Здавалка
Главная | Обратная связь

Каляндарна-абрадавая паэзія»



 

МАСЛЕНІЧНЫЯ ПЕСНІ

Масленіца пад рознымі назвамі (карнавал, кукер, запуст і інш.) вядома ўсім еўрапейскім народам. Ва ўсходніх славян яна ўведамлялася як свята праводзін зімы і сустрэчы вясны, прычым у рускіх акцэнт рабіўся на першай функцыі, а ў беларусаў і ўкраінцаў – на другой. У нядзелю Масленічнага тыдня (апошняга перад Вялікім пастом) беларусы першы раз гукалі вясну.

Згодна з былой структурай свята масленічныя песні падзяляюцца на некалькі функцыянальна-тэматычных груп:

§ песні сустрэчы і праводзін Масленіцы;

§ песні на гуляннях;

§ абходныя песні з віншаваннем маладыдых пар;

§ песні на гуляннях, прычым набытак беларускага фальклору – гушкальныя /арэльныя/ песні, украінскага – прысвечаныя Калодзію (калодцы).

Масленічны абход двароў, у адрозненне ад каляднага, функцыянальна абмежаваны. Яго мэта – аддаць увагу маладой пары, якая павянчалася ў мінулы мясаед. Рытуальны сэнс набывала іх каханне і эратычныя здольнасці як умова працягу жыцця роду. У рускіх асаблівае значэнне надавалася публічным пацалункам. Спявалі фрывольна-жартоўныя песні, у якіх муж параўноўваўся з гуллівым жарэбчыкам, а маладзіца – з ласіцай.

Беларусы аддавалі ўвагу маладым у больш прыстойнай форме. Жанчыны вазілі маладзіцу на санях, спявалі ёй песні, прадракаючы нараджэнне дзіцяці адпаведна пачастункам: “Вазьмі сыра – родзіш сына, вазьмі мачку – родзіш дачку”. У хаце, быццам абараняючы маладуху, спявалі жартоўныя і дакорлівыя песні ў бок прыдзірлівай свекрыві і свёкра.

Вешанне на хлопцаў “калодкі” ў пакаранне за тое, што яны не выканалі свій абавязак, засталіся халастымі, – агульны звычай украінцаў і беларусаў. На Віцебшчыне калодку з паяском маглі накідваць на шыю гаспадару, а той павінен быў адкупіцца. Мяркуем, што так, відаць, адзначалі бяздзетных. Нам вядомы толькі адзін тэкст беларускай песні пра калодку з в. Ляды Дубровенскага раёна: “Калода рагочыць, сыра, бліна хочыць. Ці спёкся блін, ці зварыўся сыр?” Украінскія песні пра Калодзія ўключаюць фрывольныя намёкі і разгортваюць “біяграфію” персаніфікаванага вобраза ад нараджэння ў панядзелак да пахавальнага аплаквання ў суботу. Генезіс і семантыка вобраза Калодзія да канца не высветлена. Выказвалася думка, што песні ў абагульненым плане перадаюць “біяграфію” дрэва, але сувязь гэтых твораў з Масленіцай патрабуе дадатковага вывучэння.

Нельга сказаць, што масленічныя песні лёгка размяркоўваюцца па жанрах, хаця дамінантныя жанраўтваральныя рысы выяўляюцца ў іх даволі выразна. Стала традыцыяй вылучаць прысвечаныя Масленіцы велічальныя і дакорлівыя песні, абмяжоўваючыся ў дачыненні да астатніх аналізам зместу і агульнымі разважаннямі.

Кампазіцыйна ў велічальных і дакорлівых песнях вылучаюцца тры істотныя часткі:

1. Характарыстыкі-азначэнні ці апісанні, якія тычацца самога свята і антрапаморфнага персанажа: “шырокая наша масленіца”, “ты весёлая наша Маслена” з аднаго боку, “Масленіца-каўзуха”, “широкорожая” Масленіца – з другога.

2. Паэтычныя выказванні, якія пазначаюць стаўленне ўдзельнікаў свята да Масленіцы. Яе чакаюць (“А мы масленку дажыдалі”), сустракаюць як дарагую госцю (“Масленіцу сутракалі, сырам горачку набівалі”), а потым ад яе пазбаўляюцца, быццам ад госця, які ўжо надакучыў. На Віцебшчыне запісана песня, у якой, відаць, адлюстравалася рытуальнае знішчэнне Масленіцы: “А мы Масленіцу пракаталі, у пясок яе закапалі”.

3. Рысы падаўца святочных даброт з’яўляюцца ў беларускай Масленіцы пад уплывам каляднай паэзіі (нагадаем: Каляда сама прывозіць людзям падарункі): “Ой, сядзела масленіца на калу, на калу, кідала масла па каму”.

4. Адзін з асноўных матываў песень часу заканчэння свята – нараканні на Масленіцу за падман і кпіны з Масленіцы-палізухі. Песні-звароты да Масленіцы-каўзухі, якая занадта хутка скончылася. Яе папракаюць за тое, што замест сямі тыдняў яна працягнулася толькі сем дзянёчкаў “ды на большы пост пасадзіла, ды на кіслую на капутсу, ды на горкую на рэдзьку”.

Беларускія масленічныя песні маюць агульныя рысы з калядкамі і вяснянкамі, але роля носьбіта даброт адводзіцца ў іх ластаўцы, вобраз якой не характэрны для рускай традыцыі. У вялікай колькасці варыянтаў вядома рытуальная песня “А ў нас сёння Масленіца” з глыбокім міфалагічным падтэкстам. Сюжэтная сітуацыя песні тыпалагічна супадае з частакай палеалітычнай мастацкай кампазіцыі, дзе прадстаўлена птушка на жэрдцы ў спалучэнні з салярным знакам. У свядомасці беларусаў ластаўка звязвалася з пачаткам (“Ластаўка дзень пачынае”), скінутае ёй масла – з дабром і шчасцем: “А хто хопіць, дык таму будзе хораша ў даму”.

Значная колькасць запісаных у наш час масленічных песень з нацыянальна адметнымі матывамі дазваляе сцвярджаць, што Масленіца на Беларусі зусім не выпадковая з’ява, а арганічная частка традыцыйнай народнай культуры.

У параўнанні з рускім фальклорам яскравых велічальных песень у беларусаў няма. Захаваліся толькі творы з выразным зачынам “Шырокая наша Масленіца”, але яны адносяцца да сярэдзіны свята. Большая частка твораў пачынаецца з рытуальнага апавяшчэння пра надыход Масленіцы. Напрыклад, на Віцебшчыне ў вялікай колькасці варыянтаў запісана рытуальная песня “Á ў нас сёння Масленіца” з глыбокім міфалагічным падтэкстам. Яна складаецца з двух матываў. Першы – прыляцеўшая / вылецеўшая з куста/ ластаўка ўладкоўваецца на калу. Прыгадаем абрадавыя атрыбуты “гукання вясны” – печаных “птушачак”, якіх дзеці ўмацоўвалі на доўгія шасты. Другі песенны матыў тычыцца стасункаў ластаўкі і людзей, іх дзеянняў са скінутым ластаўкай маслам. Ластаўка ведае будучыню, у яе пытаюцца пра ўраджай і асабісты лёс: “Á ці скора будзіць лецечка, лецечка? Ці зародзіць бог жыцечка, жыцечка?”, ”Што ў вёсцы дзеецца?”, “Ці будзіць свякроў матуляй?” і г. д.

 

Á У НАС СЁННЯ МАСЛЕНІЦА

Ад З.К. Купрыянец, А.Р. Купрыянец, В.П. Пажарскай з г. Талачына

Á ў нас сёння масленіца, масленіца,

Выліціла з куста ластавіца, ластавіца.

Села іна на калу, на калу,

Скінула масла на каму, на каму.

Á хто схопіць – то таму, то таму.

Яе дзевачкі спаймалі, спаймалі,

Да ўсю праўду пыталі, пыталі,

Á ці скора будзіць лецечка, лецечка,

Ці зародзіць бог жыцечка, жыцечка.

 

Запісала В. Шарчанкава ў 1984 г.

Цэнтральным вобразам песень, якія гучалі на гуляннях, з’яўляецца вобраз гары. Станоўчае значэнне ў іх надаецца дзяўчатам і маладзіцам, ухваляецца масленічнае гулянне і нават свавольствы дзяўчат і жанок, адмоўнае – старым бабам, якія абгаворваюць нявестак, нават шкодзяць гару. Умоўна-камічны свет ствараецца ў песнях, якія зневажаюць хлопцаў і ўхваляюць дзяўчат.

Зыходзячы з кантэксту песень, можна сказаць, што, відаць, частка твораў выконвалася пад час карагодаў і танкоў. Пра гэта сведчыць, прынамсі, іх прыпеў ”Люлі-люлі” з паўтарэннем апошняга слова з папярэдняга радка.

 

МЫ НА ГОРАЧЦЫ ПАБЫВАЛІ...

Ад Р.С. Агеевай (1940) з в. Адаменкі Лёзненскага раёна

Мы на горачцы пабывалі,

Ай, люлі, ай, люлі, пабывалі!*

Сваю маслініцу сустракалі,

Бліны масліцам залівалі,

Ды блінамі ўсіх частавалі.

Нашай маслініцы сем дзянёчкаў

Ды сем нядзель пасточку.

*Прыпеў “Ай, люлі, ай, люлі” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.

 

Запісала Д. Гардзіевіч

ГУШКАЛЬНЫЯ /АРЭЛЬНЫЯ/ ПЕСНІ

Гушкальныя песні з адмысловымі гукапераймальнымі прыпевамі-воклічкамі складаюць асобную групу. Любоўна-шлюбныя матывы з’яўляюцца ў іх скразнымі. Па кампазіцыйнай форме гушкальныя песні часцей за ўсё маналог дзяўчыны, якая просіць сябровак ускалыхнуць яе так высока, каб убачыць усё далёка: “дзе міленькі гуляе”, ”свякроў двор”, жаніцьбу сямёрых хлопцаў у суседняй весцы і г. д.

 

А У ПОЛІ КАЛЫСКА, ВІСІЦЬ ЯНА НІЗКА...

Ад М.С. Багуцкай (68) з в. Адрубак Дакшынскага раёна

А ў полі калыска, вісіць яна нізка,

Ой, люлі-палюлі, вісіць яна нізка.*

Калышуцца дзеўкі – слічныя паненкі,

Калышуцца хлопцы – слічныя малойцы,

Як мы, маладыя, туды захацелі,

Туды захацелі – дзіва паглядзелі.

 

*Паўтараецца з другой часткай кожнага радка

Запісала Н. Багуцкая

 

НА УЛІЦЫ АРЭЛЬКІ – КАЛЫШАЦЦА ДЕЎКІ...







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.