Здавалка
Главная | Обратная связь

Палескі драматычны тэатр



Афіцыйнае адкрыццё Палескага драматычнага тэатр адбылося 14 сакавіка 2006 г. у Пінску. У яго склад увайшлі гарадскі аматарскі тэатр-студыя “Дыяген”, у якім пад кіраўніцтвам выпускніка Беларускага універсітэта культуры і мастацтва І. Базана за 14 гадоў дзейнасці быў створаны шэраг цікавых спектаклей, і маладзёжная тэатральная студыя “Візаві” пад кіраўніцтвам А. Гаўрыловіч. Дырэктарам і галоўным рэжысёрам быў прызначаны І. Базан, а А. Гаўрыловіч увайшла ў штат тэатра ў якасці рэжысёра. Такім чынам, новы тэатр у Пінску ствараўся не на пустым месцы, і атрыманне статусу прафесійнага — гэта перш за ўсё сведчанне пераходу ў якасна новую форму існавання абодвух аматарскіх калектываў.

Галоўнае багацце Палескага драматычнага тэатра — яго будынак, адрэстаўраваны і часткова рэканструяваны помнік архітэктуры XIX ст., размешчаны ў цэнтральнай гістарычнай частцы горада. Першапачатковы знешні воблік пабудовы захаваны, а ўнутры па-сучаснаму пераабсталяваны. У выніку архітэктарам у цэлым удалося стварыць умовы для творчасці і для паўнавартаснага адпачынку гледачоў: невялікая глядзельная зала на 110 месцаў, візуальна нават меней за фае, але вельмі ўтульная. Прадумана размешчаны службовыя памяшканні. Аднак глыбокая і вузкая сцэна кожны раз ставіць перад пастаноўшчыкамі цяжкую сцэнаграфічную задачу.

У першым сезоне 2006/2007 гг. рэпертуар Палескага драматычнага тэатра ўмоўна складаўся з трох накірункаў: адзін з іх складалі казкі і спектаклі для юнацтва, сярод якіх былі “Пунцовая кветачка” С. Аксакава, п'еса-казка вядомага беларускага драматурга і празаіка В. Ткачова "Вушасцік, “Адгукніся, браце” Г. Марчука; другі — спектаклі для дарослых па сучаснай драматургіі, да якіх належала меладрама А. Курэйчыка “Асцярожна, жанчыны”; нарэшце трэці накірунак — спроба сцэнічнага прачытання класікі — сюды найперш трэба аднесці спектаклі “Маленькія трагеды”А. Пушкіна і “Настаўнік танцаў” Л. дэ Вегі.

П'еса А. Курэйчыка "Асцярожна, жанчыны!" добра вядома ў тэатральным асяродку. Нягледзячы на тое, што п’еса гэта адзначалася у свой час на драматургічных конкурсах, ставілася ў розных тэатрах Расіі, яе драматургічны матэрыял падаецца занадта аблегчаным: гумар на мяжы фолу, невыразны фінал, нарэшце адсутнасць вартай аўтарскай думкі. Паводле п'есы кемлівы хлапец абводзіць вакол пальца дзяўчынку-студэнтку ды двух недалёкіх кабет і застаецца непакараным. Гэтак жа распачынаўся і спектакль. Але рэжысёр спектакля А. Гаўрыловіч ставіла перад сабою больш глыбокія задачы, апроч забаўлення публікі і пераказу ёй смешнага анекдота, і сваё мэты яна дасягнула. Пасля таго, як нарэшце махляр быў выкрыты і звязаны, тры выканаўцы жаночых роляў (Т. Барышчук, Г. Масальская, Н. Гусак) сутнасна змясцілі акцэнты гэтай гісторыі. Артысткі разам з рэжысёрам здолелі выявіць тры розныя станы, тры архетыпа жаночага існавання і адчування рэчаіснасці. Аднак спектаклю крыху не хапала фінальнага моцнага акорда, які падкрэсліў бы гэтую яго "жаноцкасць" і вывеў бы яго на вышыню філасофска-мастацкага абагульнення.

За чатыры сезоны Палескі драматычны тэатр вызначыўся з творчым складам — зараз у трупе васемнаццаць акцёраў.Сярод іх некалькі «старажылаў-дыягенаўцаў», а большасць — моладзь. У 2006 г. у тэатр прыйшло адразу восем выпускнікоў акцёрскага курса Магілёўскага каледжа культуры, частка з іх зараз завочна працягвае навучацца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а частка ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва. І, канечшне ж, яны іграюць у спектаклях. Зараз тры штатныя рэжысёры тэатра працуюць у розных накірунках — І. Базан аддае первагу класіцы; А. Гаўрыловіч імкнецца да камедыйнага жанру, цікавыя ёй п'еса-казка і гістарычная тэматыка; П. Марыніч у сваёй творчасці скіраваны на маладзёжную праблематыку. Акрамя іх у тэатры ставілі спектаклі запрошаныя рэжысёры — В. Грыгалюнас («Кветкі правінцыі» Г. Марчука), З. Пасюціна («Фабрычная дзяўчына» А. Валодзіна) і інш. Такім чынам, тэатрам сфарміраваны разнастайны рэпертуар, у якім ёсць спектаклі, што хутка сыходзяць з афішы, да прыкладу, асучасненыя «Маленькія трагедыі» А. Пушкіна (рэжысёр П. Марыніч); іншыя, наадварот, становяцца знакавымі, як «Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча (2008), пастаўленая рэжысёрам І. Базанам да 200-годдзя аўтара і стаўшая візітнай карткай тэатра.

«Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча іграецца на мясцовым «палешуцкім» дыялекце. Некалі гэту п'есу «дыягенаўцы» ігралі на беларускай мове, а зараз вырашылі вярнуцца да яе на мове аўтарскага арыгінала, які вельмі набліжаны да гаворкі палешукоў. «Добродэю! Ратуй нышчасного! Ды навучы, як збавыцца од лозы…», — так на каларытным «палешуцкім» дыялекце гучыць фраза з ролі Ціхона Пратасавіцкага ў выкананіі І. Базана. І цікава, што і мясцовыя, і мінскія гледачы, і гледачы падчас гастраляваў тэатра на Беласточчыне выдатна разумелі змест спектакля.

Да эксперыментаў пінчане ставяцца насцярожана. «Галоўная рэжысёрская задача не ў тым, каб дэманстраваць нейкія абстрактныя бліскучыя формы сцэнічнага прадстаўлення. Быць арыгінальным можна і ў традыцыйнай форме падачы драматургічнага матэрыялу, тым больш, калі ў рэжысёра пад рукой такі, прама кажучы, родны матэрыял! Задача рэжысёра, а значыць — і акцёра, у адлюстраванні душ чалавечых, у пошуку шляхоў узаемаразумення — ад душы да розуму, ад розуму да сэрца. У незалежнасці ад жанравых асаблівасцей нашых пастановак усе яны аб'яднаны чалавечнасцю. За мінулыя пяць год пастаўлена 44 спектаклі для дарослых і дзяцей. Яны паказаны 1227 разоў. Нашы спектаклі за гэты час паглядзела звыш 114 тысяч гледачоў»[21].

Усё часцей на афішах Палескага драматычнага тэатра з'яўляеца імя П. Марыніча ў якасці рэжысёра. Ён з ліку маладых артыстаў першага прызыву — групы выпускнікоў Магілёўскага каледжа культуры. З той пары прайшло чатыры гады, сыграна больш за дзесятак роляў і пастаўлена сем спектакляў і такія з іх, як камедыя Л. дэ Вегі «Настаўнік танцаў», пластыка-драматычная кампазіцыя «Кармен» паводле П. Мерымэ, вострасюжэтная маладзёжная драма Л. Разумоўскай «Я так хачу дадому» атрымалі вялікі поспех у гледача і трывала ўвайшлі ў асноўны рэпертуар тэатра. З 2010 г. П. Марыніч займае пасаду рэжысёра і завочна працягвае вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва.

Апроч названых, тэатрам за чатыры сезоны былі ажыццёўлены пастаноўкі па п’есах С. Кавалёва «Стомлены д'ябал» (рэжысёр С. Панкова), меладрама «Старая зайчыха» М. Каляды (рэжысёр А. Гаўрыловіч), драма «Навальніца» А.Астроўскага (2008, рэжысёр І. Базан), трагікамедыя «Гаральд і Мод» К. Хігінса Ж-К. Кар'ера (рэжысёр А. Гаўрыловіч), камедыя становішчаў «Ён, яна, вакно, пакойнік» паводле п'есы Р. Куні «№ 13» (рэжысёр А. Гаўрыловіч).Дзіцячага гледача тэатр парадаваў спектаклямі "Маўглі" паводле Р. Кіплінга (рэжысёр І. Базан), «Папялушка» Я. Шварца, "Карлік Нос" М. Шувалава «Чароўны сон» Ю. Кіма — усе тры ў пастаноўцы рэжысёра А. Гаўрыловіч.

Добрай традыцыяй у Палескім драматычным тэатры, нягледзячы на яго «юначы» ўзрост стала ўручэнне прэмій «Залатая талерка». «Акцёры, як вядома, народ творчы, вынаходлівы, заўсёды ў пошуку. Так адбылося і з нашай тэатральнай прэміяй. Тры гады таму ўзнікла ў трупе прапанова стварыць сваю тэатральную прэмію. Чым не стымул для падтрымкі ў калектыве прафесійнага майстэрства? ,— узгадвае пра ідэю конкурса «Залатая талерка» І. Базан. — У першы раз правялі конкурс, так бы мовіць, кулуарна, а два гады таму мы запрасілі ў журы паважаных у Пінску людзей, прадстаўнікоў культуры. Словам, уручэнне прэміі стала падзеяй не толькі ў жыцці нашага тэатра, але і, мяркую, у культурным жыцці горада. Ну а назва — ад залатога талера. Праўда, лаурэату разам з прэміяй ўручаем не залаты талер, а талерку, самую звычайную, бадай толькі арыгінальна распісаную»[22]. Прэмія ўручаецца раз у два гады ў дзевяці намінацыях. Яны традвцыйныя для тэатральных конкурсаў — «За лепшую пастаноўку спектакля», «За лепшую галоўную ролю», «За ролю другога плана» і гэтак далей. З дапамогай гледачоў, меркаванні якіх адлюстроўваюцца ў спецыяльных анкетах пасля кожнага прагляду, аўтарытэтнае журы вызначае пераможцаў ва ўсіх дзевяці намінацыях. Апошняя па часе цырымонія ўручэння прэмій «Залатая талерка» адбылася ў тэатры ў красавіку 2011 г. Лепшым спектаклем сезона 2009 — 2010 гг. прызнана пастаноўка рэжысёра П. Марыніча «Я так хачу дадому». За лепшую рэжысуру «Залатую талерку» ўручылі галоўнаму рэжысёру тэатра І. Базану, спектакль «Палёты паветранага змея». Актрыса В. Шэндзер аьрымала прызнанне ў намінацыі «Лепшая галоўная жаночая роля», спектакль «Гаральд і Мод»), а С. Серада стаў пераможцам у намінацыі «Лепшая галоўная мужчынская роля», спектакль «Я так хачу дадому». «Залатыя талеркi» ў адпаведных намінацыях атрымалі актрыса А. Андрэева, мастак па святлу А. Колб, гукарэжысёр С. Пратасавіцкая.

Палескі драмтэатр ужо дастакова моцна заявіў аб сабе ў культурным жыцці Пінска і ўсё больш «абрастае» колам сваіх прыхільнікаў як у самім горадзе, так і далёка за яго межамі. І тут трэба аддаць належнае кіраўніцтву тэатра, якое праводзіць вельмі вялікую працу з гледачом, які за апошнія тры гады значна змяніўся. «Раней бывала ў антрактах прыходзілася сур'ёзна размаўляць з моладззю,— прызнаецца І. Базан. — Тлумачыць, што яны не на КВЗ (Клуб вясёлых і знаходлівых — заўвага наша, В.І.). Зараз усё інакш. Бо ўжо не мы да іх прыязджаем, а яны самі цікавяцца, ідуць на спектакль свядома»[23].

Палескі драматычны тэатр сёння ўжо трывала “стаіць на нагах”, але яго магчымасці для імклівага развіцця вельмі і вельмі абмежаваныя рэгіанальнай дзейнасцю. Нельга дапусціць, каб малады калектыў быў “забыты”, застаўся на пераферыі тэатральнага працэсу краіны. Дзейсная дапамога яму мусіць насіць комплексны характар, закранаць не толькі матэрыяльныя патрэбы калектыву, але і садзейнічаць яго творчаму развіццю. Неабходна не толькі ствараць умовы для жыцця маладых спецыялістаў, каб яны прыязджалі ў Пінск па размеркаванню, але і прапаноўваць ім сапраўды важкія творчыя праекты з удзелам вядомых тэатральных дзеячаў Беларусі і замежжа: выезды на фестывалі, майстар-класы, сумесныя капрадукцыі з вядучымі тэатрамі краіны.

Тэатральная школа

Ля вытокаў беларускай тэатральнай школы, акцёрскай, якая вядзе адлік з 1945 г., і рэжысёрскай, што пачала фарміравацца з 1958 г., стаялі такія выдатныя майстры, практыкі драматычнага мастацтва, як народныя артысты Беларусі Еўсцігней Афінагенавіч Міровіч, Канстанцін Мікалаевіч Саннікаў, Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў, заслужаны дзеяч мастацтваў Кабардзінскай ССР Андрэй Андрэевіч Яфрэмаў, народная артыстка РСФСР Вера Паўлаўна Рэдліх. У 1960—70-я гады ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстутуце выкладалі карыфеі нацыянальнага тэатра народныя артысты СССР Глеб Паўлавіч Глебаў, Барыс Віктаравіч Платонаў, народныя артысты Беларусі Вольга Уладзіміраўна Галіна, Зінаіда Іванаўна Браварская, Георгій Андрэевіч Волкаў, заслужаныя дзеячы мастацтваў рэспублікі Любоў Іванаўна Мазалеўская, Уладзімір Андрэевіч Маланкін, Аляксандр Іванавіч Бутакоў.

Cёння ў тэатрах нашай краіны плённа працуюць і радуюць беларускага гледача іх вучні і вучні іх вучняў – народныя артысты СССР і Беларусі В.Тарасаў і Г.Аўсяннікаў, народныя артысты рэспублікі С.Акружная, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, Г.Дубаў, М.Захарэвіч, В.Клебановіч, Т.Кокштыс, Б.Масумян, А.Мілаванаў, А.Памазан, М.Пятроў, Г.Талкачова, А.Ткачонак, заслужаныя артысты Беларусі З.Асмалоўская, З.Белахвосцік, Л.Былінская, Ф.Варанецкі, Л.Волкава, Э.Гарачы, С.Журавель, З.Зубкова, Н.Качаткова, М.Кірычэнка, А.Лабуш, В.Манаеў, Т.Мархель, В.Смірноў, Р.Шацько, Т.Шашкіна, Г.Шкуратаў; рэжысёры народныя артысты рэспублікі Б.Луцэнка, В.Раеўскі, заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі В.Анісенка, В.Баркоўскі, В.Мазынскі, лаурэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі М.Пінігін, рэжысёры А.Жугжда, В.Катавіцкі, А.Ляляўскі і інш. Многія з іх, як Б.Луцэнка, В.Раеўскі, Л.Давідовіч, З.Белахвосцік, Ф.Варанецкі, М.Кірычэнка, В.Катавіцкі, А.Ляляўскі з няменьшым поспехам сумяшчаюць працу ў тэатры з заняткамі майстэрствам акцёра і рэжысёра са студэнтамі ў аўдыторыях Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. На працягу многіх гадоў і стала тэатральна-педагагічнай дзейнасцю ў Акадэміі займаюцца такія майстры, як заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Л.Манакова, заслужаныя артысты рэспублікі Ф.Варанецкі, І.Курган, У.Мішчанчук, кандыдаты мастацтвазнаўства Р.Баравік і А.Шагідзевіч. Разам з тым, і яны не парываюць са сцэнай – Л.Манакова і Р.Баравік у якасці рэжысёраў, Ф.Варанецкі і У.Мішчанчук як акцёры.

Тэатральны факультэт рыхтуе прафесійныя кадры па трох тэатральных спецыяльнасцях – акцёрскае мастацтва, рэжысура, тэатразнаўства, 15 спецыялізацыях. Прафесійная падрыхтоўка вядзецца як па вочнай, так па завочнай і вочна-завочнай формах навучання.

Сярод вядомых у рэспубліцы і за яе межамі тэатразнаўцаў, колішнія выпускнікі Акадэміі – доктар мастацтвазнаўства Р.Смольскі, кандыдаты мастацтвазнаўства Т.Гаробчанка, Э.Герасімовіч, А.Лабовіч, А.Савіцкая, Дз.Стэльмах, І.Ягорава і інш.

Плённа працуюць на сцэнічных пляцоўках рэспублікі і прадстаўнікі наступных пакаленняў выпускнікоў тэатральнага факультэта Акадэміі: рэжысёры Н.Башава, В.Катавіцкі, С.Кавальчык, М.Лашыцкі, Г.Мушперт, У.Савіцкі, Дз.Саладуха, У.Шчэрбань, акцёр і рэжысёр А.Гарцуеў; акцёры Г.Гайдук, А.Душачкін, К.Дзегцярова, І.Дзянісаў, А.Ждановіч, С.Зелянкоўская, А.Кот, Н.Кот, А.Маланкіна, А.Малчанаў, В.Паўлюць, М.Прылуцкі, І.Пятроў, В.Рэдзька, І.Сігоў, А.Сідарава, Л.Сідаркевіч, Н.Сяўніцкая, А.Шэдзько, П.Юрчанкоў-малодшы і інш.

Сярод найбольш значных спектакляў, што былі пастаўлены ў тэатрах Беларусі выпускнікамі альбо з удзелам выпускнікоў БДАМ у апошнія пяць гадоў спектаклі: “Касцюмер” Р.Харвуда (1997, рэжысёр М.Пінігін, т-тр імя Я.Купалы), “Князь Вітаўт” А.Дударава (1997, рэжысёр В.Раеўскі, т-тр імя Я.Купалы), “Пестуны лёсу” А.Паповай (1997, рэжысёр В.Баркоўскі, т-тр імя М.Горкага), “Раскіданае гняздо” Я.Купалы (1997, рэжысёр Б.Луцэнка, т-тр імя М.Горкага), “Таму што люблю” А.Паповай і “Пісьменныя” М.Чокэ (абодва – 1998, рэжысёр В.Баркоўскі, т-тр імя Я.Коласа), “Маленькі лорд Фаўнтлярой” М.Воранава (1998, рэжысёр А.Андросік, ТЮГ), “Апошняя пастараль” паводле А.Адамовіча (1998, рэжысёр М.Дзінаў, т-тр беларускай драматургіі), “День нараджэння Чылентаны” С.Мрожака (1998, рэжысёр Дм.Саладуха, Гомельскі абласны драматычны тэатр), “Школа блазнаў” М. дэ Гельдэрода і “Шалёныя грошы” (абодва – 1998, адпаведна – рэжысёр М.Лашыцкі і рэжысёр У.Шчэрбань, Магілёўскі абласны драматычны тэатр), “Шагал, Шагал…” Л.Драздова, В.Острава (1999, рэжысёр В.Баркоўскі, т-тр імя Я.Коласа), “Тэрмінова патрабуецца… “самазабойца” М.Эрдмана (2000, рэжысёр Б.Луцэнка, т-тр імя М.Горкага), “Крэслы” Э.Іянеска (2000, рэжысёр А.Грышкевіч, т-тр імя Я.Коласа), “Трыстан ды Ізольда” С.Кавалёва (2000, рэжысёр А.Жугжда, Магілёўскі абласны драматычны тэатр), “У адкрытым моры” С.Мрожака (2001, рэжысёр У.Пятровіч, Магілёўскі абласны драматычны тэатр), “Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро” П.Бамаршэ (2001, рэжысёр М.Дударава, Дзяржаўны маладзёжны тэатр).

Трэба адзначыць, што станаўленне і развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі было б немагчымае без стварэння нацыянальнай школы сцэнічнага мастацтва, якая ўвабрала ў сябе вопыт рускай тэатральнай культуры і свае ўласныя мастацкія традыцыі. Даследаванне багатага творчага вопыту вядомых дзеячаў беларускага сцэнічнага мастацтва В. Дуніна-Марцінкевіча, І. Буйніцкага, У. Галубка, Ф. Ждановіча, іх мастакоўскіх унёскаў у развіццё нацыянальнага тэатра мела вялікае значэнне і для тэатральнай педагогікі.

На Беларусі тэатральная адукацыя ў 20-30-я гады XX ст. мела дзве асноўныя формы – у тэатральных студыях і ў тэатральных вучэльнях. Толькі ў 1945 г. у Мінску быў адкрыты Беларускі тэатральны інстытут, дзе меркавалася распачаць прафесійную падрыхтоўку нацыянальных творчых кадраў у галіне тэатральнага мастацтва – акцёраў, рэжысёраў, тэатразнаўцаў. Мастацкае кіраўніцтва інстытутам узначаліў народны артыст БССР Еўсцігней Афінагенавіч Міровіч –адзін з заснавальнікаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Маючы вялікі творчы і педагагічны вопыт (праца ў тэатральных вучэльнях і ў студыях), Е.Міровіч і ў вышэйшай тэатральнай навучальнай установе імкнуўся раскрыць студэнтам усе "сакрэты" акцёрскага майстэрства. Абапіраючыся на сістэму К. Станіслаўскага, яго эстэтычныя і творчыя прынцыпы, Е. Міровіч шмат што рабіў "па-свойму", асабліва рапрацоўваючы, развіваючы, выхоўваючы псіхатэхніку будучых артыстаў. Е. Міровіч выхоўваў не шараговага артыста-прафесіянала, а ТВОРЦУ, развіваў непаўторную індывідуальнасць кожнага студэнта, выхоўваў творчую АСОБУ. Школу Е. Міровіча "прайшлі" выдатныя майстры беларускага тэатра: народныя артысты СССР У. Уладамірскі, Б. Платонаў, Г. Глебаў, Л. Ржэцкая, Л. Рахленка, С. Станюта, народныя артысты БССР У. Крыловіч, В. Галіна, В. Пола, С. Бірыла, К. Саннікаў, А. Ільінскі, І. Ждановіч (тэатр імя Янкі Купалы), заслужаныя дзеячы мастацтваў БССР А. Бутакоў, Э. Герасімовіч, А. Гутковіч, У. Станкевіч, В. Карпілаў, заслужаныя артысты БССР І. Курган, Л. Федчанка, заслужаная артыстка УССР Дз. Шпакава (першы акцёрскі выпуск Беларускага тэатральнага інстытута).

З 1947 па 1965 г. справу падрыхтоўкі прафесійных акцёрскіх кадраў для нацыянальнага тэатра, распачатую Е. Міровічам, плённа працягваў народны артыст БССР Канстанцін Мікалаевіч Саннікаў, які спавядаў мастацкія прынцыпы МХАТа ў сцэнічным мастацтве Беларусі. Атрымаўшы прафесійную акцёрскую і рэжысёрскую падрыхтоўку ў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве, К. Саннікаў не толькі вучыў будучых артыстаў рамяству, але і выхоўваў у іх творчыя адносіны да самой прафесіі, імкнуўся, як і Е. Міровіч, у кожным студэнце выявіць мастака, творцу. Выдатны майстар беларускага тэатра быў перакананы ў тым, што "сапраўдны артыст заўсёды павінен быць і рэжысёрам, сапраўдны рэжысёр павінен быць артыстам і педагогам, а сапраўдны педагог павінен быць і рэжысёрам, і артыстам".

Як успамінае кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт А. Бутакоў, "для Саннікава-педагога такія паняцці, як выхаванне і навучанне, былі непадзельныя. Выхаваннем асобы ён займаўся на кожным уроку, у кожным сцэнічным эцюдзе, у кожным вучэбным урыўку, у кожным дыпломным спектаклі. Рэпетыцыі Саннікава не абмяжоўваліся толькі выпрацоўкай прафесійных навыкаў. Найчасцей яны пераходзілі ў шчырыя гутаркі са студэнтамі пра самае галоўнае, самае важнае ў жыцці. У будучым акцёры і рэжысёры ён імкнуўся выхаваць мастака-грамадзяніна. Канстанцін Мікалаевіч патрабаваў ад студэнтаў штодзённага трэнінгу свайго акцёрскага інструмента, развіцця і ўдасканалення выразных сродкаў унутранай акцёрскай тэхнікі". За 18 гадоў педагагічнай дзейнасці тэатральную школу прафесара К. Саннікава "прайшлі" многія знакамітыя акцёры і актрысы нацыянальнага тэатра: народныя артысты СССР В. Тарасаў, Г. Аўсяннікаў, народныя артысты БССР Л. Давідовіч, М. Захарэвіч, Г. Талкачова, М. Пятроў, народная артыстка РСФСР Л. Драздова, заслужаныя артысты БССР Т. Шашкіна, Л. Былінская, З. Зубкова, Л. Караткевіч, заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР А. Яленская і інш.

Больш за 20 гадоў працаваў на ніве тэатральнай педагогікі народны артыст БССР Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў, прыхільнік і прапагандыст сістэмы К. Станіслаўскага, які, "ставячы ў цэнтры сцэнічнай творчасці чалавека, разглядаючы яго ў псіхафізічным адзінстве і ва ўзаемадзеянні з акаляючым асяроддзем, знаходзіць спосабы падпарадкаваць псіхіку акцёра яго творчай волі. Ён знаходзіць для акцёра шляхі кіравання сваімі пачуццямі, па ўласным жаданні выклікаючы ў сабе любыя чалавечыя перажыванні". Таленавіты акцёр, рэжысёр і педагог, Дз. Арлоў вучыў і выхоўваў будучых акцёраў па сістэме К. Станіслаўскага, гэта значыць "па законах самой прыроды, якія ляжаць у аснове творчасці акцёра".

Творчы плён тэатральнай педагогікі народнага артыста БССР прафесара Дз. Арлова – яго выхаванцы, выдатныя майстры драматычнай сцэны: народны артыст БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Г. Гарбук, народныя артысты Беларусі, лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Беларусі А. Мілаванаў, Т. Кокштыс, народныя артысты Беларусі Г. Дубаў, Б. Масумян, заслужаныя артысты Беларусі З. Асмалоўская, А. Кашкер, Э. Гарачы, Ф. Варанецкі, заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі У. Маланкін, У. Караткевіч, заслужаны артыст УССР Л. Бакштаеў, заслужаная артыстка АзССР І. Гэрэнбург...

Нацыянальная акцёрская школа, заснаваная Е. Міровічам, выдатна зарэкамендавала сябе і за межамі Беларусі – на Усесаюзным конкурсе дыпломных спектакляў у Маскве ў 1958 г. спектакль "На дне" М. Горкага, пастаўлены мастацкім кіраўніком курса Дз. Арловым, быў ацэнены крытыкамі і тэатральнай грамадскасцю вельмі высока. На творчым конкурсе нацыянальных тэатральных школ у Маскве быў адзначаны поспех не толькі Дз. Арлова і яго выхаванцаў, але і ўсяго педагагічнага калектыву Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута.

Для далейшага развіцця тэатральнага мастацтва ў рэспубліцы, акрамя акцёрскай, патрэбна была яшчэ і нацыянальная рэжысёрская школа. У 1958 г. у БДзТМІ была створана кафедра рэжысуры, якую ўзначаліў запрошаны з Масквы рэжысёр і педагог Андрэй Андрэевіч Яфрэмаў. Як Е. Міровіч акцёрскай, так і А. Яфрэмаў здолеў закласці толькі асновы рэжысёрскай школы. Па стану здароўя ён не змог працягваць заняткі, і яго студэнтаў (два курсы) выпускалі народны артыст Беларусі, прафесар К. Саннікаў і дацэнт Б. Дакутовіч. Дзевяць выпускнікоў рэжысёрскага аддзялення паспяхова закончылі інстытут і пачалі працаваць у драматычных і тэатрах лялек, у кіно, на тэлебачанні: К. Галушкова, Я. Громаў, В. Ліпень, Дз. Ніжнікоўская, Н. Алейнічава, П. Бекіш, Г. Данілаў, А. Сакевіч, В. Мкртумаў.

З 1959 г. творча-педагагічны лёс Веры Паўлаўны Рэдліх, народнай артысткі РСФСР, прафесара, звязаны з Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытутам. В. Рэдліх была адным з тых дзеячаў драматычнага тэатра, якія "праходзілі тэатральныя універсітэты" пад непасрэдным кіраўніцтвам К. Станіслаўскага, У. Неміровіча-Данчанкі, Я. Вахтангава. Цудоўная школа тэатральнага мастацтва, добрае веданне тэарыі і практыкі сцэнічнай справы, нястомнасць творчых пошукаў, абвостранае адчуванне запатрабаванняў часу, здольнасць да імправізацыі, мацярынская ўвага і клопат пра кожнага студэнта –вось што, у першую чаргу, вызначала В. Рэдліх, якую будучыя акцёры і рэжысёры называлі высокім імем Настаўнік. Яна рабіла ўсё для таго, каб на кожным курсе тэатральнага факультэта, дзе яна была мастацкім кіраўніком, панавала атмасфера творчага гарэння, захопленасці працаю, без якіх немагчыма сапраўднае мастацтва.

Амаль чвэрць стагоддзя В. Рэдліх працавала на тэатральным факультэце БДзТМІ, і плён яе педагогікі ў тым, што дзесяткі рэжысёраў і акцёраў, яе вучняў, паспяхова працуюць ў тэатрах Беларусі і за яе межамі.

Шмат зрабіў для станаўлення беларускай рэжысёрскай школы заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, дацэнт Уладзімір Андрэевіч Маланкін, які атрымаў выдатную тэатральную адукацыю: спачатку акцёрскую ў народнага артыста БССР Дз. Арлова, а затым і рэжысёрскую ў Маскве (у прафесараў А. Папова і М. Кнебель). У. Маланкін першы на тэатральным факультэце пачаў практыкаваць сумеснае навучанне акцёраў і рэжысёраў (акцёрска-рэжысёрскія курсы). Вопытны педагог і рэжысёр, ён умеў актывізаваць думку і ўяўленне студэнтаў, выклікаць у іх жаданне паглыбленага асэнсавання творчага працэсу. Узначальваючы кафедру майстэрства акцёра і рэжысуры больш за дзесяць гадоў, У. Маланкін здолеў сфарміраваць высокапрафесійны педагагічны калектыў, які падрыхтаваў для беларускага тэатральнага мастацтва плеяду выдатных рэжысёраў і акцёраў нацыянальнага драматычнага тэатра. Сярод іх народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і Беларусі, прафесар В. Раеўскі, народны артыст Беларусі Б. Луцэнка, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі В. Мазынскі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі В. Маслюк, народны артыст Беларусі А. Ткачонак, заслужаныя артысты Беларусі В. Смірноў, Н. Качаткова, Л. Волкава...

Сем выпускаў па спецыялізацыі "Акцёрскае мастацтва драматычнага тэатра і кіно" падрыхтаваў да самастойнай прафесійнай дзейнасці заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Аляксандр Іванавіч Бутакоў, творчыя і педагагічныя прынцыпы якога сфарміраваліся пад уплывам пачынальнікаў прафесійнай тэатральнай адукацыі на Беларусі Е. Міровіча, Дз. Арлова, К. Саннікава. Менавіта на курсе К. Саннікава ў 1953 г. А. Бутакоў пачаў засвойваць асновы педагагічнага майстэрства , методыку прафесійнай падрыхтоўкі будучых акцёраў. Сем гадоў педагагічнай практыкі ў К. Саннікава (два акцёрскія выпускі) – і А. Бутакоў быў выпраўлены сваім настаўнікам у самастойнае творча-педагагічнае "плаванне". У 1960 г. ён, як мастацкі кіраўнік, набраў курс па спецыяльнасці "Акцёрскае мастацтва", а ўсяго А. Бутакоў падрыхтаваў сем акцёрскіх выпускаў – 122 чалавекі, сярод якіх нямала цікавых, рознахарактарных акцёраў і актрыс, якія і сёння паспяхова працуцюць на драматычных сцэнах тэатраў Беларусі, у кіно, на тэлебачанні і радыё.

З 1990 г. кафедру майстэрства акцёра і рэжысуры ўзначальвае вучаніца народнага артыста Беларусі, прафесара К. Саннікава і народнай артысткі РСФСР, прафесара В. Рэдліх дацэнт Лідзія Аляксееўна Манакова, якая ў новых сацыяльна-эканамічных умовах канца ХХ ст. імкнецца захаваць у нацыянальнай акцёрскай і рэжысёрскай школе самае галоўнае – ПРАФЕСІЯНАЛІЗМ, акадэмічны ўзровень навучання і выхавання, закладзены Е. Міровічам, К. Саннікавым, Дз. Арловым, А. Яфрэмавым, В. Рэдліх, У. Маланкіным.

Больш за сорак гадоў працаваў у БДзТМІ член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Уладзімір Іванавіч Няфёд, добра вядома ў нашай краіне і за яе межамі. Жыццё і дзейнасць выбітнага вучонага непарыўна звязана з тэатральным мастацтвам рэспублікі, яго тэорыяй і практыкай. Цяжка нават пералічыць усіх вучняў Уладзіміра Іванавіча. Сярод іх – дактары і кандыдаты мастацтвазнаўства, рэжысёры, акцёры, мастакі, драматургі, многія з якіх маюць вышэйшыя дзяржаўныя ўзнагароды. У творчым асяродку існуе нават жартаўлівая прымаўка "Выйшлі мы ўсе з Няфёда", якая мае пад сабой зусім рэальную глебу. Адна з важных старонак педагагічнай дзейнасці Уладзіміра Іванавіча – заўсёдны клопат аб падрыхтоўцы маладых кадраў тэатразнаўцаў і крытыкаў. Разам з А. Сабалеўскім ён прыклаў шмат намаганняў, каб у 1962 г. адкрылася тэатразнаўчае аддзяленне.

 

Развіццё і станаўленне вышэйшай тэатральнай адукацыі на Беларусі абазначана асноўнымі храналагічнымі вехамі:

 

1945 г. – адкрыты Беларускі тэатральны інстытут з адным акцёрскім аддзяленнем у складзе 27 студэнтаў;

 

1949 г. – адбыўся першы выпуск акцёраў драматычнага тэатра (18 чалавек);

 

1958 г. – набраны першы курс па спецыялізацыі "Рэжысура драматычнага мастацтва";

 

1962 г. – адкрыта завочнае аддзяленне па спецыяльнасці "Тэатразнаўства";

 

1975 г. – набраны першы курс па спецыялізацыі "Акцёр тэатра лялек";

 

1984 г. – набраны першы курс па спецыялізацыі "Арганізацыя, планаванне і кіраванне тэатральнай справаю" (завочная форма навучання);

 

1989 г. – набраны першы курс па спецыялізацыі "Акцёрскае мастацтва драматычнага тэатра і кіно" (вочна-завочная форма навучання);

 

1990 г. – набраны першы курс па спецыялізацыях "Акцёр драматычнага тэатра, кіно, чытальнік", "Рэжысура тэатра лялек";

 

1993 г. – адкрыта вочнае аддзяленне па спецыяльнасці "Тэатразнаўства";

 

1996 г. – набраны першы курс па спецыялізацыях "Акцёрскае мастацтва музычнага тэатра" і "Рэжысура музычнага тэатра".

 

2002 г. – набраны першы курс па спецыялізацыі "Арганізацыя тэатральнай справай" (дзённая форма навучання);

Як відаць з гэтай гістарычнай даведкі, на Беларусі прафесійная падрыхтоўка ў галіне тэатральнага мастацтва вядзецца ўжо больш за 50 гадоў, але ўсяго толькі па сямі спецыялізацыях. Шмат па якіх тэатральных спецыяльнасцях (мастакі-тэхнолагі, мастакі-скульптары лялек, мастакі па святлу, загадчыкі мастацка-пастановачнай часці, бутафоры, грымёры-пасціжоры...) прафесійнай падрыхтоўкі на Беларусі не было. Беларускі тэатр атрымліваў такіх спецыялістаў з Масквы, Ленінграда, Кіева.

Нацыянальнай акцёрскай школе Беларусі – 65 гадощ, рэжысёрскай – 53 гадоў, іх вопыт выхавання творчай змены для тэатраў краіны даў цудоўныя вынікі.

Выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў складаюць "залаты запас", духоўна-творчы фонд тэатральнага мастацтва краіны. Сярод іх: 2 народныя артысты СССР, 23 народныя артысты Беларусі, 2 народныя артысты Расіі, 15 заслужаных дзеячаў мастацтваў Беларусі, 1 заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР, 38 заслужаных артыстаў Беларусі, 2 заслужаныя артысты УССР, 1 заслужаны артыст АзССР, 1 заслужаны артыст РСФСР, а таксама лаўрэаты Дзяржаўных прэмій СССР, Беларусі, прэмій ВЛКСМ, ЛКСМБ, прафсаюзаў, Савета Міністраў БССР, лаўрэаты міжнародных і ўсесаюзных фестываляў і конкурсаў.

 

Заключэнне

Беларускі тэатр на ўсіх этапах свайго развіцця быў цесна звязаны з тымі надзённымі жыццёвымі праблемамі, якія ставіў перад ім сам час. Тэатральнае мастацтва, вельмі жывое, рухомае па сваёй сутнасці і адначасова залежнае ад дзяржавы ў эканамічным і арганізацыйным плане, заўсёды тонка і дакладна рэагавала на тыя змены, што адбываліся ў грамадстве. Таму заканамерна, што вострыя сацыяльныя праблемы 90-х гг., калі пачалі закладвацца асновы рынкавых адносін, хваравіта адбіліся на тэатральнай справе. Разам з тым, варта адзначыць, што кіраўніцтва тэатраў (у рэспубліцы сёння працуе моцны дырэктарскі корпус) даволі хутка пераадолела перыяд разгубленасці і пачало паступова адаптавацца да новых гістарычных рэалій. Пра гэта засведчыла стабілізацыя рэпертуарнай палітыкі, актывізацыя гастрольнай дзейнасці не толькі на Беларусі, але і за яе межамі, станоўчае вырашэнне кадравых пытанняў, асабліва ў галіне падрыхтоўкі творчай моладзі.

Адчувальныя зрухі адбыліся ў пашырэнні самых розных формаў міжнародных тэатральных сувязей. Гэта і засваенне тэатрамі сучаснай зарубежнай драматургіі, і пастаноўкі творчых груп з Беларусі ў тэатрах краін бліжняга і дальняга замежжа, і гастролі творчых калектываў у Польшчы, Германіі, Расіі, Шатландыі, Францыі, Славакіі, і шырокі фестывальны рух. Усё гэта спрыяе актыўнаму ўваходжанню беларускага тэатра ў кантэкст сусветнай культуры.

Кожны гістарычны этап накладвае свой адбітак на сцэнічнае мастацтва, абумоўлівае актуальнасць яго тэматыкі, жанравую і стылёвую варыятыўнасць, своеасаблівасць эстэтыкі. У 90-я гг. адбылося значнае абнаўленне рэпертуару. Ніколі раней беларускі тэатр не паглыбляўся ў такую далёкую айчынную гісторыю. Гістарычныя творы як і нацыянальная класіка адкрылі шырокія магчымасці для філасофскага асэнсавання розных пластоў народнага жыцця, для спасціжэння своеасаблівасці беларускага характару, для абуджэння памяці і самасвядомасці беларусаў. Зарубежная інтэлектуальная п’еса, драматургія абсурду і экзістэнцыялізму садзейнічалі абнаўленню эстэтыкі, сцэнічнай вобразнасці. Адметнасцю мастакоўскга роздуму над праблемамі дня сённяшняга з’яўляецца тое, што герой-сучаснік разглядаецца не ў звыклым асяродку школы, сям’і, вытворчасці і нават грамадства, а ўводзіцца ў кантэкст айчыннай гісторыі, рэлігіі, сусветнай культуры. Відаць, ёсць свая заканамернасць, што на мяжы стагоддзяў тэатр разглядае чалавека, яго ўнутраны свет не ў ізаляваным коле асабістых праблем, а як часцінку сусвету, дзе ўсё ўзаемазвязана і ўзаемазалежна.

Асаблівасць рэпертуару 90-х гадоў – яго жанравая і тэматычная разнастайнасць, з’яўленне розных стыляў, плыняў і накірункаў. Тэатр захоўвае ў пэўных пастаноўках традыцыі псіхалагічнага рэалізму і разам з тым плённа засвойвае мадэрнісцкую эстэтыку сучаснага андэграўнду. Пры гэтым розныя выканальніцкія манеры суіснуюць у своеасаблівай гармоніі кантрастаў. Рэжысёры і акцёры актыўна выкарыстоўваюць сінтэтычную прыроду тэатра і вынаходліва запазычваюць выразныя сродкі іншых відаў мастацтва – харэаграфію, пантаміму, цыркавую буфанаду, вакал і нават увасабляюць на драматычнай сцэне мюзікл і сучасную оперу. Сцэнографы і кампазітары творча асэнсоўваюць каштоўнасці, назапашаныя айчыннай і сусветнай мастацкай культурай. У светапоглядным жа плане лепшыя спектаклі процістаяць сваёй духоўнасцю парушанай гармоніі, змроку і безвыходнасці, хаосу і разбурэнню.

Як своеасаблівае чароўнае люстэрка, беларускі драматычны тэатр на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў то размыта, то гранічна ясна адлюстроўваў нашу гісторыю і сучаснае жыццё. Разам з усім грамадствам ён зведаў свае ўзлёты і свае падзенні, прарываўся ў высокія сферы духу і скочваўся да ўзроўню дробязнай мітусні. Відавочна адно: лепшыя мастацкія творы беларускай айчыннай сцэны падтрымлівалі чалавека ў яго пошуках сэнсу жыцця, дапамагалі захаваць годнасць, не страціць высокіх духоўных арыенціраў. Магчыма таму ў тэатральныя залы Беларусі вярнуўся глядач, якому імпануе дзейсная, стваральная пазіцыя беларускіх майстроў сцэны.


[1] Выдадзена кніга: Аляхновіч Ф. Выбраныя творы.—Мн., 2005.

[2] Тут і далей па тэксту даецца сучасная назва драматычных тэатраў.

[3] Е.Холодов. Драматург на все времена. М. 1975. С. 410.

[4] Культура. 1998, 24 красавіка.

[5] Вячэрні Мінск. 1998, 24 сакавіка.

[6] Белорусская газета. 1996, 23 снежня.

[7] Літ. і мастацтва. 1996. 24 мая. С. 10.

[8] Беларускі тэатр — 98. Агляд тэатральнага года. Мн., 1999. С. 56.

[9] В. Баркоўскі ў гэты час ужо два гады быў мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа.

[10] Мастацтва. 2001. № 4. С. 17.

[11] Курэйчк А. Для нармальных… Беларуская газета. 16.12.2002.

 

[12] Беларускі тэатр — 2000: Агляд тэатральнага года. Мн. 2001. С. 37.

[13] Беларускі тэатр — 2000: Агляд тэатральнага года. Мн. 2001. С. 38.

[14] Советская Белоруссия, 2004. 05. 06.

 

[15] Тэатральная Беларусь. 1994. № 3. С. 37.

[16] Тэатральная творчасць. 1994. № 3. С. 39.

[17] Культура. № 25. 29 чэрвеня — 5 ліпеня 2002.

 

[18] Ярмалінская В. Малады тэатр на Палессі. “Беларуская думка”. 2007. № 7. С. 146—147.

 

[19] Ярмалінская В. Малады тэатр на Палессі. “Беларуская думка”. 2007. № 7. С. 149.

[20] Цыт. па: Ярмалінская В. Малады тэатр на Палессі. “Беларуская думка”. 2007. № 7. С. 147.

[21] Театр начинается... с энтузиастов! Заря. 04.04.2011.

[22] Театр начинается... с энтузиастов! Заря. 04.04.2011.

[23] Театр начинается... с энтузиастов! Заря. 04.04.2011.







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.