Здавалка
Главная | Обратная связь

адукацыі па беларускай мове па ступенях навучання



 

Курс беларускай мовы ў агульнаадукацыйных установах з’яўляецца па сваёй будове своеасаблівым сінтэзам трох узаемазвязаных канцэнтраў, якія па змесце і мэтах навучання дапаўняюць адзін аднаго і адпавядаюць тром ступеням адукацыі: I ступень агульнай сярэдняй адукацыі (I–IV класы), II ступень агульнай сярэдняй адукацыі (V–IX класы), III ступень агульнай сярэдняй адукацыі (Х–ХI класы). Кожны з названых канцэнтраў мае сваю логіку апісання моўнага і маўленчага зместу, структуру яго размяшчэння ў праграме, арыентацыю на канкрэтныя мэты, патрабуе спецыфічных, адпаведных зместу, мэтам і задачам навучання, метадаў і прыёмаў работы.

Адбор моўнага і маўленчага тэарэтычнага і практычнага зместу, яго структураванне і размяшчэнне ў праграмах выкананы ў межах таго ці іншага канцэнтра з уласцівай кожнай ступені навучання мадыфікацыяй па лінейным прынцыпе. Гэта забяспечвае засваенне адзінак мовы ў іх узаемасувязі і строгай лагічнай паслядоўнасці як цэласнай навукова ўладкаванай сістэмы, дазваляе асэнсоўваць семантычныя, фармальныя і функцыянальныя прыметы кожнага яе элемента.

На ўзроўні агульнай пачатковай адукацыі галоўнымі задачамі навучання беларускай мове з’яўляюцца: авалоданне мовай як сродкам зносін у працэсе фарміравання навыкаў маўленчай дзейнасці на аснове асэнсавання элементарных лінгвістычных ведаў; інтэлектуальнае развіццё вучняў сродкамі вучэбнага прадмета; выхаванне нацыянальнай свядомасці.

Змест курса беларускай мовы на II ступені навучання (V–IX класы) складаецца з дзвюх частак: падрыхтоўчай і асноўнай (сістэматычнай). Падрыхтоўчы курс у V класе ўключае два раздзелы: “Паўтарэнне вывучанага ў І–ІV класах” і “Сінтаксіс і пунктуацыя”.

Першы курс скіраваны на вырашэнне наступных задач:

• узнавіць і актуалізаваць веды, аналітыка-сінтэтычныя моўныя і маўленчыя ўменні і навыкі, у тым ліку правапісныя;

• сістэматызаваць і паглыбіць веды вучняў, атрыманыя ў пачатковых класах, удасканальваць уменні і навыкі, неабходныя для таго, каб устанаўліваць прычынна-выніковыя адносіны паміж моўнымі з’явамі, карыстацца атрыманымі ведамі для самакантролю і самаадукацыі; ацэньваць уласную вучэбную дзейнасць;

• у межах магчымага выявіць і ліквідаваць недахопы ў ведах, уменнях і навыках школьнікаў;

• развіваць пазнавальную цікавасць да прадмета і жаданне вывучаць мову.

Мэта падрыхтоўчага курса сінтаксісу і пунктуацыі ў V класе – дапамагчы школьнікам авалодаць сістэмай паняццяў і тэрмінаў, выпрацоўваць уменне знаходзіць у тэксце вывучаныя віды словазлучэнняў і сказаў, выконваць іх частковы сінтаксічны разбор, самастойна складаць словазлучэнні і сказы, уключаць іх у вусныя і пісьмовыя выказванні, ставіць неабходныя знакі прыпынку.

Правільна арганізаванае вывучэнне падрыхтоўчага курса дазволіць стварыць трывалую метадычную аснову для паспяховага навучання, развіцця і выхавання дзяцей у ходзе вывучэння сістэматычнага курса беларускай мовы ў V–IX класах.

Сістэматычны школьны курс беларускай мовы ўключае наступныя раздзелы: “Фанетыка і арфаэпія. Графіка і арфаграфія”, “Лексіка. Фразеалогія”, “Словаўтварэнне і арфаграфія”, “Марфалогія і арфаграфія”, “Сінтаксіс і пунктуацыя”, што маюць на мэце фарміраванне ў вучняў навуковага ўяўлення аб механізме мовы, яго элементах і ўзроўнях як аснове, на якой развіваецца лінгвістычнае мысленне школьнікаў, адбываецца станаўленне і развіццё іх моўных і маўленчых уменняў і навыкаў.

Развіццё маўлення як састаўная частка моўнай адукацыі асобным раздзелам не выдзяляецца. Вучэбны працэс патрэбна наладжваць так, каб настаўнік вучыў сваіх выхаванцаў звязнаму маўленню і практычнай маўленчай дзейнасці, пад якой разумеецца ўменне чытаць тэксты, успрымаць змест пачутага і прачытанага, ствараць і афармляць выказванні ў вуснай і пісьмовай форме на кожным уроку, пры вывучэнні ўсіх раздзелаў і тэм курса беларускай мовы. Пры гэтым пад увагу прымаецца тая акалічнасць, што фанетыка, лексіка, марфеміка і граматыка, арфаграфія, пунктуацыя і стылістыка разам ствараюць адзінае цэлае, у межах якога гэтыя раздзелы ўзаемазвязаны і ўзаемаабумоўлены.

Змест адукацыі, які забяспечвае фарміраванне лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі, складаюць веды, што знаходзяцца на стыку лінгвістыкі і культуралогіі і перадаюць узаемаадносіны роднай мовы з нацыянальнай і сусветнай культурай, а таксама звязаная з імі маўленчая камунікацыя. У школьны курс беларускай мовы ўключаюцца культурна афарбаваныя моўныя сродкі з “закадзіраваным” нацыянальным светабачаннем і светаўспрыманнем: нацыянальна маркіраваныя словы і намінатыўныя словазлучэнні (назвы рэалій беларускага побыту, у якіх зафіксавана багацце і самабытнасць традыцыйнай беларускай культуры; безэквівалентная лексіка; характарыстычныя словы; сталыя эпітэты; тапонімы; параўнанні; фразеалагізмы, прыказкі, прымаўкі; словы-сімвалы нацыянальнай культуры), запазычаныя лексічныя адзінкі як знакі іншых культур, формулы беларускага маўленчага этыкету, тэксты з нацыянальна-культурным кампанентам.

Спецыяльныя тэмы, што пачынаюць моўны курс у кожным класе (так званыя ўступныя тэмы: “Мова – найважнейшы сродак зносін”, “Беларуская мова – нацыянальная мова беларускага народа”, “Валоданне літаратурнай мовай – асноўны паказчык культуры чалавека”, “Роля беларускай мовы ў развіцці нацыянальнай культуры” і інш.), даюць магчымасць фарміраваць у школьнікаў лінгвістычны светапогляд.

У сістэме навучання беларускай мове на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, калі засвоены сістэматычны курс мовы (Фанетыка і арфаэпія. Графіка і арфаграфія. Лексіка і фразеалогія. Склад слова і словаўтварэнне. Марфалогія. Сінтаксіс і пунктуацыя), адкрываецца перспектыва для фарміравання ў вучняў асобасных якасцей сродкамі прадмета “Беларуская мова”: маўленчых паводзін і этыкету, умення наладжваць кантакт, мысліць з улікам этычных катэгорый і г. д., а таксама ўдасканалення навыкаў ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці. У такіх умовах асаблівае значэнне набывае фарміраванне навыкаў свабоднай маўленчай дзейнасці, культуры вуснага і пісьмовага маўлення. Рэалізацыя гэтай задачы адбываецца праз шырокае выкарыстанне актыўных метадаў навучання (лекцыі, лекцыі-гутаркі, практыкумы, сюжэтна-тэматычныя ўрокі, прымяненне лінгвістычнага эксперымента); самастойную работу вучняў па аналізе тэкстаў; падрыхтоўку рэфератаў, паведамленняў, дакладаў; працу з даведачнай літаратурай; выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій.

На працягу ўсяго навучання беларускай мове (V–XI класы) у агульнаадукацыйных установах прадугледжваюцца факультатыўныя заняткі, накіраваныя перш за ўсё на адпрацоўку спосабаў дзейнасці, неабходных для асэнсавання законаў і фактаў мовы; фарміраванне вопыту творчай дзейнасці, а таксама на развіццё пазнавальнай дзейнасці вучняў, іх інтэлектуальных і творчых здольнасцей, фарміраванне навыкаў самастойнай вучэбнай дзейнасці.

Акрамя скразных факультатыўных заняткаў, матэрыял якіх звязаны з тымі раздзеламі і тэмамі, што вывучаюцца ў пэўным класе, прапануюцца факультатыўныя заняткі маўленча-камунікатыўнага, развіццёвага (агульнакультурнага) і ўводнага напрамкаў [“Пішам сачыненні”, “Стылістыка тэксту”, “Комплексны аналіз тэксту”, “Майстэрства пераказу”, “Майстэрства перакладу”, “Мой родны кут… (краязнаўства)”, “Беларуская тапаніміка”, “Беларуская антрапаніміка”, “Мова і культура”, “Асновы журналістыкі” і інш.].

 

6. Састаў і структура вучэбна-метадычнага комплексу

 

Вучэбна-метадычны комплекс (ВМК) па беларускай мове – сістэма сродкаў нарматыўнага, вучэбнага і вучэбна-метадычнага забеспячэння, неабходная для найболын эфектыўнай рэалізацыі адукацыйных, развіццёвых і выхаваўчых задач у адпаведнасці з адукацыйным стандартам.

Паводле прызначэння вучэбна-метадычны комплекс па беларускай мове ўключае ў сябе вучэбныя выданні для вучняў і нарматыўныя, вучэбна-метадычныя – для настаўніка.

Паводле функцый вучэбна-метадычны комплекс складаецца з асноўнага і дадатковага кампанентаў.

Функцыя асноўнага кампанента – забяспечыць засваенне абавязковага мінімуму зместу навучання беларускай мове ў адпаведнасці з адукацыйным стандартам. Структура асноўнага кампанента ВМК: вучэбная праграма, падручнік, вучэбна-метадычны дапаможнік для настаўніка.

Функцыя дадатковага кампанента – дапаможная: забяспечыць дыферэнцыяцыю навучання, актывізацыю вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, развіццё творчых здольнасцей вучняў і эфектыўную навучальную дзейнасць педагога. Структура дадатковага кампанента ВМК: зборнікі практыкаванняў, рознаўзроўневых заданняў (у тым ліку заданняў па развіцці маўлення), матэрыялаў для навучальных і кантрольных работ, тэставых заданняў, рабочыя сшыткі, слоўнікі, каляндарна-тэматычнае планаванне, сродкі нагляднасці і г.д.

У сучасным адукацыйным асяроддзі выкарыстоўваюцца электронныя вучэбныя выданні па беларускай мове, якія ў сваю чаргу складаюць самастойны вучэбна-метадычны комплекс. У склад яго могуць уваходзіць наступныя тыпы электронных сродкаў навучання па беларускай мове: электронны падручнік, электронныя трэнажоры, электронныя тэстава-дыягнастычныя сістэмы, электронныя слоўнікі (энцыклапедыі), электронныя метадычныя дапаможнікі і інш.

У адукацыйнай практыцы могуць выкарыстоўвацца як традыцыйныя, так і электронныя сродкі навучання, якія павінны быць скіраваны на дасягненне мэт і задач моўнай адукацыі, сфармуляваных у адукацыйным стандарце і вучэбнай праграме па беларускай мове.

Для арганізацыі факультатыўных заняткаў па беларускай мове (V—XI класы) неабходна адпаведнае забеспячэнне: вучэбная праграма, дыдактычныя матэрыялы для вучняў і метадычныя дапаможнікі для настаўнікаў.

Для паспяховага вырашэння пастаўленых задач трэба ўдасканальваць падрыхтоўку і перападрыхтоўку кадраў сістэмы адукацыі, у тым ліку для ліцэяў, гімназій, прафесійных навучальных устаноў, а таксама павышаць узровень тэарэтычных даследаванняў па беларускай мове і методыцы яе выкладання на розных ступенях навучання.

 

 







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.