Здавалка
Главная | Обратная связь

КАРАГОДНЫЯ ПЕСНІ (КАРАГОДЫ)



Карагод – сінкрэтычнае адзінства песні з пластычным і гульнявым суправаджэннем. Этнахарэографы лічаць карагод калектыўным песенна-харэаграфічным дзействам і асобным раздзелам народнай танцавальнай культуры.

Фалькларысты-філолагі адносяць карагодныя песні (карагоды) да песеннай лірыкі і вызначаюць іх характар у залежнасці ад дамінантнага структурнага элемента – слова, гульні, танца.

Карагодныя песні падзяляюцца на тры вялікія групы:

1. Апавядальна-лірычныя песні-карагоды. Іх тэксты не разыгрываюцца.

2. Гульнявыя песні-карагоды. Тэксты песень разыгрываюцца.

3. Танцавальныя песні-карагоды. Не так важны змест песень, як іх рытміка.

Праз паняцце «песні-карагоды» пазначаем функцыянальную адметнасць твораў на фоне:

· пазаабрадавых песень разнастайнай тэматыкі;

· абрадавых – каляндарнай і сямейнай прымеркаванасці;

· пазакарагодных гульнявых песень;

· пазакарагодных танцавальных.

Уласна гульнявых песень няшмат. Напрыклад, гульня «Ваўкі і гусыня» ўключае песню дыялагічнай формы:

– Шэрыя гускі!

– Га-га-га!

– Дзе ж вы бывалі?

– Га-га-га!

– Там, за гарою... (і г. д.).

Падчас гульні «Гары» спяваюць:

Гары, гары, масла,

Каб не пагасла.

Параўнальна больш уласна танцавальных песень, якія выконваюцца сінхронна з рухамі танцаў «Казачок», «Мяцеліца», «Барыня», «Лявоніха» і інш. Напрыклад, танцуючы «Лявоніху», прыпяваюць:

Ай, Лявоніха, Лявоніха мая,

Каб я знаў, што Лявоніха мая,

Я б Лявонісе і світку купіў,

Я б Лявонісе і шкурку злупіў.

 

Пры ўсёй увазе філолагаў да карагоднага слова трэба памятаць, што асновай экспрэсіўнага мастацтва з’яўляецца танец. Танец, музыка і паэзія – трыадзіная карагодная харэя (Т. Зяліньскі). Слова харэя паходзіць ад грэч. сhoros, хор, што першапачаткова азначала калектыўны танец і толькі пазней – калектыўны спеў, тое, што мы цяпер называем хорам.

Пры пазначэнні трыадзінай слоўна-музычна-танцавальнай харэі беларусы кіраваліся зрокавым уражаннем ад экспрэсіўнага дзейства, якое ў народнай тэрміналогіі называлася карагод, калавод, танок і проста кола. Вадзіць карагод (танок, кола) азначала спяваць пад адпаведныя танцавальныя рухі.

У свядомасці беларусаў песня – танец (танок) – свята (ігрышча) уяўляліся актам калектыўнай весялосці. Як вядома, рытуальна арганізаваныя весялосць і смех – агульначалавечыя метафары жыцця, яго перамогі над смерцю і заняпадам. Адсюль «Танцуй, Панцялей, не шкадуй лапцей».

Карагодныя спевы і гульні выконвалі важную ролю кансалідацыі калектыўных намаганняў. Беларусы казалі: «Калі не спявалі, то і не весяліліся», «Раз не было песень, то не было і вяселля». Перавага аддавалася калектыўным спевам: «Гаварыць трэба паасобку, а спяваць разам», «Пець добра разам, а гаварыць па чарзе» і пад. Лічылася, што танцаваць павінен умець кожны: «Танец не работа, хто не ўмее – сарамота». Прыказкі захавалі нейкае спрадвечнае стаўленне да танцаў як да важнай справы, нават больш значнай за працу: «Умей танчыць, а работу рабіць гора наўчыць». Магчыма, што карагодамі «затанцоўвалі» (адганялі) гора, бяду, нястачу: «Хоць бяда ў камяніцы, абы гоц на вуліцы», «Хоць у кармане пуста, але ногі сыплюць густа», «Часам плачам, часам скачам».

Большасць даследчыкаў не сумняваецца ў старажытным паходжанні карагодаў і іх сувязі з заклінальнымі абрадамі – прадуцыравальнымі і ахоўнымі. Яны звяртаюць увагу на земляробчыя і прамысловыя назвы сучасных карагодаў тыпу «Проса», «Лянок», «Канапелькі», «Каза», «Заінька” і пад. У матывах карагодных песень знаходзяць водгукі архаічных форм гаспадарчай дзейнасці і шлюбных стасункаў.

Відавочна, што з’яўленне папярэднікаў будучых карагодаў (назавем іх протакарагодамі) звязана з глыбіннымі працэсамі жыццядзейнасці архаічнага грамадства. І толькі значна пазней у іх адбіліся формы вытворчай, земляробчай, эпохі, што дало пачатак карагодам тыпу «Мак», «Лён», «Грушка» і пад. Згодна з каментарыем, гульнявая песня-карагод «Грушка» мела наступны выгляд: «Дзяўчаты браліся за рукі і ўтваралі круг, адну дзяўчыну – «грушу» – садзілі ў круг. Усе рухаліся па крузе і спявалі, а «груша» імітавала дзеянні, аб якіх спявалася: пасадзілі грушу – яна нерухома сядзіць на зямлі; прымаецца груша – дзяўчына рукамі трымаецца за зямлю; расце груша – дзяўчына павольна паднімаецца; цвіце – на яе накідваюць белую хустку. Калі груша паспела і яе пара трэсці – дзяўчыну ўсе разам падкідваюць угару. Потым выбіраюць другую на ролю «грушы».

Цікава, што разам з прыпевам твор мае шэсць самастойных слоўных радкоў, а з паўторамі – удвая больш. Вось як гэта выглядае:

А мы грушу пасадзілі,

А мы грушу пасадзілі.

 

А я, маладзенька, топ-топ-топ,

А я, маладзенька, топ-топ-топ...

 

Сэнсавае адзінства аграрна-вегетатыўнай і любоўна-шлюбнай тэматыкі карагодных песень відавочнае. Працоўная тэма амаль заўсёды пераходзіць у тэму заляцання і сватання, прычым часцей за ўсё яна падаецца ў агрэсіўнай канатацыі захопу або раўназначным яму выбары, прысваенні. Так, карагод «Проса» прысвечаны зусім не сялянскай працы. Працоўнаятэма – падстава для разгортвання іншай, пабудаванай на архаічных матывах узаемаабмену і выкупу:

– А мы ляда капалі, капалі.

Зялёная рутачка, жоўты цвет.

– А мы проса сеялі, сеялі.

Зялёная рутачка, жоўты цвет.

– А мы проса вытапчам, вытапчам.

Зялёная рутачка, жоўты цвет.

– А чым жа вам вытаптаць, вытаптаць?

Зялёная рутачка, жоўты цвет.

– А мы коней выпусцім, выпусцім.

Зялёная рутачка, жоўты цвет.

– А мы коней забяром, забяром.

Зялёная рутачка, жоўты цвет.

– А мы коней выкупім, выкупім.

Зялёная рутачка, жоўты цвет.

– Нам не нада выкупу, выкупу.

Зялёная рутачка, жоўты цвет.

– А мы дадзім сто рублей, сто рублей.

Зялёная рутачка, жоўты цвет.

– Мы сто рублей не хацім, не хацім.

Зялёная рутачка, жоўты цвет.

– А мы ’ддадзім панначку, панначку.

Зялёная рутачка, жоўты цвет.

– А мы возьмем панначку, панначку.

Пацярпелы бок капаў ляда, а ў выйгрышы той, хто сеяў зерне: ён і атрымаў паненку.

Звычайны код ваяўнічага захопу пары – арніталагічны: селязень разганяе ўсіх гусей па возеры і забірае белую лябёдачку, у той жа функцыі выступае каршун, які хапае курку.

Карагодны пераможца ў выглядзе птушкі – генетычна сам бог, які адбівае сваю нявесту ад антаганіста. Яму адпавядае хлопец, які разганяе карагод дзевак па вуліцы, а сабе забірае маладую дзяўчыну. Такім чынам, прадуцыравальная тэма цалкам пакрываецца шлюбнай, якая становіцца яе выражэннем.

Што тычыцца агрэсіўнай канатацыі, то яна звычайная ў полі міфалогіі: грэчаскія багі, як вядома, таксама не засылалі сватоў да нявест, беручы тых, хто ім падабаўся, без іх згоды.

Агульны сэнс паралельных карагодных матываў – арніталагічнага і антрапалагічнага – абумоўлены іх дачыненнем да касмаганічнага міфа, вобразным выражэннем якога яны з’яўляюцца. Менавіта касмаганічныя структуры стварэння і аднаўлення свету паслужылі мадэллю для сакральнага шлюбу, а той, у сваю чаргу, стаў прыкладам для шлюбных стасункаў у свеце людзей. Па сутнасці, карагодныя дзеянні былі праекцыяй першаснай міфалагічнай падзеі, мелі сакральны сэнс і статус трансцэндэнтнай рэальнасці.

Відаць, вельмі рана рытуальны сэнс карагодаў быў забыты. Ад яго засталася толькі песенная форма, паралельная візуальнаму карагоднаму сюжэту.

Цалкам натуральным чынам у карагодных песнях з’явілася сямейная тэма. І зусім не таму, што ў карагодах, акрамя дзяўчат, удзельнічалі і малодкі. Першапачаткова сямейная тэма – вытворнае ад перыпетый міфалагічнага шлюбу, якія з цягам часу ўсё больш ахутваліся вобразнай абалонкай рэальнасці. З гэтай прычыны і ствараецца ў даследчыкаў памылковае меркаванне, быццам на з’яўленне ў карагодах тэмы сямейных стасункаў паўплывала само жыццё. На самай справе змест гэтых твораў вельмі далёкі ад рэальнасці, хоць і здаецца ёю.

Вылучаюцца песенныя карагоды, гульнявыя карагоды, танцавальныя карагоды.

Песенныя карагоды маюць нескладаны харэаграфічны малюнак і простыя рухі (звычайны крок, «пераменны», з рухам у бок). Малюнак карагода – кола, ланцужок, змейка, ручаёк, адвольны рух (напрыклад, гуртам упоперак вуліцы).

Гульнявыя карагоды пабудаваны на пэўным дзеянні з вылучэннем салістаў або груп. Песні маюць дыялагічную форму, сюжэтную інтрыгу, тэмп карагода больш хуткі з дакладным рытмам. Майстэрства салістаў выяўляецца ў імправізацыі падчас выканання ролі з выкарыстаннем элементаў драматычнага мастацтва (пантаміма, міміка) і харэаграфічнага (вярчэнне, прытупы, падскокі, воплескі і г. д.) Яскравы прыклад – карагод «Перапёлачка», калі жанчына ў крузе паказвае мімікай і жэстамі, што баліць у «перапёлачкі».

Танцавальныя карагоды бываюць павольныя і хуткія з даволі складаным харэаграфічным малюнкам. Ён уяўляе сабой камбінацыю розных фігур («спіраль», «вароты», «матылёк» і інш.). Дэкаратыўныя запляценні рук карагодніц – яшчэ адна прыкмета гэтых карагодаў. Песні даволі простыя, галоўная іх мэта – задаць карагоду рытм.

Некаторыя даследчыкі ўлічваюць сувязь з абрадам або яе адсутнасць. Вялікую групу складаюць каляндарныя карагоды: зімовыя калядныя, веснавыя масленічныя, велікодныя, «страла», юраўскія, траецкія, куставыя, русальныя, летнія купальскія і жніўныя. Значна меншая група вясельных карагодаў. Імі аздабляецца вынас караваю, абход з ім хаты, танец маладых, у карагод ператвараецца выхад з-за стала і інш. Яшчэ менш хрэсьбінных карагодаў.

Пазаабрадавыя карагоды або канцэнтруюцца ў межах каляндарнага свята, або не маюць дакладнай каляндарнай прымеркаванасці. Падобныя карагоды можна ахарактарызаваць наступным чынам: «карагод вясной, а больш у каляды», «вясной карагод розачка», «карагод у хаце зімой», «у піліпаўку», «калі хочаш».

Ёсць некалькі змястоўных прыкмет, якія належаць карагодным песням. Іх наяўнасць у запісаным творы – падстава для больш дэталёвай размовы з інфармантам наконт часу яго выканання, магчымай сувязі з абрадам, функцыянальнасці.

1. Вобразны паралелізм арніталагічнага тыпу.

Абедзве паралелі развіты да памераў страфы. Змест першай – пошукі, выбар, захоп птушкай сабе пары, змест другой – пошукі, выбар, захоп хлопцам дзяўчыны ў карагодзе або пошукі і выбар дзяўчынай хлопца.

Вобразны паралелізм – кампазіцыйны прыём часткі любоўна-шлюбных карагодных песень каляндарнага і вясельнага цыклаў. Часам яны маюць пэўныя прыпевы – індыкатары, якія не дазволяць памыліцца адносна каляндарна-святочнай прымеркаванасці твораў:

 

Ляцеў каршунішча,

Каляда!

Цераз папялішча,

Каляда!

Відзеў курак стаду,

Каляда!

А ён жа лятаіць,

Каляда!

Курак выбіраіць,

Каляда!..

А ў новых сенях,

Каляда!

Там карагод дзевак,

Каляда!

А ў тым карагодзе,

Каляда!

Там Васілька ходзіць,

Каляда!

Дзевак выбіраець,

Каляда!..

 

Гульнявыя песні-карагоды з выбарам пары былі сродкам грамадскай легалізацыі заляцанняў моладзі, давалі магчымасць выказаць прыхільнасць да хлопца ці дзяўчыны. Іх старажытная функцыя – абрадавая, а сам карагод быў формай абраднасці. Рытуальны сэнс абраду – шматразовае ўзнаўленне сакральнага шлюбу боскіх асоб (генетычна – татэмаў) у выглядзе птушак, які меў прадуцыравальнае значэнне.

Такім чынам, птушкі ў карагодных песнях – іпастасі бостваў, а хлопцы і дзяўчаты – іх рытуальныя дублёры.

2. Адначленны паралелізм арніталагічнага тыпу з нулявой другой часткай і наяўнасцю прыпеву. Напрыклад:

Ляцелі дзве пцічкі,

Ростам невялічкі.

Тут лета, тут зіма,

Пцічка весела была.

Ляцелі, ляцелі,

Селі, пасядзелі

Тут лета, тут зіма,

Пцічка весела была.

Сталі расставацца,

Крэпка цалавацца.

Тут лета, тут зіма,

Пцічка весела была.

3. Тэма боскага шлюбавання, прама прадстаўленая, галоўным чынам, у юраўскіх карагодах і больш завуаліравана ў купальскіх. Напрыклад, у юраўскім карагодзе гаворыцца пра палкае імкненне «Юры барадатага» да Ружы, прычым яна апісваецца як кветка (кожны радок паўтараецца, што звычайна пры выкананні карагоднай песні):

– Юра барадаты,

Стары, не жанаты,

Юра, ажаніся.

– Матка, дзевак нету,

Толькі адна ружа,

І тая ў агародзе.

Садам абсаджана,

Тынам абтынена,

Жытам абсеяна.

Я сад парублю,

Я й тын паламлю,

Жыта на хлеб сажну,

Ружу к сабе вазьму.

Збіральнікі Л. М. Салавей і П. І. Каруза далі наступнае тлумачэнне: «Спяваюць дзяўчаты, якія ходзяць кругам, пабраўшыся за рукі. «Ружа» – у сярэдзіне круга. «Юра» – за кругам. Пры словах «Я сад парубаю» «Юра» кідаецца на круг, каб ухапіць «Ружу». Дзяўчаты не пускаюць. Калі «Ружа» схоплена, гульба пачынаецца ўжо з рознымі салістамі». Без гэтых заўваг функцыя песні, запісанай у в. Груздава Пастаўскага раёна, засталася б зацемненай.

4. Тэма карагоднага навучання працэсу гаспадарчай працы, прычым настаўнікі – птушка (мужчынская іпастась бажаства) або маці (генетычна – міфалагічная маці, жонка бога). Напрыклад, «Соловэйко-горобэйко» паказвае карагодніцам, як сеюць, полюць, здымаюць мак, «маці” вучыць дачку «на лён землю пахаці», даглядаць і парадкаваць лён.

Аграрная тэма можа натуральным чынам пераходзіць у любоўна-шлюбную.

5. Згадванне пацалункаў або пабуджэнне да іх. Звычайна ў падобнага тыпу карагодах хлопец бегае за дзяўчынай, імкнецца дагнаць яе, тая вырываецца, збягае, не адразу дазваляе сябе пацалаваць. Пацалунак – знак прыналежнасці дзяўчыны хлопцу, пра што гаворыцца ў песні з нулявой другой часткай:

Што за садам, за садом, за садом

Расла трава шаўкова, шаўкова.

Па той траве пава йшла, пава йшла,

А за ёю паў ляцеў, паў ляцеў,

Крычыць: «Пава ты мая, ты мая!”

– Не, яшчэ я не твая, не твая,

Цалуй мяне тры разы, тры разы –

Тады буду я твая, я твая.

Будзем памятаць, што генетычна ўсе гэтыя песенныя «зладзеі і «захопнікі» – былыя абрадавыя двайнікі бога. Яны зліваліся з ім не толькі ў карагодзе. Пазней, калі ва ўсходніх славян з’явіліся паўнацэнныя вясельныя абрады, жаніх і нявеста паўтаралі прэцэдэнтную сакральную падзею, важную для зямной урадлівасці, – боскі шлюб, прычым тут значна пашыраецца кола іпастасей бостваў: ужо не толькі арніталагічныя, але і касмалагічныя (сонца і месяц), жывёльныя (бабёр і куна), разнастайныя раслінныя пары з’яўляюцца ў вясельных песнях і становяцца сімваламі маладога і маладой.

6. Сэнсавае супастаўленне некалькіх асоб з выдзяленнем апошнягя, звычайна мілага. Напрыклад, дзяўчына адмаўляе ў перавозе цераз рэчку ўсім родным і робіць выключэнне толькі для міленькага; турак прымае выкуп за дзяўчыну-паланянку ад усіх, але адпускае яе толькі за выкуп, прысланы мілым; ніхто з родных не здольны вярнуць дзяўчыну з ігрышча, гэта ўдаецца зноў жа толькі міламу; бацька хоча аддаць дачку за старога, малога, але яна згаджаецца толькі на роўню.

7. Сямейна-бытавая тэма вырашаецца ў карагодных песнях праз умоўныя, далёкія ад рэальнасці сітуацыі. У адрозненне ад сапраўдных пазаабрадавых сямейных песень, якія характарызуюцца глыбокім драматызмам стасункаў персанажаў, карагодныя песні вызначаюцца нейкім палегчаным канфліктам, які да таго ж падаецца ў гумарыстычнай афарбоўцы. Часам песні маюць тыпова карагодную прыкмету – прыпеў. Напрыклад:

А хто кажа, што мой муж добры,

Кабы таму такі век доўгі,

Калінка-малінка мая,

У саду ягада-малінка мая.

І далей апавядаецца пра клопаты жонкі і вар’яцкую рэакцыю мужа: яна яму яешню, кашкі з маслам, на тарэлку пірог, кашулечку мые, пасцель сцеле, добрае слова, а ён – чапялой па баку, па насу, палонікам, кулаком у шыю, галавою аб сцяну, кулаком знова.

Нагнятанне жудасных дэталей мела на мэце калектыўна «занатаваць» іх у карагодзе і тым самым магічным шляхам знішчыць з жыцця. Як кажуць, нічога асабістага, проста калектыўная замова на шчасце метадам ад процілеглага.

 

 

ДА РАЗДЗЕЛА «Сфера сямейна-абрадавай паэзіі»

 

ВЕЛIЧАЛЬНЫЯ ПЕСНI

Велiчальныя песнi – жанравая разнавiднасць абрадавых, якiя выконвалiся ў межах каляднай, масленiчнай, валачобнай, юраўскай, траецкай, купальскай, жнiўнай абраднасцi беларускага земляробчага календара, у радзiнных i вясельных комплексах сямейна-абрадавага цыкла. У беларускай фалькларыстыцы вылучалi i даследавалi Г. Барташэвiч, А. Фядосiк, Н. Гiлевiч, М. Грынблат, А. Гурскi, А. Лiс, В. Новак, А. Цяпкова, Р. Кавалёва i iнш. Даследчыкì па-рознаму вызначаюць спецыфіку і жанравыя межы велiчальных песень. Улiчваючы генезіс твораў, адны вучоныя адзначалi, што жанравым паказчыкам песень-велічанняў з’яўляецца магічная функцыя. Другія выказвалі меркаванне, што велічальныя песні – наступная стадыя развіцця заклінальных песень, да якiх яны блiзкiя па сваёй абрадавай скіраванасці. Трэція акцэнтавалi функцыянальную спецыфікацыю велічальных песень – ухваленне чалавека. Чацвёртыя разглядалi іх як сродак выканаўцаў атрымаць узнагароду-падзяку. Пятыя лiчылi, што вызначальнай рысай велічальных песень з’яўляецца тэматыка. Але ўсе даследчыкі сыходзяцца на тым, што асноўным прынцыпам стварэння вобразаў велічальных песень з’яўляецца ідэалізацыя персанажаў, абрадавых чыноў, навакольнага асяроддзя, гаспадарчых поспехаў. Ухваляючы ўдзельнікаў абраду, песні стваралі абагулены, ідэальны тып: гаспадар, хлопец, жаніх самыя разумныя і багатыя; гаспадыня, паненка, нявеста незвычайна прыгожыя і працавітыя. УСЕ персанажы, адрасаты абрадавых песен, малююцца як разумныя, прыгожыя, паважаныя, надзеленыя шчаслівым лёсам людзі. Любы іх учынак мае станоўчы вынік. Ідэалізацыі персанажаў спрыяе гіпербала, эпітэты, параўнанні: дзеткі як кветачкі, гаспадыня – бы сонца, нявеста – бы калiна, надарыла шоўкам, абрусамі і цукеркамі шматлікіх гасцей; у гаспадара (або жанiха) цудоўная шуба, кашуля каштуе тысячу талераў, боцікі казловыя, рукавіцы залатыя і, галоўнае, «галава розумам насыпана». Iдэальная рыса гаспадынi або нявесты – гаспадарлівасць і працавітасць: «І ручая, рабочая, / Ды на дзела ахвочая». Асобна падкрэслìваецца выхаванасць, уменне паводзìць сябе: «Що ступіть, не похіліться, / Що скажа, не поміліться». Жанчына ў велiчальных песнях – эталон прыгажосці: «Тонкая, бы быліна, / Чірвоная, бы каліна, / Высокая, бы тополіна». Параўнанне ўзыходзìць да ўяўленняў пра сувязь са светам расліннасцì. Семантыка «калiны», «тополiны» як «шчаслівых» дрэў устойлівая ў фальклорнай свядомасцì беларусаў ì не патрабуе расшыфроўкì. Прыгажосць жанчыны/дзяўчыны – натуральная, прыродная якасць, але яна звязваецца таксама з багатай вопраткай: «На ёй сукня дарагая. / Каля вората золата, / Каля падолу серабро». Стасункі гаспадара і гаспадынi, жаніха і нявесты ідылічныя. Партрэт персанажа максімальна набліжаны да абрадавага ідэалу. Гаспадар багаты і знатны, жаніх – нават «князёў сын»: «Пад ім конік сівы, / І на ручках саколік, / А на ём шапка красна, / Як зорачка ясна». Стараста на вяселлі «вумный, / У беседи розумны.». Увага канцэнтруецца на розуме, шчырасці, стараннасці, спрытнасці персанажаў, рысах, якія садзейнічаюць найлепшаму выкананню абрадавай ролі.

Велічанне абрадавых персанажаў суправаджаецца ідэалізаваным апісаннем іх дома: «Стаўбы тачоныя, / Пазалочаныя, / Вароцiкi сярэбраныя», хата «Черчіком да й обсыпана, // Калыною да й обтыкана». Персанажы велічальных песен адчуваюць сабе ў згодзе з акаляючым светам, прыродай, людзьмі. У адзінай прасторы несупярэчліва існуюць людзі, прыродныя стыхіі, сімвалы ўрадлівасці, язычніцкія і хрысціянскія апекуны часу, прыроды, ураджаю. Гэта ўсеагульная садружнасць, супрацоўніцтва, парытэтнасць стасункаў. Стварэнню абрадавай ідылікі спрыяе ўвядзенне ў творы вышэйшых істот, якія, напрыклад, прысутнiчаюць на двары, забяспечваюць багаты ўраджай на нiвах, павелiчэнне статка жывёл у хлявах, нараджэнне здаровых дзяцей, удзельнічаюць у каравайным абрадзе: сам Бог месіць каравай, анёлы носяць ваду. У каравайніц ручкі з залатымі пярсцёнкамі, яны ўпрыгожваюць каравай залатым пер’ечкам, разразаюць яго залатым ножыкам. Ва ўсіх важных вясельных справах дапамагае Прачыстая: яна то свеціць, то накрывае нявесту хустою, то вядзе яе да вянчання.

Колькі б тэм, матываў, сітуацый ні закраналі велічальныя песні, усе яны вырашаюцца ў ідылічным ключы. Абрадавы чалавек і абрадавае асяроддзе маюць той адбітак ідэальнай якасці і дасканаласці, які забяспечвае шчасце ідылічнага існавання.

 

ГАЛАШЭННI

Галашэннi – кола твораў (ад празаiчных рэчытатываў-выкрыкаў да разгорнутых песень-плачаў), якiя сталi своеасаблiвай формай выражэння гора, смутку. Даследчыкi адзначаюць абрадавую прымеркаванасць, функцыянальнасць галашэнняў (пахавальных, вясельных), але некаторым творам абрадавы момант не ўласцiвы, i яны выконваюцца сiтуацыйна (бытавыя, ваенныя). Паводле жанравай сутнасцi, гэта лiрычныя выказваннi, тэкстуальна звязаныя з эмацыянальным тонам падзеi. Галашэннi мелi iмправiзацыйны характар. Пры гэтым ў iх актыўна выкарыстоўвалiся традыцыйныя фальклорныя формулы-клiшэ, якiя групiравалiся па ходу абрада або ў залежнасцi ад бытавой сiтуацыi. Выконвалiся галашэннi, як правiла, жанчынамi (часам запрашалi спецыяльных плакальшчыц). Форма выканання пераважна сольная.

Найбольш развiта традыцыя пахавальных (хаўтурных) i памiнальных галашэнняў. Гэта iмправiзаваныя творы для аплаквання памёрлых. Пачыналi галасiць адразу ж пасля смерцi, працягвалi пры вырабе труны i перанясеннi ў яе памерлага, пры наведваннi роднымi i суседзямi памерлага ў яго хаце, пры вынасе нябожчыка з хаты, у час шэсця на могiлкi, пры пахаваннi, пры вяртаннi з могiлак i памiнальным стале, у памiнальныя днi. Тэматычна галашэннi сiстэматызуюцца па выканаўцах: галашэннi жонкi па мужу, галашэннi дзяцей па бацьку, галашэннi сястры па брату, галашэннi мацi па сыну (дачцэ) i iнш. Прыёмы i сродкi мастацкай выразнасцi, якiя выкарыстоўваюцца пры гэтым, павышаюць эмацыянальнасць перажыванняў: «Мамачка мая любая, / Нашто ты нас пакiдаеш? / Як нам цяпер пражыць? / Як нам цяпер прабыць?» цi: «Татачка наш родненькi, / Куды ж сабраўся? / …У дарожаньку страшную, / З якой нiхто не вярнуўся».

Вясельныя галашэннi выконвалiся нявестай або ад яе iмя (плакальшчыцамi, сяброўкамi) пераважна ў першай палове вяселля: на заручынах, у час благаслаўлення i абдорвання маладой, расплятання касы нявесты, яе развiтання з родным домам i iнш. Вясельныя галашэннi былi больш устойлiвымi, таму што жальбы-скаргі нявесты мелi рытуальна-абавязковы характар, матывавалiся абрадам, яго этыкетам, а не эмацыянальным станам i пачуццямi маладой.

Вядомыя ваенныя галашэннi, якiя выконвалiся па салдатах, якiх адпраўлялi ў армiю, па загiнуўшых воiнах, партызанах, мясцовых жыхарах i iнш. Таксама зафiксаваны бытавыя галашэннi, звязаныя з рознымi няшчасцямi (пажары, неўраджаi, хваробы, катастрофы i iнш.).

У сучасным вясковым побыце пашыраны пахавальныя i бытавыя галашэннi, вясельныя захоўваюцца ў памяцi жанчын сталага веку.

 

ПАКРЫВАННЕ

Вясельны звычай, які звязаны з пакрываннем нявесты, жаніха ці iх абодвух хусткай (плахтой), чапцом, наміткай, хлебам, кажухом або шапкай. Лакальныя назвы: Завiванне, Акручванне, Апавiванне. Пакрыванне адбывалася на розных этапах вяселля. У залежнасці ад функцыянальна-мэтавай скіраванасці рытуальнага моманту пакрыванне магло праходзіць і ў доме нявесты, і ў доме жаніха. Звычай меў поліфункцыянальны характар: указваў на прыналежнасць дзяўчыны да роду маладога, адзначаў змену ў яе паводзінах, вызначаў статус жаніха ці маладой, выконваў функцыю абярэга, з’яўляўся знакам яднання маладых. Змест вясельных песень, якія выконваліся ў межах рытуальнага моманту, цалкам адпавядаў абраду. Напрыклад, сустракаюцца матывы пра знаходжанне нявесты ў «темніцы», «каморачке»: «Захавана ў каморачку, / І замочкам замкнёна, / І калочкам заткнёна, / І мядочкам замазана». Заручоную нявесту сваякі маладога пакрывалі спецыяльна прывезенай чырвонай хусткай. Згодна з народным звычаем, пасля заручын нявеста павінна была прайсці перыяд ізаляцыі, «знікнуць» на некаторы час для іншых людзей і з’явiцца перад iмi ў вызначаны рытуалам момант ў iншай iпастасi. Жаніх, падкрэсліваючы свой статус, на працягу вяселля не здымаў шапку: «…Ехала дружына, / Пры дружыне Яся малады. / Стаў каліну ламаці, / Ды й шапачку ўбіраці, / Каб яго цёшча пазнала, / Маладым зяцем назвала». У хаце дзяўчыны дружка надзяваў на жаніха вянок, а на нявесту шапку. Едучы да шлюбу, маладая абавязкова пакрывалася кажухом. Пасля вянчання хросная маці здымала з нявесты вянок (цi вэлюм) і накідвала пакрывала (цi кавалак палатна), за што жаніх плаціў ёй грошы. У гэты момант гучала песня (Брагiнскi раён): «Што жа мы захочам, / Тое ж i зробiм, / З цеста палянiцу, / З дзеўкi маладзiцу».

На Віцебшчыне пасля пакрывання нявесты, якое адбывалася ў доме жаніха, маладых вялі з клеці ў хату, накрыўшы іх галовы ручніком, спяваючы пры гэтым песнi: «Хараша нова клець / Пад крышкаю, / Луччы таго Мар’юшка / Пад намёткаю». Пры падзеле каравая маладым звязвалі рукі і накрывалі галовы наміткай.

Звычай пакрывання стаў абъектам увагi песень розных вясельных жанраў, але працэс яго паэтычнага ўвасаблення мае спецыфiчныя рысы, якiя абумоўлены жанравай аднесенасцю пэўнага твора, функцыяй жанру. У рытуальных песнях абрадавая сiтуацыя адлюстроўвалася спецыфiчна–«прама», а ў лiрычнай песнi – праз дэманстрацыю абрадавых пачуццяў i перажыванняў вясельных персанажаў: «Шкада тую маладзiцу, / Што сядзiць у цямнiцы. / Трэба ёй прастор даць – / Пакрывала зняць».

Акрамя пакрывання вялiкае значэнне мела і ўскрыванне, якое адбывалася ў хаце маладога пасля вяртання з клеці. Здымала пакрывала сястра жаніха ці гарманіст. Спытаўшы дазволу прысутных «пакрывала зняцi», выканаўца здымаў i кiдаў яго мацi жанiха, якая стаяла з жанчынамi на лаўцы каля печы i чакала гэтага моманту. Злавiўшы пакрывала, яны накрывалi iм свае галовы i, скачучы, спявалi: «Дзякуй Богу, / Сына ажанiла, / Да нявестачкi дачакала, / Ды не буду воду насiцi, / Ды не буду хлеба мясiцi, / Ды не буду хату мясцi, / Толькi буду парадачак вясцi. / Дай, Божа, ляльку, / То я буду за няньку».

З нявесты здымалi вянок i завязвалі на галаву хустку ці чапец, абкручаны наміткай (Столінскі раён). Пакрываць маглі таксама іншых удзельнікў вяселля. Так, дзяўчына ручнiкамi перавязвала сватам не толькі плечы, але і галовы. Ранiцай першага дня ў хаце мужа маладзiца пакрывала хусткамі ўсіх жанчын, што за яе рабiлi хатнюю працу. У апошні дзень вяселля нявеста частавала свякроў; потым маладая жанчына абвязвала яе поясам, якi зрабiла сама, на плечы вешала ручнік, пакрывала галаву хусткай.

 

 

ПАСАГ

(прыданае)

1. Каштоўнасці (матэрыяльныя і духоўныя), якiя давалі дзяўчыне бацькі і родныя, калі яна выходзіла замуж. 2. У заходнiм Палессi i некаторых сумежных раёнах спецыяльныя песнi (як благаславенне цi закляцце), якiя выконвалiся пасля вяртання маладых са шлюбу, а таксама пажаданнi i парады. На традыцыйным вяселлi беларусаў пасаг у розных рэгiёнах адрознiваўся па коште ў залежнасцi ад дастатку бацькоў маладой, па часе перадачы зяцю, па рытуале. Звычайна гэта асабiстыя рэчы i адзенне дзяўчыны, маёмасць («гарод», «марга сенакоса») i грошы, што бацькi давалi маладой, каб «пачынаць хазяйнiчаць», жывёла (карова, авечкi, свiннi), розныя рэчы, якiя родныя даравалi ёй непасрэдна на вяселлi. Пасаг нявеста прыносіла ў новую сям’ю, але ён заставаўся пажыццёвай уласнасцю маладой.

Рыхтаваць яго пачыналі з самага маленства дзяўчыны. У склад ўваходзілі шматлікія дары для сваякоў, часам бялізна і верхняя вопратка для жаніха, адзенне для самой нявесты, пасцель, падушкі, дываны, коўдры, якія змяшчаліся ў скрыні (кубле, куфры): «Трэба ж, каб не толькі палатно было, але і коўдра суконная, радзюжак сама меней чатыры, падушак дзве, навалачкі друкаваныя, паясы». На Навагрудчыне таксама «поцясь, што прасці, і пук верацён, валак, качалку, варстат, што кросны ткаць».

Папярэдняя размова пра пасаг пачыналася ў час сватання і магла насіць не толькі жартаўліва-гумарыстычны, але і разважліва-сур’ёзны характар: у Магілёве бацька дзяўчыны нават падпісваў «прэдбрачную» – абяцанне абавязкова даць у якасці пасагу маёмасць ці грошы. Лiчыўся другараднай справай, калi хлопцу дзяўчына падабалася, а калi не – сват ад iмя жанiха патрабаваў вялiкага пасагу, нярэдка наўмысна, каб расстроiць вяселле. Урачыстая перадача яго адбывалася, калі нявеста садзілася на пасад: «Ляцелі гусанькі цераз сад, / Клікалі Надзечку на пасад: / – Будуць цябе дарыць, / Шчасцем-долею дзяліць, / Да вялікім дарам – пасагам» (Пінскі раён). У Віцебскім павеце нявесту надзялялі пасагам непасрэдна перад прыездам жаніха. На стол ставілі засланую хусткай талерку, гарэлку, пірог, кавалак мяса, сальніцу солі і спявалі: «Надзялі ж мяне, татухна, / Не рублём, палцінаю – / Залатой грыўнаю». Пры гэтым у Пружанскім павеце дружкі і свахі спявалі: «–Ой, родзе, родзе, слаўны, багаты, / Дарыце мяне скатом рагатым: / А вы, браткове, – дый па канёві, / А вы, сястрыцы, – дый па цяліцы, / А кравайніцы – хоць па курыцы». І адразу: «Скупую Ганначка радзіну мае, / Срэбра і злата сабе хавае, / Дробну манету табе кідае». Бацька ці брат давалі ў пасаг жывёлу: « –Мой брацейка, да мой родненькі, / А што ж ты мне на пасаг дасі? / – Сто рублёў танюсенькіх, / Пару коней варанюсенькіх». Радня маладой дарыла намiткі, хусткі, спадніцы (андаракі), кашулі і грошы. Дружко пры гэтым выклікаў: «Таксама даруе (імя) нашу пані-маладую срэбрам-златам, не так срэбрам-златам, як шчасцем і доляю, на век доўгі, на быт добры». Ці: «Хоць бы не дзяньгамі – / Добрымі славамі». Бацькі і родныя жадалі маладой шчасця, здароўя, добрай долі: «З добрым векам, з добрай доляй, / Каб здарова была, як зіма, / А вясёла, як вясна, / А ціха, як лета, А багата, як восень, / Каб цябе вадзіла і пладзіла». Акрамя таго, дзяўчыне выказвалі розныя парады: «Сабралася дружыначка – / Уся свая радзімачка / Пасага збіраці – / Раду даваці».

Калі заканчвалі дарыць і жадаць, маладая выходзіла з-за стала і кланялася ўсім у ногі. Атрыманую частку пасагу неслі ў клець і аб’ядноўвалі з ужо падрыхтаваным прыданым маладой. Рэчы, грошы і пажаданні, якія дзяўчына атрымала ў сваёй хаце, былі яе пасагам. Пасля вянчання маладых абводзiлi тры разы вакол стала, спявал «Ойча наш», усаджвалi за стол, пелi пасаг – «самыя галоўныя спевы, што складаюць працяг шлюбу i аснову ўсяго вяселля», якiм надавалася асаблiвае значэнне i без чаго нi шлюбу, нi вяселля не прызнавалi: «Як сцяклося дзві рэчанькі, / То ж обідві быстрысэнькі! / Як зайшоўся місяц з сонцам, / То ж абое яснэсэнькі. / Як з’іхалося два пасажэнькі / Да й абідва маладэсенькі. / Першый пасаг з-пад місяца, / Другій пасаг з-пад сонэнька; / З-пад місяца маладый жэнішок, / З-пад сонэнька малада дзівóнька». Пасаг спявалі доўга, для ўсіх родных і суседзяў, кожны раз паўтараючы яго спачатку. Пасля гэтага падавалі пачастунак, перад якім прысутныя выконвалі заклінальную песню з магìчнай формулай: «Наша пісэнька без прыпілочкі не будэ, / Наш жанішок без дзівонькі не будэ».

Звычайна пасаг везлi ў скрынi (куфры) са шматлiкiмi песнямi прыданыя нявесты ў поўнач або перад свiтаннем пасля першай ночы маладых у клецi. На Вiцебшчыне адвозiлi пасля вясельнага застолля ў маладой i адначасова з ад’ездам да жанiха. Цешча садзiлася на воз i не давала яго везцi без выкупу. На Случчыне ў час запоiн малады дамагаўся пасагу. Першую частку пасагу (грашыма) цесць аддаваў далiкатна пры бяседзе перад выпраўленнем маладых да вянца: у чыстай талерцы, засланай хустачкай, налiваў чарку гарэлкi, пiў за зяця i перадаваў яму талерку. Другую частку – як на запоiнах. Куфар з дабром зяць забiраў на другi дзень. Бацькi маладой ставiлi куфар на воз i самi садзiлiся каля яе; музыка залазiў на скрыню, iграў на скрыпцы, а прыданыя пелi «Дзе ж наша панначка» (у сааўтарстве з А. С. Фядосiкам).

 

ДА РАЗДЗЕЛА «Сфера празаічных эпічных жанраў: КАЗКІ»

 

 







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.