Здавалка
Главная | Обратная связь

Вучэбнага прадмета «Беларуская літаратура»



ЗАЦВЯРДЖАЮ

Намеснік Міністра адукацыі

Рэспублікі Беларусь

 

К.С. Фарыно

«23» мая_2012 г.

Інструктыўна-метадычнае пісьмо

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

«Аб выкладанні вучэбных прадметаў “Беларуская мова” і

“Беларуская літаратура” ў 2012/2013 навучальным годзе»

Асноўнымі мэтамі і задачамі навучання беларускай мове і літаратуры ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляюцца:

– засваенне ведаў пра сістэму беларускай мовы на ўсіх яе ўзроўнях (фанетыка, лексіка, фразеалогія, склад слова і словаўтварэнне, марфалогія, сінтаксіс), заканамернасцей і правілаў функцыянавання моўных сродкаў у маўленні, нормаў беларускай літаратурнай мовы, фарміраванне ўменняў практычнага выкарыстання мовы ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці (моўная кампетэнцыя);

– фарміраванне камунікатыўных уменняў на аснове авалодання маўленчай тэорыяй (тэкст, тыпы, стылі і жанры маўлення) і культурай маўлення, уменняў ствараць самастойныя вусныя і пісьмовыя выказванні розных тыпаў, стыляў і жанраў (камунікатыўная кампетэнцыя);

– усведамленне вучнямі мовы як феномена культуры, у якім знайшлі адбітак яе праяўленні, як сродку спасціжэння айчыннай і сусветнай культуры; выпрацоўка ўменняў карыстацца культуразнаўчымі звесткамі з мэтай забеспячэння паўнацэннай камунікацыі (лінгвакультуралагічная кампетэнцыя);

– далучэнне вучняў да набыткаў айчыннай мастацкай славеснасці (у кантэксце сусветнай), развіццё здольнасці да эстэтычнага ўспрымання і ацэнкі з’яў літаратуры, фарміраванне навыкаў самастойнага чытання, мастацка-эстэтычнага густу;

– развіццё інтэлектуальнай, камунікатыўнай, духоўна-маральнай, грамадзянскай культуры вучняў сродкамі вучэбных прадметаў «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура».

Тыпавымі вучэбнымі планамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджанымі пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 26.08.2011 № 241 «Аб тыпавым вучэбным плане агульнай сярэдняй адукацыі»,прадугледжана наступная колькасць гадзін на тыдзень па класах на вывучэнне:

 

Вучэбнага прадмета «Беларуская мова»

Від установы агульнай сярэдняй адукацыі Колькасць вучэбных гадзін на тыдзень па класах
V VI VII VIII IX X XI
базавая школа сярэдняя школа школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апякунства бацькоў санаторная школа-інтэрнат вучэбна-педагагічны комплекс 1/2 2/1
кадэцкае вучылішча 1/2 2/1
гімназія гімназія-інтэрнат 1(3 – для філалагічнага напрамку) 1(3 –для філалагічнага напрамку)
сувораўскае вучылішча   1(1/2 –для спецыялізаваных па спорце класах) 1(2/1–для спецыялізаваных па спорце класах)
спецыялізаваны ліцэй
ліцэй 1(3 – для філалагічнага напрамку) 1(3 –для філалагічнага напрамку)

вучэбнага прадмета «Беларуская літаратура»

Від установы агульнай сярэдняй адукацыі Колькасць вучэбных гадзін на тыдзень па класах
V VI VII VIII IX X XI
базавая школа сярэдняя школа школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апякунства бацькоў санаторная школа-інтэрнат вучэбна-педагагічны комплекс 1/2 2/1 1/2 2/1 1/2
кадэцкае вучылішча 2/1 1/2 2/1 1/2
гімназія гімназія-інтэрнат 2/1 1/2 2/1 1/2 2/1
сувораўскае вучылішча спецыялізаваны ліцэй 2/1 1/2 2/1 1/2 2/1
ліцэй 1/2 2/1

Тыпавым вучэбным планам вячэрняй школы на вывучэнне вучэбнага прадмета «Беларуская мова» адводзіцца па 1 гадзіне ў Х – ХІІ класах, вучэбнага прадмета «Беларуская літаратура» – па 1 гадзіне ў Х, ХІ класах і 2 гадзіны ў ХІІ класе.

У сваёй дзейнасці настаўнікі беларускай мовы і літаратуры кіруюцца:

вучэбнай праграмай для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання: Беларуская мова. V–XI класы (Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2012);

вучэбнай праграмай для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання: Беларуская літаратура.V–XI класы (Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2012).

Звяртаем увагу, што пры пастаноўцы мэт вучэбных заняткаў неабходна арыентавацца на рэалізацыю задач, вызначаных вучэбнымі праграмамі. Мэта залежыць ад тэмы і зместу кожных заняткаў.

Праграма па вучэбным прадмеце «Беларуская літаратура» прапануе тры спісы літаратурных твораў:

для чытання і вывучэння;

для чытання і абмеркавання;

для дадатковага чытання.

У першым спісе прапануецца абавязковы мінімум твораў, вывучэнне якіх праходзіць усе тры этапы (успрыманне, аналіз, падагульненне). Творы з гэтай групы вывучаюцца тэкстуальна, дастаткова падрабязна, з выкананнем вусных і пісьмовых заданняў рознага характару (рэпрадуктыўнага, аналітычнага, творчага).

Творы другога спіса прапанаваны для чытання, асэнсавання, абмеркавання ў класе, для пісьмовага ці вуснага водзыву аб іх і г.д. Прадметам разгляду могуць быць праблема, герой, своеасаблівасць кампазіцыі і сюжэта.

Трэці спіс уключае творы для дадатковага чытання. Гэта рэкамендацыйны спіс, які пашырае кола чытання вучняў. Ён не павінен быць аб’ёмным (1–3 творы з кожнага раздзела вучэбнага дапаможніка).

Колькасць вучэбных гадзін, якія адводзяцца вучэбнай праграмай на вывучэнне твора, не з’яўляецца абавязковай, а носіць рэкамендацыйны характар. Пры неабходнасці настаўнік можа павялічыць або зменшыць колькасць гадзін на вывучэнне якога-небудзь твора, пераразмеркаваўшы пры гэтым гадзіны ў межах тэмы.

Прапанаваныя праграмай анатацыі да аглядавых і манаграфічных тэм маюць арыенціровачны характар: у іх акрэсліваюцца кола праблем, ключавыя моманты, на якія мэтазгодна звярнуць увагу пры вывучэнні і абмеркаванні твораў. Настаўнік засяроджвае ўвагу на асобных пазіцыях, найбольш актуальных у канкрэтных класах.

Праграмай у ІХ – XI класах не прадугледжаны асобныя гадзіны на пазакласнае чытанне, але настаўнік абавязаны рэгулярна цікавіцца чытаннем вучняў і можа, пераразмеркаваўшы вучэбную нагрузку, правесці на працягу навучальнага года адны або некалькі вучэбных заняткаў пазакласнага чытання па выбраных творах.

Нагадваем, што з 1 верасня 2010 года ўступіў у дзеянне Закон Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» ад 23 ліпеня 2008 г. (далей – Закон). Новая рэдакцыя Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі (далей – новая рэдакцыя Правіл) – гэта не рэформа існуючага беларускага правапісу. Новая рэдакцыя правіл з’яўляецца аптымальнай у сучаснай моўнай сітуацыі ў краіне і садзейнічае стабілізацыі правапісных нормаў беларускай літаратурнай мовы, забяспечвае пераемнасць традыцый пісьмовай беларускай мовы, спрыяе павышэнню прэстыжу беларускай мовы ў грамадстве як дзяржаўнай мовы нашай краіны і мовы тытульнай нацыі.

У пачатку навучальнага года ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі неабходна правесці бацькоўскія сходы, педагагічныя саветы, класныя гадзіны з мэтай інфармавання бацькоў, настаўнікаў і вучняў пра змены ў беларускім правапісе, якія адбыліся з прыняццем Закона, а таксама абнавіць інфармацыю на стэндах «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі».

Звяртаем увагу, што матэрыялы, якія тлумачаць асобныя параграфы новай рэдакцыі Правіл, друкаваліся ў часопісах «Роднае слова», «Беларуская мова і літаратура», «Веснік адукацыі», у «Настаўніцкай газеце».

Працягваецца пераходны перыяд(з 1 верасня 2010 г. па 31 жніўня 2013 г.), вызначаны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь для якаснай арганізацыі працэсу навучання і выхавання па беларускай мове пасля ўвядзення ў дзеянне Закона. З мэтай азнаямлення вучняў са зменамі, якія адбыліся ў напісанні тых ці іншых слоў у адпаведнасці з новай рэдакцыяй Правіл, на вучэбных занятках па беларускай мове праводзяцца арфаграфічныя хвілінкі.

У пераходны перыяд пры праверцы навучальных, кантрольных, экзаменацыйных работ памылкі ў напісанні слоў, якія адпавядаюць правілам арфаграфіі 1959 года, настаўнікі павінны выпраўляць, аднак пры выстаўленні адзнакі не ўлічваць.

Пры правядзенні кантрольных дыктантаў, пераказаў трэба падбіраць тэксты, дзе не выкарыстоўваюцца словы, у якіх адбыліся змены ў правапісе. Калі ў тэкстах сустракаюцца такія словы, неабходна папярэджваць вучняў аб зменах у іх напісанні згодна з новай рэдакцыяй Правіл. Словы пажадана запісваць на дошцы, тлумачыць іх правапіс, а пры неабходнасці і лексічнае значэнне.

Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь распрацаваны вучэбна-метадычныя комплексы (вучэбная праграма, дыдактычныя матэрыялы, метадычныя рэкамендацыі) для правядзення факультатыўных заняткаў па беларускай мове ў пераходны перыяд «Вывучаем беларускі правапіс» для V –IX класаў і «Практыкум па арфаграфіі беларускай мовы» для Х–ХІ класаў. Факультатыўныя заняткі дапамогуць вучням засвоіць тыя змены, якія адбыліся ў беларускай арфаграфіі, і набыць практычныя навыкі правільнага напісання.

На вучэбных занятках па беларускай літаратуры пры чытанні і вывучэнні мастацкіх твораў таксама неабходна звяртаць увагу на напісанне слоў, у якіх адбыліся змены ў правапісе з улікам увядзення ў дзеянне Закона.

Падкрэсліваем, што ў пераходны перыяд пры правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове з тэставых заданняў будуць выключаны словы, у правапісе якіх адбыліся змены. Гэту інфармацыю неабходна паведаміць будучым абітурыентам, а таксама іх законным прадстаўнікам (бацькам).

У 2012/2013 навучальным годзе ва ўсіх класах навучанне беларускай мове ажыццяўляецца па вучэбных дапаможніках, падрыхтаваных у адпаведнасці з новай рэдакцыяй Правіл.

У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Правілзвяртаем увагу на правапіс асобных слоў, змешчаных у наступных дапаможніках: «Беларуская мова», 5 клас (Ч. 1) – тунэль (с. 33, пр. 54), дзясяты (с. 108, пр. 184), дзявятага (с. 109, пр. 186); «Беларуская мова», 5 клас (Ч. 2) – дэзынфармацыя (с. 123, пр. 227); «Беларуская мова», 6 клас – эспандар (с. 269, пр. 518); «Беларуская мова», 8 клас – Вялікае Княства Літоўскае (с. 173, пр. 246; с. 246, пр. 353); «Беларуская мова», 10 клас – кантрасныя (с. 71, пр. 85), алітарацыяй, алітарацыі (с. 89). Пры тлумачэнні тэмы «Правапіс й, ы пасля прыставак» («Беларуская мова», 5 клас (Ч. 2), с. 122) настаўніку неабходна звярнуць увагу вучняў на тое, што літара іпішацца пасля прыставак між-, звыш-, контр-, гіпер-, а пасля прыстаўкі дэз- пішацца літара ы.

Вучэбны матэрыял па тэме «Сінтаксічныя прыметы сказаў з устаўнымі канструкцыямі» для Х класа размешчаны на сайце Навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (раздзел «Вучэбныя прадметы» / «Беларуская мова і літаратура») пад назвай «Сказы з устаўнымі канструкцыямі».

Выкарыстоўваючы вучэбна-метадычныя дапаможнікі, слоўнікі і даведнікі, якія выйшлі да 2010 года, настаўнікі ажыццяўляюць адбор матэрыялу для арганізацыі адукацыйнага працэсу ў адпаведнасці з новай рэдакцыяй Правіл.

У дапамогу настаўніку распрацавана прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура» (Мінск: НІА, Аверсэв, 2012), у якім прапануецца прыкладнае размеркаванне вучэбных гадзін па тэмах, вызначаных праграмамі. Настаўнік можа выкарыстоўваць прапанаванае планаванне без змен. У той жа час ён мае права ў межах вучэбных гадзін, якія адводзяцца на вывучэнне вучэбнага прадмета, уносіць у планаванне змены з улікам асаблівасцей класа.

У V–XI класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі прадугледжана наступная колькасць кантрольных работ за год:

Клас   Від работы V VІІ VІІІ ІХ Х ХІ
Беларуская мова
Дыктант
Пераказ
Тэставая работа
Беларуская лiтаратура
Класнае сачыненне

 

Кантрольныя работы павінны праводзіцца ў адпаведнасці з графікам, складзеным з улікам патрабаванняў санітарных норм, правілаў і гігіенічных нарматываў[1] і зацверджаным кіраўніком установы агульнай сярэдняй адукацыі, але не больш чым па адным вучэбным прадмеце ў дзень у адным класе. Правядзенне кантрольных работ у панядзелак, на першых і апошніх вучэбных занятках чвэрці, а таксама на апошніх вучэбных занятках не дапускаецца.

Пры планаванні дамашняга задання неабходна ўлічваць патрабаванні, вызначаныя санітарнымі нормамі, правіламі і гігіенічнымі нарматывамі. Дамашнія заданні павінны задавацца вучням з улікам магчымасці іх выканання: у V–VІ класах – да 2 гадзін, VІІ–VІІІ класах – да 2,5 гадзін, ІХ–ХІ класах – да 3 гадзін.

Інфармуем, што згаданы вышэй тэхнічны нарматыўны прававы акт, вучэбныя праграмы размешчаны на сайтах Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (edu.gov.by), Навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (www.adu.by).

Звяртаем увагу на неабходнасць выканання адзіных патрабаванняў да афармлення, вядзення і праверкі сшыткаў.

Па вучэбным прадмеце «Беларуская мова» вучням неабходна мець 2 сшыткі ў лінейку для выканання навучальных работ і 1 сшытак для кантрольных работ; па вучэбным прадмеце «Беларуская літаратура» – 1 сшытак для навучальных работ і 1 сшытак для кантрольных работ (ІХ–ХІ класы). Сшыткі для кантрольных работ захоўваюцца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі на працягу ўсяго навучальнага года і выдаюцца вучням для выканання адпаведных работ, работ над памылкамі.

Пры афармленні запiсу на вокладцы сшытка ўказваецца, для чаго прызначаецца сшытак (для работ па беларускай мове, для кантрольных работ па беларускай мове i г.д.), клас (выкарыстоўваюцца арабскія або рымскія лічбы), скарочаная назва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі (у адпаведнасці са Статутам), прозвiшча, iмя ўласнае (поўнасцю) вучня ў родным склоне. Дапускаецца рабіць запіс аб прызначэнні сшытка і назве ўстановы адукацыі ў два радкі.

Узоры афармлення запiсу на вокладцы сшытка:

Сшытак Сшытак
для работ для кантрольных работ
па беларускай мове па беларускай мове
вучня 8 „Б“ класа вучаніцы 9 класа
сярэдняй школы № 2 Выгалавіцкай базавай школы
г. Наваполацка Данiльчык Вольгi
Фёдарава Аляксандра
Сшытак Сшытак
для работ для кантрольных работ
па беларускай літаратуры па беларускай літаратуры
вучаніцы V „А“ класа вучня XI „А“ класа
сярэдняй школы № 13 гімназіі № 1 г. Віцебска
г. Гомеля Аксёнава Аляксандра
Пятровай Кацярыны

Кожная ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі выбірае адзіны ўзор подпісу. Вокладка сшытка падпісваецца вучнем.

Заўвага. У прапісным варыянце выкарыстоўваецца адкрыццё двукосся ўнізе радка і закрыццё ўверсе (,,), іншыя абазначэнні сустракаюцца ў друкаваным тэксце або пры камп’ютарным наборы.

Пры афармленні работ у сшытках вучні павінны пісаць ад самага пачатку і да самага канца радка, пры неабходнасці падзяляючы словы для пераносу, захоўваць чырвоны радок. Усе запiсы ў сшытках робяцца шарыкавай ручкай з пастай сіняга або фіялетавага колеру акуратна, разборлiвым почыркам, выпраўленні памылковага напісання на правільнае выконваюцца без выкарыстання карэктара і т.п. Падкрэслiваннi членаў сказа, выдзяленні марфем у слове, схемы, табліцы выконваюцца акуратна алоўкам або ручкай, пры неабходнасці – з прымяненнем лiнейкi. Са знешняга боку старонкі ў сшытках па літаратуры неабходна адводзіць палі (у выпадку іх адсутнасці).

У сшытках для навучальных работпа беларускай літаратуры дата выканання работы запiсваецца лiчбамi на палях сшытка (15.09.2012), словы «Класная работа», «Дамашняя работа» не пішуцца, запісваецца тэма вучэбных заняткаў або від работы на тым жа радку, на якім на палях запісана дата выканання навучальнай работы. Запіс у сшытках афармляецца наступным чынам:

Вобраз Алеся Шпака, яго роля ў духоўным узвышэнні Вольгі Ляновіч 15.09.2012

 

У сшытках для кантрольных работ па беларускай літаратуры дата пішацца словамі па цэнтры радка. Запіс афармляецца наступным чынам:

Дваццатага красавіка

Сачыненне

Тэма Радзімы ў сучаснай беларускай паэзіі

У сшытках для навучальных і кантрольных работпа беларускай мове дата запісваецца словамі па цэнтры радка. На наступных радках пасля даты пішацца: «Дамашняя работа», затым «Практыкаванне», указваецца яго нумар (без знака №); «Класная работа» або «Работа над памылкамі». Пасля слоў «Класная работа» на наступным радку можа ўказвацца тэма вучэбных заняткаў (па меркаванні настаўніка). Від работы (пераказ, сачыненне, водгук i iнш.) указваецца на асобным радку. Загаловак навучальнай ці кантрольнай работы запісваецца без двукосся і кропкі ў канцы назвы (калі яна не з’яўляецца цытатай і складаецца з аднаго сказа). Запіс афармляецца наступным чынам:

 

Трэцяга верасня Чацвёртага верасня Восьмага кастрычніка
Дамашняя работа Класная работа Работа над памылкамі
Практыкаванне 12 Спосабы ўтварэння дзеясловаў

 

Пятага снежня Сёмага лютага Дваццатага красавіка
Дыктант Пераказ Сачыненне
Мой родны край У лесе З гісторыі майго роду

 

Памiж заключным радком тэксту навучальнай або кантрольнай работы i датай наступнай навучальнай або кантрольнай работы неабходна прапускаць 2 лiнейкi незалежна ад таго, колькі радкоў застаецца на старонцы сшытка. Калі пасля работы застаецца адзін радок на старонцы, дата запісваецца на верхнім радку наступнай старонкі.

У выпадку, калі пісьмовая работа ўключае дадатковае заданне, то на наступным радку пасля тэксту дыктанта або пераказу ўказваецца нумар варыянта. Нумар задання абазначаецца арабскай лічбай:

Варыянт 1 (Варыянт І)

1.

Сшыткі для навучальных работ па беларускай мове ў V–VІІ класах правяраюцца не менш чым адзiн раз у тыдзень ва ўсiх вучняў, у VІІІ–ІХ класах – адзiн раз у два тыднi, у Х–ХІ (XII) класах – адзін раз у месяц. Сшыткі для навучальных работ па беларускай літаратуры правяраюцца не менш чым адзін раз у месяц. У любой рабоце па беларускай мове і літаратуры, якая правяраецца, выпраўляюцца ўсе дапушчаныя вучнямі памылкі.

Праверка кантрольных работ ажыццяўляецца настаўнікам у наступныя тэрміны:

кантрольныя дыктанты, кантрольныя тэставыя работы правяраюцца і вяртаюцца вучням да наступных вучэбных заняткаў. У Х–ХІ класах кантрольныя дыктанты, тэставыя работы могуць быць вернуты вучням праз адзін – два вучэбныя заняткі;

кантрольныя пераказы па беларускай мове і класныя сачыненні па беларускай літаратуры правяраюцца і вяртаюцца вучням не пазней чым праз тыдзень у V–VІІІ класах і не пазней чым праз 10 дзён у ІХ–ХІ (ХІІ) класах.

Работа над памылкамі абавязкова выконваецца вучнямі пасля кантрольных работ і пры неабходнасці пасля навучальных работ у тых жа сшытках, у якіх яны пісалі адпаведныя навучальныя або кантрольныя работы. Работа над памылкамі, якая выконваецца вучнямі пасля кантрольных работ, праводзіцца толькі ў класе. Па выніках праверкі рабочых сшыткаў, работ над памылкамі па меркаванні настаўніка адзнака можа быць выстаўлена ў класны журнал. Калі адзнака за выкананую работу над памылкамі не выстаўляецца, тады факт праверкі работы ніяк не фіксуецца. Памылкі, дапушчаныя пры выкананні работы, выпраўляюцца ва ўстаноўленым парадку.

Пры праверцы сшыткаў па беларускай мове і літаратуры настаўнік выпраўляе ўсе дапушчаныя вучнямі памылкі (арфаграфічныя, граматычныя, пунктуацыйныя, маўленчыя, зместавыя) ручкай з пастай чырвонага колеру.

У навучальных, кантрольных, а таксама ў экзаменацыйных работах настаўнік выпраўляе дапушчаныя вучнямi памылкі наступным чынам:

няправiльна напiсаную лiтару або пунктуацыйны знак настаўнік закрэслiвае, падкрэслівае, надпiсвае правiльны варыянт і адзначае на палях наступнымі ўмоўнымі знакамі: I – арфаграфiчная; V – пунктуацыйная; Г – граматычная; З – зместавая; М – маўленчая памылкі; а – аднатыпная; н – нягрубая: I (а), V (н);

частку слова – закрэслівае гарызантальнай лiнiяй;

лiчбу, літару – закрэслівае наўскос.

Зместавыя i маўленчыя памылкі падкрэслiваюцца хвалiстай лiнiяй і адзначаюцца ўмоўнымi знакамi на палях.

Памылкі на правiлы, якiя яшчэ не вывучалiся, настаўнік падкрэслівае, выпраўляе, але на палях не адзначае і пры выстаўленні адзнакі не ўлічвае.

Пры праверцы дыктанта на наступным пасля тэксту радку дробам указваецца колькасць арфаграфiчных памылак (лiчнiк) i пунктуацыйных (назоўнiк).

Напрыклад:

2/3

За навучальныя і кантрольныя пераказы, пераклады, сачыненні, водгукі вучням выстаўляюцца дзве адзнакі: адна – за змест, другая – за пісьменнасць.

Пры праверцы сачыненняў, пераказаў, перакладаў, водгукаў, іншых творчых работ, якiя разлiчаны на адны або два вучэбныя заняткi, на наступным пасля тэксту радку настаўнік запісвае дробам у лічніку колькасць зместавых i маўленчых памылак, а ў назоўнiку дробу ўказвае колькасць арфаграфiчных, пунктуацыйных i граматычных памылак.

Напрыклад:

З – М 2-2
I – V – Г 2-2-1

Адзнакі за вядзенне сшыткаў выстаўляюцца ў класны журнал па меркаванні настаўніка.

Звяртаем увагу, што ў першым паўгоддзі ў V класе па беларускай мове праводзяцца толькі навучальныя пераказы, якія ацэньваюцца ў адпаведнасці з нормамі ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі для ІV класа. Пераклады і сачыненнi ў V–VIII класах носяць толькі навучальны характар.

У VІ–ХІ (ХІІ) класах да канца першай чвэрці, а ў V класе на працягу І паўгоддзя захоўваецца аб’ём тэкстаў кантрольных работ, рэкамендаваны для папярэдняга класа.

Колькасць слоў у слоўнікавых дыктантах, кантрольных дыктантах, пераказах, аб’ём сачыненняў

Клас Аб’ём кантрольнага дыктанта Аб’ём слоўнікавага дыктанта
V 85–90 слоў 12–15 слоў
90–100 слоў 15–20 слоў
VІІ 100–110 слоў 20–25 слоў
VІІІ 110–125 слоў 25–30 слоў
ІХ 125–145 слоў 30–35 слоў
Х 145–170 слоў 35–40 слоў
ХІ 170–200 слоў 40–45 слоў
     
Клас Аб’ём тэкстаў для кантрольных пераказаў Аб’ём сачыненняў
V 80–100 слоў 0,5–1 старонка
100–120 слоў 1–1,5 старонкі
VІІ 120–180 слоў 1–1,5 старонкі
VІІІ 180–240 слоў 1,5–2 старонкі
ІХ 240–340 слоў 2–3 старонкі
Х 340–450 слоў 3–4 старонкі
ХІ 450–600 слоў да 5 старонак
       

Колькасць арфаграм і пунктаграм у тэкстах кантрольных дыктантаў

Клас Колькасць арфаграм у тэкстах кантрольных дыктантаў Колькасць пунктаграм у тэкстах кантрольных дыктантаў
V 2–3
2–3
VІІ 3–4
VІІІ 4–5
ІХ 5–10
Х 10–15
ХІ 15–20

 

Нагадваем некаторыя патрабаванні да афармлення класнага журнала.

На ўсіх старонках класнага журнала, у тым ліку пры запаўненні раскладу вучэбных заняткаў, назвы вучэбных прадметаў пішуцца з малой літары – беларуская мова, беларуская літаратура.

Пры афармленні старонак журнала, якія адведзены для запісу факультатыўных заняткаў, указваецца назва факультатыўных заняткаў (з малой літары, без двукосся), а не вучэбнага прадмета. У выпадку, калі ў якасці назвы факультатыўных заняткаў выкарыстоўваецца цытата, яна запісваецца з вялікай літары і бярэцца ў двукоссе.

На правай старонцы класнага журнала запісваецца дата правядзення вучэбных заняткаў (04.09), тэма, якая вывучалася на вучэбных занятках, і дамашняе заданне. І тэма, і дамашняе заданне запісваюцца з вялікай літары.

Запіс аб правядзенні пэўнага віду работы ў журнале робіцца разам з запісам тэмы вучэбных заняткаў, калі гэты від работы займае значную частку часу вучэбных заняткаў. Запіс у журнале афармляецца наступным чынам:

Правапіс -н-, -нн- у прыметніках. Тлумачальны дыктант

В.Карамазаў – адзін з вядучых сучасных празаікаў: тэматычная праверка ведаў і ўменняў

Паняцце пра складаназалежны сказ. Аналіз кантрольнага дыктанта

У запісе тэмы вучэбных заняткаў магчымы скарачэнні, якія робяцца ў адпаведнасці з існуючымі правіламі і павінны быць зразумелымі пры чытанні, напрыклад:

Дзеяслоў як часц. мовы: агульн. знач., марф. прым., сінт. роля

Калі праводзяцца падвоеныя вучэбныя заняткі па адной тэме, гэта фіксуецца на абедзвюх старонках журнала з указаннем даты двойчы.

Запіс аб навучальным пераказе (сачыненні), калі на работу над ім адводзіцца адна гадзіна, робіцца наступным чынам:

Пераказ ”…“, Сачыненне ”…“.

Пры напісанні навучальнага пераказу (сачынення), калі на выкананне работы адводзяцца два вучэбныя заняткі, на першай гадзіне праводзіцца работа па падрыхтоўцы да напісання тэксту. У журнале запіс неабходна афармляць так: Падрыхтоўка да напісання пераказу ”…“ і Пераказ ”…“.

Пры напісанні кантрольнага пераказу (сачынення) работа па падрыхтоўцы да яго не прадугледжваецца. Калі на выкананне кантрольнага пераказу адводзяцца два вучэбныя заняткі, то запіс неабходна афармляць такім чынам: Кантрольны пераказ ”…“ і Кантрольны пераказ ”…“.

Адзнакі за навучальную пісьмовую работу выстаўляюцца ў графу, якая адпавядае дню, калі работа праводзілася. Гэтыя адзнакі носяць стымулюючы характар і таму выстаўляюцца па меркаванні настаўніка.

Адзнакі за кантрольную работу выстаўляюцца ў адну графу ўсім вучням класа ў адпаведнасці з датай правядзення работы.

Адзнака за чвэрць выстаўляецца пасля запісу даты апошняга ўрока без пропуску клеткі, першыя вучэбныя заняткі чвэрці таксама запісваюцца без пропуску клеткі.

У графе «Дамашняе заданне» змест задання запісваецца з вялікай літары. Запіс у журнале робіцца наступным чынам:

Практыкаванне 98 або Пр. 125

Верш Я. Коласа ”Ручэй“ на памяць

Скласці план апавядання А. Васілевіч ”Сябры“

Адказаць на пытанні № 3–5, с. 24

§32, с. 172 – 173, пр. 164

У класны журнал запісваецца толькі абавязковае дамашняе заданне, якое павінна быць выканана кожным вучнем. Дыферэнцаванае дамашняе заданне не запісваецца ў класны журнал.

Калі вучням даецца дамашняе заданне на паўтарэнне, тады характар задання канкрэтызуецца ў журнале. Напрыклад:

Паўтарэнне. Правапіс галосных о, э, а. Пр. 116

Адзнакі за сачыненне па беларускай літаратуры ў ІХ–ХІ (ХІІ) класах выстаўляюцца па літаратуры і па мове: першая – па літаратуры, другая – па мове.

Абавязковыя кантрольныя сачыненні па літаратуры пішуцца толькі ў ІХ–ХІ класах. У V–VІІІ класах сачыненні носяць навучальны характар. Адзнакі за навучальныя работы выстаўляюцца на выбар настаўніка і павінны насіць стымулюючы характар.

Калі на напісанне сачынення па літаратуры адводзіцца дзве вучэбныя гадзіны, тэмы абодвух вучэбных заняткаў запісваюцца на старонцы, адведзенай на гэты прадмет. Адзнака выстаўляецца ў графу, якая адпавядае другой гадзіне. Пры падрыхтоўцы да навучальных пераказаў (сачыненняў) работа вучняў на першай гадзіне вучэбных заняткаў можа быць таксама ацэнена. Адзнака па мове выстаўляецца без указання даты, запіс «Сачыненне па літаратуры» на правай старонцы журнала таксама робіцца без указання даты.

Калі на напісанне сачынення выкарыстоўваецца адна гадзіна мовы і адна гадзіна літаратуры, тады запіс і выстаўленне адзнак робіцца на адпаведных старонках журнала з указаннем даты на кожнай.

Пры напісанні пераказу з дадатковым заданнем, на які адводзяцца два вучэбныя заняткі, першыя дзве адзнакі праз дроб выстаўляюцца ў графу, што адпавядае першай гадзіне, адзнака за дадатковае заданне выстаўляецца ў графу, што адпавядае другой гадзіне.

Пры напісанні дамашняга сачынення або іншых творчых работ адзнака за работу выстаўляецца ў графу, што адпавядае дню, калі давалася заданне, або дню, калі адбылася абарона творчай работы.

Адзнакі за чытанне на памяць выстаўляюцца ў графу, што адпавядае вучэбным заняткам, якія ідуць пасля тых, на якіх было дадзена заданне вывучыць на памяць, або на іншых вучэбных занятках, тэма якіх уключае вывучэнне гэтага твора.

У выпадку памылковага выстаўлення адзнакі выпраўленне робіцца наступным чынам: няправільна пастаўленая адзнака ў клетцы закрэсліваецца, побач выстаўляецца правільная адзнака, у нізе старонкі робіцца запіс: «Адзнака вучню (указваецца прозвішча, імя вучня) выпраўлена з ”5“ (указваецца адзнака) на ”6“ (указваецца адзнака)». Далей ставіцца подпіс настаўніка і дата.

Настаўнік, выстаўляючы адзнаку ў класны журнал, абавязаны ўносіць яе і ў дзённік вучня.

Звяртаем увагу на патрабаванні, якія прад’яўляюцца да афармлення рэферата.

Рэферат – гэта кароткая перадача зместу артыкула або даследавання.

Рэферат павінен мець наступную структуру: тытульны ліст, змест, уводзіны, асноўная частка, якая падзяляецца на главы, раздзелы, падраздзелы, заключэнне, спіс літаратуры ў алфавітным парадку, дадатак (пры неабходнасці).

 

Аб’ём рэферата

Рэферат Клас Аб’ём рэферата пры камп’ютарным наборы Аб’ём рэферата пры напісанні ад рукі
Навучальны Х 12–14 старонак 14–15 старонак
Навучальны ХІ 15–17 старонак 17–19 старонак
Экзаменацыйны ХІ 15–17 старонак 17–19 старонак

 

На тытульным лісце ўказваецца назва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара, назва работы, месца знаходжання ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, год.

Узор афармлення тытульнага ліста

 

 

Назва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі

 

Назва рэферата

 

Выканаў(ла)

Прозвішча, імя ўласнае, імя па бацьку

вучань(іца) ___ класа

 

Месца знаходжання ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, год напісання рэферата

 

Змест рэферата ўключае назвы структурных частак, глаў, раздзелаў і падраздзелаў з указаннем нумарацыі старонак арабскімі лічбамі. Напрыклад:

Змест*

Уводзіны

1. Назва главы

1.1.Назва раздзела

1.2. Назва раздзела

1.2.1. Назва падраздзела

1.2.2. Назва падраздзела

2. Назва главы

Заключэнне

Спіс літаратуры

Дадаткі

___________________

* размяшчаецца пасля тытульнага ліста

Ва ўводзінах даецца кароткая характарыстыка тэмы рэферата, абгрунтоўваецца яе актуальнасць, раскрываюцца мэты і задачы работы, даецца пералік літаратуры і крыніц, на аснове якіх падрыхтаваны рэферат.

У асноўнай частцы рэферата матэрыял падаецца сцісла па главах, кожная з якіх раскрывае асобную праблему або розныя бакі адной праблемы. Кожная глава, раздзел, падраздзел павінны мець загаловак.

Заключэнне павінна быць сціслым, канкрэтным, утрымліваць асноўныя вывады, а таксама інфармацыю пра згоду ці нязгоду з аўтарамі выкарыстаных крыніц. Заключэнне не павінна перавышаць па аб’ёме ўводзіны.

Пры напісанні рэферата неабходна рабіць спасылкі на крыніцы інфармацыі: у квадратных дужках указваецца нумар крыніцы па спісе літаратуры і старонка, напрыклад: [4, с. 29]. Спасылкі ў тэксце могуць таксама падавацца ў выглядзе падрадковых заўваг, нумарацыя якіх прыводзіцца на кожнай старонцы пачынаючы з адзінкі. Спіс выкарыстанай літаратуры афармляецца ў адпаведнасці з правіламі бібліяграфічнага апісання.

Пры камп’ютарным наборы трэба выкарыстоўваць шрыфт Times New Roman, кегль 15 пт, міжрадковы інтэрвал – 1,5.

У дапамогу настаўнікам беларускай мовы і літаратуры выдадзены кантрольна-вымяральныя матэрыялы:

навучальныя і кантрольныя дыктанты па беларускай мове (5–9 класы);

навучальныя і кантрольныя пераказы па беларускай мове (5–9 класы);

тэставыя работы па беларускай мове (8–11 класы);

навучальныя і кантрольныя дыктанты і пераказы па беларускай мове (10–11 класы);

зборнік творчых заданняў для тэматычнага кантролю па беларускай літаратуры (5–9 класы);

зборнік творчых заданняў для тэматычнага кантролю па беларускай літаратуры (10–11 класы).

Для вывучэння вучэбнага прадмета «Беларуская мова» на факультатыўных занятках рэкамендуецца выкарыстоўваць зацверджаныя Навукова-метадычнай установай «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь наступныя вучэбна-метадычныя комплексы (вучэбная праграма, дыдактычныя матэрыялы для вучняў, метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў):

1. Грані слова: ад гука да сказа, V клас.

2. Сакрэты словазмянення і формаўтварэння, VІ клас.

3. Слова ў тэксце, VІІ клас.

4. Гэты няпросты просты сказ, VІІІ клас.

5. Складаны сказ без складанасці, ІХ клас.

6. Практыкум па арфаграфіі беларускай мовы, Х клас.

7. Практыкум па пунктуацыі беларускай мовы, ХІ клас.

Названымі комплексамі ў абавязковым парадку павінны быць забяспечаны бібліятэкі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Акрамя таго, для арганізацыі і правядзення факультатыўных заняткаў настаўнікі могуць карыстацца праграмамі, зацверджанымі Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь:

1. Грані слова, V клас.

2. «Мой родны кут…» (краязнаўства), V клас.

3. Маўленчы этыкет, V клас.

4. Развіццё маўлення, VІ–VІІ класы.

5. Культура маўленчых паводзін, VІІ клас.

6. Стылістыка тэксту, VІІІ–ІX класы.

7. Пішам сачыненні, VІІІ–ІX класы.

8. Беларуская антрапаніміка, VІІІ клас.

9. Беларуская тапаніміка, ІX клас.

10. Цяжкія пытанні сінтаксісу і пунктуацыі, ІX клас.

11. Комплексны аналіз тэксту, X клас.

12. Майстэрства перакладу, X клас.

13. Уводзіны ў журналістыку, X клас.

14. Беларуская традыцыйная культура ў люстэрку мовы, X клас.

15. Майстэрства пераказу, XІ клас.

16. Мова і культура, XІ клас.

17. Малады даследчык, XІ клас.

18. Практыкум па беларускай мове, X–XІ класы.

19. Рыторыка, X–XІ класы.

20. Рыхтуемся да алімпіяды па беларускай мове: лінгвістычны конкурс, Х–ХІ класы ліцэяў і гімназій.

У 2012/2013 навучальным годзе для арганізацыі і правядзення факультатыўных заняткаў па вучэбным прадмеце «Беларуская літаратура» рэкамендуецца выкарыстоўваць зацверджаныя Навукова-метадычнай установай «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь наступныя вучэбна-метадычныя комплексы (вучэбная праграма, дыдактычныя матэрыялы для вучняў, метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў):

1. «Браму скарбаў сваіх адчыняю…», V клас.

2. «Слова – радасць, слова – чары…», VІ клас.

3. Таямніца паэзіі і загадка прозы, VІІ клас.

4. Незвычайнае літаратуразнаўства: вывучэнне твора ў яго родавай і жанравай спецыфіцы, VІІІ клас.

5. «Выкажыся, каб я цябе ўбачыў!» (Мастацтва вусных выказванняў), ІХ клас.

6. Пад ветразем спасціжэння і творчасці, Х клас.

7. Шукаем шэдэўры!.. (Вопыты літаратурных даследаванняў), ХІ клас.

Названымі комплексамі ў абавязковым парадку павінны быць забяспечаны бібліятэкі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Акрамя таго, для арганізацыі і правядзення факультатыўных заняткаў настаўнікі могуць карыстацца праграмамі, зацверджанымі Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь:

1. Тэатр як від мастацтва, V клас.

2. Асновы тэатральнай культуры, VI клас.

3. Беларуская літаратура і тэатр, VII клас.

4. Тэатры Беларусі, VIII клас.

5. Юны карэспандэнт, VIII клас.

6. Беларускі фальклор (апавядальныя жанры), V клас.

7. Беларускі фальклор (каляндарна-абрадавая паэзія), VI клас.

8. Беларускі фальклор (сямейна-абрадавая паэзія), VII клас.

9. Выразнае чытанне, VI клас.

10. Выразнае чытанне і пераказ, VIІ клас.

11. Выразнае чытанне і мастацкае расказванне, VIII клас.

12.Лірычная проза як фенаменальная з’ява ў літаратуры XX стагоддзя, Х–ХІ класы.

13.Асновы журналістыкі,ХІ клас.

14.Паэтыка цвёрдых вершаваных формаў, Х–ХІ класы.

15. Старажытная беларуская літаратура, ІХ клас.

16.Мастацкая літаратура і гісторыя,ХІ клас.

17.Пейзажны свет беларускай паэзіі,ХІ клас.

18. Культурная спадчына антычнасці ў беларускай і сусветнай літаратуры, ІХ клас.

19.Беларускі фальклор, ІХ–Х класы.

20.Беларуская паэзія 20-х гадоў XX стагоддзя. Жанры. Стылі. Постаці,Х клас.

21.Беларуская літаратура пачатку XX стагоддзя, Х клас.

22.Беларускі мадэрнізм і літаратура пачатку XX стагоддзя, ІХ–Х класы.

23. Асновы вершазнаўства, Х–ХІ класы.

24. Рыхтуемся да алімпіяды: водгук, вуснае выказванне, Х–ХІ класы ліцэяў і гімназій.

Праграмы факультатыўных заняткаўразмешчаны на сайтах Міністэрства адукацыі Рэспублікі (edu.gov.by), Нацыянальнага інстытута адукацыі (www.adu.by).

Для фарміравання цэласнага светапогляду вучняў і развіцця пазнавальных інтарэсаў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура» неабходна прадугледжваць міжпрадметныя сувязі. Беларуская мова і літаратура разам з іншымі прадметамі сацыяльна-гуманітарнага цыкла («Руская мова», «Руская літаратура», «Замежная мова», «Сусветная гісторыя», «Гісторыя Беларусі», «Грамадазнаўства», «Музыка», «Выяўленчае мастацтва») з’яўляюцца асновай культурацэнтрычнай парадыгмы адукацыі. Вывучэнне літаратуры ў суаднесенасці з іншымі відамі мастацтва (музыкай, жывапісам, кіно, тэлебачаннем) спрыяе ўспрыманню літаратуры як мастацтва, фарміраванню каштоўнасных арыентацый вучняў.

Паведамляем, што ў 2012/2013 навучальным годзе традыцыйна будзе праходзіць рэспубліканская алімпіяда па беларускай мове і літаратуры, у кастрычніку – лістападзе плануецца правядзенне рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі па беларускай мове і літаратуры (конкурс даследчых работ вучняў).

Выніковая атэстацыя па вучэбным прадмеце «Беларуская мова» для вучняў ІХ класа па завяршэнні навучання і выхавання на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў 2012/2013 навучальным годзе будзе праводзіцца ў форме дыктанта.

Выніковая атэстацыя для вучняў ХІ класа па завяршэнні навучання і выхавання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў 2012/2013 навучальным годзе будзе праводзіцца ў форме пераказу па розных тэкстах для класаў філалагічнага напрамку гімназій, ліцэяў і для школ, кадэцкіх вучылішчаў, сувораўскага вучылішча, гімназій, ліцэяў (акрамя класаў філалагічнага напрамку гімназій і ліцэяў).

Арганізацыя метадычнай работы з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры

Паведамляем, што падрабязныя рэкамендацыі па змесце і арганізацыі метадычнай работы з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры ў 2012/2013 навучальным годзе будуць размешчаны на сайце Дзяржаўнай установы адукацыі «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі» (www.academy.edu.by).

На жнівеньскіх прадметных секцыях настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры прапануецца абмеркаваць наступныя пытанні:

1.Нарматыўнае прававое забеспячэнне адукацыйнага працэсу па беларускай мове і літаратуры ў 2012/2013 навучальным годзе ў адпаведнасці з патрабаваннямі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

2. Сучаснае вучэбна-метадычнае забеспячэнне выкладання беларускай мовы і літаратуры ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

3. Роля факультатыўных заняткаў у арганізацыі адукацыйнага працэсу па беларускай мове ў пераходны перыяд па рэалізацыі палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”.

4. Асаблівасці выкладання беларускай мовы і літаратуры ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2012/2013 навучальным годзе з улікам аналізу вынікаў адукацыйнага працэсу ў рэгіёне за 2011/2012 навучальны год.

5. Арганізацыя метадычнай работы з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры ў раёне: планаванне работы метадычных аб’яднанняў і іншых метадычных фарміраванняў на год.

На пасяджэннях метадычных фарміраванняў(метадычнага аб’яднання, школы перадавога педагагічнага вопыту, школы маладога настаўніка і інш.) прапануем абмеркаваць пытанні, звязаныя з удасканаленнем адукацыйнага працэсу па беларускай мове і літаратуры:

· тэкстацэнтрычны падыход да навучання беларускай мове як фактар фарміравання моўнай, камунікатыўнай і лінгвакультуралагічнай кампетэнцый вучняў;

· шляхі ўдасканалення арфаграфічных, пунктуацыйных і арфаэпічных уменняў і навыкаў пры вывучэнні беларускай мовы і літаратуры;

· развіццё чытацкай культуры вучняў пры вывучэнні беларускай літаратуры;

· дыферэнцыяцыя і індывідуалізацыя працэсу навучання беларускай мове і літаратуры;

· роля ўнутрыпрадметных і міжпрадметных сувязей у аптымізацыі адукацыйнага працэсу па беларускай мове і літаратуры;

· развіццё пазнавальных інтарэсаў, творчых здольнацей вучняў на факультатыўных занятках па беларускай мове і літаратуры;

· выкарыстанне кантрольна-вымяральных матэрыялаў для атрымання інфармацыі аб ходзе і выніках навучання беларускай мове і літаратуры;

· выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у працэсе навучання беларускай мове і літаратуры ў здароўезберагальных умовах.

У Дзяржаўнай установе адукацыі «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі» ў 2012/2013 навучальным годзе плануецца правесці наступныя мерапрыемствы:

· з 8 па 20 кастрычніка 2012 года і з 18 лютага па 2 сакавіка 2013 года – павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ліцэяў, гімназій, вучэбна-педагагічных комплексаў «Зместава-тэхналагічнае забеспячэнне якасці адукацыйнага працэсу»;

· лістапад 2012 года – рэспубліканскі семінар для метадыстаў абласных, Мінскага гарадскога інстытутаў развіцця адукацыі, метадыстаў раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў, кіраўнікоў раённых метадычных фарміраванняў настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры «Культуралагічны аспект выкладання літаратуры ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі»;

· люты 2013 года – семінар-практыкум для членаў рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры «Выкарыстанне электронных адукацыйных рэсурсаў у працэсе выкладання беларускай мовы і літаратуры»;

· май 2013 года – падагульняльны семінар для метадыстаў інстытутаў развіцця адукацыі, кіраўнікоў метадычных фарміраванняў настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры «Вопыт работы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”».

Юбілейныя даты

Пры планаванні і арганізацыі пазакласнай работы па беларускай літаратуры рэкамендуем звярнуць увагу на каляндар юбілейных дат, якія будуць адзначацца ў 2012/2013 навучальным годзе:

верасень: 85-годдзе з дня нараджэння Алеся Адамовіча 100-годдзе з дня нараджэння Максіма Танка
кастрычнік: 80-годдзе з дня нараджэння Івана Пташнікава
лістапад 130-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа 125-годдзе з дня нараджэння Цішкі Гартнага
снежань 65-годдзе з дня нараджэння Алеся Разанава
студзень: 75-годдзе з дня нараджэння Дануты Бічэль
люты: 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Гарэцкага
сакавік: 95-годдзе з дня нараджэння Алеся Бачылы 95-годдзе з дня нараджэння Эдуарда Валасевіча 60-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Бутрамеева 65-годдзе з дня нараджэння Генадзя Пашкова
красавік 70-годдзе з дня нараджэння Мар’яна Дуксы
май 80-годдзе з дня нараджэння Юрася Свіркі 130-годдзе з дня нараджэння Янкі Маўра 75-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Карызны

Звяртаем увагу, што ў 2012 годзе адзначаецца 130-годдзе з дня нараджэння класікаў сусветнай і беларускай літаратуры, адных з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай беларускай літаратурнай мовы, народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Юбілеі будуць шырока адзначацца не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. З мэтай арганізацыі належнага ўзроўню святкавання юбілеяў класікаў беларускай літаратуры падрыхтаваны метадычныя рэкамендацыі, якія надрукаваны ў «Настаўніцкай газеце» (19 красавіка 2012 г.) і навукова-метадычным часопісе «Беларуская мова і літаратура» (№ 6, 2012 г.), размешчаны на сайце Нацыянальнага інстытута адукацыі (www.adu.by).

 







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.