Здавалка
Главная | Обратная связь

Францiшак Аляхновiч (1883–1944)



У лiтаратурным i тэатральным працэсе пачатку ХХ ст. адметнае месца займае творчасць Францiшка Аляхновiча. Функцыянерамi ад камунiстычнай iдэолагii i сам Францiшак Аляхновiч, i яго творы былi выкрэслены з духоўнага i культурнага жыцця нацыi, а сам аўтар аб'яўлены "контррэвалюцыянерам", "ворагам народа". I толькi больш як праз шэсцьдзеят гадоў напрыканцы 80-х распачынаецца рэабiлiтацыя творчай i грамадскай дзейнасцi Францiшка Аляхновiча i яго iмя вяртаецца ў пачэсны рад падзвiжнiкаў беларускага адраджэнскага руху пачатку ХХ ст.

Францiшак (Франц Карлавiч) Аляхновiч паходзiў з сям'i абяднелай беларускай шляхты. Нарадзiўся ён у Вiльнi ў 1883 г., i з гэтым горадам звязана амаль усё яго жыццё. Паводле асабiстага прызнання, вучыўся ён блага. Па два гады адседзеў у чацвёртым i пятым класе i ўрэшце быў выключаны з гiмназii. Нiчога добрага не атрымалася iз заняткаў у Вiленскай хiмiчна-тэхнiчнай школе. Ён марыў аб тэатры, яго вабiла сцэна. Артыстызм, захапленне музыкай было ў крывi Аляхновiча: на скрыпцы iграў яго дзед, бацька ж працаваў скрыпачом у вiленскiх тэатрах. Дзякуючы гэтаму Францiшак з маленства пазнаёмiўся з тэатрам. Падчас вучобы ў гiмназii адзiным любiмым прадметам яго было маляванне, што потым, дарэчы, добра дапамагала яму ў рэжысёрскай дзейнасцi: сцэнаграфiю для пастановак сваiх п'ес ён ствараў сам.

У пошуках магчымасцi вучыцца акцёрскаму майстэрству Аляхновiч у 1903 г. накiраваўся ў Кракаў. Але драматычная школа Кракава на некаторы час прыпынiла дзейнасць, i яму прыйшлося ўладкавацца вольным слухачом на лiтаратурна-гiстарычны факультэт Кракаўскага унiверсiтэта. На наступны год ён ўсе ж такi перабраўся ў Варшаву i паступiў-такi ў Драматычную школу пры Музычным таварыстве, якой кiравалi тады знаныя дзеячы польскага тэатральнага мастацтва Вiнцэнцi Рапацкi i Людвiг Сольскi -- прадстаўнiкi школы пераўвасаблення. Скончыўшы яе ў 1907 г., Аляхновiч год працуе ў польскiм тэатры, шмат гастралюе па гарадках i мястэчках Польшчы.

У 1908 г. Ф. Аляхновiч вяртаецца ў родную Вiльню i актыўна ўключаецца ў культурна-асветнiцкую працу. Спачатку ён мусiў заняцца журналiсцкай дзейнасцю: працуе рэпарцёрам, спрабуе рэдагаваць часопiс. Але вельмi хутка адзiнай i вызначальнай для яго становiцца тэатральная справа. Ф. Аляхновiч разам з I. Буйнiцкiм, А. Бурбiсам, Л. Родзевiчам прымае самы актыўны ўдзел у правядзеннi гiстарычнай Першай беларускай вечарыны ў Вiльнi (12 лютага 1910 г.) – ставiць спекталь "Па рэвiзii" М. Крапiўнiцкага i выконвае ў iм адну з галоўных роляў – па некаторых звестках старшыню Мiрановiча.

Вечарына гэтая адкрыла пэўныя перспектывы ўтварэння беларускага прафесiйнага тэатра, але Ф. Аляхновiчу не было наканавана развiваць дасягнутае. За антыцарскi артыкул у часопiсе яго прыцягваюць да судовай адказнасцi. Каб пазбегнуць арышту, ён вымушаны эмiгрыраваць у Галiччыну, дзе iграе ў розных польскiх трупах пад псеўданiмам Юрый Монвiд (пазней гэтым псеўданiмам ён будзе падпiсваць свае творы).

Вярнуцца ў Вiльню Ф. Аляхновiч асмелiўся толькi ў 1913 г., паспадзяваушыся на амнiстыю, што была аб'яўлена ў сувязi з 300-годдзем дома Раманавых. Аднак пад амнiстыю падпалi не ўсе прад'яўленыя Аляхновiчу абвiнавачаннi, i ён усё ж быў асуджаны на год зняволення. Апынуўшыся ў астрозе, ён i спрабуе сябе ў драматургii. Сам Ф. Аляхновiч прызнаваўся: "Вiленскiя Лукiшкi (назва турмы) былi iмпульсам да мае лiтаратурнае працы". (Дарэчы, цяжка назваць каго-небудзь з беларускiх лiтаратарау першай чвэрцi ХХ ст., хто не сядзеў i не пiсаў у турмах: Якуб Колас i Карусь Каганец, Ядвiгiн Ш. i Бранiслаў Тарашкевiч, Антон Луцкевiч i Алесь Салагуб).

У вiленскiм астрозе Ф. Аляхновiч пiша сваю першую п'есу "На Антокалi" па-польску, а потым перапiсвае па-беларуску.

Вызвалiўшыся з турмы, Ф. Аляхновiч пачынае з яшчэ большым напружаннем працаваць на нiве адраджэння беларускай самасвядомасцi. Нягледзячы на ўсе цяжкасцi, выклiканыя першай сусветнай вайной, акупацыямi, зменамi ўлады, ён пiша п'есу за п'есай, ставiць спектаклi ў Вiльнi ў драматычным гуртку Беларускага клубу па сваiх п'есах: "На вёсцы", "Бутрым Нямiра", "Манька", "Базылiшак", "Калiсь". У чэрвенi 1918 г. Ф. Аляхновiч пехатой выпраўляецца з Вiльнi ў Мiнск, якi на той час стаў цэнтрам беларускага адраджэння, калi ў сакавiку 1918 г. тут была абвешчана Беларуская Народная Рэспублiка. У Мiнску з красавiка 1917 г. працавала трупа Першага беларускага таварыства драмы i камедыi пад кiраўнiцтвам Фларыяна Ждановiча i Усевалада Фальскага. Ф. Аляхновiч адразу ж падключаецца да гэтай справы ў якасцi акцёра, рэжысёра i драматурга – стварае вадэвiль "Чорт i баба", драму "Страхi жыцця" i драматычны абразок "Дзядзька Якуб".

Лета 1919 г. ён праводзiць у Вiльнi, восенню зноў вяртаецца ў Мiнск i пiша тут п'есу "Ценi". Тагачасная беларуская крытыка аднагалосна пiша аб iм як аб выдатным акцёры, рэжысёры i драматургу. Ён жа iдзе на незвычайны на той час у нашай драматургii эксперымент i дапiсвае Купалаву "Паўлiнку", дадае да яе трэцi акт "Заручыны Паўлiнкi", здымаючы тым самым сцэнiчную недагаворанасць п'есы, i дорыць "Заручыны Паўлiнкi" Купалу.

У 1920 г. Ф. Аляхновiчам напiсаны яшчэ дзве п'есы – "Птушка шчасця" i "Няскончаная драма".

Увогуле перыяд з 1915 па 1920 гг. аказаўся найбольш плённым у лiтаратурна-тэатральнай дзейнасцi Ф. Аляхновiча. У гэты ж час ён з усёй пэўнасцю i паўнатой заявiў аб сабе як акцёр, рэжысёр, драматург, арганi- затар тэатральнай справы.

Усталяванне на Беларусi ўлады бальшавiкоў Ф. Аляхновiч успрыняў з насцярожанасцю. I зараз нам гэта, з пункту гледжання сённяшнiх нашых гiстарычных ведаў, зразумела: "чырвоны тэрор", растрэл царскай сям'i, першая хваля вынiшчэння навуковай i творчай iнтэлiгенцыi найперш у Расii... У сакавiку 1921 г. Ф. Аляхновiч нелегальна вяртаецца ў Вiльню. Па-ранейшаму галоўнай сферай яго iнтарэсаў застаецца тэатральная дзейнасць. Ён стварае беларускую трупу, дзе становiцца рэжысёрам. У 1922 г. пiша п'есу "Шчаслiвы муж", а у наступным 1923 – блiскучую камедыю "Пан мiнiстр".

У 1924 г. Ф. Аляхновiч выдае першае тэатразнаўчае даследаванне – "Нарыс гiсторыi беларускага тэатра" . У 1925 г. ён перапрацоўвае ранейшую драму "Манька", дадаўшы да яе яшчэ два акты i назваўшы "Дрыгва". Гэта была 17 п'еса за 10 гадоў творчага жыцця. Наступная ж яго п'еса убачыць свет толькi аж праз 17 гадоў.

Мiж тым з савецкай Беларусi прыходзiлi весткi пра вялiкае культурнае будаўнiцтва, пра дзейнасць Першага Беларускага дзяржаўнага тэатра, пра адкрыццё Другога БДТ. I Ф. Аляхновiчам усё больш авалодвала жаданне прыняць непасрэдны удзел у гэтай справе. У снежнi 1926 г. ён прыехаў у Мiнск на акадэмiчную канферэнцыю па рэформе беларускага правапiсу i, паверыўшы ў сапраўднасць перамен, вырашыў застацца ў Савецкай Беларусi. Меркавалася, што Ф. Аляхновiч зойме пасаду лiтаратурнага кiраўнiка Другога Беларускага дзяржаўнага тэатра ў Вiцебску, магчыма, як рэжысёр прыступiць да рэпетыцый адной са сваiх п'ес.

I ён вырашае прыняць грамадзянства БССР. Аднак пабыць вольным грамадзянiнам беларускай савецкай дзяржавы Ф. Аляхновiчу давялося ўсяго чатыры днi. 1 студзеня 1927 г. ён быў беспадстаўна арыштаваны па абвiнавачваннi ў шпiянажы на карысць Польшчы i завочна асуджаны Маскоўскай калегiяй ГПУ на 10 гадоў зняволення i сасланы на Салавецкія астравы. I толькi ў 1933 г. па дамоўленасцi памiж польскiмi i савецкiмi ўладамi Ф. Аляхновiч быу абмяняны на палiтычнага вязня лiдэра беларускай сялянска-работнiцкай Грамады, аўтара першай беларускай граматыкi Бранiслава Тарашкевiча.

Пра сем гадоў свайго зняволення Ф. Аляхновiч расказаў у кнiзе "У капцюрох ГПУ", якая на працягу 1935–1937 гг. была выдадзена на сямi мовах свету, у тым лiку на беларускай. Гэтыя ўспамiны чалавека, якi цудам вырваўся з савецкай катаргi, сталi першым у гiсторыi дакументальным сведчаннем у летапiсе сталiнскага ГУЛАГа. З таго часу, па словах Ф. Аляхновiча, ён "не пакiдаў пiсаць i гаварыць аб найстрашнейшым ворагу чалавецтва – аб бальшавiзме".

Многае трэба яшчэ разгадаць, зразумець, асэнсаваць i ў тэатральнай, i ў лiтаратурнай спадчыне Ф. Аляхновiча. Багатая i разнастайная, яна прадстаўлена ў драматургii, прозе, паэзii, эсэiстыцы, тэатральнай крытыцы i тэатразнаўстве. Але асаблiвае месца ў яго творчай спадчыне займаюць драматычныя творы, якiх у Ф. Аляхновiча каля 20. Розныя па памерах, жанрах, жыццёваму матэрыялу, п'есы Ф. Аляхновiча раскрываюць цэласны мастацкi свет творцы.

Сярод драматычных твораў Ф. Аляхновiча прыкметную групу складаюць п'есы, так бы мовiць, побытавага плану. Матэрыялам для iх служыць жыццё гараджан i местачкоўцаў. У гушчынi гэтых людзей аўтар жыў i блiжэй за ўсё iх ведаў. Яскравым прыкладам гэтага напрамку ў творчасцi Аляхновiча з'яўляецца драма "Страхi жыцця" (1918).

У гэтай п'есе знаходзiць адлюстраванне сама гiстарычная сiтуацыя – паводле значэння аўтара, "жудасныя часiны 1915–1918 гг.". Аб'ектам мастацкага даследвання выступае трагiзм паўсядзённага чалавечага iснавання. Ён раскрываецца праз аголеныя пачуццi, разарваную свядомасць герояў, якiя вымушаны змагацца сам-насам са сваёй адзiнотай, пераадольваць страх перад навакольным светам i цярпець у вынiку сакрушальнае паражэнне.

Ф. Аляхновiч малюе тут катастрафiчную карцiну распаду i гiбелi сям'i Сымона. Яго жонка – Альжбета, захварэўшы, памiрае. Дачка Юзя iдзе гандляваць сабой i, знявечаная фiзiчна i духоўна, атручваецца. Са Сымон спiваецца, даходзiць да вар'яцтва i забiвае свайго падлетка-сына. Зацятая барацьба герояў за элементарнае – кавалак хлеба, каб не памерцi з голаду, – набывае трагiчнасць канца свету.

Становiшча, у якiм апынулiся героi п'есы "Страхi жыцця", жудаснае, i трэба заўважыць, перш-наперш тым, што яно як бы прыцiснула чалавека, узвысiлася над iм, ператварыла яго ў свайго раба. Не выпадкова менавi- та галава сям'i – Сымон, душэўны стан якога вызначае эмацыянальна-псiхалагiчную канву твора, у роспачы прызнаецца: "Я так ужо зжыўся, зраднiўся з сваiм брудам-бядой, што мне страшна глядзець на ўсё чыстае, харошае...". Трагiзм жыцця тут уступае ў супярэчнасць з трагiчнай сiтуацыяй выбару. I гэту супярэчнасць драматург лейтматывам праводзiць праз усе вобразы, даючы iм магчымасць для самаразвiцця.

Характэрнымi для Ф. Аляхновiча-драматурга з'яўляюцца драматычныя творы, у якiх закранаецца тэма беларускага адраджэння. Яна знаходзiць разнабаковае асвятленне. Адны п'есы будуюцца на глыбокай псiхалагiчнай распрацоўцы вобразаў (найбольш паказальная з гэтага шэрага – "Няскончаная драма", 1920), другiя грунтуюцца на падкрэслена камедыйнай аснове (найбольш паказальная – камедыя "Пан мiнiстр", 1923).

"Няскончаная драма" займае адно з цэнтральных месцаў у тэатральнай спадчыне Ф. Аляхновiча. Твор вылучаецца мастацкай дасканаласцю вобразаў i сапраўднай глыбiнёй канфлiкту, пры тым што сюжэтна п'еса ўяўляе сабой амаль камерную сямейную хронiку. У той жа час праз сутыкненне пэўных характараў гэты твор дае вельмi выразнае адлюстраванне канкрэтных абставiн нямецкай акупацыi Вiльнi ў 1917 г. А самаахвярныя, але адарваныя ад рэчаiснасцi, памкненнi галоўнага героя пьесы Васiля служыць адраджэнскай iдэi выклiкаюць пэўныя аналогii са станам сённяшняга нацыянальна-адраджэнчага руху на Беларусi.

У "Няскончанай драме" Ф. Аляхновiч паўстае несумненным майстрам драматычнай кампазiцыi. Адным з ключавых момантаў у яе пабудове выступае прыём "сутыкнення – урайнаважвання" розных эмацыянальных, вобразна-асацыятыўных, стылявых планаў, так бы мовiць, структурна-кампазi- цыйных адзiнак. Такiм чынам адбываецца кампазiцыйнае зблiжэнне разнапланавых эпiзодаў. Напрыклад, даецца жартаўлiвая бытвая замалёўка "сямейнай сцэны": Васiль i яго жонка Ядзька замiлавана-сур'ёзна спрачаюцца, якое iмя даць свайму сыну. За гэтай сцэнай услед iдзе i ёю ўраўнаважваецца iнтэлектуальна напружаны эпiзод гутаркi Васiля з яго сябрам Костусем. Абодва эпiзоды дапаўняюць адзiн аднаго выразнымi псiхалагiчнымi нюансамi.

Адмысловы сэнс згаданага прыёму праяўляецца ва ўсёй сюжэтнай канве п'есы. Яе вызначае пашыранае, метафарычнае разуменне сказа "няскончаная драма". Гэта i незавершаная п'еса, якую Васiль спачатку з захапленнем пiша, а потым з адчаю кiдае ў агонь, гэта i незавершаны шлях самiх герояў, якiх чакае, безумоўна, драматычны лёс.

Дакладна распрацавана ў гэтай п'есе сiстэма вобразаў. Усё драматычнае напружанне пераканаўча канцэнтруецца вакол асобы Васiля. Менавiта паводзiны гэтага героя – у межах сцэнiчнага дзеяння i па-за iм – вызначаюць кiрунак развiцця падзей. А характар Васiля, адзначаны асобнымi аўтабiяграфiчнымi рысамi самаго драматурга, нясе ў сабе значны абагульняючы сэнс.

Галоўны герой "Няскончанай драмы" паўстае не толькi як выразнiк высакароднай iдэi, але i як жывы чалавек з яго супярэчнасцямi, слабасцямi i заганамi. Пры ўсёй спагадзе iдэйнай самаадданасцi Васiля тое, што ён гатовы ахвяраваць дзеля iдэi сваiм дзiцем, не можа, мякка кажучы, не выклiкаць у стаўленнi да яго абурэння. Спадае з гэтага персанажа i пэўны арэол гераiзму – калi Васiль без ваганняў згаджаецца перайсцi фронт, забiраючы з дому апошнiя грощы, заробленыя жонкай. Ды i ў iдэалагiчным плане ў адносiнах да Васiля немалая праўда гучыць у словах яго сябра Костуся: "...у цябе ўсё гэтак проста, ясна, выразна: або так, або не, калi не чорнае, дык белае. Ты, браток, забываешся, што памiж "так" i "не" ёсць цэлыя пераходныя ўсходы сумлеўкаў, што мiж чорным i белым ёсць цэлая гама шэрых тонаў". Сам актыўны прыхiльнiк iдэi беларускасцi, як мастак Ф. Аляхновiч тут сумленна i пераканаўча раскрывае i яе магчымы адваротны бок, звязаны з iдэалiзацыяй уяўнага пажаданага, с неразуменнем канкрэтна-надзённага ў рэальным жыццi.

У нейкiм сэнсе гэты адваротны бок паказаны iм у камедыi "Пан мiнiстр" (1923). Аляхновiч засяроджвае тут увагу на такой з'яве, як далучэнне да адраджэнскага руху розных прыстасаванцаў, "тоже" беларусаў, што кiруюцца толькi сваiмi карыслiвымi iнтарэсамi. Менавiта такой фiгурай прадстае нехта Фiлiмон Пупкiн – цэнтральны персанаж п'есы.

Адчуўшы подых перамен, Фiлiмон Пупкiн вырашыў уключыцца ў агульную справу. На хвалi нацыянальнага ўздыму надумаў узляцець аж на пасаду мiнiстра. Дзеля папулярнасцi ён вырашыў надрукаваць у газетах аўтабiяграфiю, але з яе робяць памфлет i кандыдатуру Пупкiна правальваюць.

Паралельна з "грамадска-палiтычнай" iнтрыгай у п'есе развiваецца iнтрыга любоўная. Чалавек ужо сталага ўзросту, Пупкiн захапiўся маладой дзяўчынай – Любай. З вёскi, дзе яна жыла без бацькоў у цёткi, Фiлiмон перавёз яе да сябе ў горад. Але ўсе яго хiтрыкi i дамаганнi церпяць крах. Люба збягае ад хцiвага старога з маладым хлопцам, якога кахае. Як правалiлася Фiлiмонава "сватанне" з беларушчынай, так i сарвалася яго жанiцьба з дзяўчынаю. Гэткiм вадэвiльна-сатырычным чынам драматург выкрывае поўнае банкруцтва ўсялякiх пупкiных.

Яшчэ адзiн яскравы бок таленту Ф. Аляхновiча праяўляецца ў драматычных творах, напiсаных iм на падставе ўжо iснуючага лiтаратурнага матэрыялу. Характэрным у гэтым плане з'яўляецца драматычны жарт "Чорт i баба" (1918). П'еса ўяўляе адмысловую апрацоўку народнай iнтэрмедыi-сатыры "Дзе чорт не йме, там бабу пашле". Аўтар выразна арганiзуе драматычны сюжэт, аснову якога складае задума чорта пасварыць маладых мужа i жонку – Мiкiту i Марыську. Iмклiвае развiццё набывае iнтрыга, у цэнтры якой стаiць яркi вобраз суседкi – бабы, якая i здзяйсняе гэту чортаву задуму.

Нельга не звярнуць увагi i на п'есы Ф. Аляхновiча, створаныя iм на аснове драматычных твораў iншых пiсьменнiкаў. I прыкладам тут можа служыць аднаактовая камедыя "Заручыны Паўлiнкi" (так званы трэцi акт купалавай "Паўлiнкi", 1919). У ёй драматург упэўнена дэманструе блiскучае валоданне арыгiнальнай тэхнiкай пiсьма, зусiм рэдкай у сучаснай драматургii, так званы "рэмейк". Арыгiнальнасць заключаецца ў тым, што Ф. Аляхновiч адкрыта аперыруе тут вобразамi купалавай "Паўлiнкi", захоўваючы яе мастацкўю структуру, мову, стыль.

З добра знаёмымi купалаўскiмi персанажамi застаюцца нават iх крылатыя выразы: "каханенькiя-родненькiя" Сцяпана Крынiцкага, "вось-цо-да" Пранцiся Пустарэвiча, "тудэма-сюдэма" Агаты. Зноў Пранцiсь прапаноўвае выпiць хаўтурнага, праўда, ужо не па Якiму, а па пану Быкоўскаму, якога арыштавалi за падложны вэксаль. Гэтаксама гучыць лiрычная тэма – толькi ўваходзiць яна ў дзеянне раптоўна, i носьбiтам яе нечакана становiцца Якiм. З гэтага перапляцення – запазычанага i асабiстага – складаецца незвычайны твор.

Храналагiчна дзеянне ў п'есе Ф. Аляхновiча разгортваецца пасля фiнальнай сцэны "Паўлiнкi". Але "Заручыны..." не проста таленавiтае дапаўненне знакамiтай п'есы, а самадастатковы, цэласны i арганiчны твор.

Ва ўсёй глыбiнi i шматзначнасцi майстэрства Ф. Аляхновiча-драматурга раскрылася ў яго апошняй п'есе "Круцi не круцi – трэба памярцi" (1943). Жанрава вызначаная аўтарам як "сцэнiчны народны гратэск", яна ўвабрала ў сябе i мастацкi, i жыццёвы вопыт пiсьменнiка. Твор як бы падсумаваў здзейсненае i перажытае, адчыняючы прастору будучым калiзiям і ў гiсторыi, і ў мастацтве.

"Круцi не круцi..." пачынаецца з пралога, у якiм адбываецца сiмвалiчная завязка твора. Ёю становiцца сустрэча Мужыка i Смерцi. Мужык, змучаны хваробаю на жывот, з апошняй надзеяй на папраўку накiраваўся да доктара у Вiльню. Туды ж, у Вiльню, паспяшае i Смерць, ды вось стамiлася i просiць Мужыка, каб ён паднёс яе на сваёй спiне. За гэта Смерць адкрывае Мужыку свой сакрэт i яго будучыню: калi яна з'явiцца i стане ў галовах яго ложка, тады яму прыйдзецца памерцi; калi ж у нагах – Мужык можа не палохацца i працягваць жыць. Мужык хутка сцямiў, што трэба заказаць ложак на шрубе (вiнце), каб круцiцца на iм i заўсёды аказвацца да Смерцi нагамi. Смерць прадбачлiва прамаўляе, што, як нi круцi, час памерцi ўсё роўна надыдзе, i залазiць у мех. Мужык, завязаўшы мех i ўскiнуўшы яго на плечы, поўны радасцi рушыць наперад.

Заяўленыя ў сцiслай вобразнай форме асноўныя падзеi п'есы разгортваюцца iмклiва i няўхiльна. Мужык прыходзiць да доктара – Алхiмiка, якi доўгi час намагаецца стварыць "элексiр жыцця", – i ў падзяку за атрыманыя лекi аддае яму мех са сваiм "палонным". Лекару пашанцавала: ён запалучыў Смерць i схаваў яе. Гэткiм дзiўным чынам у "элiксiр жыцця" пераўтвараецца сама Смерць, замкнёная ў бочцы з-пад спiрту.

Але "без смерцi" цесна становiцца жыць. Яна патрэбна патустароннiм сiлам: ведзьмам, чэрцям, Люцыпару. Са смерцю звязваюцца рэальныя чалавечыя iнтарэсы. З-за грошай Рыцар жадае, каб хутчэй сканаў яго дзядзька i пакiнуў яму спадчыну. Сталяр, Далакоп, Ксёндз i Поп занепакоены адсутнасцю нябожчыкаў – няма даходау. У рэшце рэшт высвятляецца, што людзям смерць патрэбна не менш, чым жыццё, i яны, абцяжараныя такой з'явай як неўмiручасць, iдуць да Алхiмiка i ўсцягваюць яго на касцёр, каб вызвалiць тую, якой у iншую часiну баяцца i якой шлюць свае праклёны...

Грунтуючыся на беларускiм фальклоры, п'еса "Круцi не круцi – трэба памярцi" раскрывае яго сэнсавыя коды ў новым якасным вымярэннi, якое абумоўлiваецца багаццем вобразных асацыяцый, народжаных з перапляцення фантастычных i рэалiстычных матываў. За знешнiм дзеяннем крыецца глыбокi падтэкст, накiраваны супраць любой формы прыгнёту асобы i якi ўвасабляе iдэю жыцця i смерцi ў iх натуральнай, арганiчнай паяднанасцi. Узмацняе гэты выяўленчы эфект i выразная мастацкая мова твора, напiсанага рыфмаванай прозай. Гратэскавая плынь дзеяння насычана як народнымi досцiпамi i жартамi, так i глыбокiм фiласофскiм зместам. У ёй, мiж iншым, Ф. Аляхновiч трапна, у алегарычнай форме падыходзiць да праблемы культа асобы Сталiна, хваласпеваў у яго гонар.

У другой палове 1930-х гадоў, падчас асаблiвага нацiску на беларускую культуру акупацыйным польскiм рэжымам, Ф. Аляхновiч працягвае прымаць пасiльны ўдзел у беларускiм культурным жыццi Вiльнi: спрабуе ставiць спектаклi, выступае чытальнiкам на лiтаратурных вечарынах, падтрымлiвае iснаванне беларускага музея, выступае ў друку па беларускай тэматыцы.

Падзеi, што адбылiся пасля падпiсання пакта Молатава-Рiбентропа ў 1939 г., самым непасрэдным чынам паўплывалi на далейшы жыццёвы лёс Ф. Аляхновiча. З усталяваннем савецкай улады ў Лiтве разам з лiтоўскай пачынае вынiшчацца i нешматлiкая вiленская беларуская iнтэлiгенцыя. А 58-гадовы Ф. Аляхновiч, якi пасля апублiкавання салавецкiх успамiнаў стаў для камунiстычнага рэжыму злачынцам нумар адзiн, вымушаны каля двух гадоў хавацца пад Вiльняю. Таму – i гэта трагiчная iронiя лёсу – нямецка-фашысцкая акупацыя пад час Другой Сусветнай вайны, нягледзячы на ўсю звярынасць аблiчча фашызму, для яго асабiста ў нейкай ступенi была збаўленнем.

Пры нямецкай акупацыi Ф. Аляхновiч рэдагуе "Беларускую газету", што выходзiла лацiнкаю ў Вiльнi, уваходзiў у вiленскi Беларускi камiтэт, дзе хоць нейкiм чынам стараўся баранiць правы вiленскiх беларусаў. Яго п'есы зноў пачаў ставiць беларускi тэатр у Вiльнi. У 1942 г. у Мiнску адбылася прэм'ера дапрацаванай iм п'есы "На Антокалi". У 1943 г. ён перапiсвае сваю дзiцячую п'есу "У лясным гушчары" i ў гэтым жа годзе ў мiнскiм часопiсе "Новы Шлях" друкуецца яго апошняя камедыя "Круцi не круцi – трэба памярцi" з iлюстрацыямi беларускага мастака Пётры Сергiевiча.

У тым жа самым 1943 г. беларуская грамадскасць Вiльнi адзначала 60-годдзе "бацькi беларускага тэатра", як заслужана называлi Ф.Аляхновiча ў тагачаснай прэсе.

У 1944 г. пачынаюць друкавацца ўспамiны Ф. Аляхновiча пра перадваенныя ўцёкi ад ГПУ. Ён наважваецца напiсаць успамiны i пра хвалю беларускага адраджэння на пачатку ХХ ст.

Але гэтым планам не было суджана збыцца. Жыццё Ф. Аляхновiча абарвалася трагiчна. Па сведчаннi жонкi 3 сакавiка 1944 г. увечары да яго прыйшлi наведвальнiкi. Пэўны час з-за дзвярэй кабiнета драматурга чулася спакойная гаворка, а каля васьмi гадзiн адтуль пачуўся стрэл. Жонка Аляхновiча паспела ўбачыць, як нейкi чалавек уцякаў з хаты. Сам жа Ф. Аляхновiч ляжаў за пiсьмовым сталом з прастрэленай галавою. Апошнiя яго словы былi: "Званi, званi".

Дасюль невядома, хто ўчынiў гэтае злачынства. Ёсць меркаванне, што забойства было здзейснена па загаду i агентамi ГПУ. Ф. Аляхновiч уваходзiў у лiк асобаў з беларусаў, што былi вызначаны ў Маскве на першачарговае знiшчэнне. Але зрабiць гэта маглi i так званыя акаўцы, баявiкi польскай Армii Краёвай, якiя гэтаксама iмкнулiся метадычна вынiшчаць беларускую iнтэлiгенцыю. Таму пытаннi – "чаму забiлi?", "хто забiў?" – застаюцца адкрытымi i па сённяшнi дзень.

Пахавалi Ф. Аляхновiча на кальвiнiсцкiм могiльнiку у цэнтры Вiльнi. У былым СССР усе творы выдатнага беларускага адраджэнца, драматурга i акцёра былi забароненыя, а iмя – выкрэслена з гiсторыi нашай культуры. Яшчэ ў маладосцi ў адным з вершаў Ф. Аляхновiч як бы прадбачыў свой лёс:

Як я памру – прабiйце сэрца мне калом,

Асiнавым калом прабiйце йго наскрозь.

I закапайце мой глыбока ў землю труп

Ды камень, як гару, узвалеце мне на гроб,

Каб я ўстаць ня мог...

Сёння мы ўжо маем магчымасць гаварыць пра Ф. Аляхновiча, як i пра многiх другiх адраджэнцаў – сапраўдных сыноў i дачок Бацькаўшчыны. У 1992 г. А. Сабалеўскi выступiў з артыкулам у часопiсе "Спадчына" аб жыццi i творчасцi Ф. Аляхновiча, у тым жа часопiсе, а таксама ў часопiсе "Тэатральнае жыццё" надрукавана большая частка з лiку вядомых твораў драматурга[1], на сцэнах тэатраў Беларусi – можа не так шырока, як хацелася б, – ставяцца яго п'есы, у прыватнасцi, плённа працаваў з драматургiяй Аляхновiча Мiнскi тэатр "Дзе-Я", "Камедыю" паводле А.Аляхновiча i К.Марашэўскага ставяць прафесiйныя калектывы ў Мiнску i Слонiме.

Зразумела, што i ў наш час адносiны да яе, як i да асобы Аляхновiча, неадмысловыя, часам супрацьлеглыя. Напрыклад, У. Няфёд у сваёй манаграфii аб Аляхновiчы рэзка адмаўляе драматургу ў значнай мастацкасцi яго твораў, як адначасова не падзяляе яго светапогляднай канцэпцыi.

Але, думаецца, што багатая i разнастайная творчая спадчына Ф. Аляхновiча яшчэ чакае ўдумлiвага, вольнага ад пэўных iдэалагiчных путаў i гiстарычнай вульгарызацыi навуковага асэнсавання.

Сёння ж важна ўжо i тое, што прадстаўленая ў самых розных жанрах i формах драматургiя Ф. Аляхновiча справядлiва вернута ў скарбонку нашай мастацкай спадчыны i займае сваё прыкметнае i пачэснае месца ў агульнабеларускiм як тэатральным, так i культурным працэсе.

 

 







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.