразнай выразнасцi выканаўчага майстэрства. Бадай у кожнай з шматлiкiх тэатральных труп выступалi таленавiтыя артысты. Так, зiмовы сезон 1869/70 г. у Мiнскiм гарадскiм тэатры працуе вядучая актрыса Малога, а затым i Александрынскага тэатра I.Сандунова. На сцэне Мiнскага гарадскога тэатра яна паставiла i iграла ў "Даходным месцы", "Навальнiцы", "Жартаўнiках" А.Астроўскага. Працавалi ў Мiнску вядомыя правiнцыяльныя расійскiя акцёры У.Кастроўскi, М.Мяшкоў (Мяшкоў-Траяпольскi), Л.Арлова-Новаграбельская, М.Каратыгiн, В.Чудзiн, М.Страмлянава, В.Далматаў, П.Арленёў, С.Строева-Сакольская. Актрыса М.Страмлянава -- дачка вялiкага рускага комiка менавiта ў Мiнску ў вераснi 1869 г. стала прафесiйнай актрысай. Гэта была знамянальная падзея не толькi ў жыццi будучай вялiкай рускай актрысы Марыi Савiнай, але i ў гiсторыi драматычнага тэатра. У 1870 г. М.Страмлянава пакiдае мiнскую сцэну, але яшчэ неаднаразова як вялiкая артыстка Марыя Савiна наведае з гастролямi Мiнск у 1891, 1898, 1908 гг. У 1909 г., калi адзначаўся 40-гадовы юбiлей сцэнiчнай творчасцi актрысы, Савiна адзначыла: "Лiчу Мiнск сваёю калыскаю..."

Надзвычай важнае значэнне ў культурным жыццi Беларусi мелi выступленнi буйных i славутых рускiх акцёрау-гастралёраў, творчых груп i калектываў Александрынскага, Маскоўскага Малога i iншых сталiчных тэатраў: М.Фёдаравай, Ф.Горава, братоў Адэльгейм, П.Самойлава, К.Варламава, М.Дальскага, А.Южына, Ю.Юр'ева, А.Яблачкiнай i iншых.

Фармiраванне i равiццё прафесiйнага беларускага тэатра, пачатак якому паклала дзейнасць В.Дунiна-Марцiнкевiча яшчэ ў 40-я гады XIX ст., станавiлiся ўсё больш неадрыўнымi ад працэсаў фармiравання i развiцця рускай сцэны на Беларусi. Прыкметную ролю ў гэтым працэсе адыгралi i гастрольныя выступленнi украiнскiх тэатральных калектываў. Станоўчую ролю ў далучэннi да тэатра насельнiцтва Беларусi (асаблiва той яго часткi, што пражывала ў прымусовай "мяжы аседласцi") iгралi сцэнiчныя паказы вандроўных тэатральных калектываў, што выступалi на яўрэйскай мове. Першыя звесткi пра выступленнi прафесiйных яўрэйскiх тэатральных калектывау на Беларусi адносяцца да 1880 г. Поспех у гледачоў суправаджаў сцэнiчныя паказы яўрэйскiх тэатральных калектываў пад кiраўнiцтвам Г.Шварца i А.Розенфельда, Г.Голдфадэна, А.Камiньскага i iнш.

 







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.