Здавалка
Главная | Обратная связь

ТЭАТР ЮНАГА ГЛЕДАЧА БССР імя Н.К. Крупскай



 

Тэатр юнага гледача БССР імя Н.К. Крупскай быў створаны у 1931 г. у Мінску. пры Доме камсамола з удзельнікаў аматарскага мастацтва. Арганізатар і мастацкі кіраўнік М.Кавязін (1931—1937); мастацкімі кіраўнікамі ў розныя гады былі: Е.Міровіч (1937—1940), М.Сухараў (1940—1941), М.Зораў (1941). У 1939 тэатру прысвоена імя Н.К. Крупскай. Існаваў да пачатку Вялікай Вйчыннай вайны (чэрвень 1941 г.).

Першапачатковай задачай М.Кавязін ставіў прафесійную падрыхтоўку калектыву і стварэнне ўласнага нацыянальнага рэпертуару. Напачатку быў устаноўлены студыйны перыяд: заняткі па сцэнічнай мове, руху, акрабатыцы, біямеханіцы спалучаліся з рэпетыцыямі п'есы-агіткі Я.Маўра “На штурм”, якою тэатр адкрыўся ў лістападзе 1931 г. Гледачы не прынялі спектакль, у далейшым тэатр карыстаўся апрабаваным рэпертуарам дзіцячых тэатраў Масквы і Ленінграда, мастацка-педагагічныя прынцыпы якіх былі пакладзены ў аснову яго дзейнасці. Ставіліся пераважна сучасныя п'есы савецкіх аўтараў: “Вінтоўка № 492116” А.Крона (адна з лепшых тагачасных п'ес для дэяцей), “Шлях далёкі” М.Шастакова, антыфашысцкая “Дружына” А.Бруштэйн. Найбольш значным быў спектакль “Наш” М.Знык, прысвечаны грамадзянскай вайне на Беларусі (у рэпертуары ў 1932—36) — хвалюючы, дынамічны, з вострым сюжэтам, выразнымі масавымі сцэнамі, шчырасцю выканаўцаў.

Узрослыя творчыя магчымасці калектыву засведчыла пастаноўка французскага фарса XV стагоддзя “Адвакат Патлен” (1934) — маляўнічае, вясёлае, сацыяльна насычанае відовішча. 1936 г. стаў годам асваення нацыянальнай драматургіі. П'еса В.Сташэўскага “Мікола Гоман” і спектакль паводле яе, вырашаныя ў лірыка-драматычным плане, адзначаліся крьггыкай як прыкметная падзея ў творчасці драматурга і тэатра. Пры падрыхтоўцы спектакля “Наі” М.Зарэцкага з жыцця цыганскага табара спектакль кансультавалі акцёры Маскоўскага тэатра “Рамэн”. У 1936 г. М. Зарэцкі і ў 1937 В. Сташэўскі былі рэпрэсіраваны, спектаклі па іх п’есах забаронены да паказу. У рэпертуары тэатра засталася толькі “Казка пра цара Салтана” Б.Дольскага паводле А.Пушкіна. Неўзабаве і М. Кавязін быў адхілены ад кіраўніцтва тэатрам.

У 1937 тэатр рэарганізаваны. Яго ўзначаліў Е. Міровіч, трупа папоўнілася выпускнікамі Беларускай студыі пры Цэнтральным тэатральным вучылішчы ў Ленінградзе, акцёрамі з расфарміраваных тэатраў — Беларускага ТРАМа (В.Брайчэўская, Р.Вайнштэйн, ГЛаўроў, У.Палцеўскі, М.Міхайлаў, Ф.Мяфёдаў, М.Рэкель, У.Стэльмах, С.Фрыд; рэжысёр Ю.Палічынецкі, дырыжор В.Белкін) і Польскага вандроўнага тэатра Беларусі (В.Окалаў, А.Ротар. З.Стома, Ю.Фляйто) і інш. Міровіч праводзіў вялікую педагагічную працу, каб знітаваць разрозненыя акцёрскія сілы ў адзіны прафесійны творчы калектыў. Рэпертуар тэатра стаў больш самастойным, жанрава і тэматычна разнастайным. Па-ранейшаму асноўнае месца належала савецкай актуальнай драматургіі. У ліку першых у краіне тэатр стварыў героіка-рамантычны спектакль “Як гартавалася сталь” паводле ўласнай інсцэніроўкі М.Юдэлевіча папулярнага рамана М.Астроўскага. Таксама былі пастаўлены спектаклі “Наша зброя” А.Крона пра пагранічнікаў, “Ноч у верасні” І.Чэкіна, прысвечаная стаханаўскаму руху, антыфашысцкая “Гады выпрабавання” журналісткі К.Раймонд. У 1939 г. прыкметнымі акцёрскімі работамі вылучаўся спектакль “Блакітнае і ружовае” А.Бруштэйн з жыцця жаночай гімназіі. Яркай тэатральнай выразнасцю, багатай рэжысёрскай і акцёрскай фантазіяй, зладжаным ансамблем вызначаліся пастаноўкі казак “Снежная каралева” Я.Шварца і асабліва створаная на матэрыяле беларускага фальклору “Цудоўная дудка” В.Вольскага, што стала значнай падзеяй у творчым жыцці тэатра і была адзначана на Усесаюзным аглядзе тэатраў для дзяцей у Маскве (1940 г.).

Музыку да спектакляў пісалі беларускія кампазітары П.Падкавыраў (“Як гартавалася сталь”), Я.Цікоцкі (“Наша зброя”, “Ноч у верасні”, апошняя з Лукасам), Лукас (“Гады выпрабавання”, “Брат героя”), С.Палонскі (“Хітрыкі Скапэна”), А.Багатыроў (“Снежная каралева”), Шчаглоў (“Цудоўная дудка”).

Тэатр шмат гастраліраваў па рэспубліцы, выступаў у летніках, школах. Праводзіў пед. работу з гледачамі, вывучалася ўспрыманне спектакля дзецьмі, у тэатры існаваў дзіцячы актыў.

Паспяховымі былі апошнія работы тэатра: пастаноўкі Е. Міровічам класічных п'ес “Даходнае месца” А.Астроўскага (1938 г.) і “Хітрыкі Скапэна” Мальера. Асваенне класікі прадоўжыў М.Зораў, які ў 1941 г. узначаліў калектыў (пасля кароткачасовай дзейнасці рэжысёра М. Сухарава). Зораў распачаў рэпетыцыі “Рэвізора” М.Гогаля, але работу тэатра спыніла Вялікая Айчынная вайна.







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.