Здавалка
Главная | Обратная связь

Школьнага курса беларускай мовы



Уводзіны

На новым этапе развіцця агульнаадукацыйнай школы беларуская мова павінна стаць не толькі прадметам вывучэння, але і дзейсным сродкам фарміравання асобы, здольнай успрымаць на роднай мове змест прачытанага і пачутага, ствараць вусныя і пісьмовыя выказванні ў залежнасці ад мэты і задач камунікацыі.

“Канцэпцыя моўнай адукацыі ў школах Беларусі”, якая заснавана на асобаснацэнтрычным падыходзе да выкладання моў, акрэсліла асноўныя задачы і напрамкі развіцця моўнай адукацыі на аснове арганічнага спалучэння сістэмна-апісальнага і камунікатыўна-дзейнаснага падыходаў. У сувязі з пераходам да 11-гадовай агульнай сярэдняй адукацыі, што пэўным чынам паўплывала не толькі на структуру, але і на змест вучэбных курсаў, узнікла неабходнасць удакладнення мэтаў, зместу і сродкаў навучання беларускай мове ва ўмовах сучаснага адукацыйнага асяроддзя.

У прапанаванай канцэпцыі вучэбнага прадмета “Беларуская мова” сфармуляваны зыходныя метадалагічныя перадумовы і прынцыпы пабудовы гэтага курса, прыводзяцца дыдактычныя асновы, прынцыпы і крытэрыі канструявання зместу адукацыі па беларускай мове, акрэсліваюцца мэты і задачы навучання беларускай мове; дадзена агульная характарыстыка і паказаны асаблівасці пабудовы зместу адукацыі па ступенях навучання ў адзінстве зместу вучэбнага прадмета і факультатыўных заняткаў, вызначаны састаў і структура вучэбна-метадычнага комплексу.

 

Зыходныя метадалагічныя перадумовы і прынцыпы пабудовы

школьнага курса беларускай мовы

У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі беларуская мова вывучаецца як мова тытульнай нацыі, як мова, што мае статус дзяржаўнай у Рэспубліцы Беларусь. Кардынальныя змены ў грамадскім жыцці і сферы адукацыі, важкія набыткі айчыннай лінгвістычнай і педагагічнай навукі даюць падставы фарміраваць у школьнікаў цэласнае ўяўленне пра мову як нацыянальна-культурны феномен, што дазволіць асэнсоўваць яе шматфункцыянальнасць, самабытнасць і ўнікальнасць.

Адукацыйна-выхаваўчае значэнне прадмета “Беларуская мова” акрэсліваецца разнастайнымі сацыяльнымі функцыямі мовы ў грамадстве. Мова выступае як асноўны сродак зносін і пазнання рэчаіснасці. Карыстаючыся мовай, асоба засвойвае формы чалавечых узаемаадносін, пазнае маральныя і культурныя каштоўнасці свайго народа. Забяспечваючы моўную адукацыю вучняў, неабходна ствараць умовы для іх інтэлектуальнага, эмацыянальнага і духоўнага развіцця, рыхтаваць да прафесійнай дзейнасці і актыўнага грамадскага жыцця, а таксама садзейнічаць таму, каб агульначалавечыя і нацыянальныя каштоўнасці культуры сталі набыткам асобы.

Апошнім часам павысілася цікавасць да сацыяльна-педагагічных функцый мовы і маўлення ў сістэме навучання, выхавання і развіцця асобы, да асэнсавання значэння і ролі маўлення як сродку выражэння свядомасці чалавека, спосабу пазнання, уздзеяння і ўзаемадзеяння, паказчыка культуры і разумовых здольнасцей суб’ектаў. Мова з’яўляецца найважнейшым сродкам фарміравання культуры асобы, яе светапогляду і інтэлекту. Дзякуючы мове, пры належным валоданні ёю як інфарматыўным, інтэрактыўным і перцэптыўным сродкам адбываецца працэс духоўнага станаўлення чалавека, захаванне і перадача ім сацыяльна-культурнага вопыту, што забяспечвае ўключэнне яго ў рэальнае жыццё і працу ў грамадстве. Роднае слова дапамагае вучню вызначыцца з ідэаламі, поглядамі, пазіцыямі, засвоіць нормы паводзін у кантэксце нацыянальнай культуры. У прыродзе роднага слова закладзена перспектыва быць аперацыйным сродкам пазнання, інтэлектуальнага развіцця асобы, наладжвання дыялога паміж пакаленнямі, засваення і захавання людзьмі свайго і чужога вопыту.

Курс беларускай мовы ў агульнаадукацыйных установах Рэспублікі Беларусь прадугледжвае такую моўную і маўленчую падрыхтоўку вучняў, якая дазволіць карыстацца словам ва ўсіх сферах жыццядзейнасці – пазнавальнай, навучальнай, нацыянальна-культурнай, бытавой і інш. Інакш кажучы, задача моўнай адукацыі заключаецца ў тым, каб беларуская мова трансфармавалася з прадмета выкладання ў механізм фарміравання асобы, яе менталітэту, разумення свету і ўзаемаадносін людзей у свеце. Ставіцца задача сфарміраваць у вучняў такія адносіны да беларускай мовы, такія ўменні і навыкі, якія неабходны ўсім людзям у іх штодзённым жыцці. Валоданне мовай дасць магчымасць самастойна папаўняць веды: мэтанакіравана чытаць тэксты, успрымаць змест прачытанага і пачутага, абменьвацца інфармацыяй, ствараць вусныя і пісьмовыя паведамленні.

А гэта азначае, што курс беларускай мовы мае на ўвазе вырашэнне стратэгічнай мэты – падрыхтоўку сродкамі гэтага прадмета высокаадукаванай, высокакультурнай моўнай асобы.

Пры распрацоўцы курса беларускай мовы неабходна кіравацца двума асноўнымі прынцыпамі: аперацыйным і матывацыйным.

Аперацыйны прынцып мае на ўвазе, што ў ходзе навучання роднай мове да яе неабходна адносіцца як да “прадмета прадметаў”, сродку авалодвання новымі ведамі па іншых вучэбных дысцыплінах.

Матывацыйны прынцып азначае, што пры падрыхтоўцы кожнага ўрока варта накіроўваць навучальную дзейнасць на дасягненне канкрэтных мэт, якія можна сфармуляваць наступным чынам.

1. Навучыць школьнікаў валодаць беларускай мовай: змястоўна, лагічна, паслядоўна, захоўваючы граматычныя і этычныя нормы, выражаць свае і перадаваць чужыя думкі ў вуснай і пісьмовай форме. Для гэтага неабходны трывалыя веды ў галіне фанетыкі, лексікі, фразеалогіі, словаўтварэння, граматыкі і стылістыкі, уменне карыстацца імі ў маўленчай практыцы.

2. Сфарміраваць у вучняў трывалыя навыкі літаратурнага вымаўлення і правапісу.

3. Забяспечыць развіццё лагічнага мыслення, выпрацаваць спосабы навучальнай дзейнасці, неабходныя для асэнсавання законаў роднай мовы, выяўлення значэння, формы выражэння і функцый моўных адзінак.

4. Прывіць любоў да роднай мовы і жаданне карыстацца ёю як інфарматыўным, інтэрактыўным і перцэптыўным сродкам ва ўсіх сферах жыццядзейнасці: пазнавальнай, навучальнай, вытворчай, нацыянальна-культурнай, побытавай.

5. Пазнаёміць школьнікаў з гісторыяй развіцця беларускай мовы, яе месцам у сям’і славянскіх моў, роляй у жыцці чалавека і грамадства.

6. Садзейнічаць фарміраванню культурнай моўнай асобы – нацыянальна свядомай, адукаванай, інтэлектуальна і эстэтычна развітой, а таксама камунікатыўнай, выхаванай, што будзе праяўляцца ў маўленчых учынках, паводзінах, эмацыянальным рэагаванні на падзеі і факты жыцця грамадства.

Менавіта на вырашэнне гэтых задач і скіраваны курс беларускай мовы ў агульнаадукацыйных установах як з беларускай, так і з рускай мовамі навучання.

 







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.