Здавалка
Главная | Обратная связь

Мінскі абласны драматычны тэатр



Мінскі абласны драматычны тэатр быў створаны ў 1991 г. у г. Маладзечна на базе Народнага тэатра гарадскога Дома культуры па ініцыятыве кіраўніка калектыва аматараў М. Міцкевіча, які ажыццяўляў мастацкае кіраўніцтва тэатрам да 2003 г. За гэты перыяд М. Міцкевічам было пастаўлена 14 спектакляў, рознастайных па жанры і змесце. Аснову трупы новага калектыва часткова склалі ўдзельнікі Народнага тэатра, а таксама запрошаныя выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Беларускага універсітэта культуры і мастацтва. У наступныя гады калектывам кіравалі В. Ласоўскі (2003—2004), А. Міхальцова (2004—2006), з 2007 дырэктар — мастацкі кіраўнік Ю. Вута, з 2009 г. галоўны рэжысёр В. Растрыжэнкаў. У рэпертуары тэатра беларуская, руская і замежная класіка, сучасная айчынная і заходнееўрапейская драматургія. Асобныя спектаклі ў розныя гады ставілі А. Андросік, Р. Баравік, В. Баркоўскі, У. Забела, М. Захарэвіч, У. Караткевіч, В. Мазынскі, В. Раеўскі, Р. Таліпаў і інш.

З 1994 г. па 2001 г. (апроч 2000 г.) на базе тэатра праводзіўся штогадовы Рэспубліканскі тэатральны фестываль “Маладзечанская сакавіца”.

Першыя два гады існавання новага тэатра былі прысвечаны вырашэнню надзённых арганізацыйных і творчых пытанняў: ішла перабудова тэатральнага памяшкання, нованароджаны калектыў працаваў над рэпертуарам. Асаблівая ўвага пры яго фарміраванні надавалася беларускай драматургіі: «Раскіданае гняздо»Я. Купалы (спектакль ішоў пад назвай «Час, Сымоне, час»), «Вечар»А. Дударава і інш. Спектакль «Камедыя» У. Рудава паводле К. Марашэўскага і Ф. Аляхновіча, пастаўлены рэжысёрам А. Андросікам у 1993 г. вытрымаў ужо больш за 200 прадстаўленяў, стаў візітнай карткай тэатра і застаецца ў актыўным рэпертуары.

Адкрыццё тэатра адбылося ў 1993 г. спектаклем «Зямля» паводле паэмы Я. Коласа «Новая зямля» (рэжысёр М. Міцкевіч), якая засведчыла творчы, беражлівы падыход да класічнай спадчыны. Вось як тлумачыў свой выбар галоўны рэжысёр тэатра М.Мацкевіч: “Чаму менавіта “Новая зямля” Коласа? Я даўно думаў і пакутліва разважаў, з чым выйдзе на суд гледача тэатр, атрымаўшы статус прафесійнага? Тое, што гэта павінен быць твор нацыянальны, было для мяне відавочна. Але які? Вельмі хацелася знайсці нешта зусім адметнае, арыгінальнае, каб не дубліраваць іншыя тэатры. Да таго ж хацелася, каб гэта быў твор не бытавы, а ўзнёслы, апаэтызаваны і адначасова глыбока рэалістычны, дзе б знайшлі свой адбітак трагізм лёсу беларускага народа і яго жыцця — стойкі гумар, акрыленае светаўспрыманне. Вось так і ўзнікла ідэя “Новай зямлі”, якую не без падстаў называюць анталогіяй жыцця беларусаў і якая на дзіва тонка спалучае амаль этнаграфічныя рэаліі побыту і рамантычную мару народа аб лепшай долі”[15].

Спектакль “Зямля” атрымаўся вельмі светлым і паэтычным. Кампазіцыйна ён быў пабудаваны як споведзь галоўнага героя, маналогі якога аздоблены жанравымі сцэнкамі і лірычным каментарыям аб прыгажосці беларускай прыроды. Своеасаблівым штуршком для вызначэння рэжысёрскай задумы паслужылі радкі з паэмы “Новая зямля”.

Міхал пачуў, што ён — пылінка,

А век людскі — адна хвілінка.

І перад ім самі сабою,

Чуць-чуць засланыя імглою,

Жыцця асобныя кускі —

Малюнкі, з’явы, абразкі,

Калісь прачуты, перажыты, —

Усплылі, як сон, даўно забыты...

На пагорку ляжаў хворы Міхал (У. Луцкі), побач з ім стаялі дзядзька Антось (В. Шэндрыкаў) і Ганна (Т. Кавалеўская) з дзяўчынкай. На парозе небыцця затухаючая памяць Міхала быццам бы выхоплівала асобныя, найбольш важныя падзеі, якія ажывалі і праходзілі перад гледачом чарадой наплываў-замалёвак. Мастак У. Жданаў адмовіўся ад побытавай падрабязнасці. Сцэнічная прастора, не загрувашчаная рэчамі, лёгка трансфармавалася ў поле, луг, сялянскі падворак. Раз-пораз высвятляўся пакой, у глыбіні якога — ікона, дзіцячая калыска, фотаздымак-партрэт сям’і. Святочныя эпізоды перапляталіся з сумнымі ўспамінамі героя аб драматычных падзеях жыцця. І ў радасці, і ў горы Міхала акрыляла, давала сілы выжыць яго мара пра сваю, уласную зямельку. Гэта мара вызначала светлую танальнасць і паэтычны лад спектакля, ён не ўспрымаўся змрочна, безвыходна. Узнёсла, філасафічна гучаў кульмінацыйны маналог Міхала:

Зямля не зменіць і не здрадзіць,

Зямля паможа і дарадзіць,

Зямля дасць волі, дасць і сілы,

Зямля паслужыць да магілы,

Зямля дзяцей тваіх не кіне,

Зямля — аснова ўсёй айчыне.

Радкі паэмы ўражвалі геніяльнай прадбачлівасцю Я. Коласа, які сэрцам адчуў і па-мастацку вызначыў галоўную праблему, што спрадвеку хвалявала беларусаў, — “зямля — аснова ўсёй айчыне”.

Свой адметны погляд на п’есу Я.Купалы «Раскіданае гняздо» знайшоў Р. Баравік, які паставіў яго ў маладзечанскім тэатры пад назвай “Час, Сымоне, час...” Разважаючы аб сваёй задуме, рэжысёр казаў: “Раскіданае гняздо” таму і з’яўляецца нацыянальнай класікай, што ў розныя перыяды абуджала і абуджае вельмі сучасныя думкі. …Купала, ствараючы сваю п’есу ў далёкім 1913 г., як бы прадчуваў будучыя гістарычныя катаклізмы і прапанаваў асабісты філасофскі роздум над шляхамі выйсця з крызісу, над тым, як захаваць першародную сутнасць нацыі. Мяне як мастака не могуць не хваляваць гэтыя пытанні, якія на дзіва арганічна праецыруюцца на нашу рэчаіснасць”[16].

Дзеянне спектакля пачыналася пластычнай замалёўкай — з глыбіні сцэны выходзілі людзі ў доўгіх саматканых кашулях. Быццам бы гнаныя ветрам, яны імкнуцца трымацца разам, выгінаюцца, шукаючы апоры і падтрымкі. Аднак разбуральная стыхія раскідвае іх у прасторы. Кожны з герояў — чалавек вельмі добры. Нават Паніч (Я. Іўковіч) тут не чужынец, а свой, брат, выкармлены, як і астатнія дзеці, адной маці. Таму ўсе яны ставяцца адзін да аднаго з любоўю і спагадай. Кожны з іх нясе ў сэрцы сваю праўду, сваё разуменне народнай трагедыі. Кожны з іх выбірае свой шлях. Лявон Зяблік (Д. Глазычаў) — сумленны, наіўны праўдашукальнік. — усе пяць гадоў, што цягнуліся судовыя справы, верыў і спадзяваўся, што суд разбярэцца ў яго справе і вырашыць усё па справядлівасці. Але апошняя надзея гіне. І нават цяпер бацька забараняе Сымону браць у рукі сякеру, бо, па яго маралі, нельга праўду знайсці шляхам насілля.

Характар Марылі заяўлены актрысай А. Павачкай у першай сцэне, дзе яна спявае песню пра Смока, і песня гэта гучыць як самотная жальба, што перадаецца з пакалення ў пакаленне, распавядаючы пра адвечныя пакуты простага чалавека. Якое б гора не абрушылася на жанчыну, яна пакорліва і цярпліва выносіць усе выпрабаванні. Менавіта гэтыя якасці Марылі і сталі той спажыўнай глебай, на якой расквітнела жабрацкая філасофія Старца (В. Шэндрыкаў). У адрозненне ад сваякоў Сымон (А. Карпук) не жадае скарыцца і актыўна шукае выйсця. Адвяргаючы цярплівасць маці і наіўнасць бацькі, Сымон хапаецца за сякеру. Тут ужо святкуе перамогу Незнаёмы (А. Шчукін), які павядзе хлопца шляхам пажару і крыві. Адзіная, каму быццам бы ўдаецца зберагчы свой унутраны свет, — гэта дзіця прыроды Зоська. Гераіня Т. Кавалеўскай жыла ў ірэальным, незямным вымярэнні, інтуітыўна адчуваючы фальш і салодка-лжывых абяцанняў Старца, і рэзанёрскіх заклікаў Незнаёмага.

У спектаклі “Час, Сымоне, час...” усе героі займаліся пошукамі выйсця з пасткі, у якую трапіла сям’я Зяблікаў. І ўсе яны разам прайшлі свой крыжовы шлях, зведалі і “асалоду” пакорлівага маўчання, і атруту крывавай барацьбы. Схіліўшыся на крыж, Сымон Я. Іўковіча скрозь слёзы з ледзь прыкметнай іроніяй вымаўляў: “На вялікі сход. Па Бацькаўшчыну…”. Словы яго, інтанацыйна пазбаўленыя клічнікаў, падалі ў цішыню залы, як горкія пытанні. Становілася зразумелай назва спектакля: скончыўся час марных і небяспечных лозунгаў, спакуслівых, ілжывых абяцанняў. Наспеў час развагі і роздуму, час пошуку не ілюзорнага, а рэальнага шляху.

На жаль, цяжка лічыць безумоўнай творчай удачай яшчэ адзін зварот тэатра да купалаўскай драматургіі — сцэнічны жарт "На другі дзень сёмухі", створаны Ю. Вутам па ўласнай сцэнічнай кампазіцыі паводле вадэвіля "Прымакі" (2002 г.). Рэжысёр нібыта «па-новаму ўбачыў герояў і выявіў» так званы сучасны погляд на класічны матэрыял. Паклаўшы ў аснову тэкст Купалы, ён шырока "падмацоўваў" яго выказваннямі з Іаанна Залатавуста; даволі вольна абыходзіўся з прасторай і часам, асучасніваў дзеянне пад стыль сённяшняга жыцця, увоёўшы новы персанаж — "чалавек ад тэатра", суфлера, які мог павярнуць дзею у любы бок. Музычна пастаноўка была аздоблена джазавымі, блюзавымі і рокавымі кампазіцыямі з рэпертуару Frank Duval, рок-гурта "Палац", "Беларускіх песняроў", што мала паспрыяла раскрыццю як сутнасці твора, так і самаму сцэнічнаму відовішчу. Рэжысёрская спроба стварыць так званы не "лапцевы" спектакль, дзе звычайна паказана талерантнасць беларуса"[17].

Плённай стала творчая садружнасць тэатра з драматургам А. Дударавым. У розныя гады на маладзечанскай сцэне ўпершыню былі пастаўлены рэжысёрам М. Мацкевічам яго п'есы «Адцуранне» (1993), «Прынц Мамабук» (1999), «Вавілон» (2000), «Кім» (2001), у 2001 г. рэжысёр В. Мазынскі ажыццявіў пастаноўку спектакля «Вечар», у 2004 г — рэжысерам В. Ласоўскім была пастаўлена п’еса «Люці». Сваім аўтарытэтам А. Дудараў неаднаразова дапамагаў тэатру ў ажыццяўленні творчых планаў. Як старшыня Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі А. Дудараў быў адным з заснавальнікаў фестываля «Маладзечанская сакавіца».

У спектаклі “Адцуранне”, які быў прысвечаны Чарнобыльскай трагедыі, рэжысёр М.Мацкевіч з першай сцэны аднаўляў атмасферу нябачнай небяспекі, падсвядомай трывогі. Гасла святло і цемра ўзрывалася мільгаценнем чырвоных лямпачак, сігналамі трывогі ды бесперапынным званком тэлефона. Глядач трапляў у Цэнтр кіравання Савета Бяспекі, куды паступаюць звесткі аб анамальнай з’яве — з космасу набліжаецца слуп святла невядомага паходжання. Гучаў загад — тэрмінова па ўсёй мяжы анамальнай з’явы знішчыць гаспадарчыя і жыллёвыя пабудовы, адстраляць птушак і жывёл, людзей жа, што трапілі ў промні святла, вывезці ў цэнтр рэабілітацыі або папросту — у клініку для душэўнахворых.

Стварыць зону адчужэння даручана Ліквідатару (В. Кашчэеў). Менавіта да яго прыходзяць людзі па дапамогу і паратунак. Гэта — Дачка (Э. Ларыёнава), якая шукае свайго хворага бацьку, яе бацька Стары (А. Карпук), які памёр у бальніцы ад інфаркту, Медсястра (А. Доніна), сведка цудадзейнага ўваскрэсення Старога, рэцыдывіст Гулаг (Д. Глазычаў), забіты падчас уцёку з турмы, францужанка Арлет (Т. Кавалеўская), прадстаўніца самай старажытнай прафесіі. Усе яны — і жывыя, і нябожчыкі — імкнуліся трапіць у вёску Расосенка, якая знаходзіцца ў закрытай зоне. Іх цягне туды нейкая падсвядомая сіла, унутранае жаданне нешта зрабіць, але пакуль ніхто не ведае што. Паміж гэтых людзей раз-пораз з’яўляюцца загадкавыя постаці Вешчуна (У. Луцкі) і Хлопчыка (В. Салушчаў), які, уладкаваўшыся ў куточку, моўчкі будаваў з дзіцячых кубікаў невялічкую каплічку.

Сэнс першай дзеі выяўляўся праз псіхалагічныя зрухі, што адбываліся ў душы Ліквідатара, які адчуваў ўнутраную раздвоенасць. У хвіліны прасвятлення ён чуе тэксты святога Евангелля, размаўляе з Вешчуном, імкнучыся спасцігнуць ісціну. Аднак, перакуліўшы чарку гарэлкі, Ліквідатар ператвараўся ў халодную, бяздушную машыну і ўспрымае Вешчуна як вар’яцкую галюцыянацыю. Між тым, місія Вешчуна давесці людзям, што ніколі не позна пакаяцца, адкрыць сэрца міласэрнасці і страчанай веры.

Дзеянне другой часткі спектакля адбывалася на могільніку, дзе пад сценамі зруйнаванай капліцы ляжаць астанкі князёў Радзівілаў. Чуецца строкат верталёта, кулямётныя стрэлы, перадсмяротны крык забітай каровы. Рэзкія гукі дысанансам урываюцца ў агульную атмасферу прымірэння і згоды, у якой апынуліся героі ў краіне небыцця. Дачка, памінаючы маці, абмывае твар свяшчэнным віном, якое цудам узнікла ў яе далонях. Ліквідатар і Медсястра, наблізіўшыся, гладзяць адно аднаго па валасах, скрыжоўваюць рукі і па чарзе вымаўляюць: “Я люблю цябе”. Тое ж адбываецца паміж Арлет і Гулагам. Гучаць словы: “Даруй мне… Я люблю цябе”. І няма ў іх ніякіх прыкмет плоцевага пачуцця, ёсць найвышэйшая праява любві да блізкага свайго. Сабраўшыся разам каля магіл продкаў, адкрыўшы адно аднаму сэрцы, героі вярталі страчаную памяць. Гулаг нарэшце ўспамінаў сваё чалавечае імя і з дзяцінства забытае імя маці, усведамляў, што ён і Арлет — прамыя нашчадкі графіні Ізабэлы Радзівіл.

Між тым, рэальны жудасны свет пагражаў разбурыць раўнавагу і гармонію, з такой цяжкасцю знойдзеную людзьмі. Мацнеюць стрэлы, ярчэй успыхваюць бліскавіцы. Ратуючыся ад небяспекі, усе шукалі выйсця і раптам заўважалі старадаўнюю кнігу. Людзі чытаюць мудрыя словы і пачынаюць разумець, што яны павінны зрабіць. Кожны з іх падымае камень і нясе яго ў глыбіню сцэны. Так, камень да каменя, аднаўлялася зруйнаваная капліца. Апошнюю кропку ставіў Хлопчык, які ўвенчваў каменныя муры мініяцюрнай бялюткай каплічкай з дзіцячых кубікаў. Успыхваў яркі промень святла, і праз клубы дыму з розных бакоў адноўленай капліцы сыходзілі ў глядзельную залу былыя грэшнікі, каб панесці людзям хрысціянскія запаветы. Пры тым, што ў сцэнічным творы адчуваўся пэўны дыдактызм, некаторая ілюстрацыйнасць, ён кранаў сваёй узнёсласцю, паэтычнасцю.

П’еса “Кім” А. Дударава мае сучасныя пазнавальныя прыкметы і паказвае рэчаіснасць у некалькі ідэалізаваным плане. Па сутнасці, драматург стварыў гарадскую казку для дарослых. Спектакль па гэтым творы быў пастаўлены ў 2001 г. рэжысёрам М. Мацкевічам у жанры меладрамы з дакладным захаваннем яе класічных канонаў. На сцэне ажывала сентыментальная гісторыя аб тым, як хворая дзяўчына Юля, якая апякуе трох дзетак сірот, чыстым каханнем абуджае душу прагматычнага бізнесмена Каралёва. Па вялікім рахунку “перавыхаванне” дзялка пад уздзеяннем кахання і далучэнне яго да хрысціянства (кніжка “Евангелле”, што ляжала ў кішэні, выратавала ад смяротнай кулі) выглядаюць даволі наіўна і не вельмі праўдападобна. Дзякуючы актыўным учынкам Кіма гісторыя набывае шчаслівую развязку і, як і належыць казцы, у фінале святкуе перамогу справядлівасць і дабро — не вельмі сумленны бізнесмен становіцца прыстойным чалавекам і фінансуе аперацыю каханай дзяўчыны за мяжой. Акцёры А. Пашкевіч (Каралёў) і В. Карасевіч (Юля) кранальна, з пэўнай доляй драматызму раскрывалі складанасць чалавечых узаемаадносін, праводзячы сваіх герояў праз жыццёвыя рыфы і выпрабаванні. Акцёрскі дуэт трапна дапаўнялі цынічны Хадзееў (Б. Донін) і добрая, але ў параўнанні са сціплай Юляй, па-сучаснаму раскаваная сяброўка Лена (І. Кляпацкая). Самае ж галоўнае набыццё п’есы і спектакля — гэта вобраз Кіма, трынаццацігадовага хлопчыка, старэйшага з прыёмных дзяцей Юлі. У адрозненне ад сучасных інфантыльных падлеткаў са спажывецкай псіхалогіяй Кім вылучаецца моцным характарам, зайздроснай воляй, акрэсленай мэтанакіраванасцю. Вобраз Кіма ўвасобіў на сцэне вучань маладзечанскай школы Дзмітрый Свірыда.

Адным з першых тэатр звярнуўся да п'есы С. Кавалёва «Саламея Русецкая». С. Кавалёў у сваёй драматургічнай творчасці часта звяртаецца да знакамітых асоб айчыннай гісторыі. Саламея Русецкая (1718 — пасля 1760) — таксама персанаж гістрычны. Яна нарадзілася на Навагрудчыне ў сям’і беднага мешчаніна. Не маючы грошай, каб заплаціць за лячэнне, яе бацька аддае лекару-немцу Якубу Хальпіру сваю 14-гадовую дачку ў якасці жонкі. Дзяўчынка з Навагрудчыны воляю лёсу ператварылася ў нястомную вандроўніцу, авалодала турэцкай, рускай, нямецкай мовамі, спасцігла таямніцы медыцынскай навукі і зрабілася лекаркай, прызнанай у многіх краінах свету. Двойчы брала шлюб, мела дачку і двух сыноў. У 1760 г. Саламея Русецкая напісала аўтабіяграфічны раман — “Авантуры майго жыцця”, які ўяўляе цудоўны ўзор эпісталярнай літаратуры. Гэты жыццяпіс і стаў для драматурга асновай для стварэння п'есы.

На маладзечанскай сцэне спектакль па гэтай п'есе быў пастаўлены рэжысёрам Р. Таліпавым у 1996 г. пад назвай «Саламея і яе амараты». Падзеі адбываюцца на працягу адной ночы ў Стамбуле. Раніцай сын Саламеі Станіслаў мусіць пакінуць Турцыю і з пасольскай місіяй выправіцца на радзіму. Паміж маці і сынам узнікла непаразуменне — юнак паверыў брудным плёткам, якімі аплецена імя свабоднай, незалежнай жанчыны. Саламея паслала Станіславу дзённік, дзе шчыра расказала пра свой нялёгкі жыццёвы шлях. І вось цяпер, ноччу, у роздуме і пакутах яна чакае сынавага прысуду. Мастак Я. Волкаў арганізаваў сцэнічную прастору паводле рэжысёрскай кампазіцыі: дзеянне разгортвалася адначасова ў трох месцах — на цэнтральнай пляцоўцы, у пакоях Саламеі і ў кутку сына. Раз-пораз за вакном узнікала панарама Стамбула. На працягу спектакля высвятлялася адна з пляцовак, і сцэны з мінулага плаўна ўпляталіся ў плынь рэальных падзей. Памяць гераіні выхоплівала найбольш яркія эпізоды. Перад гледачом паўставалі тыя, з кім Саламея брала шлюб, каго кахала і ненавідзела, хто здраджваў ёй і рабаваў.

Вобразы амаратаў падаваліся акцёрамі ў рознай жанравай стылістыцы: 50-гадовы лекар-немец Якуб Гальпіры (В. Багушэвіч) — у пафасна трагедыйнай; вянгерскі князь Ракацы (Б. Донін) — у меладраматычнай; прыгожы малады шляхц Адоніс (А. Чэчанеў) — у вадэвільнай. Менавіта ў такой іранічнай афарбоўцы яны захаваліся ў памяці Саламеі. Іншую танальнасць набываў вобраз галоўнай гераіні, які стваралі дзве актрысы Т. Раковіч (у дзяцінстве) і І. Кляпацкая (у сталым узросце). Першая выканаўца ўдзельнічала ў эпізодзе з Якубам Гальпірам. Яе гераіня смяшлівая, парывістая як дзіця гарэзнічае і свавольнічае. Побач з ёю Саламея І. Кляпацкай выглядала стрыманай і засяроджанай. Яна то выступала ў ролі каментатара, то адчужана назірала за прывідамі мінулага, то эмацыянальна рэагавала на падзеі. Мудрасць і разважлівасць спалучаліся ў ёй з непасрэднасцю і даверлівасцю.

Драматург С.Кавалёў апрацаваў рэальныя факты біяграфіі Саламеі Русецкай, а рэжысёр Р.Таліпаў таленавіта ўвасобіў іх у сцэнічнае відовішча. Аўтар і рэжысёр спектакля дапоўнілі мемуары хіба толькі фінальнай сцэнай, дзе Саламея нарэшце зведала ўзаемнае каханне з высакародным Станіславам Макоўскім (Р. Латагольц). У апошняй сцэне былыя каханкі Саламеі, далучыўшыся да гледача, адорвалі яе апладысментамі і гучнымі воклічамі “віват!”. Так стваральнікі спектакля «узнагароджвалі» Саламею за яе самаадданую веру ў каханне.

Значную частку рэпертуара тэатра ў розныя гады складалі спектаклі па творах замежных аўтараў — “Непаразуменне” А. Камю (1995, рэжысёр А. Крывашэеў), “Пры зачыненых дзвярах” Ж.-П. Сартра (1996, рэжысёр В. Растрыжэнкаў), «Двое на арэлях» У. Гібсана (1997, рэжысёр М. Мацкевіч), «Чорная нявеста» Ж. Ануя (1994, рэжысёр М. Мацкевіч), «Сільвія» А. Герні (2003, рэжысёр Р. Таліпаў), «Матухна Кураж і яе дзеці» Б. Брэхта (2003, рэжысёр А. Барткевіч) і інш.

В. Растрыжэнкаў адыграў вясомую ролю ў перыяд станаўлення тэатра: у 1993—2001 гг. Ён працаваў як чарговы рэжысёр, з 2009 г. — галоўны рэжысёр. Апроч шэрагу яскравых спектакляў для дзіцячай аўдыторыі — “Чарадзейства ў краіне Оз" А. Булыкі, "Парася, якое спявае, Ці нельга нам без сябра” У. Казлова, "Драўляны Рыцар" С. Кавалёва, “Мымрык” Б. Афоніна (2000) і інш., камедыі “Пан міністр” Ф. Аляхновіча (1995), ім былі створаны спектаклі інтэлектуальнага напрамку ў рэпертуары тэатра: "Пры зачыненых дзвярах” Ж.-П. Сартра (1996), “Караль” С. Мрожака (1997), які вызначаўся эксперыментальнасцю творчага пошуку. Рэжысёр надаў дзеянню арыгінальную форму цыркавой клаўнады. Акцёры В. Багушэвіч (Дзядуля), Я. Іўковіч (Акуліст), А. Пашкевіч (Унук) шырока выкарыстоўвалі элементы эксцэнтрыкі, пародыі, гратэску. Дынамічнае, імклівае па рытму відовішча за знешняй лёгкасцю хавала глыбокі сэнс — схільнасць да канфармізму абавязкова абумовіць самаразбурэнне чалавечай асобы. Спектаклі "Пры зачыненых дзвярах” і “Караль” запісаны на відэа і захоўваюцца ў фондах Беларускага тэлебачання.

Выбар маладзечанцамі складанага філасофскага твора А. Камю “Непаразуменне” (1995) абумоўліваўся тым, што малады калектыў імкнуўся прывабіць да тэатра гарадскую інтэлігенцыю. Аднак самая добрая ідэя не прынясе станоўчых вынікаў, калі не будзе падмацавана належным узроўнем рэжысуры, акцёрскага майстэрства і іншых сродкаў тэатральнай выразнасці. Першы і галоўны пралік быў дапушчаны ў вырашэнні жанру пастаноўкі. Рэжысёр А. Крывашэеў (мастацкі кіраўнік пастаноўкі В. Раеўскі) вызначыў жанр спектакля як “псіхалагічны дэтэктыў”, хаця п’еса А. Камю прынцыпова адрозніваецца ад дэтэктыўнай літаратуры. Дэтэктыўная лінія тут — толькі форма, сюжэтная канва, за якой хаваецца філасофскі роздум аўтара над адвечнымі праблемамі быцця. Падзейны шэраг твора (маці і сястра забіваюць сына і брата) успрымаецца не як канкрэтна-рэальная сітуацыя, а хутчэй у рэчышчы глыбінных, складаных і надзвычай супярэчлівых працэсаў падсвядомасці. У спектаклі ўсё вырашалася спрошчана. Рэжысёр і выканаўцы разыгрывалі толькі сюжэт п’есы і гэта пазбаўляла сцэнічны твор падтэкствага, асацыятыўнага, філасофскага пласта.

Настальгічнай тугой па ўзвышаным рамантычным каханні быў прасякнуты спектакль “Двое на арэлях” У. Гібсана (1997). Найперш ён вабіў цудоўным акцёрскім дуэтам В. Кавалеравай і Я. Іўковіча, а таксама працай рэжысёра М. Мацкевіча і мастака Я. Волкава, якія стварылі для выканаўцаў максімальна зручныя ўмовы сцэнічнага існавання. Адзінокая, хворая былая балерына Гітэль і такі ж адзінокі малады чалавек Джэры, які перажывае разрыў з жонкай, сустракаюцца не ў лепшы перыяд свайго жыцця. Напачатку менавіта адзінота падштурхоўвае іх адзін да аднаго. Паступова іх сустрэчы становяцца для кожнага жыццёва неабходнымі. Гітэль і Джэры не толькі прагнулі кахання, яны адчувалі патрэбу падтрымаць блізкага чалавека ў цяжкую хвіліну, дапамагчы ўмацаваць дух, каб не згасла ў яго сэрцы выратавальная надзея. У ролі Гітэль на маладзечанскай сцэне выступае актрыса мінскага Тэатра юнага гледача В. Кавалерава, якая выявіла зусім новыя для сваёй творчай індывідуальнасці якасці. Сцэнічны характар будаваўся актрысай і рэжысёрам на кантрастнай змене эмацыянальнага стану гераіні. Адзінота, каханне, рэўнасць, здрада, дараванне… ізноў адзінота. На працягу дзеяння В. Кавалерава пражывала ўсю гэту разнастайную гаму пачуццяў. Перажыўшы вялікае душэўнае ўзрушэнне, яе гераіня перараджалася на нашых гледача: з зацкаванага нягодамі звярка яна станавілася прыгожай жанчынай з пачуццём уласнай годнасці. Джэры Я.Іўковіча ўражваў сваёй шчырасцю, абаяльнай непасрэднасцю, эмацыянальнай адкрытасцю, што надавала акцёрскаму дуэту надзвычайную свежасць і прывабнасць. В. Кавалерава і Я. Іўковіч дакладна даносілі галоўны маральны пасыл спектакля — каханне раскрывала ў іх героях лепшыя рысы.

Плённым быў зварот тэатра і да рускай класічнай і сучаснай драматургіі. Тут у розныя гады ставіліся “Жаніцьба Бальзамінава” (1993, рэжысёр У. Забела) і “Апошняя ахвяра” А. Астроўскага (1997, рэжысёр М. Захарэвіч), “Я стаю ля рэстарана” Э. Радзінскага (1993, рэжысёр М. Мацкевіч), “Дыяген” Б. Рацэра і В. Канстанцінава (1994, рэжысёр У. Забела), "Правінцыяльныя анекдоты" (1995) і “Дваццаць хвілін з анёлам” А. Вампілава (1998, абодва — рэжысёр М. Мацкевіч), "Характары" паводле В. Шукшына (2000, рэжысёр М. Захарэвіч) і інш.

Спектакль «Апошняя ахвяра» А. Астроўскага трымаўся ў актыўным рэпертуары больш за дзесяць гадоў. Рэжысёрская работа актрысы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы М. Захарэвіч была задумана як майстар-клас і сапраўды стала цудоўнай школай для маладых акцёраў тэатра. М. Захарэвіч прымушала іх разгадваць аўтара — далёкага і не вельмі простага Астроўскага. У выніку нарадзіўся спектакль без асаблівых мудрагелістасцей і складанасцей, але пабудаваны так, што ўспрымаўся гледачамі як сучасны дэтэктыў.

Шматпланавая партытура любой гістарычнай п'есы — сур'ёзнае выпрабаванне для тэатральнай трупы. Да жанру гістарычнай драмы тэатр звярнуўся ў спектаклях «Пачатак» паводле Б Васільева (2004, рэжысёр Ю. Вута), і «Фантазія ля-мінор» У. Драздова (2005, рэжысёр А. Міхальцова). Прысвечаны 60-годдзю Перамогі, спектакль у пэўнай ступені стаў падзеяй у раскрыцці ваеннай тэмы. У сваёй аповесці Б. Васільеў паказаў апошнюю мірную ноч у святле раней невядомых фактаў. Тут фігуруюць і службовыя запіскі, і старонкі з кнігі палкаводца Георгія Жукава, іншыя гістарычныя дакументы Другой сусветнай вайны. Апошняя перадваенная ноч прайшла праз лёс адной вялікай сям’і генерала, які знаходзіцца ў цэнтры перадваенных падзей. Матэрыял уражваў і хваляваў як акцёраў, так і гледачоў. Нягледзячы на маладзейснасць літаратурнага матэрыялу, мноства персанажаў, хуткія змены месца дзеяння, што часам заблытвала гледачоў, складанасць сцэнаграфіі В. Грыцаевай, пэўны разрыў паміж узроўнем майстэрства вопытных акцераў і маладой змены, Ю. Вута ў цэлым прадэманстраваў паглыбленую рэжысуру.

Паслядоўна выказваючы цікавасць да яркіх гістарычных асоб Беларусі У. Драздоў напісаў п'есу пра Міхала Клеафаса Агінскага, які нейкі час жыў у маёнтку пад Смаргонню. Справы дыпламатычныя і сенатарскія прымушалі яго раз'язджаць па Еўропе. У вольны час ён пісаў музыку. Пра ягоную дзяржаўную службу даўно забыліся, а музыка засталася. Нават у энцыклапедыях ён названы кампазітарам. Рэжысёр-пастаноўшчык А. Міхальцова ў гэтым гісторыка-культурным праекце заняла ўсю трупу і , стварыла маляўнічае, рамантычна вытанчанае тэатральнас відовішча, што распавядала пра невядомыя старонкі беларускай гісторыі. Невялікая сцэна тэатра не дазваляла разыйціся на ўсю моц балям, царскім прыёмам і музычнай спадчыне кампазітара. Аднак тое, што зроблена (няхай і пункцірна акрэслена), уражвала тэатральнай культурай і навізной. Спектаклю не хапала дзеяння і інтрыгі, але са сцэны ішла плынь пазнавальнага матэрыялу, які ахоплівае вялізную часавую і геаграфічную прастору на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў канца XVIII — першай чвэрці ХІХ ст. — ад беларускай весачкі пад Смаргонню да пецярбургскага імператарскага двара і парыжскіх арыстакратычных салонаў.

Сцэнограф В. Грыцаева выкарыстоўвала кінаэкран і слайды для большай выразнасці азначэння месца дзеяння. На сцэне ўзнікалі старажытныя фаліянты і белы раяль, пышныя касцюмы і напудраныя парыкі. Музыка пранізвала пастаноўку, прымушала сэрцы гледачоў сціскацца ад гукаў знакамітага паланеза «Развітанне з Радзімай» і яшчэ ад дзесятка цудоўных мелодый Агінскага ў выдатным выкананні. Гэта вельмі пасавала тэатру г. Маладзечна, дзе існуюць трывалыя музыкальныя традыцыі, дзе штораз перад спектаклем у невялікім фае за раялем чарговы таленавіты вучань музычнага вучылішча выконвае класічныя творы. Такога няма ні ў водным іншым тэатры Беларусі. Напэўна, таму і публіка тут ветлівая, выхаваная і ўдзячная. «Хто не ведае свайго мінулага, той не мае будучыні», — гэтыя словы на тэатральнай праграмцы нібы аўтограф да спектакля. І тут тэатр працягваў выконваць сваю асветніцкую місію.

У апошнія два гады маладзечанцамі ажыццёўлены пастаноўкі: “Вяселля не будзе” паводле вадэвіля “Вяселле” А. Чэхава (рэжысёры В. Раеўскі, С. Навуменка), крымінальная драма"Не асуджанымі будзеце..." Я. Главацкага (рэжысёр Ю. Вута), меладрама "Старая зайчыха" М. Каляды (рэжысёр А. Чэчэнеў), казка-гульня "Залатое сэрцайка" У. Арлова (рэжысёр С. Навуменка), жорсткая меладрама "Маленькі свет" А. Паповай (рэжысёр А. Палухіна, танга ў адной дзеі “Паляванне на пацукоў” П. Турыні (рэжысёр Г. Мушперт).

У тэатры плённа працавалі акцёры В. Багушэвіч, Я. Іўковіч; сёння ў складзе трупы — Я. Бабій, А. Барткевіч, Б. Донін, Т. Грасевіч, І. Камышава, І. Карчэўская, І. Кляпацкая, А. Пашкевіч, А. Рахмангулава, А. Чэчэнеў і інш.

Мазырскі драматычны тэатр імя І. Мележа

Мазырскі драматычны тэатр імя І. Мележа быў створаны ў 1990 г. у г. Мазыры на базе Народнага тэатра гарадскога Дома культуры. Да 1994 г. насіў назву Беларускі эксперыментальны тэатр “Верасень”, з 1994 г. — сучасную назву. Заснавальнік і першы мастацкі кіраўнік М. Колас. З 1992 г. дырэктар і мастацкі кіраўнік С. Кліменка, з 1994 г. мастацкі кіраўнік В. Ласоўскі, з 2001 г. мастацкае кіраўніцтва ажыццяўляе рэжысёр Р. Цыркін.

Сёння тэатр імя I. Мележа мае вялікую і малую сцэны, на якіх ідуць спектаклі і традыцыйнага, і эксперыментальнага напрамку. Але пачатак яго дзейнасці ўзыходзіць да другой паловы 1980-х гг. На фоне пашыранага студыйнага тэатральнага руху стварэнне прафесійнага Беларускага эксперыментальнага тэатра “Верасень” стала прыкметнай падзеяй у тэатральным жыцці нашай рэспублікі. Калектыў шмат гастраляваў, выклікаючы тым самым асацыяцыі са знакамітай трупай У. Галубка, якую некалі любілі гледачы ў самых аддаленых куточках Беларусі. Пры фарміраванні рэпертуара кіраўніком тэатра М. Коласам перавага аддавалася творам айчынных аўтараў, найперш нацыянальнай класіцы: “Паўлінка” і “Прымакі” Я. Купалы, “Людзі на балоце” I. Мележа, “Лявоніха на арбіце” і “Трыбунал” А. Макаёнка... На фестывалях тэатраў-студый “Верасень” паказваў спектаклі па творах Г. Марчука — “Люцікі-кветачкі” і “Змова”. За гады дзейнасці “Верасня” на яго сцэнічнай пляцоўцы эксперыментавалі многія дзеячы беларускай рэжысуры — М. Колас, М. Трухан, В. Баркоўскі, У. Караткевіч, С. Кліменка, С. Палешчанкаў, М. Дзінаў і інш. Але перыферыйны тэатр не мог стаць лабараторыяй сучасных творчых пошукаў рэжысуры. Адкрыццё ў 1993 г. Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі з блізкай рэпертуарнай палітыкай і творчымі пошукамі пераключыла цікавасць маладых беларускіх аўтараў і рэжысёраў на яго дзейнасць. Трэба было кардынальна вырашаць, па якім шляху далей развівацца мозырскаму тэатру. Рашэннем Мазырскага гарадскога выканаўчага камітэта № 679 ад 22. 12. 1994 г. яму нададзена назва Мазырскі драматычны тэатр імя І. Мележа. Перад тэатрам былі пастаўлены больш шырокія творчыя задачы, а гэта карэным чынам паўплывала на далейшае фарміраванне рэпертуара. Але многія гледачы да гэтай пары з задавальненнем узгадваюць спектаклі мазыран, пастаўленыя ў тэатры “Верасень”: “Прымакі” Я. Купалы (1990, рэжысёр С. Кліменка), “Мар'я” А. Кудраўцава (1991, рэжысёр В. Баркоўскі), “Хачу быць мільянерам” А. Дзялендзіка (1992, рэжысёр У. Караткевіч), “Прыязджайце да нашай вёскі!” Г. Марчука (1993, рэжысёр М. Дзінаў), “Прынцэса і Янка” У. Ягоўдзіка (1993, рэжысёр В. Ласоўскі) і шэраг іншых.

У 1994—1998 гг. мастацкае кіраўніцтва тэатрам ўзначальваў рэжысёр В. Ласоўскі. Гэта якраз быў перыяд пошуку калектывам сваёй творчай адметнасці на тэатральнай прасторы краіны. Тэатр звяртаецца да айчыннай класікі і сучаснай беларускай п’есы, на яго сцене ідзе руская і замежная драматургія, спектаклі для дзяцей. За чатыры сезоны было пастаўлена больш за 20 спектакляў самых розных жанраў і праблематыкі, сярод якіх найбольш цікавымі былі “Купальская ноч” Ю. Куліка (1994), “Даходнае месца” А. Астроўскага, (1995), “Трышчан і Іжота” С. Кавалёва (1995), “Ветрагоны” У. Галубка (1997), “Эспаньола” Ю. Эдліса (1998), прыгодніцкая камедыя для сярэдняга школьнага ўзросту “Шкірдзюкі займаюць абарону” В. Ткачова (1996) і казка “Залаты пеўнік” паводле А. Пушкіна (1998) і інш.

Цікавай была пастаноўка п'есы С. Кавалёва “Трышчан ды Іжота”. Рэжысёрам В. Ласоўскім ён вырашаўся ў жанры мюзікла. Тэатр імкнуўся да новых формаў увасаблення драматургіі, нечаканай, яркай відовішчнасці. Гэтаму спрыяла мастацка-светлавое афармленне, касцюмы персанажаў (мастак П. Захараў). Гледача вабіў сюжэт вядомага рыцарскага рамана, высокае каханне і шчырая, эмацыянальная ігра маладых выканаўцаў. Пастаноўка была адзначана на Міжнародным тэатральным фестывалі “Славянскія тэатральныя сустрэчы” (1996), што праходзіў у Гомелі.

“Ветрагоны” У. Галубка ў пастаноўцы В. Ласоўскага прыцягвалі гледача сваёй фабулай, неардынарнымі характарамі персанажаў. У цэнтры п'есы і спектакля — жаданне багатай самалюбівай бабулі, ролю якой выконвала Т. Валанцэвіч, аддаць сваю легкадумную ўнучку Фросю (В. Шаплякова) замуж за франта, ветрагона і махляра Ігната (В. Мосін). Рэжысёр і мастак імкнуліся падаць характары персанажаў больш буйна, ярка. Яны адмовіліся ад бытавых рэмарак і наогул ад бытаапісальніцтва. Дзеянне пераносілі на тэатральную пляцоўку, якая дадаткова была ўзведзена ўжо на існуючай сцэне. У такім своеасаблівым тэатры ў тэатры і сустракалася моладзь. “Паўсядзённасць з яе праблемамі ўяўлялася стваральнікамі як усеагульнае свята маладых людзей, — заўважае тэатразнаўца В. Ярмалінская. — Сцэну ўпрыгожвала вялікае кола, з якога звісалі рознакаляровыя стужкі. У пэўных мізансцэнах яно круцілася разам са стужкамі, а вакол кружыліся пары ў нацыянальных касцюмах, якія добра ўпісваліся ва ўсё дзеянне, падкрэслівалі вясёлы жанр камедыі. Увагу гледача прыцягвалі акцёры, якія ўвасаблялі персанажы яркія, нечаканыя, будавалі сітуацыі і дачыненні паміж сабой цікавыя і непрадказальныя”[18].

Малады мазырскі глядач цёпла ўспрымаў і спектакль “Эспаньела” (рэжысёр В. Ласоўскі) па п'есе “Набярэжная” эстонскага драматурга Ю. Эдліса. Нягледзячы на тое, што п’еса гэта напісана яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя, аўтар асэнсоўвае ў ёй заўсёды актуальныя для моладзі пытанні выбару жыццёвага шляху, паэтызуе надзеі і мары юнацтва. У цэнтры ўвагі драматурга і тэатра — гісторыя дзяўчат невялікага гарадка, якія, нягледзячы на падман і здрады, працягваюць жыць недасягальнымі марамі.

У 1999 г. у тэатр на пасаду рэжысёра тэатрам запрашаецца выпускнік Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва Р. Цыркін, які да гэтага працаваў акцёрам у Брэскім абласным тэатры драмы і музыкі і Мінскім абласным драматычным тэатры (г. Маладзечна), як рэжысёр стажыраваўся ў Маскоўскім акадэмічным тэатры імя У. Маякоўскага. Першымі яго пастаноўкамі на сцэне Мазырскага тэатра былі п’есы лёгкага жанру, так званыя "камедыі становішчаў" — “Мужчынскі род, адзіночны лік” Ж.-Ж. Брыкера і М. Ласега, "Кантракт" Ф. Вебера. Рабілася гэта наўмысна, каб прыхіліць да тэатра гледачоў. Пазней Р. Цыркін звяртацца да сур’ёзнай драматургіі — айчыннай і сусветнай класікі, сучаснай драматургіі, якая ўздымае важныя маральныя і філасофскія пытанні часу. Але ўжо першыя спектаклі Р. Цыркіна — і асабліва “Дрэвы паміраюць стоячы” А. Касоны (усе пастаўлены ў 2000 г.) — засведчылі, што ў тэатр прыйшоў цікавы і перспектыўны рэжысёр.

Спектакль “Мужчынскі род, адзіночны лік” паводле цудоўна напісанай французскай камедыі з элементамі эпатажу вылучаўся цікавым акцёрскім ансаіблем. У галоўнай ролі Альбера саліраваў М. Кліменка, які на вачах з элегантнага, рэспектабельнага і амаль недасягальнага мужчыны літаральна ператвараўся ў разгубленага і кранальнага юнака. Абаяльны і спакуслівы вобраз Жасант стварала актрыса А. Апет, Удала ўпісваўся ў партрэт сям'і ранімы і небездакорны сын Альбера Лу (А. Спірыдовіч). Іранічнасцю былі азначаны і іншыя вобразы.

У 1998 г. у мазырскую трупу быў запрошаны вопытны артыст В. Шушкевіч. З прыходам у тэатр у 1999 г. рэжысёра Р. Цыркіна пачадася іх плённая творчая садружнасць. Шмат у чым поспех спектакляў тэатра пачатку 2000-х гадоў вызначаўся ўдзелам у іх В. Шушкевіча. З цягам часу, дзякуючы мэтанакіраванай дзейнасці Р. Цыркіна па ўдасканаленні прафесійнага майстэрства трупы, партнёрству ў спектаклях з майстрам сцэны В. Шушкевічам і заняткамі з ім па акцёрскаму майстэрству, а таксама завочнаму навучанню ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вылучылася група маладых артыстаў, якія сёння складаюць “ядро” трупы — А. Апет, М. Кліменка, В. Кашынская, А. Савіцкі, А. Чыжык.

Жанр класічнай меладрамы А. Касоны “Дрэвы паміраюць стоячы” Р. Цыркіным быў вызначаны, як трагікамедыя. П'еса пранікнута шчырасцю і дабрынёй пачуццяў, як найвышэйшымі чалавечымі каштоўнасцямі. Мастак П. Захараў з уласцівым яму майстэрствам і густам выбудаваў на сцэне ўтульны, прасторны дом, так любімы яго гаспадарамі. Лёгкая, простая канструкцыя давала ўяўленне аб дагледжаным асабняку з лесвіцамі, аркамі і вялікімі вокнамі і ў той жа час яна была здольная трансфармавацца ў сціплы службовы офіс. Уладальнікі дома — пажылыя людзі: разважлівы, інтэлігентны сеньор Бальбао (В. Шушкевіч) і яго жонка Эўхена (А. Чыжык), элегантная, вытрыманая і разумная. Маладая актрыса да непазнавальнасці пераўвасаблялася ў сваю гераіню, змяняючы голас, паходку, а галоўнае — унутраны стан. Спакойная, добразычлівая атмасфера дома трымаецца на чулай, выхаванай і спагадлівай служанцы Хенавевай (З. Нагорная).

Жыццё пажылых людзей, асабліва Эўхены, падтрымлівае існаванне ўнука за мяжой, рэспектабельнага, дзелавога, працавітага і прыстойнага. Менавіта такім яго прыдумаў Бальбао. Магчыма, дзеля таго, каб прадоўжыць жыццё жонкі і сваё таксама. Ён сам піша пісьмы ад яго імя і тым самым радуе Эўхену. Толькі здараецца непрадбачанае: зусім іншы ўнук, сапраўдны,— самаўпэўнены і нахабны — мусіць з'явіцца ў іх доме. І тады Бальбао звяртаецца па дапамогу ў агенцтва паслуг, якое ладзіць пажылой пары сустрэчу з уяўным унукам і яго жонкай, нібыта прыехаўшымі з-за мяжы. Усё робіцца дзеля Эўхены, яе ўнутранага спакою. “Тэатр цікава і далікатна падводзіць гледача да незвычайнай сітуацыі і дэманструе, з якой годнасцю трымаюцца ў ёй героі. У многім гэта атрымоўваецца дзякуючы бліскучай ігры М. Кліменкі, які выконвае дзве ролі — стрыманага, разважлівага Дырэктара агенцтва і адначасова — вынаходлівага, абаяльнага ўяўнага ўнука сеньёра Бальбао. Не дзіўна, што ў яго па-сапраўднаму закахана мяккая, пяшчотная Марта—В. Кашынская. У пастаноўцы выбудоўваюцца няпростыя дачыненні паміж героямі, але ўсе яны надзвычай прыцягальныя для гледача, дзякуючы нефальшывай, шчырай і тонкай ігры акцёраў”[19]. Спектакль больш за восем гадоў не сыходзіў са сцэны і, як і на прэм’ерным паказе, па-ранейшаму радаваў гледача.

Яшчэ адной значнай для мазырскага тэатра прэм’ерай 2000 г стаў спектакль “Каханне Ганны Чарнушкі”. Драматург А. Петрашкевіч і рэжысёр Р. Баравік з усёй шматмернасці сюжэтных ліній рамана І. Мележа “Людзі на балоце” выбралі адну, здольную бязпройгрышна зацікавіць сучаснага гледача — любоўны трохкутнік Ганны, Васіля і Яўхіма. Астатнія сацыяльна вострыя канфліктныя сітуацыі падаюцца асобнымі штрышкамі, пераважна, каб больш выразна адцяніць характары галоўных герояў. Адсюль і назва спектакля — “Каханне Ганны Чарнушкі”. Прынцып рэжысуры Р. Баравіка выяўляўся ў адкрытай умоўнасці спектакля і яркай вонкавай тэатралізацыі. Такой жа стылізавана ўмоўнай з’яўляецца і сцэнаграфія П. Захарава. На сцэне — контуры калакольні, хаты і іншых вясковых забудоў, у глыбіні роўненькі шэраг табурэтак, па якіх часам прабягала моладзь, і тады яны нагадвалі грэблю. На фоне пастэльна стрыманай, зацягнутай туманам каларыстычнай гамы кантрастна выдзяляўся вялізны дыск сонца, якое то свяціла роўна, то трывожна пульсавала адпаведна нарастанню канфлікту.

Р. Баравік стылістычна аб’ядноўваў два пласты: фальклорны і псіхалагічна рэалістычны. Першы, насычаны песнямі, танцамі, пластычнымі сцэнамі, ствараў адпаведны эмацыянальны настрой, вобразна аднаўлячы народна паэтычны лад жыцця палешукоў (пластыка В. Катавіцкага, балетмайстар А. Пракопава). Другі перадаваў сюжэт мележаўскага твора, выяўлячы драматызм сцэнічных характараў. Значную сэнсавую нагрузку мела ў спектаклі масоўка, якая накшталт грэчаскага хору пантамімічна выяўляла сваё стаўленне да падзей. На пачатку дзеяння людзі ў вясковых строях, накрытыя рознакаляровымі даматканымі посцілкамі, нібы яркія матылі імкліва кружыліся ў вясёлым танцы. Сярод іх казачна-фантастычная Фея (А. Кавалькова) ў доўгай белай сукенцы, упрыгожаная вялізным вянком з кветак і галінак. Яна іграла на флейце і чароўныя гукі сімвалізавалі велічную гармонію самой прыроды. У сцэне арышту Васіля бандытамі панаваў зусім іншы настрой. Мільгалі ў паветры ўскінутыя посцілкі. Вяскоўцы нацягвалі іх на галовы, і, укленчыўшы, застывалі ў самотнай журбе. Яшчэ выразней мяняўся рытм у эпізоде забойства Ахрэма. Растрывожаныя стрэлам, людзі-матылі ўзбуджана мітусіліся па сцэне, і іх шырока раскінутыя посцілкі нагадвалі безабароннае трапятанне крылаў у момант небяспекі.

У пластычную канву арганічна ўпляталіся ігравыя эпізоды, дзе найбольш ярка раскрываліся характары Ганны, Васіля і Яўхіма. Выканаўцы гэтых роляў былі пастаўлены рэжысёрам у даволі складаныя ўмовы. Яны пазбаўлены магчымасці паступова і падрабязна раскрыць біяграфіі персанажаў. Мантажны прынцып пабудовы спектакля вымагаў ад акцёраў значнай унутранай засяроджанасці, каб кожная асобная сцэна не выглядала ілюстрацыйнай, а, развіваючы сюжэтную канву, напаўнялася жывымі эмоцыямі і пачуццямі. Пры пэўнай драматургічнай выпрастанасці мележаўскіх характараў акцёры А. Чыжык (Ганна), В. Дубраў (Васіль), М. Кліменка (Яўхім) пераканаўча даносілі сутнасць канфліктных узаемаадносін паміж героямі. Без падрабязнай дэталізацыі выканаўцы выяўлялі рысы галоўныя, найбольш характэрныя. У Ганны-Чыжык — гэта годнасць, душэўная моц, здольнасць на безражважны парыў; у Васіля-Дубрава — гранічная шчырасць, сціпласць, што часам мяжуе з нерашучасцю; у Яўхіма-Кліменка — самаўпэўненасць, нахабнае адчуванне ўседазволенасці.

Магчыма таму, што мележаўскія героі драматургічна былі вылучаны з канкрэтнага сацыяльнага асяроддзя і асноўная ўвага канцэнтравалася на іх асабістых узаемаадносінах, яны пэўным чынам аддаляліся ад гістарычнага мінулага і набліжаліся да нашай сучаснасці. Тым не менш, важны матыў рамана І.Мележа — адносіны сялян да зямлі — знаходзіў у спектаклі апасродкаванае асэнсаванне і тым самым доўжыў сцэнічную традыцыю беларускай класічнай літаратуры. Характар Васіля Дзятліка нібы аднаўляў тэатральны ланцужок пераемнасці ад Лявона Зябліка з “Раскіданага гнязда” Я. Купалы і Леапольда Гушкі з “Бацькаўшчыны” К. Чорнага.

У розныя гады мазырскай трупе больш удаюцца спектаклі па п'есах беларускіх драматургаў, у якіх першаступеннымі з'яўляюцца народны побыт, фальклор, якія нельга ўявіць без выключных непаўторных характараў і прывабных сюжэтаў. Тэатр актыўна прапагандуе творы айчынных аўтараў. Варта нагадаць спектаклі “Несцерка” В. Вольскага (1992),“Каб адам не саграшыў…” паводле п’ес "Конскі партрэт" Л. Родзевіча і "Пісаравы імяніны" У. Галубка (2001),Атрута” (“Антось Лата”) Я. Коласа (2002)“Млечны шлях” паводле К. Чорнага (2004),“Трыбунал” А. Макаёнка (2004),“Не пакідай мяне…” А. Дударава (2005)і інш.

Афіша 2006 г абвясціла аб пастаноўцы “Паўлінкі”, якая спалучала ў сабе шырокавядомую Купалаву камедыю і малавядомую п’есу “Заручыны Паўлінкі” Ф. Аляхновіча. Увасабляючы задуму гэтага спектакля, Р. Баравік зрабіў акцэнт менавіта на маладую частку трупы. “Працуючы над пастаноўкай,— алзначае ён,— мы пастаянна памяталі пра адну з асноўных асаблівасцей драматургіі: яна існуе ў цяперашнім часе, а персанажы адлюстроўваць таксама і праблемы сучаснасці. Галоўнае, што мы беларусы і павінны захоўваюць сваю спадчыну, тое, што перадаецца з пакалення ў пакаленне...” Невыпадкова ў спектаклі шмат народных песень і танцаў. “...Ёсць сярод іх і любімыя песні маёй маці,— гаворыць Р. Баравік,— сумныя дзявочыя песні, магчыма, хтосьці з маладых людзей чуў іх, альбо чуе на спектаклі ўпершыню, аднак спрацоўвае іх генетычная памяць. І зноў-такі, глядач, асабліва той, хто бліжэй да зямлі і да прыроды, вяртаецца ў думках да жыцця продкаў. Тым самым выконваецца адна з важнейшых задум пастаноўкі нацыянальнай класічнай п'есы...”[20]

Мастацкае афармленне і касцюмы выкананы А. Снапок-Сарокінай. Сцэнічная прастора вырашана арыгінальна і нетрадыцыйна. Акрамя доўгага святочнага стала ў хаце Крыныцкіх удала ўпісаны драўляныя конікі, стажкі, свінкі і козлікі, якія падкрэсліваюць камедыйны жанр твора. З канкрэтных бытавых прадметаў сапраўднае ўпрыгожанне — размаляваны куфар і акно з карункамі, якое ўвесь час задзейнічана ў пабудове мізансцэн: менавіта ў ім бачым мы твары гасцей, доўгачаканае з'яўленне пана Быкоўскага. Акно нібы фіксуе самыя значныя падзеі.

У Мазырскім тэатры ўсе ролі выконвае моладзь, ствараючы свой, уласны, бліскучы спектакль, які іскрыцца жыццярадаснасцю і маладосцю. Самааддана, таленавіта працуюць акцёры М. Кліменка, А. Чыжык, А. Пракопава, А. Фяськоў, А. Апет, В. Дубраў і іншыя. Рол. Пана Быкоўскага па-майстэрску выконвае В. Шушкевіч. Касцюм заходнееўрапейскага вяльможы з прыгожай шляпай падкрэслівае імкненне героя да знатнасці і вытанчанасці. Акцёр надзяляе пана Быкоўскага гумарам, захаванай палахлівасцю і дабрыней, што выклікае сімпатыю да персанажа, цікавасць і шчырае спачуванне ў зале. Спектакль вызначаецца арыгінальнасцю рэжысёрскай задумы, смелым і яркім акцёрскім ансамблем.

З пачатку новага стагоддзя Мазырскі тэатр усё часцей звяртаецца як да рускай класікі — “Бяда ад пяшчотнага сэрца” У. Салагуба (2001), “Жаніцьба” М. Гогаля і “Дзядзька Ваня” А. Чэхава (абодва — 2004), “На ўсякага мудраца хапае прастаты” А. Астроўскага (2005), а таксама замежнай п’есы — “Антыгона ў Нью-Йорку” Я. Главацкага (2001), “Жарсці пад вязамі” Ю. О'Ніла (2002), “Каханне ў стылі барока” Я. Стэльмаха (2003) — усе ў рэжысуры Р. Цыркіна.

З вялікай колькасці сучасных зарубежных твораў, пастаўленых у Мазырскім драматычным тэатры імя І. Мележа, асаблівай увагі заслугоўвае п’еса “Антыгона ў Нью-Йорку” польскага драматурга Я. Главацкага. Яна цікавая не толькі тым, што жанрава і тэматычна ўбірае ў сябе знакавыя прыкметы сусветнай літаратуры: ад грэчаскай трагедыі — да экзістэнцыялізму і абсурду, але і тым, што выяўляе трагізм светаўспрыймання сучаснага чалавека на зломе эпох. Героі спектакля Р. Цыркіна “Антыгона ў Нью-Йорку”, эмігранты-бамжы — яўрэй Саша з Ленінграда, паляк Блошка з Варшавы і пуэртарыканка Аніта — апынуліся на ніжэйшай прыступцы Нью-Йоркскага дна. Яны вядуць жабрацкае існаванне пад адкрытым небам у Томпкінз-скверы, любымі сродкамі зарабляючы на пражыццё. Галоўная ўцеха Блошкі і Сашы — раздабыць таннай сівухі пад гучнай назвай “Першынг”, якую для ўзмацнення яны разбаўляюць палітурай і дынатуратам. Па-свойму прыстасоўваецца да жыцця Аніта. Яна мае ўласны маленькі “бізнес” — распрадае сярод жабракоў паношаныя рэчы з гуманітарнай дапамогі. Яе міні-крама месціцца ў дзіцячай калясцы, якую жанчына паўсюль цягае за сабой. Кожны з герояў добраахвотна абраў шлях блукальніка-эмігранта, у кожнага з іх былі на тое свае прычыны. У мастака-авангардыста Сашы — палітычныя, ён пакінуў радзіму ў пошуках свабоды. У Блошкі і Аніты — эканамічныя, яны спадзяюцца ў заможнай Амерыцы мець сацыяльную абароненасць і дабрабыт. Аднак надзеі аказваюцца марнымі.

Рэжысёр Р.Цыркін сутыкаў у спектаклі прадстаўнікоў двух слаёў грамадства: гаспадароў і ізгояў. Прасторавая сфера дзеяння Паліцэйскага (М. Кліменка) і дваіх у цывільным (А. Бычкоўскі, Ю. Шмак) — глядзельная зала. Выхаплены з цемры промнем ліхтара, Паліцэйскі ўпэўнена курсіраваў па праходах залы, якую каля выхаду ахоўвалі яго памагатыя са скрыжаванымі на грудзях рукамі. Герой М. Кліменка з праўдзівай амерыканскай усмешкай на твары прамаўляў доўгі маналог пра дэмакратыю свабоднай краіны, дзе кожны, незалежна ад колеру скуры і нацыянальнасці, можа ажыццявіць сваю мару. Прадстаўнікі ўлады так і не ўзыходзілі на сцэну, якая з’яўляецца прытулкам ізгояў. Сцэнаграфія П. Захарава вызначалася сціпласцю, нават аскетызмам. Паабал сцэны стаялі дзве драўляныя лаўкі, у глыбіні — бочка і тры доўгія скрыні. Усё рацыянальна і проста: лаўкі — месцы для сну і адпачынку, бочка — “бар” для схованкі “Першынгу”, скрыня, як высветліцца пазней, труна для нябожчыка. Над усім гэтым няхітрым скарбам манументальна ўзвышалася белая статуя Свабоды. Вось тут, ля падножжа вялікага сімвалу дэмакратыі, усеагульнай роўнасці і гібелі героі спектакля.

Яны вельмі не падобныя па характару, звычках, успрыманню навакольнага свету. Блошка (В. Шушкевіч) безнадзейна хворы. Каб дабрацца да Амерыкі, ён прадаў нырку, да таго ж пакутуе ад прыпадкаў эпілепсіі. Між тым менавіта Блошка, у куцым плашчы, дзіцячым капялюшыку з пампонам і драных чаравіках, з якіх замест анучы тырчыць газета, уяўляў сабой узор жыццяўстойлівасці і аптымізму. Не вельмі сумленны, здольны абабраць блізкага свайго, ён бессаромна хлусіць, выкручваецца, выказваючы сапраўдны акцёрскі талент. Побач з ім Саша (В. Дубраў), у старым паліто з чужога пляча і шырокай кепцы, выглядаў панурым, стомленым, замкнёным. Абодва яны цярпліва чакалі цуду, які зваліцца з неба і пераменіць іх жыццё. Аніта В. Кашынскай, як і належыць жанчыне, выглядала больш прывабна, з пэўнай прэтэнзіяй на элегантнасць: на бялявых валасах чорная карункавая шапачка, на плячах — шаль. У адрозненне ад мужчын Аніта — натура дзейсная, таму і імкнецца актыўна супрацьстаяць абставінам.

Кожны з герояў у душы хаваў запаветную мару. Як найвялікшую каштоўнасць Саша носіць у кішэні ліст з запрашэннем аднавіць вучобу ў Ленінградскай акадэміі мастацтваў. Гэты ліст — адзінае, што звязвае яго з мінулым, што жывіць надзею вярнуцца на радзіму. Блошка ўяўляе як стане мільянерам і зробіць шчаслівай сваю любую жонку Ёлю. Толькі ў Аніты памкненні цвярозыя, прагматычныя. Накшталт грэчаскай Антыгоны, якая, не зважаючы на пагрозу смерці, пахавала свайго брата Палініка, жанчына марыць пахаваць нябожчыка Джона. Адзіны сярод эмігрантаў бомж-амерыканец прамільгнуў у жыцці Аніты як хуткая камета. Аднойчы Джон мужна паўстаў супраць паліцэйскіх і абараніў гонар сваёй выпадковай каханкі, за што трапіў у турму. І вось цяпер пуэртарыканская Антыгона хоча аддаць яму апошні зямны доўг. Пасля доўгіх угавораў Блошка і Саша адпраўляюцца на закінуты Мол у Бронксе, дзе сярод безыменных бамжоў адшукваюць быццам бы цела Джона і прыцягваюць яго ў Томпкінз-сквер.

Сцэна памінак поўнілася абсурдным гратэскам. На адной лаўцы сядзеў нябожчык са свечкай у руках. Другая ператваралася ў памінальны стол — запаленыя свечкі, пласцікавыя шклянкі з напоем, каляровыя стужкі, кветкі, фотаздымак. Усё было цырымонна і прыстойна, але афарбавана чорным гумарам. Таму што нябожчык зусім не Джон, фотаздымак, выпадкова знойдзены Сашам, таксама не яго, ды і сам “герой” жалобнага рытуалу раптам пачынаў дыміцца ад запаленай свечкі і нарэшце валіўся на падлогу, парушаючы ўсю ўрачыстасць моманту.

У акцёрскім трыо лідзіраваў В. Шушкевіч. Яго Блошка ўяўяляў сабою неверагодны сплаў нахабства і ранімасці, ляноты і энергіі, істэрычнасці і мяккасардэчнасці, злосці і дабрыні. Акцёр віртуозна вёў ролю, раскрываючы характар праз сутыкненне кантрастных, здавалася б, несумяшчальных рысаў, якія тонка знітоўваліся, надаючы сцэнічнаму герою фарсавую выбуховасць і трагічную глыбіню. Нібыта камертон, В. Шушкевіч вызначаў пранізлівую танальнасць спектакля, якую падхоплівалі яго маладыя калегі В. Кашынская і В. Дубраў. Спектакль “Антыгона ў Нью-Йорку”, таленавіта ўвасоблены Р. Цыркіным і ўсёй пастановачнай групай, хваляваў акцёрскай узрушанасцю, шчымлівым болем за лёс звычайнага, “маленькага” чалавека. На асацыятыўным узроўні сцэнічны твор выклікаў самыя розныя думкі і пачуцці. Гэта і роздум аб драматызме жыцця эмігрантаў, і сцвярджэнне высокай годнасці чалавека нават, калі ён апынуўся на самым дне, і асэнсаванне свабоды як філасофскай катэгорыі, якая не залежыць ад знешніх абставін, а вызначаецца ўнутраным станам душы.

У апошнія гады Мазырскім тэатрам былі пастаўлены п’есы беларускіх аўтараў — трагедыя “Раскіданае гняздо” Я. Купалы(2007),калядны фарс, прысвечаны 200-годдзю са дня нараджэння Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча “Камедыянт, альбо Узнёсласць сумнай надзеі” А. Асташонка (2008),драма аб каханні “Чатыры крыжы на сонцы” А. Дзялендзіка (2009) — усе ў рэжысуры Р. Цыркіна.Таксама тэатр звяртаўся да замежнай драматургіі, сярод якой амерыканская калядная камедыя-прытча“Дарагая Памэла” Дж. Патрыка (2007),камедыі“Ён, яна, акно, нябожчык” (“№ 13”, 2008) і “Асабліва закаханы таксіст” (“Злоўлены ў “сетцы”, 2010) Р. Куні — усе ў пастаноўцы Р. Цыркіна, вадэвіль “Пецярбургскі ліхвяр” М. Някрасава (2009) і камедыя “Прыгажуня і сям’я” С. Моэма (2010) у пастаноўцы Т. Аляксеенка-Балігатавай.

У 2009 г. Мазырскі драматычны тэатр імя І. Мележа закрыў свой ХІХ тэатральны сезон прэм’ерай спектакля “Бліндаж”, прысвечанай 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтая п’еса была напісана драматургам Васілём Ткачовым паводле незавершанай аднайменнай аповесці В. Быкава. Р. Цыркін звярнуўся да гэтай балючай тэмы, якая не забываецца і жыве ў чалавечых сэрцах. Яна хвалюе душы і ў чарговы раз прымушае нас звярнуцца да мінулага, каб зразумець веліч і гераізм беларускага народа, яго мужны характар. Рэжысёру ўдалося перадаць падзеі часоў вайны, раскрыць характары герояў, прычыны, па якіх у бліндажы шукаюць выратавання людзі, каго на пэўны час аб’ядноўвае адзіны “інстынкт”: надзея на выратаванне. Сляпы чырвоны камандзір (М. Кліменка), нямецкі дэзерцір Хольц (Р. Цыркін), Партработнік (В. Дубраў) — усе яны залежаць адзін ад аднаго і ад малапісьменнай сялянкі Серафімкі (А. Пракопава). Сцэнаграфічная ўмоўнасць бліндажа, створаная мастаком-пастаноўшчыкам А. Дзюбаком, дапамагла рэжысёру і акцёрам перадаць карціну ваенных гадоў.

З цікавасцю была сустрэта гледачамі пастаноўка п’есы Г. Марчука “Шчасце Лізы і Ягора”, сюжэт якой складае гісторыя простай беларускай жанчыны Браніславы (А. Кашаед), якая ў гады Вялікай айчыннай вайны спасала дзяцей з яўрэйскага гета ў Мінску, Жудасныя і мала зразумелыя дзіцячаму розуму падзеі акупацыйнага жыцця асэнсоўваюцца ў дні сённяшнім — праз думкі і развагі ўжо немаладога героя, а падчас мінулай вайны малалетняга сына Браніславы. Рэжысёр Р. Цыркін свядома "расслойвае" спектакль на асобныя драматургічныя пласты, пераводзячы бытапісную гісторыю з мноствам падзейных і псіхалагічных адгалінаванняў у структуру прытчы. У выніку ўзнікае пэўны вобраз ваеннага ліхалецця праз абагульненыя характары людзей. Паралельна існуе гісторыя дзіцячага ўспрыняцця тых гадоў, у якой маленькія шасцігадовыя Ягор (Раман Цыркін-малодшы) з Лізою (Ксенія Сянюк) засяроджана і нават некалькі адгарожана ад цантарльных падзей гуляюць на авансцэне “ў хатку” — звыклую дзіцячую забаву. Трецім жа сэнсавым пластом пастаноўкі з’яўляецца сучаснае "жыццё" Ягора-дарослага (па-за сцэнічны голас В. Шушкевіча), які ў чарговы раз асэнсоўвае ўласны лёс, настроі сучаснага грамадства праз вопыт, які ён атрымаў у маленстве падчас вайны ад маці, суседзяў, ад Жыцця. І аўтар п’есы, і рэжысёр не імкнуцца да пераасэнсавання тых жорсткіх падзей, а надзвычай канкрэтна растаўляюць акцэнты паміж добрым і дрэнным, прыймальным і недапушчальным. Відавочна шчырае імкненне стваральнікаў спектакля не проста ў чарговы раз “пагаварыць пра мінулую вайну”, а сёння, на пачатку ХХI стагоддзя, сцвердзіць, што нават адкрываючы новыя факты і звесткі аб гэтай вайне, нельга забывацца на нязменныя ва ўсе часы і галоўныя паняцці — Дабрыні і чалавечнасці. Тэатр выводзіць гледачоў на размову аб каштоўнасці чалавечага жыцця. У рознай форме персанажы спектакля выказваюць гэты пастулат. Аднак для кожнага з іх каштоўнасць жыцця вымяраецца рознымі адзінкамі. Палярнымі персанажамі ў спектаклі выступаюць Яніна Піліпаўна (А. Чыжык) і Віталь (Ю. Шмакаў). Віталь цапляецца за жыццё любой цаной, галоўнае для яго — выратаваць “уласную скуру”, настаўніца Яніна Піліпаўна лічыць, што амаральна жыць на свете толькі дзеля самазахавання ўласнай асобы. А паміж гэтымі палюсамі — простая жанчына Браніслава, каторая бачыць і чуйна ўспрымае пакуты падобных сабе жанчын з гета, якія моляць аб паратунку сваіх дзяцей. І яна са страхам у душы "змагаецца" з вайною ўласным спосабам, ратуючы тым самым безаабаронную пакуль яшчэ будучыню чалавецтва.

Мазырскі драматычны тэатр імя І. Мележа за 20 гадоў сваёй творчай дзейнасці зарэкамендаваў сябе як цікавы калектыў, які знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку. Тэатру садзейнічае поспех пры ўвасабленні на сцэне нацыянальнай драматургіі. Вялікая яго роля ў культурным жыцці Мазыра, у стварэнні творчай атмасферы ў яго маладзёжным асяродку, у прыхіленні жыхароў да тэатральнага мастацтва. Толькі ў апошнім дзесягоддзі тэатр прымаў удзел у шэрагу тэатральных фестываляў, дзе многія яго спектаклі былі адзначаны дыпломамі і прызамі. Так, спектакль “Антыгона ў Нью-Йорку” Я. Главацкага адзначаны дыпломам на фестывалі творчай тэатральнай моладзі «Надзея» ў Гродна (2001); пастаноўкі «Атрута» Я. Коласа, «Трыбунал» А. Макаёнка былі адзначаны дыпломамі на фестывалі “Славянскія тэатральныя сустрэчы” ў Гомелі адпаведна ў 2002 і 2005 гг.; "Раскiданае гняздо" Я. Купалы ў 2008 г. стала лаурэатам IX Міжнароднага тэатральнага фестываля «Этна-Дыя-Сфера» ў г. Мукачава (Закарпацце), гэтай жа постаноўцы была ўручана "Залатая Ніка" за рэжысуру; “Жаніцьба” М. Гоголя ў 2009 г. на фестывалі «Славянскі вянец» была ўдастоена трох дыпломаў — за рэжысуру, за лепшыя мужчынскую і жаночую ролі.







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.