Здавалка
Главная | Обратная связь

Слонімскі драматычны тэатр



Слонімскі беларускі драматычны тэатр быў створаны ў студзені 1990 г. на базе Слонімскага народнага тэатра (г. Слонім Гродзенскай вобласці), з 2005 г. носіць назву Слонімскі драматычны тэатр. Узначаліў малады калектыў яго стваральнік і першы кіраўнік М. Варвашэвіч (1990—1997), затым тэатрам кіравалі галоўныя рэжысёры В. Небальсін (1998 і з 2004 па 2007), В. Бутакоў (2001—2003), з 2008 г. галоўны рэжысёр тэатра В. Сявец.

На працягу ўсёй дваццацігадовай дзейнасці гэтага калектыву тэатральнай грамадскасцю пастаянна звяртаецца ўвага на яго набалелыя праблемы: адсутнасць уласнага тэатральнага будынку, вопытных рэжысёрскіх і іншых прафесійных кадраў тэатральных работнікаў, а таксама адсутнасць памяшканняў для тэатральных майстэрняў, сховішчаў для дэкарацый (зараз яны захоўваюцца за некалькі кіламетраў ад арэндуемага памяшкання ў былым слонімскім Доме афіцэраў), шэраг іншых творча-арганізайных пытанняў, якія, на жаль, па-ранейшаму застаюцца не вырашанымі.

Будаўніцтва памяшкання для тэатра ў Слоніме было распачата ў далёкім 1990 г., але з-за пэўных эканамічных цяжкасцяў самога горада, вобласці і ўвогуле ўсёй нашай дзяржавы было закансервавана яшчэ ў 1994 г. на ўзроўні цокальнага паверха. Зараз ёсць рашэнне Гродзенскага аблвыканкама аб завяршэнні будаўніцтва памяшкання для Слонімскага драматычнага тэатра ў 2012 г. Застаецца спадзявацца, што ў межах прынятай Дзяржаўнай праграмы развіцця малых гарадоў пытанне гэта нарэшце будзе паспяхова вырашана.

Памяшканне, якое тэатр арэндуе ў левым крыле раённага Палаца культуры, — маленькае, нязручнае і непрыстасаванае да тэатральнай справы — адрамантавана і па-гаспадарску тэатрам даведзена да ладу. Ва ўсякім разе, і гледачы, і работнікі тэатра адчуваюць сябе цяпер у глядзельнай і “карлікавай” закуліснай частках больш утульна.

Што тычыцца сцэнічнай пляцоўкі, то яна, часова прыстасаваная — як кажуць, няма нічога горай за “часовае” — па-ранейшаму не адпавядае нават самым сціплым запатрабаванням тэхнічнай аснашчанасці. Зразумела, таму цяжка весці размову пра павышэнне мастацкага ўзроўню спектакляў альбо ўшчуваць на адсутнасць творчага пошуку, сцэнаграфічнай вобразнасці. Цяжка разважаць і аб рэпертуарнай разнастайнасці.

Рэпертуарная афіша слонімцаў ад пачатку існавання тэатра ў большасці скіравана на дзіцячага гледача, работу на выездах: тэатр вядзе актыўную ванндроўную дзейнасць як па атдаленых раёнах гродзенскай вобласці, так і за яе межамі, што, безумоўна, мае станоўчы асветніцкі бок, але разам з тым значна абцяжарвае трупу фізічна, парушае плённы характар рэпетыцыйнай работы на стацыянары.

Слонімскі драматычны тэатр працуе ў горадзе, які налічвае каля 50 тысяч жыхароў. Калі пагадзіцца з тым, што лічба патэнцыяльных наведвальнікаў тэатра складае каля 4% ад агульнай колькасці жыхароў, то для Слоніма гэта складае каля 2000 тысяч чалавек. Ў арэндуемым тэатрам памяшканні глядзельная зала на 160 месцаў, атрымліваецца, што новы спекткль можа актыўна ўтрымлівацца ў пракаце не больш за 12—15 прадстаўленняў. Астатняе належыць ужо выяздным прадстаўленням у межах раёна і вобласці. Таму ізноў лічбы: у сярэднім 40% спектакляў іграецца на стацыянары, 60% — на выезде. Як бачым, Жыццё большай часткай на калёсах…

Трэба адзначыць, што ёсць творчы рост пэўнай часткі акцёрскай трупы: калі ў 1998 г. у трупе працавала толькі адна артыстка са спецыяльнай вышэйшай адукацыяй, то зараз з 16 артыстаў тэатра — 6 выпускнікоў БДАМ, 1 — Кіеўскага універсітэта культуры, 2 з вышэйшай універсітэцкай адукацыяй, 3 з сярэдняй спецыяльнай — выпускнікі Гродзенскага коледжу мастацтваў (сёння яны студэнты-завочнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў), і толькі 4 артыста маюць сярэднюю ці сярэднеспецыяльную адукацыю іншага профілю. Вядучы касцяк трупы склдаюць вопытныя артысты — Л. Грынчык, К. Дзядовіч, Н. Ільчанка, В. Міхальчык, У. Навумік, Ю. Сурмейка, В. Сявец, С. Фурса, Н. Шугай, І. Яцук і інш. У 2010 г. па ўзросце пакінулі працу ў тэатры яго ветэраны, што прышлі у прафесійны тэатр са Слонімскага народнага яшчэ ў 1990 г. — Н. Жукоўская і В. Шчарбакоў. На працягу апошніх дзесяці гадоў стабільным застаецца і адміністратыўнае кіраўніцтва на чале з дырэктарам тэатра М. Лішыкам, які, нягледзячы на даволі складаныя ўмовы існавання, здолеў стварыць у калектыве добры творча-вытворчы клімат.

Калектыў тэатра спавядае эстэтыку псіхалагічнага тэатра. Што датычыць творчага выніку, то нягледзячы на складаныя ўмовы працы, пэўныя мастацкія пралікі, відавочна імкненне да якаснага росту мастацкага ўзроўню спектакляў і павышэння прафесійнага выканаўчага майстэрства.

Рэпертуар для дарослых гледачоў у пераважнасці складаюць спектаклі камедыйнага жанру, пастановачна набліжаныя да традыцый беларускага народнага тэатра: «Не забыцца і паспець на сябе хамут адзець» (1991, рэжысёр В. Багушэвіч) і «Пакрыўджаныя» Л. Родзевіча (2006, рэжысёр В. Небальсін), «Лекі ад кахання» (1992, рэжысёр У. Залатухін) і «Каханне з падманам» («Ветрагоны») У. Галубка (1995, рэжысёр М. Варвашэвіч), «Камедыя» У. Рудава паводле п'ес К. Марашеўскага і Ф. Аляхновіча (1997, рэжысёр В. Небальсін), «Пан міністр» Ф. Аляхновіча (1999, рэжысёр С. Бачкоў), «Прымакі» Я. Купалы (2002, рэжысёр В. Бутакоў), “Трыбунал” А. Макаёнка (2004, рэжысёр В. Небальсін) і інш. Часта ставяцца п'есы сучасных беларускіх драматургаў — «Сабака з залатым зубам» У. Савуліча (1992, рэжысёр М. Варвашэвіч), «Жаніх па перапісцы» А. Федарэнкі (1994, рэжысёр В. Бандарук), «Чарнакніжнік» С. Кавалёва паводле твораў Я. Баршчэўскага (1997, рэжысёр В. Небальсін), «Па кім звоніць звон» («Чужыя грошы») У. Бутрамеева (2001, рэжысёр В. Бутакоў), “Спакуса” А. Якімовіча (2009, рэжысёр У. Голікаў) і інш. Значнае месца ў рэпертуары займае руская класічная і сучасная драматургія — «Жаніцьба Бальзамінава» (1996, рэжысёр М. Варвашэвіч) і «На бойкім месцы» А. Астроўскага (1999, рэжысёр К. Мальковіч), «Мы ідзем глядзець «Чапаева» А. Данілава (1998, рэжысёр М. Варвашэвіч), «Пакуль яна памірала» Н. Птушкінай (2000, рэжысёр В. Бутакоў), «Сямейны партрэт з чужым» С. Лабазёрава (2001, рэжысёр В. Бутакоў), «Ход канём» Б. Рацэра і У. Канстанцінава (2006, рэжысёр В. Сявец), “Пярсідскі бэз” (2003, рэжысёр Д. Нупрэйчык) і «Курыца» М. Каляды (2005, рэжысёр В. Сявец), а таксама творы замежнай драматургіі — «Жарты Парыжа» К. Манье (1995, рэжысёр Т. Дубік), «Гаспадыня гасцініцы» К. Гальдоні (1999, рэжысёр М. Варвашэвіч), «Непаразуменне» А. Камю (2001, рэжысёр В. Бутакоў), “Свабодны шлюб” Д. Фо (2007, рэжысёр У. Голікаў), «Маю жонку клічуць Морыс» Р. Шартра (2008, рэжысёр В. Сявец), «Каханне ў в стылі барока» Я. Стельмаха (2009, рэжысёр В. Сявец) і інш.

Пастаноўкі для дзяцей — у асноўным казкі для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту — прыцягальныя сваёй выхаваўчай накіраванасцю на чалавечую дабрыню, спагадлівасць і ўзаемавыручку. Сярод іх: «Папялушка» Т. Габе (1990, рэжысёр М. Варвашэвіч), «Два клёны» Я. Шварца (1990, рэжысёры Ю. і І. Марыцкія), «Прынцэса і салдат» У. Ягоўдзіка (1991, рэжысёр М. Варвашэвіч), «Зайка-зазнайка» С. Міхалкова (1992, рэжысёр М. Варвашэвіч), «Чарадзейныя суніцы» А. Якімовіча (1993, рэжысёр С. Бачкоў), «Дзень нараджэння ката Леапольда» А. Хайта (1993, рэжысёр А. Селіванава), «Чыровоны каптурык» Я. Шварца (1995, рэжысёр М. Варвашэвіч), «Хітрыкі Бабы Ягі» А. Якімовіча (1994, рэжысёр М. Варвашэвіч), «Апошні дыназаўрык» (1995, рэжысёр Т. Дубік), «Добры змей» (1997, рэжысёр В. Сявец), «Маўглі» (1999, рэжысёр С. Наўгародская) — усе тры А. Якімовіча, «Драўляны рыцар» С. Кавалёва (1996, рэжысёр М. Варвашэвіч), «Кот у ботах» С. Пракоф'евай і Г. Сапгіра (2002, рэжысёр В. Бутакоў) «Мяфа» А. Палешчанковай (2004, рэжысёр В. Сявец), «Малыш і Карлсан» К. Папова паводле А. Ліндгрэн (2004, рэжысёр В. Сявец) і інш.

Адзначаючы пэўнае творчае сталенне калектыву, нельга не заўважыць, што акрамя праблем, звязаных з умовамі працы тэатра, найважнейшым фактарам выхаду калектыва на вартасна новы творчы ўзровень зяўляецца ўмацаванне калектыва прафесійнымі рэжысёрскімі і акцёрскімі кадрамі.







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.