Здавалка
Главная | Обратная связь

ШКОЛЬНЫ ТЭАТР НА БЕЛАРУСI. АРГАНIЗАЦЫЯ ПАСТАНОВАК I РЭПЕРТУАР



Пад назвай Школьны тэатр у гiсторыю беларускага сцэнiчнага мастацтва XVI – пачатку XVIII стагодзяў увайшлi тэатральныя паказы, што былі перанятыя па заходнееўрапейскім узоры і рабiлiся паводле п'ес, напiсаных пераважна выкладчыкамi тагачасных навучальных устаноў (калегiй, семiнарый, акадэмiй) у адпаведнасцi з канонамi класiцыстскiх школьных "пiiтык" у пазнавальна-дыдактычных i прапагандысцка-выхаваўчых мэтах.

Амаль усе даследчыкi вытокаў школьнага тэатра адзначаюць яго непарыўную сувязь, з аданаго боку, з фальклорнымi формамi тэатра, а з другога, – з iмкненнем тагачасных драматургаў падаць у жывым дзеяннi, iнсцэнiраваць найбольш драматычныя эпiзоды Свяшчэннага пiсання, бiблейскiя гiсторыi Старога i ў першую чаргу Новага Запавету, надаць тэатралiзаваны характар рэлiгiйнаму абраду. Падобная тэатралiхацыя рэлiгiйнага абраду мела шырокае бытаванне ў жанры мiстэрыi ў сярэдневечнай Заходняй Еўропе.

На тэрыторыi Беларусi працэс станаўлення i развiцця школьнага тэатра адбываўся ў спецыфiчных абставiнах, абумоўленых найперш той адметнай, досыць складанай i супярэчлiвай грамадска-палiтычнай сiтуацыяй, якая склалася ў другой палове XVI ст. у Рэчы Паспалiтай, куды, згодна Люблiнскай унii 1569 г., увайшла Беларусь. Уладай робiцца спроба татальнага навязвання каталiцкага веравызнання. На Брэсцкiм саборы ў 1596 г. было прынята рашэнне аб аб'яднанi дзвух цэркваў – каталiцкай i праваслаўнай.

Такiм чынам, на Беларусi на пачатак XVII ст. свецкая дзяржаўная ўлада сканцэнтравалася ў руках вяльможных феадалаў i шляхты Рэчы Паспалiтай, а рэлiгiйная – у руках каталiцкай царквы. Паланiзацыя i акаталiчванне беларускага насельнiцтва непазбежна выклiкалi супрацiўленне, адбываўся працэс абуджэння народнай самасвядомасцi. Актывiзуеца вызваленчая барацьба. Абуджэнню самасвядомасцi беларусаў, нягледзячы на наяўнасць значных элементаў багаслоўя, спрыяў досыць высокi для таго часу ўзровень адукацыi на Беларусi, а таксама дзейнасць такiх выдатных вучоных-гуманiстаў, фiлосафаў, лiтаратараў, як Сымон Будны, Сцяпан i Лаўрэнцiй Зiзанii, Мялецiй Сматрыцкi, Сцяпан Лаван, Каспар Бекiш, Казiмiр Лышчынскi i iнш., асветнiцкая, друкарска-выдавецкая дзейнасць Францыска Скарыны, Васiля Цяпiнскага, палемiчная публiцыстыка Лявона Карповiча, Афанасiя Фiлiповiча, вершы, дыялогi, драматычныя творы Сiмяона Полацкага, п'есы i iнтэрмедыi шэрагу ананiмных аўтараў. У гэтай барацьбе велiзарную ролю адыгралi культурна-асветнiцкiя арганiзацыi, праваслаўныя аб'яднаннi – брацтвы, лiтаратура, школа, тэатр.

Найбольш яскрава тэатральную культуру беларускiх гарадоў у канцы XVI – пачатку XVIII стагоддзяў характарызуе дзейнасць школьнага тэатра, якi з'яўляецца тыповым параджэннем позняга Рэнесанса i ранняга барока. Яго ўзнiкненне i пашырэнне на тэрыторыi Беларусi звязана найперш з дзейнасцю ордэна езуiтаў. Узорамi для наследавання сталi драмы драматургаў-лацiнiстаў Н.Касена, Я.Бiдэрмана, Н.Аванцына, што ставiлiся ў акадэмiях i калегiях Iталii, Францыi, Германii, Аўстрыi. Прадстаўленнi школьнага тэатра мелi, як ужо гаварылася, пазнавальна-дыдактычны i прапагандысцка-выхаваўчы характар, а таксама мэту даць магчымасць вучням выявiць свае здольнасцi ў красамоўстве.

З канца XVI ст. у Беларусi пры праваслаўных школах i брацтвах сталi ўзнiкаць свае тэатры, якiя вялi барацьбу супраць уплыву на народ езуiцкiх школьных тэатраў. На тэрыторыi Беларусi было нямала калегiй пры кляштарах (каталiцкi манастыр) i праваслаўных манастырах, навучэнцы якiх прымалi ўдзел у тэатральных прадстаўленнях – самых разнастайных па форме, прынцыпах выканання i ступенi тэатралiзацыi. Iншы раз у гонар таго цi iншага святога наладжвалiся масавыя тэатралiзаваныя шэсцi, i вучнi, падобна сярэдневяковым заходнееўрапейскiм братчыкам (манахам, членам братства), выступалi ў касцюмах i масках. Сцэнiчнай пляцоўкай тады станавiлася вулiца, што вяла да касцёла, а залай яе абочыны i вокны будынкаў.

Адной з распаўсюджаных формаў своеасаблiвага экзамену з'яўлялася выкананне ў канцы навучальнага года арацый, калi вучнi калегii ў прысутнасцi сваiх бацькоў-гледачоў прадстаўлялi алпаведна iнсцэнiзаваны твор-дыспут.

I нарэшце, самае важнае i значнае – пастаноўка драмы. Прычым спектаклi ставiлiся як у калегii, так i на цвiнтары (пагост, могiлкi) кляштара або на плошчы перад касцёлам цi царквой.

Езуiцкiя школьныя драмы ўяўлялi сабой сцэнiчную апрацоўку разнастайных бiблейскiх гiсторый аб святых, легенд i гiсторый з свецкага жыцця цароў i г.д. Спектаклi мелi маралiзатарска-рэлiгiйны, панегiрычны характар. Слабая сюжэтная сувязь падзей, шматлiкасць дзеючых асоб, схематычнасць персанажаў, алегарычнасць i г.д. – усё гэта сведчанне таго, што школьны тэатр узнiк на аснове заходнееўрапейскiх сярэдневяковых мiстэрый.

Рэпертуар беларускага школьнага тэатра таксама складаўся з п'ес на бiблейска-евангельскiя сюжэты, але меў сваю адметнасць менавiта iнтэрмедыямi сацыяльна-бытавога характару.

Школьная драма i тэатр развiвалiся на пэўнай тэарэтычнай аснове. Былi распрацаваны правiлы асноўных драматычных жанраў – трагедыi, камедыi i трагiкамедыi. Адным з вядомых тэарэтыкаў школьнага тэатра на Беларусi быў новалацiнскi паэт, тэарэтык лiтаратуры i фiлосаф Мацей Казiмiр Сарбеўскi (1595–1640), якi ў 1626–1627 гг. чытаў курс паэтыкi i рыторыкi ў школе пры Полацкай езуiцкай калегii. Яго тэарэтычнае абгрунтаванне тэатра наблiжаецца да ўяўленняў позняга класiцызму i ранняга Асветнiцтва (высокае i нiзкае, акцерскае выкананне i г.д.).

Моўнае "раздваенне" рэпертуару школьнага тэатра ў значнай ступенi было абумоўлена нарматыўнай эстэтыкай класiцызму. Беларускае "прастамоўе" яна дапускала толькi ў творах "нiзкага", камедыйнага жанру. Для трагедыi ж патрабавала "высокай", польскай або лацiнскай мовы, чым iстотна стрымлiвала развiццё беларускай драматургii.

Праваслаўны беларускi школьны тэатр развiваўся ў адпаведнасцi з эстэтычнымi правiламi заходняга тэатра, аднак, як ужо гаварылася, па зместу i накiраванасцi адрознiваўся ад яго.

Самым буйным драматургам праваслаўнага школьнага тэатра на Беларусi (а затым i ў Расii) быў Сiмяон Полацкi (Самуiл Емяльянавiч Пятроўскi-Сiтняковiч, 1629–1680), выхадзец з Беларусi. Ён скончыў Кiева-Магiлянскую калегiю. З 1656 г. жыў у Полацку, дзе пастрыгся ў манахi. Тут ён выкладаў у праваслаўнай брацкай школе пры Богаяўленскiм манастыры, пiсаў панегiрычныя i алегарычныя вершы, п'есы для школьнагатэатра.

Адным з першых крокаў у тэатральна-драматургiчнай дзейнасцi Сiмяона Полацкага з'яўляюцца яго "Беседы пастушеские", напiсаныя ў пастаральным жанры. Даследчыкi вызначаюць iх як бытавыя сцэны з папулярнай у школьным тэатры каляднай драмы.

З 1664 г. Сiмяон Полацкi жыў у Маскве, быў адным з выхавацеляў юнага Пятра I. Напiсаныя ўжо ў Маскве iм п'есы – "Камедыя прытчы пра блуднага сына" i "Пра Навухаданосара цара" – трывала ўвайшлi ў рэпертуар як беларускага, так i расейскага школьнага тэатра.

Да лiку школьных драм, якiя былi добра вядомыя ў Беларусi i на Украiне, адносiцца напiсанная ў жанры трагiкамедыi "Уваскрэсенне мёртвых" украiнскага i беларускага пiсьменнiка, царкоўнага i палiтычнага дзеяча архiепiскапа Магiлёўскага Георгiя Канiскага (1717–1795). П'еса гэта складалася з пралога, пяцi актаў з кантамi (песнямi рэлiгiйнага зместу) i эпiлога. Пасля кожнага акта ставiлiся iнтэрмедыi, якiя служылi своеасаблiвым тлумачэннем, абагульненнем таго, што паказвалася на сцэне. Гэта было надзвычай важна для разумення гледачамi алегарычнага характару твора. Iнтэрмедыi мелi жыццёвы характар i выконвалiся на народнай мове (у п'есе ўжывалася стараславянская царкоўная мова).

На тэрыторыi Беларусi школьны тэатр атрымаў шырокае распаўсюджанне. Па дакументальных сведчаннях толькi ў XVII ст. выступленнi школьных тэатраў адбывалiся ў Брэсце, Гароднi, Бабруйску, Драгiчыне, Мiнску, Магiлёве, Нясвiжы, Навагрудку, Оршы, Пiнску, Полацку, Слуцку, Вiцебску. Найбольш актыўна дзейнiчалi школьныя тэатры калегiй у Брэсце, Полацку, Нясвiжы.

Аўтарамi дыялогаў, арацый i школьных драм часцей за ўсё былi выкладчыкi рыторыкi i паэтыкi, сярод якiх траплялiся людзi здольныя i высокаадукаваныя. Так, настаўнiк Полацкай акадэмii "лiтвiн" Нiкодым Муснiцкi (1765–1805) ведаў пяць еўрапейскiх моваў, пiсаў вершы, байкi, песнi, быў музычна адораным чалавекам. стварыў паэму "Палтава", змест якой быў навеяны перамогай Пятра I над шведамi. Пiсаў таксама драматычныя творы (больш за 20), сярод якiх пераважалi трагедыi.

Прафесарамi рыторыкi i паэтыкi ў Забельскай калегii (Верхнядзвiнскi р-н Вiцебскай губернi), якая iснавала пры дамiнiканскiм кляштары, былi Каятан Марашэўскi (гады жыцця дакладна невядомыя) i Мiхал Цяцерскi. Iх драматычныя творы фактычна стаяць ля вытокаў нашай нацыянальнай камедыяграфii. Каятан Марашэўскi "Камедыю" i Мiхал Цяцерскi свайго "Доктара па прымусу" напiсалi ў 1787 г. У гэтым жа годзе абодва творы былi пастаўленыя ў калегii. Акрамя шырокавядомай сёння "Камедыi" Каятан Марашэўскi напiсаў трагедыю "Свабода ў няволi", у якой на матэрыяле са старажытнарымскай гiсторыi змог выказаць прагрэсiўныя для свайго часу думкi аб тым, што асабiстыя пачуццi трэба падпарадкоўваць вышэйшаму, грамадскаму iнтарэсу.

Даволi багатую i жанрава разнастайную спадчыну пакiнуў i Мiхал Цяцерскi (год нараджэння невядомы, памёр у 1797 г.). Акрамя пераробкi мальераўскага "Доктара па прымусу", асобныя героi якога загаварылi па-беларуску, яму належаць трагедыi "Сапар", "Фемiстокл", а таксама "Камедыя ў 5-цi актах", "Шлюб, расстроены штучкамi арлекiна", некалькi дыялогаў. Нарэшце, ён з'яўляецца аўтарам лiбрэта аперэты "Апалон-заканадаўца". Як i К.Марашэўскi, М.Цяцерскi ў сваiх трагедыях iмкнуўся ўзняць надзённыя праблемы, думкi, а ў камедыйных творах намнога апярэдзiў свой час. Пэўную цiкавасць у гэтым плане ўяўляе "Камедыя ў 5-цi актах", у якой аўтар выступае супраць бяздумнага пакланення ўсяму iншаземнаму.

У "Шлюбе, расстроеным штучкамi арлекiна" М.Цяцерскi, наследуючы сярэдневяковую iтальянскую камедыю дэль артэ, выводзiць у якасцi галоўнага героя адзiн з традыцыйных яе вобразаў Пульчынела (альбо французскага народнага тэатра Палiшынеля, што сваяк Пульчынелу; сакрэт Палiшынеля – сакрэт, што даўно ўсiм вядомы).

Час захаваў iмя яшчэ аднаго драматурга з Забелаў – Iгната Юрэвiча. I хоць па свайму драматургiчнаму майстэрству ён не ўзняўся да ўзроўню сваiх калег, але яго трагедыя "Крэз" i камедыя "Пышнагольскi" ў значнай ступенi расшырылi спадчыну драматургаў Забельскай калегii. Звярнуўшыся да старажытнай гiсторыi (а гэта для тагачасных аўтараў трагедый было амаль абавязковым правiлам), Юрэвiч ставiць у "Крэзе" i з прагрэсiўных для таго часу асветнiцкiх пазiцый вырашае надзённую бадай што для ўсiх часоў праблему вайны i мiру. Што датычыць камедыi "Пышнагольскi", то ў гэтым творы, як i ў "Камедыi..." М.Цяцерскага, выкарыстаны мясцовы актуальны матэрыял. Выкрывальны пафас твора накiраваны на асмяянне пэўных заганных сацыяльных з'яў тагачаснага жыцця.

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што ў творах забельскiх драматургаў адсутнiчаюць iнтэрмедыi. I тлумачыцца гэта, несумненна, тым, што менавiта ў гэты час нараджалiся ўжо драматычныя творы буйной формы, асаблiва камедыi. Менавiта забельскiя драматургi з'явiлiся iх першымi стваральнiкамi, што залажылi моцны падмурак нацыянальнай камедыяграфii.

Спецыяльных тэатральных збудаванняў яшчэ не было. Прадстаўленнi школьнага тэатра адбывалiся галоўным чынам у прыстасаваных для гэтай мэты памяшканнях калегiй i будынках, якiя мелi шматфункцыянальнае прызначэнне. Так, узведзены ў 1788 г. у Полацкай духоўнай акадэмii будынак быў адначасова музеем, галерэяй iкон i тэатральнай залай, дзе ў час падрыхтоўкi чарговай пастаноўкi навучэнцы распiсвалi дэкарацыi для ўласнага "акадэмiчнага" тэатра.

Асноўным настаўленнем для пастаноўшчыкаў i мастакоў школьных спектакляў на Беларусi, Украiне, Польшчы i Лiтве з'яўлялiся "Паэтыка" Мацея К.Сарбеўскага i "Паэтыка" Г.Канiскага, а таксама "Меркаваннi аб сцэнiчным дзеяннi" Я.Масена.

Найбольш цiкавыя звесткi аб дэкарацыях i машынэрыi школьнай сцэны адносяцца да XVIII стагоддзя. Для прыкладу, прывядзем апiсанне прадстаўленняў "Святы Ксаверы" i "Святы Антонi Падуанскi" (каля 1750 г.) на школьнай сцэне ў Брэсце. Яно сведчыць, што "там былi дэкарацыi, вежы, маляваныя на кардоне музы, якiя падымалiся на шнурках. Там былi карпы i iншыя лускаватыя iстоты, якiя слухалi набожныя казаннi з адчыненымi рыльцамi" (цыт. па кн."Гiсторыя бел-га тэатра", т.1, стар.144). Мяркуючы па гэтаму апiсанню, школьныя тэатры мелi сiстэму верхнiх i нiжнiх машын.

Згодна з "Паэтыкай" Мацея К.Сарбеўскага (1595—1640, – лацінамоўны паэт Польшчы, Беларусі, Літвы) сцэна школьнага тэатра павiнна быць пакатай, пашырацца ў бок гледача. Абапал сцэны па тры ў рад размяшчалiся чатырохгранныя прызмы, якiя паварочвалiся вакол сваёй асi. На кожным баку прызмы, на раме нацягвалася палатно, на якiм малявалiся воблакi, вiды лесу, языкi полымя, вежы i будынкi. Памiж прызмамi-тэларыямi пакiдалiся праходы для акцёраў. Тэларыi, магчыма, знаходзiлiся i на месцы задняй дэкарацыi, паварочвалiся столькi ж разоў, колькi i шэсць бакавых. Для пад'ёму дзеючых асоб М.К.Сарбеўскi раiў выкарыстоўваць рычаг з супрацьвагаю i люк у падлозе сцэны для iх спуску. Персанажы спускалiся "з нябёсаў" пры дапамозе жалезных "праножак", прымацаваных да кушака. праножкi маскiровалiся пiсанымi воблакамi.

Планшэту-падлозе сцэны адводзiлася асобная роля. "Падлога сцэны,– пiсаў М.К.Сарбеўскi, – павiнна быць пазначана лiнiямi, якiя перасякалiся б i былi добра вiдаць акцёрам, якiя знаходзiлiся на сцэне. Гэта трэба галоўным чынам для таго, каб хор не зблытаў сваiх рухаў пры выкананнi страфы i анцiстрафы".

М.К.Сарбеўскi патрабаваў натуральнасцi абсталявання месца дзеяння i абавязковай яго канкрэтнасцi. Вялiкае значэнне надавалася штучнаму асвятленню, бо, паводле М.К.Сарбеўскага, "дэкарацыi пры свечках здаюцца прыгажэйшымi ад пералiваў блiзкага i прыдатнага святла, а таксама i таму, што пры штучным асвятленнi шматлiкiя тэхнiчныя недахопы i дэфекты могуць застацца незаўважанымi".

Школьныя тэатры мелi штосьцi накшталт верхнiх сафiтаў (раструбы са свечкамi) i рампы з дакладна накiраваным святлом на сцэну. Прычым выкарыстоўвалiся ўсе тры тыпы асвятлення: агульнае, дэкаратыўнае i эфектнае.

Вялiкае значэнне надавалася сцэнiчным касцюмам, розным сiмвалам, што дадаткова характарызавалi персанажаў.

Школьны тэатр выпрацаваў не толькi строга нарматыўную тэорыю драматургii, але i выканаўчага мастацтва. У сваёй аснове яны былi адзiныя для школьнага тэатра ўсiх краiн. Выдатны тэарэтык школьнага тэатра на Беларусi М.К.Сарбеўскi ў сваёй славутай "Паэтыцы" шмат увагi надае жанравай спецыфiцы спектакляў i абумоўленай ёю адметнасцi iгры акцёраў, выканаўчага мастацтва.

Так, на яго думку, трагедыя патрабуе дзеяння свабоднага, строгага, моцнага, асаблiва ў апошнiх актах – 4-м i 5-м. Трагiчны акцёр у катурнах павiнен выступаць зусiм асобай паходкай: з прыўзнятай постаццю, з пэўнымi, крыху ўзбуджанымi рухамi грудзей i ўсяго цела; голас павiнен быць асаблiва гучным, поўным, моцным; кожнае слова павiнна вымаўляцца выразна, вытанчана, узнёсла.

Акцёр камiчны ў нiзкiх чаравiках павiнен выступаць звычайнай паходкай, гаварыць звычайным тонам, з памяркоўнымi рухамi цела, голасам большаю часткай не напружаным.

Прадстаўленне, паводле М.К.Сарбеўскага, павiнна "ўзнаўляць дзеяннi не толькi словамi i мовай, але i жэстам, iнтанацыяй, рухамi па сцэне, выяўленнем настрояў, нарэшце, пры дапамозе музыкi, машын i абстаноўкi... Калi ўсё гэта ствараецца або рэгулюецца мастацтвам, то гэта ж стасуецца i да асвятлення, пры якiм даецца спектакль, бо адпаведна разнастайным патрабаванням, у залежнасцi ад настрояў то сумных, то прыемных, штучнае святло можна ўзмацнянць i памяншаць".

 

Інтэрмедыя

Рэпертуар школьнага тэатра да з'яўлення свецкага прафесiйнага тэатра ў пэўнай меры задавальняў запатрабаваннi гледача. Але найбольшы iнтарэс выклiкалi не столькi яго пяцiактовыя драмы рэлiгiйна-маралiзатарскага i панегiрычнага характару, колькi iнтэрмедыi, у якiх выяўлялiся думкi i памкненнi простага народа. Не супярэчылi супраць iнтэрмедыяў i арганiзатары спектакляў: рэлiгiйна-павучальныя п'есы хутка стамлялi, а iнтэрмедыi на вострыя сацыяльна-бытавыя тэмы садзейнiчалi прываблiванню гледачоў. Часам стваралiся спецыяльныя iнтэрмедыi, але часцей выкарыстоўвалiся вядомыя ў народзе вусныя сцэны, народныя драмы малых форм.

На жаль да нас дайшло вельмi мала iнтэрмедый праваслаўнага школьнага тэатра. Аўтарамi малых драматычных формаў – iнтэрмедый, што часта выконвалiся перад прадстаўленнем школьнай драмы альбо пад час антрактаў, на думку большасцi даследчыкаў , былi студэнты семiнарый i духоўных акадэмiй, якiя добра ведалi жыццё таго сацыяльнага асяроддзя, прадстаўнiкi якога з'яўлялiся асноўнымi героямi гэтых камедыйных сцэнак. А моўная полiфанiя iнтэрмедый, дзе кожны герой гаварыў на сваёй (iндывiдуалiзаванай) мове, наводзяць на думку, што яны часта стваралiся калектыўна.

Iнтэрмедыя сапраўды з'яўлялася адлюстраваннем жывой рэчаiснасцi; у лёгкай, жартоўнай форме яна паказвала народны побыт з усiмi яго асаблiвасцямi, часта пранiкаючыся разумовымi, рэлiгiйнымi i палiтычнымi iнтарэсамi насельнiцтва. Аддаляючыся ад школы, становячыся на шлях адасобленага, самастойнага развiцця, iнтэрмедыя прыстасоўвалася да густаў сваiх гледачоў, прыцягвала iх сваiмi чулымi адносiнамi да сучаснасцi i станавiлася ўсё больш падобнай на колiшнiя сярэдневяковыя фарсы. Народныя тыпы, што выводзiлiся ў iнтэрмедыях, захоўвалi ўсе асаблiвасцi свайго мястэчковага характэрнага аблiчча i гаворкi.

У большасцi iнтэрмедый просты чалавек з'яўляецца не толькi цэнтральным героем, але i надзяляецца станоўчымi якасцямi. асаблiва прывабным падаецца ў iнтэрмедыях вобраз беларускага селянiна, чалавека разважлiвага i дасцiпнага, здольнага знайсцi выйсце з любога становiшча. Так, непадробным камiзмам напоўнены iнтэрмедыi, дзе селянiн "купляе" розум у студэнта-семiнарыста, а паразумнеўшы, адмаўляецца плацiць цi, падрабляючыся пад iнспектара, правучае студэнта, якi не хоча вучыцца. Дасцiпна i па-сялянску вынаходлiва вядзе герой дыспут "на мiгi" з вучоным шкаляром, лечыць, падобна батлейкаваму доктару-шарлатану, чорта Асмалейку. Часта беларускi селянiн, асаблiва ў беларуска-украiнскiх iнтэрмедыях, рашуча выступае супроць нацыянальнага прыгнёту, знаходзячы падтрымку i дапамогу з боку прадстаўнiкоў iншых нацыянальнасцей.

Былi спробы i зусiм iншай драматургiчнай трактоўкi вобраза селянiна. У паасобных беларуска-польскiх iнтэрмедыях ён падаецца ў карыкатурным выглядзе, паказваецца малакультурным, а iншы раз нават грубым. У падобным тэндэнцыйна негатыўным святле ён паўстае ў iнтэрмедыях – наследаваннях вядомай камедыi Пятра Барыкi "З хлопа круль", у iнтэрмедыi-антыпралогу да школьнай драмы "Камунiя духоўная Барыса i Глеба", у якой з селянiна, што нечакана трапляе на школьнае прадстаўленне i па-свойму трактуе падзеi на сцэне, насмiхаецца грабар (землекоп). Праўда, яго кпiны аказваюцца, мякка кажучы, непадстаўнымi, бо, як вынiкае, i сам ён нiчога не разумее ў тэатральнай тэрмiналогii, блытаючы "акт" з "гакам", а "сцэну" са "сцяной".

Часта iнтэрмедыi выконвалiся самастойна. Iх адасабленню ад школьнай драмы садзейнiчалi семiнарысты, якiя ў час канiкул вандравалi па вёсках i мястэчках i наладжвалi спектаклi. Да нас дайшлi скупыя звесткi аб падобных выступленнях. Вядома, напрыклад, публiчнае прадстаўленне на Вялiкдзень у Шклове, дзе нейкi Iлля Турчыноўскi з двума iншымi навучэнцамi Кiеўскай акадэмii "выправiл дiалог с iнтермедiею, на якой многолюдствiе благочестiвых собралось, i рiмлян, i самiх езовiтов, i домiнекан, i евреев".

Магчыма, пры такiх жа акалiчнасцях пры прадстаўленнi iнтэрмедыяў у 1753 г. у Мазыры палкоўнiкам Бараноўскiм былi арыштаваныя шэсць беларускiх студэнтаў Кiеўскай акадэмii.

Маюцца звесткi, што ў падобных, блiзкiх да народных тэатральных традыцый прадстаўленнях бралi ўдзел i семiнарысты з Жыровiц (манастыр i духоўная семiнарыя пад Слонiмам). У вольны ад вучобы час "адзiн з вучняў пераапранаўся ў сялянскае адзенне, другi – у касцюм беларускага яўрэя, трэцi ў вопратку вандроўнага цыгана. Пераапранутыя выходзiлi на сярэдзiну зборнi i пачыналi мiрную размову цi ўчынялi сварку, кожны абараняючы свае нацыянальныя iнтарэсы. Зразумела, што такога роду перайманне мовы, характару i дзеянняў яўрэя цi цыгана выклiкала жывую рэакцыю i дружны рогат прысутных.

Такiм чынам, парываючы фармальную сувязь са школьнай драмай, iнтэрмедыя ў абноўленым выглядзе вярталася ў асяроддзе простага люду, трапляла на прыдатную для свайго бытавання i развiцця глебу. I вяла iнтэрмедыю сюды не толькi "генетычная памяць" аб уласных вытоках, але i яе мастацкая адпаведнасць народным традыцыям i прынцыпам тэатральнага мастацтва.

Напрыканцы XVIII ст. школьны тэатр на Беларусi прыходзiць да заняпаду. Але ўжо ў нетрах школьнага тэатра, якi грунтаваўся на канонах школьнага класiцызму, нараджалiся новыя рэалiстычныя i дэмакратычныя тэндэнцыi. Новая эпоха патрабавала новага зместу i новых формаў тэатральна-драматычнага мастацтва. Немалаважнае значэнне для далейшага развiцця беларускага тэатральнага маста мела i канчатковае аб'яднанне Беларусi з Расiяй у канцы 90-х гадоў XVIII ст. Але школьны тэатр на Беларусi не знiк бясследна. Пэўным чынам ён, у сваёй iнтэрмедыйнай частцы, злiўся з тэатрам беларускiх "нiзоў" – г.зн. з найбольш дэмакратычнай формай сцэнiчнага мастацтва, даступнай i зразумелай шырокiм масам гарадскога i вясковага насельнiцтва – з батлейкавым тэатрам, народнай драмай i аказаў пэўны ўплыў на тэатр "лiтаратурны", тэатр аматарскi i прафесiйны, на тэатральна-драматургiчную дзейнасць беларускiх пiсьменнiкаў i дзеячаў тэатра XIX – пачатку ХХ ст. – В.Дуніна-Марцінкевіча, К. Каганца, Янку Купалу, пазней – Кандрата Крапіву, А.Макаёнка.

 







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.