Здавалка
Главная | Обратная связь

Афiцыйна-справавы стыль



Афiцыйна-справавы стыль абслугоўвае адміністрацыйную, прававую, палітычную дзейнасць чалавека. Рэалiзуецца ў дзяржаўных дакументах, інструкцыях, распараджэннях, актах, дагаворах, даверанасцях, пратаколах, аб’явах, заявах, дыпламатычных дакументах i iнш.

Афіцыйна-справавы стыль выдзяляецца сярод iншых сваёй стабiльнасцю, традыцыйнасцю, лаканічнасцю, эканомнасцю. Гэта праяўляецца ў шырокім выкарыстанні стандартных фармулёвак, штампаў (у адпаведнасці з дасягнутай дамоўленасцю, прыцягнуць да адказнасцi, за справаздачны перыяд), у імкненні да аднатыпных спосабаў выражэння думкі ў аднатыпных сітуацыях. Дакладнасць афіцыйна-справавога стылю забяспечваецца ўжываннем спецыяльных тэрмінаў (невыкананне, вышэйпададзены, ніжэйпадпісаны), адсутнасцю экспрэсіўна-эмацыянальных элементаў.

Асаблiвасцi ўжывання моўных сродкаў:

Ø частыя паўторы слоў;

Ø ужыванне iнфiнiтываў (Грамадзяне Рэспублікі Беларусь ... абавязаны: берагчы і ахоўваць прыроду, рацыянальна выкарыстоўваць яе багацці...);

Ø пашырана іменная лексіка, у прыватнасці, назоўнікі на -нне, утвораныя ад дзеясловаў (знаходжанне, пашырэнне, прыцягненне);

Ø замест дзеясловаў ужываюцца дзеяслоўна-iменныя словазлучэннi (замест дапамагчы - аказаць дапамогу, адрамантаваць – выканаць рамонт);

Ø ужываюцца прыназоўнiкi, утвораныя ад назоўнiкаў (з мэтай, у сувязi, у вынiку, па прычыне, у адпаведнасцi).

Для указання якога-небудзь тэрмiну звычайна ўжываюцца прыназоўнiкi з – па, а не з – да (з 2000 па 2001 год).

Вялікую ролю ў афіцыйных дакументах адыгрывае іх афармленне, так званыя рэквізіты (пастаянныя элементы): найменне, аўтар дакумента, дата і подпіс аўтара і інш.

Акт – дакумент, які складаецца некалькімі асобамі і пацвярджае ўстаноўлены факт, падзею, дзеянне.

 

Акт

по выніках даацэнки малакаштоўных прадметаў

на 01.10.2003 г.

Камісія ў складзе старшыні Сіманенка Л.І., членаў камісіі Пятрова М.І., Макаравай Т.В., Сілівончыка С.С., Кротава І.Р., якая дзейнічае на падставе распараджэння ад 30.09.2003 г. № 1, правяла даацэнку малакаштоўных прадметаў (МП) и ўстанавіла наступнае.

Вынікі даацэнкі МП: кошт МП да даацэнкі - 27972,75 руб.; кошт пасля даацэнкі – 1096328 руб.; сума даацэнкі – 1068355,25 руб.

Да дадзенага акта прыкладаецца ведамасць даацэнкі.

Старшыня камісіі Сіманенка Л.І.

 

Члены камісіі Пятроў М.І. Макарава Т.В.

Сілівончык С.С.

Кротаў І.Р.

 

 

Аўтабiяграфiя пiшацца ад першай асобы, у ёй паведамляюцца год і месца нараджэння, прафесія бацькоў, гады, месца вучобы, адзначаецца працоўная і грамадская дзейнасць, сямейнае становішча.

 

АЎТАБІЯГРАФІЯ

Я, Піліпенка Віктар Сямёнавіч, нарадзіўся 11 студзеня 1970 года ў горадзе Рэчыца Гомельскага раёна. Мой бацька, Сямён Міхайлавіч, працуе шафёрам, маці, Галіна Сяргееўна, - тэрапеўтам.

У 1977 годзе пайшоў у Рэчыцкую сярэднюю школу № 3. У 1988 годзе паступіў у Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны на матэматычны факультэт, які скончыў з адзнакай у 1993 годзе. Атрымаў накіраванне на працу ў сярэднюю школу № 32 г. Гомеля.

У 1993 годзе быў прызваны ў армію.

Пасля дэмабілізацыі ў 1994 годзе вярнуўся на ранейшае месца працы.

Жанаты, маю сына і дачку.

29 лютага 2000 г. Піліпенка

 

Калi афiцыйна звяртаюцца да службовай асобы, ва ўстанову, грамадскую арганiзацыю, пiшуць заяву. У гэтым дакуменце звычайна просяць прыняць на вучобу, у члены арганiзацыi, на работу, просяць вырашыць якое-небудзь пытанне.

Рэктару

УА “Гомельскі дзяржаўны універсітэт

імя Ф. Скарыны” праф. М.В. Селькіну

студэнта эканамічнага факультэта (гр. Э-32)

Трушко Сяргея Іванавіча

Заява

Прашу Вашага дазволу на перавод з эканамічнага факультэта дзённай формы на завочную форму навучання па гэтай жа спецыяльнасці ў сувязі з сямейнымі абставінамі.

10 чэрвеня 2003 г. Трушко

Дэкану філалагічнага факультэта

дацэнту Кісялёву А.В.

студэнта V курса (групы Б-52)

Караткевіча Леаніда Антонавіча

Заява

Прашу перавесці мяне на індывідуальны графік заняткаў у сувязі з тым, што я сумяшчаю вучобу і работу ў школе.

20 снежня 2002 г. Караткевіч

Пратакол – дакумент, які фіксуе ход абмеркавання пытанняў і прыняцце пастаноў на сходах, нарадах, канферэнцыях, пасяджэннях.

 

Пратакол № 2

сходу першаснай прафсаюзнай арганізацыі

Гомельскага абласнога ўпраўлення статыстыкі

8 снежня 2003 г. г. Гомель

Старшыня – Пятроў М.І.

Прысутнічалі:

Кротаў І.Р., Макарава Т.В., Сілівончык С.С., Сіманенка Л.І.

Павестка дня

1. Аб мерапрыемставах да Каляд і Новага года.

1. Слухалі: Пятрова М.І. У сувязі з наступаючымі святамі Каляд і Новага года выдзеліць сродкі для набыцця сувеніраў работнікам ўпраўлення статыстыкі, якія з’яўляюцца членамі прафсаюза. Постановили: для набыцця сувеніраў работнікам ўпраўлення статыстыкі, якія з’яўляюцца членамі прафсаюза, да Каляд і Новага года выдзеліць 745,0 тысяч рублёў.

Старшыня прафкома Пятроў М.І.

Казначэй Сілівончык С.С.

 

Распiска – дакумент, у якiм сцвярджаецца, што ва ўстанове або ад прыватнай асобы атрыманы матэрыяльныя каштоўнасці (рэчы, дакументы, грошы.

Распіска

Я, Прыходзька Валянціна Іванаўна, студэнтка І курса фізіка-матэматычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, атрымала ад выкладчыка кафедры фізічнага выхавання Канапелькі Пятра Іванавіча 20 (дваццаць) пар лыжаў з чаравікамі.

Абавязваюся вярнуць лыжы да 12 лютага 1993 г.

25 студзеня 1999 г. Прыходзька

< Запомніце выдзеленыя значэнні запазычаных слоў, якія ўжываюцца ў дыпламатычным падстылі афіцыйна-справавога стылю.

Прыдумайце з імі невялікія сказы

 

Аташэ (франц. attache) – спецыяліст-кансультант у якой-небудзь галіне пры пасольстве (напрыклад, ваенны аташэ, гандлёвы аташэ)
Дэмарш (франц. demarche) – дыпламатычнае выступленне ў форме ноты, мемарандума, заявы, адрасаванае ўраду якой-небудзь дзяржавы з мэтай выразіць пратэст, перасцярогу, дамагчыся ўступак і інш.
Канвенцыя (лац. conventio ‘дагавор’) – міжнародны дагавор па якім-небудзь спецыяльным пытанні (напрыклад, аб аўтарскім праве, чыгуначная канвенцыя)
Канфрантацыя (франц. confrontation, англ. confrontation, ад лац. confrontatio) – проціборства, супрацьпастаўленне палітычных прынцыпаў, сацыяльных сістэм
Мемарандум (лац. memorandum ‘тое, што трэба помніць’) – дыпламатычны дакумент, у якім выкладзены погляды ўрада па якім-небудзь пытанні
Нота (лац. nota ‘знак, заўвага’) – афіцыйны дыпламатычны зварот урада адной дзяржавы да ўрада другой (напрыклад, нота пратэсту)
Персона нон грата (лац. persona non grata ‘напажаданая асоба’) – 1) дыпламатычны прадстаўнік, які не карыстаецца давер’ем з боку ўрада дзяржавы, куды ён прызначаны; 2) перан. асоба, якая не карыстаецца прыхільнасцю
Рэгламентацыя (франц. reglementation) – падпарадкаванне ўстаноўленым правілам
Сатэліт (лац. satelles, -litis ‘спадарожнік, паплечнік’) – 1) спадарожнік планеты (напрыклад, Месяц – спадарожнік Зямлі); 2) дзяржава, фармальна незалежная, а фактычна падпарадкаваная іншай, больш моцнай дзяржаве
Феміда (грэч. Themis, -idos ‘імя багіні правасуддзя ў старажытнагрэчаскай міфалогіі’) – перан. правасуддзе
Эмбарга (іспанск. embargo) – 1) забарона на ўвоз у краіну ці вываз за яе межы золата або іншаземнай валюты, асобных відаў тавараў, напрыклад, зброі; 2) затрыманне суднаў і грузаў, якія належаць іншай дзяржаве, у сувязі з палітычнымі ўскладненнямі

Навуковы стыль

Сфера навукі, тэхнікі, вытворчасці патрабуе своеасаблівых сродкаў выражэння думкі, якія і знайшлі адлюстраванне ў навуковым стылі. Навуковы стыль рэалізуецца ў манаграфіях, навуковых артыкулах, рэфератах, лекцыях, навуковых дакладах і пад. і існуе пераважна ў пісьмовай форме.

Характэрныя стылёвыя рысы: сэнсавая дакладнасць (адназначнасць выражэння думкi), iнфарматыўная насычанасць, аб’ектыўнасць выкладу, бязвобразнасць, лагічнасць.

Кожная галіна навукі, вытворчасці мае пэўную сістэму спецыяльных найменняў, таму ў навуковым стылі шырока прадстаўлена тэрміналагічная лексіка.

Марфалагiчныя і сінтаксічныя асаблiвасцi навуковага стылю:

Ø пераважае iменная лексiка ў параўнаннi з дзеяслоўнай;

Ø часта ўжываюцца адцягненыя, абстрактныя назоўнiкi на -нне, -цыя, -цце (паняцце, градацыя, растварэнне); назоўнiкi, утвораныя ад дзеясловаў (абмежаванне, пашырэнне);

Ø назоўнiкi часта выкарыстоўваюцца ў родным склоне (тэмпература плаўлення, знак кангруэнтнасцi);

Ø пашыраны дзеясловы ў форме цяперашняга часу, якiя абазначаюць пазачасовае дзеянне (Вуглярод уваходзiць у склад вуглякiслага газу. Атамы рухаюцца);

Ø замест дзеясловаў часта ўжываюцца дзеяслоўна-iменныя словазлучэннi (знаходзяць прымяненне, аказваюць уздзеянне, уступаюць ва ўзаемадзеянне);

Ø пашыраны прыназоўнiкi, прыназоўнікавыя спалучэнні, злучнiкi, утвораныя ад назоўнiкаў (пры дапамозе, у якасцi, у адносiнах, у залежнасцi ад, у сувязі з)

Ø сказы вельмi часта ўскладняюцца аднароднымi членамi, дзеепрыслоўнымi i дзеепрыметнымi зваротамi, удакладняльнымі членамі сказа, пабочнымi словамi і г.д.:

Шчытападобны храсток, самы буйны храсток гартані, складаецца з дзвюх чатырохвугольных пласцінак, злучаных пад вуглом у пярэдняй частцы гартані. Вугал злучэння пласцінак у жанчын складае прыкладна 120º, у мужчын - 90º. У мужчын гэты вугал вельмі выступае наперад, утвараючы выступ гартані – “адамаў яблык”.

 

< Запомніце выдзеленыя значэнні запазычаных слоў.

Прыдумайце з імі невялікія сказы

 

Дагматызм (ад грэч. dogma, -atos ‘думка, вучэнне’) – некрытычнае мысленне (догмамі), сляпая вера ў нязменнасць тых або іншых палажэнняў, прызнанне іх за бясспрэчную ісціну
Дактрына (лац. doctrina ‘навука’) – сістэматызаванае вучэнне (звычайна філасофскае, палітычнае, ідэалагічнае), звязная канцэпцыя, сукупнасць тэарэтычных ці палітычных прынцыпаў(напрыклад, дзяржаўная дактрына, ваенная дактрына)
Дылема (грэч. dilemma) – 1) суджэнне або вывад з двума ўзаемавыключальнымі палажэннямі, з якіх неабходна выбраць адно, бо трэцяе немагчыма; 2) перан. цяжкі выбар паміж дзвюма магчымасцямі
Субардынацыя (лац. subordinatio) – 1) сістэма строгага падпарадкавання малодшых службовых асоб старшым; 2) фізіялаг. уплыў цэнтральнай нервовай сістэмы на функцыянальны стан перыферычнай нервовай сістэмы
Схаластыка (грэч. scholastikos ‘школьны’) – 1) сярэдневяковая рэлігійна-ідэалістычная філасофія, якая вызначалася абстрактнымі разважаннямі і фармальнымі лагічнымі мудрагельствамі; 2) перан. фармальныя веды, адарваныя ад жыцця

 


18. Прачытайце тэкст. Які вывад можаце зрабіць?

Калi хочаце, мова – гэта акiян. Можна чэрпаць i налiваць у ёмiстасцi рознай формы. Адна i тая ж вада прымае форму куба, бутэлькi, амфары, крыштальнага шара i бруднай лужы.

Шмат моў унутры адной мовы, ну, або, скажам мягчэй, шмат моўных сфер. Успомнім некаторыя з іх.

Мова тэхнічнай і дакументальнай інфармацыі. Мова судаводства і пратаколаў. Мова газетнай інфармацыі. Мова вучоных дакладаў, папулярных лекцый, застольных прамоў, справаздачных дакладаў... Мова, якой я пішу заяву аб прадстаўленні мне жылплошчы, і мова, якой я пішу санет.

Недарэчна выглядала б фраза ў iнструкцыi: «Прыйшоўшы на сваё цёпленькае месцечка i ўсеўшыся на свой замаслены стулiчак, вахцёр абавязаны блiснуць вачыма ва ўсе бакi!..»

Гэтак жа сама недарэчна выглядала б фраза ў iнтымным лiсце: «Нiжэйпададзеным паведамляю грамадзянцы Сiдаравай, што вось ужо тыдзень я адчуваю любоўнае тамленне!..»

(У. Салаухін)

 

19. Растлумачце значэнне фразеалагiзмаў i вызначце стылiстычна нейтральныя, гутарковыя i кнiжнага характару

Замарыць чарвяка, абы дзень да вечара, гордзiеў вузел, ахiлесава пята, пацалаваць замок, калос на гліняных нагах, гады ў рады, каліф на час, зялёная вулiца, набiрацца розуму, садом i гамора, адбою няма, адзiн чорт маляваў, узяць за горла, блiзкi свет, камень спатыкнення, маг і чарадзей, як сонная муха, дуба даць, адамаў яблык, яблык разладу.

 

20. Прывядзіце стылістычныя (семантыка-стылістычныя) сінонімы да наступных слоў.

Перавялічваць, інтрыган, заплакаць, заработная плата, выгнаць, беспарадак, размаўляць, хлусня, ісці, пакаранне, многа.

 

21.Напішыце сачыненне-апісанне сябе. Якія моўныя сродкі, характэрныя для стылю мастацкай літаратуры, вы выкарысталі?

 

22. Растлумачце значэнне наступных словазлучэнняў (перыфраз), характэрных для публіцыстычнага стылю

Чорнае золата, стальная птушка, стальны конь, зялёнае багацце, каралева спорту, цар пушчы, другі хлеб, блакітнае паліва, цар звяроў.

 

23.Напішыце невялікую творчую работу ў публіцыстычным стылі - выкажце сваё меркаванне пра якую-небудзь актуальную грамадскую праблему, палітычную падзею.

 

 

24. Знайдзiце рысы афiцыйна-справавога стылю ў дадзеным тэксце

Аб рэгламентацыi смехавытворчасцi i ўпарадкаваннi смехаспажывання

1.1. Смех – гэта наш неад’емны набытак. Смех – назоўнiк. Пагэтаму берагчы i прымнажаць яго – абавязак кожнага сумленнага грамадзянiна, незалежна ад наяўнасцi ў яго пачуцця гумару. Кожны грамадзянiн, якi дасягнуў смехаваспелага ўзросту, мае права смяяцца. Гэта права замацоўваецца за iм пажыццёва, пагалоўна, па месцы жыхарства, месцы пад сонцам, другiх сiдзячых, стаячых i iншых месцах, незалежна ад полаўзроставай прыналежнасцi, сацыяльных прымет i жадання.

1.2. Практычнае ажыццяўленне гэтага права знаходзiць адлюстраванне ў шэрагу палажэнняў, прадугледжаных для смеху.

1.3. Час для публiкацыi п. 3 яшчэ не настаў.

1.4. За арганiзацыю, ажыццяўленне, распаўсюджанне смеху нясуць адказнасць ведамствы i арганiзацыi, якiя па ўзгадненнi з мясцовымi органамi ўлады сумесна намячаюць яго аб’екты, колькасць, характар, час i месцы ажыццяўлення. Для чаго, не пазней чым за 15 дзен да моманту намечанага смеху, неабходна звярнуцца з пісьмовай заявай у адпаведныя органы, якiя надзелены правам забаранiць або не дазволiць правядзенне несанкцыянаванага смеху.

1.5. Устанавiць разумныя нормы спажывання смеху, пералiк асноўных яго вiдаў, дазволеных на тэрыторыi СССР i саюзных рэспублiк у залежнасцi ад артыкулаў УК, бюджэту, сур’ёзнасцi моманту i перамены ветру…

Працяг будзе…

 

25. Замянiце: а) словы i словазлучэннi, якiя маюць афарбоўку афицыйна-справавога стылю, нейтральнымi сiнонiмамi:

вышэйпададзенае, прадставiць жылплошчу, аддаць распараджэнне, пражываць;

б) нейтральныя словы i выразы такiмi, якiя маюць афарбоўку афiцыйна-справавога стылю:

падзякаваць, паведамiць, з-за хваробы, працаваць, далі творчы адпачынак, удзельнiчаў.

 

26. Напiшыце заяву на імя дэкана вашага факультэта з просьбай дазволiць датэрмiнова здаць экзамены, перавесцi на iндывiдуальны графiк работы. Прычыну прыдумайце самi.

 

27. Напішыце распіску на атрыманне грошай ад прыватнай асобы

 

 

28. Напішыце тлумачальную запіску з-за спазнення на заняткі.

Узор:

Дэкану факультэта

эканомiкi i кiравання

дац. Т. У. Емельянавай

 







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.