Здавалка
Главная | Обратная связь

З гісторыі развіцця і фарміравання беларускай навуковай тэрміналогіі.



Сістэматычная праца ў галіне беларускай навуковай тэрміналогіі пачалася ў лютым 1921 года, калі была заснавана Навукова-тэрміналагічная камісія пры Навукова-літаратурным аддзеле Народнага камісарыята асветы Беларусі. У па-чатку 1922 года быў створаны Інстытут беларускай культуры (з 1929 года — Беларуская Акадэмія навук), у якім прадоўжылася праца па распрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі.

За параўнальна кароткі час, з 1922 па 1930 год, у краіне былі выдадзены 24 выпускі “Беларускай навуковай тэрміналогіі” з розных галін навукі, куды ўключаліся тэрміны, якія выкарыстоўваліся пераважна ў школьным выкладанні. Побач са слоўнікавай работай і ўзбагачэннем паняційна-тэрміналагічнага фонду значным укладам Навукова-тэрміналагічнай камісіі ў развіццё беларускай тэрміналогіі з’явілася распрацоўка тэарэтычных і практычных пытанняў тэрміналогіі, якія актыўна абмяркоўваліся ў галіновых секцыях камісіі.

У 1925 годзе была выдадзена “Інструкцыя для збірання народнага слоўніка-тэрміналагічнага матэрыялу ў беларускай мове для складання слоўніка жывой беларускай мовы”. У картатэку ўвайшла частка тэрмінаў, што бытавала на тэрыторыі Беларусі, найбольш поўна былі выяўлены тэрміны сельскагаспадарчай вытворчасці, рамёстваў, промыслаў, а таксама флоры і фауны.

Тэрміны, якія выкарыстоўваліся ў прамысловасці, тэхніцы ў большасці сваёй не ўвайшлі ў картатэку слоўніка жывой беларускай мовы. У сувязі з гэтым Навукова-тэрміналагічная камісія падрыхтавала новую “Інструкцыю для збірання тэрміналагічнага матэрыялу тэхнічнага характару” (1930).

У 1932 годзе быў апублікаваны першы выпуск тэхнічнай тэрміналогіі. Гэта руска-беларускі слоўнік “Тэхнічная тэрміналогія” (Вып. 1. Мінск, 1932) пад рэдакцыяй А. Гурло. Ён ахапіў тэрміналогію паравых катлоў, паравых поршневых машын, турбін і рухавікоў унутранага згарання. Нельга не адзначыць тую станоўчую ролю, якую ён адыграў у гісторыі развіцця тэхніч-най тэрміналогіі на беларускай мове. Безумоўна, слоўнік не мог ахапіць усю тагачасную тэхнічную тэрміналогію, аднак ён паклаў пачатак сістэматызаванай распрацоўцы і вывучэнню спецыяльнай лексікі.

Перарывістасць працэсу фарміравання беларускай тэрміналагічнай лексікі ў выніку гістарычных умоў развіцця і функцыянавання беларускай мовы ў ХVІІ — ХVІІІ стст. не толькі выклікала разрыў паміж традыцыямі старабеларускай мовы і традыцыямі сучаснай беларускай мовы і аказала адмоўны ўплыў на пераемнасць развіцця тэрміналагічнай лексікі, а і абумовіла некаторую спецыфіку шляхоў і прынцыпаў развіцця новай беларускай навуковай тэрміналогіі. У значнай ступені гэта спецыфіка знайшла адлюстраванне ў актыўным выкарыстанні дыялектных слоў. Шмат новых тэрмінаў прыйшло з кніжнай лексікі новай беларускай мовы. Аднак многія лексемы характарызаваліся варыятыўнасцю і не мелі стабільнай практыкі выкарыстання, што ўскладняла іх прымяненне ў якасці тэрмінаў.

Прынцыпы стварэння новых тэрмінаў распрацоўваліся Навукова-тэрміналагічнай камісіяй і выкладаліся ў прадмовах да выпускаў “Беларускай навуковай тэрміналогіі”. Асноўны прынцып — выкарыстанне сродкаў беларускай мовы. Першым спосабам рэалізацыі гэтага прынцыпу было выкарыстанне агульнаўжывальнай лексікі беларускай мовы: вапняк, вільгаць, вочка, вышыня, глеба, глей, ланцуг замкнуты, святло адлюстраванае, сіла цяжару, тлушчы і інш. Асноўная частка тэрмінаў, створаных шляхам тэрміналагізацыі агульнаўжывальных слоў, трывала замацавалася практыкай і складае аснову сучаснай беларускай тэрміналогіі. Другім спосабам выкарыстання сродкаў беларускай мовы пры стварэнні новых тэрмінаў было шырокае прымяненне на базе нацыянальнай мовы афіксальнага словаўтварэння, аснова- і словаскладання, калькавання, семантычнага перакладу: ахоўны, зрух слаёў, голанасенныя, паглынальнік, светланосны, сціскальнасць вадкасцей.

Члены Навукова-тэрміналагічнай камісіі шырока практыкавалі стварэнне на беларускім лексічным і словаўтваральным матэрыяле тэрмінаў-неалагізмаў, якія ў большасці выпадкаў адпавядалі навуковаму зместу адпаведных паняццяў, словаўтваральным заканамернасцям беларускай мовы і трывала замацаваліся ў сучаснай беларускай тэрміналогіі: даследаванне, магутнасць, прастора, ступень, суквецце, уяўны. Значная частка створаных неалагізмаў не замацавалася ў беларускай тэрміналогіі з прычыны шырокай ужывальнасці ў практыцы інтэрнацыянальных і славянскіх, у першую чаргу рускіх, адпаведнікаў, а таксама з прычыны штучнасці асобных наватвораў і недакладнай адпаведнасці навуковаму зместу абазначаемых паняццяў: красленне (чарчэнне), кругадрэз (сегмент), прастакутнік (прамавугольнік), пэўнік (аксіёма).

Характэрнай асаблівасцю тэрміналогіі, распрацаванай Навукова-тэрміналагічнай камісіяй, была высокая ступень варыятыўнасці, абумоўленая перш за ўсё падачай часткі запазычаных тэрмінаў разам з беларускімі лексемамі або неалагізмамі. Імкненне ўкладальнікаў тэрміналагічных выпускаў максімальна выкарыстаць беларускія эквіваленты тлумачыцца не толькі элементамі нацыянальнага пурызму, але і даволі часта тым, што на раннім этапе развіцця навукі ў Беларусі вучоныя і папулярызатары навукі ў сваіх публікацыях навуковага і навукова-папулярнага зместу часта выкарыстоўвалі замест невядомых шырокаму колу чытачоў запазычаных тэрмінаў словы жывой беларускай мовы, а часам і вузкія рэгіяналізмы, якія і былі зафіксаваны ўкладальнікамі выпускаў. Акрамя таго, аналагічным матывам часам кіраваліся і самі ўкладальнікі пры неабходнасці выбару паміж запазычаннем і словам жывой народнай мовы.

У распрацоўку тэрміналогіі розных галін ведаў у 20 — 30-я гады ХХ ст. значны ўклад унеслі народныя пісьменнікі Беларусі Якуб Колас і Янка Купала. Удзел класікаў беларускай мовы ў фарміраванні тэрміналагічнай лексікі — з’ява невыпадковая. Заўважана, што ў распрацоўку тэрміналогій усіх нацыянальных моў народаў СССР у паслякастрычніцкі перыяд унеслі важкі ўклад выдатныя пісьменнікі. Можна вылучыць тры асноўныя аспекты дзейнасці вялікіх майстроў:

● непасрэдны ўдзел у распрацоўцы тэрміналогіі ў час работы ў Навукова-тэрміналагічнай камісіі;

● развіццё тэарэтычных палажэнняў аб узаемадзеянні тэрміналагічнай і агульнаўжывальнай лексікі, аб мастацка-выяўленчых асаблівасцях тэрміна-лагічнай лексікі;

● выкарыстанне навуковай тэрміналогіі ў сваіх творах.

У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе ў рэспубліцы не было агульнага цэнтра распрацоўкі і ўпарадкавання тэрміналагічнай лексікі. Адсутнасць такога цэнтра, а таксама дапаможнікаў па тэрміналогіі стала прычынай значнага павелічэння варыятыўнасці: шагаючы экскаватар і крочачы экскаватар, выключацель і выключальнік, скорасць і хуткасць і г. д. Вялікая ступень варыятыўнасці тэрмінаў характэрна для выдадзеных у 1947 — 1950 гг. брашур і кніг па тэхналогіі металаў, будаўнічай справе, механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Моўная практыка патрабавала ўзнаўлення ў рэспубліцы тэрміналагічнай работы. У 1955 годзе ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР быў створаны сектар тэрміналогіі, які функцыянаваў да 1965 года. У гэтым сектары падрыхтаваны і выдадзены «Русско-белорусско-латинский словарь ботанической терминологии» (Мн., 1967), «Русско-белорусский словарь общественно-политической терминологии» (Мн., 1970), створана картатэка і падрыхтаваны «Русско-белорусский словарь сельскохозяйственной терминологии» (рукапіс), картатэка для Руска-беларускага політэхнічнага слоўніка. Названыя слоўнікі ствараліся на аснове прынцыпу збліжэння беларускай тэрміналогіі з рускай. З 1965 па 1979 гады ў рэспубліцы не было спецыяльнага тэрміналагічнага цэнтра.

У 50-я гады пад кіраўніцтвам Я. Коласа была праведзена вялікая навукова-арганізацыйная праца па стварэнню тэрміналагічнай камісіі пры Акадэміі навук БССР, у задачы якой планавалася ўключыць каардынацыйную і нармалізуючую дзейнасць па беларускай тэрміналогіі, а таксама выданне бюлетэня рэкамендуемых тэрмінаў. Смерць Я. Коласа перашкодзіла ажыццяўленню гэтай задачы.

У 60 — 70-я гады ХХ ст. некаторыя пытанні беларускай тэрміналогіі знайшлі асвятленне ў шэрагу дысертацыйных прац па даследаванню пэўных тэматычных аб’яднанняў слоў і асобных галіновых тэрміналогій у сучаснай беларускай мове.

У 1979 годзе ў рэспубліцы створана тэрміналагічная камісія Акадэміі навук БССР, якая складалася з дзевяці секцый і ўключала вядучых вучоных, спецыялістаў розных галін ведаў. У задачы камісіі ўваходзіла распрацоўка тэарэтычных асноў і методыкі ўпарадкавання беларускай тэрміналогіі, падрыхтоўка слоўнікаў, вывучэнне вопыту работы Камітэта навукова-тэхнічнай тэрміналогіі АН СССР і тэрміналагічных органаў рэспублік.

Паколькі тэрміны ўзніклі і развіваліся на глебе нацыянальнай мовы, то лексічная, граматычная, лексіка-семантычная сістэмы мовы ляжаць у аснове кожнай галіновай тэрміналогіі. Патэнцыяльная здольнасць беларускай тэрміналагічнай лексікі перадаць сістэму паняццяў розных галін ведаў абумоўлена высокім навукова-тэхнічным патэнцыялам рэспублікі, развітасцю лексічных і граматычных сродкаў беларускай мовы, наяўнасцю пэўнай, хоць і невялікай, практыкі выкарыстання беларускай навукова-тэхнічнай тэрміналогіі ў беларускім перыядычным друку, на беларускім радыё, тэлебачанні, у навуковых выданнях.

22 Класіфікацыя функцыянальных стыляў. Публіцыстычны стыль і яго асаблівасці.

Функцыянальны стыль - разнавіднасць мовы, якая абслугоўвае пэўную сферу чалавечай дзейнасці: навуку, мастацтва, палітыку, дзелавыя і паўсядзённыя зносіны. Кожная нацыянальная мова на працягу свайго развіцця выпрацоýвае і замацоýвае грамадска ýсвядомленыя нормы ýжывання выяýленчых сродкаý, якія з'яýляюцца асновай для вылучэння функцыянальных стыляý мовы. Функцыянальныя стылі характарызуюцца формай (вусная, пісьмовая, дыялагічная, маналагічная), мэтай (паведамленне, просьба, загад) і ўмовамі зносін (узрост, характар узаемаадносін субяседнікаў). Як вядома, беларуская літаратурная мова развіваецца ý вуснай і пісьмовай разнавіднасцях, у адпаведнасці з гэтым вуснай мове адпавядае размоýны стыль, а пісьмовай - кніжныя стылі: мастацкі, навуковы, публіцыстычны і афіцыйна-дзелавы.

Публіцыстычны стыль адрозніваецца ад іншых моýных стыляý сваім прызначэннем: яго моýныя сродкі разлічаны не толькі на паведамленне, перадачу пэýнай інфармацыі, а і на эмацыянальнае ýздзеянне.

Публіцыстычны стыль - гэта стыль газет, часопісаý, крытычных артыкулаý, грамадска-палітычных выступленняý і публікацый.

Публіцыстычны стыль рэалізуецца не толькі ў вуснай, але і ў пісьмовай форме, прычым абедзве формы цесна і непасрэдна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой: пісьмовы тэкст часта выступае як агучанае вуснае маўленне, а вусныя выступленні, прамовы, інтэрв‘ю вядомых палітыкаў, грамадскіх дзеячоў, прадстаўнікоў, навукі, культуры, спорту і інш. часта друкуюцца ў СМІ, праяўляюцца ў пісьмовай форме.

Публіцыстычны стыль мовы патрабуе зразумелага для ўсіх моўнага спосабу афармлення і перадачы думкі, інфармацыі, паведамлення і звычайна мае форму маналогу. Асаблівасцямі гэтага стылю служаць выразнасць, зразумеласць, панятнасць, даступнасць інфармацыі для ўсіх, каму яна прызначана.

Важнай рысай публіцыстычнага стылю служыць перадача актуальнай, свежай інфармацыі, а таксама паведамленняў на тэмы, якія пастаянна з‘яўляюцца цікавымі для аўдыторыi.

У гэтым стылі шырока выкарыстоýваюцца грамадска-публіцыстычная лексіка і фразеалогія, рознага роду крылатыя выслоýі, прыказкі і прымаýкі, сінтаксічныя канструкцыі з ярка выражанай экспрэсіяй - рытарычныя пытанні, сказы-заклікі, звароты. У мове публіцыстыкі могуць быць скарыстаны словы са зніжанай стылістычнай афарбоýкай, жарганізмы, дыялектызмы, словы са сферы палітычнага жыцця, эканамікі, навукі.

У публіцыстычным стылі могуць быць шырока скарыстаны моýна-выяýленчыя сродкі іншых стыляý - навуковага, мастацкага, афіцыйна-дзелавога.

 







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.