Здавалка
Главная | Обратная связь

АРМЕЙСКІ (САЛДАЦКІ) ФАЛЬКЛОР



Армейскі (салдацкі) фальклор – адзін са складнікаў культуры сучаснага грамадства, найперш адносіцца да культуры моладзі. Дадзеная акалічнасць надзвычай важная: армія і тэрміновая служба ў яе радах – гэта дзве адносна самастойныя з’явы, якія хаця і маюць кропкі судакранання, але ўяўляюць сабой замкнёныя сістэмы са сваімі законамі і адносінамі. Пацверджаннем таму з’яўляюцца фальклорныя творы, якія бытуюць у названых асяроддзях.

Большасць армейскіх твораў – парафальклорныя. Яны на рускай мове і маюць пісьмовую форму бытавання, прадстаўлены ў армейскіх дэмбельскіх альбомах і салдацкіх блакнотах, аднак сустракаюцца і творы, запісаныя з вуснаў былых ці дзеючых салдат тэрміновай службы. Бытаванне на рускай мове – важны момант для разумення сутнасці армейскай фальклорнай традыцыі, таму што маўленчыя стасункі ў афіцыйнай арміі заўсёды былі рускамоўныя.

Сістэму жанраў армейскага фальклору складаюць творы невялікага памеру, максімальна ёмістыя па змесце. У сваёй большасці гэта малыя жанры гумарыстычнага характару – шматлікія афарызмы, лірычныя мініяцюры, анекдоты, маразмы, якія салдат запісвае ў блакноты і выбрана ўзнаўляе ў дэмбельскім альбоме. Досыць шмат зафіксавана ад салдат тэрміновай службы песень на розную тэматыку (каханне, сяброўства, вайна, мужнасць і патрыятызм). Па сведчанні інфарматараў, вядзенне блакнота, як і стварэнне альбома, абавязкова для кожнага салдата і ідэнтыфікуе яго як члена салдацкага грамадства. Адпаведна, грэбаванне гэтай традыцыяй успрымаецца за выклік звычаям, якія склаліся ў армейскім асяроддзі, і магчыма толькі як выражэнне свядомага пратэсту супраць дыктату гэтых звычаяў, якія асацыіруюцца з «духам арміі».

Афарызмы – самы распаўсюджаны ў армейскім асяроддзі жанр. Армейская афарыстыка стварае адрозны ад цывільнага вобраз свету са сваімі праблемамі і каштоўнасцямі, яе персанажы – члены армейскай суполкі рознага рангу. Адзінае заўважнае выключэнне з функцыянальнай кропкі гледжання складае «жаночая» тэма: «Девушка – это цветок. А цветок красив, когда он распущен. Так выпьем же за распущенных девушек»; «Женщина – это крапива. Взять ее осторожно – обожжешься. А схватишь сразу и смело – она теряет силу».

Салдацкі блакнот – асноўная форма бытавання тэкстаў пісьмовай формы фальклору. Блакнот не трэба блытаць з дэмбельскім альбомам, які рыхтуецца спецыяльна да моманту звальнення. Іх прызначэнне рознае: калі блакнот з’яўляецца своеасаблівым «акумулятарам» салдацкай традыцыі, то альбом ствараецца як «памяць» пра службу. Дэмбельскі альбом запоўнены фотаздымкамі, адрасамі саслужыўцаў і г. д. Асноўны структурны прынцып дэмбельскага альбома – паступовае адлюстраванне этапаў службы, што занатавана ў характары фотаздымкаў: больш познія павінны дэманстраваць усё большую ўключанасць гаспадара блакнота ў армейскае жыццё, набыццё ім упэўненасці, удальства. Розныя рубрыкі дэмбельскага альбома аддзяляюцца адзін ад аднаго маляванымі аркушамі – так званымі «пракладкамі», адлюстраванне на якіх носіць эмблематычны характар.

Армейскія маразмы – жанр агульнавядомы, вызначальнай рысай якога з’яўляецца адсутнасць прычынна-выніковых сувязей, уласцівых звычайнаму свету: «Что у вас нос красный, как огурец?»;«Запишите себе на ус»; «Вы у меня в кишках по горло сидите». У ваеннага чалавека, сцвярджае «маразм», логіка абсалютна іншая. Дзякуючы прыёму пародыі, якім свядома надзяляецца мова афіцэраў і прапаршчыкаў, натуральны свет выглядае як вытворны ад прафесійных установак: «По команде отбой наступает темное время суток»; «Горло болит? Учите уставы – болеть не будет!».

Такім чынам, творы армейскага фальклору – паказчык устойлівага самадастатковага развіцця дадзенай арыгінальнай субкультуры у сацыяльных умовах пачатку XXI стагоддзя.

 

 

КАРОТКІ СЛОЎНІК

ФАЛЬКЛОРНА-ЭТНАГРАФІЧНЫХ ТЭРМІНАЎ

 

Абрад – традыцыйныя дзеянні, якія маюць сакральны характар і суправаджаюць важныя моманты жыцця чалавечага калектыву; абрады, звязаныя з нараджэннем, вяселлем, смерцю, называюцца сямейнымі; сельскагаспадарчыя і іншыя абрады – каляндарнымі.

Абрадавая паэзія – творы вуснай народнай творчасці, звязаныя з каляндарнымі або сямейнымі абрадамі.

Абраднасць казачная – своеасаблівы мастацкі этыкет казкі, галоўным чынам чарадзейнай, які дасягаецца сродкамі формульнай і неформульнай стэрэатыпізацыі (зачыны, канцоўкі, пазасюжэтныя прыказкі, трохразовыя паўторы, песенныя ўстаўкі, антытэзы і г. д.).

Абсыпанне (абсяванне) – магічны вясельны абрад, скіраваны на павелічэнне сям’і (а. маладых) і забеспячэнне яе дабрабыту (а. маладой двара і хаты).

Абход – элемент каляндарных і аказіянальных абрадаў: наведванне ўдзельнікамі абраду кожнай вясковай сядзібы з выкананнем песень і пажаданняў; абворванне (баранаванне) вёскі падчас крызісных жыццёвых сітуацый дзеля яе магічнай абароны.

Авантурна-навелістычныя казкі – творы з прыгодніцкім сюжэтам і своеасаблівым тыпам разумнага, кемлівага, хітрага героя.

Агульныя месцы (ад лац. loci communes) – у фальклоры: наяўнасць у розных творах або ў розных жанрах аднолькавых сітуацый, матываў, што маюць падобнае слоўнае выражэнне; традыцыйныя паэтычныя формулы, устойлівыя стылістычныя звароты.

Адзінка фальклорная – любы твор фальклору (поўны або незавершаны), фрагмент твора, апісанне абрадаў і сітуацый, аформленае ў выглядзе тэксту, нот, магнітаграмы, відэазапісу; мае навуковы пашпарт.

Аксіялогія (ад грэч. axia – «каштоўнасць» + logos – «слова, паняцце, вучэнне») – вучэнне аб каштоўнасцях, згодна з якім фальклор разумеецца як каштоўнасць сама па сабе, а яго змест – сукупнасць фундаментальных каштоўнасцей, якімі кіруюцца ўсе без выключэння члены дадзенага этнасу.

Аламатыў (грэч. allos – «іншы») – канкрэтная рэалізацыя матыву ў фальклорным тэксце.

Алюзія (лац. аllusio – «намёк, жарт») – у мастацкай мове: адсылка да вядомага выказвання, факта літаратурнага, гістарычнага, палітычнага жыцця або да мастацкага твора; прыём красамоўства ў фальклоры і літаратуры.

Амбівалентнасць (ад лац. аmbo – «абодва» + valentia – «сіла») – тэрмін, які абазначае дваісты характар успрымання, ацэнкі аднаго і таго ж вобраза, з’явы, што валодае супрацьлеглымі, узаемнавыключальнымі якасцямі, уласцівасцямі (высокае і нізкае, разумны і дурань, драматычнае і камічнае).

Аналогія (грэч. analogia – «падабенства») – у фальклоры: падабенства вобразаў, сюжэтаў, тэм, матываў, кампазіцыйных і іншых прыёмаў.

Ананімнасць(грэч. anonymnos – «безыменны») – тэрмін, што абазначае працэс страты аўтарства, безыменнасць фальклорных твораў.

Анекдот (грэч. anekdotos – «нявыдадзены, ненадрукаваны») – невялікае аднаэпізоднае вуснае апавяданне пра розныя жыццепадобныя здарэнні, смешныя сітуацыі, рысы характару чалавека або недарэчныя ўчынкі, якія завяршаюцца нечаканай камічнай развязкай.

Анімізм (ад лац. anima, animus – «дух», «душа») – вера ў існаванне душы, што можа існаваць па-за целам, духаў, у адушаўлёнасць жывой і нежывой прыроды.

Анталогія (ад грэч. anthologia – «кветнік, збор кветак») – збор асобных твораў некалькіх паэтаў або пісьменнікаў; у фальклоры: збор фальклорных твораў аднаго або некалькіх жанраў.

Антрапалагічная школа – яе прадстаўнікі тлумачылі падабенства фальклору народаў, якія не знаходзіліся паміж сабой у этнічнай роднасці або эканоміка-культурных сувязях, праз тэорыю самазараджэння сюжэтаў, агульнасць чалавечай прыроды, падабенства псіхікі і мыслення людзей.

Антрапамарфізм (ад грэч. anthropos – «чалавек» + morphe – «форма») – прыпадабненне міфалагічнай істоты, стыхіі і з’явы прыроды, жывёлы, рсліны і г. д. да чалавека па знешнім выглядзе, якасцях і здольнасцях.

Антытэза (ад грэч. antithesis – «супрацьпастаўленне») – стылістычны прыём, заснаваны на рэзкім супрацьпастаўленні з’яў, прадметаў, азначэнняў, дзеянняў, вобразаў, пачуццяў і г. д.

Апавядальнік – інфармант, рэальны расказчык вусных празаічных твораў, казачнік; умоўны вобраз, які прысутнічае ў зачынах і канцоўках казак.

Апавяданне вуснае – жанр фальклорнай няказкавай прозы пра розныя падзеі з жыцця расказчыка, яго блізкіх, знаёмых, іншых людзей.

Апакрыфічныя легенды – жанр няказкавай прозы, звязаны з вобразамі і матывамі Старога і Новага Запаветаў, сюжэтамі пра вандраванне Бога і святых па зямлі, пра вялікіх падзвіжнікаў, вялікіх грэшнікаў і г. д.

Апокрыф (грэч. аpokryphos – «таемны») – твор з біблейскім сюжэтам, які ўтрымлівае адступленне ад афіцыйнага веравучэння і таму адвяргаецца царквой.

Архетып (грэч. arche-typos – «пачатак» + «вобраз») – псіхалагічная агульначалавечая структура, калектыўны падсвядомы спадчынны вобраз; першасная форма, прататып; у фальклоры: першасны матыў, сюжэт, вобраз, створаны калектыўнай фантазіяй на аснове апрыёрнай схемы.

Арэал – (лац. area – «плошча, прастора») – зона распаўсюджання асобнай фальклорнай з’явы або яе часткі.

Асіміляцыя (лац. assimilatio – «прыпадабненне, зліццё, засваенне») – у фальклоры: зліццё аднаго паэтычнага тэксту або праяўлення з іншым са стратай адным з іх сваіх мастацкіх асаблівасцей, жанравых прыкмет.

«Асноўны міф» – міф пра адзінаборства бога навальніцы са змеепадобным праціўнікам (выкрадальнікам вады, свойскай жывёлы, жанчын) і перамогу над ім; ва ўсходніх славян: гіпатэтычны міф пра паядынак бога-грамоўніка Перуна з Вялесам.

Атрыбут – істотная прыкмета міфалагічнага ці фальклорнага персанажа, абраду, з’явы і г. д.

Атрыбуцыя (лац. attributio – «прыпісванне») – устанаўленне аўтара мастацкага твора; у фальклоры: устанаўленне месца і часу стварэння фальклорнага твора.

Аўсень (Тáусень, Бáусінь)– каляндарна-абрадавая велічальна-віншавальная песня, якая выконвалася ў час калядных абходаў і названая па прыпеве ў форме выгуку («Аўсень!»)

Аўтарэма – індывідуальна-аўтарская, адзінкавая, адрозная ад агульнапрынятай трактоўка пэўнага міфалагічнага ці фальклорнага вобраза, матыву, сюжэта ў літаратурным творы.

Аўтэнтычны (тэкст) (ад грэч. authentikos – «сапраўдны») – тэкст фальклорнага твора ў момант яго выканання носьбітам фальклорнай традыцыі.

Афарыстыка народная – сукупнасць выслоўяў, прыказак, прымавак.

 

Багатырскія казкі – група твораў, героі якіх багатыры незвычайнай сілы або былінныя багатыры.

Байка – у гутарковай мове сінонім казкі, легенды, апавядання з выдумкай.

Балаган (ад перс. балахане – «верхні пакой, балкон») – часовае збудаванне для паказу ў ім цыркавых і тэатральных прадстаўленняў пераважна камічнага характару (у Расіі з сяр. ХVІІІ ст.).

Балада (франц. ballad ад познелац. ballo – «танцую») – ліра-эпічная песня, якая па-мастацку адлюстроўвае драматычныя і трагічныя калізіі ў сферы асабістага, сямейнага і грамадскага побыту чалавека.

Бахар (баять – «казаць», бахорить – «балбатаць») – старажытнарускі казачнік.

Батлейка – від беларускага народнага лялечнага тэатра; гл. Вяртэп.

Бывальшчына – жанр няказкавай прозы, кароткае вуснае апавяданне з адноснай сюжэтнай устойлівасцю пра нібыта наяўнае, выключнае здарэнне, звычайна з трэцяй асобай.

Быліны (кніж.) – жанр рускай народнай эпічнай паэзіі эпохі ранняй дзяржаўнасці; народны тэрмін – «старына» («старынка»).

Былічка – вуснае апавяданне–успамін пра нібыта наяўныя звышнатуральныя з’явы: сустрэчу апавядальнака з увасобленым духам прыроды (лесуном, вадзяніком, русалкай і г. д.), хатнім духам (дамавіком, кікімарай, лазнікам, авіннікам) або іншай дэманічнай істотай (д’яблам, змеем, чараўніком, ведзьмай).

Бытаванне фальклору – уключанасць фальклору ў паўсядзённы і працоўны быт, святы, абрады, ігрышчы, вячоркі і г. д.

Бытавыя казкі – від рэалістычных казак з сямейным тыпам канфлікту.

 

Валачобныя песні (валачэўныя, лалынкі) – велічальна-віншавальныя песні вясенняга абрадавага абходу двароў, якія выконваліся ў першы дзень Вялікадня (Пасхі) валачобнікамі (лалоўнікі, кукольнікі, ранцавальнікі, хрыстаслаўнікі), блізкія да калядак.

Вандроўныя сюжэты – аднолькавыя сюжэты ў фальклоры розных народаў (казках, баладах і г. д.), наяўнасць якіх тлумачылася іх міграцыяй і запазычаннем.

Варыянт (ад лац. variantis – «зменлівы») – у фальклоры: кожнае аднаразовае выкананне народнага твора, а таксама яго зафіксаваны тэкст.

Варыятыўнасць – арганічная і універсальная ўласцівасць фальклору, спосаб існавання фальклорнай традыцыі; фальклорны працэс – гэта змяненне на традыцыйнай аснове сюжэтных тэм, матываў, сітуацый, вобразаў, элементаў стылю і г. д.

Велічальныя песні – жанр абрадавай лірыкі, пабудаваны на ідэалізацыі персанажа і яго асяроддзя.

Версія (ад познелац. versio – «відазмяненне, паварот») – у фальклоры: група варыянтаў, якія даюць якасна іншую (часам прама супрацьлеглую) трактоўку народнага твора.

Верш раёшны – рыфмаваны вольны верш, у якім колькасць строф, размяшчэнне складоў і націскаў свабодна вар’іруецца ў кожным радку; выкарыстоўвалі раешнікі, лялечнікі, гандляры-разносчыкі і інш.

Верыфікацыя – праверка дакладнасці мастацкага тэксту.

Вінаграддзе – адзін з трох тыпаў рускіх калядных велічальна-заклінальных песень (калядка і аўсень), названых па прыпеве («Виноградие красно-зелено»).

Вобраз фальклорны – персанаж, дзеючая асоба, рэч, прадмет, локус, якія валодаюць мастацкай завершанасцю, самастойным зместам і функцыяй.

Вобразы-сімвалы – характэрныя для народнай паэзіі традыцыйныя іншасказанні («акамянелыя» метафары), якія абазначаюць шэраг персанажаў, іх пачуцці і перажыванні.

Вопленіца (ад «вопить») – выканальніца галашэнняў (з народа).

Восеньскія песні – цыкл каляндарных, часта элегічных песень, звязаны з месцам прысутнасці лірычнага героя.

Вывучэнне фальклору – арэальнае, дыяхроннае, комплекснае, рэгіянальнае, сінхроннае, сістэмнае, тыпалагічнае, тэксталагічнае, функцыянальнае даследаванне фальклору і яго асобных з’яў.

Выслоўі – трапныя і дасціпныя выразы, пазбаўленыя павучальнасці.

Вяртэп (ад стараслав. і старажытнарус. вертепъ – «пячора») – разнавіднасць народнага лялечнага тэатра; дзеянне вяртэпнай драмы адбывалася ў двухпавярховым драўляным корабе, на верхняй пляцоўцы якога разыгрываліся сцэны рэлігійнага характару (галоўная тэма – нараджэнне ў пячоры Ісуса Хрыста), на ніжняй – побытавыя гумарыстычныя сцэнкі (галоўныя героі – Салдат, Цыган, Запарожац, Поп, Баба, Д’ябал).

Вяселле – комплекс абрадаў, звычаяў, песенных, танцавальных, гульнявых і інш. твораў, якія суправаджаюць урачыстасць заключэння шлюбу, няпісаны юрыдычны акт зацвярджэння новай сям’і.

Вясельныя песні – від сямейна–абрадавых песень, розных ў жанравых адносінах (рытуальныя, заклінальныя, велічальныя, жартоўныя і інш.), з адметнымі вобразамі–персанажамі (жаніх, нявеста, сват, каравайніцы, дружкі, прыданкі і інш.).

Вяснянкі – песні абраду гукання вясны і веснавога перыяду («вясна»).

 

Галашэнні – традыцыйныя мастацкія імправізацыі, звязаныя пераважна з пахаваннем, вясельнымі, рэкруцкімі і іншымі абрадамі, хваробай, няўродзіцай і г. д., форма выражэння гора і смутку.

Гарадскі фальклор – вусна-паэтычная творчасць гарадскога насельніцтва своеасаблівага зместу і складу.

Гендэр (англ. gender – «род») – паняцце, якое арыентуе на сэнсавую дыферэнцыяцыю з’яў (у прыватнасці, фальклорных) па палавой прыкмеце.

Генезіс (грэч. genesis – «паходжанне») – паходжанне, узнікненне; працэс утварэння і станаўлення з’явы, што развіваецца.

Гераічны эпас – эпічныя жанры, аб’яднаныя гераічным модусам мастацкасці, пазіцыяй галоўных персанажаў (быліны, юнацкія песні, багатырскія казкі і да т. п.).

Гістарычная песня – жанр фальклору, песня пра гістарычны факт або гістарычную асобу, пра якіх дакладна вядома з пісьмовых гістарычных крыніц.

Гістарычная школа – кірунак у рускай фалькларыстыцы, прадстаўнікі якога тлумачылі фальклорныя творы толькі як адлюстраванне пэўнай гістарычнай рэальнасці; заслуга: сістэматызацыя сюжэтнага складу і стварэнне гістарычнай геаграфіі народнага эпасу.

 

Дзіцячы фальклор – сукупнасць жанраў, прызначаных для дзіцячай аўдыторыі, створаных як дарослымі для дзяцей, так і самімі дзецьмі.

Дражнілка – жанр дзіцячага фальклору; кароткія, аднастрофныя творы гумарыстычнага або сатырычнага характару.

Другасны фальклор – творы, узноўленыя ў мастацкай практыцы.

Дума – песенны эпас украінскага народа.

Духоўныя вершы – жанр усходнеславянскіх народных песнапенняў рэлігійнага зместу, якія па сюжэце ўзыходзяць да кніжных крыніц (Бібліі, жыцій святых, апокрыфаў).

Дыскурс (лац. discursus – «разважанне, маўленне, выказванне») – нярэдка ўжываецца як паняцце, блізкае «стылю»; у фальклоры: спецыфічны спосаб або спецыфічныя правілы арганізацыі вуснай маўленчай дзейнасці.

Дэманалогія, або ніжэйшая міфалогія (ад грэч. daimon – «боства, дух» + logos – «слова, паняцце, вучэнне») – комплекс міфалагічных уяўленняў і вераванняў пра дэманаў язычніцкага і хрысціянскага паходжання (д’ябла, чарцей, русалак, вадзяніка, лесавіка, дамавіка, кікімару і г. д.), а таксама сукупнасць твораў, якія адлюстроўваюць гэтыя ўяўленні.

 

Жанр (франц. genre – «род, від») – у фальклоры: асноўная адзінка вывучэння; гістарычна абумоўлены тып твораў, тыпавая структурная мадэль, якая валодае здольнасцю рэалізоўваць пэўную жыццёвую ўстаноўку.

Жніўныя песні – агульнае абазначэнне твораў, што адносяцца да летняга цыкла каляндарнага фальклору славян, звязаных тэматычна і функцыянальна са жнівом; у адпаведнасці з этапамі жніва падзяляюцца на зажынкавыя, жніўныя і дажынкавыя.

«Жорсткі» (мяшчанскі) раманс – жанр гарадскога фальклору сентыментальна-драматычнага характару, пераважна любоўнай тэматыкі, часам з крымінальнымі дэталямі; увайшоў у вясковы песенны рэпертуар.

 

Забаўлянкі(пацешкі, пястушкі) жанр дзіцячага фальклоруў форме прыгавораў ці песенек; суправаджаюць гульні дарослых з малымі, іх пеставанне, фізічныя практыкаванні.

Загадка – кароткі мастацкі твор, што пабудаваны на іншасказанні, метафары, алегорыі, апісанні прадметаў, з’яў у мудрагелістай форме і патрабуе разгадкі спецыяльна зашыфраванай інфармацыі.

Заклінальныя песні – абрадавыя творы імператыўнага характару і магічнай накіраванасці.

Заклінанне – кампазіцыйная частка замовы; слоўная формула ў форме загаду, просьбы, забароны і г. д.

Закрэпка – кампазіцыйны элемент, замоўная канцоўка, часта ў выглядзе ўстойлівай формулы.

Замова – найстаражытнейшы жанр фальклору; формульны тэкст магічнага характару, які ўжываўся для дасягнення жаданага выніку.

Зачын (ініцыяльная формула) – кампазіцыйны элемент, якім звычайна пачынаюцца творы тых фальклорных жанраў, у аснову якіх пакладзены сюжэтны аповед: быліны, казкі, замовы, легенды.

Звужэнне вобразаў ступеньчатае – прыём народнай паэзіі, які заключаецца ў парадку апісання прыроды, жылля, сямейных і сацыяльных адносін і г. д. ад агульнага да прыватнага, ад множнага да адзінкавага.

Звычай – традыцыйна ўсталяваны парадак паводзін, замацаваны калектыўнымі звычкамі, аднаўляецца ў нязменным выглядзе на працягу доўгага перыяду.

Зімовыя песні – агульная назва каляндарна-абрадавых песень, што выконваліся ў зімовы перыяд; цыкл складаецца з піліпаўскіх, калядных, шчадроўскіх песень.

Зоамарфізм (ад грэч. zoon – «жывёла» + morphe – «форма») – прыпадабненне жывёлам па знешнім выглядзе.

Зычэнні – від выслоўяў, добрыя пажаданні ў форме кароткіх слоўных выразаў.

Ідэалізацыя – у фальклоры: спецыфічны спосаб стварэння мастацкага хранатопу і вобразаў шляхам выключэння адмоўнага і ўзмацнення станоўчага.

Імправізацыя (ад лац. improvisus – «нечаканы, неспадзяваны») – у фальклоры: стварэнне тэксту народнага твора або яго асобных частак у момант выканання.

Інварыянт (франц. invariant – «нязменны») – у матэматыцы: выраз, які застаецца нязменным пры пэўным пераўтварэнні пераменных, звязаных з гэтым выразам; у фальклоры: абагульненне істотных варыянтных прыкмет твора (яго зместу, структуры, стылю і г. д.) у абстрагаванні ад варыянтнай канкрэтыкі.

Інверсія (ад лац. inversio – «пераварочванне, перастаноўка») – парушэнне «натуральнага» парадку слоў, храналагічнай паслядоўнасці падзей.

Індывідуальны пачатак у фальклоры – праяўляецца ў манеры выканання традыцыйных твораў, ва ўласнай, пераважна няказкавай празаічнай, творчасці, у характары імправізацыі.

Ініцыяцыя (ад лац. initiatio – «здзяйсненне таінстваў, пасвячэнне») – абрад родавага грамадства, які забяспечвае пасвячэнне, пераход яго членаў у новую ўзроставую або сацыяльную групу.

Інфарматар, інфармант (ад лац. informatio – «растлумачэнне, пераказ») – асоба, якая дае інфармацыю; у фальклоры: выканаўца народных твораў, ад якога запісаны гэтыя творы ў навуковых мэтах.

Інцэст (ад лац. incestum – «кровазмяшэнне») – палавая блізкасць паміж кроўнымі сваякамі.

 

Казачнік – выканаўца казак (з народа).

Казка – эпічны, празаічны твор чарадзейнага, авантурнага або побытавага характару з устаноўкай на вымысел.

Казкі марфалогія – вывучэнне казкі па складніках і адносінах частак адна да адной.

Калектыўнасць – спецыфічная рыса фальклорнага працэсу, якая заключаецца ў сатворчасці пакаленняў пры стварэнні твораў на аснове традыцыі.

Калікі (калекі) перахожыя (ад лац. caligae – «падарожныя боты з нізкай халявай») – вандроўнікі, паломнікі па святых хрысціянскіх месцах і манастырах, якія выконвалі духоўныя вершы і легенды.

Калыханкі – жанр дзіцячага фальклору, выконваліся маці і іншымі асобамі, каб супакоіць, закалыхаць дзіця, маюць нацыянальна адметную рытміку і мелодыку.

Калядаванне – калядны абрад наведвання дамоў групамі ўдзельнікаў (калядоўшчыкаў, каляднікаў), якія віншавалі гаспадароў, выконваючы песні калядкі, і атрымлівалі за гэта ўзнагароду.

Калядная песня – абходная песня, якая адносіцца да зімовага цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі і суправаджае абрад калядавання.

Канапляная песня – твор, што суправаджаў уборку і апрацоўку канопляў.

Кантамінацыя (лац. contaminatio – «змяшэнне, злучэнне») – у фальклоры: злучэнне ў адным мастацкім творы двух і больш самастойных твораў і іх частак.

Канцоўка (фінальная формула) – структурны элемент, што завяршае кампазіцыю эпіка-апавядальных твораў.

Канцэпт (лац. conceptus – «думка, паняцце») – ідэальны вобраз фрагмента рэчаіснасці ў свядомасці кожнага індывіда; той комплекс уяўленняў, паняццяў, ведаў, асацыяцый, перажыванняў, які суправаджае паэтычнае слова.

Каравайныя песні – творы, што суправаджалі абрад прыгатавання спецыяльнага вясельнага хлеба – каравая.

Каравайніца – вясельны чын, удзельніца абраду прыгатавання вясельнага каравая.

Карагод– найстаражытнейшы від народнага танцавальнага мастацтва; спалучае харэаграфію з драматычным дзеяннем, танцам, песняй.

Карагодная песня – твор, што суправаджае карагод.

Карнавалізацыя – адмена сістэмы афіцыйных каштоўнасцей падчас карнавалу і мастацкай творчасцi з выкарыстаннем парадзiравання, гратэску, рэалiзацыi метафары i да т. п.

Каштоўнасць– прадмет, з’ява або ўяўленне, якое мае вялікае значэнне для грамадства або індывіда і выступае неабходнай умовай іх жыццядзейнасці.

Клішэ (франц. cliche – «малюнак, чарцёж») – першапачаткова: друкаваная форма з рэльефным малюнкам, якая служыла для ўзнаўлення ілюстрацый; у фальклоры: адно з абазначэнняў паэтычных маўленчых стэрэатыпаў (традыцыйных формул, агульных месцаў і г. д.).

Крáсата (девья крáсота, красная крáсота) – у рускiм фальклоры: вясельны атрыбут; прадмет, што сімвалізуе маладосць і прыгажосць нявесты, яе паэтычны і міфалагічны двайнік (упрыгожанае дрэўца, вянок, каса і г. д.)

Кумулятыўная кампазіцыя сюжэта (лац. сumulatio – «павелічэнне, назапашванне») – кампазіцыя, заснаваная на прынцыпе назапашвання ланцужкоў з аднаго і таго ж варыятыўна паўторанага матыву.

Купальская песня – твор, прымеркаваны да абраду ў гонар дня летняга сонцастаяння – Купалля.

Куставая песня – від заходнепалескіх веснавых песень, што выконваліся ў час жаночага абходнага аграрна-магічнага абраду ваджэння «Куста» на другi дзень Тройцы.

 

Легенда – (лац. legenda – літар. «тое, што павінна быць прачытана або рэкамендавана да прачытання») – у фальклоры: празаічны твор, які фантастычна асэнсоўвае падзеі, што адносяцца да з’яў нежывой прыроды або да свету раслін, жывёл, людзей, і успрымаецца апавядальнікам і слухачом як верагоднае. Віды легенд: этыялагічныя, касмаганічныя, зааганічныя, гістарычныя, тапанімічныя і інш.

Летнія песні – у асноўным купальскія, пятроўскія, жніўныя.

Лірычныя песні – род песеннага фальклору, вызначальная рыса якога – наяўнасць лірычнага героя.

Лічылкі – жанр дзіцячага фальклору, невялікія вершаваныя творы, з дапамогай якіх арганізуецца пачатак гульні.

Лубок (ад «луб» – валакністая частка кары ліпы; з яе выраблялі кашы і паперу) – від народнай творчасці, асаблівага стылю малюнкі з тэкстам і без яго, выкананыя на грубай паперы; распаўсюджваліся ў ХVІІІ – ХХ стст.

Любоўныя песні – від пазаабрадавай лірыкі з адметным тыпам канфлікту, звязаным з перажываннямі лірычнай гераіні (героя).

Лялечны тэатр – від народнага тэатральнага мастацтва з акцёрамі-лялькаводамі і традыцыйным рэпертуарам.

 

Магія апатрапейная (ад грэч. apotropaios – «які адводзіць бяду») – абрады, звязаныя са звышнатуральнай верай у магчымасць папярэдзіць ад суроку, чаравання, наслання.

Магія прадуцыравальная (ад лац. producentis – «утваральны») – абрады, звязаныя з верай у магчымасць забяспечыць дабрабыт і ўрадлівасць ва ўсіх іх праявах.

Масленічныя песні – цыкл твораў, што выконваліся ў час масленічнага тыдня.

Матыў (ад познелац. motions – «рух») – адзінка музычнай формы, мелодыя, напеў, асноўны элемент, з якога складаецца музычны твор; у фальклоры: прасцейшая дынамічная сэнсавая адзінка апавядання, структурны элемент сюжэтаскладання з уласнай тэмай (элементарны сюжэт або частка складанага сюжэта).

Матыфема – інварыянт матыву.

Мемарат (ад лац. memoria – «памяць, успамін») – вуснае апавяданне, што перадае ўспаміны выканаўцы пра падзеі, непасрэдным удзельнікам або сведкам якіх ён быў.

Месцы агульныя – устойлівыя матывы, сітуацыі, эпізоды, дэталі, якія выкарыстоўваюцца з твору ў твор, напрыклад, у казках, былінах, песнях.

Метад сублімуючы (ад лац. sublimare – «узносіць») – творчы метад фальклору: фальклорнае мастацтва ў працэсе ўсведамлення фактаў абмінае стадыю праўдападобнасці, адразу пераходзіць на ўзровень шырокага абагульнення.

Міграцыйная тэорыя – тлумачыла падабенства фальклору індаеўрапейскіх народаў запазычаннем твораў, міграцыяй вандроўных сюжэтаў з пэўнага культурна-гістарычнага цэнтра.

Міф (грэч. mythos – «апавяданне, паданне») – сістэма архаічных уяўленняў пра свет; апавяданні, якія ўвасобілі гэтыя ўяўленні.

Міфалагема – адзінка міфалагічнай сістэмы, якая мае самастойную семантыку; выяўлены ў мастацкім творы міфалагічны вобраз, матыў, сюжэт з традыцыйнай або крыху змененай семантыкай.

Міфалагічная школа – тэорыя ў заходнееўрапейскай і рускай навуцы, прадстаўнікі якой першаасновай народнай творчасці лічылі міфалогію і рэлігію, перабольшваючы ролю міфалагічных матываў у фальклоры; заслуга: распрацоўка параўнальна-гістарычнага метаду.

Міфалогія (ад грэч. mythos – «апавяданне, паданне» + logos – «слова, паняцце, вучэнне») – сістэма архаічных уяўленняў якога-небудзь народа пра свет; сукупнасць міфаў; навука, якая вывучае і рэканструіруе міфы.

Міфалогія ніжэйшая – гл. Дэманалогія.

Міфапаэтычныя матывы – запазычаныя з міфалогіі матывы і вобразы ў фальклоры, якія адсылаюць да міфалагічнага семантычнага ядра, але падпарадкаваны новаму мастацкаму кантэксту.

Мнемоніка (ад грэч. mnemonikon – «мастацтва запамінання») – сукупнасць прыёмаў, якія маюць на мэце аблягчыць запамінанне.

 

Напеў – мелодыя, прызначаная для вакальнага выканання.

Нараталогія (ад лац. narrare – «распавядаць») – тэорыя аповеду, што вывучае мастацкі твор як аўтаномную структуру, рэалізацыя якой ажыццяўляецца ў працэсе актыўнага «дыялагічнага ўзаемадзеяння» пісьменніка і чытача (у літаратуры), выканаўцы і слухача (у фальклоры).

Народная драма – форма народнага тэатра, прымеркаваная да Каляд, з такімі п’есамі, як «Цар Ірад», «Цар Максімілян», «Лодка» і інш.

Народная паэтычная творчасць – слоўная частка фальклору з адметнай сістэмай жанраў і відаў вуснай творчасці.

Небыліцы – творы рознай жанравай прыналежнасці, што выяўляюць рэчаіснасць з наўмысным парушэннем храналагічнай паслядоўнасці падзей і ствараюць поўную недарэчнасцей мастацкую карціну свету.

Павер’е (прымхі, забабоны)– элемент народных ведаў, прымхлівае паданне, перакананне, заснаванае на такім паданні або прыкметах.

Паданне – у фальклоры: вуснае празаічнае апавяданне пра рэальныя або прыдуманыя падзеі і асоб мінулага, якія не адлюстраваліся ў захаваных пісьмовых крыніцах; сінонім гістарычнай ці тапанімічнай легенды.

Падблюдныя песні – рускія калядныя песні, якія выконваліся зімой у час асаблівай «падблюднай» калектыўнай варажбы.

Падтэкстоўка – песня, словы якой складзены на ўжо вядомую мелодыю.

Пазаабрадавая паэзія – від песеннага фальклору, сэнсава і функцыянальна не звязаны з традыцыйнымі абрадамі.

Пакосная песня – твор, які адносіцца да летняга цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі і суправаджае касавіцу, уборку травы: касьбу, сушку і вываз сена.

Палілогія (ад грэч. palin – «зноў, назад» + logia – «кажу») – падхопліванне, паўтор апошніх слоў папярэдняга радка ў пачатку наступнага, адзін з прыёмаў злучэння радкоў.

Паралелізм псіхалагічны – у народнай паэзіі: кампазіцыйны прыём, заснаваны на супастаўленні дзвюх вобразных карцін – з чалавечага свету і са свету прыроды па прыкмеце дзеяння, руху або стану.

Парэміі (грэч. paroimia – «прыпавесць», «выслоўе») – агульная назва малых жанраў фальклорнай прозы (выслоўяў, прымавак, прыказак, загадак).

Партыцыпацыя (ад лац. participatio – «саўдзел») – натуральны асноўны закон старажытных, пачуццё містычнага адзінства са сваёй сацыяльнай групай і г. д.

Пашпарт фальклорнага тэксту – сукупнасць дадзеных, што ўтрымліваюць інфармацыю пра збіральніка (прозвішча, імя, імя па бацьку), час фіксацыі фальклорнага твора (дата), месца яго запісу (вёска, горад, раён, вобласць), звесткі пра інфарматара (прозвішча, імя, імя па бацьку, узрост, нацыянальнасць, прафесія, адукацыя, месца нараджэння) і іншыя дадатковыя звесткі.

Паэтыка фальклорная – сістэма кампазіцыйных форм і прыёмаў, мастацка-стылявых сродкаў, якія складаюць адметны ад літаратурнага тып выказвання (фальклорны дыскурс).

Персаніфікацыя (ад лац. persona – «асоба» + facere – «рабіць») – увасабленне-антрапамарфізацыя, наданне чалавечых уласцівасцей з’явам і аб’ектам прыроды.

Песні пра каханне – тэматычная група пазаабрадавых песень, звязаная з любоўнымі перажываннямі лірычнай гераіні (героя).

Постфальклор (ад лац. post – «пасля») – адно з абазначэнняў познетрадыцыйнага і найноўшага фальклору і культуры.

Прота... (ад грэч. protos – «першы») – першы кампанент складаных слоў, што абазначае «першапачатковы, першасны», напрыклад: прататэкст.

Прыгаворы – вербальныя заклінанні формульнага тыпу.

Прыказка – малы фальклорны жанр; афарыстычна сціслае, граматычна і лагічна завершанае выслоўе, рытмічна арганізаванай формы з павучальным сэнсам.

Прыказка (присказка) – кампазіцыйны элемент казкі, які папярэднічае зместу, непасрэдна не звязаны з асноўным зместам твора.

Прыкмета – элемент народных ведаў, заснаваны на ўстаноўленай вопытным шляхам адпаведнасці паміж дзвюма рэальнымі з’явамі.

Прымаўка– вобразны выраз, які ўпрыгожвае маўленне, элемент разважання, пазбаўлены абагульняльнага павучальнага сэнсу і аформлены няпоўным сказам.

Прыпеўка (частушка) – адна з назваў кароткіх, звычайна чатырохрадковых, рыфмаваных песень хуткага, «частага» тэмпу выканання.

 

Рабочы фальклор – вусна-паэтычная творчасць рабочых з адметнай тэматыкай.

Радзінная паэзія – від сямейна-абрадавага фальклору (песні, зычэнні, жарты), звязаныя са святкаваннем радзін.

Радзінныя песні – від сямейна-абрадавых песень з адметнымі вобразамі-персанажамі (парадзіха, дзіця, бацька, кум, кума, бабка).

Раёк– народны тэатр рухомых малюнкаў з каментарыямі да іх; малюнкі маглі выяўляць біблейскія сюжэты: напрыклад, выгнанне Адама і Евы з раю.

Русальныя песні – невялікая па складзе група каляндарных песень, якія выконваліся на працягу Русальнага тыдня.

Рытуал (ад лац. ritualis – «абрадавы») – форма складаных сімвалічных паводзін, упарадкаваная сістэма дзеянняў і слоў; унутраны змест абраду.

Рэгіянальны фальклор – цэласная адзінка ў складзе агульнанацыянальнай традыцыі, вусна-паэтычная творчасць асобнага фальклорна-этнаграфічнага рэгіёна.

Рэмінісцэнцыя (лац. reminiscentia – «успамін») – прысутнасць у творы невідавочнай, ускоснай адсылкі да іншага тэксту, згадванне пра іншы мастацкі твор, факт культурнага жыцця.

Рэтардацыя (лац. retardatio – «замаруджванне, затрымка») – у фальклоры: замаруджванне сюжэтнага дзеяння, якое дасягаецца пры дапамозе разнастайных паўтораў.

 

Сакральнае (ад лац. sacer (sacri) – «прысвечанае багам, свяшчэннае») – абсалютная, вышэйшая каштоўнасць, якая адносіцца да рэлігійнага культу і рытуалу, прынцыпова адрозніваецца ад звычайнай рэальнасці, існуе ў формах пазітыўна–сакральнага і негатыўна–сакральнага.

Сатыра народная (ад лац. satira – «сумесь, усялякая ўсячына») – прынцып мастацкага ўвасаблення рэчаіснасці, заснаваны на камічным выкрыцці сацыяльных з’яў і тыпаў, іх вострым асмяянні.

Сацыяльныя песні – від пазаабрадавай лірыкі з сацыяльным тыпам канфлікту.

Святы – проціпастаўлены будням час з канцэптуальнай сістэмай звычаяў, забарон, прадпісанняў, абрадаў, гульняў, песень і г. д.

Сёмушныя песні – творы, якія выконваліся на Семіковым (або Зялёным) тыдні (сёмым тыдні пасля Вялікадня).

Сінаптычны (ад грэч. sinoptikos – «які аглядае ўсё разам») – зводны, аглядны, які дае агляд усіх частак складанага цэлага; сінаптычныя табліцы – табліцы, на якіх пазначаны адначасова дадзеныя рознага роду з мэтай больш нагляднага іх успрымання.

Сінкрэтызм (грэч. synkretismos – «злучэнне, аб’яднанне») – злучанасць, нерасчлененасць, якая характарызуе першапачатковы стан першабытнага мастацтва, дзе танец, спевы, музыка, дзеянне існавалі ў адзінстве; водгалас гэтага адзінства захаваўся ў традыцыйных жанрах фальклору, напрыклад у абрадах, карагодах.

Сінтэз (ад грэч. synthesis – «злучэнне, спалучэнне, складанне») – у фальклоры: познія мастацкія злучэнні.

Сказ – фальклорная форма (у тым ліку вуснае народнае апавяданне), што знаходзіцца на мяжы побытавага маўлення і мастацкай творчасці.

Сказіцель – выканаўца былін (з народа).

Сказанне – агульная назва апавядальных фальклорных твораў гістарычнага і легендарнага характару.

Скамарохі – рускія сярэднявяковыя вандроўныя камедыянты, музыканты, спевакі, фокуснікі, танцоры, дрэсіроўшчыкі, якія ўдзельнічалі ў абрадах і народных святах.

Спеў частушачны – цыкл з рознай колькасці прыпевак (строф), які ўзнікае пры натуральным выкананні прыпевак.

Стылізацыя фальклорная – форма фалькларызму, мадэліраванне стылю розных фальклорных жанраў у ідэйна-мастацкіх мэтах.

Стыль фальклорны – адметны тып мастацкага выказвання з адметнай змястоўнасцю форм, прыёмаў, спосабаў увасаблення мастацкага свету.

Сугестыўнасць (лац. suggestio – «унушэнне, намёк») – працэс псіхічнага ўздзеяння на асобу праз мастацкі твор; адметная якасць мастацкага твору.

Сюжэт (ад франц. sujt – «прадмет») – ход падзей, паступовае разгортванне якіх раскрывае змест твора і характары персанажаў у эпічных, драматычных і ліра-эпічных жанрах фальклору і літаратуры.

Сямейныя песні – від пазаабрадавай лірыкі з бытавым тыпам канфлікту і адпаведнымі вобразамі.

 

Табу (палінезійск.) – абсалютная забарона, што накладвалася на якое-небудзь дзеянне, слова, прадмет; сістэма забарон, якія рэгламентавалі важнейшыя бакі чалавечага жыцця (як абрадавага, так і паўсядзённага), іх парушэнне каралася звышнатуральнымі сіламі.

Татэм(ад англ. totem (з мовы індзейцаў) – «яго род») – ва ўяўленнях нецывілізаваных плямёнаў Аўстраліі і Паўночнай Амерыкі адзінкава–множны родапачынальнік і ахоўнік племені (жывёла, расліна, прыродная стыхія, з’ява, рэч і да т. п.), аб’ект ушанавання і пакланення, з якім племя і кожная асоба захоўвае містычную сувязь.

Татэмізм – з’ява дарэлігійнага перыяду развіцця культуры; аб’яднанне людзей і акаляючага свету па татэму; комплекс вераванняў і абрадаў архаічнага грамадства, звязаных з атаясамліваннем сябе з татэмам.

Травестызм (ад франц. travesty – «пераапранаць») – у фальклоры: абрадавае змяненне полу, пераапрананне жанчын у мужчынскі касцюм, мужчын – у жаночы.

Традыцыйнасць (ад лац. traditio – «перадача», «апавяданне») – наяўнасць устойлівых кампанентаў на ўсіх узроўнях фальклорных твораў, у рамках якіх яны існуюць і ўзнаўляюцца.

Тыпалогія ў фальклоры (ад грэч. typos – «адбітак», «узор») – агульнае і істотнае ў фальклоры розных народаў; структурныя, ідэйна-змястоўныя, мастацкія супадзенні і універсаліі, абумоўленыя не культурнымі сувязямі і ўплывамі, а блізкасцю жыццёвых абставін, стадыяльнасцю грамадскага развіцця, агульнымі прынцыпамі функцыянальных, этнаграфічных і міфалагічных сувязей фальклору.

Тэзаўрус (грэч. thesauros – «запас») – фармальная сістэматызацыя фальклору, яго элементаў.

 

Уюнішныя песні – рускія віншавальныя песні, што выконваліся ў суботу або нядзелю першага паслявелікоднага тыдня маладым, павянчаных мінулай зімой.

 

Фабулат (лац. fabula – «апавяданне, гісторыя») – вуснае апавяданне, заснаванае на рэальных падзеях і жыццёвых назіраннях, але яно не з’яўляецца непасрэдным іх адлюстраваннем.

Фалькларэма – выяўлены ў літаратурным творы фальклорны вобраз, матыў, элемент з традыцыйнай або часткова змененай семантыкай.

Фалькларызацыя – засваенне фальклорнай традыцыяй літаратурнага твора, яго часткі (урыўка), сюжэта, вобраза, матыву.

Фалькларызм – другасныя формы існавання фальклорных твораў: у літаратуры, мастацтве, друку і іншых сродках масавай інфармацыі.

Фалькларыстыка – навука аб фальклоры, якая ўключае збіранне, публікацыю і вывучэнне набыткаў народнай творчасці.

Фальклор (англ. folk-lore – «народныя веды, народная мудрасць») – вусная паэтычная творчасць народа; народная духоўная культура.

Фетыш (франц. fetiche – «амулет») – неадушаўлёны прадмет, які, па ўяўленнях вернікаў, надзелены звышнатуральнай сілай і служыць аб’ектам шанавання.

Фетышызм – рыса міфалагічнай свядомасці; шанаванне фетышаў.

Формула (лац. formula – «форма, правіла») – у фальклоры: устойлівая славесная канструкцыя, звычайна рытмічна ўпарадкаваная, дыферэнцыяльная адзнака стылю, нясе ў сабе прыкметы жанру.

Формула медыяльная – кампазіцыйны элемент апавядальных жанраў фальклору, што ўзнікае ў найбольш значных, ключавых момантах твора з мэтай атрыбуцыі персанажа, якасці, стану, дзеяння і г.д.

«Формула немагчымага» – архаічны прыём народнай лірыкі, разгорнутая метафара з выніковым значэннем «гэтага ніколі не будзе».

Функцыя (лац. functio – «дзейнасць») – у фальклоры: дзеянні персанажаў, неабходныя для развіцця сюжэта; прызначэнне фальклорных твораў у абрадавым і пазаабрадавым побыце.

Функцыянальнасць – узаемасувязь фальклору і знешняга асяроддзя; унутраныя ўзаемасувязі фальклору.

 

Хранатоп (ад гр. chronos – «час» + topos – «месца») – узаемасувязь часавых і прасторавых характарыстык мастацкага свету у фальклорным творы.

Чарадзейна–фантастычныя казкі – жанравая разнавіднасць казкавай прозы з тыповымі структурай, сюжэтамі, персанажамі, паэтыкай.

 

Шлюб даманагамны (ад грэч. monos – «адзін, адзіны» + gamos – «шлюб») – групавы шлюб, што існаваў да вылучэння шлюбнай пары.

Шлюб экзагамны (ад грэч. exo – «звонку» + gamos – «шлюб») – шлюб паміж прадстаўнікамі розных родаў; недапушчальны паміж кроўнымі сваякамі (унутры аднаго роду).

 

Этыялагічны (ад грэч. aitia – «прычына» + logos – «слова, паняцце, вучэнне») – які тлумачыць прычыны і ўмовы ўзнікнення чаго-небудзь.

Этнас(грэч. ethnos – «народ») – гістарычна складзеная агульнасць людзей (племя, народнасць, нацыя).

 

Юраўская песня – веснавая песня, звязаная з абрадамі, прысвечанымі Юрыю – апекуну земляробства і свойскай жывёлы.

 

Ярынная песня – адносіцца да восеньскага песеннага цыкла; выконваецца ў час уборкі яравых сельскагаспадарчых культур.

 

 







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.