Здавалка
Главная | Обратная связь

Пытанне 14. Вайна 1812 г. на тэрыторыі Беларусі і яе вынікі.



Расійскае войска на заходняй мяжы імперыі складалася з трох армій і трох асобных карпусоў. Першая Заходняя армія на чале з ваенным міністрам М.Б. Барклаем дэ Толі (120,2 тыс. чалавек і 580 гармат) дыслацыравалася ў Віленскай губерні, па лініі Расоны – Ліда і прыкрывала пецярбургскі кірунак. Другая Заходняя армія пад камандаваннем генерала П.І. Баграціёна (49,4 тыс. чалавек і 180 гармат) знаходзілася ў Гродзенскай губерні, паміж Нёманам і Бугам і засланяла маскоўскі напрамак. Трэцяя Заходняя армія на чале з генералам ад кавалерыі А.П. Тармасавым (44,2 тыс. чалавек і 168 гармат) была размешчана каля г. Луцка ў Валынскай губерні і закрывала кіеўскі напрамак. Паводле плана, распрацаванага саветнікам Аляксандра І прускім генералам К. Фулем, рускія арміі былі размешчаны на фронце ў 600 км і аказаліся адарванымі адна ад другой на 100 – 200 км. Гэта стварала рэальную пагрозу разгрому іх паасобку, на што і разлічваў Напалеон.У ночна 12 чэрвеня 1812 г. пачалася пераправа войскаў Напалеона праз Нёман. Адразу быў заняты г. Коўна. Напалеон спадзяваўся разбіць рускія войскі ў прыгранічных раёнах і прымусіць Расію заключыць мір. На нарадзе ў Дрысенскім лагеры расійскае камандаванне прыняло рашэнне не ўступаць у рашаючую бітву да аб’яднання 1-й і 2-й армій у Віцебску. Армія М.Б. Барклая дэ Толі адыходзіла на Віцебск праз Вільню – Свянцяны – Дрысу – Полацк. Для прыкрыцця Пецярбургскага напрамку ў Дрысенскім лагеры быў пакінуты корпус П.Х. Вітгенштэйна. У асабліва цяжкім становішчы апынулася 2‑я армія П.І. Баграціёна, якая адступала ў напрамку Ваўкавыск – Слонім – Навагрудак – Нясвіж – Магілёў. Яна страціла сувязі з асноўнымі рускімі войскамі і праследавалася французскай арміяй.Беларусь стала арэнай ваенных дзеянняў. 16 чэрвеня 1812 г. французская армія заняла Вільню. У той жа дзень сюды прыехаў Напалеон. У чэрвені – ліпені адбыліся жорсткія баі каля вёсак Вароны, Закрэўшчына, Гудзявічы Гродзенскай губерні, пад мястэчкамі Вішнева, Карэлічы Віленскай губерні; паблізу мястэчкаў Мір і Раманава Мінскай губерні, каля мястэчка Астроўна і вёскі Кукавячыны Віцебскай губерні, пад Клясціцамі каля Полацка. 15 ліпеня А.П. Тармасаў разбіў пад Кобрынам саксонскі корпус Ж. Рэнье і знішчыў больш за 6 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка. Аднак у ліпені 1812 г. злучыцца расійскім арміям у раёне Віцебска не атрымалася. Корпус Даву апярэдзіў рускую армію, заняў Магілёў і перагарадзіў ёй шлях каля вёскі Салтанаўка. Спроба рускіх войск прарвацца не ўдалася. Тады П.І Баграціён пераправіў армію праз Днепр каля Нова-Быхава і выратаваў яе ад разгрому. Чарговым пунктам сустрэчы рускіх армій быў прызначаны Смаленск.Палітыка французскіх улад на акупіраванай тэрыторыі. Амаль уся Беларусь, апрача паўднёвых паветаў, кантралявалася французскім ваенным камандаваннем. Але ўжо на пачатку вайны Напалеон вымушаны быў пакідаць значныя сілы ў гарнізонах, асабліва ў Вільні, Мінску, Віцебску. Напалеонаўская армія разам з хворымі і дэзерцірамі страціла да 150 тыс. чалавек, у ёй пагоршылася дысцыпліна, шырока распаўсюдзілася марадзёрства.Напалеон разлічваў, што значная частка літоўска-беларускай шляхты спадзявалася на аднаўленне пры яго дапамозе Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Каб яшчэ больш схіліць шляхту на свой бок, Напалеон распарадзіўся стварыць у захопленай Вільні Часовы ўрад пад назвай “Камісія Вялікага княства Літоўскага”. Дзейнасць Камісіі распаўсюджвалася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губерні і Беластоцкую вобласць, якія былі ў хуткім часе ператвораны ў дэпартаменты з двайной (мясцовай і французскай) адміністрацыяй. Вышэйшая ваенная ўлада ў княстве належала прызначанаму 8 ліпеня 1812 г. генерал-губернатару графу Дзірку ван Гогендорпу, а ў кожным дэпартаменце дзейнічаў ваенны губернатар. Для Віцебскай і Магілёўскай губерняў было вызначана асобнае, “польскае праўленне”. Неўзабаве Расійскі герб быў заменены на польскага белага арла.Французскай арміі патрэбны былі салдаты і афіцэры, харчаванне, коні і фураж. Марыянетачны Часовы ўрад ВКЛ павінен быў перш за ўсе забяспечваць усім гэтым войскі Напалеона. Адносіны розных слаёў насельніцтва Беларусі да падзей вайны 1812 г. Прыход французскай арміі насельніцтва Беларусі сустрэла неадназначна. Гараджане ўрачыста віталі французаў. Шляхта амаль усюды сустракала французскія войскі як вызваліцеляў ад расійскіх захопнікаў. Падтрымку Напалеону аказала і каталіцкая царква. Аднак па меры прасоўвання французскіх войск на ўсход Беларусі шляхта, асабліва ў Віцебскай і Магілёўскай губернях, пачынае выказваць свае пачуцці ўсё больш стрымана. Масавыя рэквізіцыі, недастаткова паважлівыя адносіны французаў да мясцовых органаў улады, ваенныя няўдачы прывялі да ахаладжэння ў адносінах шляхты да французаў. Захапленне змянілася трывожным чаканнем.Асноўны цяжар вайны лёг на плечы сялян. Новая ўлада не толькі не адмяніла прыгон, але і павялічыла паборы з сялян, чым выклікала ўзмоцненае супрацьдзеянне і варожасць апошніх. Жыхары многіх вёсак пакідалі хаты, забіралі маёмасць і ўцякалі ў лясы, стваралі ў тыле акупантаў партызанскія атрады. Вядомы партызанскія атрады вёсак Стараселле, Мажаны, Есьманы і Кляўкі ў Барысаўскім, Варанкі ў Дрысенскім, Жарцы ў Полацкім паветах і інш. 18 ліпеня Аляксандр І падпісаў у Полацку маніфест аб скліканні народнага апалчэння. Трэба адзначыць, што ў чэрвені – ліпені 1812 г. разам з выступленнямі сялян супраць французскай арміі шырока распаўсюдзіліся выступленні сялян супраць памешчыкаў.Ваенныя дзеянні ў Беларусі восенню 1812 г. 22 ліпеня 1812 г. арміі Баграціёна і Барклая дэ Толі злучыліся пад Смаленскам. У пачатку жніўня адбылася Смаленская бітва, у якой Напалеон страціў больш за 14 тыс. чалавек. Пасля Смаленска рускую армію ўзначаліў М.І. Кутузаў. Генеральная бітваадбылася 26 жніўня каля вёскі Барадзіно. На Барадзінскім полі супраць французаў актыўна змагаліся ўраджэнцы Беларусі. Так, сфарміраваныя на Віцебшчыне чатыры палкі 3-й пяхотнай дывізіі, абаранялі вядомыя Баграціёнавы флешы, а 24-я пяхотная дывізія, складзеная з ураджэнцаў Мінскай губерні, гераічна змагалася каля батарэі Раеўскага.Аднак Барадзінская бітва не прынесла перамогі ніводнаму з бакоў. М.І. Кутузаў дзеля далейшага захавання арміі пакінуў Маскву, якую хутка занялі французы. Не дачакаўшыся адказу Аляксандра І на прапановы аб міры, Напалеон у пачатку кастрычніка 1812 г. пачаў адступаць з Масквы па спустошанай Смаленскай дарозе. 7 кастрычніка 1812 г. рускія войскі вызвалілі Полацк, 26 кастрычніка – Віцебск, 4 лістапада – Мінск, 9 лістапада – Барысаў, 12 лістапада – Магілёў. Завяршальны ўдар па французах быў нанесены рускімі войскамі ў лістападзе 1812 г. пры іх пераправе праз Бярэзіну, каля вёскі Студзёнка непадалёку ад Барысава. Тут загінула 20 тыс. іншаземных захопнікаў, 50 тыс. трапілі ў палон. Пасля гэтага напалеонаўская армія фактычна перастала існаваць. Галодныя і замёрзлыя салдаты кідалі зброю і натоўпамі рухаліся да Вільні. 23 лістапада ў Смаргоні Напалеон, даручыўшы камандаванне Мюрату, пакінуў армію і паехаў у Парыж.Вынікі вайны для Беларусі.Вайна прынесла Беларусі велізарныя людскія, матэрыяльныя і культурныя страты. Многія гарады і вёскі былі разбураны і знішчаны. У гарадах Беларусі колькасць насельніцтва зменшылася ў 2 – 3 разы. Прыйшла ў заняпад сельская гаспадарка. Амаль напалову скараціліся пасяўныя плошчы і пагалоўе жывёлы. У грашовым вылічэнні страты Беларусі ад вайны, паводле няпоўных звестак, складалі каля 52 млн. руб. серабром. Ад французаў пацярпелі помнікі царкоўнага дойлідства: Сафійскі сабор у Полацку, Барысаглебская царква ў Віцебску, Екацярынінскі храм у Мінску. Свята-Духаў храм у Вільні быў ператвораны захопнікамі ў звычайную стайню.Расійскія ўлады не спяшаліся палепшыць становішча ў Беларусі. Прыгоннае права было захавана, працягваліся рэкруцкія наборы, падаткі амаль не зменшыліся. Негатыўныя наступствы падзей 1812 г. адчуваліся ў Беларусі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. У той жа час мясцовая шляхта, нават скампраметаваная супрацоўніцтвам з Напалеонам, у большасці захавала свае правы і прывілеі. Маніфестам Аляксандра І ад 12 снежня 1812 г. калабарацыяністам абвяшчалася “уселітасцівейшае дараванне” і “вечнае забыццё” мінулага. Пачатыя да маніфеста канфіскацыі былі адменены і памешчыкам былі вернуты іх маёнткі.

Пытанне 15. Грамадска-палітычны рух на беларускіх землях у п.п. ХІХ ст. Паўстанне 1830-1831 гг.

Польскія і расійскія дваранскія рэвалюцыянеры ў Беларусі. Вынікі Венскага кангрэса 1815 г., наданне аўтаноміі і канстытуцыі Царству (Каралеўству) Польскаму выклікалі ў адукаваных колах Літвы і Беларусі спадзяванні на далучэнне беларуска-літоўскіх зямель да Царства Польскага. Гэтыя надзеі падмацавала стварэнне ў 1817 г. асобнага Літоўскага корпуса з ураджэнцаў беларуска-літоўскіх і ўкраінскіх губерняў. Яго ўзначаліў галоўнакамандуючы польскім войскам, вялікі князь Канстанцін Паўлавіч. Штандарам Літоўскага корпуса была зацверджана “Пагоня” Вялікага княства Літоўскага, змешчаная на двухгаловым срэбным арле.Але для найбольш радыкальнай і актыўнай часткі шляхты былой Рэчы Паспалітай існаванне куртатага польскага нацыянальнага дзяржаўнага ўтварэння было недастаткова. Яшчэ ў 1796 г. ў Вільні было заснавана першае тайнае антырасійскае згуртаванне Віленская асацыяцыя”. Сваёй мэтай таварыства вызначыла барацьбу за адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Члены таварыства склалі “Акт паўстання”, але ў 1797 г. ўлады выкрылі арганізацыю.Значны ўплыў на распаўсюджванне тайных арганізацый аказала адраджэнне ў 1815 г. ў Царстве Польскім дзейнасці легальнага масонства. У 1819 г. таварыства “Нацыянальнае масонства” паставіла сабе за мэту аднаўленне незалежнай “Польшчы ў магчыма больш шырокіх межах”. Для яе рэалізацыі меркавалася стварыць аддзяленні таварыства ў кожнай правінцыі былой Рэчы Паспалітай. У склад арганізацыі ўвайшлі былы маршалак Віленскай губерні М. Ромер, сакратар канцылярыі віленскага маршалка Ю. Струміла, князь К. Радзівіл, граф С. Солтан. У маі 1821 г. таварыства было пераўтворана ў тайную арганізацыю, якая атрымала назву Патрыятычнае таварыства”. Ініцыятарамі выступілі генерал Я. Ушынскі, маёр В. Лукасінскі і іншыя польскія афіцэры. Цэнтральны Камітэт арганізацыі накіраваў эмісараў у Літву, Кракаў, Падолле для стварэння мясцовых аддзелаў. Асноўную ўвагу ў сваёй дзейнасці ён звярнуў на асобны Літоўскі корпус. У 1824 – 1825 гг. паміж Патрыятычным таварыствам і Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў адбыліся перамовы аб будучыні адроджанай Польшчы. Землі Беларусі сталі прадметам спрэчак. У 1826 г. існаванне “Патрыятычнага таварыства” было выкрыта па справе дзекабрыстаў.У канцы 1817 г. студэнты Віленскага універсітэта А. Міцкевіч, Я. Чачот, Ю. Яжоўскі і інш. заснавалі тайнае патрыятычнае Таварыства філаматаў (прыхільнікаў ведаў), члены якога першапачаткова ставілі асветніцка-культурныя мэты. Паступова філаматы прыйшлі да ідэі карэнных сацыяльна-эканамічных рэформ: ліквідацыі прыгоннага права, увядзення канстытуцыйнага кіравання. У праграме таварыства выказвалася ідэя аб праве народаў на незалежнае існаванне. У 1818 г. філаматы пашыраюць сферу сваёй дзейнасці. Яны засноўваюць філіялы – “Таварыства прамяністых” і “Саюз літаратараў”. У 1819 г. у Свіслацкай гімназіі ўзнікае “Таварыства аматараў навук, члены якога прапаведавалі ідэі волі і роўнасці. На працягу 1817 – 1823 гг. у асяроддзі студэнцкай моладзі Каралеўства Польскага і заходніх губерняў Расіі існавала каля 50 тайных згуртаванняў.У канцы 1820 г. філаматы заснавалі новую тайную арганізацыю філарэтаў (аматараў дабрачыннасці). Гэта таварыства ўключала ў сябе больш шырокія колы моладзі, ў тым ліку за межамі Вільні. Галоўная мэта філарэтаў – аднаўленне Рэчы Паспалітай і адмена прыгоннага права. Члены таварыства займаліся вывучэннем беларуска-літоўскага краю, яго гісторыі, фальклору, побыту насельніцтва. У асяроддзі віленскай моладзі выказваліся і планы ўзброенага выступлення. Аднак уладам стала вядома аб існаванні тайных студэнцкіх арганізацый. Дзевяць філарэтаў і адзінаццаць філаматаў былі высланы ва ўнутраныя губерні Расіі, у тым ліку А. Міцкевіч, Т. Зан, І. Дамейка. Ад працы ў Віленскім універсітэце былі адхілены І. Лялевель, І. Даніловіч, М. Баброўскі. Сваіх пасад пазбавіліся рэктар універсітэта Ю. Твардоўскі і папячыцель Віленскай навучальнай акругі А. Чартарыйскі.У 1824 – 1825 гг. урад, улічваючы, што цэнтрамі большасці тайных таварыстваў былі навучальныя ўстановы, прымае меры па наглядзе за навучэнцамі. У адпаведнасці з указам Аляксандра І жыхарам Беларусі і Літвы забаранялася адпраўляць дзяцей на вучобу ў Гейдэльбергскі, Іенскі, Гесенскі і Вюртэмбергскі універсітэты. Чыноўнікі абавязаны былі даваць падпіску аб непрыналежнасці студэнтаў і настаўнікаў да тайных суполак.Пасля паўстання Сямёнаўскага палка ў Пецярбургу ў 1820 г. у Беларусь былі пераведзены гвардзейскія часці, у якіх служылі будучыя дзекабрысты А. Бястужаў, М. Лунін, А. Адаеўскі, К. Рылееў і інш. М. Mypaўёў, кіpaўнік “Паўночнага таварыства”, падчас знаходжання ў Мінску, напісаў свой першы варыянт “Канстытуцыі”. У Віцебску жыў і вучыўся вядомы дзекабрыст, сябра “Таварыства з’яднаных славян” І. Гарбачэўскі. Дзекабрыстамі распрацоўваўся план паўстання ў Бабруйскай крэпасці, якое павінна было даць штуршок дзяржаўнаму перавароту ў Расіі. Дзекабрысты і члены мясцовых тайных таварыстваў спрабавалі наладзіць супрацоўніцтва. Аднак пытанне аб самастойным развіцці Беларусі не ўздымалася.У 1825 – 1826 гг. у Магілёве існавала ўправа Паўночнага таварыства, арганізаваная па ініцыятыве М. Нарышкіна ад’ютантамі галоўнакамандуючага 1-й арміі В.А. Мусіным-Пушкіным і П.П. Цітовым. У Гродзенскай губерні дзейнічалі два тайных дзекабрысцкіх таварыствы – “Таварыства сяброў” (1822 – 1826 гг.) і “Таварыства ваенных сяброў” (1825 – 1826 гг.). Апошняе па ініцыятыве К.Г. Ігельстрома і А.І. Вягеліна, 24 снежня 1825 г. падняло паўстанне Літоўскага піянернага (сапёрнага) батальёна. У пачатку лютага 1826 г. спрабаваў падняць паўстанне ў Бабруйскай крэпасці С. Трусаў.Пасля разгрому дзекабрыстаў праз ваенна-судовую камісію, якая працавала ў Магілёве, прайшлі 15 чалавек. Другім цэнтрам следства і суда над дзекабрыстамі быў Беласток. Бабруйская крэпасць стала “турмой на Бярэзіне” для 20 дзекабрыстаў, у тым ліку І. Бурцова, В. Норава, С. Трусава і інш.Разгром дзекабрыстаў у Расіі прывёў да росту апазіцыйнага руху ў Царстве Польскім. Ідэі ўзброенага паўстання супраць самадзяржаўя, якія існавалі ў польскіх тайных таварыствах, знаходзілі водгук і сярод студэнцкай моладзі Віленскага універсітэта.Паўстанне 1830 – 1831 гг.Набліжэнне паўстання ў Каралеўстве Польскім паскорылі рэвалюцыя ў Францыі, нацыянальна-вызваленчыя рухі ў Бельгіі і Італіі. У ноч на 29 лістапада 1830 г. пачалося паўстанне ў Варшаве. Галоўнымі прычынамі паўстання былі незадаволенасць шляхты падзеламі Рэчы Паспалітай і парушэнне расійскім урадам польскай Канстытуцыі 1815 г. Рэвалюцыйна-дэмакратычныя сілы Польшчы адстойвалі лозунгі буржуазна-дэмакратычных пераўтварэнняў. Але кіраўніцтва паўстаннем апынулася ў руках польскіх арыстакратаў. Яны імкнуліся дабіцца незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., абапіраючыся на армію Царства Польскага і дапамогу заходнееўрапейскіх краін. Ні правыя, ні левыя не ўздымалі пытання нацыянальнага вызначэння беларускага народа. На іх думку, Беларусь павінна была ўліцца ў склад незалежнай Польшчы.Расійскі ўрад імкнуўся не дапусціць пашырэння паўстання на тэрыторыю Беларусі, Літвы і Украіны. Тут у снежні 1830 г. было ўведзена ваеннае становішча. На гэтых тэрыторыях павялічвалася колькасць войска. На маёнткі памешчыкаў, якія з’ехалі ў Каралеўства Польскае, быў накладзены арышт, звольнены многія з мясцовых чыноўнікаў. Аднак у пачатку красавіка 1831 г. паўстанне дасягнула Літвы і Паўночна-Заходняй Беларусі – Ашмянскі, Браслаўскі, Дзісненскі і Вілейскі паветы. Паўстанне развівалася тут пераважна стыхійна, хоць у студзені 1831 г. пры падтрымцы эмісараў з Варшавы і быў створаны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. Камітэт распрацаваў план паўстання, згодна з якім для падрыхтоўкі паўстання на месцах было вырашана стварыць тайныя павятовыя паўстанцкія камітэты. У лютым 1831 г. Цэнтральны камітэт сабраў у Вільні прадстаўнікоў павятовых камітэтаў. Пачаць паўстанне было вырашана з Віленскай губерні, дзе знаходзілася невялікая колькасць расійскіх войск.У канцы сакавіка 1831 г. пачалося паўстанне ў Літве і Заходняй Беларусі. Віленскі цэнтральны камітэт не здолеў кантраляваць ход гэтага паўстання. У кожным павеце быў створаны свой павятовы ўрад, які ўзначальвалі мясцовыя памешчыкі. Урад кожнага павета пры дапамозе каталіцкага духавенства прыводзіў насельніцтва да прысягі, аб’яўляў рэкруцкі набор ў войска, выдаваў розныя звароты да насельніцтва. Сяляне і мяшчане мабілізоўваліся ў паўстанцкія атрады пераважна пад прымусам і не былі зацікаўлены ваяваць без вырашэння сваіх сацыяльных праблем. У той жа час імперскія ўлады абяцалі ім вызваленне ад паноў-паўстанцаў. Ядро паўстанцаў складалі шляхта, навучэнцы, афіцэры-палякі, каталіцкае і ўніяцкае духавенства. Увогуле ў Літве і Беларусі ў паўстанні прымалі ўдзел каля 10 тыс. чалавек. Вузкія палітычныя мэты кіраўнікоў паўстання абумовілі той факт, што яно не атрымала значнай падтрымкі насельніцтва.У красавіку паўстанне ахапіла ўсю Віленскую губерню, але сувязь паміж паветамі была перарвана. Таму Віленскі Цэнтральны камітэт вырашыў пачаць падрыхтоўку да захопу Вільні і стварыць аб’яднанае войска. Бітва за Вільню 19 чэрвеня 1831 г. стала кульмінацыяй паўстання, у якой аб’яднаныя паўстанцкія сілы краю разам з прысланым на дапамогу польскім корпусам (12 тыс. чалавек) не змаглі дасягнуць перамогі над расійскім войскам. Тым не менш, у Беларусі і Літве было арганізавана каля трыццаці партызанскіх атрадаў, якія налічвалі 12 тыс. чалавек. Найбольш буйнымі былі атрады пад агульным кіраўніцтвам С. Радзішэўскага ў Вілейскім павеце (3,3 тыс. чалавек), В. Брахоцкага ў Дзісненскім павеце (3 тыс. чалавек), К. Пшаздзецкага ў Ашмяскім павеце (2,5 тыс. чалавек), Ю. Кашыца і М. Мяржэўскага ў Навагрудскім (1 тыс. чалавек). На дапамогу ім прыйшлі рэгулярныя польскія войскі на чале з генераламі Д. Хлапоўскім і А. Гелгудам.У жніўні 1831 г. паўстанне было падаўлена па ўсёй Беларусі і Літве, а потым і ў Польшчы. Указам 6 мая 1831 г. былі выдзелены тры разрады “злачынцаў”: да першага адносілі кіраўнікоў, да другога – тых, хто ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, да трэцяга – усіх іншых. Сялянам, якія вярталіся да свайго памешчыка, давалася дараванне. Маёнткі абвінавачаных падлягалі секвестру. Ад секвестру пазбаўляліся тыя, хто сам з’явіўся на працягу месяца пасля публікацыі ўказа і пакаяўся або даказаў, што яго прымусілі далучыцца да паўстання. Да следства за ўдзел у паўстанні ў беларуска-літоўскіх губернях было прыцягнута 2 878 чалавек. Сваіх маёнткаў пазбавіліся магнаты, якія валодалі тысячамі прыгонных (Агінскія, Плятэры, Радзівілы, Сапегі, Чартарыйскія і інш.). На тэрыторыі Беларусі ў 1837 г. лічыліся канфіскаванымі 115 маёнткаў з больш як 38 тыс. сялян мужчынскага полу, яны папоўнілі дзяржаўны фонд.Але і пасля падзей 1830 – 1831 гг. рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух у Беларусі і Літве не спыніўся. Адна з найбольш радыкальных у Беларусі і Літве тайных суполак – Дэмакратычнае таварыства– была створана ў 1836 г. па ініцыятыве Ф. Савіча пры Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі. У 1837 г. Ф. Савіч наладзіў сувязі з Пінскай і Слуцкай ячэйкамі тайнага таварыства “Садружнасць польскага народа”, якое ўзначальваў польскі рэвалюцыянер-дэмакрат Ш. Канарскі. У статуце “Дэмакратычнага таварыства” – “Прынцыпах дэмакратызму” – былі абвешчаны ідэі сацыяльнай роўнасці, вызвалення сялян з зямлёй ад прыгоннай залежнасці, права кожнага народа на нацыянальную самастойнасць. У 1838 г. “Дэмакратычнае таварыства” было выкрыта, а праз год Ф. Савіч быў высланы на Каўказ у дзеючую армію.У 1846 – 1849 гг. у Ашмянах, Вільне, Гродне, Лідзе і Мінску дзейнічалі суполкі тайнай арганізацыі “Саюз свабодных братоў”. Ён меў на мэце сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, барацьбу за свабодную Польшчу і Расію.







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.