Здавалка
Главная | Обратная связь

ФАНЕТЫЧНАЯ, МАРФАЛАГІЧНАЯ,



Інстытут кіравання і прадпрымальніцтва

 

 

У. І. Куліковіч

 

 

БЕЛАРУСКАЯ МОВА

Вучэбны дапаможнік

 
 

 


Мінск 2003

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Інстытут кіравання і прадпрымальніцтва

 

 

У. І. Куліковіч

 

 

 

БЕЛАРУСКАЯ МОВА

(прафесійная лексіка)

Вучэбны дапаможнік

 

Мінск 2003

УДК 80

ББК 81

К 90

 

Аўтар

У. І. Куліковіч, кандыдат філалагічных навук

 

Рэцэнзенты:

А. А. Радзевіч, старшы выкладчык кафедры сучаснай беларускай мовы Белдзяржуніверсітэта;

А. В. Шаршнёў, старшы выкладчык кафедры замежных моў
Інстытута кіравання і прадпрымальніцтва

 

Разгледжана і адобрана на пасяджэнні кафедры замежных моў
23 снежня 2002 г., пратакол № 8

 

Рэкамендаваны да выдання на пасяджэнні вучэбна-метадычнай камісіі
23 красавіка 2003 г., пратакол № 1

 

 

Куліковіч У. І.

К 90 Беларуская мова (прафесійная лексіка): Вучэб. дапам. для сту-
дэнтаў-завочнікаў Інстытута кіравання і прадпрымальніцтва. – Мн., Інстытут кіравання і прадпрымальніцтва, 2003. – 55 с.

 

У дапаможніку асвятляюцца асноўныя раздзелы курса «Беларуская мова: (прафесійная лексіка)», «Мова і соцыум», «Гістарычныя этапы фармавання
і развіцця беларускай мовы», «Фанетычныя, граматычныя і сінтаксічныя асаблівасці беларускай мовы ў параўнанні з рускай мовай», «Беларуская тэрміналогія», «Структура і моўнае афармленне навуковага тэксту», «Асаблі-
васці афіцыйна-справавога стылю».

Прызначан для студэнтаў-завочнікаў Інстытута кіравання і прадпрымаль-
ніцтва.

 

УДК 80

ББК 81

ã У. І. Куліковіч, 2003

ã Інстытут кіравання і прадпрымальніцтва, 2003

З М Е С Т

Практычныя заняткі № 1. МОВА І СОЦЫУМ...................................... 5

1. Паняцце мовы.......................................................................... 5

2. Гіпотэзы паходжання мовы................................................... 7

3. Функцыі мовы ў грамадстве.................................................... 8

4. Мова і іншыя сродкі камунікацыі............................................ 9

5. Беларуская мова – нацыянальная мова беларускага народа. 10

6. Месца беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў............. 12

7. Беларуская літаратурная мова і яе нормы............................ 15

Практычныя заняткі № 2. БЕЛАРУСКАЯ МОВА Ў ПРАСТОРЫ І ЧАСЕ 16

1. Канцэпцыі паходжання і час фармавання беларускай мовы 16

2. Этапы развіцця беларускай мовы........................................... 16

Практычныя заняткі № 3. БІЛІНГВІЗМ. МОЎНАЯ ІНТЭРФЕРЭНЦЫЯ. ФАНЕТЫЧНАЯ, МАРФАЛАГІЧНАЯ, СІНТАКСІЧНАЯ СПЕЦЫФІКА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ 23

1. Сутнасць і асаблівасці білінгвізму........................................... 23

2. Моўная інтэрферэнцыя і яе віды............................................. 25

3. Спецыфічныя рысы беларускай мовы ў параўнанні з рускай. 25

Практычныя заняткі № 4. ЛЕКСІКАЛОГІЯ......................................... 28

1. Лексіка беларускай мовы з пункту погляду сфер яе выка-
рыстання..................................................................................
28

2. Тэрміны, наменклатурныя назвы, прафесіяналізмы................ 30

3. Гісторыя развіцця беларускай навуковай тэрміналогіі.......... 32

Практычныя заняткі № 5. ТЭРМІНАЛОГІЯ......................................... 36

1. Структурныя тыпы тэрмінаў................................................ 36

2. Спосабы ўтварэння тэрмінаў.................................................. 37

3. Асноўныя прыметы запазычаных тэрмінаў............................ 40

4. Асваенне запазычаных тэрмінаў.............................................. 41

Практычныя заняткі № 6. НАВУКОВЫ ТЭКСТ: СТРУКТУРА І МОЎНАЕ АФАРМЛЕННЕ ................................................................................................... 42

1. Кампазіцыйна-структурная арганізацыя навуковага тэксту....... 42

2. Спосабы выкладу інфармацыі................................................. 43

3. Асаблівасці тэкстаў навуковага стылю.................................. 43

4. Жанры навуковай літаратуры................................................ 44

Практычныя заняткі № 7. АФІЦЫЙНА-СПРАВАВЫ СТЫЛЬ................ 47

1. Асаблівасці афіцыйна-справавога стылю............................... 47

2. Жанры афіцыйна-справавога стылю ..................................... 50

Практычныя заняткі № 8. МОВА І КАМПАЗІЦЫЯ СПРАВАВЫХ ЛІСТОЎ 51

1. Бланкі, рэквізіты, фармуляр.................................................... 51

2. Група справавых лістоў па функцыянальнай прымеце: ліст-просьба, ліст-запытанне, ліст-запрашэнне, ліст-пацвяр-
джэнне......................................................................................
52

3. Класіфікацыя справавых лістоў паводле аспектаў................ 52

Пытанні да заліку.............................................................................. 54

Літаратура............................................................................................. 55

Практычныя заняткі № 1

МОВА І СОЦЫУМ

Пытанні:

1. Паняцце мовы.

2. Гіпотэзы паходжання мовы.

3. Функцыі мовы ў грамадстве.

4. Мова і іншыя сродкі камунікацыі.

5. Беларуская мова – нацыянальная мова беларускага народа.

6. Месца беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў.

7. Беларуская літаратурная мова і яе нормы.

 

1. Паняцце мовы

1. Мова належыць да так званых другасных сістэм. Яна існуе не сама па сабе, а ў грамадскай супольнасці, дзе яна і ўзнікла. Адначасова мова – адзін з фактараў самаарганізацыі грамадства і неад’емная адзнака такіх супольнасцей, як род, племя, народнасць, нацыя.

2. Мова існуе ў свядомасці членаў супольнасці, рэалізуецца ў пра-
цэсах маўлення і захоўваецца («кансервуецца») ў выніках гэтага маўлення
(у сказаным, напісаным). Таму лёс мовы залежыць ад кожнага з моўцаў.

3. З матэрыяльнага погляду мова, якая рэалізуецца ў маўленні, нічога не мае акрамя гукаў, якія камбінуюцца ў словы. За такімі камбінацыямі скрываецца велічэзны свет значэнняў – фанетычных, лексічных, грама-
тычных, стылістычных, а таксама адлюстраванне ведаў народа – носьбіта мовы – пра свет, яго структуру, стаўленне людзей да яго. «Мова народа – гэта яго дух, і дух народа – гэта яго мова» (В. фон Гумбальт). У ёй акуму-
люецца духоўная энергія народа. Яна з’яўляецца галоўнай адзнакаю і сім-
валам нацыі.

4. Праз мову мы пазнаем свет. Наіўна думаць, што кожны з нас успрымае свет «такім, як ён ёсць». На самай справе наша ўспрыняцце свету адбываецца праз прызму нашай мовы, паколькі ў кожнага народа «моўная карціна свету» свая, непаўторная. Найпрасцейшы прыклад: мы ў прыродзе чуем толькі тыя гукі, якія ёсць у нашай мове (ш-ш-ш, ку-ку, гаў-гаў, дзінь-дзінь, хрусь, хляп). У іншых народаў такія гукаперайманні могуць гучаць па-іншаму.

Увесь свет мы «расчляняем» і размяркоўваем так, як гэта вымушае нас рабіць структура нашай мовы, у якой зафіксавана дасведчанасць усіх папярэдніх пакаленняў. Таму знікненне якой-небудзь мовы – гэта неза-
менная страта, якая збядняе чалавецтва ў цэлым.

Мова – спосаб самапазнання народа, форма існавання надбудовы ва ўсіх яе праявах.

5. Мова – найважнейшы спосаб яднання людзей, спосаб выражэння і перадачы думак, пачуццяў, волевыяўленняў. У гэтай ролі чалавечая мова мае універсальны характар: ёю проста перадаць усё тое, што выражаецца, напрыклад, мімікай, дарожнымі знакамі і інш. Кожны ж з названых спосабаў яднання людзей не можа канкурыраваць з мовай.

6. Мова – спосаб фармавання, афармлення і існавання думкі: без называння няма думання, асэнсавання рэальнасці.

7. Мова – сістэма знакаў, матэрыяльных па сваёй прыродзе і сацы-
яльных са зместам і функцыямі. Кожны элемент мовы мае сваю значы-
масць паасобку і ва ўзаемасувязі з іншымі элементамі. Таму, калі мы ігнаруем хаця б адным элементам мовы, гэта негатыўна адбіваецца на мове ў цэлым.

8. Мова – з’ява грамадская. Яна развіваецца, жыве і функцыя-
нуе толькі ў грамадстве. Між мовай і грамадствам існуе ўзаемасувязь: не толькі гібель грамадства прыводзіць да гібелі мовы, але і пагібель мовы вядзе да знікнення грамадства, якое не зберагло сваю мову.

9. Формаю існавання мовы, сведчанннем яе жыццяздольнасці з’яў-
ляецца маўленне, г. зн. выкарыстанне мовы людзьмі ў камунікатыўных актах ва ўсіх сферах грамадскага і асабістага жыцця. Перастаючы быць спосабам яднання, мова становіцца мёртваю.

10. Галоўнымі кампанентамі мовы з’яўляюцца фанетыка, лексіка, граматыка.

11. Фанетыка – гэта гукі ды элементы, якія іх суправаджаюць: націск і інтанацыя. Фанетыку сваёй мовы чалавек павінен засвоіць на 100%. Гэта засваенне пачынаецца ў раннім дзяцінстве: мелодыку маўлення і іншыя інтанацыі дзіця засвойвае яшчэ ў стане эмбрыёна, гукатварэнне фармуецца ў асноўным да двух гадоў. Фанетычныя навыкі рэалізуюцца аўтама-
тычна, а таму засваенне фанетыкі іншай мовы ці вяртанне да роднай вымагае пэўных высілкаў.

12. Лексіка – гэта сукупнасць слоў мовы. Такая сукупнасць унутрана арганізавана, упарадкавана: словы аб’ядноўваюцца ў класы (часціны мовы), словаўтваральныя гнёзды, сінанімічныя рады, антанімічныя пары
і г. д.

Слоўнікавы склад розных моваў неаднолькавы. Найбагацейшы ён
у англійскай мове (каля паўтара мільёна слоў), мовы асобных плямёнаў
у джунглях Амазонкі не перавышаюць дзвюх тысяч слоў. Слоўнікавы склад беларускай мовы (зафіксаваны ў Тлумачальных слоўніках) пера-
вышае 100000 слоў.

Слоўнікавы склад – найбольш зменлівы кампанент мовы. Ён адлю-
строўвае жыццё народа і рэагуе на ўсе змены ў гэтым жыцці.

Слоўнікавы склад – найбольш адкрытая моўная падсістэма, сюды лёгка трапляюць словы з іншых моваў. Тут найвыразней адчуваецца чужа-
моўная экспансія, якая прыводзіць да «размывання» мовы. Чужыя словы цягнуць за сабой чужыя гукі, чужыя словаўтваральныя элементы, нават граматычныя формы.

Лічыцца нармальным, калі моўца валодае 1% паўназначных адзінак слоўніка мовы. Гэтага дастаткова, каб вольна размаўляць замежнаю моваю. Што датычыцца роднай мовы, то, відавочна, на такой колькасці запыняцца не варта.

13. Душою мовы, яе «алгебраю» з’яўляецца граматыка. Яна выяўляе нацыянальны характар мовы, яе своеасаблівасць. Граматыка – гэта сістэма правіл паяднання слоў у маўленні, іх змянення, што абумоўлена патрэбамі гэтага паяднання.

У адрозненне ад слоўніка, граматыка характарызуецца большай непранікальнасцю для іншамоўных уплываў. Аднак парушэнне грама-
тычнай будовы больш балюча адбіваецца на мове, чым пранікненне ў мову чужаземных слоў.

Граматычным ладам мовы дастаткова авалодаць на 50–90%, каб быць зразумелым. Граматыкай роднай мовы, зразумела, трэба авалодаць дасканала.

14. Мова – галоўны рухавік цывілізацыі, пры дапамозе якога біяла-
гічная істота ператвараецца ў сацыяльную, у члена пэўнай супольнасці. Мова бярэ пачатак у стварэнні чалавека.

15. Мова – генетычны код нацыі, які яднае мінулае з сучасным, праграмуе будучыню і забяспечвае быццё нацыі ў вечнасці.

 

2. Гіпотэзы паходжання мовы

Пытаннямі паходжання мовы са старажытных часоў займаюцца дзве галіны ведаў – філасофія і філалогія. Таму ў сучаснай навуцы існуюць як філасофскія, так і філалагічныя гіпотэзы паходжання мовы.

1. Лагасічная (логасная) тэорыя паходжання мовы. Яна належыць да старажытных філасофскіх канцэпцый. Сутнасць яе ў тым, што «слова» (мова) існавала да з’яўлення чалавека, ўвасабляла дух і валодала магічнай сілай. Менавіта «слова» было сродкам і энергіяй, якія стварылі свет з першаснага хаосу. З гэтага вынікае, што мова была першаасновай ўсяго на свеце. Параўнайце, як пра гэта гаворыцца ў Бібліі: «У пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог. Яно было спачатку ў Бога. Усё праз Яго пачало быць, і без Яго нічога не пачало быць, што пачало быць».

2. Тэорыя «грамадскай дамоўленасці». Яна з’явілася ў Еўропе
ў XVI ст. Паводле яе, не Божае «Слова-Логас», а сам чалавек, яго розум сталі асновай для навуковых адкрыццяў, стваральнай працы, у тым ліку
і ў галіне мовы. Менавіта грамадская дамоўленасць адрознівае чалавечае грамадства ад першабытнага статку. Але гэта тэорыя не тлумачыць, адкуль узялася мова, як чалавек авалодаў ёю.

3. Гукапераймальная гіпотэза. Паводле яе, мова ўзнікла са здоль-
насці чалавека пераймаць гукі навакольнага асяроддзя (шум ветру, крыкі звяроў, спеў птушак і інш.). Таму гукаперайманні (тыпу гаў-гаў, ку-ку,
кут-кудак, мяў-мяў) сталі асновай слоў-назваў чалавечай мовы.

4. Выклічнікавая гіпотэза. Згодна з ёй, штуршком да ўзнікнення мовы былі інстынктыўныя гукавыя комплексы накшталт ой-ой, ох, ха-ха
і інш. як рэакцыя на пэўныя вонкавыя раздражняльнікі (боль, гнеў, радасць і інш.).

5. Канцэпцыя Гумбальта. Згодна з гэтай канцэпцыяй, якая была прапанавана нямецкім філосафам і лінгвістам Вільгельмам фон Гумбаль-
там, «…стварэнне мовы абумоўлена ўнутранай патрэбай чалавецтва. Яна не толькі знешні сродак зносін людзей у грамадстве, але і закладзена ў пры-
родзе саміх людзей і неабходна для развіцця іх духоўных сіл і ўтварэння светапогляду». «Народ стварае сваю мову, – пісаў В. Гумбальт, – як зброю чалавечай дзейнасці».

6. Матэрыялістычна тэорыя («працоўная», або «сацыяльная»). Гэта канцэпцыя была распрацавана ў XIX ст. Паводле яе, мова ўзнікла як вынік сумеснай дзейнасці першабытных людзей. Гукавыя комплексы з’явіліся ў выніку неабходнасці ўзгадняць свае дзеянні для дасягнення сумесных вынікаў у працы.

 

3. Функцыі мовы ў грамадстве

Чалавек думае, адчувае, вырашае свае праблемы, «жывучы» ў мове. Пры дапамозе мовы людзі абменьваюцца інфармацыяй, наладжваюць кантакты, выказваюць адзін аднаму свае думкі, пачуцці. З яе дапамогай людзі ўсведамляюць і асэнсоўваюць свет, захоўваюць і перадаюць ад пакалення да пакалення набытыя веды і вопыт. Так універсальны характар мовы вызначае разнастайнасць яе функцый. У мовазнаўстве няма адзінага меркавання адносна функцый мовы, аднак большасцю даследчыкаў вылу-
чаюцца наступныя асноўныя, базавыя функцыі мовы:

1. Камунікатыўная /лац. сommunicatio – зносіны, сувязь/ – гэта зна-
чыць, што мова з’яўляецца найважнейшым сродкам узаемаадносін паміж людзьмі.

2. Пазнавальная (кагнітыўная) /лац. сognitio – пазнанне/, якая забяс-
печвае чалавеку магчымасць думаць і пазнаваць свет.

Успрыманне і асэнсаванне чалавекам рэчаіснасці апасродкавана мовай. Яна з'яўляецца як бы своеасаблівай прызмай, праз якую чалавек «бачыць» свет.

Камунікатыўная і пазнавальная функцыі мовы ўзаемазвязаныя. Сацы-
яльны характар жыцця народа, яго рознабаковая пазнавальная дзейнасць вымагаюць пастаяннага кантактавання людзей. Разам з тым самі моўныя зносіны людзей у адрозненне ад камунікацыі жывёл, – гэта інструмент пазнання. Вызначальную ролю як у дзейнасці асобы, так і грамадства выконвае інфармацыя, якая перадаецца менавіта ў працэсе моўнай каму-
нікацыі. Па сутнасці, уся гісторыя развіцця чалавецтва – гэта найперш гі-
сторыя моўных зносін.

На базе камунікатыўнай і пазнавальнай функцый мовы развіваюцца іншыя, больш прыватныя функцыі.

У складзе камунікатыўнай функцыі мовы вылучаюцца:

· фатычная /лац. fatum – выраз/ – функцыя наладжвання кантак-
таў, рэгулявання адносін паміж людзьмі;

· акумулятыўная – функцыя назапашвання, захавання традыцый, культуры, гісторыі, нацыянальнай свядомасці народа. Мова захоўвае спадчыну народа, звязвае продкаў і нашчадкаў.

У складзе пазнавальнай функцыі вылучаюцца:

· намінатыўная /лац. nominatio – называнне/ – гэта функцыя най-
мення прадметаў, з’яў рэчаіснасці. Пазнаючы свет, чалавек пастаянна сутыкаецца з неабходнасцю называць прадметы, з’явы, працэсы. Але называнне – гэта разам з тым працэс размежавання і атаясамлівання з’яў рэчаіснасці, ці інакш – працэс пазнання рэчаіснасці. Не выпадкова гаво-
раць: «Назваць – значыць зразумець».

· эмацыйная функцыя – гэта функцыя выражэння эмоцый, па-
чуццяў, настрою. Пазнавальная функцыя звязана з рознымі формамі псіхіч-
най дзейнасці чалавека, таму ў ёй вылучаюць эмацыйную функцыю, якая найбольш выразна выступае ў інтанацыі, выклічніках, розных формах мадальнасці, ацэначных суфіксах і інш., па сутнасці пранізвае ўсе ўзроўні мовы.

З камунікатыўнай і пазнавальнай функцыямі звязана эстэтычная, ці паэтычная функцыя, сутнасць якой заключаецца ў здольнасці мовы ўздзейнічаць на пачуцці і думкі чалавека не толькі зместам, але і самой вонкавай формай: гучаннем, адборам і спалучэннем слоў і г. д. Гэта функцыя праяўляецца ў імкненні да рытмічнасці, мілагучнасці, вобраз-
насці маўлення. Эстэтычная функцыя вызначае ролю слова ў стварэнні мастацкага вобразу, робіць слова «першаэлементам мастацкай літаратуры».

Для многіх моў свету ўласціва этнічная функцыя, калі мова высту-
пае прыкметай, сімвалам нацыі, сродкам этнічнай кансалідацыі. Асабліва выразна гэта функцыя праяўляецца ў сітуацыях, дзе існуе культурна-моўная асіміляцыя аднаго народа другім. Мова ў такім выпадку з’яўляецца фактарам еднасці /адраджэння/ этнасу. Народ імкнецца захаваць яе як сведчанне сваёй нацыянальна-гістарычнай адметнасці і культурна-духоў-
най самабытнасці.

Розныя функцыі мовы рэдка выступаюць у маўленні ў чыстым выглядзе. Як правіла, у працэсе камунікацыі яны спалучаюцца адна
з адной, бо зносіны звычайна патрабуюць выражэння не толькі думкі, але
і эмоцый, волі і г. д.

 

4. Мова і іншыя сродкі камунікацыі

Шафёры без слоў разумеюць дарожныя знакі, спартсмены – знакі, якія паказвае суддзя. Маці разумее немаўля па міміцы, усмешцы, плачы. Але чаму ўсе так радуюцца, калі асобныя гукі дзіця складае ў сваё першае слова?

Калі мы гаворым, што мова – асноўны, найважнейшы сродак зносін, то мяркуецца, што ёсць і менш важныя спосабы кантактавання. Сапраўды, людзі карыстаюцца і іншымі сродкамі зносін, напрыклад, жэстамі, рознымі штучнымі сігналамі, знакамі (матэматычныя, хімічныя, дарожнага руху, семафоры, сірэны, азбука Морзе і г. д.). Мова жэстаў як самастойная сістэма выкарыстоўваецца глуханямымі. Жэсты тут адпавядаюць выразам гукавой мовы. Аднак даная мова вельмі абмежаваная і бедная ў параўнанні з гукавой мовай. Жэсты могуць выкарыстоўвацца і як дадатковы несама-
стойны сродак зносін (суправаджаць выказванне, узмацняючы яго выраз-
насць). Своеасаблівымі сродкамі перадачы інфармацыі з'яўляюцца музыка і выяўленчае мастацтва. Аднак і гэтыя формы, нягледзячы на іх вялікія магчымасці, даволі «аднабаковыя» ў параўнанні з моваю. Ні музыка, ні выяўленчае мастацтва не выражаюць дакладных, расчлянёных паняццяў. Яны выклікаюць пэўныя вобразы ў свядомасці слухача ці гледача і, адпа-
ведна, пэўныя думкі, аднак гэтыя думкі могуць быць вельмі непадобнымі
ў розных людзей.

Ёсць і іншыя «экзатычныя сродкі» зносін, як, напрыклад, барабанная мова ў некаторых афрыканскіх народаў, з якой звязана шмат звычаяў
і абрадаў.

У старажытнасці на Усходзе, а ў сярэднія стагоддзі ў Заходняй Еўропе, была папулярнай мова кветак – умоўны спосаб выражаць розныя пачуцці і паняцці з дапамогай кветак. Сімвалічнае значэнне некаторых з іх дайшло і да нашага часу: фіялка – сімвал сціпласці; лілея – цнатлівасці; незабудка – памяці; астра – тугі; ружа – кахання (у старажытных грэкаў
і рымлян яна была сімвалам таямніцы).

У 60-я гады ХХ стагоддзя галандскі вучоны Ганс Фройдэнталь зрабіў спробу стварыць штучную мову – так званы «лінкос» (лінгва косміка – мова космасу) для перадачы пасланняў у космас. Сутнасць яе ў тым, што пры дапамозе сігналаў рознай даўжыні, якія нясуць пэўную матэматычную інфармацыю (а законы матэматыкі ўсюды аднолькавыя), можна наладзіць кантакт з іншапланецянамі.

Відавочна, што названыя сродкі зносін выступаюць як дапаможныя ў дачыненні да адзінага універсальнага сродку мовы слоў. Самі па сабе, без перакладу на мову, гэтыя сродкі не могуць перадаць думку. Іх функцы-
янаванне магчыма толькі на аснове мовы.

 

5. Беларуская мова – нацыянальная мова беларускага народа

Сродкам вусных і пісьмовых зносін паміж людзьмі пэўнай нацыі служыць нацыянальная мова. Складаецца яна ў адпаведны перыяд сацы-
яльнага і эканамічнага развіцця народа, у эпоху ўтварэння нацыі. Нацы-
янальная мова фарміруецца на аснове мовы народнасці і паводле якасці сваіх структурных адзінак не мае прынцыповых адрозненняў ад мовы народнасці, таму што наследуе яе лексіку, фанетыку і граматыку. Розніца выяўляецца ў тым, што нацыянальная мова мае больш багаты слоўнік
і больш дасканалы граматычны лад.

Станаўленне і функцыянаванне нацыянальнай мовы суправаджаецца ўмацаваннем моўнага адзінства народа. У грамадстве выпрацоўваюцца адзіныя моўныя нормы, абавязковыя для ўсіх яе носьбітаў, адбываецца паступовае сціранне дыялектных асаблівасцей у мове жыхароў розных рэгіёнаў. Такім чынам, нацыянальная мова – паняцце гістарычнае.

Беларуская нацыянальная мова пачала фарміравацца ў першай па-
лове ХІХ стагоддзя, а станаўленне яе завяршылася ў 20-я гады ХХ ста-
годдзя разам з фарміраваннем беларускай нацыі. Адметнай рысай бела-
рускай нацыянальнай мовы можна лічыць яе агульнанароднасць, таму што яна ўключае ў сябе мясцовыя гаворкі і літаратурную мову, якія аб’ядноў-
ваюцца агульнасцю асноўнага слоўніка, граматычнай і фанетычнай сістэм.

Духоўная самабытнасць кожнага народа выяўляецца ў родным слове. Беларуская мова – гэта «вопратка» душы беларусаў, адметная форма нашай культуры, якую народ павінен шанаваць і берагчы, каб не адысці
ў нябыт як непаўторны этнас.

Адносіны да духоўнай спадчыны свайго народа, да мовы продкаў выяўляюць агульную культуру і грамадзянскую годнасць чалавека. І хоць стала так, што беларуская мова нячаста гучыць на гарадскіх і нават вясковых вуліцах, на працоўных сходах і афіцыйных нарадах, у навуковых і навучальных установах, нават у школах, але большасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь усё ж такі лічыць беларускую мову сваёй роднай мовай.

Беларускія песні гучаць і на вяселлях, і на радзінах, і на народных святах, і проста за бяседным сталом. Казкі пра Вярнідуба, Іванку Прас-
тачка, Праўду і Крыўду, Шчасце і Долю, легенды пра дасціпнага Несцерку вучаць дзяцей дабрыні, кемлівасці, вернасці роднай зямлі. Беларускае слова гучыць па радыё і тэлебачанні, са сцэны тэатра і эстрады. На бела-
рускай мове выходзяць часопісы і газеты, выдаюцца творы мастацкай літаратуры. Майстры беларускага слова Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Іван Мележ, Васіль Быкаў, Іван Навуменка, Ніл Гілевіч
і іншыя заслужылі прызнанне ў нашай краіне і за яе межамі.

З набыццём статуса дзяржаўнай беларуская мова пачала займаць належнае месца ў афіцыйна-справавой і навуковай сферах нашага жыцця. Мова беларускай мастацкай літаратуры і публіцыстыкі становіцца ўзорам для іншых стыляў, якія адраджаюцца і складваюцца на сваёй, нацыяналь-
най аснове.

Адраджэнне беларускай культуры – складаны і шматгранны працэс, у аснове якога ляжыць пашана да роднай мовы як галоўнай духоўнай спадчыны народа з усімі яе, на першы погляд, нават нязначнымі, нацы-
янальнымі асаблівасцямі.

6. Месца беларускай мовы сярод іншых моў

На зямным шары ў канцы XX стагоддзя (паводле даных 1983 г.) пражывала каля 1 тысячы розных народаў. Агульная ж колькасць моваў i дыялектаў, якiя выкарыстоўвалiся i выкарыстоўваюцца людзьмi, значна большая – каля 30 тысяч. Cярод iх толькi каля 180 моваў з'яўляюцца род-
нымi прыкладна для чатырох мiльярдаў жыхароў зямлi. Але нягледзячы на колькасныя суадносiны носьбiтаў той цi iншай мовы, за кожнай з iх свой незвычайны, непаўторны i адметны свет зносiн, гiсторыя, культура, трады-
цыi, думкi i пачуццi пэўнага народа.

Беларуская мова – не выключэнне. Паводле дадзеных перапiсу насель-
нiцтва Беларусi (1989 г.) з 10-мiльённага беларускага народа беларускую мову лiчаць роднай 7 млн. 905 тыс. чалавек. Нямала беларусаў жыве i ў iншых краiнах: 2 млн. – у iншых дзяржавах былога СССР, каля 300 тыс. –
у Польшчы, звыш 100 тыс. – у Iзраiлi, 10 тыс. – у Канадзе, 20 тыс. – у ЗША, 5 тыс. – у Аргенцiне.

Беларуская мова належыць да славянскай групы моў, якая дзеліцца на тры падгрупы:

§ усходнеславянская падгрупа (беларуская, руская, украінская мовы);

§ заходнеславянская падгрупа (польская, чэшская, славацкая, верхнялужыцкая, ніжнялужыцкая, кашубская мовы);

§ паўднёваславянская падгрупа (сербска-харвацкая, балгарская, славенская, македонская мовы).

Гэтыя падгрупы склаліся гістарычна. Назвы «усходне-, заходне-, паўднёваславянскія мовы» адпавядаюць геаграфічнаму размяшчэнню сла-
вян. І хаця ва ўсходнеславянскую падгрупу ўваходзяць усяго тры мовы, але па колькасці насельніцтва, якое размаўляе на гэтых мовах, яна самая вялікая.

Блізкасць славянскіх моў тлумачыцца ў першую чаргу тым, што ў пэўны перыяд продкі сучасных славянскіх народаў жылі разам на параў-
нальна невялікай тэрыторыі, так званай прарадзіме славян. Зразумела, што ў той час сувязь паміж імі была цяснейшая, а падабенства, у тым ліку
і моўнае, было значна большым, чым цяпер. Сляды былой блізкасці прод-
каў славян захоўваюцца ў сучасных мовах і дыялектах. Адносна вызна-
чэння месца моўных продкаў беларусаў існуе некалькі поглядаў.

Адны даследчыкі лічаць (А.Шахматаў), што продкі беларусаў на пэўным этапе развіцця славянскай моўнай супольнасці займалі прамеж-
кавае становішча паміж продкамі рускіх і ўкраінцаў і прадстаўнікамі заходнеславянскіх народаў, разам з якімі яны перажылі шэраг агульных моўных працэсаў, сярод іх найважнейшымі лічацца дзеканне – цеканне
і страта [р’].

Іншыя сцвярджаюць (П.Бузук), што і ў старажытнасці мова продкаў беларусаў займала цэнтральнае становішча ў славянскім свеце, пра што сведчаць шматлікія ізаглосы, якія звязваюць пераважна з усходнімі і за-
ходнімі славянамі (поўнагалоссе, аканне, яканне, дзеканне, цеканне, падаў-
жэнне зычных у спалучэнні з j
і інш.)

На падставе лексічных фактаў А.Трубачоў меркаваў, што ў межах праславянскай моўнай прасторы продкі беларусаў разам з украінцамі
і паўднёварусамі былі бліжэй да прадстаўнікоў дыялектаў, на базе якіх пазней фарміравалася ніжнялужыцкая, сербска-харвацкая і славенская мо-
вы. Звяртаецца ўвага на спецыфічныя тыпалагічныя сувязі беларускай мовы з сербска-харвацкай у будове склада і інш.

Незалежна ад гэтых меркаванняў у сучаснай славістыцы ўсё больш пачынае пераважаць думка аб складаным паходжанні ўсіх сучасных славянскіх моў, у тым ліку і беларускай, моўныя продкі якой маглі нале-
жаць да розных дыялектных груповак праславянскага перыяду. У сувязі
з гэтым падвяргаецца сумненню даволі распаўсюджаны тэзіс аб поўным зыходным дыялектным адзінстве ўсходніх славян і тэорыя так званай агульнай калыскі ўсіх усходнеславянскіх моў.

Асобную праблему складае высвятленне месца беларускай літара-
турнай мовы сярод літаратурных моў іншых славянскіх народаў.

Паводле М. Трубяцкога, у развіцці славянскіх літаратурных моў заў-
важаюцца дзве традыцыі: царкоўнаславянская і чэшска-польская. Сувязь паміж мовамі, якія належаць да першай традыцыі, ёсць сувязь па пераем-
насці, гэта значыць, гістарычна тыповым прадстаўніком гэтай традыцыі з’яўляецца руская літаратурная мова, якая засвоіла на працягу ўсёй сваёй гісторыі значную колькасць рыс першай літаратурнай мовы славян – стараславянскай (царкоўнаславянскай). Сюды ж прымыкае і балгарская літаратурная мова, якая часткова непасрэдна працягвае пэўныя асаблівасці царкоўнаславянскай літаратурнай традыцыі, а часткова атрымала іх праз рускую літаратурную мову ў больш позні час. Для літаратурных моў чэшска-польскай традыцыі, куды ўключаюцца чэшская, польская, славац-
кая, лужыцкая і ў пэўных адносінах украінская мовы, рашальнае значэнне мае ўплыў суседніх літаратурных моў у перадачы гэтай традыцыі. Што датычыцца сучаснай літаратурнай беларускай мовы, то заключны этап яе фарміравання ў пачатку нашага стагоддзя выяўляе выразнае тыпалагічнае падабенства з тэрытарыяльна далёкімі ад яе сербска-харвацкай і македон-
скай літаратурнымі мовамі. Аснову чэшска-польскай традыцыі складае апора на жывую народную мову, фанетычны правапіс («Пішы, як гаво-
рыш, чытай, як напісана»),
шырокая лексічная база і некаторыя іншыя рысы. Яе характарызуе таксама свядомы, як у сербска-харвацкай, ці гіста-
рычна абумоўлены, як у беларускай і македонскай, разрыў з папярэдняй пісьмовай традыцыяй.

Неабходна адзначыць, што ў развіцці пісьменства ў Беларусі назі-
ралася ўздзеянне і царкоўнаславянскай, і чэшска-польскай традыцый. Мова перакладаў Францыска Скарыны, адносна характару якой вядуцца да гэтага часу спрэчкі (беларуская ці царкоўнаславянская з элементамі беларускай?), фактычна была спробай стварэння беларускай літаратурнай мовы ў рэчышчы царкоўнаславянскай традыцыі, а старабеларуская літара-
турная мова часоў Вялікага Княства Літоўскага несумненна развівалася пад значным уплывам чэшска-польскай літаратурнай традыцыі.

Але абедзве названыя традыцыі не атрымалі працягу на Беларусі, што было звязана з гістарычнымі ўмовамі яе развіцця, і новая беларуская літаратурная мова ўзнікла пасля пэўнага перапынку ў пісьмовай традыцыі на базе народных гаворак. Зразумела, што пры гэтым назіраўся моцны ўплыў таксама з боку суседніх літаратурных моў, у першую чаргу – рус-
кай, польскай, а на заключным этапе фармавання – і ўкраінскай, што пэўным чынам «згладзіла» праяўленне названай традыцыі.

Схематычна месца беларускай мовы ў індаеўрапейскай сям’і моў можна паказаць наступным чынам:

 

 
 

 


Групы Падгрупы Мовы
1. Германская (колькасць гаворачых каля 600 млн. чал.) паўночная шведская, дацкая, нарвежская, ісландская, фарэрская
заходняя англійская, нямецкая, нідэрландская, люксембургская, фрызская, ідыш
усходняя мёртвыя мовы (гоцкая, бургун- дская, вандальская і інш.)
2. Раманская (колькасць гаворачых каля 600 млн. чал.) Іспанская, галісійская, партугальская, каталанская, французская, італьянская, румынская, малдаўская і інш., мёртвая – лацінская.
3. Кельцкая (колькасць гаворачых каля 1 млн. чал.)   Ірландская, гэльская, валійская, брэтонская і інш.
4. Балтыйская Літоўская, латышская, мёртвыя – пруская, яцвяжская.
5. Іранская (колькасць гаворачых каля 83млн. чал.) заходняя курдская, белуджская, талышская, таджыкская, персідская, хазара і інш.
усходняя асецінская, ягнобская,афганская (пашто) і інш.
6. Індыйская (колькасць гаворачых каля 780 млн. чал.) хіндзі, урду, бенгалі, панджабі, сіндхі, сіндгальская, непалі, цыганская і інш., мёртвыя – ведыйская, санскрыт.
7. Анаталійская вымерлая група
8. Тахарская тахарская А, тахарская Б (мёртвыя)
9. Грэчаская (колькасць гаворачых каля 12,2 млн. чал.)   Грэчаская
10. Італійская Мёртвыя мовы
11. Армянская (колькасць гаворачых звыш 6 млн. чал.) армянская
12. Фрыгійская фрыгійская (мёртвая)
Працяг табліцы
Групы Падгрупы Мовы
13. Фракійская фракійская (мёртвая)
14. Албанская (колькасць гаворачых каля 3 млн. чал)   албанская
15. Венецкая венецкая (мёртвая)
16. Славянская (колькасць гаворачых каля 300 млн. чал) усходняя беларуская, руская, украінская
заходняя чэшская, славацкая, польская, серба- лужыцкая, палабская (мёртвая)
паўднёвая балгарская, сербская, харвацкая, славенская, македонская, старасла- вянская (мёртвая)
           

 

7. Беларуская літаратурная мова і яе нормы

Беларуская літаратурная мова – асноўная, вышэйшая форма нацы-
янальнай мовы. Яна апрацоўвалася і творча ўзбагачалася многімі пака-
леннямі пісьменнікаў, дзеячаў культуры і вучоных. Літаратурная мова ўжываецца ў розных сферах жыцця і дзейнасці беларускага народа, і гэта абумовіла выпрацоўку ў ёй разгалінаванай сістэмы функцыянальных стыляў.

Адна з істотных прымет літаратурнай мовы – яе ўнармаванасць. Моўная норма – сукупнасць найбольш устойлівых, традыцыйных элемен-
таў мовы, гістарычна адабраных і замацаваных грамадскай моўнай прак-
тыкай у якасці агульнапрынятых правілаў
. Моўная норма – катэгорыя гістарычная, адносна ўстойлівая і адначасова зменлівая.

Беларуская літаратурная мова, як і іншыя мовы, мае свае нормы:

§ акцэнталагічныя нормы – правільная пастаноўка націску;

§ арфаграфічныя нормы – правільнае напісанне слоў;

§ арфаэпічныя нормы – правільнае вымаўленне гукаў і іх спалу-
чэнняў;

§ лексічныя нормы – правільны выбар слова і дарэчнасць яго прымянення ў агульнавядомым значэнні і агульнапрынятых спалучэннях;

§ марфалагічныя нормы – правільнае выкарыстанне форм слоў;

§ пунктуацыйныя нормы – правільная пастаноўка знакаў пры-
пынку;

§ сінтаксічныя нормы – правільная пабудова словазлучэнняў, ска-
заў, тэкстаў;

§ словаўтваральныя нормы – правільнае ўтварэнне новых слоў
у адпаведнасці з законамі мовы;

§ стылістычныя нормы – выкарыстанне моўных сродкаў у адпа-
веднасці з пэўным стылем.

Моўныя нормы адлюстроўваюць самыя характэрныя рысы нашай мовы і з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх, хто карыстаецца ёю. Дзякуючы нормам дасягаецца адзінства мовы, разуменне паміж людзьмі ў працэсе моўных зносін.

Практычныя заняткі № 2

БЕЛАРУСКАЯ МОВА Ў ПРАСТОРЫ І ЧАСЕ

 

Пытанні:

1. Канцэпцыі паходжання і час фармавання беларускай мовы.

2. Этапы развіцця беларускай мовы.

 

1. Канцэпцыі паходжання і час фармавання беларускай мовы

Пытанне аб тым, якая мова стала зыходнай базай для фармавання беларускай мовы, вырашаецца ў сучаснай лінгвістыцы неадназначна.

І канцэпцыя. Зыходнай базай для ўтварэння кожнай з трох усходнеславянскіх моваў (у тым ліку і беларускай мовы) стала літара-
турная мова ўсходніх славян перыяду ХІ–ХІV ст., якая даследчыкамі называецца па-рознаму: «стараруская літаратурная мова» (А. І. Жураў-
скі), «старажытнаруская літаратурная мова» (Л. М. Шакун), «агульна-
ўсходнеславянская», «усходнеславянская»
(Ф. М. Янкоўскі). Лічыцца, што менавіта ў гэты перыяд тэксты на старажытнарускай літаратурнай мове паступова насычаюцца мясцовымі моўнымі рысамі. Гэту канцэпцыю падтрымліваюць многія як у Беларусі, так і за яе межамі.

ІІ канцэпцыя. Зыходнай базай для ўтварэння беларускай мовы паслужыла мова праславянская, г. зн. мова, якую прынята лічыць мовай старажытных славянскіх плямёнаў, на базе якой пасля яе распаду (VІ–
VІІ ст.) і ўзніклі асобныя славянскія мовы. Прыхільнікі гэтай канцэпцыі (Я. Станкевіч, І. Ласкоў, В. Вячорка і інш.) лічаць, што прамежкавай пары паміж беларускай і праславянскай мовай не было. Літаратурная ж мова усходніх славян ХІ–ХІV ст., на думку гэтых і іншых даследчыкаў, – гэта стараславянская, дакладней царкоўнаславянская мова – мова Бібліі.

Няма адзінага погляду сярод навукоўцаў і на час фармавання бела-
рускай літаратурнай мовы. А. І. Жураўскі лічыць, што сцвярджаць пра самастойную літаратурную мову са сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі
і лексічнымі адзнакамі можна з сярэдзіны XV ст. Л. М. Шакун пачатак гісторыі беларускай літаратурнай мовы вызначыў у дыяпазоне ад XIII–
XV cт. Рускі гісторык мовы Б. А. Ларын адносіць утварэнне беларускай літаратурнай мовы (як і ўкраінскай) да пачатку XVI ст.

 

2. Этапы развіцця беларускай мовы

У гісторыі беларускай літаратурнай мовы вылучаюцца два асноўныя перыяды: старабеларускі і новы (сучасны).

I. Храналагічныя рамкі старабеларускага перыяду большасцю даследчыкаў вызначаюцца ад XI ст. да XVIII ст. уключна. Унутры яго выдзяляюцца ІІІ этапы.

Пачаткам пісьмовага перыяду ў мастацкай славеснасці будучых усходнеславянскіх народнасцей і нацый (беларусаў, рускіх, украінцаў) стала X ст. – час далучэння славян да хрысціянскай цывілізацыі. На гэтым этапе былі створаны такія выдатныя творы, як «Слова аб палку Ігаравым», летапіс «Аповесць мінулых гадоў».

ХІ–ХІІІ ст. Гэта быў першы этап фармавання беларускай мовы. Даследчыкі адзначаюць, што на працягу гэтых стагоддзяў асноўныя рысы беларускай моўнай сістэмы (напрыклад, аканне, дзеканне, цеканне, зацвярдзенне зычных і інш.) акрэсліліся дастаткова выразна. З арыгі-
нальных твораў гэтай эпохі дайшлі творы епіскапа Кірылы Тураўскага (словы, казанні, павучанні, малітвы), пісьменнікаў-асветнікаў Клімента Смаляціча і Аўраама Смаленскага. У ХІІ ст. з’явілася «Жыціе Ефрасінні Полацкай» – адзін з першых твораў, напісаных на тэрыторыі Беларусі, у якім апісваецца жыццё і дзейнасць унучкі Усяслава Чарадзея, выдатнай асветніцы і патрыёткі Ефрасінні Полацкай. Да нашага часу захаваліся пераважна помнікі пісьменасці ХІІІ ст.: шматлікія гандлёвыя дагаворы, надпісы на прадметах матэрыяльнай культуры, разнастайныя граматы, знойдзеныя ў Віцебску, Смаленску, Мсціславе.

XIV–XVI ст. На гэтым этапе ў складзе Вялікага Княства Літоў-
скага канчаткова аформілася беларуская народнасць і яе мова, якую пры-
нята называць «старабеларуская». У той час яна называлася «простая», «руская».

*Вялікае Княства Літоўскае ўзнікла як саюз усходнеславянскіх княстваў (Новагародскае, Полацкае, Пінска-Тураўскае, Берасцейскае
і інш.) у ХІІІ ст. У XIV–XVI ст. яно было адной з магутнейшых дзяржаў у тагачаснай Еўропе. Паводле сучаснай тэрміналогіі, у княстве жылі беларусы, украінцы, літоўцы, палякі, яўрэі, татары, што сведчыць пра шматэтнічны склад насельніцтва дзяржавы. Паводле веравызнання, яна была рознаканфесійная (тут жылі праваслаўныя, католікі, іудзеі, мусуль-
мане, пратэстанты, якія, акрамя ўсіх этнічных моў, выкарыстоўвалі лацінскую і стараславянскую мовы).

*Старабеларуская мова ў Вялікім Княстве Літоўскім з’яўлялася асноўнай літаратурна-пісьмовай мовай, г. зн. яна мела статус афіцыйнай, дзяржаўнай мовы, ужывалася ва ўсіх сферах грамадскага жыцця:

§ на ёй існавала багатая свецка-мастацкая літаратура, найбольш старажытным жанрам якой былі летапісы (агульнадзяржаўныя – «Летапіс вялікіх князёў літоўскіх», «Хроніка Быхаўца»; мясцовыя – Баркулабаўскі летапіс; мемуарныя творы («Гістарычныя запіскі» Ф. Еўлашоўскага); пе-
ракладныя воінскія і рыцарскія аповесці («Аповесць пра Трышчана», «Апо-
весць пра Баву»; арыгінальныя паэтычныя і празаічныя творы (узоры палітычнай сатыры «Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча»);

§ з сярэдзіны XVI ст. дзякуючы Ф. Скарыне на ёй былі надрукаваны тэксты Св. Пісання, крыху пазней на ёй створаны арыгінальны рэлігійны твор «Катэхізіс» С. Буднага.

§ у вялікакняжацкай канцылярыі на ёй ствараліся дакументы дзяржаўнага значэння, якія склалі гістарычны архіў, вядомы пад назвай Метрыка Вялікага Княства Літоўскага (Літоўская метрыка). Ён змяшчае больш за 600 тамоў дакументаў. Выдатным помнікам тагачаснага канцы-
лярска-юрыдычнага пісьменства з’яўляецца Статут Вялікага Княства Літоў-
скага, які меў тры рэдакцыі (1529 г., 1566 г., 1588 г.). На яго аснове былі створаны прававыя дакументы многіх суседніх дзяржаў, у прыватнасці, Прусіі, Польшчы, Расіі, Латвіі, Эстоніі і інш.;

§ на старабеларускай мове ўпершыню ў гісторыі ўсходніх славян (ХVІ ст.) з’явіліся друкаваныя кнігі. У гэты час працавалі такія вядомыя асветнікі, вучоныя, перакладчыкі, пісьменнікі, як Ф. Скарына, М. Гусоўскі, С. Будны, М. Сматрыцкі, С. Полацкі і інш.;

§ старабеларуская мова аказала значны ўплыў на іншыя мовы,
у прыватнасці на літаратурную мову рускай народнасці. Даследчыкі адзна-
чаюць, што многія словы з заходнееўрапейскіх моваў, перш траплялі
ў старабеларускую мову, асвойваліся ёю і толькі потым траплялі ў стара-
рускую, стараўкраінскую.

Усё гэта дае падставы вучоным называць XV–XVI ст. «залатым векам» у гісторыі беларускай культуры, літаратуры, мовы.

Канец XVI–XVIII ст. У выніку Люблінскай уніі 1569 г. бела-
рускія землі ўвайшлі ў феадальную федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалі-
тую. Паступова Вялікае Княства Літоўскае з раўнапраўнага суб’екта шматэтнічнай дзяржавы (Рэчы Паспалітай) ператварылася ў нацыянальна залежны край польскай каралеўскай улады, дзе з цягам часу было праведзена апалячванне і акаталічванне беларусаў. У 1696 г. Варшаўскі сейм прыняў пастанову, паводле якой пісаць дзелавыя дакументы трэба было толькі па-польску. З гэтага часу ўсё справаводства вядзецца толькі на польскай мове. Моцна тармазілі сацыяльнае, культурнае, духоўнае развіц-
цё беларускага народа і яго мовы безупынныя ваенныя сутычкі паміж Польшчай і Расіяй, якія вяліся пераважна на беларускіх землях. Усё гэта прывяло да поўнага заняпаду беларускай мовы, якая захоўваецца толькі ў фальклоры ды штодзённым ужытку, г. зн. працягвае развівацца пера-
важна народная гутарковая мова.

ІІ. Перыяд новай (нацыянальнай) беларускай літаратурнай мовы пачынаецца з ХІХ ст. Унутры яго таксама можна вылучыць некалькі важных этапаў.

ХІХ ст.У гэты перыяд адбываецца станаўленне нацыянальнай літаратурнай мовы, якое пачыналася ва ўмовах адсутнасці дзяржаўнасці. Рэч Паспалітая пасля трох падзелаў паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй ў 1795 г. перастала існаваць. Беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Гэта не зменшыла нацыянальнага прыгнёту беларускага народа.

§ На змену паланізацыі мясцовага насельніцтва прыйшла русіфі-
кацыі. Беларуская мова па-ранейшаму не дапускалася ў афіцыйны ўжытак.

§ У 1840 г. Мікалай І выдае загад аб увядзенні на Беларусі рускага заканадаўства і рускай мовы ва ўстановах. У гэтым жа годзе царскі ўрад забараняе назву «Беларусь». Замест яе выкарыстоўваецца назва «Северо-Западный край».

§ Як польскія, так і рускія вучоныя не прызнавалі існаванне беларускай мовы і імкнуліся кожны на свой лад даказаць, што беларусы як нацыя не існуюць.

§ У пачатку ХІХ ст. распачынаецца беларускае нацыянальнае Адраджэнне, ля вытокаў якога стаялі навукоўцы-беларусы, выхаваныя на традыцыях рускай і польскай культур: Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, І. Храпавіцкі і інш. У другой палове ХІХ ст. да іх далучыліся К. Каліноўскі, Ф. Багушэвіч, А. Гурыновіч, Я. Лучына і інш. Іх творчасць, іх погляды на беларусаў як на самабытную і самастойную нацыю прадвыз-
начылі пачатак новай беларускай нацыянальнай літаратурна-пісьмовай мовы, якая стваралася на іншай, чым старабеларуская, аснове – гутарковай, паколькі была страчана пераемнасць паміж старой і новай беларускай літаратурнай мовай.

§ Пры друкаванні беларускіх выданняў выкарыстоўвалася пераваж-
на лацінка. Гэтай графікай былі надрукаваны творы В. Дуніна-Марцін-
кевіча, Ф. Багушэвіча і інш. Толькі ў канцы ХІХ ст. лацінку пачынае выцясняць грамадзянскі шрыфт – тая графіка, якая выкарыстоўвалася
ў рускім кнігадрукаванні.

§ Адначасова з узнікненнем і развіццём арыгінальнай мастацкай літаратуры і публіцыстыкі на беларускай мове значны размах у гэты перыяд атрымала праца па збіранні лепшых узораў вуснай народнай творчасці (П. Бяссонаў, П. Шэйн, В. Дабравольскі, І. Насовіч, М. Федароў-
скі і інш.). Складзеныя гэтымі даследчыкамі зборнікі песень, прыказак
і прымавак стваралі магчымасць для шырокага знаёмства са слоўнікам
і фразеалогіяй народнай беларускай мовы і для глыбокага вывучэння яе асаблівасцей. Паяўляюцца ў гэты час і слоўнікі беларускай мовы (на-
прыклад, тлумачальны «Словарь белорусского наречия» І. Насовіча, у якім налічваецца 35 тысяч беларускіх слоў і зваротаў).

§ Праводзіцца і навукова-апісальніцкая работа па вывучэнні
і раскрыцці асаблівасцей жывой мовы беларускага народа (працы Я. Кар-
скага, І. Нядзёшава і інш.).

Першыя дзесяцігоддзі ХХ ст. Нашаніўскі перыяд.Пачатак ХХ ст. характарызаваўся актывізацыяй нацыянальна-вызваленчага руху, што прывяло да рэвалюцыйных падзей 1905–1907 гг. Гэта прымусіла царскі ўрад пайсці на некаторыя ўступкі ў нацыянальным пытанні. У 1905 г. быў прыняты закон аб свабодзе друку, які дазваляў друкаваць творы беларус-
кай літаратуры і пераклады на беларускую мову з іншых моў. Аднак беларуская мова па-ранейшаму забаранялася. Тым не менш літаратурнае жыццё ажыўлялася, разгортвалася кнігавыдавецкая дзейнасць.

§ У 1906 г. ў Пецярбургу было заснавана беларускае выдавецкае таварыства («суполка») «Загляне сонца і ў наша аконца», дзе былі выда-
дзены зборнік вершаў Я. Купалы, зборнік Ф. Багушэвіча і інш.; першыя падручнікі на роднай мове – чытанкі і лемантары (буквары): «Беларускі лемантар або Першая навука чытання» К. Каганца, «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі, «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я. Ко-
ласа.

§ З 1906 пачынаецца гісторыя беларускай легальнай прэсы.
У Вільні выдаецца спачатку газета «Наша доля» (забаронена пасля выхаду 6 нумара), а затым «Наша ніва» (выходзіла да 1915 г.). Менавіта вакол гэтай газеты згуртаваліся беларускія пісьменнікі, якія разам з рэдактарамі газеты рабілі першыя спробы нармалізацыі беларускай мовы.

§ Паводле падлікаў вучоных, у гэты перыяд (да Кастрычніцкай рэвалюцыі) выйшла 245 беларускіх выданняў, у той час як за ўсё ХІХ ст. толькі 75.

Да 1918 г. на Беларусі побач з букварамі, чытанкамі, слоўнікамі Я. Коласа, І. Насовіча, А. Пашкевіч (Цёткі) і інш. выйшлі пяць граматык беларускай мовы.

1. Abicht R., Stankewič J. prosty sposab stacca ŭ karotkim čaśe hramatnym. – Breslay: Buchhandlung Priebatsch, 1918. – 16 s.

2. Luckiewič Ant. jak prawilna pisać pa biełarusku. – Wilnia: Druk. M.Kuchty, 1917. – 16 s.

3. Luckiewič Ant. Stankewič J. Biełaruski prawapis. – Wilnia: Druk. M.Kuchty, 1918. – 32 s.

4. Тарашкевіч Б. Беларуская граматыка для школ. – Вільня: Выд-ва Бел. камітэту, 1918. – 76 с.

5. Pačobka B. Hramatyka biełaruskaj mowy. – Wilnia: Homan, 1918. – 36 s.

Найбольшы аўтарытэт сярод гэтых прац мела граматыка Б. Тарашке-
віча, якая была выдадзена паралельна кірылічнымі і лацінскімі літарамі. Даследчыкі паправу лічаць яе першай граматыкай сучаснай беларускай мовы, паколькі яна істотным чынам адрознівалася ад астатніх граматык
і найлепш адпавядала задачам нацыянальнага адраджэння беларускага на-
рода, сярод якіх асабліва важнымі былі – упарадкаваць выдавецкую справу і школьнае навучанне на роднай мове.

Неабходнасць стварэння беларускай граматыкі была выклікана шэрагам аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын.

1. Адсутнасць распрацовак па граматычных і правапісных нормах беларускай мовы. Даследаванні Я. Ф. Карскага, сабраныя ў трох кнігах 2-га тома манаграфіі «Беларусы» (Варшава, 1908–1912 гг.), прысвечаны апісан-
ню структуры жывой беларускай гаворкі (яе фанетыкі, марфалогіі, сінтак-
сісу).

2. Грамадска-палітычныя абставіны. Беларуская мова пасля Кастрыч-
ніцкай рэвалюцыі афіцыйна прызнаецца самастойнай мовай, набывае правы дзяржаўнай на тэрыторыі Беларусі.

3. Пашырэнне выдавецкай справы на беларускай мове. Практыка беларускага кнігадрукавання ўжо дазваляла даць адказ, якія рысы з’яў-
ляюцца найбольш тыповымі для беларускай мовы і патрабуюць замаца-
вання ў якасці літаратурных норм.

4. Непаслядоўнасці і разнабой у напісанні, што перашкаджала навучанню беларускай мове.

5. Пісьмо Я. Купалы (1913 г.), у якім паэт звярнуўся ад імя Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні да Б. Тарашкевіча – студэнта 3-га курса Пецярбургскага універсітэта, з прапановай стварыць граматыку беларускай мовы.

6. Рэкамендацыі і падтрымка акадэміка А. А. Шахматава, нямец-
кага прафесара-славіста Р. Абіхта, якіх Б. Тарашкевіч назваў «натхніце-
лямі ў працы».

Першае выданне граматыкі Б. Тарашкевіча выйшла пасля заканчэння ім універсітэта – у 1918 г. Усяго ж праца гэта выдавалася 7 разоў, апошні – у Мінску ў 1943 г. У 1991 г. выдавецтва «Народная асвета» ўзнавіла 5-е, значна перапрацаване і дапоўненае выданне (1929 г.) граматыкі факсі-
мільным спосабам.

Перадумовы прызнання.Граматыка Б.Тарашкевіча, як адзначаюць даследчыкі, задаволіла найбольш надзённыя патрабаванні выдавецкай
і школьнай практыкі, атрымала ўсеагульнае прызнанне і тым самым надала беларускай мове неабходную ўнармаванасць. Прычын таму некалькі.

1. Яна была першым выданнем, пабудаваным на фактычным матэ-
рыяле жывой беларускай народнай гаворкі, беларускіх дарэвалюцыйных выданняў і навуковых прац па беларускай мове.

2. Праца выконвалася пад непасрэдным кіраўніцтвам акадэмікаў А. А. Шахматава і Я. Ф. Карскага, якія аказалі вялікую дапамогу аўтару пры складанні граматыкі

3. Вылучалася прастатой (з арыентацыяй на вучня) і навуковасцю
ў падачы як тэарэтычнага, так і практычнага матэрыялу.

4. Дасканалая спецыяльная падрыхтоўка аўтара, выдатнае веданне ім беларускай мовы і многіх еўрапейскіх моў.

20-я гады ХХ ст.Гэты перыяд адметны тым, што беларуская мова набыла статус дзяржаўнай. Палітыка беларусізацыі, якая ажыццяўлялася ў Беларусі дазволіла ўпершыню стварыць беларускамоўныя падручнікі для школ па ўсіх прадметах, падрыхтаваць і выдаць шматлікія перакладныя
і галіновыя слоўнікі. У канцы 20-х гг. 90% літаратуры было беларускай. На беларускай мове працавалі ўрад і іншыя дзяржаўныя і грамадскія ўста-
новы. Яна стала мовай навукі і справаводства.

§ 1921 г. Прынята пастанова аб адкліканні работнікаў культуры (беларусаў) для працы ў Беларусі. Адкрыты Беларускі дзяржаўны уні-
версітэт (БДУ).

§ 1922 г. Ствараецца першая вялікая выдавецкая арганізацыя «Адраджэнне», якая пасля атрымала назву «Савецкая Беларусь». Аргані-
заваны Інбелкульт (Інстытут беларускай культуры), ператвораны пазней у Акадэмію Навук.

§ 1926 г. Прайшла міжнародная акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі.

30-я гады ХХ ст.Працэс беларусізацыі быў гвалтоўна спынены пасля ўсталявання сталінскага таталітарнага рэжыму. Вялікая колькасць нацыянальных дзеячаў культуры, якая прымала актыўны ўдзел у стварэнні духоўнага патэнцыялу нацыі, была рэпрэсіравана. Беларусізацыя кваліфі-
кавалася партыйнымі органамі як памылка, і беларуская мова паступова замянялася рускай мовай у дзяржаўных установах і інстытутах. Найбольш значнымі падзеямі гэтага перыяду сталі:

§ Пастанова Савета Народных Камісараў БССР «Аб зьменах
і спрашчэньні беларускага правапісу» (1933), у адпаведнасці з якой асоб-
ныя напісанні слоў у беларускай мове адпавядалі не столькі натуральным законам яе развіцця, колькі арыентаваліся на законы арфаграфіі рускай мовы. Так, напрыклад, у гэтай пастанове (п. 9) адзначалася наступнае: «Інтэрнацыянальныя рэвалюцыйныя словы не падпарадкоўваць агульнаму правілу аб аканьні. Пісаць: рэволюцыя, совет, большэвік, комуна, соцы-
ялізм, комунізм, пролетарый
».

§ Пастанова СНК і ЦК ВКП(б) «Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей» (1938). З гэтага часу і пачалося мэтанакіраванае выцясненне беларускай мовы са сферы навучальна-выхаваўчага працэсу ў школе.

40–80-я гады ХХ ст. Звужаюцца сферы выкарыстання беларускай мовы. На ёй ствараецца мастацкая літаратура, публіцыстыка, у пэўнай ступені яна выкарыстоўваецца ў гуманітарнай навуцы, адукацыі. Руская мова ўжо ў гэты перыяд са сродку міжнацыянальных зносін ператварылася ў дзяржаўную мову рэспублікі.

Канец 80-х гадоў – пачатак ХХІ ст. У канцы 80-х пачатку 90-х гадоў ХХ ст. распачалося адраджэнне беларускай мовы, абумоўленае працэсамі дэмакратызацыі грамадства, будаўніцтвам суверэннай дзяржавы.

§ 1990 г. У адпаведнасці з прынятым Вярхоўным Саветам Беларусі Законам аб мовах, беларускай мове быў нададзены статус дзяржаўнай, які прадугледжваў найперш аднаўленне яе ў сферы афіцыйна-справавога ўжытку і адукацыі. Гэта спрыяла пашырэнню функцый беларускай мовы ў сферы адукацыі.

§ 1995 г. Майскім рэферэндумам было ўзаконена беларуска-рускае дзвюхмоўе, што прывяло да звужэння сфер беларускай мовы. На жаль, яна пакуль не выкарыстоўваецца як дзяржаўная у жыцці рэспублікі, не з’яўляецца рэальным сродкам зносін нацыі.

Практычныя заняткі № 3

БІЛІНГВІЗМ. МОЎНАЯ ІНТЭРФЕРЭНЦЫЯ.

ФАНЕТЫЧНАЯ, МАРФАЛАГІЧНАЯ,







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.