Здавалка
Главная | Обратная связь

БАЛАДНЫЯ ПЕСНІ (БАЛАДЫ)



Баладныя песні – адзін з самых яркіх фальклорных жанраў. Калі вам падабаюцца гісторыі пра незвычайныя падзеі, нечаканыя павароты лёсу, пра моцныя пачуцці, вернасць і здрадніцтва, калі вас цікавяць таямніцы чалавечай душы і нязведаныя сілы, якія кіруюць учынкамі чалавека, калі ў вас ёсць жаданне разабрацца ў прычынах канфліктаў паміж бацькамі і дзецьмі, братамі і сёстрамі, даведацца пра розныя варункі, у якіх могуць апынуцца закаханыя, то вы, безумоўна, звернеце ўвагу на баладныя творы.

Што такое балада? Балады – эпічныя сюжэтныя песні аб драматычных ці трагічных падзеях у сферы асабістага і сямейнага жыцця чалавека.

Герой баладных песень – чалавек прыватны. Яго сацыяльны статус няпэўны, імя, як правіла, не пазначана, ён – увасабленне гендэрнай ролі, таму ў баладах дзейнічаюць сын, дачка, маці, брат, сястра, бацька, муж, жонка, бандароўна, вайтоўна, князёўна, хлопец, дзяўчына, нявестка, залвіца, дзевер і г. д.

Фон баладных сюжэтаў – сацыяльна-бытавое і гістарычнае жыццё народа.

Праблематыка балад выключна маральна-этычная. Цэнтральная тэма – асоба ў сітуацыі маральнага выбару паміж дабром і злом, вернасцю і здрадай, пачуццямі і абавязкам, высакароднасцю і зламыснасцю, дабрадзействам і злачынствам.

Баладны сюжэт не ведае шчаслівага канца. Станоўчыя персанажы, як правіла, гінуць, але на іх баку застаецца маральная перамога над злачынцамі. Пафас баладных твораў трагічны або драматычны.

Балады былі першым фальклорным жанрам, які скіраваў увагу на лёс асобнага чалавека, драматычныя і трагічныя калізіі сямейнага жыцця. Згодна з пашыраным меркаваннем, росквіт баладных песень пачынаецца з ХІІІ ст. Яны былі вельмі папулярнымі на працягу ўсяго Сярэднявечча і выдатна выканалі сваю культурную місію – легалізавалі тэму прыватнага жыцця ў сапраўдных, хоць і выключных, жыццёвых падзеях. Праўда, іх героі – маўклівыя сведкі ўласнай гісторыі. Вядома, калі-нікалі мы чуем іх голас, яны, бывае, размаўляюць, але, па сутнасці, словы належаць не ім самім, а фальклорнаму аўтару, які перадае мову персанажаў.

Тэрмін «балада» прыйшоў на нашы землі ў эпоху рамантызму з Заходняй Еўропы. Напачатку яго падхапілі пісьменнікі. Балады займаюць прыкметнае месца ў творчасці А. Міцкевіча, Я. Чачота, А. Грозы, Т. Зана і іншых паэтаў. Яны ўраджэнцы нашай зямлі, але пісалі па-польску, ахвотна карыстаючыся беларускім фальклорам. Праўда, у сваіх знакамітых фальклорных зборніках, дзе пададзена каля 50 сюжэтных тыпаў балад, Я. Чачот выкарыстоўвае назву «думка». Гэта пэўным чынам сведчыць на карысць ранняга разумення асаблівага становішча баладных песень сярод іншых твораў.

Потым тэрмін «балада» сталі ўжываць літаратуразнаўцы. У дачыненні да фальклорных твораў, якія адрозніваюцца ад звычайных лірычных песень, яго прапанаваў вядомы збіральнік рускага фальклору П. В. Кірэеўскі. Аднак ва ўсходнеславянскай фалькларыстыцы тэрмін «балада» замацаваўся толькі ў ХХ стагоддзі, і таму не варта ужываць яго ў размовах з інфармантамі.

У свядомасці народных выканаўцаў існуе своеасаблівы эмацыянальна-змястоўны вобраз песень-балад. Згодна з памерам іх вылучаюць у асобную групу доўгіх песень. Лічыцца, і гэта правільна, што яны ўзніклі вельмі даўно, – адсюль назва даўнія песні. Па адпаведнасці іх зместу жыццёвай праўдзе балады характарызуюцца як праўдзівыя, жыцельныя песні. А стаўленне спевакоў да драматычных падзей, аб якіх гаворыцца ў творах, перадаецца праз азначэнні смутныя, жаласныя песні.

Такім чынам, балады з’яўляюцца адметным відам жанру песні. Асноўныя жанравызначальныя рысы балады, якія адрозніваюць яе ад іншых песенных відаў, наступныя: трагічны або драматычна напружаны сюжэт, тэматычна звернуты да перыпетый асабістага, сямейнага і грамадскага жыцця, прычым апошняе падаецца праз лёс асобы; своеасаблівы лірызм, звязаны з эмацыянальным станам персанажа; адсутнасць лірычнага героя; антытэтычнасць персанажаў і іх тыпалагічны склад; абавязковая наяўнасць ахвяры або пацярпелага персанажа.

Вылучаюцца тры гістарычныя тыпы балад:

1. Міфарытуальныя балады.

2. Класічныя балады.

3. «Новыя» балады.

Міфалагічныя балады – група балад, у якіх вызначальную ролю выконваюць міфалагічныя матывы. Гэты від балад аб’ядноўвае этыялагічныя песні-міфы, г. зн. міфы, у якіх закладзена тлумачэнне паходжання асобных раслін, камення, жывёл; песні, якія захоўваюць матывы ператварэнняў чалавека ў расліну, жывёлу, птушку, прадметы жывой прыроды. У міфалагічных баладах праступае архаічная светапоглядная аснова, адлюстроўваюцца старажытныя ўяўленні, вераванні і ўзаемаадносіны, увасабляецца вера ў метамарфозу, у моц чарадзейнага слова, чары, у праўдзівасць сімвалічных знакаў-прадказанняў, прарочых сноў, у незваротнасць лёсу і да т. п. Шматлікія міфалагічныя матывы, якія арганічна ўплятаюцца ў сюжэтную тканіну беларускіх балад, знаходзяць аналогіі ў фальклоры іншых індаеўрапейскіх народаў. Яны мелі пачатак у духоўнай культуры старажытных народаў: хетаў, элінаў, рымлян і інш. Асноўны змест такіх балад, іх унутраны пафас накіраваны на высвятленне сямейных канфліктаў, асабістых адносін. Рытуальныябалады характарызуюць высокую ступень развіцця каляндарнай абраднасці, калі ў ёй фальклорным спосабам, але ўжо праз сюжэтныя песні-карагоды, перадаваўся прэцэдэнтны міфалагічны тэкст, які падлягаў актуалізацыі. Рытуальныя балады не толькі шчыльна звязаны з міфалагічнымі, але маюць з імі агульныя сюжэты. Іх перакрыжаванне тлумачыцца тым, што рытуал, г. зн. унутраны змест абраду, заўсёды ўяўляе сабой узнаўленне нейкай прэцэдэнтнай міфалагічнай падзеі. Для каляндарнай абраднасці, у межах якой існавалі карагодныя песні-балады (традыцыя карагодаў амаль знікла), уласцівы тры галоўныя міфалагемы: зямля-маці, свяшчэнная ахвяра і свяшчэнны шлюб. Часам яны аб’ядноўваюцца ў межах аднаго сюжэта, а часам існуюць паасобку.

Склад міфарытуальных баллад:

1. Уласна міфалагічныя балады. Іх асноўны міфалагічны матыў – ператварэнне гераіні (маці, дачкі, нявесткі, жонкі) у птушку (зязюлю, ластаўку, салавейку і інш.), радзей – у кветкі, дрэвы, каменні, рэчкі і г. д.

2. Уласна рытуальныя балады. Іх асноўная ідэя – віна (часта ўяўная) і пакаранне персанажа з наступным ператварэннем, разарваннем.

3. Рытуальна-міфалагічныя балады. Іх разнавіднасці наступныя:

а) казачныя балады, матывы і канфлікты якіх супадаюць з матывамі і канфліктамі казак (напрыклад, матыў шлюбнага спаборніцтва, канфлікт мачахі з падчаркай і пад.);

б) легендарныя балады, якія арыентуюцца на хрысціянскія легендарныя сюжэты і хрысціянскую мараль (пра святую Алену, пра Юр’я і Цмока, дзеўку-дзетагубніцу);

(Казачныя і легендарныя балады – група твораў, характэрнай асаблівасцю якіх з’яўляецца наяўнасць элементаў дзівоснага, надзвычайнага, надпрыроднага. Гэта набліжае іх да балад міфалагічных, але яны маюць сваю адметнасць. Так, у казачных і легендарных баладах побач з чалавекам дзейнічаюць звяры (ваўкі-нянькі размаўляюць над дзіцем), неадушаўлёныя прадметы праяўляюць волю (труна прамаўляе, патрабуе цела), па-свойму дзейнічаюць такія персаніфікацыі, як «гора», «доля», «смерць» (сюжэты «смерць – памочніца мужа», «смерць – памочніца нявесткі», «вятры – памочнікі жонкі» і інш.).

в) балады з загадкамі, ідэя якіх – вытрыманае выпрабаванне;

г) карагодна-гульнявыя балады з матывамі выбару пары, перавагі мілага над іншымі персанажамі (На еўрапейскай тэрыторыі баладныя песні вызначаліся генетычнай сувяззю з танцамі і карагодамі, але толькі частка з іх выпрацавала карагодны квазісюжэт, пабудаваны на шматразовым паўтарэнні апавядальнай часткі, які разгортваецца дзякуючы ўключэнню іншага персанажа. Звычайна гэта члены сям’і, пачынаючы з бацькоў, але апошні персанаж – мілы або мілая. Ідэя «мілы даражэй за родную сям’ю», «мілы лепшы за родных», «дары мілага каштоўнейшыя за дары сваіх» і падобныя арганічная для каляндарнай абраднасці, асабліва яе веснавой часткі. Нездарма ў каментарыях збіральнікаў балады з гэтай ідэяй ёсць пазнакі: «спявалі на Вялікдзень», «вясельная песня», «гадавыя песні», «велікодная», «карагодная», «калядная або вясельная»).

Да класічных балад адносяцца балады гістарычныя і навелістычныя.







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.