Здавалка
Главная | Обратная связь

Фальклорнага мыслення



ФАЛЬКЛАРЫСТЫКА

Дапаможныя матэрыялы

для студэнтаў 1 курса філалагічнага факультэта спецыяльнасцяў

1-21 05 01 «Беларуская філалогія», 1-21 05 02 «Руская філалогія»,

1-21 05 04 «Славянская філалогія»

 

 

Аўтары-складальнікі:

 

кандыдаты філалагічных навук, дацэнты

КАВАЛЁВА Рыма Мадэстаўна

ЛУК’ЯНАВА Таццяна Валер’еўна

МАРОЗАВА Таццяна Анатольеўна

ПРЫЕМКА Вольга Віктараўна

БДУ 2011

 

 

ЗМЕСТ

 

ПЛАН КУРСА «Фалькларыстыка»………………………………………..4

 

ДА РАЗДЗЕЛА «Спецыфіка фальклорнай творчасці»……………….6

Варыянт………………………………………………………………………6

Варыянтнасць…………………………………………………………….…..7

Варыятыўнасць……………………………………………………………....8

Вуснасць………………………………………………………………….…..9

 

ДА РАЗДЗЕЛА «Архаічны фальклор»………………………………....10

Архаічны фальклор……………………………………………………….....10

 

ДА РАЗДЗЕЛА «Агульныя міфалагічныя асновы

Фальклорнага мыслення

і вусна-паэтычнай творчасці славянскіх народаў»……………………12

Мифосфера и фольклор восточных славян………………………………...12

 

ДА РАЗДЗЕЛА «Рытуальна-магічная сфера:

Каляндарна-абрадавая паэзія»………………………………………..…19

Масленічныя песні……………………………………………………….….19

Велікодныя песні………………………………………………………..…...24

Ваджэнне Куста……………………………………………………………...24

Ваджэнне Маі………………………………………………………………..26

Майская абраднасць…………………………………………………………27

Стрылка……………………………………………………………………....28

Карагодныя песні (карагоды)…………………………………………….....29

 

ДА РАЗДЗЕЛА «Сфера сямейна-абрадавай паэзіі»…………………..36

Велічальныя песні…………………………………………………………...36

Галашэнні…………………………………………………………………….38

Пакрыванне…………………………………………………………………..38

Пасаг (прыданае)…………………………………………………………….40

 

ДА РАЗДЗЕЛА «Сфера празаічных эпічных жанраў: КАЗКІ»………42

Поэтический мир волшебных сказок………………………………………..42

 

ДА РАЗДЗЕЛА «Сфера празаічных эпічных жанраў:

няказкавая проза»……………………………47

Фальклорная няказкавая проза………………………………………………47

Дыскурсіўная проза…………………………………………………………..50

Вусная гісторыя……………………………………………………………….51

Наратыўная проза

Прымхліцы…………………………………………………………………….53

Бывальшчыны…………………………………………………………………54

Вусныя апавяданні……………………………………………………………55

Бываліцы……………………………………………………………………….57

Анекдоты……………………………………………………………………….57

Парэмійная проза…………………………………………………………….58

Прыказкі і прымаўкі…………………………………………………………..58

Загадкі………………………………………………………………………….59

Выслоўі ………………………………………………………………………..60

Прыкметы………………………………………………………………………61

Павер’і………………………………………………………………………….62

Тлумачэнні сноў……………………………………………………………….62

 

ДА РАЗДЗЕЛА «Баладныя песні»…………………………………………63

Баладныя песні (Балады)……………………………………………………….63

 

ДА РАЗДЗЕЛА «Сфера пазаабрадавай лірыкі»…………………………..67

Пазаабрадавыя песні……………………………………………………………67

Бытавыя песні…………………………………………………………………...67

Сацыяльныя песні……………………………………………………………….72

Жорсткі раманс………………………………………………………………….78

Жартоўна-гумарыстычныя і сатырычныя песні……………………………....79

Прыпеўкі…………………………………………………………………………82

Бяседныя песні…………………………………………………………………..88

 

ДА РАЗДЗЕЛА «Сфера дзіцячага фальклору»…………………………….88

Выкліканне………………………………………………………………………88

 

ДА РАЗДЗЕЛА «Сфера посткласічнага фальклору»…………………....90

Гарадскі фальклор………………………………………………………………90

 

ДА РАЗДЗЕЛА«Сфера постфальклору»…………………………………..92

Армейскі (салдацкі) фальклор…………………………………………………92

 

КАРОТКІ СЛОЎНІК

ФАЛЬКЛОРНА-ЭТНАГРАФІЧНЫХТЭРМІНАЎ…………………………..94

 

 

ПЛАН КУРСА «Фалькларыстыка»

1. Фалькларыстыка як навука аб народнай творчасці. Метады і прынцыпы вывучэння фальклору.

2. Агульная фалькларыстыка. Яе этнiчная маркiраванасць (славянская, усходнеславянская, руская, беларуская, украiнская i iнш.).

3. Фiлалагiчная фалькларыстыка. Асноўныя раздзелы. Аб’ект i прадмет вывучэння. Апорныя тэрмiны i паняццi.

4. Фалькларыстыка ў сістэме фiлалагiчных i грамадскiх навук.

5. Фальклор як адметны тып слоўнага мастацтва.

6. Спецыфіка фальклорнай творчасцi.

7. Фальклор як мастацкая сістэма.

8. Гістарычнае развіццё фальклору і прынцыпы яго перыядызацыі (архаiчны фальклор, раннетрадыцыйны праславянскi фальклор, класiчны фальклор, познетрадыцыйны фальклор, постфальклор).

9. Агульнаславянскае i адметнае ў нацыянальным фальклоры.

10. Нацыянальны фальклор – сiстэма агульнафальклорных i этнiчна адметных жанраў i вiдаў (жанравая сістэма і агульныя прынцыпы класіфікацыі).

11. Мiфасфера i нацыянальны фальклор.

12. Нацыянальны характар i фальклор.

13. Грамадская каштоўнасць нацыянальнага фальклору (пазнавальнае значэнне, выхаваўчы патэнцыял, эстэтычная каштоўнасць).

14. Гiсторыя збiрання i вывучэння нацыянальнага фальклору.

15. Рытуальна-магiчная сфера нацыянальнага фальклору (замовы, каляндарна-абрадавая і сямейна-абрадавая паэзiя).

16. Замовы (паходжанне, класіфікацыя, структура, формульнасць).

17. Зімовы цыкл каляндарна-абрадавай паэзіі славян.

18. Веснавы цыкл каляндарна-абрадавай паэзіі славян.

19. Летні цыкл каляндарна-абрадавай паэзіі славян.

20. Восеньскі цыкл каляндарна-абрадавай паэзіі славян.

21. Сфера сямейна-абрадавай паэзii славян.

22. Радзінна-хрэсьбiнная паэзія.

23. Пахавальная паэзiя. Асаблiвасцi хаўтурных галашэнняў.

24. Паэтычнае адлюстраванне гісторыі і абрадаў нацыянальнага вяселля.

25. Нацыянальныя вясельныя песні (склад, сістэма вобразаў, мастацкія асаблівасці).

26. Парэмiйная сфера нацыянальнага фальклору.

27. Выслоўі як маўленчы жанр народнай творчасці.

28. Прыказкі і прымаўкі (паходжанне, формы, функцыя, мастацкая прырода).

29. Загадкі (паходжанне, функцыя, віды, структура метафары).

30. Сфера празаiчных эпiчных жанраў. Сінтэтычныя віды фальклорнай прозы.

31. Анімалістычныя казкі.

32. Сюжэтыка, структура, формульнасць чарадзейна-фантастычных казак.

33. Мастацкі свет чарадзейных казак: гістарычныя карані, хранатоп, карціна свету, сістэма вобразаў і падзей.

34. Жанравыя разнавіднасці рэалістычных казак.

35. Склад няказкавай прозы славян: дыскурсіўная і наратыўная проза.

36. Дэманалагiчныя аповеды, iх жанравыя прыкметы.

37. Легендарныя аповеды. Тэматычна-функцыянальны склад.

38. Рэалістычныя аповеды славян – перыферыя жанравай сістэмы.

39. Смехавыя формы фальклорнай прозы. Анекдоты.

40. Сфера вершаваных эпiчных жанраў. Склад i асноўныя нацыянальныя рысы.

41. Гераiчны эпас славян. Склад, мастацкiя асаблiвасцi.

42. Гiстарычныя песнi славян. Асноўныя цыклы i тэматычныя групы.

43. Мiфалагiчныя песнi як лакальная з’ява нацыянальнага фальклору.

44. Гераiчныя песнi славян. Разнастайнасць мастацкiх форм.

45. Баладныя песні славян (склад, тэматыка, канфлікты, стылістыка).

46. Духоўныя вершы i псальмы. Прынцыпы класiфiкацыi, паэтыка.

47. Сфера пазаабрадавай лiрыкi. Яе паэтыка і месца ў культуры новага часу.

48. Песнi бытавога цыкла (склад, сістэма вобразаў, праблематыка, мастацкія асаблівасці).

49. Песнi сацыяльнага цыкла (склад, сістэма вобразаў, праблематыка, мастацкія асаблівасці).

50. Жартоўныя і сатырычныя песні славян.

51. Прыпеўкі як маргінальная з’ява народнай культуры.

52. Сфера народна-драматычнага мастацтва (фальклорны тэатр i народная драма).

53. Сфера дзiцячага фальклору (жанравы склад i прынцыпы класiфiкацыi).

54. Сфера посткласiчнага фальклору (познетрадыцыйны фальклор, гарадскi фальклор, рабочы фальклор).

55. Сфера постфальклору (вусная i письмовая форма бытавання,

56. Нацыянальная літаратура і фальклор.

 

ДА РАЗДЗЕЛА «Спецыфіка фальклорнай творчасці»

ВАРЫЯНТ

Варыянт (ад лац. variare – быць адрозным, мяняцца; varians (variantis) – які змяняецца) – адзінкавы (аднакратна выкананы, запісаны або іншым чынам зафіксаваны), адносна самастойны твор, які суадносіцца з колам падобных, выяўляючы сваю адметнасць у параўнанні з іншымі. Варыянты твора, асабліва песеннага, могуць быць вельмі блізкімі па пабудове, наяўнасці агульных месцаў – устойлівых вобразаў, сімвалаў, формул, азначэнняў, як, напрыклад, у купальскай песні, прадстаўленай у двух варыянтах:

Варыянт 1.

Купала на Йвана!

Дзе Йван ходзе, там жыта родзе.

Дзе Йванава жонка, там родзе пшонка.

Дзе Йванавы дзеці, люба паглядзеці.

 

Варыянт 2.

Ой, рана на Йвана!

На Івана сонца йграла,

Дзе Йван ходзе, там жыта родзе,

Дзе Йванавы дзеці, там жыта рэжы,

Дзе Йванава жонка, там жыта гонка.

Значна адрозніваюцца паміж сабой у плане слоўнага выражэння варыянты празаічных жанраў – казак, легенд і г. д. Напрыклад, легенда пра тое, чаму людзі перасталі прытрымлівацца старадаўняга звычаю пазбаўляцца ад старых бацькоў, выпраўляць іх з хаты на смерць, нават забіваць, існуе ў сукупнасці некалькіх варыянтаў, якія грунтуюцца на агульным сюжэце. У БНТ пад рознымі назвамі надрукаваны чатыры: «Як упярод хавалі людзей», «Стары бацька», «Лопаўшчына», «Трэба шкадаваць старых». Іх агульная гуманістычная ідэя наступная: бацькоў трэба шанаваць за тое, што яны проста бацькі, а не толькі за жыццёвы вопыт, мудрасць, слушныя парады.

Тэрмін «варыянт» ужываецца таксама ў дачыненні да асобных частак твора, элементаў зместу, вобраза, матыву і г. д., якія змяняюцца. Напрыклад, у розных варыянтах пры захаванні агульнага сэнсу падаецца як матывацыя ўчынку дзяцей, парушэння імі закону, у прыведзенай легендзе: «адзін сын дужа любіў свайго бацьку»; «шкада дзецям старэнькага бацьку»; «а адзін сваго бацька шкадаваў», «і сыны міласлівыя ў яго». Некалькі варыянтаў зачынаў мае баладная песня пра дачку-птушку: «Зялёна каліначка рана расцвіла», «У лузе каліначка жарка зацвіла», «Каліна-маліначка не парой цвіла» і інш. Яны выступаюць своеасаблівым эмацыянальна-псіхалагічным камертонам твора, акцэнтуючы ўвагу на сімволіцы колеру (зялёна – жарка) і часу (рана – не парой). Такім чынам, праз варыянт твора ажыццяўляецца ідэйна-мастацкая задума, удасканальваецца форма выражэння, дадаюцца новыя эмацыянальныя нюансы, паглыбляецца псіхалагічная характарыстыка персанажаў, аздабляецца новымі гранямі самакаштоўны паэтычны вобраз (ластаўка – ластаўка-белакрылка – ластаўка касатая; перапёлка-перапёлка, трасцяно гняздзечка, залато яечка). Варыянт – рэальная адзінка варыянтнай формы твораў (гл. варыянтнасць, варыятыўнасць).

 

ВАРЫЯНТНАСЦЬ

Варыянтнасць – форма рэалізацыі працэсу варыятыўнасці ў народным мастацтве і фальклоры, існаванне твора як невылічальнай сукупнасці яго раўнапраўных варыянтаў, больш-менш блізкіх адзін да аднаго па форме і змесце. Напрыклад, прыказкавыя варыянты «Які бацька, такі сын», «Які дуб (цялеш, явар), такі і клін, які бацька, такі і сын» і інш. грунтуюцца на агульным змесце «адно падобнае другому». Фальклорныя творы ніколі не мелі нейкага першаснага ўзорнага тэксту, які потым у працэсе жывога бытавання стаў вар’іравацца. Яны заяўлялі пра сябе толькі праз канкрэтыку сваіх варыянтаў. Ступень адрознення варыянтаў паміж сабою не аднолькавая. Адны з іх могуць быць больш поўныя. Пар.: «Сава не ўродзіць сакала» і «Сава не прывядзе сакала, а такую саву, як сама». Другія ўтрымліваюць новыя дэталі: «Свіння не родзіць бабра, а сава не выседжвае арла». Але ўсе разам яны складаюць пульсуючае поле аднаго твора. Бытаванне варыянтаў можа ісці па лініі мастацкага ўдасканальвання тэкстаў і па лініі разбурэння (у выніку памылак памяці), таму ў эстэтычным плане яны нераўнацэнныя. Варыянтнасць – умова з’яўлення новых сэнсавых акцэнтаў у творы. Напрыклад, жніўная песня «Пайду я дарогаю» пададзена ў БНТ у 26 варыянтах, дзе да асноўнага матыву «няхай маці гатуе вячэру» далучаецца або існуе самастойна шэраг іншых: дачка падае голас, яе шкадуе маці або бацька, няроўнае стаўленне да роднага дзіцяці і нявесткі, просьба да бога аб добрым мужу, вячэра не міла, шырокая постаць, маленькае дзіця і г. д. Калі невядомы варыянты твора, то гэта наводзіць на думку, што ён сфарміраваўся не ў народным асяроддзі і хутчэй за ўсё мае аўтара. Запазычаныя літаратурныя творы пачынаюць фалькларызавацца, вар’іравацца ў дэталях, адрознівацца ад кананічнага тэксту. Варыянты фальклорнага твора або паглыбляюць яго ідэйны змест, або ўзбагачаюць мастацкі малюнак, або спалучаюць абедзве задачы. Напрыклад, у казцы пра курку-рабушку і разбітае яечка важны ідэйныя нюансы: дробная падзея можа застацца ў сваіх каардынатах, не заўважыцца вялікім светам або мець для свету катастрафічныя наступствы (а гэта ўжо філасофія). Матыў прыбранай галовачкі нявесты ў песні «Ой, куды ты, Манечка, ходыла, // Шчо ты свою головоньку вквэтыла?» развіваецца ў яе варыянтах то ў элегічным ключы – «цвіт ювпав», «вінчык став», але «нымае таточка на світы», то ў псіхалагічным – «цвіт <...> головку убылыв, <...> мамоньку розжалыв», то ў паэтычным – «цвіт-роса», «вся краса». Дзякуючы варыянтнай форме бытавання твораў, даследчыкі атрымоўваюць каштоўны матэрыял, важны для раскрыцця агульных заканамернасцей фальклорнага працэсу, усведамлення напрамкаў эвалюцыі асобных твораў, сюжэтаў, іх вобразнага выражэння, а выканаўцы і слухачы – магчымасць адчуць асалоду ад вытанчанай, дасканалай мастацкай вобразнасці.

 

ВАРЫЯТЫЎНАСЦЬ

Варыятыўнасць – адметная рыса творчага працэсу ў матэрыяльнай і духоўнай культуры народа. Асабліва выразна яна прадстаўлена ў народным мастацтве – музыцы, фальклоры, танцах, ткацтве, разьбе, вышыўцы, саломапляценні і г. д., дзе ў рамках традыцыі, якая гарантуе групе твораў ці вырабаў адносную ўстойлівасць, распазнавальнасць формы і зместу, увесь час, бясконца і бесперапынна, адбываюцца пэўныя змяненні. Зрухі ў форме і змесце заўважаюцца пры свядомым параўнанні вырабаў (аднатыпных посцілак, ручнікоў, саламяных лялек, гліняных свістулек і да т. п.), музычна-харэаграфічных малюнкаў асобнага танца (кадрылі, «Крыжачка», «Лявоніхі»), зместу аднаго абраду (прыкладам, сватання), карагода, гульні, тэкстаў казкі, прыказкі, загадкі і г. д. Працэс варыятыўнасці паўстае як сукупнасць шматвектарных творчых актаў, матэрыяльным увасабленнем якіх становіцца ўмоўны ланцуг падобных, звязаных паміж сабою твораў, напрыклад загадак пра грыб: 1. У лазе на адной назе. Сярод лесу стаіць на адной назе. У лазе стаіць казак на адной назе. У лазе на трапязе сядзіць каза на адной назе і інш. (агульная прыкмета – аднаногасць аб’екта); 2. Усю зямлю прайшоў, чорну шапачку знайшоў. Маленькі, удаленькі скрозь зямлю прайшоў, красную шапачку знайшоў і інш. (прыкмета – наяўнасць капялюшыка). Змяненні абумоўлены шэрагам прычын і акалічнасцей. Іх характар (творчы, механічны, камбінаваны) – вытворнае ад асобы, носьбіта традыцыі, ступені яе таленавітасці, майстэрства, індывідуальнай манеры, абставінаў і часу выканання, полаўзроставага складу слухачоў, патэнцыяльных спажыўцоў: вядома, напрыклад, што для дзяцей і дарослых адну і тую ж казку раскажуць па-рознаму. У адрозненне ад механізаванай вытворчасці, дзе вырабам папярэднічае стварэнне ўзору, штампа, лякала, і прафесійнага мастацтва, дзе канчатковы аўтарскі прадукт матэрыяльна зафіксаваны (кніга, ноты, схема танца), народнае мастацтва ведае толькі прамежкавыя ўзоры і вынікі: яно ўсё ў працэсе, і кожны творчы акт, у тым ліку папярэднія, кожнае новае выкананне твору ўтрымлівае варыятыўны момант як сродак адаптацыі да новых умоў і эстэтычных патрабаванняў. Варыятыўнасць звязана з імправізацыяй і паўстае ў выглядзе варыянтнасці. Дыяпазон варыятыўнасці надзвычай шырокі – ад вельмі нязначных розначытанняў да якасных зрухаў, якія прыводзяць да стварэння новых версій твора і новых ліній варыятыўнасці. Варыятыўнасць у фальклоры абумоўлена яго вуснай прыродай, вуснасцю стварэння, бытавання, распаўсюджання твораў.

 

ВУСНАСЦЬ

Вуснасць – натуральная форма стварэння, бытавання, распаўсюджання фальклору. Яго творы не маюць матэрыяльнай замацаванасці, захоўваюцца ў памяці, з’яўляюцца ў момант выканання, перадаюцца шляхам пераймання – з вуснаў у вусны, ад старэйшых да малодшых, паміж прадстаўнікамі сваёй полаўзроставай групы. Вуснасць забяспечвае бесперапыннасць творчага працэсу, фарміраванне сістэмы выразных сродкаў, пераемнасць мастацкіх традыцый. Напрыклад, спараджальная мадэль «каліна – сімвал гаротнай замужніцы» шматразова адгукнецца ў зачынах сямейных песень рознай пабудовы. У межах варыянтаў аднаго твора варыяцыі нязначныя: «Каліна-маліна над ракой (ярам) стаяла. // Што (чаго) ж ты, каліна, ад сонца завяла?» Завялая каліна выклікае вобраз нахілёнай, магчымы паварот – «Чырвоная каліначка на мора схілілася». Натуральнае спалучэнне двух роднасных сімвалаў жанчыны-каліны і зязюлі: «Ой, у лузе каліна, на каліне зязюля», адсюль успрыманне іншых птушак за ворагаў: «У лузе салавей калінку клюець» (маецца на ўвазе журлівая свякроў). Вуснасць фальклору спрыяе развіццю памяці, эстэтычнага густу, вобразнага мыслення, імправізацыйных здольнасцей чалавека. Напрыклад, трымаючы ў галаве баладную песню «Тры птушачкі ля забітага малойчыка», выканаўцы, свядома ці неўсвядомлена, уносяць новыя адценні ў вобраз рознай глыбіні гора маці, сястры, жонкі: «жонка плачыць – раса пала», «дробны дожджык ідзець», «там ракі няма», «там суха зямля», «расіцы няма», «сухусенька»; «сястра плачыць – ручайкі пашлі», «як руччы льюцца», «ручаі бягуць», «Дунай цячэ», «калодзезі», «крынічанька», «раса выступаіць»; «мамка плачыць – рэчка быстрая», «быстрай рэчанькай», «як рака льецца», «там рака цячэ», «раку разліваіць», «глыбокі калодзісь стаў», «там рэкі цякуць». Пры імправізацыі, спадарожніцы вуснасці, выканаўца вольны ў выбары слоў і сродкаў, але толькі ў межах традыцыйнасці, каб не парушыць стылявога адзінства твора. Так, пастаянны вобраз гора маці – рэкі, сястры – ручаі, жонкі – раса (або суш), яны і складаюць аснову вусных выражэнняў пры ненаўмыснай імправізацыі. Чалавечая памяць не ідэальная. Вуснае бытаванне фальклору запатрабавала выпрацоўкі пэўных прыёмаў, каб лепш утрымаць твор у памяці і лягчэй узнавіць яго пры выкананні. Так выкрышталізаваліся ўстойлівыя слоўныя комплексы, характэрныя для пэўных фальклорных жанраў. Гатовымі формуламі пачатку, канца, сярэдзіны аповеду карыстаўся казачнік, гаворачы пра прыгажосць царэўны, загады цара, бой героя з ворагам, яго зброю і каня. Замаўляльніку не трэба было прыдумляць, куды адаслаць, выгнаць, якім чынам знішчыць хваробу, – для гэтага існавалі свае магічныя клішэ. Дастаткова было першага радка лірычнай песні з формулай звароту да жураўкі, рабенькага салавейкі, белых гусей, гаю зеляного, бярозы кудравай, месячка-таргаўшчыка, лучыначкі і г. д., каб у памяці усплывала ўся песня. Агульныя месцы выконвалі функцыю стабілізацыі тэксту і сродку яго вобразнага ўзнаўлення. Спосабам іх жывога бытавання ў вуснай форме з’яўляецца варыятыўнасць.

 

 

ДА РАЗДЗЕЛА «Архаічны фальклор»

 

АРХАІЧНЫ ФАЛЬКЛОР

Архаічны фальклор – нулявая, але самая працяглая фаза сусветнага фальклору. Яна адыграла выключную ролю ў сацыялізацыі чалавека, ператварэнні яго ў чалавека культурнага, фарміраванні базавых культурных сцэнарыяў – ініцыяцыі, ахвярапрынашэння, транссубстантывацыі (уяўленне сябе тым, каго прадстаўляеш у абрадзе), у запачаткаванні элементарных сінтаксічных структур і першасных матрыц сэнсаўтварэння, аформленых словам і праз слова. Існуе думка, што на гэтай стадыі фальклорам з’яўляюцца ўсе формы духоўнай культуры, звязаныя з мовай (монафалькларызм). Архаічны слоўны фальклор існаваў у складзе сінкрэтычных комплексаў духоўнай культуры дародавага грамадства татэмнага тыпу, абслугоўваў яго камунікатыўныя, пазнавальныя, сацыяльна-класіфікацыйныя, семіятычныя, практычныя патрэбнасці, уяўляў сабой непарыўнае адзінства калектыўных скокаў, рытуальных (знакавых) дзеянняў, харавога спеву пры вызначальнай ролі рытму, які ператвараў неарганізаваную групу ў псіхалагічны маналіт. Тэксты архаічнага фальклору адрозніваліся ад бытавога маўлення вышынёй гуку, наяўнасцю рытмаформулы, бясконцымі паўторамі двух-трох слоў, часам бессэнсоўных, або базавай фразы з заменай у ёй аднаго элемента ці прырашчэння да яе новых (ланцужковая сувязь). Аўтэнтычныя ўзоры архаічнага фальклору невядомы. На аснове параўнальнага аналізу асаблівасцей фальклорнай культуры сучасных нецывілізаваных плямёнаў, тыпалагічнай ідэнтыфікацыі семантычнай інтэрпрэтацыі архаічных перажыткаў у класічным (нацыянальным) фальклоры розных народаў, у тым ліку беларускага, і гіпатэтычна рэканструюцца толькі некаторыя яго структуры.

Гістарычнае развіццё архаічнага фальклора складалася з шэрага стадый, кожная з якіх пакінула след у беларускім фальклоры: а) стадыя няўстойлівых маўленчых форм пры крышталізацыі камунікатыўных сігналаў-знакаў – выгукаў, падобных да пазнейшых працоўных воклічаў, псіхалагічных выкрыкаў, пазбаўленых нават сэнсу, якія сталі складовай часткай абрадавых песень: «Гэй, каляда!», «У-у-у!», «Ой, ляло, ляло» (вяснянкі), «Ох, і вой, люлі» (песні абраду ваджэння «стралы»), «Ой, то-то» або «То-то-то» (купальскія песні) і пад.; б) стадыя назапашвання рознапланавых маўленчых структур, якія будуць выкарыстоўвацца ў фальклоры, – імператыўных, інвектыўных, прывітальных, засцерагальных, заклінальных, эмацыянальна-псіхалагічных і г. д., звязаных з першаснымі міфалагічнымі ўяўленнямі або свабодных ад іх.

Уяўленне аб першасных структурах даюць абрадавыя песенныя формулы тыпу«Радуйся, зямля», «Расхадзіся, развесяліся», «Дай жа божа пану гаспадару», «Радзі божа жыта», «Хай здохне аўца», «Нашы хлопчыкі казадойцы» і пад., выслоўі тыпу «Дай бог, «Бывай здароў, Трымайся», «Клёў на рыбу», «Крый божа», «Здубяней», «Ах ты, ветрагон»(вылупак, жаба, погань, корч, гадзіна і да т. п.); в) стадыя сітуатыўнага фальклору, які кожны раз ствараўся з «нагоды» і тут жа забываўся, не перанімаўся і не перадаваўся з вуснаў у вусны; г) стадыя паступовага замацавання тыповых твораў, якія насілі характар паведамлення (аб вяртанні паляўнічых і пад.), апавяшчэння (аб з’яўленні пагрозы і пад.), выконвалі функцыю кансалідацыі сіл, канстатацыі псіхалагічнай рашучасці (даць адпор і пад.); д) стадыя назапашвання песенных і замоўных структур, якія ўласцівы і беларускім фальклорным тэкстам: структура размеркавання (каму – што, каму – хто), пажадання (хто – каму – што), прасторавага пераносу, выгнання, адсылання (што (хто) – ад (з) – да) і пад.; е) і, нарэшце, стадыя тыповых словаспеваскокаў, замацаваных традыцыяй, структурна пэўных, з актыўным выкарыстаннем знойдзенага ў тую эпоху далучальнага тыпу сувязі, на якім пабудаваны кумулятыўныя (ланцужковыя) казкі тыпу «Церамок», магічная песня ваўка ў казцы «Спевы ваўка», валачобныя песні на каляндарную тэму з канструкцыяй «а патом таго» (і без яе) і іншыя творы беларускага фальклору.

Напрамак фальклорагенезу назаўсёды абумовілі спецыфічныя зрухі, што адбыліся ў архаічную эпоху: зрух у свядомасці чалавека, дзе запанаваў прынцып аніматызму – панадушаўлення; зрух у рэальнасці сацыяльнага жыцця – вылучэнне сябе з кантынуальнай адзінкі чалавекапрырода і атаясамленне ўжо з безасабовым згуртаваннем татэмнага тыпу, зрух у жыццезабеспячэнні з напрамкам ад пасіўных (збіральніцтва) да актыўных форм гаспадарання (вынаходніцтва лука, інтэнсіўнае паляванне, прыручэнне жывёл). Але былыя сінкрэтычныя міфалагічныя канструкты не знікаюць, яны трансліруюцца далей і адгукаюцца ў беларускім фальклоры: канструкт чалавекакамень – у легендах аб камянях-шаўцах і краўцах, чалавекарасліна – у каляндарнай абраднасці з такімі персанажамі, як траецкая бярозка, прыбраныя ў зеляніну і кветкі Куст, русалка, Купалка, чалавекажывёла – у казках з персанажамі тыпу Івашка Мядзведжае вушка, Іван Сучкін сын, Кабылін сын і пад.

Вынікам зрухаў стала фарміраванне чатырох універсальных парадыгмаў, якія выяўляюцца і ў беларускім фальклоры:

1. Метапазіцыя я – іншае з вытворнымі сваё – чужое, унутранае – знешняе і пад., разрастанне поля «іншага», адчужанага ад «я». Стасункі «я» з «іншым» (сакральным, чужым, транцэндэнтным, варожым) становяцца галоўным сюжэтам абрадавага фальклору, замоўнай магіі, прымхліц, а значна пазней адгукнуцца ў казкавых сюжэтах і песенных канфліктах.

2. Атаясамліванне чалавека і прыроднага праз агульны татэм. Матрыца татэмістычнай тоеснасці стане семантычным падмуркам прынцыпу метамарфозы, паспрыяе з’яўленню шэрага спецыфічных матываў, выяўленых і ў беларускім фальклоры: нараджэнне героя ад з’едзенай маці цудоўнай рыбы, гарошыны, што раней разумелася як напаўненне татэмам, звер (жывёла, вуж, змей) – супруг, птушка – нявеста, дачка – птушка, ваўчок – пераможца ў шлюбным спаборніцтве і г. д.

3. Фарміраванне культа паміраючага (забітага) і ўваскрасаючага звера, які зменіцца на культ паміраючага (разарванага, разрэзанага на часткі) і ўваскрасаючага бога расліннасці. Аднак нават апекуны земляробства захаваюць рэліктавае жывёльнае аблічча (калядная «каза», мядзведзь і казёл у жніўных песнях), аграрна-магічныя матывы будуць сінтэтычна спалучацца з анімалістычнымі і арніталагічнымі ў каляндарных песнях. Жніво і сватанне па інерцыі стануць метафарычна перадавацца праз гатовыя папярэднія вобразы архаічнай эпохі – вайну і паляванне, а пашыранае разуменне багацця застанецца ў сувязі з рогам (беларуская казка «З рога ўсяго многа»).

4. Запачаткаванне анімістычнай парадыгмы: першабытны аніматызм, калі ўсё ўспрымалася нерасчлянёна, саступае месца анімізму з раздзяленнем і суб’ектаў, і аб’ектаў на матэрыяльную субстанцыю і ідэальную (душа), прычым апошняе ўсведамляецца як віталістычны фактар. Адсюль карані фальклорнага ўвасаблення розных духаў няпэўнай морфікі (лясун, вадзянік і пад.), успрыманне чалавечай душы праз старыя, прыродныя, формы (птушка, матылёк, муха).

Архаічныя структуры ў значнай ступені міжнародныя. Іх вобразнае напаўненне вар’іруецца ў розных этнічных традыцыях. Суадносіны агульначалавечага (узровень глыбінных структур) і спецыфічна этнічнага (узровень паверхневых структур) у беларускім фальклоры абумоўлены канкрэтнымі ўмовамі гістарычнага развіцця беларусаў, асаблівасцямі іх быцця, ментальнасці, фальклорнага мыслення.

 

ДА РАЗДЗЕЛА «Агульныя міфалагічныя асновы

фальклорнага мыслення

і вусна-паэтычнай творчасці славянскіх народаў»







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.