Здавалка
Главная | Обратная связь

ФАЛЬКЛОРНАЯ НЯКАЗКАВАЯ ПРОЗА



складаецца з трох частак:

1. Дыскурсіўная няказкавая проза.

2. Наратыўная няказкавая проза.

3. Парэмійная (у тым ліку рытмічна арганізаваная) проза, т. зв. малыя жанры фальклору.

 

Дыскурсіўная проза

Тэрмін «дыскурс» (ад франц. discours – маўленне, гаворка) ахоплівае правілы маўленчай дзейнасці (пісьмой ці вуснай).

Фальклорная дыскурсіўная проза звязана з натуральнай камунікатыўнай падзеяй. Яе тэмы – усё, што тычыцца народных традыцый, звычаяў, абрадаў, павер’яў, поглядаў на свет (рацыянальных і міфалагічных), Бога, чалавека, людзей, не-людзей, жывёл, птушак, расліны, культурныя аб’екты (збудаванні, рэчы, прадметы) і г. д. Яе «прывязка» – канкрэтная жыццёвая сітуацыя, якая ўключае па меншай меры дзвюх асоб. Возьмем шэраг сітуацый з удзелам маці і дзяцей, якім трэба нешта забараніць, абгрунтаваўшы забарону спасылкай на вынік яе нарушэння:

а) «Каму кажу, кінь жабу – бародаўкі ўскочаць, не звядзеш потым!»;

б) «А ну злазьце, неслухі! Што надумалі! Не чапайце ластаўку! Хочаце рабацінне на твар? Толькі датыкнецеся да яйка – адразу ўскочыць!»;

в) «Нікуды не хадзіце. Гуляйце каля хаты. Пойдзеце ў поле – русалка ў жыта зацягне. Мала вам не будзе!».

У складзе сітуацыйнага звароту маці да дзяцей яму надаюцца розныя функцыі:

· камунікатыўна-інфармацыйная (паведамленне аб існуючых павер’ях);

· засцерагальная (вось што бывае з непаслухмянымі дзецьмі);

· выхаваўчая (як не трэба сябе паводзіць);

· аксіялагічная (каштоўнасць жывой прыроды).

У склад фальклорнай дыскурсіўнай прозы ўваходзяць:

1. Магічная проза.

2. Міфалагічная проза.

3. Каляндарна-абрадавая проза.

4. Сямейна-абрадавая проза.

5. Народна-хрысціянская проза.

6. Сацыяльна-бытавая проза.

 

 

Магічная проза – гэта вобласць фальклору, у якой адсутнічаюць жанры. Яна ўключае:

· звод правілаў і прадпісанняў, што тычацца магічных дзеянняў,

· утрымлівае ўказанне на тое, дзеля чаго ўсё робіцца,

· можа ўключаць як асобную частку замову, заклінанне, малітву.

Напрыклад, «Каб жанчына пры родах доўга не мучылася, трэба пакласці ёй на пасцель нож і суровыя ніткі». Гэта тыповы ўзор магічнай прозы. Дадзены выраз існуе ў свядомасці як магічныя веды. Ён заснаваны на павер’і аб звышнатуральных уласцівасцях счэпкі нож – суровыя ніткі, якія, такім чынам, маюць міфалагічную семантыку.

Магічная прозазвязана з магічнай практыкай бытавога характару, а таксама з каляндарнымі святамі і сямейнымі абрадамі. Напрыклад, падчас першых зімовых гулянак маладая пара выходзіла з хаты праз кажух, разасланы поўсцю ўверх, каб засцерагчы сябе ад нечаканай бяды; «Аладак на Масленіцу пяклі столькі, колькі ў двары жывёлы, каб каровы, авечкі, коні былі здаровыя»; «На Тройцу хадзілі ў лес, ламалі май. Упрыгожвалі ім хату, вароты, брамку, веснічкі. Казалі: “Будзе хадзіць ведзьма, дык каб у каровы малако не адабрала”»; «На Граной нядзелі забаранялася ўсякая работа, каб худоба не нарадзілася калекай»; «Як першы раз дзіця стрыжэш, трэба валасы закруціць у лапічак і занесці пад дубок (калі хлопчык) і сказаць: «Як гэтакі здаровы дубок, каб быў мой харошы сынок». А калідзевачку, то неслі пад бярозу і казалі: “Каб была мая дачушка така высока і здарова, і косы былі, як у бярозы”».

Міфалагічная прозаскладаецца з дзвюх галоўных частак:

1. Міфалагічныя расказы ў форме больш-менш разгорнутага сюжэтнага апавядання аб звышнатуральных падзеях, звязаных з міфалагічнымі персанажамі, пэўнымі мясцінамі, аб’ектамі, жывёламі, раслінамі, з удзелам людзей або без іх удзелу.

2. Тлумачэнні і апісанні, якія «расшыфроўваюць» міфалагічныя ўяўленні, звязаныя са сферай вышэйшай і ніжэйшай міфалогіі, міфалагізаваных прыродных з’яў, стыхій, рэчываў, прадметаў, чалавека, частак яго цела, прылад працы і г.д., па сутнасці, літаральна ўсяго, што нас акаляе. Яны ўяўляюць сабой міфалагічныя адказы на пытанні:

– Хто ён (яна) такі?

– Чаму ён (яна, яны) такі?

– Якія міфалагічныя функцыі і міфалагічная семантыка ўласціва той ці іншай з’яве, рэчы і г.д.?

– Адкуль яно ўзялося?

Каляндарна-абрадавая і каляндарна-святочная прозаіснуюць у дзвюх формах – натуральнай і штучнай, якія значна адрозніваюцца адна ад адной па форме і змесце, хоць і маюць кропкі судакранання.

Пры ўнутраных зносінах паміж вяскоўцамі дадзены від прозы, звязаны з вобразам каляндарнага свята ці абраду, які існуе ў свядомасці жыхароў, рэалізуецца настолькі шматбакова, што нават цяжка сабе ўявіць. Можна толькі меркаваць, бо мадэлі камунікацыі, якая ўключае спасылкі на святы і абрады, дакладна не апісаны. Змест гутаркі і рэакцыя суразмоўцаў (двух і больш) на дадзеную тэму вызначаецца ступенню іх далучэння да традыцыі. Адна справа, калі размаўляюць непасрэдныя ўдзельнікі святочнага абраду, іншая – яго назіральнікі, і асобны ўзровень, калі перадаецца маналог трэцяй асобы (тыпу: «Мне Ганна казала, што да іх прыходзілі валачобнікі. Там былі (і хто быў). Дык яны праспявалі (якую песню), а потым (N) кажа (цытата). А яна ім вынесла (пералік падарункаў)» і г.д.). Такім чынам, дыскурсіўная каляндарная проза зменлівая ў часе і ў гэтым сэнсе яе змест з’яўляецца гістарычна адзначаным, вар’іруецца ў залежнасці ад кантэксту.

Спецыфічны кантэкст, адрозны ад натуральнага, сітуацыя апытання інфарманта студэнтам-практыкантам. Яна ствараецца дзвюма асобамі, адна з якіх выконвае вучэбнае заданне (гэта вы), а другая згодна дапамагчы ёй. Тэма – традыцыі каляндарных свят і абрадаў у вёсцы інфарманта.

 

Сямейна-абрадавая проза– гэта інфармацыйна насычаныя аповеды пра тое, як у дадзенай мясцовасці праходзяць радзіны і хрэсьбіны, ладзяцца вяселлі, арганізуюцца пахаванні і памінанні нябожчыкаў.

Сямейна-абрадавая проза не мае жанраў. Яна класіфікуецца паводле тэматыкі выказвання. Напрыклад, тэмы перадвясельнай прозы – пярэпыты, даведкі, сватанне, заручыны, каравай, зборная субота і г. д.

 

Народна-хрысціянская проза – гэта новы пласт фальклорнай дыскурсіўнай прозы, які пачаў павольна фарміравацца з прыняццем хрысціянства. Пераемнасці паміж славянскім язычніцкім светасузіраннем і хрысціянскім не існавала. Гэта былі два абсалютна розныя тыпы, і пераход ад пакланення шматлікім багам і духам да пакланення адзінаму Госпаду, іпастассю якога лічылася Святая Троіца, расцягнуўся на стагоддзі. Працэс засваення і перапрацоўкі хрысціянскіх ідэй увесь час пашыраў поле народна-хрысціянскай прозы – цякучай, шматаблічнай, супярэчлівай. Тым не менш у тэматычна-функцыянальным плане яна была на дзіва маналітнай. Галоўная задача, якая вырашалася ў рэчышчы народна-хрысціянскай прозы, – даць адказ на пытанні, хто такія Бог, Хрыстос, Прачыстая, святыя, прыпадобныя, анёлы і іх антаганісты д’ябал, люцыпар, антыхрыст, што такое Божы храм, абразы, у чым сутнасць хрысціянскіх свят і як іх адзначаць у побыце, як суадносяцца душа і цела, што такое грэх, дабро, зло, навошта трэба маліцца, каму і як, дзе знаходзяцца рай, чысцілішча, пекла, і многія іншыя. Прыкладам: «Тою вадою на Крашчэнне ўтрачкам ідзе бацька ў хлеў і свянцае будову і крову, авечкі – ўто ў хляве е. Это, кажуць, як ужэ на тую каляду тою вадою пасвянцаеш – это Бог сохраніць от пажару. Вот яшчэ некалі казаў мой дзед, што вот этаю вадзічкаю, на Крашчэнне, да ўсхода сонца, дзе бадзякі ці асот эты ў агародзі, пасвянцай тую землю – прападзе ўвесь гэты бадзяк”

 

Сацыяльна-бытавая проза існавала здаўна, магчыма, яшчэ з дагістарычных часоў. Вывучацца ж яна пачала толькі з другой паловы ХХ стагоддзя, больш актыўна – з 90-х гадоў у сувязі з агульнай дэмакратызацыяй грамадства. У рэшце рэшт ён быў адзначаны ў кнізе «Восточнославянский фольклор: Словарь научной и народной терминологии» (Минск, 1993): яго беларускае тэрміналагічнае пазначэнне – чуткі, пагалоска, рускае – слухи, толки, украінскае – чутки, поголоски, гутірки (С. 332). Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя далучаць да вобласці сацыяльна-бытавой прозы плёткі. У звычайным паўсядзённым маўленні тэксты сацыяльна-бытавой прозы ўяўляюць сабой цяжкавызначальныя адзінкі. Аднак, ёсць сітуацыі, калі іх пачатак добра маркіраваны. Яго знакі – словы «я чула», «кажуць», «ёсць чутка» і пад. Напрыклад, «кажуць, што грыбы і ягады людзі вязуць з чарнобыльскай зоны і ніхто іх не спыняе», «а я чула, што БНФ трымаецца на амерыканскіх грошах», «мне сказалі, што малы бізнес перамясціўся ў Расію» і г. д.

 

 

ВУСНАЯ ГІСТОРЫЯ

Паняцце “вусная гісторыя” ўвайшло ва ўжытак у другой палове ХХ ст. дзякуючы навукова-грамадскаму руху “oral history”, якое ўзнікла ў ЗША. Статус вуснай гісторыі да канца не вызначаны. Што яна сабой уяўляе? Метад, крыніцу, напрамак гістарычных даследаванняў або самастойную дысцыпліну? У дадзеным выпадку нас гэта не вельмі цікавіць. Чаму? Звычайны гісторык, як правіла, мае справу з матэрыяльна зафіксаванымі дакументамі, крыніцамі, фактамі, якія ён вывучае, верыфікуе, інтэрпрэтуе. Фалькларыст-збіральнік заўсёды карыстаецца вуснай інфармацыяй удзельнікаў або сведкаў самага рознага кшталту падзей – ад бытавых да гістарычных, якую ён фіксуе пісьмова, на паперы, або дзякуючы сучасным тэхнічным сродкам.

Прафесійны гісторык схільны не давяраць вуснай гісторыі з-за ненадзейнасці чалавечай памяці, хаця яму добра вядома, наколькі недакладнымі могуць быць летапісы і архіўныя дакументы. Перад фалькларыстам праблема даверу не стаіць. Для яго важны сам факт апавядання, манера апавядальніка, тыя тыповыя тэмы, што характэрны для гістарычнай памяці народа, грамадства цалкам, калектыўнай і масавай памяці групы людзей, жыхароў асобнай вёскі, членаў адной сям’і, аднаго чалавека, які рэальна з’яўляеца носьбітам гістарычнай памяці.

Каштоўнасць вуснай гісторыі – у яе суб’ектыўнасці. Гэта галоўная вартасць вусных апавяданняў і ўспамінаў, іх жанравая рыса. Толькі такім чынам, праз сведчанні простых людзей, можна даведаца, як яны асэнсоўвалі сваю гісторыю, як адчувалі сябе ў гістарычным часе і паўсядзённым жыцці, на якія ідэалы арыентаваліся, прымалі ці не прымалі дзяржаўную трактоўку гістарычных, палітычных, эканамічных падзей, як разумелі шчасце, сумленне, веру. І ўсё гэта будзе асабістае, непаўторнае. Фалькларысты добра ведаюць, што двойчы атрымаць ад чалавека інфармацыю ў нязменным выглядзе немагчыма. Мала таго, розныя збіральнікі могуць пачуць ад інфарманта зусім розную трактоўку той жа самай падзеі.

Суб’ектыўны сэнс выказванняў аб адной і той жа з’яве, падзеі, выпадку мае мужчынскую і жаночую тыпалогію. Менавіта таму даследчыкі вуснай гісторыі (эга-дакументаў, жыццёвых сцэнарыяў) прапануюць аддаваць перавагу паліфаніі вусных рэпрэзентацый гісторыі, бо любы пункт погляду з’яўляецца няпоўным. Так, значна разыходзяцца пісьмовая і вусная гісторыя афганскай і чачэнскай вайны, чарнобыльскай катастрофы, распаду СССР, прыватызацыі і г. д. Фіксацыя суб’ектыўных ведаў асобнага чалавека – мужчыны або жанчыны аб падзеях эпохі з’яўляецца задачай гісторыка. Аналіз зместу і формы вусных апавяданняў, адказаў, успамінаў у гендэрным аспекце – задача фалькларыста.

Усё менш застаецца непасрэдных удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, усё большую значнасць набываюць іх успаміны.

Асобная тэма – вайна і пасляваенны час вачыма дзяцей, хлопчыкаў і дзяўчынак. Як не можа быць адзінай канцэпцыі вайны, так не можа быць і адзінай канцэпцыі мірнага часу. Калі ўлічыць іх полаўзроставае ўспрыманне праз суб’ектыўны вопыт асобнага дзіцяці, то можна ў рэшце рэшт пазбегнуць той інфармацыйнай аднабокасці ў рэканструкцыі гісторыі, якая пануе да гэтага часу. Ваенная і постваенная памяць дзяцей – важная частка збіральніцкай працы практыкантаў.

Яшчэ адна тэма – абагульняючая: мужчыны і жанчыны ў экстрэмальных умовах, іх асабістае ўспрыманне і ацэнка падзей (вайна, пажар, паводка, навальніца, эканамічная катастрофа і да т. п.).

 

Наратыўная проза ўключае творы, якія аб’ядноўваюцца адным тэрмінам – легенды (пры гэтым тэрмін паданне выкарыстоўваць не патрэбна, таму што тэрмін легенда «накрывае» ўвесь матэрыял.

Легендарная проза уключае ў сябе:

1) міфалагічныя легенды з падзелам на:

а) касмаганічныя (пра стварэнне свету і яго асобных частак),

б) заагенічныя (пра стварэнне і з’яўленне жывёл, птушак, раслін),

в) антрапагенічныя (пра паходжанне чалавека),

г) эсхаталагічныя (пра канец свету ці яго частак);

2) гістарычныя легенды, у якіх падаюцца міфалагізаваныя звесткі аб этнічнай гісторыі беларусаў, іх паходжанні або аб паходжанні асобных груп (напрыклад, Палешукоў і Палевікоў), расказваецца аб першых насельніках беларускай зямлі, гістарычных падзеях мінулых часоў, ёсць указанні на гістарычных асоб, грамадскія адносіны і г. д.;

3) тапанімічныя легенды, звязаныя з геаграфіяй пэўнай мясцовасці, яе памятных ландшафтных аб’ектаў, з паходжаннем гарадоў, вёсак, азёраў, рэк, урочышчаў, курганоў і іх назваў; ад гістарычных яны адрозніваюцца дамінантнай мэтай: тапанімічныя легенды скіраваны на тое, каб даць гістарычнае або псеўдагістарычнае тлумачэнне паходжання назваў геаграфічных аб’ектаў;

4) маральна-этычныя легенды, галоўны матыў якіх – пакаранне за зло і ўзнагарода за дабро. Большая частка гэтых легенд развівалася ў рэчышчы народнай хрысціянскай культуры.

Цэнтрам сюжэтнага дзеяння легенд, да якой бы жанравай разнавіднасці яны ні належалі, выступае падзея, характар наступстваў якой з’яўляецца значным як мінімум для насельніцтва пэўнага паселішча або мясцовасці, максімум – у сусветным маштабе. Часцей за ўсё гэта ўнікальныя падзеі, наступствы якіх нельга змяніць ці выправіць: «Раз дзялілі два браты жыта, і пакуль адзін брат нёс жыта ў засеку, другі адсыпаў яму свайго. Так яны і перасыпалі жыта адзін аднаму. За тое іх Бог узлюбіў і ў месяц узяў. Дык во яны там здароўкаюцца». У легендах расказваецца аб падзеях мінулага, верагоднасць якіх для носьбітаў вусна-паэтычнай традыцыі не падлягае сумненню. Легендавым апавяданнем ствараецца своеасаблівая гісторыя, якая пачынаецца з часоў стварэння зямлі і цягнецца дагэтуль. Падзеі, пра якія расказваецца ў асобных легендах, з’яўляюцца падрабязнасцямі гэтай квазігісторыі і адрозніваюцца большай або меншай ступенню міфалагізацыі.

У легендах вылучаюцца «зямны» свет і «боскі». Трэба адзначыць, што «боскі» свет сустракаецца ў легендах даволі рэдка. Звычайна ён «зямным» свеце, і падзеі, у якіх прымаюць удзел бог, святыя ці чорт, звычайна адбываюцца тут, у «гэтым» свеце: «Рана, чуць свет на зорачку, сышлі з неба на зямлю святы Касьян і Мікола-Чудатворац. Ідуць яны сабе па дарозе і гамоняць, што як гэта Бог хораша ўсё на свеце падзелаў. Ішлі, ішлі святыя ўгоднікі і бачаць, што мужык завяз у гразі з возам дроў ...» Прастора зямнога свету мае кропкавую канкрэтызацыю: дакладна паказаны месцы, звязаныя з тымі ці іншымі падзеямі: «У паўвярсты ад сяла Арэнічы знаходзяцца вялікія рвы, якія калісьці былі ложам аграмаднай ракі…»

Дзеянне легенды, калі б яно не адбывалася адносна моманту апавядання, – у нявызначана-мінулым часе («даўно», «вельмі даўно») або ўжо ў «гістарычным» і больш канкрэтна пазначаным («калі татары ваявалі») ці нават у эсхаталагічнай будучыні – заўсёды мае выйсце на цяперашняе, бо яно нпарыўна звязана з ім прычынна-выніковымі сувязямі. У тэксце на гэта паказваюць спасылкі апаведача на рэчы, якія існуюць з тых часоў, калі адбыліся падзеі, па сённяшні дзень і тым самым пацвярджаюць іх сапраўднасць: «Камень той і зараз там ляжыць…»; або цяперашнія назвы ці заведзены парадак жыцця: «Там, дзе зараз стаіць Крычаў, некалі людзі прыносілі афяры сваім багам. Але раз прагучаў голас зверху, які загадаў кінуць паганства і хрысціцца. Ад таго крыку і назвалі гэта месца Крычаў».

ПРЫМХЛІЦЫ

Прымхліца – жанр фальклорнай няказкавай прозы, звязаны з так званай ніжэйшай міфалогіяй і народнымі павер’ямі. У прымхліцах апавядаецца пра сутыкненне чалавека са звышнатуральнымі істотамі і з’явамі, чымсьці незвычайным і жудасным, што быццам бы мела месца на самай справе: нячыстай сілай, прывідамі, мерцвякамі, ведзьмакамі, пярэваратнямі і да т. п.

Суіснаванне дэманічных істот і людзей – сэнсавы цэнтр карціны свету прымхліцы, разнастайныя адносіны паміж імі – крыніца яе сюжэтаў: «Жанчына пайшла ў лес па грыбы. Бачыць, на дрэве вісіць вялікі кавалак бярозавай кары. Падыйшла яна, зазірнула ў сярэдзіну, аж там ляжыць голае дзіця і спіць. Жанчыне шкада стала дзіцяці, адвязала свой фартух, прыкрыла ім дзіця... Але не паспела яна адыйсці, як пачула: “Пачакай, кабетка!” Яна азірнулася, бачыць – бяжыць да яе голая жанчына з распушчанымі валасамі. Гэта была русалка. Тая спужалася і хацела ўцячы, але русалка закрычала: “Пастой, кабетка, спор табе ў рукі!” Дакранулася да рук жанчыны і знікла. Калі жанчына трохі ачулася ад пуду, яна вярнулася дадому. З тае пары яна пачала так працаваць, што ўсе дзівіліся, адкуль у яе бяруцца сілы». Стасункі паміж «нячыстай сілай» і людзьмі могуць мець разнастайны характар: ад добрасуседскіх адносін, заснаваных на ўзаемнай павазе і выкананні пэўных абавязкаў перад іншым бокам (напрыклад, паміж дамавіком і гаспадаром хаты), да канфліктных сітуацый, калі парушэнне чалавекам тэрытарыяльных межаў ці вызначаных правіл паводзін прыводзіць да варожых дзеянняў з боку духаў. А часам гэта проста шкодніцкія падкопы «нячысцікаў».

Прастора ў прымхліццах прадстаўлена ў выглядзе пэўных локусаў, вылучэнне якіх залежыць ад «месца жыхарства» тых ці іншых «нячысцікаў» (лесавіка, вадзяніка, дамавіка і інш.) або высокай частотнасці сустрэч з імі: лес, балота, рака, мост, сядзібныя пабудовы, скрыжаванні дарог, могілкі і інш. Час у прымхліцах прымеркаваны да гадзіны сутак, калі кантакты з духамі ці іх праявамі адбываюцца найбольш часта: вечар, ноч, світанне, поўдзень і г.д.

Сюжэты прымхліц вылучаюцца надзвычайнай напружанасцю, бо апавядаюць пра таямнічае, небяспечнае, страшнае. Экспазіцыя прымхліцы можа змяшчаць у сабе кароткую «перадгісторыю» з тлумачальнымі элементамі, якая знаёміць слухача з абставінамі, пры якіх адбылося здарэнне: «Мы спрэжда былі багаты, було ў нас трыццаць коней. Наканец таго заступілі памешчыкі з Масквы, асталась з трыццаці тры толькі... Цяперака ацец наш заскучаў, патаму не хватае нам на пракармленія…». Або ўяўляе сабой больш кароткі варыянт, які паказвае толькі на час і месца дзеяння: «Вот раз, у піліпаўку … пашоў бацька наш пасля абеда … ўва’він, памаліўся богу і лёг спаць. Скінуў шубу, паклаў у галава, сам абпёрся на руку і задумаўся аб сваім хадзяйстве, што негдзі чаго ўзяць…». Завязка характарызуецца раптоўнасцю: «Удруг яўляецца яму старык: куртка чорная, пояс чорны, на галаве каўпак…»; «Адна кабета … перастала абсарваваці шчодрыя вечары. Прала яна, прала раз, аж да паўночы. Удруг чуе, што нехта стукае ў вакно…». Дзеянне разгортваецца імкліва і заканчваецца сціслай, стрыманай развязкай: «Назаўтра знайшлі спячага смельчака, а пры ім цела пана і скарб. Пахавалі пана, і з таго часу быў ужо спакойны»; «А нашыя мужчыны назаўтрае на адным вале дамоў прыбіліся». У якасці своеасаблівага пасляслоўя могуць сустракацца выразы, якія яшчэ раз падкрэсліваюць жудасць таго, пра што распавядаецца, тыпу «Страхата, не прывядзі бог», або яшчэ адно запэўніванне слухачоў у сапраўднасці апавядання: «Дак от гэта нам расказвала жанчына ў Смуроцку да й бажылася, што праўда»; «Вы не верыце, а я бачыла сама, далібо-ж тоі».

Сюжэты прымхліц апісваюць тыповыя выпадкі, якія могуць адбыцца і са слухачамі. Свядомасць носьбітаў вусна-паэтычнай традыцыі змяшчае ў сабе набор прэцэдэнтных сітуацый (напрыклад, нечысць заманьвае на згубу, ведзьма шкодзіць і інш.), у адпаведнасці з якімі ствараюцца і ўспрымаюцца прымхлівыя апавяданні. Пацвярджаюць гэта падагульняючыя заўвагі тыпу «Дак от як нячыстая сіла здзекуецца да дурыць людзей», «Во якія кепікі з людзей строіў тут калісьці нячысцік», «Дак во як баба паддзелала».

Для прымхліцы характэрна апавяданне ад першай асобы (форма апавядальніка) «Сядзімо мы раз у карчме, пакурваем люлькі да гамонім аб том, аб сём. Толькі ось улазіць Купрэй і пачынае жаліцца, што яго коні ноччу хтось заезджвае ў хляве...» Гэта стварае эфект атрымання слухачом звестак «з першых рук», што дае дадатковыя падставы для ўспрымання іх як верагодных, асабліва калі ў тэкст уключаны пераканаўчыя запэўніванні: «...Я сама бачыла от гэстымі самымі вачыма, што на вас пазіраюць. Далібо, што праўда, каб я так свет божы аглядала...». Радзей сустракаецца ў прымхліцах апавяданне ад трэцяй асобы (форма апаведача). Звычайна яна выкарыстоўваецца для паведамлення пра тое, якія бывалі выпадкі сутыкнення са звышнатуральным. У такіх апавяданнях, як правіла, героем выступае «нейкі чалавек», «адзін чалавек», «адна баба» і інш.: «Адзін чалавек, ідучы познім вечарам, убачыў на полі нейкую істоту. Падобная да чалавека, але не мела на сабе шкуры і былі відаць усе ўнутранасці. Гэты чалавек так перапалохаўся, што захварэў на сухоты і неўзабаве памёр».

У сучасным фальклоры сустракаецца ў якасці страшылкі.

БЫВАЛЬШЧЫНЫ

Бывальшчына – жанр фальклорнай няказкавай прозы; фабульнае апавяданне пра неверагодны, містычны выпадак, які адбыўся з героем і можа паўтарыцца з іншымі людзьмі. У адрозненне ад прымхліцы, у бывальшчыне, як правіла, няма персанажаў ніжэйшай міфалогіі (лесавік, вадзянік, дамавік і інш.). Апавяданне часцей за ўсё вядзецца ад 3-й асобы і можа пачынацца словамі «Старыя людзі кажуць...», «Расказваюць, нібы ў незапомныя часы...», «Некалі...», адсылаючы да далёкай мінуўшчыны, часам сустракаецца і герой-апавядальнік, які перажыў здарэнне зусім нядаўна: «Аднаго разу ў нядзелю я, паабедаўшы, прылёг на прызбе... да й моцна заснуў. Ось сніцца мне, што нейкі старац кажа, штоб я ўзяў штых да ішоў на капец паміж шляхам і Карпавым альсам... да ўсадзіў штых у зямлю, а ён... стукнуўся аб нешта цвёрдае. Прачнуўшыся, ухапіў штых да не то пайшоў, да проста пабег на той капец...». Да бывальшчын адносяцца гісторыі пра заклятыя скарбы, папараць-кветку, вужаву карону і інш.

ВУСНЫЯ АПАВЯДАННІ

Апавяданне вуснае – празаічны няказкавы фальклорны жанр, скіраваны на інтэрпрэтацыю падзей, якія адбываюцца зараз ці мелі месца ў нядаўнім мінулым і маюць статус верагоднасці. Выканаўцы сказаў нярэдка з’яўляюцца сведкамі ці непасрэднымі ўдзельнікамі таго, пра што яны распавядаюць. Блізкасць мастацкіх тэкстаў вусных апавяданняў да паўсядзённага бытавога маўлення, неўсвядомленасць носьбітамі вусна-паэтычнай традыцыі (а да нядаўняга часу і збіральнікамі) іх мастацкай каштоўнасці абумовілі перыферыйнае становішча вусных апавяданняў сярод іншых жанраў вуснай народнай прозы з пункту гледжання завершанасці мастацкай формы твораў. Нягледзячы на гэта, вусныя апавяданні адносяцца да жанраў, якія вылучаюцца высокай прадуктыўнасцю і ў наш час. Вусныя апавяданні не ствараюць агульнанародных, шырока распаўсюджаных варыянтаў. Яны расказваюцца сведкамі, часам пераказваюцца слухачамі, але шырокага народнага хаджэння не атрымліваюць.

Разнавіднасцямі вусных апавяданняў выступаюць апавяданні-ўспаміны і сказы, межы паміж якімі часта недастаткова выразныя. Апавяданні-ўспаміны ўяўляюць сабой мемуары сведкаў прыгонніцтва, ваенных часоў, перыяду калектывізацыі і да. т. п.: «Пры Польшчы, пры панах у лес за ягадамі хадзілі з такімі бумажкамі, спраўкамі, што можна збіраць. А я дык вельмі баялася хадзіць і з міне ўсе смяяліся..». У сказах аповед вядзецца часцей за ўсё ад першай асобы і прысвечаны ён выпадкам з асабістага жыцця: «Раз у мяне ўнучка была. І во прыйшлі каровы, я падаіла, а яна: “Бабушка, я пайду пагуляю” – “Ідзі”, – кажу… Пайшла – няма, няма. Ой, а выйшла хмара. І ўсё маланка накрыж… Есьлі накрыж – то ўжэ недзе стрэліць гром… Бяру палку ў рукі і выходжу на вуліцу. Прыходжу, а там… ой, каля крыжа танцы! А іх там… Хлопцы, матацыклы, і гэтую музыку: тык-тык… Гэта ж цяпер музыка такая вот. Гэта не даўнейша музыка! Я кажу: “А ну ўсе па дамам! Што вы проціў Божай волі пастроілі танцы?”»

Паколькі сюжэты вусных апавяданняў часцей за ўсё заснаваны на здарэннях, якія на самай справе адбываліся з апавядальнікам або яго блізкім ці добра знаёмым чалавекам, і расказваюцца як жыццёвыя гісторыі, то мастацкі свет гэтых твораў будуецца ў найбольшай падобнасці да рэальнага свету. У творах гэтага жанру не выяўляецца цікаўнасці да звышнатуральнага свету (як у прымхліцах) ці да падзей далёкага мінулага (як у легендах). Жанравая карціна свету вуснага апавядання ўяўляе сабой інтэрпрэтацыю «па гарачых слядах» сацыяльна-палітычных, сямейна-бытавых адносін і разгортваецца ў мастацкі свет твора праз сэнсавы цэнтр, у якім знаходзіцца герой (часцей за ўсё герой-апавядальнік) і здарэнне, якое з ім адбылося. Само здарэнне і звязаныя з ім персанажы і рэчы падаюцца праз прызму адносін да іх героя, яго так званага «індывідуальна-суб’ектыўнага» погляда і прыватнага жыццёвага досведу, за якім, зразумела, знаходзяцца традыцыйныя ўяўленні калектыву.

Тэксты вусных апавяданняў невялікія па аб’ёме і ў пераважнай большасці змяшчаюць адзін эпізод: «Ехалі мы раз з дзедам Парфёнычам па дровы ў лес. А блізка з вёскай рубіць жа нільзя, то і заехалі далёка. Так далёка, што і к партызанскім бліндажам заехалі. Ну, яны і далі па нас з кулямётаў. А наш конь спужаўся ды як рванець! Мы – кулдык з яго. Так-та. А каня потым аж у вёсцы спаймалі. А дзеду Парфёнычу ногі пасеклі кулямі».

Кампазіцыйна развіццю дзеяння ў вусных апавяданнях папярэднічае больш або менш разгорнутая экспазіцыя, якая паказвае на час і месца дзеяння. У параўнанні з легендамі, дзе апавядач імкнецца дакладна пазначыць месца і час здзяйснення падзей, у сказах назіраецца «дакладнасць даты»: звычайна год ці год і пара года: «Було мне, донькі, у ту пору трыццаць гадоў. А мужычка майго аж у 1941 годзе забралі ў армію. Ох, і нагаравалася я. Чацвёра дзяцей трэба было на ногі паставіць…»; «Когда нас спалылы в 1944 году, мы пережылы в соседней деревне зиму, в землянцы…». Месца ж дзеяння абазначаецца не настолькі дакладна, як ў легендах (аж да ўзгорачка або камня пры дарозе), а больш агульна: вёска, паселішча, горад: «Был в 1910 году в Днепропетровске у помещика на черепичном заводе…»

Сюжэтнае дзеянне ў вусных апавяданнях носіць характар здарэння: яно адрозніваецца адзінкавасцю, часта выпадковасцю, а яго наступствы маюць значнасць звычайна толькі для самога героя. «Ось як мы жылы. Пошол муй чоловік до врача – і’дэ пан наш порічскій. Да він здраў з нево шапку і піджак, да й прыйшоў мой чоловік голы. Бо не разрешалы ходыты там, где паны ходылы. Пошол на другі дэнь до пана да просіць аддаць шапку да піджака. Да туй і гаворыць: аддай шапку дурню».

Мастацкі свет вусных апавяданняў мае «суб’ектыўна-індывідуальную» афарбоўку, дзе галоўнае месца належыць герою, абставінам яго прысутнасці ў гэтым свеце і яго адносін да апошняга. Таму тэксты сказаў не проста падаюць звесткі, дзе і калі адбылося пэўнае здарэнне, але амаль заўсёды ўказваюць на асабістыя абставіны месцазнаходжання героя, колькі яму было гадоў на той час і інш. Акцэнтуецца ўвага і на адчуваннях героя: «Цяпер старыя во. Работай усё завалена. Абоі соладам селі, і рабі як хочаш. Пенсію не палучаю, толькі пяць рублей як дамахазяйка. У калхозе рабіла падзённа і дзяцей глядзела, не кінуць жа іх, як шчанят пад заборам. Хварэлі яны часта... »

Стыль вусных апавяданняў характарызуецца канкрэтыкай дэталяў самага рознага кшталту: ад дакладнай даты пэўнага здарэння да ўнутранага стану героя ў вызначаныя моманты. «Жыццепадобнасць» выступае стылеўтваральным прынцыпам вусных апавяданняў: «У мяне было сем дзяцей. Кушаць нічога не было. Карова мала давала малака. Хлеба давалі грамы. Думалася: “Госпадзі, ці прыйдзецца хлебца есці досыта”. Бывала, іду палоць картошку, і вочы мае не глядзяць і ўсё тут... Цяпер лепей жыць. Калі дбаеш, дык і маеш».

БЫВАЛІЦЫ

Бываліца – празаічны няказкавы жанр фальклору; рэалістычнае, сюжэтна аформленае, фабульнае апавяданне пра тое, «што ў жыцці бывае», жыццёвая гісторыя. У адрозненне ад бывальшчыны ў бываліцы пераважае побытавы матэрыял. Сюжэт можа быць прыгаданы выканаўцам з любой нагоды, у любым месцы: рыбацкія, паляўнічыя, вайсковыя, любоўныя гісторыі, кур’ёзныя выпадкі і інш. Бываліцы – жанр надзвычай прадукцыйны і ў цяперашні час.

АНЕКДОТЫ

Анекдоты займаюць адметнае месца ў сістэме жанраў народнай прозы, абумоўленае іх тэкставай спецыфікай. Тэкст анекдота фіксаваны і ў працэсе свайго функцыяніравання не ствараецца кожны раз нанова, а ўзнаўляецца. Па вызначэнні Е. Я. Шмялёвай і А. Дз. Шмялёва, якія даследавалі анекдот у якасці маўленчага жанру, гэта «квазінаратыўны маналагічны тэкст ... з двухчасткавай структурай: больш доўгі зачын, потым кароткі і нечаканы канец, які вымушае слухача пераінтэрпрэтаваць пачатак анекдота. У неадпаведнасці пачатку і канца анекдота – яго соль» [Шмелёва, Е. Я., Шмелёв, А. Д. Русский анекдот: Текст и речевой жанр. М., 2002., с. 131].

Жорстка зададзеная схема анекдота, якая імкнецца ўкласціся ў мінімальны аб’ём тэксту, абумоўлівае асаблівасці будовы яго мастацкага свету, таксама абмежаванага да мінімуму. Таму часцей за ўсё анекдатычныя сітуацыі абагулена схематычныя, а персанажы падкрэслена безасабовыя і ўяўляюць сабой маскі: пан, войт, мужык, баба, кум ці проста чалавек: «Да войта прынесла баба піражкоў. Ён ёй кажа: “І навошта было несці? Твае дзеткі зласавалі б”. – “Ды ешце, пане начальнік, – адказвае бабка, – я дзеткам скажу, што свіння паела”».

Мадэліраванне мастацкага свету анекдота адбываецца адпаведна вызначанай схеме, якая, згодна з працай Е. Я. і А. Дз. Шмялёвых, мае наступны выгляд: «Спачатку задаецца пэўная сітуацыя, кантэкст дзеяння (гэта неабавязковая частка), потым расказваецца гісторыя, падобная на задачу, якая мае некалькі рашэнняў, затым ў апошняй фразе даецца нестантартнае, «гумарыстычнае» рашэнне гэтай задачы» [тамсама, с. 27]. Пры гэтым акцэнт жанравым мысленнем стваральнікаў робіцца менавіта на нечаканасці, парадаксальнасці і дасціпнасці «рашэння”, якое і змяшчае ў сабе «соль» анекдота: «“Ці не бачыў, васпан, бягучага зайца?” – пытае паляўнічы аратая. “Ага, бачыў”. – “Ці даўно бег?” – “А ўжо, пэўна, тыдні два будзе”». Важнай характарыстыкай мастацкага свету анекдотаў з’яўляецца таксама наяўнасць у якасці матэрыялу для сюжэтнай будовы ўнутрыкультурных стэрэатыпаў самага рознага кшталту: сацыяльнай іерархіі і адпаведных паводзін, гендэрных і сямейных узаемаадносін, працоўных норм і інш.

Мастацкі свет анекдотаў мадэліруецца жанравым мысленнем носьбітаў вусна-паэтычнай традыцыі адметным чынам: акцэнт робіцца на сутыкненні розных светаразуменняў герояў або героя і апаведача, моманце неадпаведнасці, які ўскрывае схаваны сэнс і вымушае слухача пераінтэрпрэтаваць змест анекдота. Своеасаблівы дыялог прынцыпова розных поглядаў на вызначаную сітуацыю або розных адносін да жыцця фарміруе мастацкі свет анекдота і структуру яго тэксту, ён жа з’яўляецца вызначальным і для стылю мастацкага выказвання гэтага жанру: «“Уставай, стары, пеўні ўжо крычаць!” – “Не трэба нам у гэту справу ўмешвацца...”» Жанравае выказванне анекдота імкнецца да мінімізацыі маўленчых сродкаў і можа быць зведзена да «рытарычнай мяжы”, у якасці якой выступае «камічная апафегма, г. зн. дасціпны выраз”: «“Кума, як ты думаеш, што раній було – яйко ці курыца?” – “Э, кумэ, раній усё было”».

 

ПАРЭМІЙНАЯ ПРОЗА

Парэміялогія (ад грэч. paroimia – прыказка) – гэта галіна фалькларыстыкі, якая вывучае парэміі (прыказак, прымавак, прыкмет, велерызмаў, павер’яў і іншых выказванняў).

ПРЫКАЗКІ І ПРЫМАЎКІ

Прыказка – гэта шырока ўжываемы ў гутарковай мове ўстойлівы народны выраз-афарызм, які ў завершанай, сціслай, найчасцей вобразна-паэтычнай форме і пераважна ў пераносным сэнсе, абагульняючы шматвяковы жыццёвы вопыт народа, выказвае катэгарычнае меркаванне пра тыя або іншыя гаспадарчыя, сацыяльна-гістарычныя і бытавыя з’явы, характарызуе і ацэньвае іх, павучае і дае практычныя парады (паводле М. Я. Грынблата).

Прымаўка – гэта тыя ж шырока ўжываемыя ўстойлівыя народныя выразы, якія вобразна і трапна характаразуюць тую або іншую падзею ці асобу, але толькі ў дадзеным канкрэтным выпадку бз абагульненняў і вывадаў з іншых аналагічных сітуацый ці чалавечых паводзін(паводле М. Я. Грынблата). Таму прымаўкі ў большасці жартаўлівыя, дасціпныя і ім ў большай меры ўласцівы гумар, сатыра ў параўнанні з прыказкай.

Сёння існуе некалькі тыпаў класіфікацый прыказак і прымавак:

1. Алфавітная класіфікацыя патрабуе размяшчэння прыказак і прымавак у алфавітным парадку ў залежнасці ад пачатковых літар першага слова.

2. Класіфікацыя па апорных словах мае на ўвазе размеркаванне прыказак і прымавак па тых вузлавых словах, з якіх дадзенае выказванне складаецца.

3. Манаграфічная класіфікацыя будуецца на групіроўцы прыказак і прымавак па месцы ці па часе іх збірання ці збіральніку.

4. Генетычная класіфікацыя падзяляе матэрыял па прызнаку паходжання (у залежнасці ад мовы, народа).

5. Тэматычная класіфікацыя мае на ўвазе размеркаванне прыказак і прымавак у залежнасці ад тэмы, г. зн. зместу.

На нашу думку, найбольш дасканалай класіфікацыяй з’яўляецца апошняя. У межах яе выдзяляюцца наступныя раздзелы:

1. Прырода, гаспадарчая дзейнасць і праца;

2. Матэрыяльны быт;

3. Грамадскае жыццё;

4. Сям’я і сямейны быт;

5. Духоўнае жыццё;

6. Чалавек, яго якасці, мараль;

7. Розныя павучанні, жыццёвыя назіранні.

Безумоўна, трэба ўлічваць тую акалічнасць, што адна і тая ж прыказка ці прымаўка можа належыць да адной ці некалькіх груп з-за яе шматзначнасці.

 

ЗАГАДКІ

Загадка – гэта іншасказальнае вобразнае апісанне якога-небудзь прадмета або з’явы на аснове падабенства паміж тоесным прадметам, які трэба адгадаць, і тым, які замяняе яго ў загадцы (паводле А. Гурскага). Яна прадстаўляе сабой мудрагелістае пытанне,пераважна выражанае ў форме метафары, у якой загадваемы прадмет можна распазнаць па сходных адзнаках.

Сёння існуе некалькі тыпаў класіфікацый загадак:

1. Алфавітная класіфікацыя патрабуе размяшчэння загадак у алфавітным парадку ў залежнасці ад пачатковых літар першага слова.

2. Класіфікацыя па адгадцы.

3. Манаграфічная класіфікацыя будуецца ў залежнасці ад месца ці часў іх збірання ці збіральніку.

4. Генетычная класіфікацыя падзяляе матэрыял па прызнаку паходжання (у залежнасці ад мовы, народа).

5. Тэматычная класіфікацыя мае на ўвазе размеркаванне загадак у залежнасці ад тэмы, г. зн. зместу.

На нашу думку, найбольш дасканалай класіфікацыяй з’яўляецца апошняя. У межах яе выдзяляюцца наступныя раздзелы:

1. Прырода і чалавек;

2. Гаспадарка і матэрыяльны быт;

3. Грамадскі і сямейны быт;

4. Культура;

5. Загадкі-жарты, загадкі-задачы;

6. Загадкі савецкага часу.

ВЫСЛОЎІ

Згодна з класіфікацыяй, прынятай у томе з серыі БНТ «Выслоўі» (Мінск, 1979). Яе рапрацаваў складальнік тома М. Я. Грынблат. У беларускай фалькларыстыцы выслоўі амаль не даследаваны. Па сутнасці, беларускі фальклырыст М. Я. Грынблат упершыню вынайшаў і сістэматызаваў вялікую колькасць тэкстаў, вызначыў віды выслоўяў, апісаў іх характэрныя рысы.

Віды выслоўяў (паводле М. Я. Грынблата):

1. Трапныя, смешныя і ўстойлівыя выразы: «А мо табе даць кашы бфрозавай?», «Давалі да з рук не пускалі», «Пашоў сабакі пасвіць», «Цішком з мяшком» і г. д.

2. Скорагаворкі: «Дзятлы дзюбамі дзяўблі дзеравіну», «Затпрукаў пан Тпрут-Пруткевіч», «Каласы каласавалі, каласавалі, выкаласаваліся», «Уцякай, цецеручыха, з цецецручанятамі» і да т.п. Маюць павучальную функцыю.

3. Жарты і каламбуры: «Гарэлка не дзеўка, не цалуй», «Дай сала хлеб даесці», «Ешце з хлебам. – А нічога, добра і з пірагом», «Слава богу! – Сала богу, а шкваркі мне» і г. д. Функцыя забаўляльная, пацяшальная.

4. Тосты: «Дай, божа, разам двое: шчасця і здароўя», «Каб дачакалі цешыцца з унукаў», «Добра жыць да не тужыць». Функцыя магічная.

5. Вясельныя прыгаворкі: «Дару торбу грэчкі, каб не было між маладымі спрэчкі», «Дару чатыры падушкі, каб мелі чатыры дачушкі» і да т. п. Магічная функцыя.

6. Вітанні і зычэнні (пры розных абставінах, якія трэба пазначаць): «Добры вечар вам у хату!», «Аставайся здаровы!», «Спор у працу», «Умалотна вам», «Паходна вам!», «Лёгкі дух! Добра папарыцца!», «Час добры на дарогу!» і г. д. Таксама генетычна звязаны з бытавой магіяй.

7. Зычэнні-засцярогі: «Не проці ночы кажучы», «Барані бог!», «Не ровен час!», «Не ў вашай хаце спамінаючы!» і інш. Магічная функцыя.

8. Ветласць, ласкавасць: «Ласкава просім!», «Адкушайце з намі», «Мой ты галубок!», «Дзядулічка ты мой!», «Яблычак мой салодзенькі!» і да т. п. Камунікатыўная функцыя.

9. Прысяганні: «Далібог!», «Каб я скрозь зямлю праваліўся!», «Хай мне тое, што я табе зычу!». Магічна-прававая функцыя.

10. Праклёны: «Бадай яго ліха ўзяла!», «Каб табе на язык скула села!», «Няхай нашы ворагі плачуць!» і пад. Магічная функцыя.

– Несапраўдныя праклёны: «Каб рак убрыкнуў!», «Каб ты на вадзе спёкся!».

– Адкляцці тыпу «На цень сваю брашы!», «Цыпун табе на язык!», «Каб твае клятвы на сухі лес!».

11. Ганьбаванні і абзыванні: «Вот дзе жабянё працмўнае!», «Здыхліна паганая!», «Малатарня пустая!», « Чортаў сын!» і інш. Інвектыўная функцыя.

12. Дражнілкі-кепікі: «паўлюк сеў на крук», «Тэкля вылецела з пекла». Інвектыўная функцыя.

13. Параўнанні: «Завіхаецца як на паповай талацы», «Куслівы як сляпень», «Панесся як жару пад хвост насыпалі», «Поле як мора», «Спіць як пасля вірмашу» і шэраг іншых. Ацэначная функцыя.

М. Я. Грынблат не аднёс да выслоўяў прыкметы і павер’і. Пра іх асобная гаворка.

ПРЫКМЕТЫ

Прыкметы – экстражанр фальклорнай парэмійнай прозы з пераважна прагнастычнай функцыяй.

На сённяшні дзень прапануецца некалькі класіфікацый прыкмет.

І. Тыпы прыкмет вызначаюцца ў залежнасці ад «паводзінаў» прыродных і культурных элементаў акаляючага свету чалавека, на аснове якіх можна прадказаць будучыя падзеі і з’явы:

1. Метэаралагічныя і іншыя прыродныя з’явы;

2. «Паводзіны» матэрыяльных прадметаў і аб’ектаў (раслін, агню, розных артэфактаў);

3. Паводзіны прадстаўнікоў фауны, жывёл, птушак і інш.;

4. Паводзіны людзей;

5. Пачуцці цела.

ІІ. Тыпы прыкмет выдзяляюцца ў залежнасці ад «сітуацыі» сустрэчы чалавека з пэўнымі аб’ектамі і суб’ектамі. Пры гэтым улічваюцца не так «паводзіны» элементаў акаляючага свету, як харатар ўзаемадзеяння чалавека з гэтымі элементамі. Ядро твораў – наступныя дзясловы:

1. Сустрэць (бачыць);

2. Знайсці;

3. Атрымаць;

4. Злавіць, забіць (жывёлу).

ІІІ. Крытэрый класіфікацыі – інфармацыя, якая змяшчаецца ў саміх прыкметах. Нягледзячы на сваю разнастайнасць, прыкметы даюць даволі абмежаваную колькасць магчымых варыянтаў прадказання будучых падзей і з’яў.

1. Прыкметы з указаннем на спрыяльны ці нспрыяльны характар прадказання. Інфармацыя адносіцца выключна да чалавечага жыцця і дзейнасці. Часам прадказанне фармуліруецца даволі абстрактна: добра/дрэнна. Інфармацыя можа быць больш канкрэтнай: лексемы добра/дрэнна замяняюцца іншымі паняццямі, якія лёгка могуць быць атлумачаны з пункту гледжання спрыяльнасці/неспрыяльнасці:

· Жыццё/смерць;

· Здароўе/хвароба;

· Поспех/няўдача ў дзейнасці;

· Багацце/бедната, сытасць/голад;

· Радасць/смутак;

2. Прыкметы, у якіх інфармацыя пра нейкія падзеі ці з’явы не мае ацэнкі спрыяльнасці/неспрыяльнасці:

· Прыкметы-прадказанні прыродных з’яў;

· Прыкметы-паведамленні пра падзеі чалавечага жыцця:

а) візіт госця;

б) паездка;

в) вяселле;

г) нараджэнне.

3. Прыкметы-звесткі аб намерах пэўных суб’ектаў у адносінах да чалавека, аб іх жаданнях, настроі.

У практычных мэтах мы будзем прытрымлівацца наступнай класіфікацыі прыкмет:

1. Прыкметы, звязаныя з жыццём прыроды;

2. Прыкметы, звязаныя з жыццём чалавека.

Прыкметы фіксуюць змяненні, якія могуць адбыцца ў стане прыроды як такой або ў жыцці чалавека як сацыяльнай асобы. Пры гэтым прымаем да ведама наступнае: як прыродныя з’явы могуць быць індыкатарамі змен у жыцці людзей, так і паводзіны людзей (наўмысленныя або неўсвядомленыя) могуць сігналізаваць аб будучых падзеях у прыродзе (хтосьці забіў жабу – чакай дажджу).

ПАВЕР’І

Павер’і – экстражанр фальклорнай парэмійнай прозы, заснаваны на прымхлівых, містычных уяўленнях.

На жаль, для павер’яў на сённяшні дзень таксама не існуе агульнапрынятай клафікацыі. На нашу думку, найбольш прыдатнай класіфікацыяй павер’яў з’яўляецца наступная:

1. Павер’і, звязаныя з міфалагічнымі з’явамі;

2. Павер’і, звязаныя з жыццём прыроды;

3. Павер’і, звязаныя з жыццём чалавека.

ТЛУМАЧЭННІ СНОЎ

Тлумачэнню сноў ва ўсе часы і ва ўсіх народаў адводзілася вялікае значэнне. Усім вядома, як трапятліва адносіліся да сваіх сноў цары і правадыры, раіліся са сваімі аракуламі. Аднак і сярод простага народа з даўніх часоў былі распаўсюджаны тлумачэнні элементаў сноў, якія ў сваю чаргу сталі асновай так званых «соннікаў», або тлумачальнікі сноў.

Соннікі тэматычна дзеляцца на некалькі раздзелаў у залежнасці ад элемента сну: паветра, вада, зямля, неба, збудаванні, святло, часткі цела чалавека, яго адзенне, жывёлы, птушкі, людзі, рыбы, казачныя істоты, рэчы, прадметы, ежа, расліны, дзеянні, адносіны і інш.

 

 

ДА РАЗДЗЕЛА «Баладныя песні»

 

 







©2015 arhivinfo.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.