Здавалка
Главная | Обратная связь

АФІЦЫЙНА-СПРАВАВЫ СТЫЛЬ



 

Пытанні:

1. Асаблівасці афіцыйна-справавога стылю.

2. Жанры афіцыйна-справавога стылю.

 

1. Асаблівасці афіцыйна-справавога стылю

Асноўная задача тэкстаў афіцыйна-справавога стылю – абслугоўваць прававыя адносіны паміж грамадзянамі і дзяржавай. Гэты стыль назы-
ваюць яшчэ адміністрацыйным, паколькі ён абслугоўвае сферу афіцый-
ных, справавых адносін, галіну права і дзяржаўнай палітыкі.

У беларускай мове названы стыль мае даўнюю гісторыю і багатыя традыцыі: на ім створана багатая літаратура. Дастаткова прыгадаць часы Вялікага Княства Літоўскага, калі беларуская мова была дзяржаўнай. Менавіта на ёй напісаны такія выдатныя справаздачна-заканадаўчыя дакументы, як Літоўскі статут (рэдакцыі 1529, 1566, 1588 гг.). На жаль, канец ХVII–ХІХ ст. былі неспрыяльнымі для беларускай мовы наогул і для справаводства ў прыватнасці: яно было выцеснена спярша польскім, потым рускім. Сучаснае беларускае справаводства, як адзначаюць даследчыкі, знаходзіцца ў стадыі станаўлення.

Асноўнымі асаблівасцямі афіцыйна-справавога стылю з’яўляюцца:

§ доказнасць (праяўляецца перш за ўсё ў наяўнасці дакладных, бясспрэчных фактаў, лічбавых паказчыкаў, у выкарыстанні стандартных фармулёвак, пазбаўленых двухсэнсоўнасці, паралельных сінтаксічных канструкцый, якія аблягчаюць успрыняцце тэксту);

§ аб`ектыўнасць і нейтральнасць выкладу фактаў (паколькі звязаны з прававымі нормамі жыцця грамадства);

§ інфармацыйнасць і ў той жа час кароткасць, якія падмацоў-
ваюцца наяўнасцю дадатковых неабходных звестак, што ідуць, напрыклад, як дадатак да афіцыйнага пісьма;

§ лагічнасць, яснасць, адсутнасць двухсэнсоўнасці, пераканаў-
часць, эканомія моўных сродкаў;

§ стандартнае размяшчэнне матэрыялу, нярэдкая абавязковасць формы;

§ адсутнасць эмоцый, наяўнасць своеасаблівага этыкету, які мае надзвычай важнае значэнне для афіцыйнай карэспандэнцыі, якая з’яўля-
ецца асноўным сродкам сувязі прадпрыемства, установы і г. д. з наваколь-
ным светам. Прадпрыемствы зацікаўлены ў сваёй прадукцыі, і таму часам рэзкі стыль афіцыйнага ліста шкодзіць партнёрскім адносінам.

Для афіцыйных лістоў характэрны спецыфічныя формулы этыкету. Напрыклад, клічнік пасля звароту падкрэслівае значнасць і афіцыйнасць пісьма: Паважаныя калегі! Выкарыстанне пабочных канструкцый са значэннем эмоцый пазбаўляе выклад катэгарычнасці. Параўн.: Мы выму-
шаны Вам адказаць. – На жаль, мы вымушаны Вам адказаць.

У адпаведнасці з этыкетам замест займенніка я выкарыстоўваюцца пасіўныя канструкцыі: Я выканаў – мною выканана. Рэдка ўжываецца займеннік ён. Параўн.: Да нас прыехаў коміваяжор. Ён раскажа нам пра сваю прадукцыю... – Да нас прыехаў коміваяжор. Коміваяжор раскажа нам пра сваю прадукцыю... Займеннік вы заўсёды выкарыстоўваецца са значэннем пашаны, павышанай увагі: Як вам ужо вядома, мы вельмі зацікаўлены ў вашай прадукцыі.

У сістэме моўных сродкаў афіцыйна-справавога стылю назіраюцца наступныя асаблівасці:

Лексічны ўзровень.

1. Словы ўжываюцца толькі ў прамым значэнні.

2. Шырокае выкарыстанне тэматычна абумоўленых спецыяльных слоў і тэрмінаў (юрыдычных, дыпламатычных, ваенных, бухгалтарскіх, спартыўных і г. д.): дыпламатычны корпус, вярыцельная грамата, раты-
фікацыя, пракурор, заканадаўства, касацыя
і г. д.;

3. Выкарыстанне абрэвіятур, складанаскарочаных найменняў дзяр-
жаўных органаў, устаноў, арганізацый, таварыстваў, партый, абумоўленае імкненнем да сцісласці: БелаПАН, Мінфін, Мінюст, Дзяржкамстат, АТН, АДСС (адзіная дзяржаўная сістэма справаводства), БНФ і інш.;

4. Адсутнасць экспрэсіўных моўных сродкаў;

5. Наяўнасць функцыянальна абумоўленых лексічных паўтораў, якія дапамагаюць пазбегнуць няправільных тлумачэнняў: (Устанаўленне, заме-
на і перагляд нормаў працы
ажыццяўляюцца наймальнікам з удзелам прафсаюзаў. Аб устанаўленні, замене і пераглядзе нормаў працы работнікі павінны быць азнаёмлены не пазней чым за адзін месяц.
);

6. Ужыванне слоў, не прынятых у іншых стылях: вышэйадзначаны, вышэйпамянёны, пакаральнасць, няліквіднасць і г. д. Да іх належаць так-
сама ўстойлівыя словазлучэнні: касацыйная скарга, акт непадпарад-
кавання, падпіска аб нявыездзе, мець значэнне, займаць пасаду
і інш.

Марфалагічны ўзровень.

1. Шырокае ўжыванне інфінітываў (упаўнаважыць дэлегацыю, за-
бяспечыць пастаянны кантроль, зацвердзіць палажэнне, прыняць прапа-
нову
). Даволі часта пры інфінітывах ужываюцца словы неабходна, абавязаны, мае права і пад.: Фінансаванне названага мерапрыемства неабходна здзейсніць за кошт сродкаў...;

2. Насычанасць сказаў аддзеяслоўнымі назоўнікамі з суфіксамі -нне-, -ццё-, з прэфіксам не-, ня-: выкананне, павелічэнне, развіццё, недагляд, нявыплата, недапрацоўка і інш.;

3. Частае выкарыстанне дзеясловаў цяперашняга часу ў значэнні сталага дзеяння, якое неабходна выконваць (Суб`екты прадпрымальніцкай дзейнасці, якія ўчынілі эканамічныя правапарушэнні, нясуць (= павінны несці) адказнасць на падставе актаў заканадаўства ...);

4. Шырокае ўжыванне назоўнікаў са зборным значэннем: дырэкцыя, адміністрацыя, кіраўніцтва, калегія, вучоны савет, камісія і пад.;

5. Выкарыстанне назоўнікаў – назваў людзей па роду дзейнасці: аўтар, пакупнік, кліент, заказчык і пад.;

6. Пашыранае функцыянаванне колькасна-іменных спалучэнняў: шэсць супрацоўнікаў, 10 кліентаў (нашага банка) і інш.;

7. Замест дзеясловаў ужыванне сінанімічных спалучэнняў назоўніка з дзеясловам: дапамагчы – аказаць дапамогу, праверыць – правесці праверку, адрамантаваць – выканаць рамонт;

8. Напісанне колькасных лічэбнікаў арабскімі лічбамі: Было забра-
кавана 25 машын;
парадкавыя лічэбнікі даюцца з абавязковым склонавым канчаткам: Выраб 3-га гатунка. Лічэбнік у табліцах, анкетах звычайна ставіцца пасля назоўніка: Колькасць штатных адзінак – 10.

Сінтаксічны ўзровень.

1. Галоўным прынцыпам канструявання сказаў з’яўляецца прамы парадак слоў;

2. Ужыванне пасіўных канструкцый: аплата працы ажыццяўляецца на аснове пагадзінных або месячных тарыфных ставак (акладаў);

3. Тэндэнцыя да ўжывання складаных сказаў у сувязі з тым, што патрабуецца асаблівая лагічнасць, паслядоўнасць і дакладнасць развіцця думкі;

4. Наяўнасць канструкцый са складанымі злучнікамі і адыменнымі прыназоўнікамі: у выніку таго што, дзякуючы таму што, нягледзячы на тое што, разам з тым, з мэтай, пры дапамозе, згодна з, у святле і інш;

5. Характэрна ўжыванне стандартных складаных сінтаксічных кан-
струкцый, клішэ. Пры неабходнасці выкарыстоўваюцца надрукаваныя бланкі і пэўныя формы, якія даюцца ў спецыяльных даведніках.

Памятайце!

На пісьме часам узнікаюць цяжкасці, звязаныя з дапасаваннем выказніка да дзейніка, выражанага колькасна-іменным спалучэннем.

Выказнік ставіцца ў адзіночным ліку, калі дзейнік выражаны:

1) спалучэннем колькаснага лічэбніка адзін з назоўнікам: У інсты-
тут быў прыняты 921 студэнт;

2) спалучэннем зборных лічэбнікаў з назоўнікам: Чацвёра нашых супрацоўнікаў паехала на стажыроўку ў Германію;

3) спалучэннем слоў тыпу большасць, меншасць, рад, шэраг, мноства, большая частка, меншая частка і пад. З назоўнікам роднага склону множнага ліку: Шэраг прапаноў праекта не падмацаваны разлі-
камі;

4) складам аднародных дзейнікаў, у састаў якога уваходзяць займеннікі кожны, увесь, ніякі і пад.: Кожны станок, кожны рухавік, кожны агрэгат быў узяты на ўлік.

 

2. Жанры афіцыйна-справавога стылю

У залежнасці ад сферы выкарыстання даследчыкі падзяляюць афіцыйна-справавы стыль на некаторыя падстылі:

1) дыпламатычны – рэалізуецца ў тэкстах камюніке, ноты, канвенцыі, мемарандума, міжнароднага пагаднення і інш.;

2) заканадаўчы (юрыдычны) – прадстаўлены ў тэкстах закону, канстытуцыі, указа, статута, грамадзянскіх і крымінальных актаў;

3) адміністрацыйна-канцылярскі – выкарыстоўваецца ў канцы-
лярскай перапісцы, у адміністрацыйных актах, дагаворах, рознай даку-
ментацыі (заявы, даверанасці, аўтабіяграфіі, распіскі, характарыстыкі, пратаколы і г. д.).

Усе дакументы можна падзяліць на чатыры групы:

§ распарадчыя дакументы (пастановы, распараджэнні, рашэнні, загады і інш.);

§ арганізацыйныя дакументы (статуты, палажэнні, інструкцыі);

§ арганізацыйна-распарадчыя дакументы (пратаколы);

§ інфармацыйна-даведачныя дакументы (даведкі, дакладныя
і тлумачальныя запіскі, зводкі, агляды, акты, лісты, тэлеграмы
і інш.).

Практычныя заняткі № 8

МОВА І КАМПАЗІЦЫЯ СПРАВАВЫХ ЛІСТОЎ

 

Пытанні:

1. Бланкі, рэквізіты, фармуляр.

2. Група справавых лістоў па функцыянальнай прымеце: ліст-просьба, ліст-запытанне, ліст-запрашэнне, ліст-пацвярджэнне.

3. Класіфікацыя справавых лістоў паводле аспектаў.

 

1. Бланкі, рэквізіты, фармуляр

Асаблівасць справавых лістоў ў тым, што яны пішуцца на спе-
цыяльных бланках, якія адпавядаюць стандарту і маюць пэўны парадак іх размяшчэння.

Бланкі бываюць двух відаў: агульныя і бланкі для лістоў.

Бланкі для лістоў маюць рэквізіт «Індэкс прадпрыемства сувязі, паштовы і тэлеграфны адрас, нумар рахунку ў банку», а таксама трафа-
рэтную частку рэквізіту «Спасылку на індэкс і дату ўваходнага даку-
мента»
.

На агульных бланках замест іх застаецца пустое месца, куды потым друкуюцца рэквізіты «Назва віду дакумента», «Месца складання ці вы-
дання»
.

Рэквізіты – гэта абавязковыя прыметы, устаноўленыя законам для асобных відаў дакументаў. Для справавых лістоў рэкамендуецца наступны набор рэквізітаў:

§ Дзяржаўны герб.

§ Эмблема арганізацыі.

§ Код арганізацыі па класіфікатару прадпрыемстваў і арганізацый.

§ Код дакумента па класіфікатару кіраўніцкай дакументацыі (ККД).

§ Назва міністэрства, структурнага падраздзялення, арганізацыі, установы (поўная і скарочаная).

§ Паштовы і тэлеграфны адрас.

§ Нумар тэлефона.

§ Нумар тэлефакса.

§ Нумар разліковага рахунку ў банку.

§ Дата падпісання дакумента (ставіцца ў левым верхнім вугле).

§ Індэкс дакумента (нумар ліста, яго ўмоўнае абазначэнне).

§ Адрасат (назва прадпрыемства і адрас атрымальніка ліста).

§ Загаловак да тэксту.

§ Тэкст.

§ Адзнакі пра наяўнасць дадаткаў.

§ Подпіс.

§ Адзнака пра накіраванне копій па іншых адрасах.

Сукупнасць рэквізітаў справавога ліста называецца фармулярам.

2. Група справавых лістоў па функцыянальнай прымеце:
ліст-просьба, ліст-запытанне, ліст-запрашэнне, ліст-пацвярджэнне

Па функцыянальнай прымеце справавыя лісты падзяляюцца на лісты, якія патрабуюць адказу (ліст-просьба, ліст-зварот, ліст-прапанова),
і лісты, якія не патрабуюць адказу (ліст-папярэджанне, ліст-напамін, ліст-запрашэнне).

Ліст-просьба– гэта ліст, у якім выражаецца просьба пра выкананне якога-небудзь дзеяння, атрыманне дакументацыі ці матэрыяльных каштоў-
насцей. Схема ліста-просьбы наступная:

1. Выклад прычыны, якая выклікала неабходнасць звярнуцца
з просьбай;

2. Выклад просьбы;

3. Чакаемы вынік у выпадку, калі просьба будзе задаволена;

4. Гатоўнасць да далейшага супрацоўніцтва.

Ліст-запытанне –гэта ліст, у якім змяшчаецца патрэбнае запытанне. Звычайна ён складаецца з дзвюх частак: 1) уводзіны, дзе выкладаецца сутнасць пытання; 2) заключэнне, дзе ставяцца тыя пытанні, на якія чакаюць адказу.

Ліст-запрашэнне –гэта ліст, у якім змяшчаецца запрашэнне, адраса-
ванае пэўнай асобе, канкрэтнай арганізацыі і г. д. Напрыклад:

Глыбокапаважаны (ая)................................................!

Аргкамітэт міжнароднай канферэнцыі «Новыя камп’ютарныя тэхналогіі» запрашае Вас прыняць удзел у рабоце канферэнцыі, якая адбудзецца 22 чэрвеня 2003 года ў корпусе Інстытута кіравання і прад-
прымальніцтва.

Ліст-пацвярджэнне– гэта ліст, у якім пацвярджаецца атрыманне дакументаў і матэрыялаў, тэлеграм і тэлефонных паведамленняў. Напрык-
лад:

... Пацвярджаем атрыманне запрошанай дакументацыі. Дзякуем за хуткае выкананне заказу.

 

3. Класіфікацыя справавых лістоў паводле аспектаў

Па прыкмеце спецыялізацыі лісты падзяляюцца на:

§ суправаджальныя (пішуцца пры адпраўцы пэўных дакументаў ці матэрыяльных каштоўнасцей. Складаюцца з дзвюх частак: 1) паведам-
ленне пра матэрыял, які высылаецца; 2) звесткі, якія маюць удакладняльны характар);

§ дагаворныя (пацвярджаюць факт адпраўкі пагадненняў).

Па зместу справавыя лісты падзяляюцца на:

§ аднааспектныя(заключаюць у сабе толькі адзін факт (аспект) – ліст-напамін, гарантыйны ліст);

§ шматаспектныя (заключаюць у сабе некалькі аспектаў, якія афармляюцца ў адпаведнасці з ДАСТам).

Па тэматычнай прымеце лісты падзяляюцца на:

§ справавыя(афармляюцца справавыя, эканамічныя, фінансавыя
і пад. адносіны);

§ камерцыйныя (змяшчаюць пытанні матэрыяльна-тэхнічнага за-
беспячэння і збыту). Яны маюць юрыдычную сілу, складаюцца ад імя юрыдычнай асобы пры заключэнні і выкананні пагаднення. Адрозніваюць тры віды камерцыйнай перапіскі:

а) ЗАПЫТ – АДКАЗ НА ЗАПЫТ;

б) ПРАПАНОВА – АДКАЗ НА ПРАПАНОВУ;

в) ПРЭТЭНЗІЯ – АДКАЗ НА ПРЭТЭНЗІЮ.

Асаблівасць камерцыйных адказаў-адмаўленняў у тым, што яны будуюцца па пэўнай схеме:

1. Паўтарэнне запыту (просьбы);

2. Прычыны, на аснове якіх запыт (просьба) не можа быць выканан або прапанова не прымаецца;

3. Канстатацыя адмаўлення ці непрыняцця прапановы. Напрыклад:

(Адказ на прэтэнзію)

Пацвярджаем атрыманне Вашай прэтэнзіі № ... ад ...

Прыносім свае прабачэнні за ... ... ... ... .

Паведамляем, што пераводзім на Ваш разліковы рахунак суму .... .

 

Пытанні да заліку

1. Паняцце мовы.

2. Гіпотэзы паходжання мовы.

3. Функцыі мовы ў грамадстве.

4. Мова і іншыя сродкі камунікацыі.

5. Беларуская мова – нацыянальная мова беларускага народа.

6. Месца беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў.

7. Беларуская літаратурная мова і яе нормы.

8. Канцэпцыі паходжання і час фармавання беларускай мовы.

9. Этапы развіцця беларускай мовы.

10. Дзяржаўны статус беларускай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім.

11. Сутнасць і асаблівасці білінгвізму.

12. Моўная інтэрферэнцыя і яе віды.

13. Спецыфічныя фанетычныя рысы беларускай мовы ў параўнанні
з рускай.

14. Спецыфічныя марфалагічныя рысы беларускай мовы ў параўнан-
ні з рускай.

15. Спецыфічныя сінтаксічныя рысы беларускай мовы ў параўнанні
з рускай.

16. Лексіка беларускай мовы з пункту погляду сфер яе выкарыстання.

17. Тэрміны, наменклатурныя назвы, прафесіяналізмы.

18. Гісторыя развіцця беларускай навуковай тэрміналогіі.

19. Структурныя тыпы тэрмінаў.

20. Спосабы ўтварэння тэрмінаў.

21. Асноўныя прыметы запазычаных тэрмінаў.

22. Асваенне запазычаных тэрмінаў.

23. Кампазіцыйна-структурная арганізацыя навуковага тэксту.

24. Спосабы выкладу інфармацыі ў навуковым тэксце.

25. Асаблівасці тэкстаў навуковага стылю.

26. Жанры навуковай літаратуры. Іх характарыстыка.

27. Асаблівасці афіцыйна-справавога стылю.

28. Жанры афіцыйна-справавога стылю.

29. Бланкі, рэквізіты, фармуляр.

30. Група справавых лістоў па функцыянальнай прымеце: ліст-просьба, ліст-запытанне, ліст-запрашэнне, ліст-пацвярджэнне.

31. Класіфікацыя справавых лістоў паводле аспектаў.

32. Патрабаванні да афармлення справавых лістоў.

 

 

Літаратура

1. Веселов П. В. Аксиома делового письма: культура делового общения и официальной переписки. – М., 1993. – 80 с.

2. Каўрус А. А. Дакумент па-беларуску. – Мн.: Беларусь, 1994. –
160 с.

3. Кашкуревич Л. Г. Речевой этикет и деловая переписка. – М., 1999. – 114 с.

4. Ляшчынская В. А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка: Вучэб. дапам. – Мн.: РІФШ БДУ, 2001. – 256 с.

5. Маршэўская В. В. Беларуская мова. Прафесійная лексіка. Практыкум: Вучэб дапам. – Гродна: ГрДУ, 2000. – 131 с.

6. Маршэўская В. В. Беларуская мова. Прафесійная лексіка ў сінтак-
січным і стылістычным аспектах: Вучэб дапам. – Гродна: ГрДУ, 2002. – 116 с.

7. Міхальчанка А. М., Давыдава Э. М. Дапаможнік па справаводству – Пособие по делопроизводству. – Мн.: Полымя, 1993. – 133 с.

8. Навуковы стыль мовы. Водгук, рэцэнзія, анатацыя, рэферат, дыпломная работа / Склад. Савіцкая Н. Я., Кузьміч В. А., Міксюк Р. В., Скорабагатая А. І., Швед Г. Ф. – Мн.: БДТУ, 1999. – 66 с.

9. Справаводства на беларускай мове / Склад. Савіцкая Н. Я. , Міксюк Р. В. – Мн., 1999. – 46 с.

10. Цікоцкі М. Я Стылістыка тэксту: Вучэб. дапам. для студэнтаў выш. навуч. устаноў філал. профілю. – Мн.: Бел. навука, 2002. – 223 с.

 

 

Вучэбнае выданне







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.