Здавалка
Главная | Обратная связь

АМАТАРСКI ТЭАТР НА БЕЛАРУСI У ДРУГОЙ ПАЛОВЕ XIX СТАГОДДЗЯ



 

Творчая дзейнасць на Беларусi расійскiх, польскіх, украiнскiх i яўрэйскiх прафесiйных тэатральных калектываў дабратворна ўплывала на працэсы развiцця аматарскага тэатра. Ужо ў 50-я гады XIX ст. беларускае тэатральнае аматарства перарасло рамкi забаў i гульняў гарадскога дваранства. У арганiзацыю i правядзенне аматарскiх тэатральных паказаў i лiтаратурна-музычных вечароў усё больш уцягвалiся разначынныя, дэмакратычныя слаi насельнiцтва.

З цягам часу тэатральнае аматарства ахоплiвае павятовыя гарады i мястэчкi: Горы-Горкi(1863 г.), Ялава паблiзу Чаўсаў (1867 г.), Рагачоў (1868 г.), Клiмавiчы (1892 г.), Быхаў (1895 г.), Полацк (1883 г.), Сураж (1894 г.), Ашмяны (1897 г.), Наваградак (1869 г.), Пiнск (1876 г.), Барысаў (1882 г.), Слуцк (1882 г.), Бабруйск (1891 г.), Вiлейка (1894 г.), Глуск (1898 г.), Брэст (1883 г.), Слонiм (1884), Лiда (1884 г.) i iнш. Трэба ўсведамляць, што колькасць такiх калектываў вельмi хутка расла. У актыўным рэпертуары аматараў драматычнага мастацтва былi "Рэвiзор", "Цяжба", "Жанiцьба" М.Гогаля, "Гора ад розуму" А.Грыбаедава, "Снеданне ў прадвадзiцеля" I.Тургенева, "Вяселле Крачынскага" А.Сухаво-Кабылiна, "Даходнае месца" "Свае людзi -- паладзiм", "Ваўкi i авечкi", "Шалёныя грошы" i iншыя п'есы А.Астроўскага, творы I.Катлярэўскага, А.Пацехiна, Ф.Конi, П.Каратыгiна, У.Салагуба i iншых рускіх, украінскіх i замежных аўтараў. У канцэртных праграмах i на лiтаратурных вечарах аматары чыталi вершы i апавяданнi Пушкiна, Гогаля, Лермантава, Някрасава i iнш. Развiваючыся, дзейнасць аматараў усё больш набывала культурна-асветнiцкi характар.

У 80--90-я гады XIX ст. разрозненыя калектывы аматараў мастацтва (драматычнага, музычнага, харавога, харэаграфiчнага i г.д.) пачалi самаарганiзоўвацца перш за ўсё ў губернскiх гарадах у буйныя аматарскiя аб'яднаннi -- таварыствы: Мiнскае музычна-лiтаратурнае таварыства (1880), Гродзенскае лiтаратурна-музычнае таварыства (1883), Полацкi музычна-драматычны гурток аматараў (1884), Брэст-Лiтоўскае музычна-драматычнае таварыства аматараў (1885), Магiлёўскае музычна-драматычнае таварыства (1886), Гомельскi музычна-драматычны гурток (1891), Бабруйскi музычна-драматычны гурток (1892) i iнш. Усе гэтыя культурна-грамадскiя арганiзацыi ставiлi перад сабой асветнiцкiя мэты, унеслi несумненны ўклад у справу шырокай прапаганды эстэтычных ведаў. Найбольш шматбаковай i творча значнай была дзейнасць Мiнскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў (1898 г.). Найбольш важкая дзейнасць гэтага таварыства прыпадае на пачатак XX ст.

Як ужо прыгадвалася, яшчэ ў XVIII ст. памiж прафесiйнымi дзеячамi тэатра i мясцовымi акцёрамi-аматарамi мелiся прамыя кантакты i творчыя сувязi: акцёры-аматары прымалi ўдзел у прыдворных спектаклях прафесiйных труп, а прафесiяналы -- у велiкасвецкiх аматарскiх паказах. У сярэдзiне XIX ст. разначынныя аматары часта сумесна наладжвалi з прафесiяналамi публiчныя лiтаратурна-драматычныя, музычныя i iншыя вечары, канцэрты. З цягам часу гэта творчае супрацоўнiцтва мацнела, узбагачалася, дабратворна ўплывала на развiццё як амтарскага, так i прафесiйнага тэатра, рыхтавала глебу для станаўлення i паскоранага развiцця прафесiйнага беларускага нацыянальнага тэатра.

 

Тэатральная крытыка другой паловы XIX ст.

 

Тэтральная крытыка 2-ой паловы XIX ст. узнiмае шэраг важных творча-арганiзацыйных пытанняў, сярод якiх: дэмакратызацыя тэатра, барацьба за змястоўнасць i высакаякаснасць рэпертуару, стварэнне нацыянальнага прафесiйнага тэатра i выхаванне нацыянальных акцёрскiх кадраў i г.д.

У 60-я гады ў тэорыi акцёрскага мастацтва Беларусi, як i Расii, выразна праявiлiся дзве тэндэнцыi: iмкненне захаваць традыцыйныя нормы класiцызму з яго дэкламацыйнасцю i вызначыць такiя прынцыпы акцёрскай творчасцi, якiя б дазволiлi больш гiбка i тонка перадаць чалавечыя пачуццi. Прыхiльнiкi так званай натуральнай школы ставiлi перад сабой задачу зблiжэння мастацтва з жыццём.

Пытанне аб прыродзе акцёрскага майстэрства ўзнiмалася ў беларускай тэатральнай крытыцы I. Гольц-Мiлерам, якi ў гэты перыяд працягвае актыўна супрацоўнiчаць у "Минских губернских ведомостях". Вялiкае значэнне надаваў Гольц-Мiлер i праблеме фармiравання рэпертуару, падкрэслiваючы, што дрэннае становiшча спраў у тэатральным мастацтве абумоўлена недасканаласцю рэпертуарнай палiтыкi, засцярагаў ад засiлля польскiх i рускiх вадэвiляў.

Увогуле, на Беларусi ў 2-ой палове XIX ст. вызначылiся два вiды тэатральнай крытыкi -- публiцыстычная (да яе можна аднесцi крытычную дзейнасць Гольц-Мiлера), якая ў якасцi галоўнага аспекта разглядала змест мастацтва, грамадскую накiраванасць i творчасць тэатра. Другая -- эстэтычная -- займалася пытаннямi мастацкасцi (на жаль, нельга прывецi прозвiшчы рэцэнзентаў, бо ў асноўным артыкулы падпiсвалiся псеўданiмаi, цi наогул не падпiсвалiся).

Вялiкае значэнне для вывучэння гiсторыi i практыкi беларускага тэатра маюць запiсы яго народных форм, зробленыя фалькларыстамi ў гэты час: аналiз тэкстаў беларускiх iнтэрмедый i народнай драмы мы знаходзiм у працах Е. Раманава, А. Брукнера. Пра батлейку i школьны тэатр пiсалi П. Бяссонаў i К. Харламповiч. Найбольш поўную карцiну развiцця народнага тэатра дау Я. Карскi. Жыццю Мiнскага гарадскога тэатра прысвяцiў адзiн з сваiх артыкулаў А. Смародскi ў штогоднiку "Памятная кнiжка Мiнскай губернii на 1891 год". У агульных рысах ён расказвае аб прыватных тэатрах i тэатральных памяшканнях, якiя iснавалi ў 40—50-я гады ХІХ ст., аб першай прэм'еры мiнскай трупы ў новым будынку гарадскога тэатра, узведзеным у 1890 г. Дае цiкавыя звесткi пра гастролi ў Мiнску украiнскай трупы М. Старыцкага i маскоўскага тэатра Ф. Корша.

Напрыканцы стагодздя пачынаюць выходзiць газеты "Минский листок" i "Северо-Западный край", у якiх таксама немала месца адводзiлася тэатру. Адным з найбольш значных крытыкаў у "Минском листке" быў нехта невядомы, што выступаў пад псеўданiмам "Заноза". У яго вострых, часам рэзка крытычных рэцэнзiях ўзнiмалiся праблемы акцёрскага выканання, рэпертуару, разважалася пра асветнiцкую i маральна-выхаваўчую мiсiю тэатра.

Яшчэ больш шырока атрымае працэс развiцця тэатральнай думкi на Беларусi с пачатку XX ст.


* Гл. кн. Вл. Мехова «Старинная гравюра».







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.