Здавалка
Главная | Обратная связь

Складаныя прыметнікі



 

1. Пішуцца разам прыметнікі:

якія суадносяцца са складанымі назоўнікамі, што пішуцца разам: чарназёмны (чарназём), водаправодны (водаправод), мастацтвазнаўчы (мастацтвазнаўства), іншаземны (іншаземец), радыёфізічны (радыёфізіка), жалезабетонны (жалезабетон), самаходны (самаход), хваляводны (хвалявод);

якія суадносяцца са словазлучэннямі з падпарадкавальнай сувяззю: каменнавугальны (каменны вугаль), народнапаэтычны (народная паэзія), агульнаадукацыйны (агульная адукацыя), меднарудны, цэнтральнаеўрапейскі, уласнаручны, цвёрдапаліўны, круглагадовы, чырванабокі;

якія суадносяцца са словазлучэннямі дзеясловаў з назоўнікамі: дрэваапрацоўчы (апрацоўваць дрэва), масларобны (рабіць масла), мукамольны (малоць муку), касцярэзны, кветкаводчы, водазаборны, ільноцерабільны, лесанарыхтоўчы, лёсавызначальны;

якія суадносяцца са словазлучэннямі назоўнікаў з лічэбнікамі і прыслоўямі адноснай меры колькасці, аб'ёму, прасторы і інш.: двухразовы (два разы), трохколавы, двухтысячагадовы, сямісотпяцідзесяцігадовы, саракаградусны, пяцідзесяціпрацэнтны, саракатонны, шматразовы, мнагалюдны, усёмагутны;

першай часткай якіх з’яўляюцца прыслоўі: моцнадзеючы (моцна дзейнічаць), лёгкапаранены (лёгка параніць), цяжкаўспрымальны (цяжка ўспрымаць), нізкарослы, высокаадукаваны, слабасалёны, добраўпарадкаваны, малапрыкметны;

складаныя прыметнікі з дзвюх і больш лексічных частак, якія служаць для абазначэння навуковых і тэхнічных паняццяў: старажытнаўсходнеславянскі, правабярэжназаходнебугскі, старабеларускамоўны, паравозавагонарамонтны, індаеўрапейскі.

2. Складаныя прыметнікі, у састаў якіх уваходзяць прыслоўі, не трэба блытаць са словазлучэннямі, якія складаюцца з прыслоўяў і прыметнікаў: дыяметральна процілеглы (супрацьлеглы), чыста беларускі, яскрава вызначаны, выключна дасканалы, асабліва адказны, колькасна акрэслены, рэзка адмоўны, кепска ўзараны, усенародна абраны, выпадкова сустрэты, своечасова прыняты, адносна спакойны, бясконца глыбокі, матэрыяльна зацікаўлены.

3. Пішуцца праз злучок складаныя прыметнікі:

утвораныя ад складаных назоўнікаў, якія пішуцца праз злучок: вакуум-насосны, генерал-губернатарскі, унтэр-афіцэрскі, ліберал-дэмакратычны, давыд-гарадоцкі, санкт-пецярбургскі і інш.;

часткі якіх абазначаюць разнародныя назвы адпаведнай прыметы: прыродна-гаспадарчы, жыллёва-будаўнічы, аграрна-сыравінны, лячэбна-працэдурны, таварна-грашовы, электронна-вылічальны, навукова-тэхнічны, грамадска-палітычны, сусветна-гістарычны, народна-вызваленчы, сярэдне-верхні, прытарна-салодкі і інш.;

часткі якіх абазначаюць раўнапраўныя паняцці: рабоча-сялянскі, руска-беларускі;

часткі якіх абазначаюць асаблівасці ці адценні разнароднай якасці: кісла-салодкі, жоўта-зялёны, горка-салёны, гучна-пявучы і інш.;

часткі якіх абазначаюць напрамкі свету ў іх спалучэнні: паўночна-заходні, норд-остаўскі;

якія ўваходзяць у склад геаграфічных назваў, пачатковай часткай якіх з'яўляецца Усходне-, Заходне-, Паўднёва-, Паўночна-, Цэнтральна- і інш.: Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Заходне-Сібірская раўніна, Цэнтральна-Азіяцкі рэгіён і інш.;

пачатковай часткай якіх з'яўляецца лічба або літара любога алфавіта: 1000-гадовы, 5-павярховы, Т-падобны.

4. Складаныя прыметнікі, утвораныя ад складаных уласных імёнаў са злучком, калі яны маюць прыстаўку, пішуцца разам: заісыккульскі, перадцяньшанскі.

5. Складаныя прыметнікі з пачатковай часткай ваенна- пішуцца разам: ваеннапалонны, ваеннапалявы, ваеннаабавязаны.

 







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.