Здавалка
Главная | Обратная связь

І крытэрыі канструявання зместу адукацыі



 

Навучанне беларускай мове ў агульнаадукацыйных установах абумоўлена практычнай накіраванасцю і зарыентавана на рэалізацыю сістэмна-функцыянальнага, камунікатыўна-дзейнаснага і лінгвакультуралагічнага падыходаў пры выкладанні ўсіх тэм і раздзелаў.

Сістэмна-функцыянальны падыход забяспечвае засваенне вучнямі моўных сродкаў, адбор і арганізацыю моўнага матэрыялу для авалодвання моўнай кампетэнцыяй.

Вядома, што задачы навучання мове нельга зводзіць да апісання сістэмных адзінак і з’яў розных моўных узроўняў. Неабходна так наладжваць навучальны працэс, каб вучні асэнсоўвалі кожную моўную адзінку, арыентуючыся на асаблівасці яе ўжывання ў маўленні. Менавіта пры такім падыходзе можна забяспечыць асэнсаванне цеснай узаемасувязі і ўзаемаабумоўленасці ўсіх аспектаў і ўзроўняў моўнай сістэмы: лексікі, фанетыкі, марфалогіі, сінтаксісу і стылістыкі. Такі падыход ставіць свае патрабаванні да методыкі падачы вучэбнага матэрыялу ў практыку навучання беларускай мове. У прыватнасці, ён накіроўвае на тое, каб вучні:

– на ўроках мовы не абмяжоўваліся аналізам моўных фактаў і з’яў, а шмат увагі аддавалі сінтэзу – складанню сказаў рознай будовы і функцыянальнага прызначэння, стварэнню звязных выказванняў;

– пры вывучэнні марфалогіі вызначалі, якую сэнсава-стылістычную і тэкстаўтваральную ролю выконвае тая ці іншая часціна мовы; вучыліся адрозніваць часціны мовы і іх формы на аснове склонавых і сінтаксічных пытанняў;

– сістэматычна і паслядоўна выпрацоўвалі арфаграфічныя і пунктуацыйныя навыкі.

Камунікатыўна-дзейнасны падыход дае магчымасць рэальна забяспечыць дзейнасць вучняў у розных маўленчых сітуацыях, што садзейнічае фарміраванню камунікатыўнай кампетэнцыі.

У сувязі з гэтым на першы план у моўнай падрыхтоўцы вучняў выходзіць удасканальванне іх маўленчай практыкі, якая наладжваецца ў форме суразмоўніцтва, пісьма, чытання, публічных выступленняў, пераказу і абмеркавання радыё- і тэлеперадач, вучэбных лекцый, дакладаў, паведамленняў. Такім чынам, у агульнаадукацыйных установах да маўлення трэба падыходзіць як да адной з формаў пазнавальнай дзейнасці чалавека, спосабу яго грамадскай актыўнасці, сродку сацыялізацыі.

Лінгвакультуралагічны падыход звязаны з усведамленнем мовы як формы выражэння нацыянальнай культуры, узаемасувязі мовы і культуры, нацыянальна-культурнай спецыфікі беларускай мовы і з’яўляецца асновай фарміравання ў вучняў лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі.

Мова з’яўляецца неад’емнай часткай нацыянальнай культуры, таму навучанне беларускай мове павінна быць непарыўна звязана з засваеннем культуры беларускага народа. У сувязі з гэтым у курс беларускай мовы паслядоўна ўводзіцца нацыянальна-культурны кампанент, які дазваляе засвоіць маральна-этычны, эстэтычны і гістарычны вопыт народа. Разам з тым мова з’яўляецца феноменам культуры, у якім знайшлі адбітак усе яе праяўленні, таму істотнай становіцца задача авалодання беларускай мовай як сродкам спасціжэння нацыянальнай і сусветнай культур. Гэта патрабуе спецыяльнай увагі да вывучэння як нацыянальна маркіраваных моўных адзінак, так і звароту да тэкстаў, што перадаюць гісторыю, традыцыі, звычаі і дасягненні беларускага народа, а таксама спрыяюць пазнанню беларускай культуры ў дыялогу і ва ўзаемадзеянні з культурамі іншых народаў. Асэнсоўваючы беларускую мову як сродак засваення культурных каштоўнасцей, вучні спасцігаюць яе лексічнае, фразеалагічнае, граматычнае, стылістычнае багацце і разнастайнасць, вучацца карыстацца выяўленча-вобразнымі сродкамі мовы.

Яшчэ адзін з падыходаў, значнасць якога актуалізавалася ў сувязі з пераходам да 11-гадовай агульнай сярэдняй адукацыі, звязаны з уплывам на педагагічны працэс сучаснага адукацыйнага асяроддзя, стварэнне яго будзе садзейнічаць узмацненню ролі навучальных устаноў у развіцці культуры асобы вучня. Улік магчымасцей адукацыйнага асяроддзя, якое само па сабе валодае высокім развіццёвым патэнцыялам, дазволіць ажыццявіць аптымальны адбор зместу адукацыі, а таксама вызначыць найбольш эфектыўныя метады і адпаведныя сучаснаму ўзроўню тэхнічнага развіцця сродкі навучання беларускай мове.

Дыдактыка-метадычнымі прынцыпамі ў сістэме навучання беларускай мове выступаюць наступныя:

прынцып адзінства і ўзаемасувязі мовы, маўлення і мыслення, які заснаваны на дыялектычным адзінстве і ўзаемасувязі мовы, маўлення і мыслення і прадугледжвае выкарыстанне такіх метадаў і прыёмаў, што садзейнічалі б развіццю мысліцельнай дзейнасці і пазнавальных здольнасцей вучняў, актывізавалі не толькі аналітыка-сінтэтычную моўную і практычную маўленчую дзейнасць школьнікаў, але і дзейнасць сацыяльную, рэфлексіўную ў адносінах да людзей, самога сябе, сваіх жаданняў, поглядаў і паводзін;

прынцып узаемасувязі развіцця вуснага і пісьмовага маўлення заснаваны на тым, што вуснае і пісьмовае маўленне – гэта дзве формы працэсу камунікацыі паміж людзьмі з дапамогай мовы, якія існуюць у адзінстве і пры фарміраванні навыкаў і ўменняў камунікацыі падтрымліваюць адна адну;

прынцып актыўнай камунікацыі, які звязаны з прызначэннем мовы быць сродкам зносін. З паваротам методыкі да асобы вучня, да асобы, якая чытае, успрымае, слухае і піша, асноўнай мэтай навучання стала навучанне маўленчай дзейнасці сродкамі мовы, што немагчыма без уключэння асобы ў гэты працэс;

прынцып апоры на тэкст у яго жанрава-стылявой разнастайнасціпрадугледжвае стварэнне ўласных выказванняў на аснове звестак пра тэкст, яго будову, тэму і асноўную думку, спосабы і сродкі сувязі сказаў у тэксце, г. зн. на правілы стварэння тэкстаў;

функцыянальна-маўленчы прынцып заснаваны на функцыянальных уласцівасцях моўных сродкаў і прадугледжвае іх выкарыстанне ў залежнасці ад тыпу, стылю і жанру выказвання;

прынцып арыентацыі на ўнутрыпрадметныя сувязі, што забяспечвае асэнсаванне моўнай сістэмы (фанетыкі, лексікі, марфемікі і граматыкі, арфаграфіі, пунктуацыі і стылістыкі) як адзінага цэлага, у межах якога гэтыя раздзелы ўзаемазвязаны і ўзаемаабумоўлены, суладна функцыянуюць у вусных і пісьмовых выказваннях розных тыпаў, стыляў і жанраў, а таксама міжпрадметныя сувязі (сувязь мовы і культуры праз увядзенне лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі; сувязь мовы з этыкай, эстэтыкай, логікай праз увядзенне курса “Рыторыка”; сувязь паміж мовай і літаратурай, спосабам рэалізацыі якой з’яўляюцца мастацкія тэксты і г. д.), ажыццяўленне якіх адкрывае дадатковыя магчымасці засвоіць большы па аб’ёме матэрыял, больш глыбока раскрыць яго, удакладніць раней засвоенае, актуалізаваць раней набытыя веды, што стануць той асновай, на якую будуць накладвацца новыя;

прынцып пераемнасці і развіцця ў межах асобных тэм і ступеняў навучання.

Змест адукацыі ў разгледжанай сферы прадугледжвае вывучэнне ўсіх раздзелаў беларускай мовы як навукі і падпарадкаваны фарміраванню моўнай асобы сродкамі гэтага прадмета.

Лінгвістычны матэрыял размяркоўваецца па класах на аснове лінейнага прынцыпу, бо логіка мовазнаўства – самы надзейны крытэрый паслядоўнасці разгляду тэм і выдзялення асобных раздзелаў курса. Падрыхтоўчы курс па сінтаксісе і пунктуацыі, які традыцыйна вывучаецца перад сістэматычным, дазваляе на практыцы забяспечыць рэалізацыю такіх метадычных прынцыпаў, як мэтанакіраванае апераджэнне, пераемнасць і перспектыўнасць.

Пры камунікатыўна накіраваным навучанні адукацыйная практыка патрабуе апісання мовы з арыентацыяй на тэкст, яго семантычны, лагічны і структурна-моўны ўзроўні. Веды аб сістэме мовы выпрацоўваюцца на матэрыяле тэксту ў форме паняццяў і спосабаў дзейнасці. Асэнсаванне тэксту, яго жанрава-стылістычных асаблівасцей і пісьмо (арфаграфія і пунктуацыя як самыя складаныя пытанні ў змесце курса мовы) забяспечваюцца пры вывучэнні ўсіх раздзелаў і тэм, на ўсіх ступенях навучання.







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.