Здавалка
Главная | Обратная связь

Сцэнічнае мастацтва і тэатральная школа Беларусі на мяжы ХХ–ХХІ ст. 10 страница



Спектакль “Адвечная песня” з’явіўся дэбютам на сцэне тэатра рэжысёра С. Кавальчыка, які ўжо ў сваёй першай працы выявіў прыхільнасць да яркай тэатральнай формы, да раскрыцця сінтэтычнай прыроды тэатра, шырокаму ўжыванню пластыкі, харэаграфіі, музыкі, вакалу. Менавіта гэтыя асаблівасці яго індывідуальнасці паспрыялі таму, што С. Кавальчык на працягу некалькіх гадоў быў асноўным стваральнікам дзіцячых спектакляў: баль-маскарад “Хрустальны туфлік” Ш. Перо, Я. Шварца, Т. Габэ (2002); мюзікл “Айбаліт, Бармалей, пра жывёл і Брадвей” У. Аксенкруга (2003); музычныя казкі “Воўк-мараплавец” С. Казлова (2004) і “Дамавічкі” Я. Конева (2008). Вынаходлівая фантазія, здольнасць арыгінальна арганізаваць сцэнічную прастору, напоўніць дзеянне метафарычнасцю і паэтычнай вобразнасцю ўласцівы і “дарослым” спектаклям С. Кавальчыка, што выразна выявілася ў пастаноўках “Шлях у Царград” З. Косціча (2006) і “Сёстры Псіхеі” С. Кавалёва (2007).

П’есу “Шлях у Царград” сербскі драматург Зоран Косціч напісаў спецыяльна для Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Ідэя сумеснага беларуска-сербскага праекта належыць С. Кавальчыку і нарадзілася яна з нагоды нядаўніх трагічных падзей у Югаславіі. У спектаклі гучала шмат падтэкстаў, іскрамётны гумар межаваў з глыбокім роздумам аб лёсе славянскага народа і славянскай культуры. За лёгкай кідкай формай праглядалася вельмі важная праблема, якая хвалюе сёння ўсю сусветную супольнасць — як маленькім краінам процістаяць націску вялікіх дзяржаў, як ва ўмовах глабалізацыі захаваць нацыянальную адметнасць сваіх народаў і сваёй культуры.

Цікавае вобразнае вырашэнне было знойдзена С. Кавальчыкам і маладзейснай і пераважна размоўнай п’есе “Сёстры Псіхеі” С. Кавалёва (2007), у аснове якой ляжыць грэчаскі міф пра Псіхею, якую пакахаў Эрот, сын багіні Венеры Алімпійскай. Рэжысёр праявіў сапраўдную фантазію, каб удыхнуць жыццё ў гэту напаўказачную гісторыю. Ён увёў у пастаноўку пяць асоб, якія выконваюць дзве функцыі — увасабляюць народ краіны Геліка альбо, закрыўшы твары маскамі, каменціруюць падзеі накшталт грэчаскага хору. Уражвае і арыгінальная сцэнаграфія мастака А. Ігрушы. Яе асноўнай прыладай з‘яўляецца рулон белай хрусткай паперы, які раз пораз раскручваецца, ператвараючыся то ў жалобнае палотнішча, па якім коціцца урна з прахам караля, то ў шлюбны вэлюм распуснай, легкадумнай, апантанай зайздрасцю, здатнай пайсці нават на злачынства Іфігеніі (Н. Халадовіч), то ў ланцугі для Псіхеі (В. Буслаева) — увасаблення кахання, вернасці, дабрыні, адзінай, хто самаахвярна адмаўляецца ад кахання ў імя шчасця сваіх блізкіх. Зонгі да спектакля напісаў кампазітар Ц. Прахін. Яны насычаны глыбокім маральным сэнсам і на асацыятыўным узроўні звязваюць падзеі мінулага з нашым сённяшнім жыццём.

Шматфарбная тэатральнасць спектакляў С. Кавальчыка ўраўнаважваецца ў тэатральнай афішы пастаноўкамі мастацкага кіраўніка В. Анісенкі, які з‘яўляецца адданым прыхільнікам рэалістычнага мастацтва. У адным з інтэрв‘ю рэжысёр так вызначыў сваё творчае крэда: “Мой тэатр — гэта ўсё, што вакол чалавека, яго душы, сэрца, яго сутнасці. Ідзе татальнае наступства на псіхалагічны тэатр, фарматворчасць запаланіла свет. Але мода праходзіць і адыходзіць. А чалавек застаецца. У нас ёсць вялікая школа даследавання чалавека, школа рэалістычнага тэатра, школа Станіслаўскага, Неміровіча-Данчанкі, іх вучняў і паслядоўнікаў. І толькі на гэтым шляху нас чакае мастацкі поспех”[14].

В. Анісенка арганічна спалучае ў сваёй творчасці рэжысёрскую і акцёрскую дзейнасць. Як рэжысёру яму ўласцівы глыбокі аналіз літаратурнай першакрыніцы і беражлівае стаўленне да яе, дакладнае разуменне аўтарскай задумы твора, якая раскрываецца пераважна праз выканаўцаў. Менавіта так вырашаны спектаклі “Понцій Пілат”, “П’емонцкі звер” і інш. Акцёрская індывідуальнасць В. Анісенкі вызначаецца выбуховым тэмпераментам, павышанай эмацыянальнасцю, дэталёвай распрацоўкай псіхалогіі сцэнічных характараў. Ёмістым, маштабным паўстае ў яго выкананні Мальер у спектаклі “Кабала святош” М. Булгакава (2005, рэжысёры В. Анісенка, С. Кавальчык). Відавочна, што ў гэты вобраз акцёр унёс рысы ўласнай біяграфіі, напоўніўшы яго асабістым болем, драматызмам, разуменнем складанай прыроды ўнутранага свету творцы.

Сярод найбольш значных рэжысёрскіх работ В. Анісенкі апошніх гадоў — «Трыбунал» А. Макаёнка (2005), «Іванаў» і “Чайка” А. Чэхава (2007, 2009). Спектакль «Трыбунал» быў пастаўлены да 60-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Рэжысёр робіць цэнтральнай ідэю з'яднанасці, непарушнасці ўзаемасувязей простай беларускай сям'і, дзе бацькі і дзеці паяднаны любоўю адзін да аднаго і да сваёй Радзімы. Галоўнай вартасцю пастаноўкі з'яўляецца зладжаны акцёрскі ансамбль, дзе кожны з выканаўцаў выяўляе дакладнае разуменне сцэнічнага партнёрства. Строгі, знешне стрыманы Цярэшка Калабок (В. Ласоўскі), задзірыстая і адначасова пяшчотная, ласкавая Паліна (Т. Мархель), прыгожая, з норавам старэйшая дачка Галя (В. Шыпіла), кранальная, даверлівая яе сястра Зіна (В. Буслаева), чысты, сумленны сын Валодзька (Д. Паршын) — усе разам яны ўяўляюць сабой моцную, зладжаную сям'ю, якая з годнасцю вытрымлівае выпрабаванне вайной. На іх фоне грэблівы, педантычны Камендант (В. Багушэвіч) і грубы, раз'юшаны паліцай Сырадоеў (А. Дабравольскі) выглядаюць як бязлітасныя, запраграміраваныя марыянеткі, страціўшыя чалавечае аблічча. Пастаноўка поўніцца народным гумарам і драматызмам.

Вонкава сціплым па рэжысуры, сканцэнтраваным на падрабязнай распрацоўцы сцэнічных характараў, на выяўленні складаных узаемаадносін паміж героямі атрымаўся і спектакль «Іванаў» А. Чэхава. Выканаўца галоўнай ролі І. Сігаў знешне спакойны, засяроджаны, з вялікай сілай перадае душэўныя хістанні Іванава, якія нараджаюць адчуванне віны, пякучы боль і сорам. Па натуры чалавек высокародны, інтэлігентны герой І. Сігава разумее, што сваёй абыякавасцю і фактычна здрадай разбурае жыццё хворай жонкі, прымушае яе пакутваць. Аднак ён і сам пакутуе. Няздатны знайсці выйсце з тупіка, Іванаў страляецца. Дастойнай партнёршай І. Сігава выступае Л. Сідаркевіч у ролі Сары. Актрыса выдатна перадае няўлоўныя змены, пералівы ўнутрана стану, калі нясцерпны боль хаваецца за ўяўнай весялосцю, нервовай узбуджанасцю.

У спектаклі шмат дакладна вывераных акцёрскіх работ. Гэта — добры, кранальна наіўны граф Шабельскі (В. Ласоўскі), сквапная, агрэсіўная ў сваёй абмежаванасці Зінаіда Савішна (Г. Чарнабаева), мітуслівы, перапоўнены пустымі пражэктамі Боркін (А. Дабравольскі), просталінейны, надакучлівы доктар Львоў (М. Паніматчанка), смешная ў сваіх марах пра графскі тытул Бабакіна (Г. Арыніч-Анісенка), шчырая, адкрытая, не пазбаўленая практычнасці Саша (М. Пятровіч). В. Анісенка дакладна выбудоўвае сцэнічнае дзеянне і тонка пераплятае лёсы чэхаўскіх герояў. Ён уводзіць у спектакль яшчэ адну “дзейную асобу” — віяланчэль, чые тужліва-шчымлівыя, чароўныя гукі дапамагаюць стварыць на сцэне адпаведную самотную атмасферу.

Заслугай В. Анісенкі з’яўляецца тое, што, спавядаючы ідэі псіхалагічнага тэатра, ён дае магчымасць іншым пастаноўшчыкам эксперыментаваць у прасторы розных накірункаў. На сцэне тэатра ставяць спектаклі В. Растрыжэнкаў, С. Гавенка, В. Грыгалюнас і інш. Мастацкі кіраўнік пашырае дыяпазон дзейнасі калектыву і наладжвае міжнародныя творчыя сувязі. Так, у межах франка-беларускага праекта французскі рэжысёр Бруно Бусаголь ажыццявіў спектакль “Чарнобыльская малітва” С. Алексіевіч (2002). Сцэнічны твор вызначаўся ціхай спавядальнасцю, драматызмам. Кампазіцыйна ён не меў адзінай сюжэтнай лініі і аб’ядноўваў асобныя маналогі ліквідатараў, салдат, перасяленцаў з забруджаных раёнаў. У іх гучалі боль і трагедыя асобнага чалавека, асобнай сям’і, а сабраныя разам яны перадавалі трагедыю ўсяго беларускага народа.

У 2005 г. рэжысёр са Злучаных Штатаў Амерыкі Даніэл Бэнкс паставіў п’есу вядомага кубіна-амерыканскага аўтара Ніла Круза “Ганна ў тропіках”, дзеянне якой адбываецца ў 1929 г. у правінцыяльным гарадку ва Фларыдзе, дзе на сямейнай тытунёвай фабрыцы запрошаны лектóр чытае работнікам пад час іх механічна-аднастайнай працы “Ганну Карэніну” Л. Талстога. Лёсы герояў рускага рамана дзіўным чынам пераплятаюцца і ўплываюць на лёсы персанажаў п’есы. Акцёры В. Ласоўскі (Сант’яга), Г. Чарнабаева (Афелія), Л. Сідаркевіч (Канчыта), І. Сігаў (Лектóр), В. Буслаева (Марэла), А. Дабравольскі (Чэчэ), С. Шымко (Эліад) арганічна спасцігаюць элегантную, вытанчаную стылістыку твора, выяўляюць уласнае разуменне маральных, этычных праблем.

Шчыльныя творчыя сувязі наладзіў В. Анісенка з Іркуцкім абласным тэатрам юнага гледача імя А. Вампілава. Рэжысёр з Сібіры А. Ішчанка паставіў на сцэне мінскага тэатра спектакль “Валянціна” А. Вампілава (2004) і “Кароль Лір” У. Шэкспіра (2005). Дзякуючы энтузіязму і выдатным арганізатарскім здольнасцям В. Анісенка ў 2004 г. ажыццявіў грандыёзныя па свайму маштабу двухтыднёвыя гастролі беларускага тэатра ў Сібір, дзе былі паказаны сем пастановак. У 2006 г., калі Іркуцкі ТЮГ прыехаў на гастролі ў Мінск, абодва калектывы здзейснілі арыгінальны праект — у спектаклі “Трыбунал” ігралі рускія і беларускія акцёры. Выдатныя акцёрскія дуэты ў ролях Калабка і Паліны склалі А. Тупіца і Т. Мархель, В. Ласоўскі і Л. Стрыжова.

У сакавіку 2007 г. у жыцці тэатра адбылася значная падзея — распачаў працу Цэнтр беларускай драматургіі і рэжысуры. Яго галоўнай мэтай з’яўляецца работа па збіранні, захаванні і распаўсюджванні лепшых узораў беларускай сучаснай драматургіі і іх шырокай прапагандзе разнастайнымі метадамі тэатральнага мастацтва.

У межах дзейнасці Цэнтра з’явіўся спектакль “Сталіца Эраўнд”, які стаў дэбютам і драматурга С. Гіргеля, і рэжысёра В. Саратокінай, пры гэтым дэбютам настолькі паспяховым, што ён адразу ж увайшоў у асноўны рэпертуар тэатра. На пачатку дзеяння здаецца, што аўтар і рэжысёр прапануюць звычайную абсурдысцкую п’есу, дзе сюжэт падмяняецца гульнёй тэкстаў, доўгімі паўзамі, бясконцым паўторам рэплік, якімі героі перакідваюцца як мячыкам у пінг-понгу. Паступова сцэнічныя падзеі нейкім таямнічым спосабам завалодваюць увагай гледача і выклікаюць яго суперажыванне.

Два маладых чалавека, чые прозвішчы пазначаны месцам іх пражывання, — Васіль Сухарэўскі (Сухарава) і Пятро Кунцэвіч (Кунцаўшчына) — аказваюцца ноччу ў пустым вагоне мятро, якое спынілася з-за пашкоджання электрасеткі. З рваных рэплік становіцца зразумелым, што абодва яны накіроўваюцца да адной і той жа дзяўчыны. Пры гэтым Васіль едзе, каб зрабіць ёй прапанову на шлюб, а Пятро, каб пераканаць яе перапыніць цяжарнасць. Высвятляецца, што хлопцы з’яўляюцца роднымі братамі. У замкнёнай клетцы вагона Д. Паршын (Васіль) і М. Паніматчанка (Пятро) узрываюцца шквалам эмоцый, не пазбаўленых унутранай логікі. Абыякавасць змяняецца непрыйманнем, варожасцю, унутраным супрацьстаяннем, што непазбежна прыводзіць да сваркі і бойкі, і, урэшце рэшт, заканчваецца паразуменнем і прымірэннем. Маральны сэнс твора выяўляецца ў фінале. Абодва героя здзяйсняюць па-сапраўднаму мужчынскі ўчынак — Васіль дзеля брата адмаўляецца ад каханай дзяўчыны, Пятро ўсведамляе ўласную адказнасць за лёс свайго, яшчэ не народжанага дзіцяці. Спектакль адкрыта ўпісаны ў кантэкст сённяшнягя рэальнага жыцця і з захапленнем успрымаецца сучаснай маладзёжнай аўдыторыяй.

Дэбютам на прафесійнай сцэне стаў і сцэнічны твор “Белы анёл з чорнымі крыламі” Д. Балыка (2007, рэжысёр В. Растрыжэнкаў). П’еса ўяўляе сабой прыклад так званай “новай драмы” з яўнымі прызнакамі маладзёжнай субкультуры. На першы погляд яна падаецца вострасацыяльнай і выносіць на абмеркаванне грамадскасці праблемы СНІДу, наркаманіі, гомасексуалізму, суіцыду, непаразумення і агрэсіўных узаемаадносін паміж бацькамі і дзецьмі, сыход прафесіяналаў у камерцыю і шмат іншых. Аднак аўтар як пену з кіпеня здымае з паверхні жыцця надзённыя хваравітыя праблемы і, не вельмі дбаючы пра глыбокае асэнсаванне, нагрушчвае іх у сваім творы.

Дзеянне спектакля адбываецца ў сярэднестатыстычнай сям’і, члены якой употайкі ненавідзяць адзін аднаго. Бацька — бізнесмен (В. Багушэвіч) заклапочаны адзіна тым, каб выжыць з дому сваю падчарку, дзеля чаго непрыстойна заляцаецца да дзяўчыны. Маці (Г. Арыніч-Анісенка), дама без пэўных заняткаў, у вячэрняй сукенцы і з нязменнай бутэлькай каньяку, увесь час безсэнсоўна сноўдаецца па кватэры. Яе дачка ад першага брака Ніна з красомоўным прозвішчам Віч (А. Баярава) перажывае ўласную драму — з-за выпадковай здрады яе кінуў каханы Пашка (М. Крэчэтаў), акрамя таго ёсць падазрэнне, што яна ВІЧ інфецыраваная. Яе малодшая сястра Аркадзія (В. Буслаева) — знешне звычайнай дзяўчынка, па сутнасці ж злосная маленькая пачвара, якая здзекаваецца над сваімі блізкімі. У фінале Ніна прымае смяротную дозу снатворнага, а школьніца Аркадзія самотна гаворыць, што і яна марыць заснуць адвечным сном. Пры гэтым аўтара не вельмі журбуе распрацоўка характараў персанажаў, якія падаюцца празмерна плоскімі, а стасункі паміж імі выглядаюць надуманымі. Фактычна на ўзроўні драматургічнага матэрыялу адбываецца сутнасная падмена мастацкага аналізу актуальных праблем фізіялагічным спосабам адлюстравання сучаснага жыцця.

В. Растрыжэнкаў шмат у чым пераадолеў схематызм твора, яго штучны меладраматызм і нават часткова “рэаніміраваў” асобныя персанажы. Кранаюць непадробныя перажыванні Ніны — А. Баяравай і шчымлівае адзінота разгубленай перад дарослым жыццём Аркадзіі — В. Буслаевай, уражвае сваёй яркай камедыйнасцю, вострахарактарнасцю медсястра — В. Шыпіла. І ўсё ж такі рэжысёр не здолеў кардынальна змяніць драматургічную першааснову, па свайму настрою даволі змрочную, фатальна безвыходную. Да таго ж тэкстава яна перанасычана банальнымі выразамі, непрыстойнасцямі, брыдкаслоўем. Падобныя творы нават пры іх адмысловым рэжысёрскім увасабленні цяжка аднесці да з’яў мастацтва, а ў маральным плане яны фактычна легалізіруюць пошласць і спараджаюць эффект прывыкання гледача да антыкультуры.

Адной з характэрных рысаў жыцця тэатра з’яўляецца пастаяннае абнаўленне рэпертуарнай афішы, таму ў калектыве практычна не існуе праблема акцёрскай занятасці. Працуюць асноўная і малая сцэна, праца якой была на нейкі час перапынена з-за рамонту. Трупа тэатра з’яўляецца пераважна маладой, складаецца з выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва. Да таго ж у якасці акцёраў-стажораў у спектаклях прымаюць удзел студэнты гэтых творчых ВНУ. Побач з В. Анісенкам працуюць рэжысёры А. Марчанка, В. Саратокіна, К. Тарасава, галоўны мастак А. Ігруша, хармайстар Н. Бараноўская, кампазітар Ц. Каліноўскі. Такім чынам В. Анісенка сфарміраваў вакол сябе таленавітую каманду аднадумцаў.

Існуюць у тэатры і свае праблемы, звязаныя перш за ўсё з узроўнем прафесіяналізму. У трупе ёсць прызнаныя майстры сцэны — Т. Мархель, І. Сігаў, Л. Сідаркевіч, Г. Чарнабаева, К. Воранаў, А. Дабравольскі. Паспяхова працуюць маладыя акцёры В. Буслаева, А. Баярава, Г. Арыніч-Анісенка, М. Паніматчанка, Д. Паршын, Б. Шпінер, В. Шыпіла, В. Шчарбакоў, М. Крэчэтаў і інш. Разам з тым асобным спектаклям не хапае ансамблевасці, у іх адчуваецца розны ўзровень майстэрства акцёраў старэйшага, сярэдняга і малодшага пакаленняў. Кіраўніцтва тэатра пастаянна працуе ў гэтым накірунку. В. Анісенка спалучае работу рэжысёра-пастаноўшчыка з тэатральнай педагогікай і кожную рэпетыцыю ператварае ў заняткі па асновах прафесіі. Працу па сцэнічнай мове праводзіць заслужаны артыст Беларусі І. Курган. Акрамя таго ў калектыве існуе цікавая практыка — да ўдзелу ў асобных спектаклях запрашаецца акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы народны артыст Беларусі Г. Гарбук. Ён сыграў такія ролі, як Дзед (“Песні ваўка”) В. Паніна, Ерамееў (“Валянціна” А. Вампілава), Караля Ліра і Понція Пілата ў аднайменных творах У. Шэкспіра і А. Курэйчыка. Прысутнасць на сцэне майстра такога высокага класу сама па сабе з’яўляецца выдатнай школай для маладых акцёраў.

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі з поспехам гастраліраваў у Вялікабрытаніі, Егіпце, Францыі, ЗША, Польшчы, Расіі, Украіне, дзе часта атрымліваў прызы і ўзнагароды на прэстыжных міжнародных фестывалях. Аднак галоўная ўвага кіраўніцтва тэатра скіравана на ўсталяванне шчыльных узаемасувязей і на раскрыццё творчага патэнцыялу беларускіх драматургаў. У 2000—2010 гг. акрамя вышэй названых аўтараў былі пастаўлены нацыянальныя п’есы: “Блазан” М. Клімковіча і У. Сцяпана, “Балада пра Бландою” С. Кавалёва, “Зона Х”, “І рэха адказала — ты” А. Карэліна, “Раман і Юлія” Д. Балыка, “Калі скончыцца вайна” П. Пражко, “Дзённiк паэта” С. Кавалёва і інш.

З прыходам В. Анісенкі фактычна пачаўся новы этап у жыцці Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Мастацкі кіраўнік уражвае сваёй стваральнай энергіяй, накіраванай на адраджэнне калектыву. Па сутнасці В. Анісенка вярнуў тэатр да яго асноўнай зыходнай пазіцыі — быць экперыментальнай пляцоўкай для пачынаючых беларускіх драматургаў і майстар-класам для маладых акцёраў і рэжысёраў.

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 6 ліпеня 2010 года за высокія дасягненні ў галіне тэатральнага мастацтва і значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры прафесійнаму калектыву мастацкай творчасці “Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі” прысвоена званне ”Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь“.







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.