Здавалка
Главная | Обратная связь

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI.



Закон Рэспублiкi Беларусь

Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў

У Закон Рэспублiкi Беларусь

«Аб культуры ў Рэспублiцы Беларусь»

 

Прыняты Палатай прадстаўнiкоў 9 красавiка 2004 года

Адобраны Саветам Рэспублiкi 29 красавiка 2004 года

 

Артыкул 1. Унесцi ў Закон Рэспублiкi Беларусь ад 4 чэрвеня 1991 года «Аб культуры ў Рэспублiцы Беларусь» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, 1991 г., № 20, арт. 291; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2001 г., № 48, 2/759) змяненнi i дапаўненнi, выклаўшы яго ў новай рэдакцыi:

«ЗАКОН РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ»

Аб культуры ў Рэспублiцы Беларусь

 

ГЛАВА 1.

 

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI.

Артыкул 1. Асноўныя паняццi, якiя прымяняюцца ў гэтым Законе.

 

1. У гэтым Законе прымяняюцца наступныя асноўныя паняццi i iх азначэннi:

 

1.1. культура — сукупнасць культурных каштоўнасцяў, арыентаваных на задавальненне духоўных патрэбнасцяў людзей i створаных (пераўтвораных) у вынiку дзейнасцi чалавека або цесна звязаных з такой дзейнасцю;

 

1.2. культурная дзейнасць — дзейнасць па стварэнню, аднаўленню (адраджэнню), захаванню, ахове, вывучэнню, папулярызацыi, выкарыстанню i распаўсюджванню культурных каштоўнасцяў, эстэтычнаму выхаванню, мастацкай i культуралагiчнай адукацыi, арганiзацыi культурнага адпачынку (вольнага часу) насельнiцтва;

 

1.3. культурныя каштоўнасцi — створаныя (пераўтвораныя) чалавекам або цесна звязаныя з яго дзейнасцю матэрыяльныя аб’екты i нематэрыяльныя праяўленнi творчасцi чалавека, якiя маюць мастацкае, гiстарычнае, навуковае або iншае значэнне;

 

1.4. дзяржаўная палiтыка ў галiне культуры — комплекс мераў, якiя прымаюцца дзяржаўнымi органамi Рэспублiкi Беларусь па захаванню, развiццю i распаўсюджванню культуры, арганiзацыйнаму, прававому, фiнансаваму, матэрыяльна-тэхнiчнаму, кадраваму, iнфармацыйнаму i iншаму забеспячэнню культурнай дзейнасцi;

 

1.5. аб’екты культурнай iнфраструктуры — будынкi, збудаваннi, памяшканнi i iншая нерухомая маёмасць, якiя прызначаны (выкарыстоўваюцца) для ажыццяўлення i забеспячэння культурнай дзейнасцi;

 

1.6. арганiзацыя культуры — юрыдычная асоба, якая ажыццяўляе ў якасцi асноўнай дзейнасцi культурную дзейнасць;

 

1.7. дзеячы культуры i мастацтва — работнiкi культуры, творчыя работнiкi, якiя маюць ганаровыя званнi ў галiне культуры;

1.8. калектыў мастацкай творчасцi — аб’яднанне фiзiчных асоб, якiя сумесна займаюцца мастацкай творчасцю;

 

1.9. манапалiзм у культуры — дзеяннi (бяздзеянне) субъектаў культурнай дзейнасцi (за выключэннем фiзiчных асоб), якiя супярэчаць гэтаму Закону, накiраваны на недапушчэнне, абмежаванне або ўстараненне канкурэнцыi i таксама наносяць шкоду правам, свабодам i законным iнтарэсам грамадзян у галiне культуры;

 

1.10. мастацкая творчасць — стварэнне i (або) выкананне твораў мастацкай лiтаратуры i мастацтва;

 

1.11. работнiк культуры — фiзiчная асоба, якая знаходзiцца ў працоўных адносiнах з арганiзацыяй культуры на падставе заключанага працоўнага дагавора (кантракта) i займаецца культурнай дзейнасцю;

 

1.12. творчая дзейнасць — вiд культурнай дзейнасцi, якi ўключае мастацкую творчасць i iншую iнтэлектуальную дзейнасць, што завяршаецца з’яўленнем новага, не iснаваўшага раней самастойнага вынiку iнтэлектуальнай дзейнасцi ў галiне культуры.

 

2. Змест асобных паняццяў, якiя выкарыстоўваюцца ў гэтым Законе, вызначаецца ў адпаведных артыкулах гэтага Закона.

Артыкул 2. Заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб культуры i адносiны, якiя iм рэгулююцца.

1. Заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб культуры грунтуецца на Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i складаецца з гэтага Закона, iншых актаў заканадаўства, у тым лiку мiжнародных дагавораў Рэспублiкi Беларусь, якiя рэгулююць грамадскiя адносiны, звязаныя з ажыц-цяўленнем i забеспячэннем культурнай дзейнасцi.

 

2. Калi мiжнароднымi дагаворамi Рэспублiкi Беларусь устаноўлены iншыя правiлы, чым тыя, якiя прадугледжаны гэтым Законам, то прымяняюцца нормы мiжнароднага дагавора.

 

3. Гэты Закон i iншыя акты заканадаўства аб культуры рэгулююць грамадскiя адносiны ў наступных напрамках:

 

3.1. ахова гiсторыка-культурнай спадчыны;

 

3.2. бiблiятэчная справа;

 

3.3. дзейнасць творчых саюзаў i творчых работнiкаў;

 

3.4. кiнематаграфiя;

 

3.5. музейная справа;

 

3.6. народнае мастацтва, народныя промыслы (рамёствы);

 

3.7. гастрольна-канцэртная дзейнасць;

 

3.8. выдавецкая справа ў частцы, звязанай з выданнем твораў лiтаратуры, якiя маюць значэнне для захавання, развiцця i распаўсюджвання культуры, дзейнасць па распаўсюджванню i папулярызацыi ўказаных выданняў;

 

3.9. дзейнасць па арганiзацыi культурнага адпачынку (вольнага часу) насельнiцтва;

 

3.10. дзейнасць па стварэнню аб’ектаў культурнай iнфраструктуры, вытворчасцi (вырабу) iнструментаў, абсталявання i iншай маёмасцi, прызначаных для ажыццяўлення i забеспячэння культурнай дзейнасцi;

 

3.11. дзейнасць па эстэтычнаму выхаванню, мастацкай i культуралагiчнай адукацыi;

 

3.12. дзейнасць сродкаў масавай iнфармацыi ў частцы, звязанай са стварэннем, выкарыстаннем, распаўсюджваннем i папулярызацыяй культурных каштоўнасцяў;

 

3.13. мастацкая творчасць;

 

3.14. мiжнароднае культурнае супрацоўнiцтва;

 

3.15. навукова-даследчая i метадычная дзейнасць у галiне культуры;

 

3.16. прафесiйная дзейнасць у галiне мастацкай лiтаратуры;

 

3.17. прафесiйная дзейнасць у галiне мастацтва;

 

3.18. iншыя напрамкi, звязаныя з ажыццяўленнем i забеспячэннем культурнай дзейнасцi, калi iншае не вызначана гэтым Законам.

Артыкул 3. Адказнасць за парушэнне заканадаўства аб культуры.

 

Заканадаўствам устанаўлiваецца крымiнальная, адмiнiстрацыйная, дысцыплiнарная, матэрыяльная i iншая адказнасць за парушэнне заканадаўства аб культуры.

Артыкул 4. Суб’екты культурнай дзейнасцi.

 

1. Суб’ектамi культурнай дзейнасцi з’яўляюцца:

 

1.1. работнiкi культуры, iншыя фiзiчныя асобы;

 

1.2. арганiзацыi культуры;

 

1.3. суб’екты творчай дзейнасцi:

творчыя работнiкi i iншыя фiзiчныя асобы, якiя ажыццяўляюць творчую дзейнасць;

калектывы мастацкай творчасцi;

 

1.4. дзяржаўныя органы;

 

1.5. органы тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання;

 

1.6. навукова-даследчыя ўстановы i ўстановы адукацыi ў галiне культуры;

 

1.7. iншыя юрыдычныя асобы.

 

2. У выпадках, прадугледжаных заканадаўчымi актамi аб культуры, суб’ектамi культурнай дзейнасцi могуць выступаць падраздзяленнi юрыдычных асоб, у тым лiку адасобленыя.

Артыкул 5. Ажыццяўленне i забеспячэнне культурнай дзейнасцi.

 

1. Суб’екты культурнай дзейнасцi маюць права ў адпаведнасцi з гэтым Законам i iншымi актамi заканадаўства ажыццяўляць i (або) забяспечваць культурную дзейнасць.

 

2. Асноўнымi прынцыпамi ажыццяўлення i забеспячэння культурнай дзейнасцi з’яўляюцца:

 

2.1. свабода мастацкай творчасцi i iншай творчай дзейнасцi, самаразвiццё творчых працэсаў;

 

2.2. разнастайнасць напрамкаў, формаў, жанраў i стыляў у творчай дзейнасцi, недапушчальнасць манапалiзму ў культуры i манапалiзацыi культурнай дзейнасцi;

 

2.3. прыярытэт развiцця Беларускай нацыянальнай культуры;

 

2.4. агульнадаступнасць культурных каштоўнасцяў, якiя знаходзяцца ў дзяржаўных i грамадскiх фондах;

 

2.5. роўнасць суб’ектаў культурнай дзейнасцi перад законам, недапушчальнасць устанаўлення пераваг i прывiлей у галiне культуры, якiя супярэчаць закону;

 

2.6. арыентацыя на нацыянальныя i агульначалавечыя каштоўнасцi, культурныя каштоўнасцi, якiя носяць высокамастацкi i высокамаральны характар;

 

2.7. гуманiстычная накiраванасць i ўзмацненне асобаснага пачатку ў культурнай дзейнасцi;

 

2.8. усямерная ахова, захаванне, рацыянальнае выкарыстанне i памнажэнне гiсторыка-культурнай спадчыны i iнтэлектуальнай уласнасцi ў галiне культуры;

 

2.9. свабоднае развiццё культур усiх нацыянальных супольнасцяў, якiя пражываюць у Рэспублiцы Беларусь;

 

2.10. узаемадзеянне беларускай нацыянальнай культуры з культурамi iншых народаў i яе iнтэграцыя ў сусветную культуру;

 

2.11. спалучэнне дзяржаўных i грамадскiх пачаткаў у арганiзацыi культурнай дзейнасцi i кiраваннi ёю.

Артыкул 6. Свабода творчай дзейнасцi.

 

1. Свабода творчай дзейнасцi складаецца з права выбару сфер, напрамкаў (школ), формаў, прыёмаў i метадаў творчай дзейнасцi, самастойнага вызначэння формы i зместу, жанру, мовы, стылю, годнасцi i прызначэння ствараемых твораў мастацкай лiтаратуры i мастацтва, рэпертуару выконваемых твораў, мовы, стылю i манеры выканання.

 

2. Умяшанне дзяржаўных органаў (арганiзацый), iх службовых асоб, юрыдычных i фiзiчных асоб у працэс стварэння i (або) выканання суб’ектамi творчай дзейнасцi твораў мастацкай лiтаратуры i мастацтва (далей — творчы працэс) з мэтай вызначыць змест творчага працэсу i (або) уздзейнiчаць на яго вынiкi не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў, калi вынiкi творчага працэсу:

 

2.1. могуць быць накiраваны супраць суверэнiтэту Рэспублiкi Беларусь, заклiкаюць да гвалтоўнага захопу дзяржаўнай улады або змянення канстытуцыйнага ладу;

 

2.2. змяшчаюць i распаўсюджваюць паведамленнi, што знеслаўляюць гонар i годнасць Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, кiраўнiкоў дзяржаўных органаў, статус якiх устаноўлены Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь;

 

2.3. прапагандуюць вайну, гвалт i жорсткасць, сацыяльную, нацыянальную, рэлiгiйную, расавую выключнасць, нецярпiмасць або варожасць, парнаграфiю, падбухторваюць да ўчынення злачынстваў;

 

2.4. змяшчаюць iнфармацыю аб спосабах забойства чалавека, вырабу прылад i сродкаў забойства;

 

2.5. могуць прычынiць шкоду здароўю i маральнасцi чалавека;

 

2.6. у iншых выпадках, прадугледжаных заканадаўчымi актамi.

 

3. Не з’яўляюцца ўмяшаннем у творчы працэс дзеяннi, заснаваныя на дагаворы з суб’ектам творчай дзейнасцi аб стварэннi i выкарыстаннi вынiкаў творчага працэсу.

 

4. Любое ўмяшанне ў творчы працэс суб’екта творчай дзейнасцi можа быць абскарджана ў суд у адпаведнасцi з заканадаўствам.

Артыкул 7. Ажыццяўленне творчай дзейнасцi

 

1. Творчая дзейнасць, уключаючы аўтэнтычна-фальклорную дзейнасць, ажыццяўляецца як на прафесiйнай, так i на непрафесiйнай (аматарскай) аснове.

 

2. Творчая дзейнасць ажыццяўляецца як iндывiдуальна, так i на калектыўнай аснове.

Артыкул 8. Сацыяльна-творчыя заказы.

 

1. Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь, iншыя дзяржаўныя органы маюць права размяшчаць у суб’ектаў культурнай дзейнасцi з iх згоды сацыяльна-творчыя заказы з мэтай стымулявання творчага пошуку, падтрымкi таленавiтых аўтараў i выканаўцаў, рашэння iншых сацыяльна-культурных задач.

 

2. Сацыяльна-творчы заказ — дагавор на стварэнне новых твораў мастацкай лiтаратуры, фiльмаў, тэатральных пастановак i канцэртных праграм, iншых вынiкаў творчай дзейнасцi, арганiзацыю i правядзенне выставак, фестываляў, аглядаў, конкурсаў, iншых культурных мерапрыемстваў, аказанне паслуг у галiне культуры.

 

Артыкул 9. Парадак распаўсюджвання i папулярызацыi вынiкаў творчай дзейнасцi.

 

1. Суб’екты культурнай дзейнасцi, якiя распаўсюджваюць i (або) папулярызуюць вынiкi творчай дзейнасцi, маюць права самастойна вызначаць рэпертуарную палiтыку i змест культурных праграм, распаўсюджваць i (або) папулярызаваць творы мастацкай лiтаратуры i мастацтва, розныя па вiдах, напрамках (школах), форме i зместу, жанры, мове, стылю, папулярызаваць творчасць розных аўтараў, выканаўцаў i калектываў мастацкай творчасцi.

 

2. Забараняюцца распаўсюджванне i (або) папулярызацыя твораў мастацкай лiтаратуры i мастацтва ў выпадках, прадугледжаных пунктам 2 артыкула 6 гэтага Закона.

 

3. Парадак прыняцця рашэнняў аб забароне або абмежаваннi апублiкавання, публiчнага выканання i паказу твораў мастацкай лiтаратуры i мастацтва, абнародавання iх iншым спосабам, аб забароне або абмежаваннi правядзення iншых культурных мерапрыемстваў у выпадках, прадугледжаных пунктам 2 артыкула 6 гэтага Закона, а таксама дзяржаўныя органы, упаўнаважаныя на прыняцце такiх рашэнняў, вызначаюцца Урадам Рэспублiкi Беларусь.

 

4. Рашэнне дзяржаўнага органа, дзеяннi ўказанага органа або яго службовай асобы, звязаныя з забаронай або абмежаваннем абнародавання твораў мастацкай лiтаратуры i мастацтва, а таксама з забаронай або абмежаваннем правядзення культурных мерапрыемстваў, могуць быць абскарджаны ў суд у адпаведнасцi з заканадаўствам.

 

5. Асаблiвасцi парадку распаўсюджвання i (або) папулярызацыi вынiкаў творчай дзейнасцi ў ходзе правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў устанаўлiваюцца актамi заканадаўства аб правядзеннi масавых мерапрыемстваў.

ГЛАВА 2.

ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛIТЫКА, ДЗЯРЖАЎНАЕ РЭГУЛЯВАННЕ I КIРАВАННЕ Ў ГАЛIНЕ КУЛЬТУРЫ.

Артыкул 10. Асноўныя мэты i прыярытэты дзяржаўнай палiтыкi ў галiне культуры.

 

1. Дзяржаўная палiтыка ў галiне культуры грунтуецца на прызнаннi культуры ў якасцi аднаго з галоўных фактараў самабытнасцi беларускага народа, iншых нацыянальных супольнасцяў, якiя пражываюць у Рэспублiцы Беларусь, пераемнасцi пакаленняў, а таксама ў якасцi асновы развiцця i самарэалiзацыi асобы, адукацыi i выхавання дзяцей i моладзi.

 

2. Асноўнымi мэтамi дзяржаўнай палiтыкi ў галiне культуры з’яўляюцца:

 

2.1. забеспячэнне i абарона канстытуцыйнага права кожнага на ўдзел у культурным жыццi;

 

2.2. устанаўленне гарантый свабоды мастацкай творчасцi i iншай творчай дзейнасцi;

 

2.3. садзейнiчанне захаванню, развiццю i распаўсюджванню культуры на карысць iнтарэсаў чалавека i грамадства;

 

2.4. сацыяльная абарона работнiкаў культуры i творчых работнiкаў;

 

2.5. абарона грамадскай маралi, сцвярджэнне гуманiстычных iдэй i высокiх маральных пачаткаў у грамадскiм жыццi, фармiраванне эстэтычнага жыццёвага асяроддзя;

 

2.6. развiццё мiжнароднага супрацоўнiцтва ў галiне культуры.

 

3. Прыярытэтамi дзяржаўнай палiтыкi ў галiне культуры з’яўляюцца:

 

3.1. захаванне, развiццё i распаўсюджванне беларускай нацыянальнай культуры i мовы;

 

3.2. стварэнне, распаўсюджванне i папулярызацыя твораў мастацкай лiтаратуры i мастацтва для дзяцей i моладзi;

 

3.3. стварэнне ўмоў для эстэтычнага выхавання, мастацкай i культуралагiчнай адукацыi дзяцей i моладзi;

 

3.4. папулярызацыя класiчных твораў мастацкай лiтаратуры i мастацтва, iншых эстэтычных i маральных каштоўнасцяў айчыннай i сусветнай культуры;

 

3.5. забеспячэнне функцыянавання i развiцця культуры ў сельскай мясцовасцi.

Артыкул 11. Дзяржаўныя органы, якiя ажыццяўляюць дзяржаўнае рэгуляванне i кiраванне ў галiне культуры.

 

Дзяржаўнае рэгуляванне i кiраванне ў галiне культуры ажыццяўляюцца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь, Урадам Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь, мясцовымi выканаўчымi i распарадчымi органамi, iншымi дзяржаўнымi органамi ў межах iх кампетэнцыi.

Артыкул 12. Напрамкi дзяржаўнага рэгулявання i кiравання ў галiне культуры.

Дзяржаўныя органы, якiя ажыццяўляюць рэгуляванне i кiраванне ў галiне культуры, у адпаведнасцi са сваёй кампетэнцыяй:

 

- фармiруюць i рэалiзуюць дзяржаўную палiтыку ў галiне культуры ў адпаведнасцi з асноўнымi прынцыпамi ажыццяўлення i забеспячэння культурнай дзейнасцi i прыярытэтамi дзяржаўнай палiтыкi ў галiне культуры, вызначаюць агульную стратэгiю сацыяльна-эканамiчнага i навукова-тэхнiчнага развiцця ва ўказанай галiне;

 

- распрацоўваюць i зацвярджаюць дзяржаўныя праграмы захавання i развiцця культуры, забяспечваюць iх выкананне;

 

- пры распрацоўцы дзяржаўных праграм сацыяльна-эканамiчнага развiцця, iншых дзяржаўных праграм улiчваюць магчымасць уздзеяння вынiкаў iх рэалiзацыi на захаванне i развiццё культуры, а таксама ўздзеяння самой культуры на гэтыя вынiкi;

 

- устанаўлiваюць i перыядычна пераглядаюць дзяржаўныя мiнiмальныя сацыяльныя стандарты ў галiне культуры, забяспечваюць iх рэалiзацыю;

 

- ствараюць дзяржаўныя арганiзацыi культуры i кiруюць iх дзейнасцю, садзейнiчаюць развiццю матэрыяльна-тэхнiчнай базы дзяржаўных арганiзацый культуры;

 

- ажыццяўляюць планаванне, забяспечваюць праектаванне i будаўнiцтва (стварэнне) аб’ектаў культурнай iнфраструктуры, неабходных для выканання дзяржаўных праграм захавання i развiцця культуры, рэалiзацыi дзяржаўных мiнiмальных сацыяльных стандартаў у галiне культуры;

 

- забяспечваюць уключэнне ў праекты будаўнiцтва грамадскiх i жылых будынкаў (комплексаў), забудовы жылых масiваў заданняў па iх мастацкаму афармленню, а таксама спалучэнне архiтэктурных рашэнняў новых збудаванняў з iснуючай забудовай, прыродным ландшафтам з улiкам ахоўных зон нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцяў, выкарыстанне нацыянальных традыцый i прыёмаў забудовы, ландшафтнай архiтэктуры з мэтай фармiравання эстэтычнага жыццёвага асяроддзя;

 

- пры фармiраваннi рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў на чарговы фiнансавы год прадугледжваюць выдзяленне сродкаў на фiнансаванне культурнай дзейнасцi;

 

- стымулююць культурную дзейнасць, дабрачынную i спонсарскую дзейнасць у галiне культуры шляхам устанаўлення i прадастаўлення гарантый суб’ектам творчай дзейнасцi, iльгот некамерцыйным арганiзацыям культуры, а таксама фiзiчным i юрыдычным асобам, якiя ажыццяўляюць дабрачынную i спонсарскую дзейнасць у галiне культуры;

 

- маральна i матэрыяльна заахвочваюць работнiкаў культуры, суб’ектаў творчай дзейнасцi, якiя ўнеслi значны ўклад у захаванне, развiццё i распаўсюджванне культуры;

 

- аказваюць асаблiвую падтрымку юным таленавiтым аўтарам i выканаўцам, творчай моладзi, а таксама пачынаючым калектывам мастацкай творчасцi;

 

- забяспечваюць у адпаведнасцi з заканадаўствам свабодны доступ да культурных каштоўнасцяў i культурнай дзейнасцi на льготных умовах для iнвалiдаў, ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны, ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыi iншых дзяржаў, ваеннаслужачых тэрмiновай службы, дзяцей-сiрот, дзяцей, якiя засталiся без апекi бацькоў, навучэнцаў устаноў адукацыi, што забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй, прафесiйна-тэхнiчнай, сярэдняй спецыяльнай i вышэйшай адукацыi, а таксама для тых, хто мае асаблiвыя заслугi перад дзяржавай;

 

- ствараюць спрыяльныя ўмовы для эстэтычнага выхавання, мастацкай i культуралагiчнай адукацыi дзяцей i моладзi шляхам гуманiтарызацыi ўсёй сiстэмы адукацыi, падтрымкi i развiцця ўстаноў адукацыi ў галiне культуры;

 

- арганiзуюць правядзенне культурных мерапрыемстваў, звязаных з распаўсюджваннем i папулярызацыяй культурных каштоўнасцяў;

 

- спрыяюць стварэнню, распаўсюджванню i папулярызацыi суб’ектамi культурнай дзейнасцi культурных каштоўнасцяў, якiя маюць высокамастацкае i высокамаральнае значэнне, у тым лiку шляхам размяшчэння сацыяльна-творчых заказаў i фiнансавання культурных праграм (праектаў, мерапрыемстваў);

 

- ствараюць умовы для адраджэння i развiцця гiстарычных традыцый народнай творчасцi, заахвочваюць культурную дзейнасць юрыдычных i фiзiчных асоб ва ўказанай сферы;

 

- садзейнiчаюць развiццю лiтаратурнай i мастацкай крытыкi, арганiзацыi i правядзенню фестываляў, аглядаў, конкурсаў, экспертыз i iншых формаў аб’ектыўнай i незалежнай ацэнкi вынiкаў творчай дзейнасцi;

 

- ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку прымаюць меры па абароне грамадскай маралi;

 

- забяспечваюць правядзенне навуковых даследаванняў, распрацоўку i ажыццяўленне навуковых праграм i праектаў у галiне культуры, аказанне метадычнай дапамогi арганiзацыям культуры;

 

 

- арганiзуюць падрыхтоўку, перападрыхтоўку i павышэнне квалiфiкацыi работнiкаў культуры;

 

- ажыццяўляюць выяўленне, улiк, вывучэнне, рэстаўрацыю i ахову аб’ектаў гiсторыка-культурнай спадчыны;

 

- забяспечваюць афiцыйнае апублiкаванне актаў заканадаўства аб культуры, якiя прыняты, выдадзены iмi, давядзенне да ўсеагульнага ведама ў iншай форме актаў заканадаўства аб культуры, дзяржаўных праграм захавання i развiцця культуры, iншай дакументаванай iнфармацыi аб культурным жыццi, калi яна мае грамадска значны характар;

 

- забяспечваюць вядзенне статыстычнай справаздачнасцi ў галiне культуры i апублiкаванне штогадовых справаздач аб сацыякультурнай сiтуацыi ў Рэспублiцы Беларусь;

 

- ствараюць дзяржаўныя сродкi масавай iнфармацыi, якiя спецыялiзуюцца на асвятленнi культурнага жыцця ў Рэспублiцы Беларусь i замежных дзяржавах; стымулююць публiкацыi або паведамленнi на тэмы, звязаныя з культурным жыццём, у iншых дзяржаўных, а таксама недзяржаўных сродках масавай iнфармацыi, у тым лiку шляхам размяшчэння сацыяльна-творчых заказаў, прадастаўлення падатковых i iншых iльгот;

 

- стымулююць выданне лiтаратуры, якая мае значэнне для захавання, развiцця i распаўсюджвання культуры (творы лiтаратуры нацыянальнай тэматыкi, для дзяцей i моладзi, класiчныя творы мастацкай лiтаратуры i iнш.);

 

- садзейнiчаюць укараненню перадавых iнфармацыйных тэхналогiй у дзейнасць арганiзацый культуры, ствараюць адзiную дзяржаўную сiстэму iнфармацыйнага забеспячэння культурнай дзейнасцi i адзiную iнфармацыйную адукацыйную прастору ў галiне культуры;

 

- рэгулююць перамяшчэнне матэрыяльных рухомых культурных каштоўнасцяў праз мяжу Рэспублiкi Беларусь, перашкаджаюць незаконнаму вывазу за межы Рэспублiкi Беларусь матэрыяльных рухомых культурных каштоўнасцяў i незаконнай перадачы права ўласнасцi на iх, прымаюць меры па вяртанню ў Рэспублiку Беларусь матэрыяльных рухомых культурных каштоўнасцяў, незаконна вывезеных з яе тэрыторыi або не вернутых ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку;

 

- ствараюць умовы для мiжнароднага культурнага супрацоўнiцтва, развiваюць культурныя сувязi з суайчыннiкамi, якiя пражываюць за мяжой;

 

- аказваюць падтрымку мiжнародным арганiзацыям, якiя створаны i (або) дзейнiчаюць у Рэспублiцы Беларусь у мэтах выканання яе мiжнародных абавязацельстваў у галiне культуры;

 

- могуць аказваць падтрымку творчым саюзам у адпаведнасцi з заканадаўствам;

 

- ствараюць спрыяльныя ўмовы для развiцця клубных устаноў для iнвалiдаў;

 

- выконваюць iншыя абавязкi, прадугледжаныя гэтым Законам i iншымi актамi заканадаўства.

Артыкул 13. Узаемадзеянне органаў дзяржаўнага кiравання ў галiне культуры з органамi мясцовага самакiравання i грамадскiмi арганiзацыямi (аб’яднаннямi).

 

1. Дзяржаўныя органы ажыццяўляюць рэгуляванне i кiраванне ў галiне культуры ва ўзаемадзеяннi з органамi тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання, а таксама творчымi саюзамi i iншымi грамадскiмi арганiзацыямi (аб’яднаннямi), якiя ажыццяўляюць культурную дзейнасць. Напрамкi i формы такога ўзаемадзеяння вызначаюцца гэтым Законам i iншымi актамi заканадаўства.

 

2. З мэтай стварэння арганiзацыйных асноў узаемадзеяння органаў дзяржаўнага кiравання ў галiне культуры i грамадскiх арганiзацый (аб’яднанняў), якiя ажыццяўляюць культурную дзейнасць, дзеячаў культуры i мастацтва, iншых суб’ектаў культурнай дзейнасцi пры дзяржаўных органах могуць стварацца грамадскiя саветы i iншыя кансультатыўныя органы.

Артыкул 14. Дзяржаўныя праграмы захавання i развiцця культуры.

 

1. Дзяржаўныя праграмы захавання i развiцця культуры падзяляюцца на рэспублiканскiя i рэгiянальныя.

 

2. Рэспублiканскiя праграмы захавання i развiцця культуры вызначаюць меры па захаванню, развiццю i распаўсюджванню культуры на ўсёй тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь.

 

3. Рэгiянальныя праграмы захавання i развiцця культуры вызначаюць меры па захаванню, развiццю i распаўсюджванню культуры на ўзроўнi адпаведнай адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнай адзiнкi Рэспублiкi Беларусь.

 

4. Рэспублiканскiя праграмы захавання i развiцця культуры распрацоўваюцца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь не менш чым на пяць гадоў i зацвярджаюцца Урадам Рэспублiкi Беларусь.

 

5. Рэгiянальныя праграмы захавання i развiцця культуры могуць распрацоўвацца па рашэнню мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў. Указаныя праграмы зацвярджаюцца адпаведнымi мясцовымi Саветамi дэпутатаў.

ГЛАВА 3.







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.