Здавалка
Главная | Обратная связь

Марфалогія і правапіс



Марфалогія ― гэта раздзел граматыкі, у якім вывучаюцца словы як часціны мовы, формы словазмянення.

Усе часціны мовы падзяляюцца на самастойныя, службовыя і выклічнік. Самастойныя часціны мовы называюць прадметы, прыметы, колькасць, дзеянне або ўказваюць на іх і з'яўляюцца членамі сказа. Сярод самастойных часцін мовы выдзяляюць зменныя (назоўнік, прыметнік, лічэбнік, дзеяслоў, займеннік) і ня-зменныя (прыслоўе, форма дзеяслова - дзеепрыслоўе).

Службовыя часціны мовы служаць для сувязі паміж словамі або часткамі сказа (прыназоўнік, злучнік), надаюць розныя дадатковыя адценні сказу і яго часткам (часціцы); не з'яўляюцца членамі сказа.

Выклічнік выражае пачуцці, пабуджэнні, не называючы іх; не можа быць членам сказа.

Род назоўнiкаў

 

Назоўнiк можа быць мужчынскага, жаночага, нiякага, агульнага роду. Да агульнага роду адносяцца адушаўлёныя назоўнікі, якія могуць выступаць у форме як мужчынскага, так і жаночага роду (плакса, соня).

Род нескланяльных назоўнiкаў iншамоўнага паходжання вызначаецца паводле iх сэнсу: назвы жывых iстот адносяцца да мужчынскага роду (кенгуру, шымпанзе), прадметы, неадушаўлёныя рэалii ― да ніякага роду (дэпо, палiто); нескланяльныя геаграфiчныя назвы маюць род тых агульных назоўнiкаў, якiя ўжываюцца разам з iмi (Баку (горад) ― м.р., Антарыо (возера) ― н. р.). Род нескланяльных абрэвiятур вызначаецца па галоўным слове (ЦК (Цэнтральны Камітэт) ― м.р.).

Назоўнікi тыпу дацэнт, капiтан, рэдактар належаць да мужчынскага роду, але ўжываюцца i для абазначэння асоб жаночага полу (дацэнт Блiнаў, Блiнава, рэдактар Сямёнаў, Сямёнава).

 

< Запомніце выдзеленыя значэнні запазычаных слоў. Прыдумайце з імі невялікія сказы
Імпрэсарыо (іт. impresario) ― асоба, якая арганізуе канцэрты, спектаклі, гастролі, заключае для артыстаў кантракты
Кемпінг (англ. camping) ― спецыяльна абсталяваны лагер для аўтатурыстаў
Паркінг (англ. parking) ― вызначанае месца стаянкі механічных сродкаў перамяшчэння
Шансанье (франц. chansonnier) ― французскі эстрадны спявак, часта аўтар тэксту і музыкі

 

Правапіс канчаткаў назоўнікаў мужчынскага роду другога скланення ў родным склоне

Назоўнiкi мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага лiку маюць канчатак –а (-я):

Ø калi яны з’яўляюцца назвамі канкрэтных прадметаў, асоб, жывых

істот (стала, ручая, брата)

Ø называюць прадпрыемствы, установы, населеныя пункты (калгаса,

горада)

Ø называюць адзінкі вымярэння, з'яўляюцца навуковымі тэрмiнамі

(метра, месяца, суфікса, ромба).

 

Канчатак –у (-ю) маюць назоўнікі:

Ø якія абазначаюць абстрактныя паняцці, дзеянні (сораму, выпадку,

прыезду, запісу)

Ø называюць сукупнасць аднародных прадметаў, абазначаюць

зборнасць (гароху, бярэзніку, народу, натоўпу)

Ø з'яўляюцца рэчыўнымі, г.зн. называюць металы, хімічныя элементы,

прадукты харчавання (свінцу, нейлону, мёду)

Ø называюць з'явы прыроды, месца, прастору, напрамак (змроку, краю,

стэпу, захаду)

 

Скланенне прозвiшчаў

Скланяюцца:

Øмужчынскiя i жаночыя прозвiшчы на ненацiскны -а, -я, якія адпавядаюць агульным назоўнікам жаночага роду. Прозвішчы пры гэтым скланяюцца, як адпаведныя агульныя назоўнікі:

 

Н. Кніга Ірына Зязюля Мікалай Пушча Алена

Р. Кнігі Ірыны Зязюлі Мікалая Пушчы Алены

Д. Кнізе Ірыне Зязюлі Мікалаю Пушчы Алене

В. Кнігу Ірыну Зязюлю Мікалая Пушчу Алену

Т. Кнігай Ірынай Зязюляй Мікалаем Пушчай Аленай

М. (аб) Кнізе Ірыне Зязюлі Мікалаю Пушчы Алене

 

Выключэнне складаюць тыя прозвішчы, якія належаць асобе мужчынскага полу і маюць аснову на г, к, х. Яны скланяюцца, як назоўнікі мужчынскага роду на –а з адпаведным тыпам асновы:

 

Н. Кніга Сяргей Сарока Аляксей

Р. Кнігі Сяргея Сарокі Аляксея

Д. Кнігу Сяргею Сароку Аляксею

В. Кнігу Сяргея Сароку Аляксея

Т. Кнігам Сяргеем Сарокам Аляксеем

М. (аб) Кнігу Сяргею (аб) Сароку Аляксею

 

Øмужчынскiя прозвiшчы на –а, -я, калi не суадносяцца з агульнымі назоўнікамі жаночага роду (Карызна, Янчанка);

Øамаль усе мужчынскiя прозвiшчы на зычны (Заяц, Садовiч, Ступак), акрамя прозвішчаў на –іх, -ых тыпу Чарных.

 

Не скланяюцца:

Ø мужчынскiя i жаночыя прозвiшчы на нацiскны о (Гурко, Санько);

Ø жаночыя прозвiшчы на –а, -я, калi яны не адпавядаюць агульным назоўнікам жаночага роду (Сабаленка, Янчанка)

Ø жаночыя прозвiшчы на зычны (Бародзiч, Садовiч).

 

Правапiс складаных назоўнікаў

Разам пiшуцца:

Ø назоўнікі з першай іншамоўнай часткай аэра-, авія-, аўта-, мота-, вела-, кіна-, фота-, стэрэа-, метэа-, электра-, гідра-, агра-, заа-, бія-, мікра-, макра-, неа-(стэрэасістэма, макраэканоміка)

Праз злучок пiшуцца:

Ø назоўнікі з першай іншамоўнай часткай обер-, унтэр-, лейб-, штаб-, віцэ-, экс-(экс-чэмпіён, унтэр-афіцэр).

Ø уласныя назвы з часткай паў- (паў-Мінска). З агульнымі назоўнікамі паў- пішацца разам (паўяблыка, паўрубля, паўлімона).

 

Правапiс складаных прыметнiкаў

Разам пiшуцца:

Ø прыметнiкi, утвораныя са словазлучэння назоўнiка з iншымi часцiнамi мовы (правабярэжны, iншамоўны);

Ø прыметнiкi, утвораныя са спалучэння прыслоўя i прыметнiка, прыслоўя i дзеепрыметнiка (вечназялёны, маланаселены).

Праз злучок пiшуцца:

Ø прыметнiкi, утвораныя з 2-х i 3-х прыметнiкаў, звязаных памiж сабой як раўнапраўныя (памiж iмi можна паставiць i): беларуска-рускi, лячэбна-прафiлактычны;

Ø прыметнiкi, якiя абазначаюць якасць з дадатковым адценнем (кісла-салодкі);

Ø прыметнікі з першай часткай усходне-, заходне-, паўночна-, паўднёва-(Усходне-Еўрапейская раўніна, Паўночна-Курыльскія астравы, паўночна-заходні вецер).

< Запомніце выдзеленыя значэнні запазычаных слоў.

Прыдумайце з імі невялікія сказы

Артадаксальны (ад грэч. orthodoksos ‘прававерны’) ― які няўхільна прытрымліваецца прынцыпаў якога-небудзь вучэння, светапогляду; паслядоўны (напр., артадаксальны погляд)
Крэатыўны (ад лац. creatio ‘тварэнне’) ― творчы, стваральны
Ментальны (лац. mentalis ‘разумовы, духоўны’) ― які датычыць спосабу мыслення, духоўнасці
Патэтычны (гр. pathetikos) ― поўны пафасу, страсны (напр., патэтычная прамова)
Прэвентыўны (франц. preventif, ад лац. praeventivus) ― папераджальны, засцерагальны(напр., прэвентыўныя меры)
Сакральны (ад лац. sacer ‘святы’) ― які мае адносіны да рэлігійнага культу
Сакраментальны (ад лац. sacramentum ‘клятва, прысяга’) ― традыцыйны, які стаў звычаёвым (напр., сакраментальная фраза)
Экспансіўны (франц. expansif, ад лац. expansio ‘расшырэнне, распаўсюджанне’) ― нястрыманы, які бурна выражае свае пачуцці
Эпісталярны (ад грэч. epistole ‘пісьмо’) ― які датычыць літаратурных твораў, напісаных у форме пісем (напр., эпісталярны раман)

Лічэбнік

Разрады лiчэбнiкаў:

Ø паводле значэння выдзяляюць колькасныя (тры, чатыры) i парадкавыя (трэцi, чацвёрты) лічэбнікі

Ø паводле структуры ― простыя (чатыры), складаныя (семдзесят), састаўныя (трыста сорак).

Пры лiчэбнiках два, дзве, абодва, абедзве, тры, чатыры і састаўных лічэбніках, якія заканчваюцца словамі два, дзве, тры, чатыры, назоўнiкi i прыметнiкi ставяцца ў назоўным склоне множнага ліку (два высокiя дубы, трыццаць чатыры сінія сшыткі). Пры колькасных лiчэбнiках ад пяцi i далей назоўнiкi i прыметнiкi ставяцца ў родным склоне множнага ліку (пяць агульных сшыткаў).

Пры скланеннi лiчэбнiкаў ад пяцідзесяці да васьмідзесяці, ад двухсот да дзевяцісот змяняюцца абедзве часткi:

 

Н. восемдзесят дзвесце дзевяцьсот

Р. васьмідзесяці двухсот дзевяцісот

Д. васьмідзесяці двумстам дзевяцістам

В. восемдзесят дзвесце дзевяцьсот

Т. васьмюдзесяццю двумастамі дзевяццюстамі

М. аб васьмідзесяці пры двухстах на дзевяцістах

 

Не скланяюцца лiчэбнiкi дзевяноста, паўтара (паўтары). Пры лiчэбнiках паўтара (паўтары) ва ўсiх склонах, акрамя назоўнага i вінавальнага, назоўнiкi ставяцца ў множным лiку адпаведнага склону:

Н. паўтары тоны паўтара кілаграма

Р. паўтары тон паўтара кілаграмаў

Д. паўтары тонам паўтара кілаграмам

В. паўтары тоны паўтара кілаграма

Т. паўтары тонамі паўтара кілаграмамі

М. аб паўтары тонах аб паўтара кілаграмах

 

Лічэбнікі сто і сорак пры скланенні маюць дзве формы ― сто, сорак (у назоўным і вінавальным склонах) і ста, сарака (у астатніх склонах).

 

У састаўных колькасных лічэбніках скланяюцца ўсе словы:

Н. трыста пяцьдзесят чатыры

Р. трохсот пяцідзесяці чатырох

Д. тромстам пяцідзесяці чатыром

В. трыста пяцьдзесят чатыры

Т. трымастамі пяццюдзесяццю чатырма

М. аб трохстах пяцідзесяці чатырох

У састаўных парадкавых лічэбніках скланяецца толькі апошняе слова:

Н. шэсцьсот семдзесят чацвёрты

Р. шэсцьсот семдзесят чацвёртага

Д. шэсцьсот семдзесят чацвёртаму

В. шэсцьсот семдзесят чацвёрты (ага)

Т. шэсцьсот семдзесят чацвёртым

М. аб шэсцьсот семдзесят чацвёртым

Парадкавыя лічэбнікі, якія заканчваюцца на –тысячны, -мільённы, –мільярдны, пішуцца ў адно слова (трохсотдваццаціпяцітысячны, сямідзесяцівасьмімільярдны). Таксама ў адно слова пішуцца прыметнікі, у склад якіх уваходзяць лічэбнікі (стадваццаціразрадны, сямісоттрыццацідвухрублёвы). Калі першая частка падобных слоў запісваецца лічбай, то яны пішуцца праз злучок (325-тысячны, 78-мільярдны, 120-разрадны, 732-рублёвы).

< Запомніце выдзеленыя значэнні запазычаных слоў.

Прыдумайце з імі невялікія сказы

Бартэр (англ. barter) ― натуральны абмен аднаго тавару або паслугі на другі тавар або паслугу; абменны гандаль(напр., купіць па бартэры)
Датацыя (польск. dotacja, ад лац. dotatio ‘дар’) ― даплата, матэрыяльная дапамога
Дэпазіт (лац. depositum ‘рэч, аддадзеная на зберажэнне’) ― грошы або каштоўныя паперы, якія ўносяцца на зберажэнне ў крэдытную ўстанову (банк, натарыяльную кантору) з правам атрымаць іх назад
Кансалцінг (англ. consаlting ‘кансультаванне’) ― парады спецыялістаў, кансультаванне
Субсідыя (лац. subsidium ‘дапамога, падтрымка’) ― дапамога ў грашовай або натуральнай форме каму-небудзь
Эмісія (лац. emissio ‘выпуск’) ― выпуск у абарачэнне папяровых грошай і каштоўных папер (напр., інфляцыйная эмісія)

Дзеепрыметнік. Дзеепрыслоўе

Дзеепрыметнiк ― неспрагальная форма дзеяслова, у якой спалучаюцца рысы дзеяслова (час, трыванне) i прыметнiка (род, лік, склон) (пасеянае жыта, памаладзеўшыя твары). У беларускай мове найбольш ужывальныя дзеепрыметнiкi прошлага часу з суф. –ен-, -ан-, -ян-, -т-, -л- (аблiты, засеяны, пасiвелы). Дзеепрыметнiкi цяп. часу з суф. –уч-, -юч-, -ач-, -яч-, -ем-, -iм- ужываюцца вельмi рэдка (рускае проживающий ― беларускае які пражывае). Зусім неўласцiвы для беларускай мовы зваротныя дзеепрыметнікi (рускае проснувшегося сына ― беларускае сына, які прачнуўся).

Дзеепрыслоўе ― нязменная форма дзеяслова, якая мае марфалагічныя рысы дзеяслова і прыслоўя і абазначае дадатковае дзеянне пры дзеяслове-выказнiку. Суфіксы дзеепрыслоўяў ― -учы, -ючы, -ачы, -ячы, -ўшы, -шы. (Ён пачынае гаварыць, спяшаючыся, гучна. Не дабiўшыся нiякiх вынiкаў, Мiкалай вырашыў больш нiчога не рабiць).

< Запомніце выдзеленыя значэнні запазычаных слоў.

Прыдумайце з імі невялікія сказы

Інтэрпрэтаваць (лац. interpretari) ― растлумачваць, раскрываць сэнс чаго-небудзь(напр., інтэрпрэтаваць закон)
Нівеліраваць (ням. nivellieren, ад франц. niveler) ― згладжваць розніцу паміж чым-небудзь
Парыраваць (рус. парировать, ад франц. parer ‘адлюстроўваць, адбіваць’) ― 1) адбіваць удар праціўніка (пры фехтаванні); 2) перан. абвяргаць нападкі або довады праціўніка ў спрэчцы, палеміцы (напр., парыраваць абвінавачванні)
Прэваліраваць (ням. prävalieren, ад лац. praevalere ‘пераважаць, перавышаць’) ― мець перавагу, перавышаць
Экспрапрыіраваць (ад лац. expropriatio) ― прымусова адбіраць што-небудзь
Эпаціраваць (франц. epater ‘здзіўляць’) ― уражваць, здзіўляць незвычайнымі паводзінамі, скандальнымі ўчынкамі, парушэннем агульнапрынятых норм і правіл

 

29. Да наступных слоў падбярыце дапасаваныя азначэнні

ААН, бра, Батумi, боль, бюро, інтэрв’ю, палын, журы, АН, лясгас, дэндзi, выскачка, Гобі, понi, салямі, мазоль, сабака, цень, БелТА, БАМ, аташэ, рукапiс, парцье, небарака, Кiлiманджара.

30. Складзiце па два сказы з назоўнікамi, каб было зразумела, што апошнія абазначаюць асоб мужчынскага i жаночага полу (не выкарыстоўваючы імён і прозвішчаў)

Медык, пракурор.

31. Пастаўце словы ў родным склоне адзiночнага лiку

Абелiск, абрус, поспех, настрой, квас, авангард, сацыялiзм, асфальт, гром, вугаль, агнямёт, унук, абрэзак, агiткалектыў, адэкалон, змрок, адрас, вылет, мухамор, квадрат, смутак, апартунiзм, голад, генiй.

 

32. Пастаўце ў давальным i творным склонах словы

Бабень Iван, Iвашчанка Алена, Карман Аляксандра, Сабаленка Алеся, Дзядзюля Сяргей, Антко Вова, Рыбалка Таня, Кацуба Света, Белабародзька Алег, Кiшэня Аксана, Герасiмовiч Максiм, Карнеявец Надзея, Чурыла Андрэй, Валыненка Насця, Вавёрка Аксана, Прыход Наталля, Чапурко Сяргей.

 

33.Растлумачце правапiс назоўнiкаў

(Гiдра)служба, (мiкра)раён, (авiя)пошта, (мота)дывiзiя, (штаб)афiцэр, (паў)Кiева, (аэра)(фота)здымка, (кiна)аповесць, (паў)акна, (паў)лiтра, (бiя)станцыя, (вела)крос, (гiдра)(электра)станцыя, (аўта)касметыка, (метэа)зводка, (вiцэ)адмiрал, (экс)прэзiдэнт, (штаб)кватэра, (электра)манцёр.

 

34.Утварыце складаныя прыметнiкi. Растлумачце іх правапіс

Тры кiлаграмы, здольны да працы, лiтаратурны i музычны, Новы год, Далёкі Усход, дзесяць гадоў, шахматны i шашачны, рэгіён Заходняга Палесся, шэрыя вочы, розныя колеры, белы i ружовы, шырокi экран, шмат ступеняў, глыбокая вада, Лацiнская Амерыка.

35.Адгадайце загадкі. Выпішце з iх займеннікі, вызначце іх сінаксічную ролю ў сказе

1. Усіх нас корміць, а сама есці не просіць. 2. Ніхто іх не палохае, а яны ўсё дрыжаць. 3. Што на сабе не ўчуеш? 4. За намі ўслед шагае, ды нам ні ў чым не памагае. 5. Без языка, а крычыць, ніхто яго не бачыць, а ўсякі чуе. 6. Хто мяне заб’е, той сваю кроў пралье.

36. Узнавiце прыказкi з займеннiкамi па iх пачатку. Паспрабуйце самi прыдумаць канцоўку

Што пасееш… У каго што… Чаго сабе… Сам сябе… Чыя б… З кiм… Той нiчога… Не шукай гора… Кожнаму свая… Не за сваю… Той сам сябе… Нiкому свайго… Усякi сабака… Чыя праўда… Кожны жук…

37.Выявiце недакладнасцi ва ўжываннi займеннiкаў, выпраўце памылкi

1. Я не змог набыць сябе арфаграфiчнага слоўнiка. 2. Дзед Талаш убачыў ваўка, але ён яго не спалохаўся. 3. Не хвалi сабе, няхай лепш iншыя пахваляць. 4. Бацька сустрэў знаёмага, i ён узрадаваўся сустрэчы. 5. Паведамiлi самому вялiкаму начальнiку. 6. Мацi паклiкала мяне i папрасiла налiць сабе кавы. 7. Калi на ствале дрэва зрабiць надрэз, з яго закапае сок, якi з’яўляецца не чым iншым, як гатовым дызельным палiвам. 8. Вiктар заўсёды клапацiўся толькi аб сябе.

 

38. Перакладзiце на беларускую мову

Девять больших клумб, три новых стола, оба задания, две красивых девочки, три целых и пять шестых, двадцать два богатых бизнесмена, пять умных студентов, сто тридцать четыре зелёных ведра, две коротких жизни.

39. Праскланяйце (вусна)

93, 458, 940, 2000-ы год, 2003-цi год.

40. Запiшыце лiчбы словамi

Звыш 17, 189, 377, 214.

Над 7, 11, 45, 492, 1526, 8600033, 54002-ма скрынямi, 54002­-iм студэнтам.

 

41.Пастаўце ў родным і творным склонах

283 студэнты, 569 школьнiкаў, 2735-ы год, 3000-ы год.

 

42. Запішыце наступныя словы (спалучэнні слоў), выкарыстоўваючы лічбы

Пятнаццацірублёвы, дваццаці пяці чалавек, дзве тысячы трыццаць шосты, стадваццацідвухгадовы, трыста восемдзесят чацвёрты, аб васьмідзесяці трох машынах, трыццацівасьміпавярховы, сямідзесяцішасціградусны.

43. Напiшыце сваю аўтабiяграфiю. Усе лiчбы запiсвайце лiтарамi

 

44.Напішыце сачыненне на тэму “Мой рэжым дня”. Выкарыстайце лічэбнікі для абазначэння часу

 

45. Замянiце фразеалагiзмы сiнанiмiчнымi дзеясловамi i пастаўце ў патрэбнай форме

Узор: перавесцi дух [адпачыць] ― у будучым часе I асобе

адзіночнага ліку ― адпачну.

Быць у хвасце ― ва ўмоўным ладзе мужчынскага роду

выбiцца з сiл ― у прошлым часе жаночага роду

абвесцi вакол пальца ― у цяперашнім часе III асобе множнага ліку

падтулiць хвост ― у загадным ладзе II асобе адзіночнага ліку

пакiнуць след у памяцi ― у прошлым часе ніякага роду

трымаць кiрунак ― у цяперашнім часе I асобе множнага. ліку

не спускаць вачэй ― у загадным ладзе I асобе множнага ліку

пусцiць з дымам ― у будучым часе III асобе адзіночнага ліку.

 

46.Прачытайце сказы на рускай мове i iх пераклад на беларускую. Адзначце, якiмi сродкамi перадаецца значэнне рускiх дзеепрыметнiкаў.

Стон густых голосов, изредка перебиваемый задыхающейся, крикливой речью, стоял в воздухе, и стон этот долетал, как звук шумящего моря, до окошек барыни, которая испытывала при этом нервическое беспокойство, возбуждаемое сильной грозою. (Л.Н. Толстой) ― Стогн густых галасоў, што зрэдку перабiваўся задыханаю, крыклiваю гаворкай, стаяў у паветры, i стогн гэты далятаў, як гук шумнага мора, да вокнаў панi, якая адчувала пры гэтым нервiчны неспакой, падобны да пачуцця, што ўзбуджаецца моцнай навальнiцай.

Батальон был уже сажен двести впереди нас и казался какою-то чёрной сплошной колеблющейся массой. (Л.Н. Толстой) ― Батальён быў ужо сажняў на дзвесце наперадзе нас i здаваўся нейкай чорнай суцэльнай хiсткай масай.

Со всех сторон, кажется, слышите различные звуки пуль ― жужжащие, как пчела, свистящие, быстрые или визжащие, как струна… (Л.Н. Толстой) ― З усiх бакоў, здаецца, чуеце разнастайныя гукi куль, ― якiя гудуць, як пчала, свiшчуць, хуткiя цi вiсклiвыя, як струна.

47.h Перакладзiце на беларускую мову.

Позвоночная артерия редко отходит от подключичной артерии двумя стволами, соединяющимися затем в один.

Почка ― парный экскреторный орган, образующий и выводящий мочу.

Пройдя через левое предсердно-желудочковое отверстие, имеющее левый предсердно-желудочковый клапан, кровь попадает в левый желудочек, а из него ― в самую большую артерию ― аорту.

Гормоны обеспечивают регулирующее воздействие на процесс роста и развития клеток, тканей, органов и целого организма.

Корковое вещество почки, формирующее её поверхностный слой, не гомогенно, а состоит из чередующихся более светлых и тёмных участков.

Из органов выходят вены, которые, сливаясь друг с другом, в конечном счёте образуют самые крупные сосуды тела человека ― верхнюю и нижнюю полые вены, впадающие в правое предсердие.

 

48. Дапоўніце сказы дзеепрыслоўнымі словазлучэннямі

1. Падарожнікі азіраліся навокал, ... 2. ..., аўтамабілі накіроўваліся ў бок горада. 3. Спакойна плёскаліся шэрыя хвалі Нёмана, ... 4. Косыя праменні сонца пранікалі ў лес, ... 5. Позна раніцай рассеяўся туман, ...

 

49. h Устаўце прапушчаныя дзеясловы i iх формы. Дзеясловы якога часу пераважна ўжываюцца ў тэксце?

Загартоўванне вадой

У працэсе загартоўвання ----------- нервовая сiстэма, ------------- вынослiвасць да фiзiчных i разумовых нагрузак. Пры загартоўваннi важнымi ---------- такiя фактары, як улiк стану здароўя, сiстэматычнасць i паступовасць.

Вада с тэмпературай 20-30º С ------- прахалоднай, нiжэй 20º С ― халоднай. Лепшы час для водных працэдур ― ранiшнi, калi скура раўнамерна ------- (гэта асаблiва важна для атрымання больш рэзкай рэакцыi сасудаў). Нельга ------- водныя працэдуры адразу пасля ежы.

Сярод водных працэдур ---------- аблiванне i душ.

Аблiванне --------- з вады тэмпературай каля 30º С, паступова --------- тэмпературу на 1º С кожныя 2-3 днi, --------- да 16º С i нiжэй. Пасля аблiвання -----энергiчнае расцiранне цела ручнiком.

Душ ― яшчэ больш эфектыўная водная працэдура. Тэмпература вады душа з пачатку загартоўвання ------- ---- каля 30-32º С, працягласць яго прыёму ― не больш за адну хвiлiну. У далейшым тэмпературу паступова --------- на 1º С кожныя 2-4 днi. Пры добрай ступенi загартованасцi можна ------- кантрасны душ, ------- 2-3 разы ваду 35-40º С з вадой 13-20º С на працягу трох хвiлiн.

Да якога стылю належыць гэты тэкст? Наколькі вялікую семантычную нагрузку нясуць у тэксце дзеясловы?

Падрыхтуйцеся да пераказу тэксту.

 

50. Размяркуйце па часцiнах мовы.

Пяцёрка, тры, аж, страшна, дзесяцiгадовы, дзякуй, апусцелы, па-дзiцячы, штоночы, пра, ды, ша, малазнаемы, няхай, па-над, увесь, важатая, жа, слава богу, свой, бацькаў, лёгкiя, хто, iншы, апрануты, удзень, таму што, не, да пабачэння.

51. Выпраўце памылкі ва ўжыванні прыметнікаў, дзеясловаў, дзеепрыслоўяў

1. На наступны дзень прыходзiць да нас Ганна Аляксееўна i расказала ўсё маiм бацькам. 2. Мы спадзяемся, што вы больш падрабязней раскажаце аб тым, што здарылася ўчора на стадыёне. 3. Гледзячы на шырокiя калгасныя палi, сэрца напаўняецца радасцю. 4. Хлопчык застаўся круглай сiратой: нядаўна памерла яго мацi, а бацька памёр, калi яму было пяць гадоў. 5. Убачыўшы Вiктара, Маю быццам хто падмянiў. 6. Яшчэ больш ён баяўся людзей, што мелi свае ўласныя думкi, здольны да абагульненняў, аперыруюць фактычным матэрыялам. 7. Малодшы сын быў больш прыгажэйшым за старэйшага. 8. Праязджаючы па вулiцы, яго позiрк шукаў некага сярод людзей.

52. Перакладзіце на беларускую мову выказваннi вядомых людзей

Человек молод, когда он ещё не боится делать глупости (Пётр Капица).

Наглость сильнее там, где защита слабее (Катон Младший).

Отсутствие выбора замечательно проясняет ум (Генри Киссинджер).

Сгибаясь под ношей, ты только увеличиваешь её тяжесть (Даниель Дефо).

Я твёрдо верю в удачу. И я заметил: чем больше я работаю, тем я удачливее (Томас Джефферсон).

 

Сінтаксіс

сінтаксіс – раздзел граматыкі, аб’ектам вывучэння якога з’яўляюцца словазлучэнні і сказы.

Віды сувязі слоў у словазлучэнні

Словазлучэнне ― гэта сэнсавае і граматычнае аб’яднанне двух i больш знамянальных слоў. Адрозніваюць тры вiды сувязi слоў у словазлучэнні – дапасаванне, кiраванне i прымыканне.

Дапасаванне ― такi вiд сувязi, пры якой залежнае слова набывае тую ж форму, што i галоўнае (зiмовая сесiя).

Кiраванне ― такi вiд сувязi, пры якой галоўнае слова патрабуе, каб залежнае слова стаяла ў пэўнай форме ўскоснага склону (пісаць алоўкам).

Беларуская мова мае адметныя рысы ў будове словазлучэнняў з сувяззю кiравання ў параўнаннi з рускай мовай:

Ø дзеясловы руху iсцi, хадзiць, ехаць, бегчы, плыць, ляцець i iнш. пры абазначэннi мэты дзеяння кiруюць назоўнiкамi ў форме вінавальнага склону з прыназоўнiкам па: iсцi па дровы, ехаць па сына (параўн. рус. идти за дровами, ехать за сыном)

Ø дзеясловы ветлiвасцi дзякаваць, прабачыць, дараваць кiруюць назоўнiкамi ў форме давальнага склону: дзякаваць сябру, прабачыць сястры (параўн. рус. благодарить друга, простить сестру)

Ø дзеясловы маўлення, думкi, пачуцця тыпу гаварыць, думаць, клапацiцца звычайна кiруюць назоўнiкамi ў форме вінавальнага склону з прыназоўнiкам пра: думаць пра дзяцей, клапацiцца пра сына (параўн. рус. думать о детях, беспокоиться о сыне)

Ø дзеясловы смяяцца, жартаваць, кпiць, здзекавацца кiруюць назоўнiкамi ў форме роднага склону з прыназоўнiкам з: жартаваць з дзядзькi, здзекавацца з хлопца (параўн. рус. шутить над дядей, издеваться над парнем)

Ø дзеясловы ажанiць, ажанiцца кiруюць назоўнiкам у форме творнага склону з прыназоўнiкам з: ажанiцца з сяброўкай (параўн. рус. жениться на подруге)

Ø дзеяслоў хварэць кiруе назоўнiкам у форме вінавальнага склону з прыназоўнiкам на: хварэць на туберкулёз (параўн. рус. болеть туберкулёзом)

Ø дзеясловы са значэннем спосабу дзеяння ці стану (хадзіць, ісці, бачыцца, сустракацца і інш.) кiруюць назоўнiкам у месным склоне з прыназоўнiкам па: iсцi па праспекце, бачыцца па вечарах, апавясцiць па тэлеграфе (параўн. рус. идти по проспекту, видеться по вечерам, оповестить по телеграфу).

Прымыканне ― такi вiд сувязi, пры якой словы спалучаюцца толькi па сэнсе (хутка iсцi, чытаць седзячы).

 

< Запомніце выдзеленыя значэнні запазычаных слоў.

Прыдумайце з імі невялікія сказы

Cлалам (нарвежск. slalom ‘лагодны схіл’) ― скарасны спуск з гор на лыжах па вельмі звілістай дарожцы як від гарналыжнага спорту
Фальстарт (англ. false start ‘няправільны старт’) ― старт, узяты кім-небудзь з удзельнікаў спаборніцтва раней, чым патрэбна  
Форвард (англ. forward ‘пярэдні’) ― ігрок нападзення ў футболе, хакеі; нападаючы
Фрыстайл (англ. freestyle) ― скарасны спуск на горных лыжах па ўзгорыстай трасе, спуск з гор з выкананнем розных фігур, скачкі з двухметровага трампліна з выкананнем сальта, піруэтаў






©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.